1.6. Тэарэтычнае вывучэнне фразеалогіі
Праблемамі тэарэтычнай распрацоўкі беларускай дыялектнай фразеалогіі займаліся такія вучоныя, як Ф.М.Янкоўскі, А.С.Аксамітаў, У.І.Коваль, М.А.Даніловіч. У гэтым кірунку фразеалогія Гродзеншчыны найбольш адлюстравана ў працах М.А.Даніловіча. Яго артыкулы, доктарская манаграфія “Беларуская дыялектная фразеаологія і яе лексічная аснова” [12] напісаны пераважна на фразеалагічным матэрыяле, сабраным у розных рэгіёнах Гродзенскай вобласці, і прысвечаны такім важным пытанням, як аб'ём і межы, тыпалогія, лексічны склад дыялектных фразеалагізмаў.
Праблема а б ' ё м у і м е ж а ў дыялектнай фразеалогіі ў лінгвістыцы адназначна не вырашана. Існуюць два падыходы да вызначэння дыялектнай фразеалогіі. Адзін з іх, дыферэнцыйны, абмяжоўвае дыялектную фразеалогію выразамі лакальнага бытавання, якія не ўваходзяць у склад літаратурнай мовы. Другі, недыферэнцыйны, прадугледжвае ўсю фразеалогію дыялекту, незалежна ад яе тэрытарыяльнай пашыранасці і наяўнасці ці адсутнасці ў літаратурнай мове. Тэрмін “дыялектная фразеалогія” ў дачыненні да аб’ёму фразеалагізмаў, які акрэсліваецца паводле недыферэнцыйнага прынцыпу, не зусім правамерны. У гэтым выпадку належнымі будуць тэрміны “фразеалогія гаворкі”, “фразеалогія дыялекту”, “фразеалогія дыялектнай мовы”.
Паводле тэрытарыяльнай пашыранасці і адносін да літаратурнай мовы фразеалогію дыялектнай мовы можна падзяліць на пяць груп: 1) фразеалагізмы, вядомыя ўсім дыялектам і літаратурнай мове; 2) тэрытарыяльна абмежаваныя фразеалагізмы, уласцівыя і літаратурнай мове; 3) тэрытарыяльна неабмежаваныя фразеалагізмы, адсутныя ў літаратурнай мове; 4) фразеалагізмы, якія ўжываюцца ў асобных гаворках і не ўваходзяць у фразеалагічны склад літаратурнай мовы; 5) дыялектныя варыянты агульнанародных фразеалагізмаў.
Фразеалагізмы першай групы не могуць адносіцца да катэгорыі дыялектных. Гэта агульнанародная фразеалогія, вядомая і зразумелая ўсім, хто гаворыць па-беларуску. Фразеалагізмы другой групы таксама няма падстаў адносіць да ліку дыялектных, яны “могуць быць (але не абавязкова) дыялектызмамі толькі паводле свайго паходжання, але не паводле ўжывання” (Ф.П.Філін). Па традыцыі, якая склалася ў лексікалогіі, фразеалагізмы трэцяй групы звычайна адносяць да агульнанародных фразеалагізмаў. Такі класіфікацыйны падыход да фразеалогіі (і лексікі) ў наш час устарэў і патрабуе ўдакладнення. Тэрмін “агульнанародны” можа дастасоўвацца да моўных адзінак, ужывальных ва ўсёй нацыянальнай мове, у яе не толькі дыялектнай, але і літаратурнай разнавіднасцях. Таму фразеалагізмы трэцяй групы павінны падпадаць пад азначэнне агульнадыялектных, а не агульнанародных. Фразеалагізмы чацвёртай групы без усякіх агаворак адносяцца да разраду дыялектных. Фразеалагізмы пятай групы выступаюць фармальнымі ці семантычнымі варыянтамі агульнанародных фразеалагізмаў і ўключаюцца ў сферу дыялектнай фразеалогіі, з’ўляюцца аб’ектам яе вывучэння. Такім чынам, асноўным паказчыкам “дыялектнасці” фразеалагізма лічыцца пашыранасць яго на дыялектнай тэрыторыі і адсутнасць у літаратурнай мове.
Дыялектную фразеалогію часам абмяжоўваюць толькі тымі выразамі, у складзе якіх маецца дыялектнае слова ці дыялектнае значэнне слова. Гэта памылковы пункт гледжання. Пераважная большасць дыялектных фразеалагізмаў – гэта ўтварэнні з агульнанародных слоў, вядомых і гаворкам, і літаратурнай мове.
Пры параўнані дыялектных фразеалагізмаў з літаратурнымі адпаведнікамі паміж імі выяўляюцца адрозненні, на падставе якіх можна вылучыць пэўныя тыпы фразеалагічных дыялектызмаў.
Т ы п л о г і я фразеалагічных дыялектызмаў выглядае наступным чынам:
1. Фразеалагічна-фанетычныя дыялектызмы – фразеалагізмы, што бытуюць на пэўнай тэрыторыі і пры тоеснасці значэння адрозніваюцца ад літаратурных фразеалагізмаў асобнымі гукамі (у каршэль – у каршэнь), месцам націску ў кампанентах ( падняць рэку на каго – падняць рукэ) ці тым і другім адначасова (вецяр гуляя ў кішанях – вецер гуляе ў кішэнях).
Гукавое адрозненне кампанентаў выклікана рознымі прычынамі. Найбольш значнай з іх выступае ўплыў фанетычнай сістэмы гаворкі. Фанетычныя заканамернасці ў галіне галосных і зычных гукаў праяўляюцца ў канкрэтных словах. Стаўшы кампанентамі фразеалагізма і ў той ці іншай ступені дэактуалізаваўшыся семантычна, словы працягваюць выконваць функцыю носьбітаў дыялектных фанетычных з’яў.
Фразеалагічна-фанетычныя дыялектызмы, зафіксаваныя на Гродзеншчыне, увабралі ў сябе фанетычныя рысы паўднёва-заходняга дыялекту, лакальныя асаблівасці гродзенска-баранавіцкіх і часткова сярэднебеларускіх (Астравецкі, Ашмянскі, Смаргонскі раёны) гаворак, напрыклад: няпоўнае недысіміляцыйнае аканне: ліхо ні бярэ, на ўсё горло, ні село ні пало; недысіміляцыйнае яканне: абоя рабоя, курыная сляпата, сякунда ў сякунду; няўстойлівае ўжыванне прыстаўных зычных гукаў: ачыма свяціць, ушам ні верыць, гостры на язык, лезці ў вочы; адсутнасць падаўжэння зычных у інтэрвакальным становішчы: выносіць смеця з хаты, пускаць карэня, як свіня ў апяльсінах.
Асобную групу складаюць фразеалагічна-фанетычныя дыялектызмы, структурным кампанентам якіх з’яўляецца слова не з заканамернай, а індывідуальнай, як правіла, толькі яму ўласцівай фанетычнай адметнасцю. Яно і па-за фразеалагізмам ужываецца ў якасці самастойнай адзінкі, выступае элементам лексічнай сістэмы гаворкі і кваліфікуецца як лексічна-фанетычны дыялектызм: хоць сакеру вешай, ледва ногі цягаць, хоць голкі збірай.
Спецыфічную групу складаюць фразеалагічна-фанетычныя дыялектызмы, гукавыя адрозненні якіх з’яўляюцца ўнутрыфразеалагічным утварэннем і, як правіла, не выходзяць за яго межы: бімбікі біць – бібікі біць, цівун на язык – ціпун на язык.
Акцэнталагічныя асаблівасці фразеалагічна-фанетычных дыялектызмаў праяўляюцца ў кампанентах, прататыпамі якіх выступаюць словы, што належаць да дыялектных лексічна-акцэнталагічных і марфалагічна-акцэнталагічных груп: вілбмі па вадзе пісана– внламі па вадзе пісана, скурб гарыць– скэра гарыць.
У дыялектызмах акцэнтна-фанетычнага тыпу кампаненты характарызуюцца іншым націскам і гукам (гукамі) адначасова. Змяненне месца націску звычайна цягне за сабой змяненне якасці гука. Звязана гэта пераважна з законамі акання і якання, уласцівымі гаворкам і беларускай мове ў цэлым: ні з туга ні з сёга – ні з таго ні з сяго, хоць махалум махай – хоць махалам махай.
2. Фразеалагічна-словаўтваральныя дыялектызмы адрозніваюцца ад літаратурных адпаведнікаў марфемна-словаўтваральнай структурай асобных кампанентаў: касцей не пабярэш – касцей не збярэш. Абавязковай прыметай фразеалагічна-словаўтваральнага дыялектызма з’яўляецца супадзенне яго семантыкі з семантыкай літаратурнай адзінкі параўнання. Фразеалагічна-словаўтваральныя дыялектызмы з’яўляюцца рэгіянальнымі варыянтамі, у якіх наяўнасць іншай марфемы не ўплывае на семантычную тоеснасць фразеалагізма: закусіць язык – прыкусіць язык ‘раптоўна замоўкнуць, устрымаўшыся ад размовы’.
Марфемныя адрозненні фразеалагічна-словаўтваральных дыялектызмаў у асноўным звязаны з прэфіксальнымі і суфіксальнымі асаблівасцямі і закранаюць, як правіла, нейкі адзін кампанент, часцей дзеяслоўны і назоўнікавы: датрымаць слова – стрымаць слова, на курачай ножцы – на курынай ножцы, узяць зверхнасць – узяць верх.
Пашыранымі з’яўляюцца фразеалагізмы з дэмінутыўнымі назоўнікавымі кампанентамі. Ужыванне дэмінутываў у дыялектных і літаратурных фразеалагізмах не вызначаецца рэгулярнасцю, бо яны спараджаюцца не сістэмнымі адносінамі, а самім узусам. У цэлым можна толькі канстатаваць некаторую перавагу дыялектнай фразеалогіі над літаратурнай у выкарыстанні суфіксаў суб’ектыўнай ацэнкі, параўн.: душачку труціць, залатыя ручкі, з жабіны прыгаршчыкі, ножкі біць, пад мушкай, як маслачкам па душы. Аднак разыходжанні канкрэтных фразеалагізмаў нестабільныя: тое, што ёсць у гаворках, з цягам часу можа стаць набыткам і літаратурнай мовы.
Радзей адрознівальным фармальным паказчыкам фразеалагічна-словаўтваральных дыялектызмаў выступаюць прыметнік і прыслоўе: курачая галава – курыная галава, богава кароўка – божая кароўка, не ўсе ўдому – не ўсе дома, валасы дыбака сталі – валасы дыбам сталі. Удзел астатніх часцін мовы ў гэтых адносінах вельмі нязначны.
3. Фразеалагічна-марфалагічныя дыялектызмы супадаюць з адпаведнымі літаратурнымі эквівалентамі семантычна, але маюць разыходжанні граматычнага парадку – адметную марфалагічную форму аднаго ці некалькіх кампанентаў. Фразеалагічна-марфалагічныя дыялектызмы трэба адрозніваць ад парадыгматычных форм зменных фразеалагізмаў. Парадыгматычная форма выступае элементам граматычнай катэгорыі і захоўвае ўласцівае ёй значэнне. Яна абумоўлена знешнімі сувязямі фразеалагізма са словамі кантэксту. Так, казіная ножка ‘самаробная цыгарка’ і казіныя ножкі ‘самаробныя цыгаркі’ – гэта дзве лікавыя формы назоўнікавага фразеалагізма, з якіх першая афармляе значэнне адзінкавасці, а другая – значэнне множнасці. Фразеалагізм можа рэалізаваць таксама формы і значэнні ўскосных склонаў: казінай ножкі, казінай ножцы, казіную ножку, казінай ножкай, па казінай ножцы.
Фармальнае разыходжанне фразеалагічна-марфалагічнага дыялектызма і яго літаратурнага адпаведніка мае зусім іншы характар: паміж імі ўстанаўліваюцца адносіны варыянтнасці, калі абодва варыянты не залежаць ад кантэксту, не абумоўлены знешнімі структурнымі сувязямі. Параўн.: Я яму ні веру, у яго на вярбе груша расце (Кронькі Шчуч); Дык жа гэты дзед – вядомы на ўсю акругу манюка Навум Бублік. У яго на вярбе грушы растуць… (Р.Хацкевіч).
Развіваюцца фразеалагічна-марфалагічныя дыялектызмы праз кампаненты, якія генетычна адносяцца да зменных часцін мовы, у першую чаргу назоўніка, прыметніка, дзеяслова. Назоўнікавы кампанент надае фразеалагізму дыялектную адметнасць праз формы роду, ліку, склону.
Родавыя несупадзенні праяўляюцца ў тым, што кампанент-назоўнік выкарыстаны з іншай, чым у літаратурным фразеалагізме, формай роду (вомегай вылазіць – вомегам вылазіць).
Лікавыя формы выяўляюцца ў такіх суадносінах дыялектнага і літаратурнага адпаведнікаў: а) адзіночны – множны лік (канец з канцом зводзіць – канцы з канцамі зводзіць); б) множны – адзіночны лік (чэрці ногі зломяць – чорт нагу зломіць). Іншая лікавая форма можа быць выклікана агульнамоўнымі магчымасцямі або дыялектнымі асаблівасцямі лексікі, а таксама ўплывам кантактных моў: зуб з’еў – зубы з’еў, няпоўныя вочы – няпоўнае вока, духі вон – дух вон, як мыш на крупу – як мыш на крупы.
Склонавыя формы назоўнікавага кампанента ў фразеалагічна-марфалагічных дыялектызмах абазначаны іншымі, чым у літаратурнай мове, канчаткамі, выкарыстанне іх выклікана перш за ўсё марфалагічнай сістэмай дыялекту, якой уласцівы спецыфічны набор флексійных марфем: на тандэта, акуні вудзіць, абіваць баке, як вока ў лобі, носу не ўбіць, на край света.
Асаблівасці кампанента-прыметніка ў фразеалагічна-марфалагічных дыялектызмах вызначаюцца марфалагічнай сістэмай гаворак у флексійным абазначэнні яго склонавых форм: на скору руку, як горка рэдзька. Родавыя і лікавыя змяненні формы прыметнікавага кампанента вымагаюцца адпаведнымі змяненнямі граматычна галоўнага кампанента: на горка яблыка – на горкі яблык, цыганскія поты – цыганскі пот.
Фразеалагізмы, дыялектны характар якіх выяўляецца праз дзеяслоўны кампанент, адрозніваюцца ад літаратурных: 1) рэгіянальнымі фарматывамі гэтага кампанента: мала не будзіць, хоць вады напіса, чорт нося; 2) агульнамоўнымі канчаткамі і формамі кампанента ў межах адной граматычнай парадыгмы. Сярод адрозненняў другога тыпу найбольш пашыранымі з’яўляюцца наступныя: а) зваротная – незваротная форма (галавой налажыцца – галавой налажыць, і кот не валяўся – і кот не валяў); б) інфінітыў – форма 2 асобы будучага простага часу (да Масквы ракам не пераставіць – да Масквы ракам не пераставіш, на валовой скуры не спісаць – на валовай скуры не спішаш); в) розныя часавыя формы (дзе наша не прападае – дзе наша не прападала, дзе сеў там і злезеш – дзе сядзеш там і злезеш); г) неаднолькавае флексійнае афармленне загаднага ладу, розныя ладавыя суадносіны (хоць выкруці – хоць выкручвай, на валовай скуры не спісаў бы – на валовай скуры не спішаш); д) разыходжанні ў формах ліку (чорт жэніцца – чэрці жэняцца, шарык за ролік зайшоў – шарыкі за ролікі зайшлі).
4. Фразеалагічна-сінтаксічныя дыялектызмы ілюструюць змяненне сінтаксічнай структуры фразеалагізма: чуць на свет – чуць свет. Наяўнасць іх – вынік сінтаксічнай варыянтнасці фразеалагізмаў.
Істотным паказчыкам дыялектнага і літаратурнага сінтаксічных варыянтаў фразеалагізма з’яўляецца адзінства іх семантыкі і спалучальнасці. Пры адсутнасці такіх характарыстык гаворку трэба весці не пра варыянты, а пра асобныя фразеалагізмы.
Дыялектныя сінтаксічныя змяненні назіраюцца часцей у тых фразеалагізмах, што маюць структуру словазлучэння, г. зн. пабудаваны па правілах падпарадкавальнай сувязі кампанентаў. Сінтаксічныя разыходжанні фразеалагізмаў з падпарадкавальнай сувяззю кіравання ці склонавага прымыкання размяркоўваюцца наступным чынам: а) несупадзенне склонавай формы залежнага кампанента (біць языком аб зубы – біць язык аб зубы, брыдзіць свет – брыдзіць светам); б) несупадзенне склонавай формы залежнага кампанента і прыназоўніка (пайсці да галавы па розум – пайсці ў галаву па розум, плячысты ў жываце – плячысты на жывот); в) наяўнасць і адсутнасць прыназоўніка пры супадзенні граматычнай формы залежнага кампанента (ад’яда ад сэрца – ад’яда сэрца, крануцца розуму – крануцца з розуму); г) наяўнасць і адсутнасць прыназоўніка пры несупадзенні граматычнай формы залежнага кампанента (вочы ў кол паставіць – вочы калом паставіць, лезці раней бацькі ў пекла – лезці раней за бацьку ў пекла); д) несупадзенне прыназоўнікаў (выцягнуцца на нітку – выцягнуцца ў нітку, не чуць ног перад сабой – не чуць ног пад сабой).
У фразеалагізмах з сувяззю дапасавання асноўныя граматычныя пераўтварэнні зыходзяць ад граматычна галоўнага кампанента-назоўніка, да якога прыпадабняецца залежны азначальны кампанент (не на сваіх нагах – не сваімі нагамі, па свіных галасах – у свіныя галасы, поўнай губой – на поўную губу).
У фразеалагізмах са структурай сказа назіраюцца выпадкі сінтаксічнай трансфармацыі, якая закранае кампаненты, суадносныя з галоўнымі або з даданымі членамі (як вада змыла – як вадой змыла, як рак за гарой свісне – як рак на гары свісне).
Фразеалагічна-сінтаксічныя дыялектызмы са структурай спалучэння слоў (у іх нельга вызначыць граматычна галоўны і граматычна залежны кампаненты) выяўляюць такія сінтаксічныя асаблівасці: а) іншую злучнікавую ці бяззлучнікавую сувязь кампанентаў, іншыя сродкі (злучнікі) яе рэалізацыі (без роду без плоду – ні роду ні плоду, ці кіем ці палкай – не кіем дык (то) палкай); б) іншыя склонавыя і прыназоўнікава-склонавыя формы кампанентаў (ні да ладу ні да складу – ні ў лад ні ў склад, фігай ні да носа – без фігі ні да носа).
Сінтаксічныя асаблівасці агульнанароднага фразеалагізма ў гаворках могуць быць звязаны з парадкам размяшчэння яго кампанентаў. Дыялектна-літаратурныя несупадзенні назіраюцца ў фразеалагізмах са стандартным парадкам кампанентаў: з квасу на хлеб – з хлеба на квас, пень цераз калоду – цераз пень калоду, хваробы з трасцаю – трасцу з хваробаю.
5. Фразеаагічна-лексічныя дыялектызмы, захоўваючы адзінства значэння, адрозніваюцца ад літаратурных эквівалентаў асобнымі словамі-кампанентамі. Звычайна не супадае адзін (рукі апалі – рукі апусціліся), радзей – два кампаненты (варонам фігі паказваць – вераб’ям дулі паказваць). У адзінкавых выпадках кампаненты суадносяцца як слова і аналітычная канструкцыя (жывот прысох да хрыбятняй косці – жывот прысох да хрыбетніка).
У дыялектна-літаратурныя варыянтныя адносіны ўступаюць фразеалагізмы двух тыпаў: а) якія на літаратурным узроўні не набылі лексічнай варыянтнасці – іх разнавіднасці сустракаюцца толькі ў гаворках (рак на языку не спячэцца – жаба на языку не спячэцца); б) якія ў літаратурнай мове маюць два ці больш варыянтаў – працяг іх варыянтнасці выяўляецца і ў дыялекце (выйсці (выпасці) з галавы – вылецець (выскачыць) з галавы). Варыянтны рад ствараюць найперш фразеалагічныя адзінствы, радзей вар’іруюцца кампаненты нематываваных фразеалагізмаў. Некаторыя фразеалагізмы характарызуюцца значнай варыянтаўтваральнай актыўнасцю. Іх варыянтны рад можа налічваць каля дзесятка адзінак. У цэлым варыянтнасць фразеалогіі гаворак багацейшая за варыянтнасць літаратурнай фразеалогіі.
Існаванне фразеалагічна-лексічных дыялектызмаў абумоўлена: 1) незалежным, паралельным развіццём тыпалагічна падобных выразаў (на адзін глэм (глык) – на адзін зуб (гам); 2) утварэннем адменніка на аснове аднаго інварыянта; пры гэтым назіраюцца два віды замены лексічных кампанентаў: ненаўмысная, выкліканая сістэмнымі магчымасцямі лексікі (зачапляць за жывое – закранаць за жывое), і наўмысная, мэта якой – ажыўленне вобразнай асновы, узмацненне эмацыянальна-экспрэсіўнай (звычайна адмоўнай) афарбоўкі фразеалагізма (уваліць (увярнуць) у косці – даць у косці); 3) уздзеяннем дыялектнай лексічнай нормы (жуйку жаваць – жвачку жаваць); 4) уплывам іншамоўных сістэм (як курыца пазурамі – як курыца лапай, на вес золата – на вагу золата, даць фэёру – даць жару); 5) працэсамі нераўнамернай архаізацыі лексікі ў дыялектнай і літаратурнай мовах (глузды адсохлі – мазгі адсохлі); 6) кантамінаваным зліццём элементаў двух фразеалагізмаў (дацца ў косці = дацца ў знакі + уесціся ў косці).
Кампаненты фразеалагічна-лексічных дыялектызмаў і іх літаратурных адпаведнікаў на ўзроўні слоў свабоднага ўжывання выяўляюць такія сэнсавыя адносіны: 1) маюць сінанімічныя значэнні (замаўляць зубы – загаворваць зубы); 2) належаць да аднаго семантычнага поля (як на шпільках – як на іголках); 3) не маюць сінанімічнай блізкасці ці тэматычнага адзінства, іх збліжэнне грунтуецца на асацыятыўных сувязях (як у бубен бубнець – як у бубен біць); 4) уступаюць у рода-відавыя (гіпера-гіпанімічныя) сэнсавыя адносіны (і мязенцам не паварушыць – і пальцам не паварушыць); 5) з’яўляюцца элементамі сінекдахічнай замены назвы цэлага назвай часткі ці наадварот: зрэнкі на лоб лезуць – вочы на лоб лезуць; 6) звязаны паводле метанімічных працэсаў, калі словы збліжаюцца па сумежнасці названых імі прадметаў (з адной мукі – з аднаго цеста). З шасці паказаных вышэй тыпаў адносін паміж фразеалагічнымі кампанентамі найбольш пашыраны два першыя, яны выяўлены ў 80% фразеалагічна-лексічных дыялектызмаў.
Варыянтныя кампаненты фразеалагізмаў суадносяцца з рознымі часцінамі мовы, аднак пераважаюць назоўнікавыя і дзеяслоўныя кампаненты: яны ўдзельнічаюць ва ўтварэнні 88% фразеалагічна-лексічных дыялектызмаў. Варыянтаўтваральнай прадуктыўнасцю характарызуюцца высокачастотныя словы, якія з’яўляюцца традыцыйнымі, вядомымі з даўніх часоў. Сярод назоўнікаў гэта саматызмы, назвы жывёл, раслін, прадуктаў харчавання, хвароб, адзення, мер, прадметаў, рэчаў, рэчываў, прыладаў, прыстасаванняў і інш.
6. Канструкцыйна-колькасныя фразеалагічныя дыялектызмы – гэта выразы, якія бытуюць на пэўнай тэрыторыі і адрозніваюцца ад літаратурных фразеалагізмаў пры тоеснасці значэння колькасцю кампанентаў. Неаднолькавая колькасць кампанентаў вызначае і адрозненні сінтаксічнай канструкцыі, мадэлі фразеалагізма: як языком злізала – як карова языком злізала, сушыць зубы на сонцы – сушыць зубы.
Фразеалагізмы з пункту гледжання часавай іерархіі іх канструкцыйна-колькасных варыянтаў можна падзяліць на тры тыпы: а) у якіх абодва варыянты ўзніклі адначасова; б) у якіх першасным выступае “даўжэйшы” варыянт; в) у якіх першасным з’яўляецца варыянт з меншай колькасцю кампанентаў.
Фразеалагізмы першага тыпу з моманту свайго зараджэння набываюць рэальныя або патэнцыяльныя магчымасці ўжывацца ў поўным і няпоўным выглядзе. Адзін з кампанентаў такіх фразеалагізмаў з’яўляецца факультатыўным, наяўнасць ці адсутнасць якога ніякім чынам не ўплывае на вобразнае і рэальнае значэнне фразеалагізма. Пад рэгулярную факультатыўнасць падпадае канкрэтная група слоў. Гэта пераважна лічэбнік адзін, займеннікі сам, самы, свой, сябе, той, ты, увесь, прыметнікі, якія маюць у сваёй семантыцы колькасны элемент (цэлы, апошні і інш.), ці іншыя кампаненты, верагоднасць якіх матывуецца індывідуальнай вобразнасцю фразеалагізма: <адзін> вецер у галаве, цягнуць <апошнія> жылы, адрэзаная <ад бохана> луста.
З’ява факультатыўнасці кампанентаў фразеалагізмаў у дыялектах і ў літаратурнай мове праяўляецца аднолькавым чынам. Назіраюцца толькі нязначныя адрозненні інвентарызацыйнага характару, калі ў літаратурнай мове не ўсе пазіцыі варыянтнай парадыгмы фразеалагізма бываюць запоўненымі. Дыялектны варыянт дыялектызмам называецца ў пэўнай ступені ўмоўна, толькі на той падставе, што ён не выяўлены ў літаратурнай мове. У любы час ён можа стаць і літаратурным, прычым не столькі коштам запазычвання з гаворак, колькі праз рэалізацыю ўласнафразеалагічнага патэнцыялу.
Фразеалагізмы другога тыпу колькасную варыянтнасць развілі ў выніку скарачэння свайго кампанентнага складу. Неабходна адзначыць агульную для дыялектаў і літаратурнай мовы тэндэнцыю ўдасканалення знешняй формы фразеалагізма праз скарачэнне. Прыярытэтная роля ў вызваленні ад другарадных кампанентаў належыць літаратурнай фразеалогіі. Фразеалогія гаворак побач з абноўленымі формамі можа захоўваць розныя ранейшыя варыянты, нават сінтаксічныя канструкцыі на стадыі іх фразеалагізацыі. Чым большы аб’ём фразеалагізма, тым хутчэй ён паддаецца скарачэнню. Апускацца можа не толькі асобнае слова, але і цэлы сінтаксічны фрагмент. У асноўным жа скарачаюцца найменш важкія ў сэнсавым плане кампаненты, гэта злучнік як, часціцы аж, і, словы быццам, відаць, хіба, мусіць, ці і інш.: <як> раз плюнуць, <аж> гарыць у руках, <і> лыка не вяжа, <хіба> з неба зваліўся. Колькасныя змяненні могуць адбывацца і ў фразеалагізмах, якія, здавалася б, дасягнулі аптымальнай структуры, што выклікана прынцыпам моўнай эканоміі. Некаторыя фразеалагізмы скарачаюцца на той падставе, што ў іх склад уваходзіць вульгарнае слова, не адпаведнае эстэтычнай норме: язык <…> паляцець можа. Тым больш падобныя змяненні ўласцівы фразеалагізмам, якія пранікаюць ці праніклі ў літаратурную мову: без мыла <…> лезц.
Канструкцыйна-колькасныя фразеалагічныя дыялектызмы, звязаныя з працэсамі скарачэння, паводле наяўнасці – адсутнасці аднаго з кампанентаў (генетычна паўназначнага слова) падзяляюцца на дзве групы: 1) якія ў параўнанні з літаратурнымі адпаведнікамі набылі скарочаны выгляд (вочы пазычыць – у сабакі вочы пазычыць); 2) якія, наадварот, маюць поўную форму, у той час як літаратурны адпаведнік функцыянуе толькі ў скарочаным выглядзе: нага за нагу чапляецца – нага за нагу.
Фразеалагізмы трэцяга тыпу ілюструюць працэс разгортвання сваёй знешняй формы. Ускладняцца дадатковым лексічным матэрыялам могуць або асобныя часткі фразеалагізма (ад варот паварот – ад чужых варот правы паварот), або фразеалагізм цалкам (ні рыба ні мяса – ні рыба ні мяса, а чарвівы грыб).
Часцей разгортваецца ўвесь фразеалагізм: асобным словам, прыназоўнікава-назоўнікавай формай, словазлучэннем, прэдыкатыўнай канструкцыяй і інш. Дадатковая частка звязваецца з асноўнай пры дапамозе злучнікаў ці бяззлучнікавай сувяззю. Найбольш прадуктыўнай выступае злучнікавая сувязь, злучальная ці падпарадкавальная.
Злучальная сувязь ажыццяўляецца праз злучальныя злучнікі, з якіх пераважнай актыўнасцю вызначаецца спалучальны злучнік і (ды, дый, да, а): валасы дыбам сталі – валасы дыбам сталі ды вушы звялі, сем бочак арыштантаў – сем бочак арыштантаў і ўсе няпоўныя. Абодва кампаненты бінарнай канструкцыі могуць мець аднатыповую структуру: свет не бачыў – свет не бачыў і людзі не чулі. Злучнік і, ужываючыся пры кожнай частцы фразеалагізма, выступае як паўторны: чорт не брат – і чорт не брат і свіння не сястра. Адзіночны злучнік і далучанай часткі ўключаецца ў ланцужок паўторнага злучніка, калі апошні ёсць у зыходным варыянце, а фразеалагізм набывае трохчленную структуру: і хочацца і колецца – і хочацца і колецца і мамка не вяліць.
Падобным чынам функцыянуе і паўторны злучнік ні–ні, калі двухчленная фразеалагічная канструкцыя дапаўняецца яшчэ адной часткай: ні да танца ні да ружанца – ні да танца ні да ружанца ні свенты Божа спеваць. Часам адбываецца спалучэнне гэтага злучніка з адзіночным злучнікам і, які, звязваючы апошні структурны кампанент з папярэднім, узмацняе сінтаксічную завершанасць фразеалагізма, пабудаванага па структуры аднародных членаў сказа: ні сват ні брат – ні сват ні брат і ні хроснік.
Сярод злучальных больш-менш рэгулярна выкарыстоўваецца яшчэ і супраціўны злучнік а. Далучаная пры дапамозе яго частка ўносіць у вобразную аснову элемент адмаўлення, неадпаведнасці, супрацьпастаўлення, кантрасту, і гэтым самым узмацняецца эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка фразеалагізма: адзін Бог ведае – адзін Бог ведае, а не мы грэшныя, ні тое ні сёе – ні тое ні сёе, а звычайнае.
З дапамогай падпарадкавальнай сувязі фразеалагізм разгортваецца сінтаксічнай канструкцыяй, якая мае структуру даданага сказа (даданай часткі). Часцей выкарыстоўваецца даданая параўнальная частка, у ролі якой можа выступаць і кампаратыўны фразеалагізм: малоць языком – малоць языком як сабака (сука) хвастом. Сустракаюцца фразеалагізмы, ускладненыя даданай акалічнаснай часткай з граматычным значэннем умовы: раз плюнуць – раз плюнуць калі сліна ёсць. Даданыя часткі з іншымі граматычнымі значэннямі (напрыклад, прасторавым, часавым, мэтавым, азначальным) заўважаны ў адзінкавых фразеалагізмах: супраць ліха на ўзгорачку – проці ліха на ўзгорачку дзе пень на калоду брэша, (пайсці) у свет – (пайсці) у свет дзе людзей нет.
Значнае месца пры колькасным павелічэнні кампанентаў належыць бяззлучнікавай сувязі. Яна аб’ядноўвае аднафункцыянальныя і рознафункцыянальныя сінтаксічныя часткі. Аднафункцыянальныя часткі не звязаны адносінамі дэтэрмінацыі, другая з іх звычайна выступае поўным структурным дублікатам зыходнай: на пень брахаць – на пень брахаць на калоду тукаць. Незакрытая структура фразеалагізмаў гэтага тыпу дае магчымасць далейшага іх разгортвання ў больш складаныя, трохчленныя адзінкі: кату па пяту – кату па пяту пчале па крыле сабаку па хвост, соль у вочы – соль у вочы дзяркач у зубы таўкач у плечы. Рознафункцыянальныя часткі з’яўляюцца нераўнапраўнымі, узаемаабумоўленымі: няма дурных – няма дурных усе пажаніліся, папраў казе хвост – папраў казе хвост у яе набаку.
Тэндэнцыя да павелічэння колькасці кампанентаў стымулюецца імкненнем узмацніць экспрэсію, неабходнасцю актуалізаваць, удакладніць унутраную форму фразеалагізма.
7. Фразеалагічна-семантычныя дыялектызмы пры фармальным супадзенні з літаратурнымі адзінкамі параўнання адрозніваюцца ад іх адценнямі значэння, значэннямі, аб’ёмам значэнняў.
Паказчыкамі адценняў значэння выступаюць асобныя семы, якасныя і колькасныя суадносіны якіх надаюць дыялектнаму значэнню пэўную адметнасць: дух забівае ‘цяжка дыхаецца ад празмернай фізічнай нагрузкі’ – ‘цяжка дыхаецца ад хвалявання, перажывання’ (пры параўнанні першым даецца дыялектнае, другім – літаратурнае значэнне), сушыць зубы ‘смяяцца, рагатаць часта без прычыны’ – ‘смяяцца, рагатаць’.
Тыповым праяўленнем семантычных адрозненняў выступаюць неаднолькавыя значэнні фразеалагізма ў дыялекце і літаратурнай мове: жывот на нос лезе ‘хто-н. вельмі тоўсты, пузаты’ – ‘хто-н. у стане цяжарнасці’. Асобныя фразеалагізмы развілі значэнні супрацьлеглага зместу: як рублём падарыў ‘нядобразычліва, злосна (паглядзеў на каго-н.)’ – ‘вельмі ласкава, прыхільна, добразычліва’.
Звычайна той самы фразеалагізм у літаратурнай мове мае большую колькасць значэнняў, чым у канкрэтнай гаворцы. Калі ж браць дыялектную мову ў цэлым, то полісемія ў ёй багацейшая за кошт сумарнай колькасці фразеалагічна-семантычных дыялектызмаў са шматлікіх рэгіёнаў Беларусі.
У полісемантычных фразеалагізмаў, як правіла, адно значэнне бывае агульнаўжывальным і супадае з літаратурным, а іншыя з’яўляюцца дыялектнымі. Часам усе значэнні фразеалагічна-семантычнага дыялектызма ў канкрэтнай гаворцы маюць дыялектны характар.
Некаторыя фразеалагічна-семантычныя дыялектызмы суадносяцца з паняццямі, якія ў фразеалагічнай сістэме літаратурнай мовы не былі актуалізаваны або падвергліся архаізацыі і таму не атрымалі моўнага абазначэння. Такія фразеалагізмы маюць непаўторную пазнавальна-інфармацыйную каштоўнасць, выступаюць незаменнымі сродкамі фразеалагічнага адлюстравання з’яў рэчаіснасці. Так, гаворкі захавалі ўстарэлае для літаратурнай мовы значэнне ‘вельмі дружна, у поўнай згодзе’ фразеалагізма адным духам, на аснове якога ўтварылася прыслоўе адзінадушна: Та, бало, грызьліся, як сабакі, а ціпер жывуць адным духам. Бершты Шчуч.; Іх і вадой ні разальеш, яны адным духам столькі гадоў пражылі. Галынка Зэльв. Страчанымі для літаратурнай мовы з’яўляюцца значэнні і наступных фразеалагізмаў: мець на воку ‘сачыць, назіраць, трымаць пад наглядам каго-н.’, па самае горла ‘сытна, уволю (наесціся)’, хвастом накрыцца ‘ўпасці мёртвым, забітым (пра звера пасля стрэлу паляўнічага)’, як з неба спаў ‘у самы час прыйшоў’, як піць даць ‘вельмі лёгка, хутка (зрабіць што-н.)’.
Дыялектны і агульнаўжывальны семантычныя варыянты выступаюць значэннямі аднаго полісемантычнага фразеалагізма. Існуе некалькі шляхоў і спосабаў семантычнай дэрывацыі фразеалагізмаў:
а. Паўторная метафарызацыя свабоднага словазлучэння, на аснове якога ўтварыўся фразеалагізм з першым значэннем. Напрыклад, выраз падняць вочы з агульнаўжывальнай семемай ‘ глянуць на каго-н., на што-н.’ развіў у гаворках яшчэ адно значэнне ‘акрыяць, павесялець (пасля хваробы)’. Фармаванне яго зусім не звязана з першым значэннем, абодва яны не знаходзяцца паміж сабой у адносінах ўтваральнага і вытворнага, таму што ўзніклі паралельна, на аснове пачарговага метафарычнага пераасэнсавання таго самага словазлучэння.
б. Утварэнне новага значэння шляхам пераносу назвы на іншыя з’явы рэчаіснасці, параўн.: курыная слепата ‘хвароба вачэй’ – ‘чалавек, які не бачыць, не заўважае чаго-н.’; сваім ходам ‘пешшу (ісці)’ – ‘самастойна, выкарыстоўваючы свае магчымасці, на сваім транспарце (ісці, ехаць, дабірацца)’.
в. Развіццё значэння шляхам змянення сінтаксічнай функцыі фразеалагізма. Рэгулярнае ўжыванне фразеалагізма ў іншай сінтаксічнай функцыі прыводзіць да ўтварэння катэгарыяльнай полісеміі: кату на адзін зуб ‘вельмі мала (ежы)’ і ‘вельмі малы (кавалак, порцыя ежы)’ (першае значэнне – адвербіяльнае, другое – ад’ектыўнае).
г. Утварэнне значэння праз змяненне спалучальнасці фразеалагізма са словамі кантэксту. Гэта датычыць перш за ўсё валентна абмежаваных прыслоўных фразеалагізмаў, якія рэалізуюць сваё значэнне толькі з пэўнымі словамі-суправаджальнікамі. Як толькі фразеалагізм падобнага тыпу пачынае спалучацца са словамі іншай семантычнай групы, то набывае новае значэнне: як дым (пагода) ‘выдатная, цудоўная)’ – (ісці, бегчы) ‘вельмі хутка’, (расці, развівацца) ‘вельмі добра, спорна’, (сляпы) ‘зусім’, (лезці) ‘назойліва’.
Развіццё фразеалагічна-семантычных дыялектызмаў можа быць звязана не толькі з полісеміяй, але і з аманіміяй. Працэсы полісемантызацыі і аманімізацыі па сваёй сутнасці з’яўляюцца агульнымі для дыялектнай і літаратурнай фразеалогіі. Заўважаюцца толькі некаторыя асаблівасці развіцця семантыкі фразеалагізмаў у дыялектнай мове. Некадыфікаванасць дыялектнай нормы, выключна вусны характар дыялектнага маўлення надае большую рухомасць, пэўную дыфузнасць фразеалагічнаму значэнню. Гэта прыводзіць да ўтварэння аказіянальных семантычных варыянтаў: біць у званы ‘пляткарыць, распускаць плёткі’, даць пытлю ‘кінуцца наўцёкі, імкліва ўцякаць’. Нярэдка адбываецца “міграцыя”, пранікненне значэння аднаго фразеалагізма ў другі, падобны да першага кампанентным складам: адным духам ‘невядома чым, нічога не еўшы (жыць)’ (параўн. святым духам). Дыялектнай асаблівасцю з’яўляецца і тое, што новае значэнне можа ўтварацца на аснове семантычнай актуалізацыі аднаго з кампанентаў фразеалагізма: ветрам падшыты ‘легкадумны, пусты, ветраны’, зводзіць са свету ‘падманваць, хлусіць, гаварыць, няпраўду’.
8. Уласнафразеалагічныя дыялектызмы супрацьстаяць іншым тыпам фразеалагічных дыялектызмаў, што ўступаюць з літаратурнымі адпаведнікамі ў варыянтныя адносіны, бо вызначаюцца непаўторнасцю ўнутранай формы, своеасаблівасцю структурна-кампанентнага складу.
Пры вызначэнні ўласнафразеалагічных дыялектызмаў пад увагу бяруцца наступныя адносіны дыялектна-літаратурных адпаведнікаў: 1) тоеснасць (сінанімічнасць) значэнняў (праз чужыя вочы на свет глядзець – жыць чужым розумам ‘не мець самастойнай думкі, прытрымлівацца чужых поглядаў’); 2) несупадзенне ўнутранай формы (мёд з малаком – кроў з малаком); 3) прыналежнасць да аднаго граматычнага разраду (назоўнікавыя: воўчае горла – зямля ненаедная; дзеяслоўныя: дастаць з губ – сарваць з языка); 4) аднолькавыя спалучальныя магчымасці (як салаўю свісток (патрэбны) – (патрэбны) як у мосце дзірка). Адны ўласнафразеалагічныя дыялектызмы з’яўляюцца эквівалентнымі, абазначаюць паняцці, якія ў літаратурнай мове перадаюцца іншымі фразеалагізмамі, другія не маюць літаратурных эквівалентаў.
Эквівалентныя ўласнафразеалагічныя дыялектызмы выражаюць самыя розныя колькасныя суадносіны з літаратурнымі адпаведнікамі. Сустракаюцца мінімальныя пары, у якіх з абодвух бакоў у наяўнасці толькі па адным фразеалагізме. Нярэдка дыялектызму адпавядае некалькі літаратурных выразаў. Ёсць паралелі і адваротнага характару. Аднак часцей і ў дыялектнай, і ў літаратурнай мовах тое самае паняцце перадаецца некалькімі сінанімічнымі фразеалагізмамі: служка ў лапцях, спадручная сякерка – старшы куды пашлюць, хто куды пашле. Багатымі і разнастайнымі з’яўляюцца групы фразеалагізмаў, звязаных з характарыстыкай чалавека. Для абслугоўвання розных сфер чалавечага быцця ў беларускай дыялектнай мове існуе вялікая колькасць не асвоеных літаратурнай мовай уласнафразеалагічных дыялектызмаў.
Параўнанне дыялектных і літаратурных фразеалагізмаў адной семантычнай групы паказвае, што ў ёй дыялектызмы з розных гаворак амаль заўсёды колькасна пераважаюць над літаратурнымі адзінкамі. Для абазначэння некаторых паняццяў колькасць фразеалагічных дыялектызмаў у шмат разоў большая. У гэтым выпадку можна гаварыць пра дыялектны характар самой семантычнай мадэлі ў межах нацыянальнай фразеалогіі. Яскравым прыкладам з’яўляецца паняцце ‘кепскі чалавек’, рэалізаванае экспрэсіўнымі выразамі, якія ў фалькларыстыцы атрымалі назву “абзыванні”. У дыялекталагічных крыніцах зафіксавана больш за 100 фразеалагізмаў такога тыпу, напрыклад: гадасць паршывая, жаба карэлая, казёл някуты, перагрызак сабачы, сабача печань, свіння няскрэбаная, чортаў дух, чортаў кум.
Шматлікасць эквівалентных уласнафразеалагічных дыялектызмаў дазваляе гаварыць аб вялікай фразеаўтваральнай актыўнасці дыялектнай мовы. Узбагачэнне сінанімічных радоў эквівалентных фразеалагізмаў выклікана не патрэбамі намінацыі. Можна вылучыць тры асноўныя прычыны ўтварэння фразеалагізмаў: 1) імкненне абазначыць і ахарактарызаваць той самы прадмет нетрадыцыйнымі сродкамі; 2) імкненне замяніць словы і выразы, якія абуджаюць непрыемныя ці непажаданыя ўяўленні і асацыяцыі, эўфемічнымі спалучэннямі; 3) імкненне замяніць натуральнае абазначэнне прадмета экспрэсіўна зніжаным, дысфемічным. Абсалютная большасць фразеалагічных утварэнняў дыктуецца першай прычынай. Жывая дыялектная мова знаходзіцца ў няспынным руху, выяўляе тэндэнцыю да абнаўлення сваіх рэсурсаў.
Безэквівалентныя ўласнафразеалагічныя дыялектызмы можна падзяліць на суб’ектныя і аб’ектныя. Першыя маюць антрапацэнтрычную накіраванасць, другія семантычна накіраваны на прадметы і з’явы, якія існуюць па-за чалавекам і незалежна ад чалавека.
Безэквівалентныя ўласнафразеалагічныя дыялектызмы з суб’ектным значэннем складаюць адносна невялікую частку ўсёй суб’ектнай дыялектнай фразеалогіі. Як правіла, яны з’яўляюцца адзінкавымі, пазбаўленымі сінанімічных адносін з іншымі выразамі: знайсці грыба ‘стукнуцца нагою (аб камень, аб корань, палку ці інш.)’, колы заскварыць ‘трапіць пад аўтамабіль ці іншы транспарт’. Толькі нямногія фразеалагізмы на міждыялектным узроўні можна аб’яднаць у сінанімічныя рады, колькасны склад якіх бывае невялікім – ад дзвюх да некалькіх адзінак.
Спецыфіка безэквівалентных суб’ектных уласнафразеалагічных дыялектызмаў нярэдка заключаецца ў тым, што яны называюць з’явы менш значныя, другарадныя, нерэгулярныя: салёнікі студзіць ‘цалавацца’, смерць у вочы глянула ‘каго-н. сутаргава страсянула’. Адзінкавасць фразеалагічных найменняў можа быць выклікана этнаграфічнымі рэаліямі, звязанымі з асаблівасцямі мясцовага быту, матэрыяльнай і духоўнай культуры, працоўных працэсаў, абрадавых дзеянняў і інш.: сопуху цалаваць ‘сядзець на печы каля коміна’. Семантычная непаўторнасць уласнафразеалагічнага дыялектызма часта зыходзіць ад таго, што ён мае вузейшае, больш канкрэтнае значэнне, чым літаратурная адзінка параўнання: (дажыць, даседзець) да сівой касы ‘пастарэць у дзеўках’ – да сівых валасоў ‘да старэчага ўзросту, да глыбокай старасці’.
Безэквівалентныя ўласнафразеалагічныя дыялектызмы з аб’ектным значэннем адносна нешматлікія, але яны значна пераўзыходзяць аб’ектную фразеалогію літаратурнай мовы і колькасна, і тэматычнай разгалінаванасцю.
Калі у сферы лексікі безэквівалентнасць лексічных дыялектызмаў часта выклікана з’явамі этнаграфічнага характару, асаблівасцямі быту, матэрыяльнай і духоўнай культуры рэгіёну, то ў сферы фразеалогіі этнаграфічны фактар развіцця дыялектнай семантыкі вельмі нязначны. Безэквівалентныя ўласнафразеалагічныя дыялектызмы звычайна адпавядаюць рэаліям агульнавядомым, распаўсюджанне якіх не абмежавана пэўнай тэрыторыяй. Адсутнасць адпаведных ім фразеалагізмаў у літаратурнай мове тлумачыцца найперш станам развіцця літаратурнай фразеалогіі на пэўным гістарычным адрэзку, а таксама спецыфікай дыялектнай фразеалогіі ў межах адной нацыянальнай мовы.
Можна вылучыць найбольш тыповыя тэматычныя групы безэквівалентнай аб’ектнай фразеалогіі: 1) сельскагаспадарчая (аж вока рве ‘вельмі яркая, сакаўная (зеляніна, рунь)’); 2) метэаралагічная (Бог палаткі змёў ‘выпаў апошні снег’); 3) прадметна-бытавая (хоць бацьку роднага рэж ‘зусім тупы, ненавостраны (нож)’). Многія безэквівалентныя дыялектызмы маюць валентна абмежаванае значэнне меры і ступені, колькасці, часу, якое рэалізуецца толькі пры пэўных словах-суправаджальніках: (водкі) па калодкі, (праўда) як вош кашляе, (набудзе) як у сабакі кілбаса на шыі.
9. Камбінаваныя фразеалагічныя дыялектызмы спалучаюць у сабе асаблівасці некалькіх тыпаў. Напрыклад, дыялектызм пальцы ў зубы не кладзі адрозніваецца ад літаратурнага адпаведніка палец у рот не кладзі і марфалагічнай формай кампанента (пальцы – палец), і асобным кампанентам (зубы – рот), з’яўляючыся адначасова і фразеалагічна-марфалагічным, і фразеалагічна-лексічным дыялектызмам.
Можна вылучыць дзесяткі камбінацый, у якіх канцэнтруюцца ўласцівасці двух, трох, радзей чатырох відаў дыялектызмаў. Не ўсе фразеалагічныя дыялектызмы знаходзяць сваё праяўленне ў групах камбінацый. Так, уласнафразеалагічныя і фразеалагічна-семантычныя дыялектызмы з-за сваёй спецыфікі не могуць перасякацца з іншымі дыялектызмамі.
Дыялектная фразеалогія Гродзеншчыны даследавана і з боку яе л е к –с і ч н а г а с к л а д у .
Найбольш прадуктыўна пры ўтварэнні фразеалагізмаў выкарыстоўваецца агульнаўжывальная лексіка. Прыкладна 80% дыялектных фразеалагізмаў складаюцца цалкам з агульнанародных слоў. Тэарэтычна любое паўназначнае слова можа рэалізавацца ў якасці фразеалагічнага кампанента, аднак на практыцы далёка не ўсе агульнанародныя словы аднолькава выкарыстоўваюцца ў фразеалагізмах. З экстралінгвістычнага боку фразеаўтваральная прадуктыўнасць слова залежыць ад актуальнасці абазначанай ім з’явы. Перавагу маюць групы канкрэтных назоўнікаў, якія абазначаюць часткі цела чалавека і матэрыяльныя аб’екты, нешматлікімі з’яўляюцца асабовыя і абстрактныя назоўнікі. Тлумачыцца гэта механізмам стварэння вобразнасці, якая выступае асновай фарміравання і жыцця фразеалагізмаў. “Сіла вобраза – у яго канкрэтнасці” (В.М.Макіенка). Фразеалагізмы маюць пераважна антрапацэнтрычную адрасаванасць і фарміруюцца праз вобразныя пераносы з нечалавечых сфер – свету жывёл, раслін, бытавых, геаграфічных аб’ектаў і інш. Зразумела, і колькасць слоў, адпаведных гэтым сферам, пераважае ў кампанентным складзе фразеалагізмаў.
Абслугоўваюцца фразеалагізмы звычайна традыцыйнымі словамі. Ядро фразеалагічных кампанентаў утвараюць лексічныя адзінкі, якія складаюць аснову слоўніка беларускай нацыянальнай мовы. Фразеаўтваральныя магчымасці слова залежаць ад месца яго ў адносінах да цэнтра лексічна-семантычнай групы (ЛСГ). Найбольшая фразеаўтваральная прадуктыўнасць у тых слоў, якія з’яўляюцца дамінантай ЛСГ. Актыўна праяўляюць сябе пры ўтварэнні фразеалагізмаў мнагазначныя словы, напрыклад: душа, зямля, свет, браць, ведаць, даць, ісці, насіць. Высокай фразеаўтваральнай прадуктыўнасцю характарызуюцца словы, надзеленыя сімвалічным значэннем. Фразеаўтваральны патэнцыял слова павялічваецца і з узрастаннем частотнасці яго выкарыстання.
Лексіка абмежаванага выкарыстання – гэта лексічныя дыялектызмы (і спрадвечнабеларускія, і запазычанні, якія не атрымалі агульнанароднага пашырэння), словы пасіўнага ўжывання, а таксама кампаненты, што не ўжываюцца па-за межамі фразеалагізмаў. Як фразеаўтваральны сродак яна значна ўступае ў колькасных адносінах агульнаўжывальнай лексіцы, сустракаецца прыкладна толькі ў 20% дыялектных фразеалагізмаў, але тым не менш заслугоўвае асаблівай увагі, бо ў многім вызначае спецыфіку дыялектнай фразеалогіі.
2.2.1. Дыялектная лексіка знайшла сваё адлюстраванне больш як у 13% дыялектных фразеалагізмаў. Іх кампанентная структура звычайна мае часткова дыялектнае напаўненне: лексічным дыялектызмам бывае, як правіла, толькі адзін кампанент (гадам у вочы дзыгаць, даць па пыцках).
Наяўнасць і асаблівасці лексічных дыялектызмаў у фармальнай структуры фразеалагізмаў абумоўлены спецыфікай лексічнай сістэмы гаворак, якая забяспечвае фразеалагізмы сваім “будаўнічым матэрыялам”. Фразеаўтваральным кампанентам выступаюць лексічныя дыялектызмы розных вядомых у навуцы тыпаў. Ізаглоса фразеалагізма з лексічным дыялектызмам звычайна супадае з ізаглосай самога дыялектызма. Напрыклад, бусел у беларускіх гаворках называецца па-рознаму: у паўночна-заходніх – бацян, у віцебска-магілёўскіх – буцян, у брэсцка-пінскіх – бусько, у іншых – бусел. Гэтыя адрозненні знайшлі адбітак і ў мясцовых варыянтах фразеалагізмаў: бацян рэпу пасеяў, буцян рэпу пасеяў, бусько рэпу пасеяў, бусел рэпу пасеяў. Фразеалагізм з вузкарэгіянальным дыялектызмам таксама з’яўляецца вузкарэгіянальным. Наадварот, шырэйшыя геаграфічныя межы функцыянавання слова вызначаюць і шырэйшае бытаванне фразеалагізма з гэтым словам.
Дыялектызм з высокім фразеаўтваральным патэнцыялам можа выкарыстоўвацца ў цэлай групе фразеалагізмаў. Прыкладам з’яўляецца слова грыб ‘губа’ (часцей у множным ліку), распаўсюджанае пераважна ва ўсходняй частцы беларускамоўнага арэалу: атвесіць свой грып, грыб задраць, грыб тоўст да кішка тонка, грыбы атвесіць (развесіць), грыбы закапыліць, грыбы замамыліць, грыбы надзьмуць, грыбы распусціць, грыбы рэзаць, грыбы складаць, даць па грыбам, надуць грыбы, раздуць грыбы, растапырваць грыбы, цераз грыб не пераплюне.
Лексічныя дыялектызмы сустракаюцца ў фразеалагізмах дзвюх разнавіднасцей: а) рэгіянальных, невядомых літаратурнай мове; б) агульнанародных, рэалізаваных у выглядзе тэрытарыяльных варыянтаў.
Пад уплывам літаратурнай мовы назіраецца тэндэнцыя да выцяснення дыялектызмаў агульнаўжывальнымі словамі. У сувязі з гэтым набывае пашырэнне фразеалагічная варыянтнасць. Суіснаванне двух семантычна раўнапраўных варыянтаў нярэдка прыводзіць да іх стылістычнай дыферэнцыяцыі. Варыянт з лексічным дыялектызмам на фоне варыянта з агульнанароднымі словамі набывае большую экспрэсіўную афарбоўку. Частка дыялектызмаў атрымала незвычайнае прыцягненне да фразеалагізмаў. Яны, вобразна кажучы, быццам наэлектрызаваны фразеалагічнай энергіяй і абслугоўваюць шэраг фразеалагічных мадэлей. Да прыкладу, на Гродзеншчыне такім можна назваць дыялектызм гарончка ’гарачка’, на Віцебшчыне – каланіца ’калёсная мазь’: гарончка не возьме, гарончка пагнала, гарончка яго ведае, адна каланіца, каланіца носіць, каланіца яго знае, якая каланіца і інш.
Запазычаная лексіка пакінула прыкметны след у афармленні дыялектных фразеалагізмаў. Часцей у складзе фразеалагізмаў сустракаюцца словы тых моў, з якімі беларуская мова кантактавала непасрэдна: польскай, рускай, украінскай, балтыйскіх, нямецкай, ідыш. Найбольшае ўздзеянне на дыялектную фразеалогію аказалі польская, руская і балтыйскія мовы.
Паланізмы актыўна пранікалі ў беларускую фразеалогію на працягу апошніх чатырох стагоддзяў, што выклікана пераважна дзвюма прычынамі. Адна з іх – тэрытарыяльная блізкасць паўночна-заходніх беларускіх гаворак да спрадвечна польскіх. Другая – сацыяльна-гістарычныя і палітычныя працэсы, якія адбываліся ў гэтым рэгіёне і краіне ў цэлым.
У фразеалагізм уваходзіць звычайна толькі адзін лексічны паланізм. Астатнія кампаненты з’яўляюцца словамі спрадвечнабеларускімі.
Частотнасць польскамоўных кампанентаў у структуры фразеалагізмаў значным чынам прадвызначаецца пазафразеалагічнай сістэмай гаворак. Тыя паланізмы, што шырока выкарыстоўваюцца як словы свабоднага ўжывання, часцей сустракаюцца і ў складзе фразеалагізмаў: велькія пацеры, як сам велькі, як свет велькі, велька штука і інш. Паланізмы, якія нерэгулярна і лакальна выкарыстоўваюцца ў дыялекце, звычайна трапляюць у адзінкавыя выразы: ляпаць длугім языком, пляга яго бяры.
Асобныя паланізмы замацаваліся толькі за фразеалагізмамі і як лексемы ў гаворках не функцыянуюць, хоць у мове-крыніцы яны з’яўляюцца словамі актыўнага ўжывання: ставіць фонфры – f№fry ‘капрызы, прыхамаці’, як бэля (бэйля)– bela – ‘цюк, стос, бервяно’.
Паводле паходжання фразеалагізмы, у структуру якіх уваходзяць паланізмы, дзеляцца на некалькі груп: 1. Запазычанні з польскай мовы: голы як свенты турэцкі ‘вельмі бедны, не мае грошай’– goly jak њwiкty tyrecki. Асобныя фразеалагізмы гэтага тыпу на беларускамоўнай глебе атрымалі семантычныя пераўтварэнні: нябескія мігдалы ‘што-н. неверагодна смачнае’ – niebieskie migdaіy ‘штосьці нерэальнае, несапраўднае’. 2. Няпоўныя калькі з польскай мовы – часткова прыстасаваныя да мясцовай гаворкі фразеалагізмы, якія не страчваюць цалкам каларыту іншамоўнасці: як аман у пацерах – jak amen w pacierzu. 3. Спрадвечнабеларускія фразеалагізмы, пераробленыя на польскі лад. Сутнасць такога пераўтварэння ў тым, што беларускае слова-кампанент замяняецца польскім: як серада на пятніцу → як серада на пёнтак. 4. Фразеалагізмы, якія ўзнікалі на беларуска-польскім памежжы, на глебе беларуска-польскага двухмоўя. З пералічаных вышэй груп гэта самыя шматлікія фразеалагізмы, у якіх адзін, радзей два ці ўсе кампаненты маюць польскамоўныя рысы: ад чшыкрульскай буры ‘з мінулых часоў’, як пан пшэнны ‘вельмі добра, у поўным дастатку, раскошна (жыць)’.
Адсутнасць умоў, якія б жывілі і падтрымлівалі польскі элемент у сучасных беларускіх гаворках, выклікае тэндэнцыю да выцяснення набытых у мінулым запазычанняў. Аднак функцыянаванне лексічных паланізмаў у якасці фразеалагічных кампанентаў мае шэраг асаблівасцей: 1. Калі ў гаворцы існуюць два варыянты фразеалагізма, у адным з якіх – паланізм, а ў другім – эквівалентнае беларускае слова, то ўжыванне апошняга варыянта становіцца больш рэгулярным: сэрца пэнкае – сэрца разрываецца. 2. Калі ў лексічнай сістэме гаворкі польскамоўнае слова з’яўляецца адзінай назвай пэўнага паняцця, то і ў складзе фразеалагізма яно не мае варыянтнага адпаведніка: абіваць бонкаў ‘марна траціць час, гультаяваць’ (b№k ‘авадзень’). 3. Значнай устойлівасцю ў фразеалагізмах характарызуюцца сэнсава зацемненыя, незразумелыя польскія словы, якія не асвоены лексічнай сістэмай беларускіх гаворак, напрыклад gnкbiж ‘прыгнятаць, уціскаць, праследаваць’, banialuki ‘лухта, глупства, недарэчнасць, бязглуздзіца’, fioіek ‘дзівацтва’: гнэмбіць муху ‘прыгнятаць, здзекавацца са слабейшага, малодшага’, плесці баналюкі ‘гаварыць абы-што’, фіёлкі ў галаве скачуць ‘хто-н. несур’ёзны, легкадумны, ветраны’. Гэтая, на першы погляд парадаксальная, з’ява тлумачыцца такой вызначальнай асаблівасцю фразеалагізма, як дэсемантызацыя яго кампанентаў. Актыўнасць ужывання фразеалагізмаў у многім падтрымліваецца незразумеласцю кампанента-паланізма: незразумелы – значыць незвычайны, прыцягальны, варты ўвагі. Іншамоўнае слова выконвае не сэнсаўтваральную, а ўзмацняльную, экспрэсіўную функцыю. 4. Асваенне няясных слоў-кампанентаў можа адбывацца пераасэнсаваннем іх з пункту гледжання народнай этымалогіі: абцасам у вочы лезці ‘назойліва прыставаць, невыносна дакучаць’ (абцасам – польск. obcesem ‘дзёрзка, нахабна, бесцырымонна’). 5. Захаванне паланізмаў розных тыпаў можа быць выклікана версіфікацыйнымі прычынамі, у прыватнасці рыфмай: да калёру да выбору, і на свёнткі і на пёнткі.
Пры агульнай тэндэнцыі да выхаду паланізмаў з дыялектнай сістэмы многія з іх стала выкарыстоўваюцца ў структуры фразеалагізмаў. Гэта ў значнай ступені падтрымліваецца экспрэсіўнасцю маўлення. Ужыванне фразеалагізмаў з польскамоўнымі элементамі часта бывае не натуральна-міжвольнае, а наўмыснае, каб надаць выказванню стылістычны эфект жартаўлівасці, іранічнасці, фамільярнасці і інш.
Пэўны ўплыў на дыялектную фразеалогію аказала руская мова, што выклікана сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі працэсамі, якія адбываліся на працягу двух апошніх стагоддзяў. Уплыў гэты ў розныя часы быў неаднолькавы, залежаў ад характару міжмоўных адносін у цэлым. Небывалае пранікненне рускай мовы ва ўсе сферы назіраецца ў наш час. У выніку беларуская мова прыкметна страчвае функцыі, неабходныя для яе натуральнага існавання і развіцця.
Узрастанне ўплыву рускай мовы на беларускую адпаведным чынам адбіваецца і на ступені пранікнення рускамоўных элементаў у кампанентную структуру фразеалагізмаў. Вылучаюцца дзве асноўныя прычыны бытавання рускамоўных элементаў у складзе фразеалагізмаў: 1) непасрэднае фразеалагічнае запазычванне з рускай мовы; 2) уплыў лексічнай сістэмы рускай мовы на кампанентную структуру фразеалагізмаў.
Сярод фразеалагічных запазычанняў нямала выразаў, якія ў абедзвюх мовах супадаюць сваім кампанентным складам: на дарозе не валяецца – на дороге не валяется, наламаць дроў – наломать дров. Ідэнтычнасць фармальнай структуры запазычанняў і іх этымонаў тлумачыцца наяўнасцю ў беларускай і рускай мовах аднолькавых слоў, якія сталі кампанентамі фразеалагізмаў. Такія запазычанні з лёгкасцю ўліваюцца ў гаворкі, праходзячы непрацяглы перыяд адаптавання, і ўспрымаюцца як уласныя натуральныя сродкі. Іншая справа, калі ў гаворкі трапляюць фразеалагізмы са спецыфічным для рускай мовы кампанентным складам. У такім выпадку мова-пазычальніца або калькуе іх, замяняючы неўласцівыя ёй кампаненты сваім матэрыялам, або пакідае без змен, нягледзячы на тое, што адзін ці некалькі кампанентаў фразеалагізма ўспрымаюцца як не свае, як неадпаведныя лексічнай норме. Адсутнасць калькавання можа быць выклікана некалькімі фактарамі: 1. Калькаванне рыфмаваных фразеалагізмаў прывяло б да парушэння сугучнасці, да разбурэння іх як непаўторных адзінак, таму яны запазычваюцца ў нязменным, арыгінальным выглядзе: апяць дваццаць пяць, (слухай) вухам а не брухам, ні адвету ні прывету. 2. Фразеалагізмы з цьмяным кампанентам, пранікаючы ў беларускія гаворкі, захоўваюць сваю унікальнасць, бо незразумеласць унутранай формы, этымалагічнага значэння кампанента не дазваляе падабраць да яго ў якасці замяняльніка адпаведны беларускі лексічны эквівалент: без зазрэня совясці, без сучка без задорынкі. 3. Адна з прычын неперакладнога засваення фразеалагізмаў – псіхалінгвістычная. Валоданне носьбітамі беларускага дыялекту рускай мовай дазваляе ім крытычна падыходзіць да міжмоўнага трансфармавання адзінак, усведамляць, што паслоўны пераклад асобных фразеалагізмаў немэтазгодны, бо можа прывесці да ненатуральных утварэнняў, якія гучаць ні па-руску, ні па-беларуску. 4. Асноўная прычына фразеалагічнага запазычвання, якая накладваецца і на папярэдне разгледжаныя, – гэта існаванне беларуска-рускага двухмоўя. Руская мова настолькі шырока і рэгулярна пачала выкарыстоўвацца ў розных сферах маўленчай дзейнасці, што беларускамоўнымі носьбітамі яна стала ўспрымацца як звычайная, паўсядзённая форма зносін.
Актыўнае пранікненне рускамоўных элементаў у фразеалогію адбываецца і пад уздзеяннем лексікі рускай мовы. Рускія словы, замацаваўшыся ў лексічнай сістэме беларускіх гаворак, аказваюць уплыў на кампанентны склад фразеалагізмаў, спараджаючы фразеалагічную варыянтнасць. Не выключаны выпадкі паралельнага ўздзеяння і фразеалагічнай, і лексічнай сістэм рускай мовы на функцыянаванне канкрэтных выразаў: умом тронуцца, у гроб угнаць.
Славянска-балцкія этнічныя і моўныя кантакты маюць працяглую гісторыю. Вучонымі (археолагамі, этнографамі, гісторыкамі, лінгвістамі) даказваецца існаванне шырокага балцкага масіву на карце старажытнай Усходняй Еўропы. На тэрыторыю, занятую балтамі, з даўніх часоў пачалі пранікаць славяне. Цеснае кантактаванне двух этнасаў спрыяла таму, што ў розныя гістарычныя перыяды беларускія гаворкі (пераважна ў паўночна-заходняй частцы) набылі нямала балтызмаў (часцей літуанізмаў) субстратнага, адстратнага і запазычанага характару. Несумненна, што балцкі ўплыў зведала і беларуская фразеалогія, у прыватнасці яе кампанентны склад. Налічваецца каля 100 фразеалагізмаў, у структуры якіх маюцца лексічныя элементы балтыйскага паходжання. Кампанентам-балтызмам у іх выступае звычайна адно слова, астатнія з’яўляюцца ўласнымі: у стрымбуль пайшоў ‘тонкі і не па гадах высокі’ – стрымбуль < літ. strimbas ‘кветканоснае сцябло цыбулі ці іншай расліны’.
Фактычны матэрыял сведчыць, што кампанент-балтызм у абсалютнай большасці выпадкаў з’яўляецца назоўнікам. Толькі зрэдку ён належыць да разраду дзеяслоўных. Гэта тлумачыцца ўплывам на фразеалогію лексічнай сістэмы, дзе колькасць назоўнікавых запазычанняў таксама пераважае.
Прыкладна толькі шостая частка балтызмаў, засведчаных у лексічнай сістэме беларускіх гаворак, сустракаецца ў складзе фразеалагізмаў. Найбольшай фразеаўтваральнай актыўнасцю характарызуюцца назвы частак цела чалавека ці жывёлы, назвы прадметаў, рэчаў, рэчываў, прыладаў, прыстасаванняў, ландшафтных аб’ектаў і інш: адны рэбры і пялы ‘хто-н. вельмі худы’ – пялы < літ. pjaũlai ‘косці тазабедранага сустава’, хоць у жлукта пасадзі ‘вельмі брудны’ – жлукта < літ. ћlщktas, ћlщktis ‘бочка для замочвання і запарвання бялізны’, ‘замочаная бялізна’.
Удзел балтызма ва ўтварэнні фразеалагізмаў залежыць ад традыцыі яго ўжывання і тэрытарыяльнай пашыранасці. Даўнія балтызмы, з вялікім лінгвагеаграфічным арэалам (напрыклад, скаба, лупа, ляпа) сустракаюцца ў многіх фразеалагізмах: палічыць (пералічыць, палатаць) скабы (скабкі), бярэ за скабы, скабы можна перашчытаць, адны скабы асталіся, як скаба і інш. Балтызмы вузкай лакалізацыі сустракаюцца ў адзінкавых выразах: як шакаль ‘вельмі (тонкі)’ – шакаль < літ. љakalỹs ‘аскепак; верацяно’; даць у шніпас (у шніпары) ‘пабіць каго-н.’ – шніпас (шніпары) < літ. љnмpas ‘рыла’.
У лексічнай сістэме беларускіх гаворак назіраецца паступовая архаізацыя пераважна вузкарэгіянальных балтызмаў. Старэнне і выхад з ужытку слова можа аналагічным чынам адбіцца і на фразеалагізме: яму таксама можа пагражаць знікненне. Шэраг балтызмаў, паступова выходзячы з лексічнага складу, працягвае актыўна выкарыстоўвацца ў фразеалагізмах. Гэтая з’ява ўласціва пераважна выразам, пабудаваным па прадуктыўных мадэлях, здольных утвараць незамкнёныя варыянтна-сінанімічныя рады: задраць ногі – задраць гегні (гегні < gĕgnes ‘рыбалоўная снасць з драўлянай асновай у выглядзе палазоў’).
Паслабленне актыўнасці выкарыстання вузкарэгіянальных лексічных балтызмаў прыводзіць да іх кампаратывізацыі, перараджэння ў фразеалагізмы. Прамежкавым, пераходным звяном у працэсе такога перараджэння выступае параўнальны зварот, у якім балтызм з’яўляецца аб’ектам параўнання. Архаічныя кампаненты па прычыне сваёй незразумеласці зацямняюць кампаратыўныя адносіны элементаў параўнання, і яно з-за гэтага набывае фразеалагічныя якасці: дымба < літ. dimba – як дымба ‘высокі хто-н.’; лут < літ. lщtis – як лут ‘тоўсты, сыты’, ‘укормлены’.
Архаічная лексіка гаворак таксама знаходзіць сваё месца ў кампанентным складзе фразеалагізмаў. У мове заўсёды існуе слой фразеалагічных адзінак, якія з пункту гледжання сінхраніі ўтрымліваюць словы, што выйшлі ці выходзяць з актыўнага ўжытку. Выклікана гэта тым, што асобныя кампаненты фразеалагізмаў адстаюць ад развіцця лексічнай і граматычнай сістэм мовы. Рэшткавыя элементы мінулых моўных сістэм могуць працяглы час захоўвацца ў фразеалагізмах, якія надоўга перажываюць эпоху свайго ўтварэння.
Аналіз фактычнага матэрыялу з асобных гаворак паказаў, што прыкладна 2% дыялектных фразеалагізмаў маюць у сваім складзе словы, якія для гэтых гаворак з’яўляюцца ўстарэлымі. Гэта былыя лексемы неаднолькавай ступені ўстарэласці: адны зніклі з лексічнай сістэмы даўно, другія – адносна нядаўна, трэція яшчэ знаходзяцца ў пасіўным ужыванні. Тут і праславянскія, і ўсходнеславянскія, і ўласнабеларускія, і запазычаныя словы: вуды падцягнула ‘моцна захацелася есці’, паветра яго ведае (знае) ‘невядома’, (браць) у палетнікі ‘(наймаць, запрашаць) тэрмінам на лета, да пакроваў’, падняць бурсу ‘крычаць, сварыцца, лаяць, вызверыцца’.
Кампанентная структура фразеалагізмаў мае непасрэдную залежнасць ад лексічнага складу гаворак. Архаізацыя лексікі ўплывае на лёс фразеалагізмаў і можа прыводзіць да наступных вынікаў: 1. Старэнне слова цягне за сабой старэнне самога фразеалагізма: як віціна ‘вельмі здаровы, моцны хто-н.’(віціна – ‘драўлянае пласкадоннае рачное судна з палубай і парусамі для перавозкі збожжа’), як палаш ‘вельмі востры’ (палаш – ‘від халднай зброі’). 2. Устарэлае слова-кампанент замяняецца сучасным словам: глаголы чытаць (глаголы – ‘першая гадзіна на ютрані’) – газету (газеты) чытаць ‘галадаць (пра каня, карову)’, у летах – у гадах, як перст – як палец, аршын з шапкай – метар з шапкай.. 3. Зацемненасць семантыкі ўстарэлага слова прыводзіць яго да народнаэтымалагічнага пераасэнсавання, да “падгонкі” пад агульнавядомую, зразумелую лексічную адзінку, параўн.: лёстачкамі душу вымаць, лёстачкамі слацца (лёстачкі ‘ліслівыя словы, усхваленні, кампліменты’, ‘падлізванне’) – ластачкамі душу вымаць, ластаўкаю слацца. 4. Фразеалагізм працягвае ўжывацца ў нязменным выглядзе, нягледзячы на тое, што слова, якое з’яўляецца фразеалагічным кампанентам, у лексічным складзе гаворкі страцілася: памаракі высыхаюць ‘аб частковай страце памяці’, узяць троп ‘налаўчыцца (рабіць штосьці)’, чур чуроў <і чурочкаў маіх> ‘ні ў якім выпадку’, ‘выказванне адмаўлення ад чаго-н.’. Выпадзенне кампанента з сістэмных сувязей і адносін прыводзіць да таго, што ён не падпадае пад ціск сучаснага лексічнага ладу мовы. Закансерваваўшыся ў межах фразеалагізма, устарэлае слова становіцца інертным да працэсаў, што адбываюцца ў пластах лексікі. Яно як бы атрымлівае новае, унутрыфразеалагічнае жыццё. Фразеалагізм ад гэтага не пераходзіць у разрад устарэлых, а часта, наадварот, становіцца больш устойлівым, паколькі архаічны кампанент надае яму своеасаблівую “экзатычнасць”, узмацняе экспрэсіўнасць яго значэння.
Нярэдка фразеалагізмы выступаюць адзінымі крыніцамі, якія данеслі да нас з мінулых часоў забытыя цяпер словы і таму маюць выключную інфармацыйную каштоўнасць: задраць кокашы ‘ўпасці, не ўтрымаўшыся на нагах’, ‘ляжаць’, адкінуць какешкі ‘памерці’, на кокашы ‘сагнуўшы ногі ў каленях і трымаючыся на насках (сесці)’ (прасл. *kokŏsь, ст.-бел. кокошъ, кокоша, кокошка ‘курыца, кураводка’).
Можна прывесці яшчэ шэраг фразеалагізмаў з незразумелымі, пакуль што «нерасшыфраванымі» кампанентамі, якія чакаюць свайго вывучэння, патрабуюць спецыяльнага этымалагічнага аналізу: адкінуць кацюты, азграком (зграком) у вочы лезці, аб цусі аб дусі, басарынкі збіраць, браць на антабы, выцягнуць цубары, даць дробзіку, жыць сваім дыем, заткнуць <сваю> пакалатку, зубы зэліць, зяліць галаву, кандубы завярнуць, макрыцы ўсе з’есць, надуць брысі, на цік не прыходзіць, прасовы соўваюць,. увясці убэт, цапстрыкі злажыць, чэрці на кулачках спяць і інш.
Аказіянальная лексіка ў структуры фразеалагізмаў – кампаненты, якія ніколі не выкарыстоўваліся і не выкарыстоўваюцца ў якасці слоў свабоднага ўжывання. Паходжанне такіх кампанентаў звязана з задачамі фразеатворчасці: ствараюцца яны спецыяльна для фразеалагізмаў у працэсе фарміравання апошніх. У навуцы падобныя кампаненты пакуль што не атрымалі тэрміналагічнага вызначэння. Найбольш яны адпавядаюць статусу аказіяналізмаў, бо ў лексічнай сістэме не з’яўляюцца узуальнымі, самастойна ўзнаўляльнымі, па-другое, функцыянуюць заўсёды ў адным і тым жа фразеалагічным кантэксце, не выходзячы за яго межы.
Узнікненне аказіянальных кампанентаў у складзе фразеалагізмаў выклікана: 1) неабходнасцю выразіць устойлівымі зваротамі пэўныя паняцці, для абазначэння якіх гаворкі не мелі фразеалагічных найменняў: на кепство ‘з благім намерам’, у рот зяваль уехаў каму ‘хто-н. часта пазяхае’; 2) імкненнем перадаць сэнс і экспрэсію іншымі фразеалагічнымі сродкамі, пабудаванымі па вядомых структурна-сінтаксічных схемах: заліць слепакі ‘ап’янець, быць п’яным’, даць у грызла ‘пабіць, пакараць, насварыцца на каго-н.’; 3) патрэбамі рыфмы і рытму ў структурна-кампанентнай арганізацыі фразеалагізма: на святыя мігды што не бываюць нігды ‘невядома калі; ніколі’, і ў цюці і ў людзі ‘ўсюды ў адным і тым жа адзенні (хадзіць)’.
У абсалютнай большасці выпадкаў аказіянальным кампанентам уласцівы граматычныя паказчыкі назоўніка. Утвараюцца яны па вядомых словаўтваральных тыпах і мадэлях. Часцей выкарыстоўваецца марфалагічнае ўтварэнне, у межах якога прадуктыўнымі спосабамі з’яўляюцца суфіксальны і нульсуфіксальны, зрэдку – складанне: брацца ў дужкі, (ісці) на аглядкі, аж зёхат ходзіць, на ўмор, ні адзыву ні адрыгу, надаваць (заехаць) па мухаедах. Сустракаюцца семантычныя аказіяналізмы. Яны маюць асобае значэнне, невядомае адпаведным словам ні ў дыялектнай, ні ў літаратурнай лексічных сістэмах, напрыклад: халява ‘рот’ – разявіць (раскрыць) халяву. Рэалізавалася яно аднаразова, толькі ў тых словазлучэннях, якія фразеалагізаваліся. Адпаведныя словазлучэнні маюць мэтавае прызначэнне, складаюцца спецыяльна для фарміравання фразеалагізма. Прычым іх узнікненне і пераасэнсаванне ў фразеалагізмы адбываюцца адначасова, а слова-кампанент з адметным значэннем становіцца “ўласнасцю” фразеалагічнай канструкцыі, як правіла, не выходзіць за яе межы: апалонікі ‘вочы’ – вываліць апалонікі ‘ўважліва глядзець, угледзецца на каго-, на што-н.’, кардан ‘рука’ – трымай кардан ‘фамільярна-грубаваты прывітальны зварот пры сустрэчы з працягваннем рукі’, хлебарэзка ‘рот’ – закрыць хлебарэзку ‘замоўкнуць’.
Спосабам утварэння аказіяналізмаў, заснаваным на гульні слоў, выступае кантамінацыя, або гібрыдызацыя. Напрыклад, у выразе трымаць у цвіку каго ‘строга выхоўваць каго-н., не дазваляць свабодна дзейнічаць’ аказіяналізм цвік утварыўся ад дзеяслова цвічыць ‘муштраваць, караць каго-н.’. Фармальна ён супаў з агульнанародным словам цвік ‘металічны ці драўляны стрыжань з вастрыём на канцы…’. Супадзенне гэта не выпадковае, а наўмыснае, скіраванае на тое, каб сутыкнуць рэальнае значэнне слова цвік з асацыятыўным значэннем, матываваным дзеясловам цвічыць. Сэнсавая дваістасць кампанента цвік працуе на фарміраванне фразеалагічнага значэння і стварае адпаведны канататыўны эфект. Параўн. таксама: басіны спраўляць ‘хадзіць босым’, дрожджы прадаваць ‘трэсціся ад холаду’, заліць галавешку ‘выпіць залішне спіртнога, быць п’яным’, мажджэр скруціць ‘скалечыцца, загінуць’, разіньку прадаваць ‘паводзіць сябе няўважліва, быць разявакам’, спіцы рабіць ‘спаць’, храпавік рамантаваць ‘спаць, храпці’.
Аказіянальныя кампаненты ў большасці выпадкаў маюць унутраную форму, суадносяцца, “пераклікаюцца” каранёвай марфемай ці проста спалучэннем гукаў з якім-небудзь утваральным словам або некалькімі аднакаранёвымі словамі. Унутраная матывіроўка кампанента адыгрывае важную ролю ў фарміраванні вобразнай асновы ўсяго фразеалагізма, у станаўленні фразеалагічнага значэння і захаванні яго празрыстасці. Асабліва маюць патрэбу ў ёй “мінімальныя адзінкі фразеалогіі” (П.А.Лекант) – прыназоўнікава-іменныя канструкцыі, у якіх іменны кампанент выступае асноўным выразнікам унутранай формы фразеалагізма: на бадзякі ‘(пайсці) да суседзяў прабавіць вольны час у размовах’, на пакацістую ‘без меры (гуляць)’, на ўскармлёнкі ‘харчавацца, карміць’, у цяжку ‘цяжарная’, з пустам ‘ні з чым’, пад задзёр ‘супраць шэрсці’, ‘насуперак’.
Зразумеласць аказіяналізма можа дасягацца наяўнасцю яго матывацыйнай базы (аднакаранёвага кампанента) у самім фразеалагізме: адным мірам мірованы, зводы зводзіць, налох налажыць, трэсць трахоллем. Пазбегнуць дэматывацыі аказіяналізмаў дапамагаюць і аднакаранёвыя словы-суправаджальнікі: (буць) у бувальцах, (дзівіцца) у дзіў, (гнаць) у сугон.
Унутраная форма аказіяналізма і яго прадметная суаднесенасць у многім падтрымліваюцца, “падказваюцца” самой фразеалагічнай мадэллю. Напрыклад, утварэнне гыглы само па сабе мае невыразную матывацыйную і сэнсавую празрыстасць. Пэўныя слоўныя абрысы са значэннем ‘зубы’ яно атрымлівае толькі ў фразеалагічным кантэксце гыглы скаліць ‘смяяцца, рагатаць’, які будуецца па мадэлі агульнавядомага фразеалагізма зубы скаліць.
У шэрагу пераважна рыфмаваных фразеалагізмаў сустракаюцца аказіянальныя кампаненты, лексічна нематываваныя. Як правіла, такія фразеалагізмы маюць двухчленную структуру, у якой адзін ці абодва сугучныя кампаненты з’яўляюцца штучнымі, пазбаўленымі якой-небудзь сэнсавай нагрузкі: гандаль-піндаль, лядам-градам, сёлько-только, ні ўгамону ні ўталону, цішком-нішком, не шуні-муні, шатыл-мотыл, цінціль-вінціль. У арганізацыі рыфмаваных пар лексічна-семантычныя і лагічна-сінтаксічныя сувязі адыходзяць на задні план, а на пярэднім плане аказваецца тоеснасць выражэння, якая абумоўлівае эмфатыўную экспрэсіўнасць фразеалагізма.
Незразумеласць кампанента, як правіла, не выклікае тэндэнцыі да архаізацыі фразеалагізма. Устойлівасць і актыўнасць разгледжаных фразеалагізмаў у многім падтрымліваюцца менавіта аказіянальным кампанентам, які, функцыянуючы толькі ў рамках фразеалагізма, не звязаны ці звязаны ўскосна з працэсамі архаізацыі, што адбываюцца ў лексічнай сістэме, і які сваёй прысутнасцю нярэдка вызначае арыгінальнасць, неардынарнасць матэрыяльнай абалонкі усяго фразеалагізма, падтрымліваючы гэтым самым яго “жывучасць”.
Вылучаецца цэлая група фразеалагізмаў, у структуру якіх уваходзіць анамастычны кампанет. У шэрагу фразеалагізмаў знаходзіцца кампанент- т а п о н і м. Часцей за ўсё ім выступае назва населенага пункта (кудла з Ваўкавыска, як у Дуды на фэст), зрэдку – назва іншага аб’екта (зацягнуць на Бэнаву гару, (аддам) на Язапатавай даліні). Да гэтага класу прымыкаюць фразеалагізмы з адтапанімічнымі прыметнікамі (Магдалена галунаўская, як поп бялавіцкі).
Выкарыстанне тапоніма ў якасці фразеаўтваральнага элемента залежыць ад гістарычнай і грамадскай важнасці адпаведнага яму аб’екта. Актыўна ўжываюцца назвы сталічных гарадоў Вільня і Масква, якія мелі выключнае значэнне ў гісторыі краіны.: аж Вільню ўбачыць ‘адчуць незадавальненне ад ужывання чаго-н. кіслага’, <аж>Вільня (-а,-о) відаць ‘вельмі кіслая (страва)’, ‘вельмі рэдкая (страва)’, у Вільню можна заехаць ‘вельмі тупы, ненавостраны (звычайна нож)’, як у Вільні на Кальвары ‘вельмі шумна дзе-н.’, да Масквы ракам не пераставіш (не пераставіць, не пераступіць) каго ‘вельмі многа’, за грош у Маскву збегае ‘вельмі дробязны ў сваёй скупасці, прагнасці, сквапнасці’, хоць у Маскву на выстаўку ‘вельмі добры, заслугоўвае самай высокай ацэнкі’. Айконім Мінск фігуруе ў адзінкавых фразеалагізмах: адна нага ў Мінск, а другая ў Дзвінск у каго ‘хто-н. крываногі’, за капейку вош да Мінска пагоніць ‘вельмі прагавіты, жадлівы’. Тлумачыцца гэта тым, што сталічным Мінск стаў адносна нядаўна і роля яго пэўным чынам зацянялася на фоне саюзнага адміністрацыйнага цэнтра. Адлюстраванне назваў іншых гарадоў Беларусі абласнога і раённага ўзроўняў нязначнае: (крычыць) аж у Крычаве чуваць ‘вельмі моцна’, гатоўка з Полацка ‘хітрун’, як Гродна ‘вельмі (стары хто-н.), вельмі (старое што-н.)’ і інш. У цэлым пераважаюць у структуры фразеалагізмаў назвы вёсак і мястэчкаў, а самі фразеалагізмы характарызуюцца як вузкарэгіянальныя, прывязаныя да пэўнай мясцовасці: Гандзя з Дубна (дубенска), як <той> воўк у Маркунях, (парадак) як у Адэльску, як у Біргалішкі на фэст.
Невялікая колькасць фразеалагізмаў уключае ў сябе тапонімы, адпаведныя аб’ектам іншых дзяржаў: на Гімалаі адправіць, ні ў міры ні ў Сібіры, папасці ў Палястыну, поўны Кітай, цуд над Віслай, (перці) як Сенька з Крыма.
Асновай утварэння фразеалагізмаў з кампанентам-тапонімам выступае вобраз, звязаны з канкрэтнай падзеяй, якая адбывалася ў пэўнай мясцовасці, агульнавядомым гістарычным фактам, характэрным для нейкага населенага пункта. З усёй разнастайнасці вобразаў можна вылучыць некалькі тыповых, паводле якіх у розных гаворках узніклі свае ўласныя фразеалагізмы. Так, некаторыя з вышэйпаказаных фразеалагізмаў са словамі Вільня і Масква маюць вобраз далечыні, вялікай адлегласці. На ўяўленні пра адлегласць заснаваны і выразы на Крычаў праз Бярдзічаў, праз Наваградак у Бенявічы, у Вігушкі праз Дзярвенішкі. Іх значэнне ‘кружным, неапраўдана далёкім шляхам (ісці, ехаць)’ з адценнем іранічнасці рэалізуецца ў дачыненні да таго, хто дабіраецца куды-небудзь не нацянькі, а іншай, намнога далейшай дарогай.
Пашыраным з’яўляецца вобраз таго, хто знаходзіцца ў псіхіятрычнай бальніцы ці ўцёк з яе. У якасці ўтваральнага кампанента выкарыстоўваецца назва населенага пункта, дзе знаходзіцца бальніца. Значэнне фразеалагізмаў ‘дурны, неразумны’ суправаджаецца эмацыянальна-экспрэсіўным адценнем неадабральнасці, грубасці: з Ёдзіч, з Баяраў, ці з Монькаўцаў ці з Баяраў, як з Жодзішак, з Бялавічаў уцёк, з Навінак, з Мэштавіч уцёк.
Са значэннямі ‘памерці’, ‘пахаваць каго-н.’ бытуюць фразеалагізмы эўфемічнага характару, у вобразную структуру якіх уваходзіць слова, што называе сядзібу па імені гаспадара ці іншую мясціну, каля якой (за якой) размешчаны могілкі: вынесці за Бэкіша, вынесці за Бэлька, вынесці за Трышын, вынесці за Ціта, панесці пад Харытона, пайсці да Савіча пад бярозу, пайсці да Чудзілоўскага, пайсці пад Азот, пайсці пад Мазалеўскага адрыну.
Прадуктыўную групу складаюць фразеалагізмы са значэннем якаснай характарыстыкі асобы ці яе дзеяння, пабудаваныя па вобразнай мадэлі “хто адкуль”. Другім кампанентам іх выступае прыметнік, вытворны ад тапоніма: ляйда кабузяцка, Фіт канчаніноўскі, як Круль парузоўскі, як Луца бянейска.
Шматлікімі з’яўляюцца фразеалагізмы, у структуру якіх уваходзіць кампанент-а н т р а п о н і м (ці адантрапанімічны прыметнік). Гэта вельмі разнастайныя сваім паходжаннем фразеалагізмы. Асновай іх утварэння сталі канкрэтныя выпадкі, практычны вопыт, з’явы матэрыяльнай і духоўнай культуры, гістарычныя падзеі, звязаныя з пэўнымі асобамі. Антрапонімы як фразеаўтваральныя кампаненты класіфікуюцца адпаведна іх экстралінгвістычнай крыніцы ў пэўныя тыпы.
Імёны, прозвішчы, мянушкі жыхароў мужчынскага ці жаночага полу той мясцовасці, дзе ўзніклі і бытуюць фразеалагізмы. Экстралінгвістычнай крыніцай такіх фразеалагізмаў выступае: 1) выпадак, удзельнікам якога была канкрэтная асоба: (насіцца) як Адэля з бутэлькаю, (прыліпнуць) як Піліп да Каські, (дарвацца) як Авяр’ян да трыбуны; 2) характарыстыка асобы: як Кірык ‘вельмі шчаслівы’, як Машка ‘здаровая, тоўстая’, як Мірка ‘вельмі неахайны’; 3) характарыстыка асобы з указаннем месца яе жыхарства, знаходжання.: Смэрга гудзініцкая ‘неахайны’, Тубала дубраўлянскі ‘неразумны’, як косцяўскі Алюк ‘неахайны, у рваным адзенні’; 4) прадмет, прыналежны пэўнай асобе, яго стан: як бондарава карова ‘без толку, без справы (бадзяцца)’, як саўкаў бот ‘вельмі, надзвычай (дурны)’, як шыманелевы пчолы ‘шпарка, хутка (разбегчыся, разляцецца)’. Фразеалагізмы адзначаных груп утвараюць цэлы пласт у дыялектнай мове, выступаюць прадуктам “фразеаўтваральнай стыхіі”. Яны ў абсалютнай сваёй большасці застаюцца вузкарэгіянальнымі і ў перспектыве знікнуць наогул. І толькі рэдкія з іх, магчыма, “праб’юцца” ў шырокі ўжытак.
Рэлігійна-біблейскія персанажы. Біблія з’яўляецца крыніцай узнікнення шматлікіх фразеалагізмаў, у якіх знайшлі адлюстраванне імёны розных дзеючых асоб: о Езу(-с) скрыжаваны ‘выказванне розных пачуццяў: здзіўлення, незадавальнення, абурэння і інш.’, конь пана Езуса ‘недалёкі, неразумны, тупы чалавек’, Юда скарывоцкі ‘чалавек, які зводзіць, зманьвае на нядобрае’, (пара) да Адама ‘на той свет’, як Лазар ‘вельмі хворы’. У цэлай групе фразеалагізмаў фігуруе імя нашчадка па лініі Сіма, сына Ноя, Аўраам (Абрам, Абраам, Абрагам, Абраім). Усе гэтыя фразеалагізмы звязаны з паняццем смерці: пайсці (паехаць, трапіць) да Абрама, пайсці (паехаць) да Абрама гавечкі пасвіць, збірацца да Абраама на госці, у Абраіма на вячэры, пайсці да Абрама на піво, пайсці за Абрама замуж. Сустракаецца нямала іншых фразеалагізмаў рэлігійна-біблейскага паходжання, кампанентамі якіх сталі імёны святых: пайсці да святога Спаса ‘легчы адпачываць’, сядзець як Спас ‘мець усяго ў дастатку’, Павел у Пятра карону ўкраў ‘кажуць жартоўна, калі 29 чэрвеня здараецца ў посны дзень’, (набожны) як святога Юр’я (Юрая, Ераго, Юраго) конь, (баяцца) як свенты Міхал д’ябла, (абстарцаваць) як святы Міхал д’ябла. Выключная важнасць Бібліі ў духоўным жыцці грамадства, абагульненасць і тыповасць адлюстравання ў ёй чалавечых узаемаадносін, рэгулярная паўтаральнасць сюжэтаў Святога Пісання ў індывідуальным і царкоўным богаслужэнні спрыяльна ўплываюць на развіццё фразеалагізмаў біблейскага паходжання. Гэта назіраецца ва ўсіх народаў з развітым хрысціянствам.
Імёны гістарычных асоб, часцей за ўсё кіраўнікоў дзяржаў, палкаводцаў, палітычных дзеячаў. Так, фразеалагізм пры пану Зыгмунду ‘вельмі даўно’ ўвабраў у сябе імя Зыгмунт (Сігізмунт, Жыгімонт), якое ў перыяд з 1432 па 1622 год насілі аж тры вялікія князі Вялікага Княства Літоўскага і адзін кароль Рэчы Паспалітай. З імем вядомага дзяржаўнага дзеяча, военачальніка, вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага і караля польскага Сцяпана Баторыя звязаны фразеалагізм помніць караля Батораго (Батуру) ‘стары, даўні, адвечны’. Па адной з ім мадэлі пазней утварыўся фразеалагізм цара <Мікалая> помніць, у якім антрапанімічны кампанент называе аднаго з цароў Расійскай імперыі. Параўн. таксама: за Мікалая (за Мікалаем), пры Ніколаеві. Фразеалагізмы за крулям Сасам, з крулём Сасам як елі пірог з мясам ‘вельмі даўно’ адлюстроўваюць сляды гісторыі, калі ў Рэчы Паспалітай гаспадарыў кароль Аўгуст ІІ Сас (з 1697 па 1733 г.). Дыялектныя фразеалагізмы напамінаюць і пра асоб, менш аддаленых у гістарычным часе: (прагнаць) як Кутуз пранцуза, (глядзець) як Ленін на буржуазію, (ілгаць) як Троцкі, (планы) як у Гітлера.
Імёны персанажаў літаратурна-мастацкіх, літаратурна-песенных ці фальклорных твораў. Сфарміраваліся фразеалагізмы па матывах тых твораў, якія ў свой час вызначаліся шырокай папулярнасцю: даць з-пад Мікітавага лапця агню, як збянтэжаны Саўка, як папа Карла, даставай Язэп гармонік, Марка ганяць, (ганяць) як Марку па пекле, (ісці) як Марка з пекла.
Параўнальна нешматлікую групу складаюць фразеалагізмы, кампанентам якіх з’яўляецца назва р э л і г і й н а г а с в я т а : (спяваць) як воўк на Грамніцы, (завыць) як воўк у Піліпаўку, (яды) як на Дзяды (на Каляды, на Вялікдзень), (наесціся) як на Куццю, (прыгожая) як на Яна, (прыбрацца) як хата перад Тройцаю. У аснове назваў многіх рэлігійных святаў ляжаць уласныя кананічныя імёны. У такой ролі яны страцілі функцыю асабовых імёнаў, пераасэнсаваўшыся ў анамастычныя адзінкі хрысціянскага календара, суадносныя з пэўнымі днямі года: (захацець) на Пятра халадца, (напіцца) як Волесь на Міколу, Барыс Ганне на хлеб (на пірагі) меле.
К л і ч к і ж ы в ё л займаюць нязначнае месца ў структуры фразеалагізмаў: падаіць Лыску ды міску, (выць) як Фанасёва Аза. Толькі клічка Мурза, якая стала выконваць абагульняльную функцыю, ужывацца са значэннем агульнага назоўніка, суадносячыся са словам сука (сучка), сустракаецца ў цэлай групе фразеалагізмаў: як Мурза папова, (набрацца, назапасіць) як Мурза блох, (набрацца) як Мурза маслянкі (жому, заціркі, кішак, костак), (прыстаць) як Мурза да маслянкі, (уляпацца) як Мурза ў зацірку, (папасці) як Мурза ў студню.
У прааналізаваных фразеалагізмах уласнае імя ў многім матывуецца экстралінгвістычнымі фактарамі, суадносіцца з анамастычнымі назвамі рэальных асоб і з’яў. Сустракаецца таксама нямала фразеалагізмаў з лінгвістычнай асновай утварэння, што не маюць пазамоўнай матывацыі ці толькі ўскосна звязаны з канкрэтнымі з’явамі рэчаіснасці. Наяўнасць уласнага імя ў іх складзе выклікана найперш прычынамі, абумоўленымі рознымі механізмамі фразеатворчасці: 1) рыфмай: (аддам) на святы Адам, прайсці Крым і Рым, (харошы) як люлька ў Адошы, (удалося) як той Салосе; 2) заменай агульнага назоўніка ўласнай назвай з мэтай ажыўлення ўнутранай формы фразеалагізма: каб яно возерам (Кроманню) стала!, хто (Яська) у лес, а хто (Манька) па дровы, як рак на гары (на Дамянішкаўскай гары) свісне, як у ваду (у Нёман) кануў; 3) народнаэтымалагічным пераасэнсаваннем агульнага назоўніка: згінь ты марне (Мар’я) прападзі; 4) моўным каламбурам: паехаць у Храпянё(е)ва ‘спаць пераважна з храпам’, выйсці замуж за Лапатэцкага ‘памерці’, Галадніцкі ўбіўся ў хату ‘няма чаго есці, наступіў голад’, Сасноўскі абнімае ‘хіліць на сон каго-н.’, паехаць у Ложкаўцы ‘заснуць, спаць’, у Сапуны (у Сапунцы) пайсці ‘спаць, звычайна пасопваючы’; 5) алагічным ці недэтэрмінаваным спалучэннем антрапонімаў: Кузьма Грышку родны Фёдар, гулянчынага зяця сястры Хрысцінкі сын.
1. Прачытайце тэкст, знайдзіце фразеалагізмы. Зрабіце вывад пра частотнасць іх выкарыстання ў прыведзеным адрэзку маўлення.
Было лето дваццаць трэйцяго іюля. Людзі зажыналі жыто. Немцы пазганялі ўсіх ат малого да вялікаго, мушчын – у адно гумно, жанчын – у другое. Бітую гадзіну трымалі людзей. Аччынілі дзьверы і стралялі па іх. Адна жанчына прадрапала зямлю пад сьцяною гумна, вылязла, думала, што пашкадуюць дзяцей. Дзеці крычалі: “Мамачко, ні пакідай нас!” А яна рвала на сабе валасы. Як пастралялі людзей, немцы сказалі тым, хто с фурманкамі, ехаць за імі. Яны хадзілі па хатах і забіралі іхія рэчы с куфэркаў. І так было страшно, аш язык аднімаўса. Тато расказваў, яшчэ пасьцелі былі нізасланыя. Як цяпер, у вачох стаіць. Была ў міне сястра старша на чатыры гады. Яе зваць было Маруся. І яна таксама загінула. Во так і засталосо ат Княжавоццаў толькі брацка магіла. А я засталаса без роду і племені. Усё адно адальюцца ім сьлёзы нашы, много яны нам папсавалі крыві.
С.С.Сідорык, 1934 г. н.
в. Казакоўцы Маст., 2003 г.
2. Прачытайце тэкст, знайдзіце і выпішыце фразеалагізмы, вызначце, якія з іх агульнанародныя, а якія дыялектныя.
І. От ціпер жызьнь добрая стала. Гэта ні так, як даўней было. Усё людзі маюць. Я ціпер у саўгасі работаю. А як пачну ўспамінаць, што даўней было, дык сьляза вочы так і ахіне. У хаці ні ўзяць ні даць, а сямья вялікая, ратоў много, усе есьці хочуць. І німа дзе ўзяць, бо колькі той зямлі, што кот наплакаў. Ды й што расло на ёй. Бульба ўродзіць зь яйцо, то й гэто добро. Былі такія часы, калі дошч паб’е ўсё жыто. Тады ўжэ галадалі, але ш неяк жылі, канцы с канцамі зводзілі, перабіваліся. А ціпер ужэ жызьнь саўсім другая. Ось як прыедуць мае дзеткі да мяне са сваімі дзеткамі, дак тыя разадзетыя што куклы. Пойдзяш у магазын зь імі бамбэлкаў ці пячэня купіць, людзі ўсё дзівяцца, якія ш харошыя ў мяне ўнучачкі.
М.У.Аўсейка, 1928 г. н.
в. Гарнастаевічы Свісл., 1993 г.
ІІ. У нашы гады такога ні было. Не-не, любы можа сказаць. А зарас разбоўталіся ўсе. Маці с бацькам ні ведаюць, што для сваіх дзетак купляць, а тыя дзеткі на шыю гатовыя сесьці, абы нічога ні рабіць. Здурэлі ўсе, здурэў сьвет. Куды мы дакоцімся с такім жыцям, аднаму Богу вядома. У касьцёл ні ходзяць, ні моляцца, адвярнуліся ад усяго сьвятога, жывуць абы дзень да вечара, парадніліся с чортам.
К.У.Крэўская, 1924 г. н.
в. Дуляўшчына Маст., 1992 г.
ІІІ. І людзі тут усе ні такія, як у нас. Як прыйшла, нават слова ні было с кім сказаць. Што ты, такія ганаровыя, ставілі сабе ніведама што. Хадзілі, задраўшы мазголу. Ні патступіцца. Гэта ціпер яны такія добрыя сталі, хоць на хлеп намазвай. Што адна, што другая. Паглядзелі, што да міне ўсе едуць, і дзеці добрыя, усе хваляць усюды, і жыву добра. А яны сядзяць як крумкачы па сваіх хатах, носа ні высадзяць.
М.М.Жылінская, 1924 г. н.
в. Дарані Свісл., 1992 г.
3. Выпішыце з тэксту фразеалагічныя дыялектызмы, параўнайце іх з літаратурнымі фразеалагічнымі адпаведнікамі. Вызначце, да якога тыпу фразеалагічных дыялектызмаў яны належаць.
І. Была ў магазыні, хацела ўнуку равэрчык купіць, алі дзе там – ні даступіцца. Халера на гэтых аркаголікаў. Купіла аж дзесяць саганоў. А што рабіць. Бізуяса дзень і ноч, кідаяса як муха ў вару, а прыдзя такі бык чухонскі, халера на іх, і яму ўсё што хочаш, а ты хоць пэнкні ат крыку [суразмоўніца працірае анучкай зэдлік, ставіць на стол слоік з малаком, запрашае]. Ешча колькі хочаця. Стары мой наеўса, напісўса, сеў на трактар і прэньдзенька паляцеў. Казала яму: “Пражэнь хоць карову”. Але дзе там! Ні да танцаў ні да ружанцаў. На рабоці то ён круціцца – тут есьць тут німа, а ў хаці такі заваліска. Ну, але казалі, што гэтыя трактарыстыя ціпер будуць грошы мець, то пэўне куплю яму што, а то ў чым у касьцелі у тым у пасьцелі. Кажу яму: “Ты дурны чы не?!” Зыркня вачыма, здаецца, уцяў бы як сабака. Але я ні баюса. Наўчыцельку ўзяла на кватэру.
Я.І.Бондзюш, 1935 г. н.
в. Войтаўцы Гродз., 1992 г.
ІІ. Што ш табе, мая ты дзевачка, расказаць. Ёсь, што й язык ні паварочваецца гаварыць пра тую жысь. Можа зафундуеш які пудэлак цукерак, дык скажу… Ні трэба! Сьмяюся. Ні люблю салоткага, раскажу пра горкая. Засталася я рана сіратой. Расла пры цёцца, а цётка Стэфка ўжо ш благая была баба, нех яе зямелька ні носіць. Кляла й клясьці буду, хоць і ў Бога веру. Гадавалася я ў яе с двума яе сынамі. Дык як да столу, дык Гэнюська, Болюська, а як да работы, дык Стася. І жаць, і малаціць, і ткаць, і кароваў пасьці, карміць, даіць. І хату апратаць, і зварыць, і памыць. А матка найсьвенша! Работы не зьлічыць, а як што зьесьці, дык абжора, прэш ні ў свае духі. Вон, струпач пракляты. Гэта яна мяне так празывала, бо ў мяне с дзецтва нейкая сыпка была на целя. Дык я й ні натта сунулася да тога столу. Хвачу дзе кавалачак цішком, сьлёскамі зап’ю. Так і выкачалася. А тэрас, як я сама сабе хазяйка, жыву ў Ашмяне, дык і я спатрэбілася. Прыходзя яна і будзе казаць: “Вазьмі ты мяне, Стаська, на зіму, адной скучна”. А я маўчу, тылька мысьлю сама сабе: “А сыны – Гэнюсь, Болюсь? Жывуць у Латвіі, распанелі, а табе трэба Стасі хату заваліць”. Падумала так, падумала, дый забрала. Ні кідаць жа адну старую. І ні разу ні ўкрыўдзіла, а ей нех пан Бух сьвенты заплаці.
г. Ашмяны
4. Прачытайце тлумачэніі інфармантаў пра паходжанне асобных вузкарэгіянальных фразеалагізмаў. Вызначыце пазалінгвістычную аснову ўтварэння гэтых фразеалагізмаў.
І. Вёў чалавек вала, прадаць хацеў. Дарога вяла праз лес. Зачырыкала асіна, асіны ш зафша скрыпяць. Чалавеку падалося, што асіна нешта гаворыць. Ён і пытаецца ў асіны: “Што, хочаш вала купіць?” Яна апяць зачырыкала, значыць, хоча. Пытаецца: “Куды яго падзець?” Яна ізноў зачырыкала. “А, прывязаць да цібе? Добра, прывяжу”. Прывязаў. Пытаецца: “Калі будуць грошы? Дзісь? Не? Заўтра? Добра, хай будуць заўтра”. Прыходзіць назаўтра па грошы, а там німа нічога, тылько рошкі ды ношкі засталіся. Што ш тэрас рабіць будзеш? Назат не верняш, трэбуло зразу думаць. Закіраваўся і дахаты пайшоў. Хто яго ведае, можа, калі гэта і праўда была, бо й тэрас часта кажуць: прадаў як асіне вала. Прадаў, а грошы нівядома калі будзеш мець за гэта.
Г.М.Алексеевіч, 1932 г. н.
в. Бастуны Воран., 1992 г.
ІІ. Наша бапка Алеся заўсёды любіла ўспамінаці, што было ў яе час і заўсёды гаварыла: гарэ як Рыгор, бяжыць як Тэкля на кірмаш, лопнеш як васількоўска свінка. Калі мы ў яе пыталіса, што здарыласа з гэтай свінкай, яна казала, што яна ела і ела. Покуль не лопнула. А ці было гэта, ніхто не ведае, німа тых, хто бачыў гэта. Толькі заўсёды, калі ўнукі елі без меры, то бапка Алеся казала: лопнеце як васількоўска свінка.
А.І. Клюкач, 1933 г. н.
в. Галавачы Гродз., 2002 г.
ІІІ. Яшчэ за савецкай уласьцю брыгадзер праводзіў зьбюрку для галасаваня. Склікаў усіх. А да Качаноўскага зайшоў сусет, кап разам ісьці ў клуп. Ну й пачаў Качаноўскі зьбірацца, алі ш жонкі ні было ў хаці. Яна заўсёды рбдзіла і памагала яму, бу сам ён ні мох нават гузік зашпіліць, маруднік быў такі, што сьвет ні бачыў. Качаноўскі прымусіў суседа пасабляць. Той пасабляў, а тады плюнуў ды пашоў. А сам Качаноўскі давай галасіць: «Знайдзі маю жонку, бу на галасаваня спазьнюся!» Так і сталася. Ту цяпер, калі хто маруднік, кажуць – выбіраяся як Качаноўскі на галасаваня.
І.І.Адалеўскі, 1929 г. н.
в. Асіпаўцы Воран., 1998 г