1.7.5. Рэгіянальныя асаблівасці гаворак Гродзеншчыны
^ Вверх

1.7.5. Рэгіянальныя  асаблівасці гаворак Гродзеншчыны 

Уласцівасці буйных лінгвагеаграфічных груповак (дыялектаў, груп гаворак, дыялектных зон) вызначаюць адзінства, цэласнасць і сістэмнасць дыялектнай мовы Гродзеншчыны. Разам з тым існуе нямала спецыфічных мясцовых з’яў, пашыраных у межах сельсавета, раёна, некалькіх раёнаў. Адны з іх сустракаюцца толькі на Гродзеншчыне, другія – спарадычна і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Пакуль што яны недастаткова вывучаны. Маюцца нешматлікія даследаванні гаворак асобных раёнаў: Ваўкавыскага (Т.Ф.Сцяшковіч) [61], Зэльвенскага (П.У.Сцяцко) [56, с. 4–23; 46–54], Навагрудскага (І.Р.Бурлыка) [9], Мастоўскага (А.Р.Хромчанка) [69], Гродзенскага (М.А.Даніловіч) [13], [15].

Абапіраючыся пераважна на матэрыялы сваіх ўласных пошукаў, праведзеных ў апошняе дваццацігоддзе, паспрабуем паказаць найбольш яркія рэгіянальныя дыялектныя факты, многія з якіх тут будуць дэманстравацца ўпершыню. Звесткі пра тэрытарыяльныя межы некаторых з іх пакуль што няпоўныя, таму геаграфічная пашпартызацыя іх грунтуецца толькі на наяўным фактычным матэрыяле. Канчатковае вызначэнне дакладных межаў ці пунктаў бытавання іх патрабуе дадатковага палявога абследавання гаворак Гродзеншчыны.