ФЛЕЙТА Г.А. МАКСІМ БАГДАНОВІЧ ЯК ПАЧЫНАЛЬНІК БЕЛАРУСКАГА ТРЫЯЛЕТУ

821.161.3(092 М.Багдановіч)                                                                      

 

Г.А. ФЛЕЙТА

МАКСІМ БАГДАНОВІЧ ЯК ПАЧЫНАЛЬНІК БЕЛАРУСКАГА ТРЫЯЛЕТУ

 

Работа посвящена анализу триолетов Максима Богдановича. Проанализированы образы и мотивы в стихах, художественные средства, темы, рифма. Обращено внимание на то, что именно он (Богданович) ввел триолет в белорусскую литературу и сохранил строгость формы.

Ключевые слова: триолет, метафора, эпитет, идея стихотворения, лирический герой.

 

Уводзіны. Цвёрдыя формы верша з’явіліся ў айчыннай паэзіі ў пачатку ХХ стагоддзя, у нашаніўскі перыяд. Крыху пазней Гальяшом Леўчыкам быў створаны першы зборнік, куды ўвайшло каля ста пяцідзесяці трыялетаў усходнеславянскай мудрасці “Мудра прыгаворка – соладка і горка”. Але ён не быў выдадзены і, за выключэннем некалькіх твораў, страчаны. А  самы першы трыялет, як і многія іншыя цвёрдыя формы верша: рандо, рандэль, тэрцыны і інш., належаць Максіму Багдановічу.

На працягу ўсіх гадоў развіцця літаратуры трыялет захоўваў сваю нязменную форму. Беларускі даследчык Ігар Жук у сваім артыкуле “Вяртанне ў трыялет” піша аб тым, што гэта пастаяннасць паспрыяла цікавасці многіх пісьменнікаў да гэтага жанру. Ды і ўвогуле, трыялет з’явіўся ў тыя часы, калі стварэнне падабенстваў было галоўнай ідэяй як у літаратуры, так і ў культуры ў цэлым. А ў часы Сярэднявечча любая вольнасць была праявай грахоўнасці і вальнадумства. Таму строгая форма была найлепшай мажлівасцю да замацавання жанру трыялету ў літаратуры. І калі мы звяртаемся да яго зараз, то бачым, што форма і дзве рыфмы захаваліся. Толькі здзіўляе тая акалічнасць, што нават эпоха барока не змяніла ўсталяваных канонаў, не надала трыялету нейкіх “тонкіх” рыс культуры той пары. Але ўсё тлумачыцца тым, што жанр ніколі не стаяў на першым месцы, а заўсёды займаў нейкія другарадныя пазіцыі.

У адрозненне ад іншых аўтараў Максім Багдановіч прытрымліваўся той формы трыялету, якая была ўсталявана з самага пачатку. Гэта дало магчымасць аднавіцца першапачатковай строгасці і вытрыманасці. Зместавае напаўненне трыялета адыгрывае надзвычай важную ролю. Тэматыка трыялетаў Максіма Багдановіча разнастайная. Вячаслаў Рагойша дакладна вызначыў гэтую адметнасць: “Пераважна гуллівай форме, якая ўжывалася амаль выключна ў інтымнай лірыцы, Максім Багдановіч надаў грамадзянскі змест” [1, с. 328-329].

Гэта не азначае, што Багдановіч не звяртаўся да інтымнай тэматыкі. Тэма кахання раскрыта толькі ў адным трыялеце, але яна захапляе сваёй багатай зместавай напоўненасцю і пачуццёвасцю. Асноўная думка ў вершы падкрэсліваецца паўторам радкоў і таму “рабочымі” застаюцца толькі тры, з дапамогай якіх неабходна скампанаваць верш і перадаць “невялікую гісторыю”.

Звернемся непасрэдна да гэтай цвёрдай формы, перанесенай у беларускую паэзію Максімам Багдановічам з чужой глебы.

Асноўная частка.“Больш традыцыйны паводле зместавага напаўнення васьмірадковік “Мне доўгае расстанне з Вамі…” (1913). Блізкасць з класічным трыялетам выяўляецца ў прыналежнасці верша да інтымнай лірыкі. Істотнае адрозненне заключаецца ў танальнасці: замест гуллівасці і жартаўлівасці – самота і туга. Лірычны герой выказвае глыбокі смутак праз расстанне з каханай, не саромеецца шчыра гаварыць пра асабіста-інтымныя перажыванні” [2, с. 124].

Мне доўгае растанне з Вамі

Чарней ад Вашых чорных кос.

Чаму ж нядобры час прынёс

Мне доўгае растанне з Вамі? [3, с. 255]

Ён скардзіцца на “нядобры час”, якія стаў прычынаю яго пакут.

Я пабляднеў ад горкіх слёз

І трыялет пачаў славамі:

Мне доўгае растанне з Вамі

Чарней ад вашых чорных кос. [3, с. 255]

У вершы шмат прыметнікаў – доўгае, чорных, нядобры, горкіх – якія найлепш дапамагаюць нам зразумець стан героя, яго пачуцці. Слова “доўгае” паўтараецца тройчы. Гэтым самым аўтар робіць галоўны акцэнт на тое, што для героя сапраўды гэтае растанне невыноснае.

Трыялет “Крытыку”, вяртае нас з таямнічага свету кахання да штодзённых клопатаў. Скульптар Чэліні на пачатку сваёй працы займаўся лепкай статуй, але славу яму прынесла ювелірная справа. Таму ў дадзеным трыялеце Максім Багдановіч праводзіць паралель паміж “статуямі”, як нечым, здаецца, маштабным па памерах, але ў выніку не прыносячым нічога. А з другога боку выдзяляе “статуэткі”, як вобраз менш значны на першы погляд, але ў выніку ён займае першыя пазіцыі. Часам у жыцці кожнага чалавека здараецца так, што мы атрымаем лепшыя вынікі з нейкай дробязі, якая будзе мець вялікі ўнутраны змест, а не знешні. Не толькі ў стварэнні вялікіх масштабных форм можна дасягнуць поспеху, але і ў невялікае мастацтва (ужытковае, побытавае) таксама можна ўкласці высокі змест.

Чэліні статуй не рабіў,

А толькі статуэткі,–

Аднак, артыста шчыры быў.

Чэліні статуй не рабіў,–

Ці чуеш, крытык едкі?

Дарма ты трыялет ганьбіў:

Чэліні  статуй не рабіў,

А толькі статуэткі. [3, с. 269]

Трыялет напісаны чатырохстопным ямбам.  Мае дзве рыфмы.

Трыялет “Вечар” напісаны пад уплывам эстэтыкі новага на той час літаратурнага накірунку – імпрэсіянізму, які “ўзнік спачатку ў французскім жывапісе, потым заявіў пра сябе і ў мастацкай літаратуры. Для імпрэсіянізму характэрна апора на першасны пачуццёвы вобраз, імкненне ўспрыняць зменлівасць, плыннасць праяў знешняга свету, жаданне замацаваць у слове часовасць яскравых уражанняў, каб праз іх перадаць красу навакольнай рэчаіснасці і чалавечай душы” [1, с. 136].

А Максім Багдановіч – “пясняр чыстай красы”, як назваў паэта першы даследчык яго творчасці Антон Навіна, тонка адчуваў хараство прыроды:

На небе месяц ўстаў зялёны

І хутка стане снегавым.

Над лесам, дзе шапочуць клёны,

У небе месяц ўстаў зялёны…[3, с. 222]

У вершы Максім Багдановіч стварае спачатку зрокавы малюнак: першыя два радкі апісваюць з’яўленне зялёнага месяца, дзе колер сімвалізуе маладосць, пачатак жыцця. Затым месяц становіцца снегавым, набывае чысты светлы колер, але ў той жа час - халодны, што скіроўвае ўвагу на заміранне прыроды і ўсяго жывога. Наступныя два радкі ствараюць слыхавую карціну, якая паўстае перад намі ў форме “шапочуць клёны”, але і тут усё напоўнена спакоем. Аўтар піша пра ціхі шэпт, які зноў жа паказвае на заміранне, душэўную раўнавагу.

Затым зноў ствараецца зрокавы малюнак, які адлюстроўвае праўдзівае соннае царства:

 Ўсё спіць. Не бачыць свет стамлёны,

Што, свецячы праз хмарак дым,

У небе месяц ўстаў зялёны

І хутка стане снегавым. [3, с. 222]

Асноўная думка верша падкрэсліваецца паўторам радка “На небе месяц устаў зялёны”. Паэтам выкарыстана незвычайная колеравая гама. Месяц звычайна залаты, бліскучы, а тут ён менавіта зялёны, значыць малады, які толькі пачынае сваё жыццё. На гэтым засяроджваецца ўвага і ствараецца цэласны вобразны малюнак.

Максіму Багдановічу выдатна ўдалося перадаць галоўную рысу імпрэсіянізму: першапачатковае ўражанне, бо важна ў ім тое, што культ “уражання” замыкаў чалавека ў самім сабе; адзіна каштоўным з’яўляецца тое, што імгненна.

Зусім іншы настрой у трыялеце “Мая душа, як ястраб дзікі”: Багдановіч апісвае душу творцы, якая імкнецца ўвысь, да неба, і не проста так: яна кліча за сабою іншыя душы. Яна імкнецца разбудзіць іх ад сну. Паказаць сапраўдны свет, а не затуманены і хлуслівы міраж сну. Душа – гэта вобраз “ястраба дзікага, што рвецца ў неба на прастор”.

Мая душа, як ястраб дзікі,

Што рвецца ў неба на прастор,

Вартуе вольных птушак крыкі,–

Мая душа, як ястраб дзікі [3, с. 223].

 

Глыбокі сэнс хаваецца за гэтым васьмірадковікам. Душа лірычнага героя хоча свабоды і імкнецца да яе. “Мая душа вартуе вольных птушак крыкі” – яна сочыць за ўсім, што адбываецца навокал. Тут “крыкі” з’яўляюцца сігналам  аб небяспецы, ад якой лірычны герой хоча выратаваць усіх.

Учуўшы іх, страхне вялікі

Свой сон, шыбне ды вышай гор,–

Мая душа, як ястраб дзікі,

Што рвецца ў неба на прастор! [3, с. 223]

Верш напісаны чатырохстопным ямбам. Мае дзве рыфмы, пераплеценыя наступным чынам: абаа абаб. Чытаючы, мы можам заўважыць наступную адметнасць гукапісу: у кожным радку актыўна выкарыстоўваецца асаблівасць гука ш, што ў нейкай ступені надае своеадметнае ўспрыняцце верша. Аўтар быццам хацеў падкрэсліць гэтым таямнічасць, пэўны зговар праз такія з’явы як шоргат, шэпт.

Трыялет “Дзераўлянае яечка” напісаны харэем. Як і ўсталявана, верш мае дзве рыфмы: першыя чатыры радкі маюць апаясаную, а чатыры наступныя –перакрыжаваную. Назіраецца ярка выражаны асананс гука а:

Дзераўлянае яечка

Ты ўдаеш сабой зусім.

Адчыні яго, – а ў ім

Дзераўлянае яечка.

 

Гэтак сама чалавечка

Затаіўшы ў нетрах, тым

Дзераўлянае яечка

Ты ўдаеш сабой зусім. [3, с. 150]

  Аўтар зноў звяртаецца да філасофскай тэмы, якая ніколі не будзе вычарпана і раскрыта, бо ў ёй кожны пісьменнік знаходзіць для сябе нешта новае і нязведанае. Тамара Чабан звяртае нашу ўвагу на тое, што Кабаковіч аналізавала гэты трыялет і “добра паказала, як у самой замкнёнай форме трыялета выяўляецца “замкнёнасць”, інтымнасць суадносін маці і дзіцяці. Закрытасць – і адначасова чуйная ўражлівасць да ўсіх знешніх падзей, якія могуць паўплываць на дзіця, бо менавіта цяпер фарміруецца яго лёс. Адсюль – вера ў прымхі, прыкметы, прадказанні, страх злога вока і пракляцця”. [4, с. 210]

Напэўна таму і звяртаецца Максім Багдановіч да вобраза “дзераўлянага яечка”. І паказвае закрытасць і схаванасць зместу. А “дзераўлянае” па той прычыне, што яно моцнае і  здольнае абараніць.

Пытанням філасофіі прысвечаны і трыялет “Як птушка ў гібкіх трасноках”. Трыялеты філасофскай тэматыкі яскрава адлюстроўваюць глыбіню думкі аўтара.

Як птушка ў гібкіх трасніках,

Стралою думка мільганула

І зараз ж знікла, патанула,

Як птушка ў гібкіх трасніках [3, с. 139].

Раскрыццё філасофскай тэмы ставіць перад аўтарам шмат складанасцей, але ў той самы час прастора для “палёту” думкі неабмежаваная. Таму ў гэтым вершы неабходна адзначыць вельмі удалае параўнанне думкі з птушкаю, якое надае вершу магчымасць данесці да нас тое, што было задумана аўтарам. Паўторы вершаваных радкоў сапраўды завастраюць нашу ўвагу на асноўнай думцы. Багдановіч гаворыць нам аб тым, што думка, якая з’яўляецца ў чалавека, вельмі часта знікае “як птушка”: бясследна, недзе ў віхры іншых думак, спраў.  Але калі  яна нясе нешта важнае і значнае, то яна не знікне, а будзе прынята пад ўвагу.

Ды ўсё ж душа яе пачула

І ўжо пяе ў такіх славах:

“Як птушка ў гібкіх трасніках,

Стралою думка мільганула” [3, с. 139]

Паэт выкарыстаў прыём адухаўлення з дапамогай якога абстрактнаму паняццю надаецца здольнасць выконваць дзеянні: “думка мільганула, знікла, патанула”  Неабходна таксама адзначыць, што ў вершы прысутнічае асананс – паўтор галосных гукаў, у нашым выпадку, гука а. Гэты мастацкі прыём надае вершу эмацыянальнасць, а таксама ўзмацняе інтанацыйную выразнасць верша.

Хацелася б звярнуць увагу на трыялет, прысвечаны Сяргею Палуяну. Напэўна нездарма было сказана, што “пішучы апошні трыялет “С. Палуяну”, Максім Багдановіч ізноў уваскрашае багдановічаўскія-палуянаўскія вобразы: “Красу, і светласць, і прастор// шукаў…” Галоўнай прычынай трагедыі Максім Багдановіч лічыў адзіноту, бо добра ведаў, што гэта такое: сам усё жыццё быў адзінокім. Пісаў і пра сябе таксама, і сваю долю прадказаў”[5, с. 86]

Ты быў, як месяц, адзінокі:

Самотна жыў, самотна ўмёр.

Хоць свет і людны, і шырокі, –

Ты быў, як месяц, адзінокі. [3, с. 260]

 

У вершы аўтар звяртае нашу ўвагу на жыццё Палуяна, які ў вершы параўноўваецца з месяцам. Для тлумачэння, чаму ён выкарыстоўвае такое параўнанне, аўтар прыводзіць характарыстыку месяца: адзінокі, самотны, далёкі. Гэты прыём  дазваляе нам зразумець, што Палуян жыў адзін, далёка ад усіх, у сваім унутраным свеце. і памёр на самоце.

Паўтор вершаваных радкоў падкрэслівае асноўную думку, на якой аўтар хацеў засяродзіць нашу ўвагу.

Верш напісаны чатырохстопным ямбам, мае дзве рыфмы.

Красу, і светласць, і прастор

Шукаў – і, ад усіх далёкі,

Ты быў, як месяц, адзінокі:

Самотна жыў, самотна ўмёр. [3, с. 260]

Выкарыстана шмат прыметнікаў, якія надаюць трыялету яркую вобразнасць. Таксама характэрна выкарыстанне кантрасту: ідзе гаворка пра “людны і шырокі свет”, пра “красу, светласць, прастор” і ў той жа самы час жыццёвы шлях Палуяна апісваецца як “самотны, адзінокі”. Гэтым самым Багдановіч яшчэ больш падкрэслівае лёс гэтага чалавека і, у нейкай ступені, свой асабісты.

Заключэнне. З’яўленне жанру трыялету ў літаратуры было неабходнасцю эпохі. Дзякуючы Максіму Багдановічу гэта вершаваная форма прыйшла ў беларускую літаратуру і замацавалася ў ёй, і гэта спрыяла папаўненню літаратурнай спадчыны.У сваіх вершах Максім Багдановіч адлюстраваў многія праблемы, раскрыў шматлікія тэмы. Прааналізаваўшы яго трыялеты, нельга не адзначыць тое, што ўсе яны захоўваюць “цвёрдасць” формы. Аўтар не адступіўся ад замацаваных канонаў: трайны паўтор радка, наяўнасць дзвюх рыфмаў.

Не застаюцца па-за межамі ўвагі эпітэты, метафары і параўнанні, якія выкарыстоўвае аўтар. Усе гэтыя мастацкія сродкі ствараюць яскравыя, вобразныя карціны жыцця.

Кожны трыялет па-асобку – гэта выдатны, цэласны твор. Максіму Багдановічу ўдалося з дапамогай гэтай вершаванай формы раскрыць філасофскую, інтымную тэму, напісаць вершы-прысвячэнні.

 

Work is devoted to the analysis of triolets of M.Bogdanovich. Images and motives in verses, art means, subjects, a rhyme is studied. It is being studied attention  that he entered a triolet into the Belarusian literature and kept severity of a form.

Keywords: triolet, metaphor, epithet, the idea of the poem, the lyrical hero.

                                                                                                                                                  

 Спіс літаратуры:

1. Рагойша, В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Дапам / Вячаслаў Рагойша – Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. – 384 с.

2. Заяц, Н.В. Трыялет Максіма Багдановіча: новы змест традыцыйнай форма / Н.В.Заяц // Творчасць Максіма Багдановіча ў кантэксце сусветнай літаратуры: матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (да 120- годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча), Мінск, 26-26 лістап. 2011 г./ Ін-т мовы і літ. імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нац. Акадэміі навук Беларусі. – Мінск: Права і эканоміка, 2011. – 242 с.

3. Багдановіч, М. Поўны збор твораў. У 3 т. Т. 1. Вершы, паэмы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды/ М. Багдановіч. – Мн.: Навука і тэхніка, 1992. – 752 с.

4. Чабан, Т. Космас «Вянка» / Т.Чабан // Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Т.1. Вершы, паэмы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды. – Мінск: Навука і тэхніка, 1992. – с. 463-519.

5. Петрушкевіч, А. Некаторыя старонкі беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя: дапам./ А. М. Петрушкевіч; пад рэд. І. В. Жука. – Гродна: ГрДУ, 2010. – 155 с.

 

Навуковы кіраўнік – А.М. Петрушкевіч, кандыдат філалагічных навук,  дацэнт кафедры беларускай літаратуры.