КАМАРОЎСКІ А.У. ВОБРАЗ АРФЕЯ Ў ПАЭМЕ ЯКУБА КОЛАСА “СЫМОН-МУЗЫКА”

УДК 821.161.3 (092 Я.Колас)

 

А.У. КАМАРОЎСКІ

ВОБРАЗ АРФЕЯ Ў ПАЭМЕ ЯКУБА КОЛАСА “СЫМОН-МУЗЫКА”

 

В данной статье рассматривается образ Орфея в поэме Якуба Коласа “Сымон-музыка”. Автор показал природу таланта, рассмотрел творческую и мировоззренческую эволюцию Сымона-музыки на протяжении действия всей поэмы. Данная статья будет интересна преподавателям и студентам филологических факультетов вузов, школьным учителям.

 

Што ёсць геніяльнасць? Адназначнага адказа на гэтае пытанне, мабыць, не знайсці. Вядома мноства меркаванняў наконт прыроды чалавечага генія. Напрыкалад, вядомы філосаф Платон лічыў геніяльнасць прадуктам (плёнам) боскага натхнення. Чэзарэ Ламброза ўказваў на сувязь геніяльнасці і псіхічнага парушэння. Тэарэтыкі біхевіярызма вызначаюць геніяльнасць у тэрмінах паводзін: геній заўважае, успрымае, назірае, адчувае, стварае, злучае, разважае, перадае, думае, гаворыць і г.д. Аналітычная псіхалогія, на чале з Карлам Юнгам, адстойвае меркаванне, што мастацкі твор ўзнікае ва ўмовах, падобных з ўмовамі ўзнікнення неўроза.

Як, бачым, меркаванняў шмат. Але, на нашу думку, несуменным застаецца той факт, што ў цэнтры ўсіх гэтых канцэпцый знаходзіцца асабістае “я” чалавека. Самааналіз, самапазнанне, самарэгуляцыя, самакіраванне – вось тое, што дае магчымасць чалавечай душы падняцца над рэальнасцю, зазірнуць крыху далей, а пасля вярнуцца назад, каб стварыць на аснове ўбачанага пэўную карціну рэчаіснасці, непадобную да існуючай. Меркаваць аб тым, што ёсць асновай генія Сымонкі, справа няпростая. Але відавочна адно: ён ёсць. Цікавыя думкі, і вельмі слушныя, выказваў па гэтаму пытанню выдомы крытык Іван Замоцін.

Першапачатковай крыніцай натхнення Сымонкі ён лічыў “дзіцячую чуллівасць і ўспрымальнасць”, здольнасць да ўяўлення. Другая крыніца – паэтычнае светаадчуванне, якое, на думку самога даследчыка, Якуб Колас тлумачыў спадчыннасцю. Г.зн., што адзнакі таленту і геніяльнасці перадаваліся з пакалення ў пакаленне. А трэцяя крыніца звязана з псіхічнай арганізацыяй. З унутраным светам маленькага Сымонкі.

Талент Сымонкі рос. Яго росту садзейнічалі многія фактары: народна-паэтычная стыхія, міфатворчасць, сацыяльны ўплыў, жыццёвая практыка (звязаная з вандроўкамі), каханне да Ганны. Дзякуючы ім, талент Сымонкі змог узрасці да сусветных масштабаў, а не толькі нацыянальных.

“Сымон-музыка” – з’ява выключная як у творчасці самога пісьменніка, так і для ўсёй беларускай літаратуры ўвогуле. Аўтар паказвае працэс нараджэння Арфея на беларускай зямлі, выхаванне, пакуты, пошукі ісціны… Усё гэта вымалявана з неверагоднай шчымлівасцю і любоўю.

“Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,

Ад казак вечароў,

Ад песень дудароў,

Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,

Ад шолаху начэй,

Ад тысячы ніцей,

З якіх аснована і выткана жыццё

І злучана быццё і небыццё,

Збіраўся скарб, струменіўся няспынна,

Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,

І выхаду шукаў

Адбітак родных з’яў

У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных.”[16, с. 3]

Так пачынае аўтар расказваць сваю гісторыю пра Арфея і Эўрыдзіку, а дакладней, пра Сымонку і Ганну.

У Сымонкі было тыповае дзяцінства маленькага генія, нялюбага сына. Ён  падобны да таго зялёнага ліста, што быў скінуты матуляй-ліпай на дол, да кволага жытняга коласа, што расце асобна, закінуты злым ветрам далёка ад іншага калосся. “Няўклюда” – такім ён удаўся. Заўсёды уважлівы, назіральны, удумлівы, бачыць і чуе тое, чаго не могуць іншыя – гэта ж адзнакі геніяльнасці! Але ў народзе яго з-за гэтага лічылі прыдуркаватым, як заўсёды тых, хто адрозніваецца ад астатніх сваім мысленнем, светаразуменнем.

З самага дзяцінства яго захапіў свет музыкі, якую ён пранясе ў сэрцы да апошняга.

“Я нанасыплю горачку

Жоўтага пясочку;

Правяду разорачку

Беленькім кіёчкам...”[16, с. 5]

Так, будучы маленькім хлопчыкам, спяваў Сымонка.

Самым крыўдным было тое, што яго мары былі незразумелымі для сваіх жа бацькоў, яны не разумелі, што ў Сымонкі “песняй сэрцайка сагрэта, казкай ясняцца дзянькі”. Пераменны настрой, размовы з самым сабой, з рэхам, выклікалі неразуменне і смех, а часам нават і кухталі.

“Так і праўда: непадобны

Быў Сымонка да другіх:

Гэта быў хлапчук асобны.

У вачах яго жывых

Думка нейкая бліскала,

Утаропіцца, глядзіць,

І на губках смех, бывала,

Заблукае, задрыжыць;

Пазірае і ўнікае –

Так аддасца марам ён

Ды знячэўку запытае:

– Чаго, мама, стогне звон?”[16, с. 6-7]

Званы, якія ў Янкі Купалы сталі сімвалам нацыянальнага адраджэння, незалежнасці і свабоды, суправаджаюць Сымонку на яго жыццёвым шляху, пачынаючы змалку. У вобразе званоў фальклор мае ў сабе значны хрысціянскі складнік. Што ёсць званы? Яны здольны абудзіць народ ад сну, склікаюць яго на сход, каб ісці змагацца за Бацькаўшчыну, яны прадказваюць будучыню, галосяць аб сучаснасці і ўзгадваюць мінулае. І толькі чуйная душа генія магла іх пачуць і адгукнуцца песняй. Сымонка іх чуў, і невыпадкова адчуваў, што ў тых званах ёсць часцінка яго самога, таго, “што жыло ў ім самым”. Перад намі будучы прарок беларускай зямлі, які адчувае боль за ўсіх, і за ўсіх жа нясе цяжкую віну.

Мастацкія здольнасці праявіліся ў малога Сымонкі ў незвычайнай ўвазе да прыроды, улюбёнасці ў кожную яе праяву: ён мог чуць пра што гавораць травы, маці-зямелька, пра што пяюць птушкі.  Яшчэ больш пранікся хлопчык любоўю да прыроды ў час пастушкоўства. Гэтая справа пашырыла яго светабачанне. Тут ён набыў сапраўднага бацьку, у тым ліку і духоўнага, ў вобліку старога дзеда пастуха. Гэта быў музыка, з багатым жыццёвым вопытам, носьбіт сялянскай філасофіі і спадчыны. Усё, што ведаў, ён перадаваў Сымонку. У гэтым бачыцца пераемнасць пакаленняў: старога і новага, памяркоўнага і экспрэсіўнага, калі гаварыць пра тэмперамент. Дзед быў, безумоўна, мудрым чалавекам, але занадта рахманым, каб быць прарокам і месіяй, каб абудзіць сваім граннем народ да адраджэння і барацьбы. Але Сымонка не такі. У ім новая свядомасць, у ім моцны стрыжань, які не сагнуць, не зламаць. У ім новая песня, новае гранне і гучанне.

Вандроўка ў пошуках ісціны адкрыла для Сымонкі свет сялянскай, народнай песні. Па словах У. Конана  “у “Песні аб званах” , якую аўтар “падарыў” свайму герою, выявілася Коласава рамантычная канцэпцыя геніяльнасці ў простай для “прачытання” сімвалічнай метафары” :

“Між званамі на званіцы

Быў адзін звон незвычайны,

Меў ён голас разнастайны,

Чараў дзіўныя крыніцы

І размовы нейкай тайны.

І быў сэрцам ён чуллівы...”[16, с. 20]

Гэты голас быў заглушаны іншымі галасамі, фальшывымі, пустымі па сваёй сутнасці.

Вельмі цікавы ўступ да другой часткі паэмы, дзе Колас зноў тлумачыць прыроду мастацкага генія. Тлумачэнне адбываецца праз вобраз-сімвал сонечнага промня.

Сонечны промень – вольны. Ён быў пасланы бацькам-Сонцам на зямлю, каб сагрэць яе. Але па дарозе ён спыніўся, закахаўшыся ў прыгожую хмарку, за што бацька яго асудзіў на блуканне паміж двума бакамі: зямлёй і нябёсамі, а таксама на вечнае выгнанне. Зямля і хмарка выступаюць тут як антаганістычныя сімвалы: матэрыяльнага і духоўнага пачаткаў адпаведна.

Падчас сну Сымонкі на магіле дзеда Курылы, малы Арфей бачыць яго, ўстаўшага з магілы, увабранага ў бель. Дзед зацягвае сваю жалобную песню, ад якой “ніхто не мог стрываць:// І крыжы на дол прыпалі // І схінуўся верх лясоў…”. Сон гэты – алюзія на вяртанне Арфея з царства мёртвых, пасля таго, як ён амаль што вывеў Эўрыдзіку на зямлю. Але гэта таксама і часціца самога Сымонкі, які атаясамлівае сябе з дзедам Курылам. Сутнасць Сымонкавай душы бачыцца тады, калі збіраюцца ў адно цэлае ўсе паасобныя эпізоды паэмы, калі асобныя грані асобы Сымонкі стаюць перад намі адзінствам.

Заблішчала, заззяла на ўсходзе лука –

Бераг неба над краем зямлі;

Залатыя чаўночкі ўсплылі

З безбярэжнай далі.

Разлівае ўжо блеск агнявая рака,

І чыясь там рука

Аднімае заслонку з зямлі.

А з-за краю нябёс вочы ўскінуў дзянёк,

Сыпнуў чырвань на шапкі лясоў,

Нясе жмут залатых каласоў,

Абрусоў, паясоў

Белы свет убіраць, небу сплесці вянок,

І рассеяўся мрок

Адамкнуўся цямраны засоў.[16, с. 40]

У гэтым урыўка Якуб Колас паказаў шлях Сымонкі да народа, яго ўваскрашэнне.    

Я б хацеў быць сам агнём:

Я б дымком на небе плаваў,

Па зямлі б хадзіў святлом…[16, с. 44]

Так гаворыць сам Сымонка. Тут крыецца ў яго душы ачышальны пачатак, лекарскі, які гоіць не толькі і не столькі фізічныя раны, колькі душэўныя.

І ён пайшоў. Шукаць ісціны. Падчас вандравання ён трапляе на хутар аднаго з простых, але разумных і гаспадарлівых беларускіх сялян. Гэта бацька Ганны, Сымонкавай Эўрыдзікі. Гэтая сям’я, як і ўсе тыя, хто сустракаўся па дарозе вандроўным, была зачаравана граннем маленькага хлопчыка. Бацька Ганны называе яго “залатым чаўночкам”. А так ва ўступе да гэтай сцэны называе аўтар сонечныя промні. Сымонка, як і Арфей, што пранік у падземнае царства Аіда і вярнуў да жыцця Эўрыдзіку, – гэта тыя самыя сонечныя промні. І Сымонка, і Арфей, пазначаны сонечнай адзнакай. Тут яскрава праявілася мастацкае светабачанне аўтара, яго інтуіцыя, якая прывяла яго да выкарыстання вобраза-архетыпа ў сваім творы.

Выключнае месца займае ў паэме вобраз Ганны. Колас у сваёй паэме творыць не толькі беларускага Арфея, але і беларускую Эўрыдзіку. Без яе яму, як глебе без чысціні крынічнай вады, няма жыцця. Яна непарыўна звязана з Сымонкам-Арфеем. Перад намі яна з’яўляецца, падобная да німфы:

І як козачка лясная,

Бы той лёгкі матылёк,

Ганна вішні расхінае…[16, с. 67]

Менавіта ў лань і матылька пераўвасабляліся далёкія німфы. Таму не выклікае здзіўлення, а здаецца лагічным, што падчас другой сустрэчы паміж Сымонкам і Ганнай, ён прымае яе за русалку, як бы сцвярджаючы яе незямное паходжанне. Пры растанні Сымонка кажа Ганне:

І помні, Ганначка: ніколі

Я не забуду аб табе –

Ні ў светлы час, ні ў час нядолі,

Ні ў смутку, радасці, журбе:

Ты мне будзеш дапамогай,

Сіл крыніцаю жывых.[16, с. 112]

Этымалогія слова німфа ўзыходзіць да слова “крыніца”. Ганна для Сымонкі сталася кныніцаю, што будзе поўніць яго сілы ў часы змагання, у часы творчых памкненняў, у жыццёвай барацьбе за незалежнасць кожнага чалавека. Але ж яна сама па сабе кволая, ёй самой неабходна бараніць сябе ад мутнай вады.

Напярэдадні драмы, якая адбудзецца з Ганнай, ёй сніцца страшны сон, які пасля споўніўся: яна ўпала ў цёмны вір, з якога чула яна ціхі голас, які клікаў:

Я зраблю цябе русалкай,

Для цябе свет прападзе!

Белай кветкаю-купалкай

Будзеш гушкацца ў вадзе.[16, с. 169]

Цемра захапіла Ганну: “Цяжкім сном яна заснула , //А пасцель – халодны жвір”.

Цемра – гэта алюзія на падземнае царства Аіда, дзе, плывучы ў рацэ, яна пачула чароўны спеў і голас свайго Арфея, які шаптаў, каб яна нічога не баялася, што яе Сымонка з ёю. Ён жа і выратаваў яе. Так памірала і ўваскрасала беларуская Эўрыдзіка.

Сон, што прысніла Ганна, на жаль, спраўдзіўся. У той час, калі Сымонка знаходзіцца далёка ад Ганны, да яе сватаецца Кандрат Дамянік, злы і нікчэмны чалавек.

Вочы Венеры

Прах цёмныя дзверы

Зірнулі лагодна, прыветна,

І ноч незаметна,

Бы ўдоўка сусветна ,

У вэлюм адзелася шэры…[16, с. 172]

Менавіта тады, у гэту пару, калі сава “выклікала людзям ліха”, Дамянік, заручыўшыся загаворамі варажбіткі Аршуі, ідзе насустрач Ганне, што плыве ў жыце, бы русалка.

І Гануся задрыжала,

Што замысліў гэты вуж?

Нездарма ж  ён сярож поля

Выкрадаўся цемаком;

Погляд дзікі так і коле,

Так і рэжа, як нажом.[16, с. 177]

Нездарма Якуб Колас выкарыстаў у гэтым урыўку параўнанне Дамяніка з вужом, бо, як памятаем, Эўрыдзіка памерла ад укуса змяі. Дамянік – гэта смерць, што хоча забраць да сябе жывую душу.

Беларускі пейзаж у гэты час нагадвае пейзаж старажытнагрэчаскі, дзе, згодна з міфамі, сатыры ганяліся за німфамі:    

Азірнулася – умлела:

Валіць следам ён, як дым,

Толькі жыта шархацела

І ламалася пад ім...

І як сарна, за каторай

Улягаюць ганчакі

Неадступнай злою сворай,

Бяжыць Ганна то разорай,

То мяжой праз раўчакі...

Спала хустка, і развіты

Дзве шаўковыя касы,

Бы русалка ў моры жыта,

Поўна спужанай красы.

Бегла бедная і ўпала

У шырокі калдабан,

Устаць хацела, ды не ўстала,

Вочы ёй заслаў туман.[16, с. 177-178]

Дамянік згубіў след Ганны. Але ж страшна падумаць, што было б, калі б ён дагнаў Ганну.

З гэтай пары Ганна страчвае пачуццё рэальнасці. Яна быццам апынаецца ў падземным царстве Аіда. Нават маці заўважае, што Ганна быццам захварэла, з твару зышла чырвань, краса былая страцілася. Ніякага выйсця, акрамя смерці, маці не бачыць.

Губы скушаны і сіні ,

У вачах –імгла-туман ,

Твар яе – зямля пустыні ,

Сонцам спалены дзірван...

Згас румянец , твар упалы,

На ім след пякельнай мукі ...[16, с. 184]

Такой убачыў Сымонка сваю Ганну, з пячаткай пякельнай мукі на твары.

Але Сымонка не гатовы быў растацца з Ганнай. Як і Арфей, сваёй музыкай ён вяртае яе да жыцця, а яна, быццам ў рацэ падземнага царства, трапляе з віра ў вір, пакуль не апынаецца ў рэальнасці.   

Вір, я ў віры!

Я – русалка.

А як пеніцца вада!..

Дай успомніць!..

Душыць жвір,

Адабраў мне памяць вір,

Зацягае глыбінёю!..[16, с. 188]

Канцоўка твора мае героіка-аптымістычны варыянт міфа пра старажытных Арфея і Эўрыдзіку.

Пайшоў Сымон сваёй пуцінай,

Бо ён прыроджаны пясняр.

Панёс ён людзям песень дар –

Агонь душы і сэрца жар,

Панёс пяснярскай каляінай.

Рука ў руку з ім і з ахвотай

Дзяўчына мілая ішла.

Пад сховам дзеўчага крыла

Гарнула далі пазалотай.

І не кранала іх журбота,

Не засмучала іх імгла...[16, с. 191].

Твор гэты – не простае перайманне, запазычанне, не паўтарэнне арфічнага міфа. Не выклікае сумненняў той факт, што Якубу Коласу быў вядомы міф пра Арфея, як і ўвогуле антычная міфалогія і літаратура. Ён мог пазнаёміцца з імі яшчэ ў семінарскія часы, прачытаўшы “Метамарфозы” Авідзія, ці якія іншыя антычныя творы.

Твор гэты – яшчэ адна нотка, якая ўкладаецца ў музычную сімфонію пад назвай “Арфей”. Арфей – вобраз-архетып, як намі было ўжо згадана. Адсюль яго ўсюдыіснасць. Ён яднае эпохі і народы. Бо музыка вечная, як само жыццё.

 

The article deals with the image of Orpheus in the poem “Symon-Muzyka” written by Yakub Kolas. The author showed the nature of the talent, described creative and  world-view evolution of  Symon-Muzyka. The article will be of interest to teachers and students of philological faculties and school teachers. 

 

Спіс літаратуры

  1. Колас, Я. Сымон-музыка. Мінск : Нар. асвета, 1977. – 192 с. (Школьная б-ка)
  2. Конан, У. М. Прарок у вобразе музыкі / У.М. Конан // Роднае слова. – 2005. – №7. – С. 24 - 27.
  3. Конан, У. М. Цыклічная структура лірыкі : паэзія Якуба Коласа / У.М. Конан // Роднае слова. – 1996. – №9. – С .44 - 51.

Навуковы кіраўнік - Д.М. Лебядзевіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры беларускай літаратуры.