УДК 81.161.3’373.21
М.І. МАРОЗАВА
З МІКРАТАПАНІМІІ В. ВЯЛІКАЯ РАГОЗНІЦА МАСТОЎСКАГА РАЁНА
В статье рассматриваются микротопонимы, зафиксированные на территории д. Большая Рогозница Мостовского района. Даются краткие сведения возникновения деревни.
Які цуд — родная зямля! Чалавек прырастае да яе тысячамі нябачных ніцей, прывязваецца сонечнымі промнямі, блакітам неба, птушынымі спевамі, павевамі роднага ветру, пахам васілька. Патрэбна толькі сэрцам адчуць гэту еднасць, умець пачуць родны гоман шапатлівых лясоў… Ёсць штось надзвычай прыгожае ў нашым краі. Колькі хараства і чароўнага прывабу ў яго сіняй далечы. У гэтай мясціны няма нейкай асаблівай прыгажосці і багаццяў, акрамя лугоў, палёў, лясоў, што абрамляюць вёску з усіх бакоў, ды празрыстага паветра. І ўсё ж вёска валодае вялікай прыцягальнай сілай.
Я люблю гэты ціхі куточак у любую пару года. Хто ні быў тут у залатую пару восені, хто ні дыхаў марозным паветрам зімовага ранку, каго ні дурманіў пах белай акацыі, ні задыхаўся ад водара расцвіўшай ліпы летнім вечарам, хто ні разу не адпачываў у бярозавым гаёчку, што бела-зялёнай сцяною стаіць у нашай вёсцы, той, мусіць, не зможа зразумець мяне, не зможа зразумець маё захапленне гэтым ціхім куточкам, такім родным для мяне.
Калісьці на месцы вёскі цякла маленькая рачулка, вакол якой раслі розныя непралазныя кусты і дрэвы. Вядомай вёска Рагозніца стала ўжо ў ХVІ стагоддзі ў складзе Ваўкавыскага павета Рэчы Паспалітай. З ХІХ стагоддзя вёска знаходзілася ў складзе аднайменнага маёнтка, якім валодалі Сухадольскія. У 1905 годзе яна налічвала 474 жыхары. З сакавіка 1921 года па 1934 год Рагозніца ўваходзіць у склад Польшчы, потым у БССР. У польскі час (1926)тут быўпабудаваны мураваны касцёл Святой Дзевы Марыі. У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 года да 13 ліпеня 1944 года вёска была акупіравана нямецкімі фашыстамі, на фронце ваявалі 27 вайскоўцаў, 10 з іх загінулі, акупанты загубілі 3 мірных жыхароў [1, с. 529]. На 1 снежня 2001 года Рагозніца налічвала 333 двары, 915 жыхароў, крухмальны завод, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання, аддзяленне “Беларусбанка”, філіял Мастоўскай школы мастацтваў, сярэднюю школу, дзіцячы садзік, некалькі магазінаў, аддзяленне сувязі. У 2007 годзе вёска набыла статус аграгарадок.
Паводле тапанімічнай легенды, назва вёскі паходзіць ад расліны рагозы, што расла на абойме ракі Юхнаўка, на беразе якой была заснавана паселішча. Згодна з другім меркаваннем, назва ўтворана ад грубай тканіны рагожы. Дарэчы, у дакументах сустракаецца назва Рагожніца. Мясцовыя старажылы і зараз кажуць Рагожніца.
Намі зафіксаваны мікратапонімы, якія яшчэ засталіся ў памяці старэйшых вяскоўцаў.
АДСТО́ЙНІКІ, мн. Луг (побач адстой з крухмальнага завода). Ну ўжо ад гэтых Адстойнікаў ваняе. Вялікая Рагозніца Маст.
АКТА́РЫ, мн. Поле за могілкамі. На Актарах ў гэтым годзе пасадзілі кукурузу. Малая Рагозніца Маст.
БАЛБАТО́ВА, н. Лес (адразу за лесам Тарасіно). У Балбатова вельмі шмат ў гэтым годзе ягад. Вялікая Рагозніца Маст..
БАЛО́ТА, н. Тарфянік (паміж в. Вялікая Рагозніца і в. Малая Рагозніца). Хадзілі на Балота за зямлёю. Вялікая Рагозніца Маст.
БЕ́РАГ, м. Балоцістая мясціна. На той Берах ніхто ніколі ні хадзіў. Вялікая Рагозніца Маст.
БЕРАЗНЯ́К, м. Могілкі ў пачатку вёскі. Вялікая Рагозніца Маст.
БЕША́НІК, м. Поле, парослае травою. На Бешаніку ўжо даўно нічога не садзілі. Вялікая Рагозніца Маст. Гродз.
БО́ЛАХАВА, н. Поле каля лесу Тарасіно. Вой якое Болахава поле добрае было! Вялікая Рагозніца Маст.
БУМЯХІ́, мн. Парк у Двары. У Бумяхах расьце вельмі рэдкае дрэва – Чырвоны Дуп. Вялікая Рагозніца Маст.
БЯЗДО́НКА, ж. Былая крынічка. На Бяздонцы заўсёды была вада чыстая, але ш потым гэты завод згадзіў яе. Вялікая Рагозніца Маст.
ВАЗЯРЫ́ШЧА, н. Поле каля воз. Возера. На Вазярышчы летам заўсёды сьбіраліся ўсе пасля працы ў полі. Вялікая Рагозніца Маст.
ВАКО́ЛІЦА, ж. Луг перад Рагозніцкім Возерам. На Ваколіцу ганялі пасьвіць кароў хатніх. Вялікая Рагозніца Маст.
ВА́НІНА ДАРО́ГА, ж. Дарога да канторы (атрымала такую назву ад першага старшыні калгаса па імені Ваня). Вялікая Рагозніца Маст.
ВЕ́РБЫ, мн. Бераг ракі Юхнаўка на Малой Рагозніцы. Пашлі́ця ў Ве́рбы. Маст.
ВІРКІ́, мн. Месца ля ракі Юхнаўка. У гэтых Вірках пасля дажджу было не прайсьці. Вялікая Рагозніца Маст.
ВІРО́К, м. Месца на рацэ Юхнаўка. Малая Рагозніца Маст.
ВО́ЗЕРА, н. Назва возера. Калі былі малыя,то заўсёды хадзілі на Возера купа́ца. Вялікая Рагозніца Маст.
ВО́ЛЯ, ж. Урочышча, дзе раней жылі асаднікі. Вялікая Рагозніца Маст.
ВО́ЎЧА ГУБЕ́РНЯ, ж. Паша, дзе раней вадзіліся ваўкі. На гэту Воўчу Губерню ніколі не вадзілі кароў. Вялікая Рагозніца Маст.
ВУЖО́ВА БАЛО́ТА, н. Сенажаць, дзе раней знаходілася балота. Вялікая Рагозніца Маст.
ВЫ́РВА, н. Поле (па дарозе на Забалоцце). Вялікая Рагозніца Маст.
ВЫ́САДЖАНАЯ, ж. Дарога да фермы. Па Высаджанай хадзіла мая бапка на работу. Малая Рагозніца Маст.
ВЫСО́КІЯ НА́СЫПЫ, мн. Пагоркі за 2 км. ад канторы. На Высокіх Насыпах мы зімой каталіся. Вялікая Рагозніца Маст.
ВЯЛІ́КАЯ РАГО́ЗНІЦА, ж. Другая частка вёскі (большая за тэрыторыю Малой Рагозніцы, мае шмат вуліц). Вялікая Рагозьніца мае вельмі шмат жыхароў. Маст.
ВЯРТУ́ШКА, ж. Дарога пры выездзе з вёскі на захад. На гэтай Вяртушцы было нямала аварый. Малая Рагозніца Маст.
ВЯРХІ́, мн. Поле і паша, якія знаходзіліся на пагорку. Вось на Вярхі́ ганялі пасьвіць кароў сь фермы. Малая Рагозніца Маст.
ВЯСАВА́Я (КАЛЯ ВЯСО́Ў), ж. Месца, дзе стаяць калгасныя вагі. Егдзілі на Вясавую за зярном. Вялікая Рагозніца Маст.
ГАЛО́ЦКАЯ ГАРА́, ж. Пагорак за вёскай (па дарозе на Крамяніцу). Калі была малая, бегала на Галоцкую Гару. Малая Рагозніца Маст.
ГА́ЛЬКАВА ДА́МБА, ж. Дамба на воз. Возеры. Многа людзей загінула на гэтай Галькавай Дамьбе. Вялікая Рагозніца Маст.
ГАЛЬШЫНА́, ж. Алешнік каля школы. Часта бегалі са школы ў Гальшыну за арэхамі. Вялікая Рагозніца Маст.
ГАСЦІ́НЕЦ, м. Дарога да Крамяніцы. Вялікая Рагозніца Маст.
ГЛА́ДКАЎШЧЫНА, ж. Поле перад касцёлам. Памятаю, на Гладкаўшчыне бульбяныя соткі аднойчы былі. Алі ж і ўраджай быў! Вялікая Рагозніца Маст.
ГЛЯІ́, мн. Былое поле, зараз стаіць ферма. Малая Рагозніца Маст.
ГНІЛЯКІ́, мн. Былое балота у пачатку вёскі (зараз поле Болахава). Малая Рагозніца Маст.
ГРАНІ́ЧКА, ж. Дарога, якая раздзяляе палі. Вялікая Рагозніца Маст.
ГРУД, м. Паша за ракой у канцы вёскі. Кожну вясну ганялі кароў на Груд. Малая Рагозніца Маст.
ГУРА́НСКІ ЛУГ, м. Луг. Гуранскі Луг маленькі, але ш прыгожы. Вялікая Рагозніца Маст.
ГУ́РЫ, мн. Частка вёскі на пагорку (за Вясавой). Спачатку мы жылі ў Гурах, а потым атрымалі хату на Новай вуліцы. Вялікая Рагозніца Маст.
ДВО́Р, м. Частка вёскі. Дыскатэка спачатку была ў Двары. Вялікая Рагозніца Маст.
ДЗЯЛЯ́НКА, ж. Частка поля Калодзіські. Кожны ў вёсцы меў сваю Дзялянку. Вялікая Рагозніца Маст.
ЖЫДО́ЎСКІ ПЕРАЕ́ЗД, м. Перакрыжаванне вуліц, некалі жылі яўрэі. За Жыдоўскім Пераездам жылі Гарбузы. Вялікая Рагозніца Маст.
ЗА́БАЛАЦКІЯ РВЫ, мн. Азёры за Малой Рагозніцай (па дарозе на Забалацці). Вой як раней я любіла купаца на Забалацкіх Рвах. Маст.
ЗАГУ́МНА, мн. Былая вуліца (зараз вул. Навасёлаў). На Загумнах заўсёды шмат дзяцей гуляе. Вялікая Рагозніца Маст.
ЗАГУ́МНЫ, мн. Дарога за сельскімі пабудовамі. Малая Рагозніца Маст.
ЗАМАСЦІ́ШЧА, н. Балота за штучным мастом на рацэ. Малая Рагозніца Маст. Гродз.
ЗЁМ, м. Поле за фермай. Вялікая Рагозніца Маст. Гродз.
КАЗА́ЦКІЯ МО́ГІЛКІ, мн. Пагорак за в. Малая Рагозніца (на выездзе ў в. Забалоцце). Малая Рагозніца Маст.
КАЗЛАВЕ́Ц, м. Сенажаць за вул. Навасёлаў. На Казлаўцы заўсёды стагі сена стаяць. Вялікая Рагозніца Маст.
КАЛО́ДЗІСЬКІ, мн. Поле, на якім раней стаяў калодзісь (так некалі называлі калодзеж). Калі не было вады, усе на Калодзіські хадзілі. Малая Рагозніца Маст.
КАЛХОЗНЫ САД, м. Былы сад каля могілкаў (належаў калгасу, зараз на гэтым месцы пабудаваны новыя дамы). У Каўхозным Садзі такія смашныя антонаўкі расьлі! Вялікая Рагозніца Маст.
КАПУ́СНІКІ, мн. Поле, на якім працяглы час садзілі капусту. Вялікая Рагозніца Маст.
КАРЧЫ́, мн. Балота за в. Вялікая Рагозніца (па дарозе на в. Ляхавічы). Маст.
КАШТА́НАЎЦЫ, мн. Паша і поле. Вялікая Рагозніца Маст.
КО́НСКІ ВЫ́ГАН, м. Выган для коней. Вялікая Рагозніца Маст.
КРАМЯ́НІЦКІ РОЎ, м. Паша (на мяжы з в. Крамяніца). Вялікая Рагозніца Маст.
КРАПІ́ЎНІК, м. Балотны роў недалёка ад крухмальнага завода (расце шмат крапівы). Прас Крапіўнік прабраца вельмі цяшка. Вялікая Рагозніца Маст.
КУ́МАВА МЯЖА́, ж. Мяжа паміж хатамі. Вялікая Рагозніца Маст.
ЛЁ́НЬЦЫН КАЛО́ДЗЕЖ, м. Калодзеж (належаў бабцы Лёньцы). Бабця Лёньця злым вады ні давала браць са свайго калодзежу. Малая Рагозніца Маст.
ЛО́ЗКІ, мн. Месца за зернесховішчам (расло вельмі шмат лазы). Хадзілі ў Лоскі. Малая Рагозніца Маст. Гродз.
ЛЫ́СЫЯ ГО́РЫ, мн. Частка поля, некалькі ўзгоркаў недалёка ад в. Крамяніца. На Лысыя Горы мы хадзілі катаца на пакетах, калі былі малыя. Вялікая Рагозніца Маст.
МАЛА́Я РАГО́ЗНІЦА, ж. Частка вёскі, дзе ёсць толькі адна вуліца (самая старая ў вёсцы). На Малой Рагозьніцы адны бабкі жывуць. Маст.
МАМЭ́ТА, ж. Дарога праз раку з Малай Рагозніцы на Вялікую. Хадзілі ў школу праз Мамэту. Маст.
МАРЫ́СІН КУСТ, м. Куст шыпшыны, які расце каля хаты Марысі. Малая Рагозніца Маст.
МАЧУ́ЛЫ, мн. Балота за Рагозніцкім Возерам. У Мачулы калі забрыдзеш, то не выратуешся. Вялікая Рагозніца Маст.
МО́ГЛІЦЫ, мн. Поле і пагорак, дзе раней былі могілкі. Малая Рагозніца Маст.
МО́РГІ, мн. Балота (каля лесу Балбатова). Вялікая Рагозніца Маст.
МЯНО́ЎШЧЫНА, ж. Поле, раней знаходзіўся надзел Мяноўскага. Бульбу аднае году садзілі на Мяноўшчыне. Вялікая Рагозніца Маст.
ПАБО́ЕВА, н. Частка лесу Тарасіно. У Пабояве вельмі шмат грыбоў. Вялікая Рагозніца Маст.
ПАДГА́ІШЧА, н. Паша каля фермы ў пачатку вёскі. На Падгаішчы вельмі добра зямля. Малая Рагозніца Маст.
ПА́СЕКА, ж. Поле за фермай. Пасека заўсёды была ўрадлівым полем. Малая Рагозніца Маст.
ПАЦЭ́ВІЦКАЯ ДАРОГА́, ж. Дарога да в. Пацэвічы. Пацэвіцку Дарогу колькі гот назат нову палажылі. Вялікая Рагозніца Маст.
ПЕРАВА́Л, м. Паварот ракі. Вялікая Рагозніца Маст.
ПЕРАКО́ПАНКА, ж. Поле за канторай. Вялікая Рагозніца Маст.
ПРУГМЕ́ННЕ, н. Сенажаць (раней стаялі гумны). Вялікая Рагозніца Маст.
ПУСТКІ́, мн. Месца каля башні. На Пустках стаялі башні сь фепмы. Малая Рагозніца Маст.
ПЧА́ЛЬНІК РАМАНЮКО́Ў, мн. Пасека (належыць Раманюкам). Пчальнік Раманюкоў самы вялікі ў вёсцы. Вялікая Рагозніца Маст. Гродз.
ПЫ́ЛІЦА, ж. Сцежка да кар’ера. Вялікая Рагозніца Маст.
ПЯСЧА́НКА, ж. Частка поля Могліцы. На Пяшчанцы вельмі добрая канюшына расьце. Вялікая Рагозніца Маст.
ПЯЧО́РЫ, мн. Кар’ер у канцы вёскі. Малыя часта хадзілі ў Пячоры гуляца. Вялікая Рагозніца Маст.
РАГО́ЗНІЦКАЕ ВО́ЗЕРА, н. Возера каля в. Вялікая Рагозніца. Рагозьніцкае Возера вельмі вялікае. Маст.
РАСТО́КІ, мн. Сенажаць за полем Мяноўшчына. Вялікая Рагозніца Маст.
СМАЛЯНІ́ЧА, ж. Малады хвойнік (недалёка ад канторы). Вялікая Рагозніца Маст.
СТА́ВЫ, мн. Штучнае возера. На Ставах вельмі шмат лебядзей плавае. Малая Рагозніца Маст.
СТАРЫ́ СПУСТ, м. Месца на р. Юхнаўка. Малая Рагозніца Маст.
ТАПІ́ЛЬНІК, м. Месца на воз. Возера, дзе часта тапіліся людзі. Кажуць, што Тапільнік – праклятае месца. Вялікая Рагозніца Маст.
ТАРАСІНО́ (ТАРА́САЎ ЛЕС), н. Лес (лясніком быў Тарас). У Тарасіно вельмі шмат дзікіх жывёл. Вялікая Рагозніца Маст.
ТАРФЯНЫ́Я РАВЫ́, мн. Канавы на захадзе в. Вялікая Рагозніца (выкапаныя для асушкі балота). Маст.
ТРАШЧО́ТКА, ж. Прыток ракі Юхнаўка. У Трашчотцы шмат піявак. Малая Рагозніца Маст.
ЧАРНАЗЁ́М, м. Поле паміж в. Вялікая Рагозніца і в. Малая Рагозніца (за ракой). Маст.
ЧАРНЯВІ́ЧЫШЫНА, ж. Поле (належала Чарнявічысе, за вул. Маладзёжная). Вялікая Рагозніца Маст.
ЧО́РТАВА Я́МА, ж. Яма ў Рагозніцкім Возеры (недалёка ад дамбы). Чортава Яма забрала сабе ні адно жыцё. Вялікая Рагозніца Маст.
ЧЫРВО́НАЯ, ж. Затока. Вялікая Рагозніца Маст.
ШНУРЫ́, мн. Паша, раней вузкія надзелы зямлі (недалёка ад поля Пасека). Часта ганялі кароў на Шнуры. Вялікая Рагозніца Маст.
ШУЛЕ́ЎШЧЫНА, ж. Паша за Дваром (поле, якое належала старшыні Шулеўскаму). Вялікая Рагозніца Маст.
ШЧЫ́РЫЧЫ ГАЙ, м. Малады лес за Рагозніцкім Возерам. Вялікая Рагозніца Маст.
ШЫК, м. Агарод (надта ўрадлівы). Во Шык агарот-та быў! Малая Рагозніца Маст.
ШЫРО́КІ КУЛЬ, м. Луг, які раздзяляе два калгасныя полі. На Шырокім Кулі шмат васількоў ў гэтым годзе было. Вялікая Рагозніца Маст.
Ю́ХНАЎКА, ж. Рака (працякае праз в. Рагозніца). На Юхнаўцы столькі рып раней было. Рагнозніца Маст.
ЯЛІ́НКІ, мн. Балота ў лесе Балбатова. У Ялінках шмат чароту расьце. Вялікая Рагозніца Маст.
Я́МЫ, мн. Ямы, дзе захоўваўся калгасны корм для жывёл на зіму (недалёка ад жывёлагадоўчага комплексу). Сяргей працаваў на Ямах. Вялікая Рагозніца Маст.
In the article microtoponyms, recorded in the village of Great Rogoznica Mosty district. We give a summary of a village.
Спіс літаратуры
- Памяць: Гістарычна-дакументальная хроніка Мастоўскага раёна. – Мінск.: КП “Паліграфафрмленне”, 2002. 590.: іл..
Навуковы кіраўнік – І.В. Піваварчык, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага і супастастаўляльнага мовазнаўства.