ТУРАК С.В. ДЭНДРОНІМЫ І ГАДОНІМЫ В. КАЛІНОЎСКАЯ СВІСЛАЦКАГА РАЕНА ГРОДЗЕНСКАЙ ВОБЛАСЦІ: ЛЕКСІКА-СЕМАНТЫЧНАЯ І СТРУКТУРНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА

УДК 81’373.21:811.161.3

 

С.В. ТУРАК

ДЭНДРОНІМЫ  І ГАДОНІМЫ В. КАЛІНОЎСКАЯ СВІСЛАЦКАГА РАЕНА ГРОДЗЕНСКАЙ ВОБЛАСЦІ: ЛЕКСІКА-СЕМАНТЫЧНАЯ І СТРУКТУРНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА

 

В работе дается характеристика микротопонимов, собранных в ходе полевого исследования в деревне Калиновская Свислочского района Гродненской области. Анализируются лексические и структурные особенности микротопонимии этого населенного пункта.

 

Анамастычныя даследаванні ў нашай краіне атрымалі ў апошнія гады даволі шырокае развіццё. Падрыхтаваны працы па айканіміі Мінскай і Гомельскай абласцей, гідраніміі і айканіміі басейна Заходняй Дзвіны [4], мікратапаніміі Стаўбцоўскага раёна [7] і паўднёвай часткі Мінскай вобласці [5], Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці [3], па гістарычнай і сучаснай антрапаніміі.

На тэрыторыі Гродзенскай вобласці даследаваннем тапаніміі займаліся С.А. Янушкевіч [8], Л.А. Акаловіч [1] і іншыя.

Ва ўсіх працах па анамастыцы разглядаецца галоўным чынам лексіка-семантычны састаў утваральных асноў і словаўтваральныя тыпы ўласных назваў. Можна пагадзіцца з меркаваннем навукоўцаў, што побач з вывучэннем структуры ўласных назваў больш увагі неабходна аддаваць даследаванню механізма матывацыі, асаблівасцей суіснавання і ўзаемадзеяння розных словаўтваральных тыпаў у канкрэтных рэгіёнах.

Лічым, што палявое даследаванне і вывучэнне мікратапаніміі асобных тэрыторый мае істотнае значэнне для выяўлення адрозненняў, паралелей, моўных асаблівасцей, а таксама заканамернасцей развіцця мікратапаніміі на пэўнай тэрытарыяльнай адзінцы больш высокага ўзроўню. У сістэме тапаніміі мікратапанімія мае такія аметнасці як: перадача вусным шляхам, абмежаваная сфера ўжывання, варыянтнасць. Гэтыя назвы цесна звязаны з месцам размяшчэння, гістарычным мінулым, народнымі гаворкамі, з уплывам суседніх гаворак і г.д.

Э.М. Мурзаеў сцвярджае: “Топографическое имя никогда не бывает случайным и лишенным всякого значения. В нем по большей части выражается или какой-нибудь признак самого урочища, или характерная черта местности, или намек на происхождение предмета, или, наконец, какое-нибудь обстоятельство, более или менее любопытное для ума и воображения”. [6]

Гэтае меркаванне пацвярджаюць і нашы назіранні над утварэннем мікратапонімаў і іх функцыянаваннем у гаворцы в. Каліноўская.

Вёска Каліноўская знаходзіцца на паўднёвым захадзе ад Свіслачы па дарозе на в.Дабраволя. Яна названа ў гонар кіраўніка паўстання 1863-1864 гг. – Кастуся Каліноўскага. Бацькі Кастуся мелі фальварак у вёсцы Якушоўка, што бліз Каліноўскай. Новую назву населены пункт атрымаў толькі ў 1969 годзе замест ранейшага Ліхасельцы. Мясцовыя жыхары з пакалення ў пакаленне перадаюць легенду пра паходжанне назвы Ліхасельцы. Ранейшае пасяленне было размешчана бліжэй да лесу, што зараз злева ад в.Каліноўская. Але найшоў мор на вёску. Нейкая ліхая сіла касіла людзей. Паміралі невядома ад якой хваробы. Шмат людзей памерла. Сабраліся жыхары на савеце і вырашылі: трэба ім пакінуць гэтае ліхое месца. Так людзі сышлі на сённяшняе месца вёскі. І не паміралі больш родныя тых, хто перасяліўся. Таму і цяпер жыхароў вёскі называюць Ліхасельскія.

У наваколлі вёскі Каліноўская намі зафіксаваны шматлікія мікратапонімы (агульная колькасць 40 адзінак). Пераважную большасць складаюць назвы лясоў (14), бо в. Каліноўская размешчана ў лясістай мясцовасці, недалёка знаходзіцца Белавежская пушча. Сярод дэндронімаў паводле паходжання можна вылучыць адапелятыўныя, адайканімічныя і адантрапанімічныя назвы, а таксама назвы з невысветленай этымалогіяй.

1. Адапелятыўнае паходжанне маюць наступныя найменні:

Адстойнік м. р. Лес, які знаходзіцца за в.Каліноўская справа, калі ехаць на в.Ашыўкі. Раней на месцы лесу адстойвалася вада, а потым на той тэрыторыі пачалі вырастаць дрэвы. Мікратапонім Адстойнік утвораны з дапамогай прадукцыйнага суфікса -нік.

Буслятня ж. р. Частка лесу, што размяшчаецца справа, калі ехаць з в.Каліноўская на г.Свіслач (адразу на павароце на в.Ятвеск). Раней недалёка было месца, у якім вяліся буслы, таму частка лесу і атрымала назву Буслятня. Найменне Буслятня ўтворанае з дапамогай суфікса -ятн.

Барок м. р. Сасновы лес, які знаходзіцца за в.Раманаўцы, калі накіроўвацца на в.Дабраволя. Мікратапонім утварыўся з дапамогай суфікса -ок.

Гай м. р. Месца ў лесе ад Атногі да Грынкоўскага поля. Гаем раней у нашай мясцовасці называлі бярозавы, сосновы, лісцевы і іншыя лясы. Зараз называюць змешаны лес, дзе акрамя розных дрэў расце шмат кустоў.

Пагарэлаўка ж. р. Частка лесу, што знаходзіцца за в.Качкі, як ісці на в.Дабраволя. Лес Пагарэлаўка атрымаў такую назву таму, што вырас на месцы згарэлага лесу. Мікратапонім Пагарэлаўка ўтвораны ад асновы пагарэл + суфікс -аўк.

Пясчанка ж. р. Лес, які знаходзіцца за в.Нязбодзічы, каля х.Каласы. Лес размяшчаецца на пясчанай глебе. Дэндронім Пясчанка ўтвораны ад асновы пясчан + суфікс -к.

2. 4 дэндронімы ўтварыліся ад назваў вёсак, якія знаходзяцца паблізу: Дрэчанскі лес, Кабыльніцкі лес, Стоцкі лес, Рыбалаўскі лес.

Дрэчанскі лес м. р. Лес за чыгуначнай дарогай на захад ад в. Каліноўская. Мікратапонім утварыўся ад назвы вёскі Дрэчаны.

Кабыльніцкі лес м. р. Лес, які знаходзіцца злева, калі ехаць з в. Каліноўскай на Свіслач. Дэндронім утварыўся ад назвы вёскі Кабыльнікі.

Стоцкі лес м. р. Лес за в. Стокі, раскінуўся ўправа і ўлева. Дэндронім паходзіць ад назвы вёскі Стокі.

Рыбалаўскі лес м. р. Лес, што знаходзіцца за в. Рыбалы на захад.

Пералічаныя адайканімічныя мікратапонімы ўтвораны па мадэлі: ‘адносны прыметнік + назоўнік лес’. Прыметнікі ў састаўных найменнях у сваім складзе маюць суфікс -ск- і выступаюць з канчаткам -і.

3. Сустракаюцца адантрапанімічныя дэндронімы, у аснове якіх імя або прозвішча чалавека.

Басалаяў хвайняк м. р. Лес паміж зерняскладам у в. Нязбодзічы і возерам, што бліжэй да в. Нязбодзічы.

Матвееў лясок м. р. Лес, які знаходзіўся за рэчкай ад в. Каліноўская на ўсход (зараз няма).

Машын хвайняк м. р. Лес, што раскінуўся справа, калі ехаць у в. Каліноўская з горада Свіслач.

Мікратапонімы Басалаяў хвайняк, Матвееў лясок і Машын хвайняк утвораныя па мадэлі ‘прыналежны прыметнік + аб’ект’.

4. Асобна вылучаецца мікратапонім Пясец, этымалогія якога не высветлена.

Пясец м. р. Лес паміж в. Грынкі і в. Дабраволя.

Яшчэ адной цікавай групай мікратапонімаў, якой карыстаюцца жыхары в.Каліноўская, з’яўляюцца назвы дарог (8), ці гадонімы. Найменням гэтай групы характэрны пэўныя структурныя асаблівасці.

1. У групе гадонімаў усе адзінкі, акрамя адной, састаўныя, толькі мікратапонім Сценка просты, утвораны, мяркуем, з дапамогай суфікса -к-. Сценка ж. р. Дарога, якая вядзе ад катэджаў в.Нязбодзічы да лесу. Дакладны час узнікнення і этымалогія не высветлена.

2. Намі зафіксаваны гадонімы адантрапанімічнага паходжання: Волкава дарожка, Генералава граначка, Марчукова дарожка.

Волкава дарожка ж. р. Дарога, што злучае цэнтр вёскі Каліноўская з Новай дарогай. Назва Волкава дарожка пайшла ад прозвішча сям’і, якой першапачаткова належала сцяжынка.

Генералава граначка ж. р. Дарога, што ідзе ад вёскі Дрэчаны да КСП. Назву Генералава граначка вельмі часта выкарыстоўваюць скарочана гавораць: “Пойдзем да Генерала”. Падставай для ўтварэння гадоніма стала мянушка гаспадара, на зямлі якога знаходзіўся аб’ект.

Марчукова дарожка ж. р. Дарога ў пачатку в.Каліноўская, ідзе ў поле. Назва Марчукова дарожка пайшла ад прозвішча сям’і, якой першапачаткова належала гэта дарога.

У групе гадонімаў пераважаюць састаўныя мікратапанімічныя адзінкі. Па структуры гэта, як правіла, двухчленныя найменні з двума кампанентамі – суб’ектам і атрыбутам (аб’ект).

Аб’ект выражаецца назоўнікам у назоўным склоне – дарожка, гасцінец, граначка. Атрыбутыўны кампанент у складзе гадонімаў Волкава дарожка, Генералава граначка, Марчукова дарожка ўтварыўся суфіксальным спосабам з выкарыстаннем суфікса: -ав- (-ов-). Ва ўсіх састаўных адантрапанімічных мікратапонімах прыметнік стаіць на першым месцы: Волкава дарожка, Генералава граначка, Марчукова дарожка.

3. Адна назва дарогі ўтварылася па мадэлі ‘адносны прыметнік +аб’ект’.

Дрэчанскі гасцінец м. р. Дарога, якая знаходзіцца ў Дрэчанскім лесе. Паколькі слова гасцінец зараз выкарыстоўваецца рэдка, то можна зрабіць выснову, што назва існуе здаўна. У склад мікратапоніма ўваходзіць прыметнік з суфіксам -ск- + аб’ект, выражаны словам гасцінец.

4. Асобна вылучылі гадонімы, утвораныя шляхам спалучэння якаснага прыметніка і назоўніка. У адносінах да апорнага кампанента якасныя прыметнікі могуць абазначаць якасць, форму, час узнікнення.

Мікратапонім Касая дарога адлюстроўвае форму аб’екта.

Касая дарога ж. р. Дарога, што пралягала коса праз вёску, з усходу на захад да чыгуначнай дарогі. Існавала раней, калі не было вёскі Каліноўская.

Найменне Новая дарога звязана з часам ўтварэння аб’екта.

Новая дарога ж. р. Аб’язная дарога за в.Каліноўская. Гэта назва з’явілася прыкладна 15 гадоў назад, але добра прыжылася ў жыхароў в.Каліноўская і суседніх вёсак.

Мікратапонім Шырокая дарога адлюстроўвае памер.

Шырокая дарога ж. р. Дарога, што знаходзіцца ў лесе за рэчкай і вядзе да в.Грынкі. Шырокая дарога па сваіх памерах была шырэйшая за звычайныя дарогі.

У працы прааналізавана 22 мікратапанімічныя адзінкі. Паводле структурных (дэрывацыйных) асаблівасцей мікратапанімічныя назвы можна падзяліць на невытворныя (2), вытворныя (6): простыя і састаўныя (14). Пераважаюць састаўныя мікратапонімы. Большасць адзінак – найменні адапелятыўнага паходжання, астанія адантрапанімічнага і адайканімічнага. Гідранімія не адбілася ў мікратапаніміі даследуемага рэгіёна.

 

This paper investigates the microtoponym village Kalinovskaya Svisloch, Grodno region in terms of lexical and structural features. The characteristic microtoponyms existing in the population of the village Kalinovskaja collected during the field study.

 

Спіс літаратуры

1. Акаловіч, Л.А. Пра паходжанне тапонімаў Гродзеншчыны / Л.А. Акаловіч // Пытанні беларускай тапанімікі. – Мінск, 1970.

2. Белорусская ономастика. Топонимия: учеб. пособие / А.М. Мезенко [и др.]; под общ. ред. А.М. Мезенко – Минск: Элайда, 2012.

3. Бірыла, Э.К. Тапонімы Гомельшчыны з суф. –оўка/-аўка/-еўка/-ёўка/ Э.К. Бірыла// Пытанні беларускай тапанімікі. Матэрыялы Першай беларускай тапанімічнай канферэнцыі. – Мінск , 1970.

4. Грыгор’ева, Л.М. Айконімы гідранімічнага паходжання басейна Заходняй Дзвіны (у межах Беларусі) / Л.М. Грыгор’ева// Беларуская анамастыка / пад рэд. М.В. Бірылы. – Мінск: Навука і тэхніка, 1977.

5. Лемцюгова, В.П. Беларуская айканімія. Лінгвістычны аналіз назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці / В.П. Лемцюгова. - Минск, 1970.

6. Мурзаев, Э.М. Значение местных терминов в образовании географических названий / Э.М. Мурзаев // Питани топонимии та ономастики. Киів, 1962.

7. Прышчэпчык, А.М. Мікратапанімія Стаўбцоўшчыны: аўтарэф. дыс. …канд. філал. навук / А.М. Прышчэпчык. – Мінск, 1970.

8. Янушкевіч, С.А. Уласныя назвы паселішчаў заходняй Гродзеншчыны: аўтарэф. дыс. …канд. філал. навук / С.А.Янушкевіч. – Мінск: Нацыянальная Акадэмія Навук Беларусі, 1998.

 

Навуковы кіраўнікІ.І. Бубновіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства.