ВАЛОШЫК А.Я. ДЗЕЯСЛОВЫ МІМІКІ І ЖЭСТУ Ў ПРАЦЭСЕ АДЛЮСТРАВАННЯ КАНЦЭПТАЎ “ГОРА” І “СТРАХ” У РАМАНЕ Я.БРЫЛЯ “ПТУШКІ І ГНЁЗДЫ”

УДК 808.2

 

А.Я. ВАЛОШЫК

ДЗЕЯСЛОВЫ МІМІКІ І ЖЭСТУ Ў ПРАЦЭСЕ АДЛЮСТРАВАННЯ КАНЦЭПТАЎ “ГОРА” І “СТРАХ”  У РАМАНЕ  Я.БРЫЛЯ “ПТУШКІ І ГНЁЗДЫ”

 

В статье представлены способы актуализации концептов ‘горе’ и ‘страх’ в романе  Я. Брыля «Птицы и гнезда». Исследование функционирования глаголов мимики и жеста показало, что для создания художественного образа и исторической достоверности автор использует смысловые возможности кинем.

 

Лічыцца, што ўсё найлепшае ў жыцці немагчыма выказаць словамі.

«Нішто – ні словы, ні думкі, ні нават учынкі нашыя, не выражаюць так дакладна нас саміх, як нашы пачуцці: у іх адчуваецца характар не асобнай думкі, не асобнага рашэння, а ўвесь змест душы нашай...” [1, с.228]  

Нямецкі пісьменнік Г.Ліхтэнберг назваў твар самай займальнай паверхняй на зямлі.  Яго ж суайчыннік філосаф Фрыдрых Ніцшэ сцвярджаў, што наўрад ці можна знайсці ў свеце больш агідную мясцовасць, чым чалавечы твар. Чалавек звернуты да свету тварам, таму твар разглядаецца як скарбонка сэнсаў. 

З нядаўняга часу твар, рухі чалавека, яго постаць сталі прыцягваюць увагу не толькі фізіёлагаў, антраполагаў, анатамаў, мастакоў, але і пісьменнікаў,  філосафаў, мовазнаўцаў.  Апошнія шукаюць у яго рысах адбітак чалавечага характару, бачаць у ім сродак для  пазнання чалавечай душы – своеасаблівага «пашпарта» чалавека. Яшчэ адным важкім аргументам, які даў штуршок да пазнання кінем, з’явілася цікавасць навукоўцаў да пазнання чалавека як 

Мова цела і мова твару, а таксама  адзінкі ўвасаблення гэтай мовы — міміка, жэсты,  пастава, паходка, інтанацыя лічыліся з’явай  «несур’ёзнай» і знаходзіліся па-за межамі  ўвагі навукоўцаў. Лінгвісты таксама доўгі час не звярталі ўвагі на гэты аб’ект, і былі сканцэнтраваны выключна на мове слоў [4, с. 191]. Аднак шматвектарнасць  лінгвістычных даследаванняў, што пануе ў апошнія дзесяцігоддзі, прывяла навукоўцаў да неабходнасці ўсебаковага даследавання  згаданага  працэсу камунікацыі, таму што ў чалавечым маўленні суіснуюць побач і мова слоў, і мова без слоў. Сёння невербальная камунікацыя адчувае на сабе асабліва пільную ўвагу з боку лінгвістаў і даследчыкаў тэорыі камунікацыі. Прычым даследчыкі невербальнай камунікацыі бачаць неабходнасць у яе комплексным міждысцыплінарным даследаванні, бо ў вывучэнні невербальных паводзін чалавека перакрыжоўваюцца інтарэсы шматлікіх навуковых дысцыплін: фізіялогіі, псіхалогіі, лінгвістыкі, тэорыі камунікацыі, мовазнаўства і інш. Параўнальна нядаўна пачалося даследаванне «мовы цела і твару» ў межах спецыяльнай дысцыпліны — невербальнай семіётыкі, а дакладней  у  яе адгалінаванні — кінесіцы [6, с.  234].   

Мова мімікі і жэстаў чалавека з’яўляецца адным з фрагментаў моўнай карціны невербальных паводзін чалавека. Пазнанне чалавечага фактару ў мове надзвычай цяжкая задача. Гэта абумоўлена самым чалавечым фактарам. Адлюстраванне чалавечых эмоцый з’яўляецца прадметам даследавання псіхалогіі, псіхалінгвістыкі і кагнітыўнай лінгвістыкі.  Г. Вяжбіцкая гаворыць, што «эмоцыі выключна цяжка даследаваць, цяжка настолькі, што да нядаўняга часу яны лічыліся адзінкамі, якія не паддаюцца вывучэнню» [2, с. 397].

Вывучэнне дзеясловаў мімікі і жэсту, выкарыстаных  Янкам Брылём у рамане  «Птушкі і гнёзды», пераконвае нас у тым, што кінемы  вылучаюцца сэнсавай разнастайнасцю адлюстравання пазамоўнай рэчаіснасці,    кантэкставай мнагаграннасцю, багаццем спосабаў рэалізацыі лексічнага значэння. Хісткасць семантыкі, якая перадае эмоцыі чалавека, абумовіла  цяжкасці,  што ўзнікаюць пры кінемнай дэталізацыі і класіфікацыі. 

Мы паспрабавалі  ажыццявіць катэгарызацыю пазамоўнай рэчаіснасці на сэнсавым адрэзку, які прадстаўлены  дзеясловамі мімікі і жэсту, і прадставіць іх іерархію. Янка Брыль, як тонкі назіральнік і майстар мастацкага вобразу і  слова, выкарыстоўвае кінемы ў якасці аднаго са сродкаў вербалізацыі эмоцый чалавека. Вывучэнне лексічнага значэння кінем, вызначэнне іх парадыгматычных адносін дало магчымасць прадставіць семантычную прастору, якую займаюць гэтыя адзінкі. Фактычна яны ўяўляюць сабой лексіка-семантычную групу дзеясловаў мімікі і жэсту. Кінемы вылучаліся на падставе інтэгральнай семантычнай прыметы ‘выражаць мімікай і жэстам камунікатыўнае, тое,  што азначае паводзіны’[3, с. 240]. Семантыка выяўленых кінем адлюстроўвае і ірацыянальныя, і рацыянальныя паводзіны чалавека.

 У дадзеным артыкуле размова пойдзе пра дзеясловы мімікі і жэсту, вылучаныя ў рамане Я. Брыля «Птушкі і гнёзды», якія адлюстроўваюць «адмоўную», «негатыўную» семантыку. Даследаваныя лексемы аб’яднаноўваюцца ў наступныя фрагменты універсальных канцэптаў: гора, злосць, страх. Усяго выяўлена больш за 100лексічных адзінак, якія экспліцыруюць  згаданыя канцэпты.

Выяўленыя адзінкі адлюстроўваюць, на наш погляд, менавіта фрагменты згаданых канцэптаў, таму што цэласнае ўяўленне аб канцэпце можа скласціся толькі пры далучэнні да даследаваных адзінак  дзеясловаў, звязаных з іншымі ЛСГ і з ЛСГ дзеясловаў маўлення [5, с. 191].

Так, вылучэнне фрагмента канцэпту гора адбылосяпаводле асноўнай семантычнай прыметы ‘стан глыбокага смутку, душэўнага болю, выкліканы якім-небудзь няшчасцем; няшчасце, бяда, якая выклікае гэты стан; жыццёвыя нягоды, мукі, нястача’ [7, т. 2, с. 69]; фрагмента канцэпту страх – паводле асноўнай семантычнай прыметы ‘пачуццё вельмі моцнага спалоху, боязь’ [7, т. 5, с. 337]. 

У якасці асноўных актуалізатараў канцэпту гора Янка Брыль выкарыстоўвае наступныя дзеясловы мімікі і жэсту: уткнуцца, плакаць, пацмокаць, уздыхаць, упівацца, хліпаць, глядзець, з’яўляцца,  усміхацца, пабольшаць, адказаць, з’ядаць, заахаць і інш.

Для больш дакладнага адлюстравання гэтага адрэзку пазамоўнай рэчаіснасці аўтар выкарыстоўвае актуалізатары сэнсу: прыслоўі, назоўнікі з прыназоўнікамі і без, прыметнікі, спалучэнні назоўнікаў з прыметнікамі, напрыклад: плакаць па меншым, плакаць ціха,  плакаць зноў, цмокаць над долечкай, хліпаць над долечкай,  уздыхаць працяжна, упівацца мёртвай хваткай (зубамі ў хлеб),  глядзець з застылымі слязьмі,  глядзець праз слёзы, паяўляцца на вачах (пра слёзы), усміхацца крыва, пабольшаць ад слёз (пра вочы), адказаць слязьмі, з’ядаць вачыма (кавалак хлеба), глядзець з  пытаннем, заахаць наўзрыд, заахаць не па-мужчынску  і інш. Дамінуючая функцыя ў такіх словазлучэннях  належыць  дзеясловам мімікі і жэсту.  Звернемся да кантэкставых рэалізацый некаторых лексем: А побач, глядзіш, другі такі ашуканец сам стаіць з учарашняй ці пазаўчарашняй удачай і прагнымі тужлівымі вачыма з’ядае кавалачак хлеба ў чужой руцэ [1, с. 25]. На акрэсленую семантыку найбольш выразна працуе спалучэнне «дзеясдоў + назоўнік» — з’ядаць вачыма (прагнымі, тужлівымі). Параўнаем са значэннем, пададзеным у ТСБМ. З’ЯДАЦЬ: 1) Прыняць якую-небудзь ежу; скарыстаць на яду, на харчаванне. 2) Нападкамі, ганеннем звесці са свету, загубіць. 3) Сапсаваць, пашкодзіць грызучы. 4) Поўнасцю знішчыць. 5) Пашкодзіць, разбурыць. 6) Ужываецца як дакор пры звароце да каго-небудзь у значэнні: вазьмі, забяры  [7, т. 2, с. 522].

Кінема упівацца ў ТСБМ мае значэнне: 1) Прысмоктвацца да чаго-небудзь; прыпадаць губамі; глыбока ўрэзвацца ў што-небудзь; моцна хапацца, чапляцца за што-небудзь. 2) Уткнуць вастрыём, глыбока ўвайсці, улезці ў што-небудзь; усадзіць зубы, кіпцюры і пад. у што-небудзь; утаропіцца ( пра вочы, позірк) [43, т. 5, с. 36]. Янка Брыль знаходзіць іншую сэнсавую грань:  Зубытвае мёртвай хваткай упіваюцца ў хлеб, рот з небяспечнай прагнасцю напаўняецца, аднак туды яшчэ неяк трапляе і лыжка цёплай, духмянай баланды [1, с. 36], дзе актуалізатарам семантыкі  выступае спалучэнне «дзеяслоў + прыметнік + назоўнік» (упівацца мёртвай хваткай ў хлеб).

Кінема уткнуцца ў ТСБМ мае значэнне: 1) Убіцца вострым канцом у што-небудзь, пранікнуць у глыб чаго-небудзь. 2) Зарыццца галавой, тварам у што-небудзь. 3) Доўга глядзець куды-небудзь. 4) Уперціся ў што-небудзь. 5) Улезці, уціснуцца куды-небудзь [43, т. 5, с.79]. У  рамане «Птушкі і гнёзды» лексема уткнуцца ўжываецца з адзначанай вышэй семантыкай: Любоў і гордасць аднаго з нямецкіх  «петны, глюпы тшорт”, ашуканая, асмяяная пры ўваходзе ў сваю маладосць, бялянка ўткнулася тварам у падушку і плача наўзрыд [1, с. 326].

Кінема глядзець у ТСБМ мае значэнне: 1) Накіраваць позірк куды-небудзь, звычайна, каб убачыць, разгледзець каго-небудзь, што-небудзь. 2) Разм. Наглядаць за кім-небудзь, чым-небудзь; даглядаць каго-небудзь, што-небудзь. 3) (каго, што) Аглядаць, разглядаць [7, т. 2, с. 60]. У рамане   глядзець ўжываецца ў наступных кантэкстах: З застылымі слязьмі Анна глядзела на свайго чалавека, любавалася ім, шкадавала [1, с. 165]. Падалі рукі, бяссільна мяккія, як анучкі, і моўчкі, праз слёзы глядзелі адно на аднаго [1, с. 167]. Алесь паслухмяна кленчыць побач з бацькавым узгалоўем і спалохана, з вялікім пытаннем у светлых вачах глядзіць то на бацьку, то на  «бога», які высока на покуце [1, с. 49]. У прыведзеных прыкладах актуалізатарамі семантыкі  з’яўляецца спалучэнне кінемы з назоўнікам з прыназоўнікам (глядзець праз слёзы, глядзець з слязьмі і інш.), што і дазваляе пісьменніку зрабіць адметнае прырашчэнне да сэнсу.

Для актуалізацыі  фрагмента канцэпту страх Янка Брыль выкарыстоўвае наступныя дзеясловы: хапіцца, тузануцца, застыць, хіснуцца, зірнуць, глядзець, уздыхаць, схамянуцца, круціць, дрыжаць, сумецца, зжахнуцца, з’явіцца і інш. Для таго, каб быць пераканаўчым і дакладным пры адлюстраванні гэтага моцнага негатыўнага  пачуцця  аўтар выкарыстоўвае наступныя спалучэнні:  «дзеяслоў + прыслоўе», «дзеяслоў + назоўнік», «дзеяслоў + назоўнік з прыназоўнікам», «дзеяслоў + назоўнік + прыметнік» і інш. Найбольш выразна гэта выглядае ў  словазлучэннях, дзе асноўная сэнсавая нагрузка належыць дзеясловам мімікі і жэсту: круціць галавой, хістацца спалохана, хапацца аберуч за галаву, дрыжаць (прападбародачак), сумецца раптоўна, з’яўляцца на твары (пра жах), уздыхаць цяжка, азірацца  палахліва, глядзець у зямлю, глядзець атарапела,   глядзець  слязлівымі вочкамі, глядзець спадылба, саслізнуцца вачыма, крутнуць  рэзка (пра галаву)  і інш.

Большасць з прыведзеных адзінак ТСБМ падае са значэннем, якое  адрозніваецца ад таго, якое выкарыстоўвае Янка Брыль для мастацкага адлюстравання пазамоўнай рэчаіснасці. Так кінема глядзець у ТСБМ мае значэнне: 1) Накіраваць позірк куды-небудзь, звычайна, каб убачыць, разгледзець каго-небудзь, што-небудзь. 2) Разм. Даглядаць каго-небудзь, што-небудзь; наглядаць за кім-небудзь, чым-небудзь. 3) (каго, што) Аглядаць, разглядаць [7, т. 2, с. 60]. Маўчаў, глядзеў атарапела слязлівымі вочкамі і працаваў павальней [1, с. 279]. Бялявы хлопец, які і там, у войску, быў правафланговы, глядзеў, як усе, у зямлю [1, с. 10]. Знізу… Ды не — не  знізу, хоць і павалены загадам пана паручніка, глядзеў тады правафланговы на яго па тупасці, па лаянцы — ледзь  не таксама, як Шранк, звышчалавека [2, с. 11].  Новае значэнне кінема з’яўляцца набывае пры дапамозе спалучэння — «дзеяслоў + назоўнік».

Кінема  хістацца ў ТСБМ мае значэнне: 1) Калывацца, ківацца з боку ў бок; 2) Ківацца пры хадзьбе з боку ў бок. 3) Ківацца ў выніку нетрывалага, ненадзейнага прымацавання да чаго-небудзь, умацавання ў што-небудзь, або ў выніку трухлявасці і пад. 4) перан. Быць у нерашучасці, вагацца. 5) Быць няўстойлівым, непастаянным [43, т. 5, с. 196]. У Янкі Брыля лексема хістацца ўжываецца ў наступным кантэксце, дзе выразна праяўляецца сема     ‘пачуццё вельмі моцнага спалоху; страх’, напрыклад: Алесь рэзка хіснуўся, але падэшваў з зямлі не скрануў [1, с. 20]. 

Несумненна, што Янка Брыль з’яўляецца майстрам экстралінгвістычнага падыходу  ў жанры мастацкага адлюстравання рэчаіснасці. Гэта значыць, што менавіта праз паказ чалавека, яго пачуццяў, перажыванняў Янка Брыль дасягае пастаўленай перад сабой і перад чытачом мэты — паказаць звычайнага чалавека  ў кантэксце вайны,  які, нягледзячы ні на што, быў  вышэй тых нізкіх інстынктаў, прадэманстраваных прадсраўнікамі «вышэйшай» расы, і захаваў уласную годнасць.  Менавіта перадача пачуццяў  герояў,  іх стану, унутраных супярэчнасцей з’яўляецца тым спосабам, які прыдатны для адлюстравання самых трагічных падзей, звязаных з чалавецтвам, – вайной. Уражвае багацце і шматграннасць вобразных адносінаў да слова і, у прыватнасці, да дзеясловаў мімікі і жэсту. Відавочна, што пісьменнік адводзіць ім даволі істотную ролю.  Пры дапамозе багатых сэнсавых магчымасцей гэтых адзінак аўтару ўдалося адлюстраваць найбольш тонкія рухі чалавечай думкі, душы.

Пісьменніку ўдалося паглыбіцца ў гістарычную сітуацыю настолькі, што яна паўстала як дакументальны факт, пры гэтым не страцілася  вялікая місія Янкі Брыля – быць пісьменнікам, мастаком, творчасць якога з’яўляецца класікай беларускай літаратуры. 

 

The article deals with the actualization of the concepts  «grief» and  «fear» in the novel  «Birds and nests»  by Y.Bryl. The analysis of the functioning of the mimicry and gesture verbs shows that the notional resources of the kinemas are used by the author to form the artistic image and historical authenticity.

 

Спіс літаратуры 

  1. Коломинский, Я.Л. Человек: психология: Кн. для учащихся / Я.Л.Коломинский.  – Минск, 1998. – С.228.
  2. Брыль, Я. Птушкі і гнёзды / Я. Брыль. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1975.
  3. Вежбицкая, А. Язык. Культура. Познание /  А. Вежбицкая — М.: Наука, 1996. — С. 397.
  4. Довгель, Т. В. Лексико-семантическая группа кинем в бунинской прозе /Т. В.  Довгель //  Вопросы функциональной грамматики: сб. науч. трудов. Вып. 5 / отв. ред. Н. И. Конюшкевич. — Гродно, ГрГУ, 2005. — с. 46 — 48.
  5. Рачкоўская, А. Цела як сродак камунікацыі: Мова  мімікі, жэстаў, паставаў, паходкі і інтанацыі /  А. Рачкоўская //  Роднае слова, № 7, 2008.  – с. 34 – 37.
  6. Прохоров, Ю. Е. В поисках концепта. — М.: Издательство ИКАР, 2005. — с.191.
  7. Пиз, А. Язык телодвижений / А. Пиз. — СПб.: Издат. дом Гуттенберг,  2000. — с. 234.
  8. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. – Мінск: выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 1997 – 1984.

 

Навуковы кіраўнік –  І.СЛісоўская, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дэкан філалагічнага факультэта.