1.3. Вывучэнне тапаніміі
Навуковы перыяд беларускай тапанімікі пачаўся ў кнацы ХІХ ст. Яго звязваюць з апублікаваннем артыкула А.А.Качубінскага «Тэрыторыя дагістарычнай Літвы» [29], у якім сцвярджаецца, што ў беларускай гідраніміі ёсць шмат балтыйскіх элементаў, і гэта даказвае, што радзіма старажытных балтаў займала значную частку сучаснай Беларусі.
У першым дзесяцігоддзі ХХ ст. асобныя пытанні тапаніміі Гродзеншчыны закраналі такія вучоныя, як Я.Ф.Карскі [27], Э.А.Вальтэр [10].
У пасляваенны перыяд праблемай тапаніміі стаў атыўна займацца В.А.Жучкевіч. Ён апублікаваў серыю кніг, у якіх разглядаюцца пытанні тапаніміі Беларусі, у тым ліку і тапаніміі Гродзеншчыны [20].
Асобныя звесткі пра тапанімію Гродзеншчыны можна знайсці ў кнігах І.Я.Яшкіна [76], В.В.Шура [72], В.П.Лемцюговай [31], А.М.Мезенкі [37], М.Л.Лыча [34], А.Ф.Рогалева [48] і інш.
Некаторыя артыкулы, у якіх паказана тапанімія Гродзеншчыны, змешчаны ў серыі зборнікаў пад назвай «Беларуская анамастыка», якія выходзілі ў розныя гады (1977, 1981, 1985, 1993). Так, у зборніку 1981 года ў мікраслоўнічку П.У.Сцяцко «З мікратапаніміі Зэльвеншчыны» [54] падаецца 168 найменняў, пераважна назваў урочышчаў, размешчаных непадалёку ад вёскі Грабава і суседніх вёсак, у артыкуле В.І.Марозава «Сляды вайны ў тапаніміі Гродзеншчыны» [35] сістэматызаваны і апісаны назвы населеных пунктаў, калгасаў, вуліц, дробных геаграфічных аб’ектаў, адпаведныя рэаліям ваеннага часу, у аснову якіх пакладзены, напрыклад, словы перамога, партызанскі, чырвонаармейскі. У зборніку 1992 года ў артыкуле пад назвай «З мікратапаніміі Панямоння» даецца каля 100 мікратапонімаў в. Морына і в. Крывічы Іўеўскага раёна і г.п. Мір Карэліцкага раёна, сабраных П.А.Міхайлавым у 1977 годзе [40].
Цікавым з’яўляецца артыкул А.Цыхуна «Тапанімія і гідранімія басейна ракі Свіслач», надрукаваны ў альманаху «Гарадзенскія запісы» [71]. У артыкуле падаюцца ўласныя геаграфічнывя назвы ваколіц ракі Свіслач, якая працякае па тэрыторыі Бераставіцкага, Свіслацкага і Гродзенскага раёнаў.
Мікратапаніміі вёскі Верцялішкі Гродзенскага раёна і яе ваколіц прысвечаны артыкул Ж.С.Сіплівені [50].
Спынімся падрабязней на асобных больш значных працах, якія непасрэдна ці часткова закранаюць тапанімію Гродзеншчыны.
У слоўнік «Мікратапанімія Беларусі» [38] увайшлі матэрыялы, сабраныя ў 1948–1972 гг. з розных тэрыторый Беларусі. Падрыхтаваны слоўнік Інстытутам мовазнаўства АН БССР. У зборы фактычнага матэрыялу да яго прымалі ўдзел супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства, аспіранты, выкладчыкі і студэнты педагагічных інстытутаў, настаўнікі, пісьменнікі. Слоўнік змяшчае больш за 9000 назваў. Найбольш пададзена мікратапанімія Гродзеншчыны, Брэстчыны і Міншчыны. Назвы размешчаны ў алфавітным парадку. Загаловачнае слова суправаджаецца паметамі, якія ўказваюць на граматычны род, або паметай мн., калі назва мае форму множнага ліку. Указваецца значэнне мікратапоніма, г.зн. называецца адпаведны прыродна-геаграфічны аб’ект (поле, сенажаць, паша, лес і інш.). Часам прыводзіцца спрошчанай транскрыпцыяй ілюстрацыйны сказ з паметай (інфарм.), запісаны ад мясцовых жыхароў. Кожны мікратапонім пашпартызуецца: даецца назва вёскі, раёна і вобласці, дзе сабраны матэрыял:
ГРАґЧЫКІ мн. лес. Там грачэ вяліся, ні было ні дной хвоі без гнязда (інфарм.). Вострава Маст. Гродз.
Да асобных мікратапонімаў, пераважна іншамоўнага паходжання, прыводзяцца паралелі з літоўскай, латышскай, прускай, нямецкай моў, а таксама апелятывы, ад якіх яны ўтвораны:
БУґКТА, ж. яма ў рэчцы, выбітая вадой. Бакшты Іўеў. Гродз.; параўн. польск. buchta , ням. Bucht, літ. Buktа назва балота, назва сенажаці, назва лесу (КЛГН), buktа яма ў рэчцы (СЛМ, І, 1145).
Слоўнік з’яўляецца каштоўнай асновай для навуковага аналізу мікратапонімаў, бо адлюстроўвае іх бытаванне на шырокай тэрыторыі, раскрывае семантычную варыянтнасць шмат якіх назваў або іх тыпалагічнае адзінства на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі, параўн.:
ГРАДАґ ж. поле. Бяліца Стаўбц. Мін.; сенажаць. Бастынь Лун. Брэсц., Ніўнае Стаўбц. Мін.; сенажаць. Там горкі заходзілі между болотом (інфарм.). Азарычы Пін. Брэсц., паша. Ніўнае Стаўбц. Мін.; балота. Бяліца Стаўбц. Мін.; лес. Навасёлкі Свісл. Гродз., Дзяніскавічы (751) Ганц. Брэсц., Вольдзікі Іўеў. Гродз., Малыя Аўцюкі Калінк. Гом.; вал за ўрочышчам. Малінаўка Малар. Брэсц.; урочышча. Добрае (702) Кобр. Брэсц., Сувіды (1023) Камар. Гом.; поле, падзеленае на градкі. Забалоцце Малар. Брэсц.
Важнай падзеяй у развіцці беларускай анамастыкі стала выданне ў 1974 г. «Кароткага тапанімічнага слоўніка Беларусі» В.А.Жучкевіча [гл. 20]. У слоўніку прыведзены назвы ўсіх гарадоў, гарадскіх пасёлкаў Беларусі і амаль усіх вёсак, якія з’яўляюцца цэнтрамі сельсаветаў і калгасаў, а таксама цікавыя назвы іншых вёсак. Адлюстравана таксама гідранімія: даюцца назвы рэк даўжынёй больш за 30 км і азёраў плошчай больш за 1 кв. км.
Слоўнік пабудаваны алфавітна-гнездавым спосабам, аднакаранёвыя назвы падаюцца ў адным слоўнікавым артыкуле.
Адна і тая назва можа сустракацца ў многіх гэгіёнах, але ў слоўнікавым артыкуле яна для прыкладу пашпартызуецца толькі двума-трыма раёнамі з такім разлікам, што тлумачальная частка артыкула аднолькава дастасоўваецца да аб’ектаў з такой назвай у розных мясцінах Беларусі. Распаўсюджанне найбольш тыповых назваў адлюстравана на лінгвістычных картах у канцы слоўніка.
Каштоўным з’яўляецца дадатак, дзе прыводзіцца спіс населеных пунктаў, перайменаваных у 1918–1973 гг. У спісе даюцца старая назва, год перайменавання, раён на час перайменавання, новая назва: Плятеничи – 1969 – Зельвенский – Червоное Село.
Галоўная вартасць слоўніка ў тым, што кожнае змешчанае ў ім найменне этымалагізуецца. Абапіраючыся на шырокія энцыклапедычныя крыніцы, выкарыстоўваючы глыбокія ўласныя веды, аўтар выказвае версіі пра паходжанне і ўтварэнне тапонімаў, аспрэчвае непераканальныя этымалагічныя тлумачэнні. Гэта можна ўбачыць на прыкладзе назвы Ліда:
Лиґда (Ліґда) – г., райцентр Гродненской обл. В ХІV-ХV вв. значится в том же написании. В “Списке городов дальних и ближних” числится в литовских городах (Спис.). Примерно к тому же времени относится запись: “… дал бы ему Лиду держати” (БелФ, стр. 89). Название происходит от балтийского термина lydimas – вырубка, близкого к термину ляда. Примерно такое же объяснение даётся в материалах ХVІ в.: “drzewo ma posieж lydymem” (АВАК, т. 25, стр. 91). То же объяснеие даёт и Й.Сташевский: «korczunek lesny» (St., стр. 164). Менее вероятна связь с литовским lydis – бег, течение. Название иногда ошибочно считают патронимическим якобы от какого-то имени Лида, хотя никакой связи с конкретным лицом никто указать не может. Само имя Лида (Лидия) появилось здесь несравненно позднее, чем название города. По имени города и р. Лидея.
Значнае месца ў развіцці не толькі беларускай, але і славянскай тапалексікаграфіі займае праца Я.Н.Рапановіча – слоўнікі назваў населеных пунктаў усіх абласцей Беларусі. Яго “Слоўнік назваў населеных пунктаў Гродзенскай вобласці” апублікаваны ў 1982 г. [47].
Для стварэння слоўніка былі выкарыстаны тры крыніцы. Першая – запісы, зробленыя аўтарам ад мясцовых жыхароў у 1947–1980 гг., другая – перапіска з мясцовымі карэспандэнтамі. Трэцяя – друкаваныя матэрыялы (карты, даведнікі, зборнікі законаў, спісы і інш.).
Слоўнік ахоплівае назвы ўсіх населеных пунктаў Гродзенскай вобласці. Агульная колькасць назваў – 4427, яны прыпадаюць на 5314 паселішчаў. Акрамя назваў, якія ёсць на сучаснай тэрыторыі вобласці, разглядаюцца таксама ўласныя абазначэнні зніклых паселішчаў: далучаных да гарадоў і пасёлкаў, сселеных, аб’яднаных з іншымі ці знічшаных у Айчынную вайну і пасля вайны не адноўленых.
Тып слоўніка – перакладны беларуска-рускі. У загалоўку слоўнікавага артыкула запісваецца паводле арфаграфічных норм сучаснай літаратурнай мовы беларускі айконім і яго пераклад на рускую мову. У тых выпадках, калі мясцовая народная назва не супадае з пісьмовай афіцыйнай, даюцца абедзве назвы, мясцовая падаецца ў дужках. Пры назве, запісанай па-беларуску, прыводзяцца граматычныя паметы, якія ўказваюць на формы роду, роднага і меснага склонаў айконіма. Скарачэннем мнл. пазначаюцца множналікавыя назоўнікі. Такія граматычныя паказчыкі дапамагаюць чытачу пазбягаць выкарыстання ненарматыўных у літаратурнай мове форм. Не менш важна і тое, што прыводзяцца беларускі і рускі прыметнікі, утвораныя ад айконіма. Напрыклад, пры назве Гожа даецца інфармацыя, што правільным будзе прыметнікавае ўтварэнне (насуперак пазалітаратурным гожаўскі, гожанскі, якія нярэдка сустракаюцца нават у афіцыйным маўленні).
Акрамя лінгвістычных, прыводзяцца таксама энцыклапедычныя звесткі. Паказваецца тып населенага пункта (вёска, хутар, горад і г.д.); указваецца год, з якога населены пункт стаў горадам, гарадскім ці рабочым пасёлкам; адзначаецца, цэнтрам чаго з’яўляецца населены пункт (вобласці, раёна, сельсавета); у якім сельсавеце і раёне, калгасе ці саўгасе знаходіцца.
У канцы слоўніка змешчана некалькі дадаткаў: у алфавітным парадку даюцца назвы раёнаў, пасялковых і сельскіх саветаў, калгасаў і саўгасаў. Раёны характарызуюцца наступным чынам: дата ўтварэння; плошча, цэнтр; адлегласць ад цэнтра да найбліжэйшай чыгуначнай станцыі ці раз’езда, да Гродна і да Мінска; колькасць пасялковых і сельскіх саветаў; агульная кольксць паселішчаў, у тым ліку колькасць паселішчаў асобных тыпаў (гарадоў, вёсак, засценкаў, хутароў і інш.). Пры характарыстыцы пасялковых і сельскіх Саветаў адзначаецца цэнтр, прыналежнасць да раёна, адлегласць ад цэнтра да найбліжэйшай чыгуначнай станцыі ці раз’езда і да раённага цэнтра, колькасць паселішчаў, калгасаў і саўгасаў.
Прайшло больш чым дваццаць гадоў, калі быў апублікаваны “Слоўнік назваў населеных пунктаў Гродзенскай вобласці” Я.Н.Рапановіча. Ён адыграў важную ролю ў сістэматызацыі ўласных найменняў, у замацаванні ва ўжытку іх нарматыўных варыянтаў. Аднак за апошнія два дзесяцігоддзі адбыліся шматлікія змены ў адмістрацыйна-тэрытарыяльным падзеле рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь, у рэестры назваў населеных пунктаў. Наспела патрэба стварэння нарматыўнага даведніка новага тыпу. Такі даведнік “Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць” [42] быў складзены і апублікаваны ў 2004 годзе выдавецтвам “Тэхналогія” ў Мінску. Яго аўтары – І.А.Гапоненка, В.П.Лемцюгова, Л.Л.Янушкевіч, С.А.Янушкевіч.
У прадмове чытач запэўніваецца, што слоўнік змяшчае ўсе наяўныя на 1 сакавіка 2004 года назвы населеных пунктаў Гродзенскай вобласці. Тут даюцца агульныя звесткі пра ўласныя найменні, пра іх сучасны стан. Аўтар прадмовы, вядомы беларускі тапаніміст доктар філалагічных навук В.П.Лемцюгова, пераканальна даводзіць, што многія ўласныя геаграфічныя абазначэнні маюць даўнюю гісторыю, сфарміраваліся на працягу стагоддзяў і з’яўляюцца важнай часткай нашай гістарычна-культурнай спадчыны. Як і іншыя творы чалавечага духу і чалавечых рук, яны заслугоўваюць надзейнай дзяржаўнай аховы.
За апошнія 400 гадоў розныя палітычныя працэсы прычынілі беларускай айканімічнай сістэме невымерную шкоду. Калі Вялікае Княства Літоўскае знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай, беларускія паселішчы сталі запісвацца на польскі лад, графічнымі сродкамі польскай мовы ў характэрным для яе фанетычным і марфалагічным афармленні. Калі ж беларускія землі далучылі да Расійскай імперыі, чыноўнікі сталі пісаць скажоныя польскай мовай назвы па-руску. Гэта прывяло да ўтварэння непажаданых варыянтаў, многія з якіх настолькі адышлі ад арыгінала, што страцілі з ім вонкавую сувязь і падабенства. У савецкі час існавала тэндэнцыя замацаваць рускамоўныя найменні. Значныя страты нанесла кампанія па перайменаванні, якая разгарнулася 60-я гады ХХ ст. Многія натуральныя назвы вёсак былі бяздумна заменены іншымі словамі, часта абсурднымі, якія нічога агульнага не маюць з беларускім менталітэтам і мовай, напрыклад: Чырвоны Пахар, Савецкая Морач (дыялектнае слова морач абазначае ‘цёмнае балота’), Залог Пяцілеткі, Пабедная, Трудавая, Акцябр, Дзвігацель, Луч.
Улічваючы ўсе гэтыя заганныя факты гісторыі, аўтары слоўніка імкнуліся абгрунтаваць у якасці нарматыўных традыцыйныя беларускія варыянты.
Даведнік ахоплівае 4416 населеных пунктаў Гродзеншчыны і складаецца з чатырох зместавых частак. У першай частцы даецца табліца адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак у межах вобласці, раёнаў, звесткі пра дату ўтварэння, плошчу, адлегласць ад цэнтра да найбліжэйшай чыгуначнай станцыі. Другая частка паказвае назвы ў межах раёнаў і сельсаветаў. У трэцяй частцы – варыянты, якія не рэкамендуюцца ў якасці афіцыйнай пісьмовай нормы, але пры жаданні мясцовых жыхароў і ўладаў могуць быць прызнаныя нарматыўнымі. Чацвёртая частка адлюстроўвае назвы страчаных населеных пунктаў, якія зніклі падчас апошняй сусветнай вайны, пры ўключэнні прыгарадных вёсак у склад гарадоў, ліквідацыі “неперспектыўных” вёсак, у працэсе перайменавання і інш.
Асноўнай з’яўляецца другая частка. У ёй падаюцца назвы ў межах кожнага раёна паасобку, пачынаючы ў алфавітнай паслядоўнасці з Астравецкага і заканчваючы Шчучынскім раёнам. Раёны падзяляюцца на сельсаветы, і ўказваюцца населеныя пункты кожнага сельсавета. Менавіта тут даецца непасрэдная слоўнікавая распрацоўка назваў. Спачатку называецца тып паселішча: хутар, вёска, гарадскі пасёлак і г. д. Затым прыводзіцца яго ўласная назва па-беларуску. Пасля ідуць граматычныя паказчыкі роду або ліку. Чытач, напрыклад, даведваецца, што Бабіна ніякага, Райста жаночага, Дзярэчын мужчынскага роду, а Борці ўжываецца толькі ў множным ліку. Добра, што абазначана месца націску, алюстраваны канчаткі найбольш ужывальных у пісьмовай практыцы склонаў – роднага, творнага, меснага: Запбшка ж. –кі, -кай і –каю, -шцы. Такая інфармацыя вельмі карысная для правільнага ўжывання слоў у вусным і пісьмовым маўленні.
Сёння пашыраюцца кантакты Беларусі з замежнымі краінамі. Беларускія геграфічныя назвы ўсё часцей трапляюць у сусветную пісьмовую інфармацыйную прастору, якая абслугоўваецца пераважна лацінскім алфавітам. Аўтары ўлічылі гэтую акалічнасць: у даведніку ўпершыню беларускія назвы запісаны яшчэ і лацінскім шрыфтам: Дайлідкі – Dajlidki, Кібы – Kiby, Рупейкі – Rupiejki.
Акрамя лацінапісных адпаведнікаў, прыводзяцца напісанні на рускай мове. Аўтары кіраваліся міжнароднымі правіламі стандартызацыі, паводле якіх уласныя абазначэнні геаграфічных аб’ектаў не перакладаюцца, а транслітаруюцца. Цалкам выключаецца перадача беларускіх тапанімічных адзінак па-руску праз літаральны пераклад тыпу Кастрычнік – Октябрь, Чырвоная Зорка – Красная Звезда. Такі пераклад недапушчальны, ён грубае парушэнне міжнародных стандартаў. Неабходна выкарыстоўваць транслітэрацыю, пры якой беларускія назвы без лексічнага перакладу запісваюцца згодна з арфаграфічнымі правіламі рускай мовы, з захаваннем характэрных беларускіх рысаў: Чырвонае Сяло – Червоное Село, Смаўжы – Смовжи, Вялікая Палонка – Великая Полонка.
У савецкі перыяд пераклады назваў практыкаваліся досыць шырока, і многія з іх захаваліся да нашага часу. Такія пераклады, а таксама іншыя няправільныя рускамоўныя напісанні ў дапаможніку пасля звестак па кожным раёне даюцца асобным спісам пад рубрыкай “Назвы, якія ўжываюцца да гэтага часу”. Зроблена гэта з мэтай, каб мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы звярнулі на іх увагу і па магчымасці ініцыявалі б пытанне пра іх замену нарматыўнымі беларускімі формамі.
Інфармацыйнасць даведніка ў значнай ступені павялічваюць прыведзеныя ў канцы яго тры алфавітныя спісы ўсіх населеных пунктаў Гродзенскай вобласці: на беларускай мове кірыліцай, на беларускай мове лацінкай і на рускай мове з указаннем адпаведных старонак, дзе можна знайсці інфармацыю пра іх у асноўнай частцы даведніка.
Выкажам некаторыя заўвагі і пажаданні да зместу слоўніка.
У прадмове сцвярджаецца, што ў даведнік уключаны ўсе назвы населеных пунктаў Гродзеншчыны. Але гэта не зусім так. Аналіз звестак толькі па некаторых сельсаветах засведчыў асобныя недапрацоўкі складальнікаў. Так, у пераліку вёсак і хутароў Навадворскага сельсавета Шчучынскага раёна адсутнічаюць наступныя назвы, хоць у папярэднім слоўніку Я.Н.Рапановіча яны значыліся: Гарачы Лес, Елі, Жабінка, Зубраўка, Ліпнікі, Лозкі, Прыдоўгае, Смуга, Сцежка. Падобныя недагляды можна знайсці і па іншых сельсаветах.
Патрабуе ўдакладнення і рубрыка, у якой прыводзяцца варыянты найменняў. У тым жа Навадворскім сельсавеце адну часку Берштаў называюць Бераставіца, другую – Косцевічы. Замест афіцыйнай назвы вёскі Падбершты, мясцовыя жыхары чаcцей кажуць па-ранейшаму – Гайдукі. Падобнае назіраецца і ў дачыненні да вёсак Арловая Гара – Будзькі, Прыдоўгае – Дарашкевічы, Жабінка – Зошчыныя. У Парэцкім сельсавеце Гродзенскага раёна Забалоцце выкарыстоўваецца толькі ў афіцыйных зносінах, а вяскоўцы ведаюць гэтае паселішча як Забалотнікі. Параўн. таксама паралельныя: Хамуты – Калёня, Глушнева – Лушнева, Салацце – Салаці, Дзертніца – Дзеркніца, Парэчча – Парэчы. Гэтая інфармацыя ў даведніку адсутнічае.
На наш погляд, складальнікі дарэмна абышлі ўвагай адтапонімныя прыметнікі тыпу бабінскі ад Бабіна, наварудскі ад Новая Руда, матывуючы гэта тым, што ў розных дыялектных сістэмах яны могуць утварацца па розных мадэлях, і трэба перш сабраць розныя прыметнікавыя варыянты, дасканала вывучыць і толькі тады ўключыць у слоўнік. Калі б такія прыметнікі былі пададзены, каэфіцыент карыснага дзеяння даведніка ўзрос бы намнога. Думаецца, нерашучасць аўтараў у гэтым пытанні залішняя. Да айконіма-назоўніка, які прапануецца ў якасці нарматыўнага, дасведчанаму лінгвісту няцяжка падабраць прыметнікавы адпаведнік, утвораны па мадэлі літаратурнай мовы. Тым больш што такая праца не новая. Падобную працэдуру ажыццявіў Я.Н.Рапановіч у “Слоўніку назваў населеных пунктаў Гродзенскай вобласці” яшчэ ў 1982 годзе. Аўтарам даведніка, думаецца, было б няцяжка з крытычным асэнсаваннем выкарыстаць напрацоўкі свайго папярэдніка, якія прайшлі апрабацыю і ў часе, і ў жывой практыцы.
І яшчэ адна заўвага. У рубрыцы “Страчаныя назвы” пералік зніклых вёсак варта было рабіць з канкрэтызацыяй месца, дзе, у якім сельсавеце яны знаходзіліся. Гэта важна для гісторыі.
Практычная значнасць і неабходнасць гэтага даведніка відавочная. Ён як паветра патрэбны прадстаўнікам органаў кіравання абласнога, гарадскога і раённага ўзроўняў, а таксама павінен стаць настольнай кнігай у кожным сельсавеце, школе, бібліятэцы. Ён узбагаціў бы асабістую бібліятэку кожнага, хто цікавіцца пытаннямі свайго краю.
Збор і сістэматызацыя тапанімічнага матэрыялу працягваецца. У 2005 г. апулікаваны “Анамастычны слоўнік Гродзеншчыны: Мікратапонімы” [2]. Слоўнік змяшчае каля 10,5 тысяч мікратапонімаў, сабраных студэнтамі і выкладчыкамі кафедры беларускай мовы і кафедры беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства ГрДУ. Словы даюцца ў алфавітным парадку ў спрошчанай транскрыпцыі з захаванннем рэгіянальных фанетычных асаблівасцей. Пасля рэестравага слова даюцца граматычныя паметы (м., ж., н., мн.). Да неаднаслоўных назваў тыпу ПАД ДУґБАМ паметы не прыводзяцца. Паказваецца прыродна-геаграфічны аб’ект, названы мікратапонімам (урочышча, поле, сенажаць, лес, ручай і інш.). Кожны мікратапонім пашпартызуецца: указваецца назва вёскі і раёна, дзе зроблены запіс. Варыянты назвы падаюццаў дужках пасля загаловачнага слова:
АЛЬТАґНА (АЛЬТАґНКА) ж. Сажалка. Пагародна Воран.
Слоўнік паказвае намінацыйную разнапланавасць адной і той жа назвы, яе геаграфічнае пашырэнне. Нярэдка прапануецца сціслая этымалагічная даведка, якая ўказвае на матывацыйную аснову мікратапоніма:
АЛЬШЫНАґ ж. Балота. Дуброўшчына Дзятл., Пладовая Маст., Церахавічы, Каліноўская, Навасёлкі Свісл.; Крыніца. Мілашэвічы Слонім.; Кустоўе. Духаўляны, Ендрыхаўцы Ваўк., Галынка Бераст., Забагонне Зэльв.; Лес (у ім пераважаюць вольхі). Рагавічы Шчуч., Казіміраўка, Асаўляны Маст.; Частка ракі (па берагах яе растуць вольхі). Дабрасельцы Зэльв.; Луг. Сушышкі Воран., Казіміраўка Гродз.
Тэарэтычнаму вывучэнню айконімаў Гродзеншчыны прысвечана кандыдацкая дысертацыя С.А.Янушкевіча “Уласныя назвы паселішчаў заходняй Гродзеншчыны” (Гродна, 1998). Як сведчыць аўтарэферат дысертацыі [75], матэрыялам даследавання паслужылі 674 уласныя назвы паселішчаў і каля 3000 варыянтаў гэтых назваў з трох памежных з Польшчай раёнаў Гродзенскай вобласці: Гродзенскага, Бераставіцкага і Свіслацкага. У першай частцы дысертацыі разглядаюцца лексічна-семантычныя тыпы айконімаў, фарміраванне іх на базе апелятыўнай, тапанімічнай і антрапанімічнай лексікі. Даюцца шматлікія этымалагічныя звесткі пра назвы канкрэтных населеных пунктаў. Так, чытач з цікавасцю даведваецца, што айконім Адэльск паходзіць ад назвы ракі Одла, Салацце – ад назвы возера Салата, Брузгі – ад імені-мянушкі Брузго. У другой частцы дысертацыі даецца структурна-граматычная характарыстыка айконімаў, аналізуюцца спосабы ўтварэння простых і складаных назваў. Трэцяя частка “Унутрысістэмныя і міжсістэмныя трансфармацыі айконімаў” прысвечана вывучэнню працэсаў трансфармацыі айконімаў, заканамернасцей іх гістарычнага змянення ў айканімічнай сістэме Гродзеншчыны і памежнай паўднёва-ўсходняй частцы Беласточчыны. Дысетрацыя С.А.Янушкевіча характарызуецца дакладнасцю навуковых звестак. Класіфікацыя айконімаў на групы і падгрупы суправаджаецца падлікамі і колькаснымі паказчыкамі.
Пытаннямі тапаніміі беларуска-польскага памежжа займаюцца і польскія даследчыкі. У 1992 г. у Варшаве выдадзены двухтомны слоўнік тапанімічных назваў паўночна-ўсходняй Польшчы [80], а ў 1995 – індэксавы дадатак да яго [79], у якіх адлюстравана тапанімія Беласточчыны і Сувальшчыны.
Вывучэнню беларускай тапаніміі прысвяціў шэраг прац польскі мовазнавец, даследчык гаворак беларуска-польскага памежжа М.Кандрацюк. У манаграфіі “Мясцовыя назвы паўднёва-ўсходняй Беласточчыны” (Вроцлаў, 1974) ён прааналізаваў каля 1700 айконімаў Беласточчыны. У манаграфіі “Балтыйскія элементы ў тапаніміі і мікратапаніміі Беластоцкага рэгіёна” (Вроцлаў, 1985) вырашаецца праблема ўплыву балтыйскіх моў на беларускую тапанімію Беласточчыны [гл. 3, с. 248].