1.7. Структурна-тыпалагічнае вывучэнне гаворак Гродзеншчыны
^ Вверх

1.7. Структурна-тыпалагічнае вывучэнне гаворак Гродзеншчыны 

Гаворкі Гродзеншчыны характарызуюцца адносным адзінствам сваіх этнагенетычных уласцівасцей. Гэтае адзінства праяўляецца на розных іерархічных узроўнях у сістэме структурных дыялектных тыпаў. Так, на самым высокім узроўні адзінства заключаецца ў тым, што гаворкі Гродзеншчыны цалкам уваходзяць у асноўны масіў беларускай дыялектнай мовы і не перасякаюцца з масівам палескіх гаворак. У гэтым плане яны маюць агульныя рысы, вызначальныя для беларускай мовы ў цэлым, напрыклад, аканне, дзеканне і цеканне, наяўнасць зацвярдзелых зычных.

На другой, ніжэйшай, іерархічнай ступені гаворкі Гродзеншчыны не выходзяць за межы паўднёва-заходняга дыялекту, убіраюць у сябе яго агульныя рысы.

Трэцяя ступень адзінства дасягаецца тым, што Гродзеншчына знаходзіцца ў прасторы адной групы гаворак – гродзенска-баранавіцкай.

На перыферыі адзначанай структурнай сістэмы размяшчаюцца гаворкі Ашмянскага, Астравецкага і Смаргонскага раёнаў, дыялектная тэрыторыя якіх уваходзіць у склад сярэднебеларускіх гаворак, змешаных, пераходных, якія спалучаюць у сабе рысы паўднёва-заходняга і паўночна-ўсходняга дыялектаў і маюць адзінкавыя ўласныя ўтварэнні.

На чацвёртай ступені гаворкі аб’ядноўваюцца рысамі дыялектных зон (заходняй, паўночна-заходняй, цэнтральнай), якія кладуцца на лінгвістычную карту Гродзеншчыны.

І толькі на пятай, самай нізкай, ступені гаворкі выяўляюць сваю неаднастайнасць, нятоеснасць, г. зн. спецыфічныя асаблівасці лакальнага характару, выкліканыя этнагенетычнымі ці культурна-гістарычнымі прычынамі. Гэтыя асаблівасці яшчэ недастаткова вывучаны.

Лінгвістычнае краязнаўства цікавяць у першую чаргу не агульнабеларускія моўныя з’явы, а дыялектныя асаблівасці розных структурных тыпаў гаворак, неўласцівыя беларускай літаратурнай мове. Гэта свайго роду помнікі моўнай культуры народа, якія заслугоўваюць увагі і шанавання.