УДК 811.161.3
А.Л. МІЛАШЭВІЧ
ФОРМЫ СУБ’ЕКТЫЎНАЙ АЦЭНКІ І СТЫЛІСТЫЧНАЙ МАДЫФІКАЦЫІ ПРЫМЕТНІКАЎ У СУЧАСНЫХ БЕЛАРУСКАЙ І РУСКАЙ МОВАХ (НА МАТЭРЫЯЛЕ ДЗІЦЯЧАГА ФАЛЬКЛОРУ)
Рассматриваются особенности образования прилагательных с суффиксами субъективной оценки и стилистической модификации в контексте детского фольклора, дается характеристика подобных прилагательных в зависимости от их семантики, определяется их роль и место в системе экспрессивно-образных средств белорусского и русского языков.
Уводзіны. Мова фальклорных твораў вызначаецца разнастайнасцю ўжывання слова, яркай эмацыянальнасцю, экспрэсіўнасцю, што стварае пастаянны фон яе агульнай выразнасці i ў значнай ступені вызначае спецыфіку жанра.
Даследаванне афектыўнага аспекту мовы актуальнае i неабходнае. Яно дазваляе глыбей зразумець некаторыя яе структурна-семантычныя, словаўтваральныя i функцыянальныя асаблівасці, высветліць прыроду эмацыянальных рэсурсаў, устанавіць узаемаадносіны паміж інтэлектуальным i пачуццёвым у слове. А гэта значыць, раскрыць адметнае, спецыфічнае ў сістэме сродкаў вобразнасці i выразнасці нацыянальнай мовы.
Нельга ігнараваць такі фактар мовы, як эмацыянальнасць, паколькі мова з'яўляецца не толькі сродкам камунікацыі, але i спосабам выражэння думак, пачуццяў і выконвае, такім чынам, эмацыянальную функцыю. I гэтыя два фактары неабходна разглядаць ва ўзаемадзеянні, у цесным адзінстве, не ставячы паміж імі знака роўнасці.
Агульнавядома, што адным са спосабаў перадачы пачуццяў у мове з’яўляецца ўжыванне формаў суб’ектыўнай ацэнкі. У корані слова эмацыянальнае значэнне можа не выражацца лексічна, свае адносіны да аб'екта ці прадмета гyтapкі апавядальнік паказвае пры дапамозе адпаведных фармантаў, якія з'яўляюцца знешнімі паказчыкамі эмацыянальна-экспрэсіўнага значэння слова. В.С. Ахманава зазначае, што эмацыянальна-экспрэсіўнае значэнне заўсёды застаецца дапаўненнем да асноўнага ў слове, да яго сэнсавага зместу [1, c. 216, 246]. Аднак пры пэўных умовах яно можа не толькі дапаўняць, але i выцясняць асноўнае значэнне на другі план. Падобнай думкі прытрымліваецца А.М. Галкіна-Федарук: «Эмацыянальная афарбоўка як бы накладаецца на агульнае значэнне слова» [2, c. 24].
Асноўная частка. Творы дзіцячага фальклору поліфункцыянальныя. У іх экспрэсіўная функцыя накладаецца на цэлы шэраг іншых – камунікацыйную, эстэтычную, прагматычную, эматыўную, але не замяняе іх, а, наадварот, узмацняе. У выніку чаго мова дзіцячага фальклору жыве па сваіх уласных законах, адрозных ад жыцця літаратурнай мовы.
Пытанні даследавання i сістэматызацыі сродкаў i тыпаў утварэння якасных прыметнікаў з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі і стылістычнай мадыфікацыі ў беларускай мове распрацаваны не ў дастатковай меры. Нешматлікія навуковыя працы па гэтай праблеме ў асноўным прысвечаны аспектам стылістычнага ўжывання эмацыянальна-ацэначных суфіксальных морфаў у дзвюх блізкароднасных (беларускай i рускай) мовах [3, c. 23 – 26; 4, с. 201 – 231]. Але многія даследчыкі правамерна лічаць, што беларуская мова, у параўнанні з рускай, мае большую колькасць афіксаў, з дапамогай якіх утвараюцца формы суб'ектыўнай ацэнкі якасці прыметнікаў. Гэтую суадноснасць выразна адлюстроўваюць дадзеныя табліцы 1.
Суфіксы суб’ектыўнай ацэнкі прыметнікаў у беларускай і рускай мовах
Фарманты |
Беларуская мова |
Руская мова |
памяншальна-ласкальныя (станоўчая канатацыя) |
-еньк- (-эньк-, -аньк-) -усеньк- (-юсеньк-) -энечк- (-енечк-) -утк- (-ютк-) -усенечк- (-юсенечк-) -явеньк- -аваценьк- -ічк- |
-еньк- (-оньк-) -ошеньк- (-ешеньк-) -охоньк- (-ёхоньк-) |
павелічальна-ўзмацняльныя, адмоўная канатацыя |
-озн- -эзн- -эразн- -эрн- -ізн- -ізазн- -ізман- -ізарн- -энн- (-енн-) |
-энн- (-енн-) -ущ- (-ющ-) -ящ- |
Заўвага. Пры складанні табліцы выкарыстаны наступныя крыніцы: Граматыка беларускай мовы [5], Беларуская граматыка [6], Параўнальная граматыка беларускай і рускай моў [4].
Як вядома, уласцівасць суфіксаў суб’ектыўнай ацэнкі – надаваць прыметнікам аб’ектыўнае і суб’ектыўнае значэнні. Аўтары сучасных граматык, класіфікуючы суфіксы ацэнкі прыметнікаў, умоўна падзяляюць іх на дзве групы: суфіксы з памяншальна-ласкальным і павелічальна-ўзмацняльным значэннем. Гэта пацвярджаюць дадзеныя табліцы 1. Даследчыкі зазначаюць, што прыметнікі пры гэтым набываюць дадатковыя суб’ектыўныя адценні, перадаюць адносіны суб’екта да аб’екта, выражаюць ацэнку якасці.
Назіранні над фактычным матэрыялам даюць магчымасць вылучыць 4 групы прыметнікаў з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі і стылістычнай мадыфікацыі ў мове беларускага дзіцячага фальклору:
а) прыметнікі з суфіксам -еньк- (-эньк-, -аньк-);
б) прыметнікі з суфіксам -усеньк- (-юсеньк-);
в) прыметнікі з суфіксам -энечк- (-енечк-);
г) прыметнікі з суфіксам -утк- (-ютк-).
а) прыметнікі з фармантам -еньк-і (-эньк-і, -аньк-і)
Адным з найбольш прадуктыўных сродкаў, з дапамогай якіх утвараюцца формы суб’ектыўнай ацэнкі прыметнікаў у дзіцячым фальклоры, з’яўляецца суфікс -еньк- (-эньк-, -аньк-). Прыметнікі з дадзеным фармантам разнастайныя паводле семантыкі. Яны складаюць 59,6% ад агульнай колькасці даследаваных эмацыянальна-ацэначных дэрыватаў, што сведчыць аб прадуктыўнасці фарманта.
Сярод разгледжаных прыметнікаў вылучаюцца наступныя семантычныя групы:
1) прыметнікі са значэннем якасці і ўласцівасці, што ўспрымаюцца органамі пачуццяў (мяккенькі, салодзенькі (саладзенькі), смачненькі і г. д.): «Недзе катку дзецца – Прыдзі да нас грэцца. Наша хата цяпленькая, наша Маня маленькая» [7, с. 81];
2) прыметнікі са значэннем `назва памеру, аб’ёму, формы, уласцівасці прадмета` (маленькі, дробненькі, новенькі і г. д.): ‹‹Чук-чук, чукавала, Пад рэшатам начавала. Рэшата радзенька, Дзіцятка маленька» [7, с. 206];
3) прыметнікі са значэннем фізічнай, псіхічнай, разумовай і іншых якасцей чалавека і жывых істот (маленькі, маладзенькі, весяленькі): «Коцік-абармоцік, Доўгія вусікі, Тоўсценькіялапкі, Ходзіць без шапкі» [7, с. 373];
4) прыметнікі са значэннем `назва колеру, яго адцення, масці жывёл` (беленькі, шэранькі і серанькі, чырвоненькі і г. д.): «А ты, коцік, серанькі, Твой хвосцік беленькі, Ходзіць кыска па лаўкі, Водзіць кошку за лапкі» [7, с. 98].
б) прыметнікі з фармантам -усеньк-і (-юсеньк-і)
Прадуктыўным сродкам, з дапамогай якога ўтвараюцца формы суб’ектыўнай ацэнкі якасці прыметнікаў, з’яўляецца суфікс –усеньк- (-юсеньк-), што далучаецца да асноў прыметнікаў розных семантычных групаў. У мікрасістэме прыметнікаў з суфіксам -усеньк- (-юсеньк-) у залежнасці ад семантыкі вылучаюцца наступныя групы:
1) прыметнікі, якія абазначаюць якасці і ўласцівасці, што ўспрымаюцца органамі пачуццяў (яснюсенькі, саладзюсенькі, святлюсенькі і г.д.): «А што без дажджу (рабіна) макрусенька, А што без сонца – сухусенька» [7, c. 301];
2) прыметнікі са значэннем памеру, аб’ёму, уласцівасці прадмета (малюсенькі, драбнюсенькі і г. д.): «Да ў белы цвет (каліна) раскладайся, Да на цвяток да бялюсенькі, Да на квяток да драбнюсенькі» [7, c. 346];
3) прыметнікі са значэннем фізічных, псіхічных, разумовых і іншых якасцей чалавека і жывых істот (весялюсенькі, мілюсенькі і г. д.): «Гойда-гойда, люлюсенькі, Мой сыночак малюсенькі, Гойда-гойда-гойдада, Дзіця маё кахана» [7, c. 160];
4) прыметнікі са значэннем колеру і яго адцення, масці жывёл (бялюсенькі, варанюсенькі, зелянюсенькі і г. д.): «Заінька да шарусенькі, Заінька да бялюсенькі! Праскачы, зайка, у дзірачку Да выламі сабе да быліначку» [7, c. 444].
в) прыметнікі з фармантам -энечк-і (-енечк-і)
У дзіцячым фальклоры функцыянуюць прыметнікі з суфіксам -энечк- (-енечк-). Гэты суфікс утварае прыметнікі са значэннем павышанай (у параўнальнні з утварэннямі на –еньк-і)меры якасці: «А жанчына хлопчыка трымае. А чацвёра маленечкіх, Маленькіх, кволенькіх каля ног гуляюць» [7, с. 448].
Формы з суфіксам -енечк- надзвычай экспрэсіўныя. Калі паяснёнае слова пры іх выражана назоўнікам, то яно набывае ацэначны характар: «Чыкі-чыкі, паненачка, Чаму така маленечка?» [7, с 227].
Як заўважае П.М. Чайкун, выкарыстанне прыметнікаў з суфіксам -енечк- – асаблівасць беларускай мовы: «Толькі ў сістэме беларускай дэрывацыі функцыянуюць дэад’ектыўныя прыметнікі рознай словаўтваральнай актыўнасці з узмацняльна-ласкальнымі і памяншальна-ласкальнымі аласемамі, утвораныя пры дапамозе морфаў -энечк- (-енечк-) і -усенечк- (-юсенечк-)» [8, с. 96]. Гэта сведчыць пра вялікія магчымасці беларускай мовы на словаўтваральным узроўні.
г) прыметнікі з фармантам -утк- і(-ютк-і)
Нешматлікую ў колькасных адносінах групу слоў з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі ў дзіцячым фальклоры складаюць таксама прыметнікі, утвораныя з дапамогай фарманта -утк- (-ютк-): драбнюткі, бялюткі, чарнюткі, галюткі, чысцюткі, танюткі, раўнюткі, цалюткі і пад. Як і ў папярэдніх выпадках, ацэначныя значэнні гэтых прыметнікаў абумоўлены не намінацыйнымі ўласцівасцямі, а словаўтварэннем, бо эмацыйную афарбоўку ім надаюць афіксы. Дэрываты з суфіксам -утк- (-ютк-) утвараюцца ад невытворных і вытворных прыметнікаў, якія служаць для абазначэння знешніх і ўнутраных якасцей прадметаў адносна іх складу, формы, стану (навюткі, раўнюткі, ціхуткі), колераў і іх адценняў (бялюткі, чырванюткі), памераў той ці іншай рэчы (драбнюткі, паўнюткі, танюткі) і інш.
Аналіз фактычнага матэрыялу сведчыць, што ў беларускім дзіцячым фальклоры функцыянуе значная колькасць прыметнікаў, утвораных з дапамогай суфіксаў суб’ектыўнай ацэнкі.
Зусім адваротная сітуацыя назіраецца ў мове рускага дзіцячага фальклору. Калі ў беларускім дзіцячым фальклоры ад’ектыўныя ацэначныя формы фунцыянуюць практычна на адным узроўні з субстантыўнымі ацэначнымі формамі, то ў рускім дзіцячым фальклоры асноўная доля выкарыстання прыходзіцца на назоўнікі з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі і стылістычнай мадыфікацыі.
Назіранні над фактычным матэрыялам даюць магчымасць вылучыць толькі 1 асноўную групу прыметнікаў з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі і стылістычнай мадыфікацыі, якая актыўна выкарыстоўваецца ў мове рускага дзіцячага фальклору. Згаданая група прадстаўлена прыметнікамі з суфіксам -оньк- (-еньк-).
Ад’ектывы з гэтым фармантам маюць памяншальна-ласкальнае значэнне (бледненький, глупенький, красненький, темненький, хорошенький) і, як і ў беларускім дзіцячым фальклоры, разнастайныя паводле семантыкі. Яны складаюць 93,5% ад агульнай колькасці даследаваных эмацыянальна-ацэначных дэрыватаў, што сведчыць аб вялікім словаўтваральным патэнцыяле фарманта.
Сярод разгледжаных прыметнікаў вылучаюцца наступныя семантычныя групы:
1) прыметнікі са значэннем якасці і ўласцівасці, што ўспрымаюцца органамі пачуццяў (мягонький, сладенький і г.д.): «Здесь водица холодненькая, Здесь тепленькая, Здесь горяченькая, Здесь кипяток, кипяток» [9, c. 201];
2) прыметнікі са значэннем `назва памеру, аб’ёму, формы, уласцівасці прадмета` (высоконький, крепенький, узенький і г.д.): «Валенки - валенки, Невелички маленьки» [10, c. 112];
3) прыметнікі са значэннем фізічнай, псіхічнай, разумовай і іншых якасцей чалавека і жывых істот (маленький, молоденький, весёленький): «Ах, поёт, поёт Соловушка! Ах, поёт, поёт Молоденький; Молоденький, Хорошенький, Пригоженькой!» [11, c. 202];
4) прыметнікі са значэннем `назва колеру, яго адцення, масці жывёл` (беленький, серенький, красненький і г. д.): «Была себе курочка рябенька, Снесла яичко беленько» [9, c. 113].
Сярод дадзенай групы прыметнікаў былі выяўлены тры формы суб’ектыўнай ацэнкі, якія ўтварыліся ад асноў складаных прыметнікаў пры дапамозе фарманта -еньк-ий, што складае 3,8% ад агульнай колькасці ўтварэнняў з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі і стылістычнай мадыфікацыі: чернобровенький, черноглазенький, крутолобенький:
Але нельга не адзначыць тое, што ў беларускім дзіцячым фальклоры былі вызначаны 4 групы ацэначных прыметнікаў, а ў рускім дзіцячым фальклоры толькі адна, якая з’яўляецца найбольш актыўнай ва ўжыванні. Адзінкавыя ўтварэнні, якія складаюць 2,3% ад агульнай колькасці, могуць быць прадстаўленымі такімі словамі, як здоровехонький ці здоровешенький, светлехонький, сладёхонький, малюсенький, танюсенький, якія таксама маюць значэнне памяншальнасці і ласкальнасці.
Высновы. Аналіз фактычнага матэрыялу паказаў, што ў беларускім дзіцячым фальклоры функцыянуе значная колькасць прыметнікаў, утвораных пры дапамозе суфіксаў суб’ектыўнай ацэнкі і стылістычнай мадыфікацыі. У рускім дзіцячым фальклоры формы суб’ектыўнай ацэнкі і стылістычнай мадыфікацыі таксама выкарыстоўваюцца досыць актыўна, аднак мадэлі іх утварэння не вызначаюцца разнастайнасцю. Найбольш прадуктыўным фармантам, з дапамогай якога ўтвараюцца падобныя ад’ектывы, выступае суфікс -оньк- (-еньк-): тепленький, жиденький, маленький і інш.
Такім чынам, прыметнікі з суфіксамі суб'ектыўнай ацэнкі з'яўляюцца кампанентам мастацкага стылю народнай творчасці. Яны забяспечваюць самабытнасць, змястоўнасць, эмацыянальнасць кожнага з фальклорных жанраў, хоць ступень іх эмацыянальнай выразнасці ў кожным з жанраў своеасаблівая. Аднак відавочна тое, што сістэма прыметнікаў з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі і стылістычнай мадыфікацыі ў беларускім дзіцячым фальклоры больш развітая. А гэта значыць, што кола ўжывання такіх ад’ектываў значна шырэйшае, чым у рускім дзіцячым фальклоры.
The peculiarities of formation and artistic functions of adjectives with the suffixes of subjective evaluation and stylistic modification are studied in the context of children's folklore, the groups of similar adjectives are distinguished depending on their semantics, a role and place are defined in the expressive and imaginative means of the Belarusian and Russian languages.
Спіс літаратуры
1. Ахманова, О.С. Очерки по общей и русской лексикологии / О.С. Ахманова. – Москва: Учпедгиз, 1957. – 295 с.
2. Галкина-Федорук, Е.М. Слово и понятие ⁄ Е.М. Галкина-Федорук. – М.: Учпедгиз, 1956. – 54 с.
3. Булахов, М.Г. Основные вопросы сопоставительной стилистики русского и белорусского языков ⁄ М.Г. Булахов. – Минск: изд-во БГУ, 1979. – 40 с.
4. Гурскі, М.І. Параўнальная граматыка беларускай і рускай моў. ⁄ М.І. Гурскі. – Мінск: Выш. шк., 1972. – 262 с.
5. Граматыка беларускай мовы: у 2 т. – Мінск: Выд-ва АН БССР, 1962. – Т.2: Марфалогія. – 540 с.
6. Беларуская граматыка: у 2 ч. / Рэд. М.В. Бірыла, П.П. Шуба.– Мінск: Навука і тэхніка, 1985. – Ч 1: Фаналогія. Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск. – 431 с.
7. Барташэвіч, Г.А. Дзіцячы фальклор / Г.А. Барташэвіч, рэд. К.П. Кабашнікаў. – Мінск: Навука і тэхніка, 1972. – 736 с.
8. Чайкун, П.М. Производные существительные с коннотативным значением в белорусском и русском языках: дис. … канд. филол. наук: 10.02.01. ⁄ П.М. Чайкун. – Гомель, 1987. – 174 с.
9. Василенко, В.А. Детский фольклор ⁄ В.А. Василенко. – М.: Высшая школа. – 1978. – 438 с.
10. Детский поэтический фольклор: Антология ⁄ Сост. А.Н. Мартынова. – СПб, 1997. – 365 с.
11. Аникин, В.Н. Русские народные пословицы, поговорки, загадки и детский фольклор: Пособие для учителя ⁄ В.Н. Аникин. – М.: Учпедгиз, 1977. – 240 с.
Навуковы кіраўнік – Ж.С. Сіплівеня, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства.