1.1. ЗБІРАННЕ І СЛОЎНІКАВАЕ АПІСАННЕ ЛЕКСІКІ
^ Вверх

1.1. ЗБІРАННЕ І СЛОЎНІКАВАЕ АПІСАННЕ ЛЕКСІКІ 

У першай палове ХХ ст. палітычныя абставіны не спрыялі развіццю беларускай лінгвістычнай навукі і, у прыватнасці, вывучэнню гаворак Гродзеншчыны. Войны, рэвалюцыі ставілі перад грамадствам на першы план іншыя задачы. Толькі ў 20-я гады ў БССР вялася актыўная праца па вывучэнні рэгіянальнай лексікі і стварэнні абласных слоўнікаў, але ў Заходняй Беларусі, якая тады знаходзілася ў складзе Польшчы,  гэтага не было ў сувязі з палітыкай паланізацыі краю.

Актывізацыя лексікаграфічнай працы на Гродзеншчыне пачынаецца ў 50-я гады, што звязана з агульнай тэндэнцыяй развіцця дыялектнай лексікаграфіі ў Беларусі. Гэтаму ўдзялялася ўвага з боку дзяржаўных навуковых устаноў. У 1955 г. адбылася рэспублікансакая дыялекталагічная нарада, на якой прынята праграма па рэгіянальнай беларускай лексікаграфіі, распрацаваная ў сектары дыялекталогіі Інстытута мовазнаўства АН БССР. Арганізацыйнымі цэнтрамі слоўнікавай працы вызначаны кафедры беларускай мовы ВНУ. Створана Інструкцыя па збіранні матэрыялаў для складання абласных слоўнікаў у трох выпусках [23], дзякуючы якой мэтанакіравана пачала даследавацца лексіка пэўных рэгіёнаў.

Першым лексічным слоўнікам гаворак Гродзеншчыны можна лічыць дадатак у манаграфіі Т.Ф.Сцяшковіч «Гаворкі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці Беларускай ССР» [61]. Слоўнік адносна невялікі – больш за 1 тысячу слоў. Аўтар ставіла задачу даць толькі ілюстрацыю слоўнікавага складу гаворак Ваўкавышчыны. Перавага аддадзена словам малавядомым ці невядомым у літаратурнай мове, а таксама новым словам, якія ўвайшлі ў слоўнік гаворак пасля ўз’яднання заходніх абласцей Беларусі ў адзіную рэспубліку: выхват ‘чапяла’, горба ‘куча’, дзепутат ‘дэпутат’, забраня ‘сход’.

У 1970 г. апублікаваны «Дыялектны слоўнік» П.У.Сцяцко [53]. Гэта слоўнік дыферэнцыйны, у яго уключаны словы, якія на той час не былі ўласцівы літаратурнай мове. Аб’ём слоўніка – 2500 лексічных адзінак, сабраных у 16 населеных пунктах Зэльвенскага раёна (другое, дапоўненае, выданне слоўніка (каля 3000 адзінак) датуецца 2005 годам  [60]).

Слоўнік змяшчае дыялектызмы розных тыпаў, сярод якіх самымі шматлікімі з’яўляюцца ўласналексічныя – адрозніваюцца ад суадноснага літаратурнага адпаведніка каранёвай марфемай або зусім не маюць літаратурнага адпаведніка (этнаграфічныя дыялектызмы). Яны належаць да шматлікіх тэматычных груп, сярод якіх найбольш тыповыя наступныя:

– назвы гаспадарчых пабудоў і іх частак: пацёс – столь, стэпцы – сходы на ганку, чапільня – страха на слупах, пад якой захоўваецца сена;

– назвы транспартных сродкаў і іх частак: драпчак – від брычкі, крывулі – павозка для вывазу лесу, люшня – падпорка ў возе (ад восі да ручкі);

        – назвы посуду, мэблі і іншых гаспадарчых прылад: козуб – кубачак з асінавай кары для ягад, баса – вялікая кадушка на сечку і збожжа, галька – сподняя спадніца з карункамі ўнізе;

– назы страў і харчовых прадуктаў: ламанцы – печыва з пшанічнай мукі накшталт пячэння, салёнікі – бульба, звараная ачышчанай, адваронікі – бульба, звараная ў «мундзірах».

Нямала ў слоўніку лексем, якія гучаннем супадаюць з літаратурнымі словамі, але маюць іншае значэнне: звон – частка драўлянага вобада ў коле воза, ліхі – левы, адваротны бок тканіны або адзення, дубальтоўка – вялікая суконная хустка.

Значную групу складаюць словы, якія супадаюць з літаратурнымі адпаведнікамі коранем, але адрозніваюцца суфіксамі і прыстаўкамі: вясняны – вясновы, пялюшка – пялёнка, замежак – узмежак.

Падаюцца таксама словы з нерэгулярнымі фанетычнымі асаблівасцямі: егдзіць – ездзіць, клусты – тлусты, клыбаць – клыпаць.

У слоўнік трапіла нямала запазычаных слоў, актыўна ўжывальных у гаворках Зэльвеншчыны. Сярод іх найбольш паланізмаў – каля 150 адзінак: дэнтка – камера веласіпеда, цвічыць – муштраваць, адукоўваць, ясёнка – дэмісезоннае паліто. Сустракаюцца таксама русізмы: бясстыднік – бессаромнік, дасада – прыкрасць, скварэчніца – шпакоўня.

Шэраг слоў можна аднесці да «гаваркіх», вобразна-яркіх, арыгінальных, якія ўпрыгожваюць лексічны склад гаворак і беларускай мовы ў цэлым: высцежыцца – накіравацца, выправіцца ў дарогу, выдзірак – першы раз апрацаванае поле, занядзеляваць – застацца на нядзелю.

Наступным крокам у развіцці лексікаграфіі Гродзеншчыны сталі слоўнікі, якія ахопліваюць значна большую лінгвагеаграфічную тэрыторыю. У 1972 г. апублікаваны «Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці» Т.Ф.Сцяшковіч [62]. Слоўнік змяшчае каля 10000 слоў, сабраных на працягу двух дзесяцігоддзяў ва ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці. Праца набліжаецца да адносна поўнага тыпу слоўніка, паколькі ўключае ў сябе словы і агульнанародныя, і рэгіянальныя. Напрыклад, побач з мясцовымі словамі падаюцца такія агульнапашыраныя адзінкі, як вада, бяроза, дождж, дом, лес, хлеб, яма. Мэтазгоднасць слоўніка такога тыпу абгрунтоўваецца тым, што ён «дасць больш-менш дакладнае ўяўленне аб лексічных асаблівасцях аднаго з асноўных дыялектаў беларускай мовы, дазволіць у больш шырокім плане выявіць дыялектную дыферэнцыяцыю лексікі і будзе адпавядаць задачам вывучэння складаных узаемаадносін літаратурнай мовы і дыялектаў на лексічным узроўні» [62, с. 3]. Недыферэнцыйны падбор фактычнага матэрыялу садзейнічаў уключэнню ў слоўнік лексем рознай якасці: старых (дзевятнік), новых (сельсавет, камсамол, цілівізар), запазычаных з суседніх моў (блэнд, гвязда, дзагарак, нажачоны, танчыць).

Акрамя асноўнай, лексічнай, часткі, у слоўніку змешчаны дадатак, у які ўключана больш за 1400 прыказак, прымавак, фразеалагізмаў.

Хоць праца Т.Ф.Сцяшковіч значнага аб’ёму, але яна адлюстроўвае толькі частку лексічнага складу гаворак. Невыпадкова загаловак яе фармулюецца як матэрыялы да слоўніка. Аўтарка і надалей працягвала актыўна даследаваць лексічныя рэсурсы паўночна-заходняга рэгіёну Беларусі. Вынікам яе нястомнай збіральніцкай дзейнасці стаў «Слоўнік Гродзенскай вобласці» [64], які ўключае ў сябе каля 8000 лексічных слоўнікавых артыкулаў. Пры ўкладанні слоўніка даследчыца пайшла па шляху дыферэнцыяцыі фактычнага матэрыялу. За межамі яго аказалася агульнанародная лексіка, нарматыўная ў літаратурнай мове. Аб’ектам увагі сталі толькі лексічныя дыялектызмы розных тыпаў. Упершыню ў навуковы ўжытак уведзена шмат новых слоў і выразаў: артоліс – араты, гусёлка – даглядчыца гусей, кляцва – журавіны, буслова рэпа – раска.

У слоўніку нямала старажытных слоў, якія зафіксаваны ў помніках старабеларускага пісьменства: гатавізна – грошы (плата за зямлю), мацярызна – спадчына па маці, бацькавізна – спадчына па бацьку.

Парадак будовы слоўнікавых артыкулаў традыцыйны: загаловачнае слова, граматычныя і стылістычныя паметы, тлумачэнне значэння, ілюстрацыйны матэрыял, пашпартызацыя. Новым можна лічыць тое, што ў адным артыкуле (хоць і непаслядоўна) даюцца разам лексічныя варыянты: абувакі, абуванне – абутак, курчанё, курчо, курчук – кураня, фасалявене, фасоліска, фасольнік – сцяблы фасолі.

«Слоўнік Гродзенскай вобласці» нельга назваць чыста лексічным, бо ў ім распрацоўваюцца яшчэ і іншыя адзінкі: пад агульным загалоўкам «Народная фразеалогія» даюцца раздзелы «Фразеалагізмы», «Прыказкі і прымаўкі», «Загадкі».

Абодва слоўнікі Т.Ф.Сцяшковіч – вялікі ўклад у распрацоўку беларускай рэгіянальнай лексікаграфіі. Яны з дастатковай паўнатой адлюстроўваюць аснову, ядро лексікі гаворак Гродзеншчыны і маюць важнае значэнне для лінгвістыкі.

У 70–80-х гадах акрэслілася тэндэнцыя да стварэння адносна поўных  слоўнікаў пэўных рэгіёнаў. Выйшлі ў свет пяцітомныя «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» [51] і «Тураўскі слоўнік» [66]. Першае з названых выданняў, падрыхтавана калектыўнымі намаганнямі беларускіх, літоўскіх і польскіх даследчыкаў, уключае ў сябе матэрыял вялікага арэала паўночна-заходняй дыялектнай зоны беларускіх гаворак, якія выходзяць і за межы Беларусі на тэрыторыю Польшчы, Літвы, Латвіі. Гродзеншчына ў гэтую зону ўваходзіць цалкам, таму ў слоўніку знайшлі сваё месца словы з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці. Ён «самы багаты па колькасці растлумачаных у ім рэестравых лексічных адзінак з усіх апублікаваных да гэтага часу беларускіх дыялектных слоўнікаў» [30, с. 73]. Аб’ём слоўніка – 38000 адзінак.

Укладальнікі слоўніка адмовіліся ад прынцыпу дыферэнцыйнасці, паколькі гэты прынцып «супярэчыць сістэмнаму характару дыялектнай лексікі» [36, с. 9]. Тут распрацаваны агульнанародныя і рэгіянальныя словы актыўнага і пасіўнага ўжытку, прыналежныя да самых розных тэматычных пластоў лексікі. Вельмі шырока пададзена народная тэрміналогія, фразеалагізмы, прыказкі, іншыя ўстойлівыя спалучэнні.

Фанетычныя, акцэнтныя, марфалагічныя, часам словаўтваральныя варыянты групуюцца ў адным слоўнікавым артыкуле, што дазваляе бачыць іх адметнасць ў абследаваных рэгіёнах, напрыклад:

багульнік, багуднік, багоўнік;

бурбалкі, бурбалткі, бурбалькі, бурболкі, бурбулкі;

гадзюка, гадзюга, гадюка, гадзюк.

Даецца разгорнутая семантычная характарыстыка слова, раскрываюцца яго прамыя і пераносныя значэнні і адценні значэнняў, паказваюцца аманімічныя адносіны.

 Запазычанні з польскай, балтыйскіх і іншых моў параўноўваюцца з іх этымонамі ў мове-крыніцы:

БОМБАЛЬ м. Пухір. Бомбаль выскачыць на пяце, як націснеш абуям ці апарыш. Мсцібава Ваўк.; параўн. літ. bumbulas ‘тж’.

Багатым з’яўляецца ілюстрацыйны матэрыял, які выступае не толькі ўзорам выкарыстання слова, але часта ўтрымлівае каштоўныя этнаграфічныя звесткі. Параўн. прыклады да слоў поліўка і смык ‘прымітыўная барана’: Хлеп пячэш, бярэш рошчыну, заліваяш вадою з грыбамі, туды лісток цыбулі і варыш – гэта поліўка. Жодзішкі Смарг.; Смык рабілі так: рашчэпіць ёлку сукаватую, чатыры палавінкі нада збіць, запрэхчы каня і пацягаць. Граўжышкі Ашм.

«Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» можна расцэньваць не толькі як важнае дасягненне лінгвістыкі, але і як значны набытак беларускай культуры ў цэлым.

У пачатку 80-х гадоў кафедра беларускай мовы Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы па прапанове Інстытута мовазнаўства АН БССР акрэсліла тэму навуковага даследавання «Слоўнік навагрудскіх гаворак Гродзенскай вобласці». У задачу даследавання ўваходзіла шырокае экспедыцыйнае вывучэнне гаворак асноўных населеных пунктаў Навагрудскага раёна і сумежных з ім тэрыторый Карэліцкага і Дзятлаўскага раёнаў. На аснове сабранага матэрыялу планавалася стварыць адносна поўны слоўнік гаворак Навагрудчыны [17].

Тэрыторыя Навагрудчыны выбрана невыпадкова. Навагрудак – старажытны ўсходнеславянскі горад. У Іпацьеўскім летапісе ён упамінаецца пад 1252 г., а першае пасяленне на яго месцы ўзнікла ў канцы Х ст. Багатая гісторыя Навагрудка знайшла свой адбітак у фарміраванні і развіцці этнадыялектнага аблічча гэтага рэгіёна.

Даследаванне навагрудскіх гаворак распачата ў 1983 г. На працягу дзесяці гадоў кожнае лета ў пэўныя населеныя пункты прыязджалі выкладчыкі і студэнты універсітэта для збору дыялектнага матэрыялу. Былі вывучаны гаворкі такіх вёсак, як Нягневічы, Харосіца, Роскаш, Купіск, Кашалёва, Вераскава, Валеўка, Ятра, Ваўкавічы, Гарадзечна, Гнесічы, Зенявічы, Уселюб, Ацмінава, Шчорсы, Гаравічы, Брольнікі і інш.

Збіральніцкая праца не абмяжоўвалася толькі складаннем картатэкі Навагрудчыны. Паралельна працягвалася далейшае папаўненне яшчэ раней заснаванай картатэкі гаворак Гродзенскай вобласці.

На пэўным этапе абставіны вымусілі працу над слоўнікам Навагрудчыны часова прыпыніць і з большай увагай заняцца картатэкай Гродзеншчыны. Папярэдні агляд яе паказаў, што з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці сабрана шмат новага арыгінальнага матэрыялу, які заслугоўвае лексікаграфічнай апрацоўкі і апублікавання ў выглядзе слоўніка. Непазбежна ўзнікла пытанне пра тып слоўніка. Паколькі асноўны лексічны склад  гаворак Гродзеншчыны ўжо зафіксаваны ў слоўніках П.У.Сцяцко і Т.Ф.Сцяшковіч, было вырашана спыніцца на тыпе дыферэнцыйнага слоўніка. Пры яго ўкладанні праводзілася двайная дыферэнцыяцыя фактычнага матэрыялу. Спачатку выбракоўваліся словы, вядомыя літаратурнай мове. Затым адсейваліся лексічныя адзінкі, ужо зафіксаваныя ў папярэдніх слоўніках Гродзеншчыны. Такім чынам, аб’ектам лексікаграфічнай распрацоўкі сталі толькі тыя дыялектызмы, якія адсутнічаюць у ранейшых лексікаграфічных выданнях з гаворак Гродзеншчыны або семантычна не супадаюць з адпаведнымі лексемамі, змешчанымі ў папярэдніх публікацыях.

Складаннем слоўніка займаўся калектыў выкладчыкаў кафедры беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства ГрДУ. Выдадзены «Слоўнік рэгіянальнай лексікі Гродзеншчыны» ў 1999 годзе [52]. У ім змешчана 2020 рэестравых адзінак, якія належаць да розных тэматычных пластоў лексікі. Адметнасць слоўніку надае пераважная колькасць слоў з эмацыйна-экспрэсіўнай афарбоўкай. Гэта ў многім звязана з прынцыпам адбору фактычнага матэрыялу. Як ужо адзначалася, адсейвалася тое, што ёсць у папярэдніх слоўніках. А там многа намінацыйных адзінак, якія збіральніку найперш кідаюцца ў вочы, бо, можна сказаць, ляжаць на паверхні гаворкі. Для «Слоўніка рэгіянальнай лексікі Гродзеншчыны» засталося тое, што не было заўважана папярэднікамі. Гэта ў многіх выпадках эмацыйна афарбаваныя словы, якія часта вузкарэгіянальныя. Выкарыстоўваюцца такія словы для характарыстыкі разнастайных якасцей асобы, напрыклад фізічнага стану: звіхнік – чалавек, у якога вывіхнута нага, клюкач – насаты чалавек, насаль, штэльба – кульгавая жанчына; знешняга выгляду: вылупак – зяркаты чалавек, спірдон – мужчына малога росту, стамболь – мужчына высокага росту; прафесійных і разумовых здольнасцей: абламоха – няўмека, лабідуда – неразумны чалавек, павалечына – марудны; грамадскіх паводзін: выдзір – сварлівы мужчына, з’ядуха – сварлівая жанчына, катламыйніца – жанчына, якая любіць абгаворваць іншых.

Многія характарыстычныя словы можна аб’яднаць ў прадстаўнічыя сінанімічныя рады. Так, са значэннем ‘неахайны чалавек (мужчына або жанчына)’ у слоўніку падаюцца такія словы: аблэхач, галах, галуза, грамзоля, загілда, калмыга, калпекша, калэмша, кацман, качалэха, кулёма, кучма, лабайда, лахамэйжа, лытман, мэгда, расамаха, растармэха, растрапэйла, рахэля, салоха, сарма, хоўра, швэпля і інш.

У слоўніку таксама нямала агульнаўжывальных слоў, якія ў гаворках Гродзеншчыны пашырылі сваю семантыку і выкарыстоўваюцца яшчэ з іншым, дыялектным, значэннем: борух – нязграбны мужчына, бубен – галава, бязмен –  някемлівы, нездагадлівы чалавек, вецер – ветраны, непастаянны чалавек, дзік – дзікун, дзіклівы чалавек, заварат – гультай, зыркі – гарачы, страсны, палкі хто-н., кідкі – жвавы.

Многія словы з’яўляюцца назвамі мясцовых прадметаў і з’яў і таму не маюць у літаратурнай мове лексічных адпаведнікаў. Для прыкладу можна назваць наступныя этнаграфічныя дыялектызмы: бухты – воз для перавозкі сена, забойня – вялікая кадушка ці скрыня пудоў на 100, плавун – кошык для лоўлі рыбы, судзенік – вялікі плецены кош з накрыўкай, у якім захоўваюць мяса, каўбасы.

Слоўнік высока ацэнены ў друку. Матэрыялы яго «не проста адлюстроўваюць невычэрпнае лексічнае багацце роднай мовы, яе самабытнасць, старажытнасць і непаўторнасць. Яны даюць лінгвістам выключна каштоўны матэрыял для разнастайных фанетыка-граматычных даследаванняў унутранай структуры беларускай дыялектнай мовы» [39, с. 306]; «Думаецца, добры прыклад гарадзенцаў актывізуе выкладчыкаў беларускамоўных кафедраў іншых ВНУ Беларусі да падобнай працы, каб папоўніць нашу агульнанацыянальную лексічную скарбонку новымі залацінкамі роднай мовы з розных куткоў нашай любай Бацькаўшчыны» [39, с. 308].

Слоўнікам, які адлюстроўвае лексіку аднаго адміністрацыйнага раёна, стала кніга А.П.Цыхуна «Скарбы народнай мовы», выдадзеная Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы ў 1993 годзе [17]. Матэрыялы да яго аўтар пачаў збіраць яшчэ ў 1939–1940 гадах, але асноўная частка была запісана ў пасляваенны час на тэрыторыі сучаснага Гродзенскага раёна. Змест кнігі складаюць рэгіянальная лексіка (да 10 тысяч лексем), каля 1 тысячы ўстойлівых выслоўяў, а таксама назвы населеных пунктаў і мікратапонімы Гродзенскага раёна.

У слоўнік уключаны лексемы, што адсутнічаюць у літаратурнай мове або адрозніваюцца ад літаратурных формай ці значэннем. Такі прынцып укладання дазволіў сабраць разам многа арыгінальных, часта малавядомых дыялектызмаў. Сярод іх шмат вобразных, гаваркіх і экспрэсіўна афарбаваных адзінак, нарыклад: аблахманіцца – абадрацца, знасіць вопратку, жалопкаць – прагна піць, скудлаваць – замучыць, затармасіць, сухавейка – бяссмертнік, цветабой – пара цвіцення раслін.

 Большасць лексем, што знайшлі месца ў слоўніку, маюць адпаведнікі ў літаратурнай мове і нярэдка выглядаюць больш прывабнымі, чым літаратурныя: абойчык – ключыца, селька – мансарда, зімагор – бабыль, слухаўкі – навушнікі.

 Лексіку нацыянальнай мовы ўзбагачаюць словы, для якіх няма ў літаратурнай мове эквівалентаў. Гэта дэталізаваныя назвы прадметаў, з’яў, а таксама этнаграфічныя дыялектызмы – словы, што называюць мясцовыя прадметы, бытаванне якіх абмежавана пэўнай тэрыторыяй: боўт – шост, якім наганяюць рыбу, вымаклі – пасевы, якія загінулі ад празмернай вільгаці, зліпак – хлеб з клейкім мякішам, злядаваць – пакласці на воз бервяно пры дапамозе ляды, зубаць – правяраць яйка на моц лёгкім пастукваннем аб зубы, крышыны – астаткі ў дзежцы пасля хлебнага квасу, ляваш – далёкія ад сядзібы палеткі ворнай зямлі, на якія не далі гною, скляпіцца – пакрыцца тонкім лядком, брылік – посуд, сплецены з саломы і лазы для вымярэння і рассявання збожжа, калач – круглая палка, падвешаная на шыю карове, якая б’е па нагах і не дае хутка бегаць.

Шырока пададзена ў слоўніку спецыяльная лексіка, звязаная з народнай гаспадаркай, прафесіямі, рознымі галінамі ведаў, напрыклад батанікай: дзевяціранка, жыватабольнік, сухадрэўка, заалогіяй: аціца, ведзьма, дзяргаўка, крумкі, медыцынай: завалкі, задратаваць, астраноміяй: воз, сіцечка, кулінарыяй: лазанкі, кваснік, сампорык, сталяркай, бандаркай: закладнік, дупёлка, задзёрыч, ткацтвам, прадзівам, шыццём: кабылка, стрыца, стаўбуноўка, плытагонствам: згон, гарно,  цаль і інш.

З асаблівай увагай А.П.Цыхун ставіцца да абрадавай лексікі – назваў святаў, гульняў, забаваў, забабонаў і да т. п. Пры тлумачэнні яе часам выходзіць за межы чыста лінгвістычных стэрэатыпаў, уносіць у дэфініцыю элементы энцыклапедычнага апісання:

Адбіяна, ж. Звычай у час танцаў: хлопец падыходзіць да пары танцораў, пляскае ў далоні, кажучы «Адбіяна»; танцор павінен быў затрымацца і аддаць сваю партнёрку, а сам выйсці з кола (быў пашыраны да 1939 года і з’яўляўся прычынай для абразы і боек).

Незвычайнасць слоўніка ў тым, што ён ствараўся на працягу доўгага часу – паўстагоддзя. Шмат якія словы, запісаныя ў мінулым, сёння ў гаворках выкарыстоўваюцца пасіўна, а некаторыя цалкам выйшлі з ужытку. Дзякуючы працы А.П.Цыхуна, яны не згубіліся ў стыхіі часу, дайшлі да нас у выглядзе лексічных помнікаў: залёга – не выплачаны ў тэрмін падатак, каток – узятае без дазволу гаспадара збожжа, квэстар – жабрак, які хадзіў па людзях з бібліяй, комшч – звязак анучаў, якім у курнай хаце затыкалі адтуліны для дыму, устэрня – вялікі будынак у панскім маёнтку, у якім жылі парабкі, цукернік – прадавец цукерак.

У слоўніку  нямала запазычанняў з іншых моў, пераважна з польскай, нямецкай, яўрэйскай, літоўскай: адвэнт – вялікі пост у католікаў перад калядамі, гнэмбіць – мучыць, катаваць, здзекавацца, кольчыкі – завушніцы, гельд – грошы,  фах – спецыяльнасць, прафесія, хала – здобная булка, якую пяклі яўрэі на свята.

Ілюстрацыйная частка слоўніка паказвае жыццё слова ў кантэксце, у стыхіі народнай гаворкі з яе спецыфічна-непаўторным сінтаксісам, фанетычнымі і граматычнымі адметнасцямі. Аўтар слоўніка імкнуўся падабраць з ліку запісаных такія сказы, якія не толькі ілюструюць сэнс і ўжываннне слова, але і раскрываюць асаблівасці маралі, быту, матэрыяльнай і духоўнай культуры мясцовага насельніцтва. Некалькі ілюстрацыйных прыкладаў: Калі не дасі сляпому жабраку, та табе самой земкачэ [вочы] выпра; Наш тато заўсёды аходжваўсо да цямна, а вечарам плёў кошыкі, альбо вязаў волак. Многія з іх аздоблены прыказкамі, фразеалагізмамі, загадкамі, народнымі прыкметамі, урыўкамі песень: Хлеп, як ляпняк, але, як кажуць, хлеп ні нявеста, які ўдоўсо, такі і з’есца; Гэ, гэты чалавек пражыў свой век крэнтам-бэнтам, хіба ш што ён рабіў?

Слоўнік А.П.Цыхуна «Скарбы народнай мовы», створаны не вучоным, а краязнаўцам-аматарам, адзін з найлепшых у беларускай дыялектнай лексікаграфіі. Пра гэта пісалася ў беларускім друку [14]. Стварэнне слоўніка Ніл Гілевіч ахарактарызаваў як «навуковы і патрыятычны подзвіг настаўніка» [11].

 Прыкметную ролю ў развіцці дыялектнай лексікаграфіі Гродзеншчыны адыгралі асобныя падборкі мясцовых слоў, апублікаваныя ў дыялекталагічных зборніках. Паачынаючы з 1975 г., Інстытут мовазнаўства НАН Беларусі падрыхтаваў і выдаў сем такіх зборнікаў [22]. Гэтыя працы вызначаюцца высокім навуковым узроўнем, таму што большасць аўтараў (пераважна навукоўцаў, радзей – студэнтаў ці аматараў слова) далі апісаннне лексікі сваёй роднай гаворкі, якую ведаюць дасканала як ніхто іншы. З Гродзенскай вобласці ў зборніках фігуруць матэрыялы гаворак такіх раёнаў, як Астравецкі (І.Б.Мятліцкая), Гродзенскі (М.А.Даніловіч, Я.М.Рамановіч, А.П.Цыхун, Г.А.Цыхун), Дзятлаўскі (Г.М.Аляксейчык), Зэльвенскі (П.У.Сцяцко), Карэліцкі (Крамко І.І., Крамко Я.І.), Навагрудскі (Г.М.Аляксейчык, А.М.Булыка, А.К.Усціновіч), Слонімскі (І.А.Карней, І.П.Чыгрын), Шчучынскі (І.Я.Лепешаў).

Падобнага тыпу падборкі апублікаваны таксама ў іншых навуковых зборніках і альманахах, дзе лексіку Астравецкага і Смаргонскага раёнаў распрацавала Н.К.Памецька [44], [45], Зэльвенскага раёна – П.У.Сцяцко [55].

Агляд лексікаграфіі Гродзеншчыны ХХ ст. дае падставу гаварыць і пра яе бліжэйшыя перспектывы ў ХХІ ст. У агульных рысах можна адзначыць наступнае. Вымагае сваёй канчатковай рэалізацыі праект слоўніка Навагрудчыны. З 17 раёнаў Гродзенскай вобласці толькі па двух раёнах (Зэльвенскім і Гродзенскім) створаны дыялектныя слоўнікі. Гаворкі астатніх раёнаў яшчэ чакаюць сваіх лексікографаў. Пакуль няма ў Беларусі слоўніка аднаго населенага пункта, слоўніка адной асобы. Толькі пачала разгортвацца праца па складанні абласных тэматычных слоўнікаў. З цягам часу акрэсляцца і іншыя праблемы, якія запатрабуюць мабілізацыі новых навуковых сіл.