1.5. Збіранне і слоўнікавае апісанне фразеалогіі
Вывучэнне фразеалогіі Гродзеншчыны мае даўнюю традыцыю. Спачатку яно зводзілася да збірання і апублікавання фактычнага матэрыялу. У ХІХ ст. значную ролю ў гэтай справе адыгралі вядомыя фалькларысты, этнографы, мовазнаўцы. Тады фразеалагізмы яшчэ не разглядаліся асобна, іх разам з іншымі выразамі змяшчалі ў зборніках прыказак і прымавак. Сярод апублікаванага калекцыі некаторых даследчыкаў з’яўляюцца асабліва каштоўнымі.
Непараўнальны для свайго часу па аб’ёме і змесце фразеалагічны збор належыць М.Федароўскаму, аўтару капітальнай працы – чацвёртага тома «Люду беларускага» (Варшава, 1934) [81]. У ХІХ ст. і пазней аж да 60-х гадоў ХХ ст. яшчэ не было выразнага разумення фразеалагізмаў як асобных адзінак, у зборніках яны падаваліся разам з прыказкамі і кваліфікаваліся як прымаўкі. Такой традыцыі трымаўся і М.Федароўскі. У яго калекцыі налічваецца 28000 картак з прыказкавымі, фразеалагічнымі і іншымі нататкамі. Не ўсё з гэтага багацця апублікавана. Чацвёрты том выйшаў у свет пасля смерці аўтара. Пры падрыхтоўцы яго да друку многае з рукапісных матэрыялаў па розных прычынах было апушчана. Уключана ў том толькі 13231 выслоўе.
У гэтай шматлікай масе моўных адзінак, пераважна прыказак, значнае месца адведзена фразеалагізмам. Паводле нашых падлікаў, іх (маюцца на ўвазе тоькі адзінствы і зрашчэнні) тут больш за 3300. Лічба для фразеалагічнага збору досыць вялікая.
Паводле І.Я.Лепешава, “4-ы том “Люду беларускага…” з поўнай падставай трэба лічыць першым беларускім рэгіянальным слоўнікам прыказак і фразеалагізмаў, у якім найбольш поўна адлюстравана фразеалагічнае (агульнанароднае і дыялектнае) багацце групы гаворак заходняй Беларусі” [33, с. 251] канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Занатаваныя фразеалагізмы розныя паводле сферы ўжывання. Большасць належыць мове сялян, некаторыя запісаны у шляхецкім асяроддзі. Адны фразеалагізмы выступаюць агульнанароднымі, другія – міждыялектнымі, трэція – вузкарэгіянальнымі. Праведзены намі статыстычны аналіз паказаў, што звыш паловы фразеалагізмаў (каля дзвюх тысяч) не фіксуюцца слоўнікамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Многія з іх, арыгінальныя, непаўторныя сваёй вобразнай асновай, і сёння актыўна ўжываюцца ў беларускіх гаворках, пра што сведчаць дыялектныя слоўнікі: адзін другога не пераважыць (6001) ‘вельмі падобныя, аднолькавыя, адзін не лепшы за другога’, аж кішка прутам стала (5205) ‘залішне многа (наесціся)’, ані баліць ані свярбіць каму (405) ‘абсалютна аднолькава для каго-н., не хвалюе, не кранае каго-н.’, (мяшаць) гарох з капустай (2705) ‘(мяшаць) розныя несумяшчальныя рэчы’, дзе горкі перац расце (6386) ‘прэч (ісці, прагнаць)’, зайца (зайчыка) злавіць (9551) ‘ідучы, упасці на зямлю, падлогу’, за халодную воду ні возьмецца (8589) ‘нічога не хоча рабіць’, купіць свінню і то яшчэ з парасятамі (8156) ‘напіцца’, пайшла кішка па раду (3815) ‘стала разносіцца ад аднаго да другога якая-н. чутка, плётка’, ражном пароць (6836) ‘моцна дапякаць, раздражняць’, скура гаворыць на кім (8735) ‘хто-н. залішне рухавы, неспакойны’, сухая арэнда (6852) ‘дармаўшчына, тое, што за нішто дасталося каму-н.’, таўкач кашы пакажа (8223) ‘хто-н. будзе пакараны’, у кішэні сядзець у каго (3808) ‘знаходзіцца ў поўнай залежнасці ад каго-н.’, што ў касцелі то ў пасцелі (3680) ‘на кім-н. адно і тое, на ўсе выпадкі жыцця адзенне’, шылам кашу (хлеб) есці (6711) ‘не мець сродкаў для існавання’, (пекна) як кветка сярод летка (6103) ‘вельмі (прыгожая)’.
Уражвае, якую вялікую лінгвагеаграфічную прастору здолеў ахапіць М.Федароўскі: Гродзенскі, Сакольскі, Беластоцкі, Бельскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Навагрудскі, Слуцкі, Лідскі, Вілейскі, Свянцянскі, Ашмянскі паветы. Сустракаюцца запісы і з іншых паветаў: Брэсцкага, Пружанскага, Ігуменскага, Мінскага, Барысаўскага, Віленскага. Улічваючы, што М.Федароўскі не злоўжываў паслугамі карэспандэнтаў, а стараўся рабіць запісы сам, можна ўявіць, колькі сіл і часу давялося яму затраціць, каб абхадзіць, аб’ездзіць многія куточкі такога абшару. Як слушна заўважае Ф.Янкоўскі, “у гэтых адносінах з матэрыяламі М.Федароўскага не могуць спаборнічаць матэрыялы ні яго папярэднікаў, ні яго сучаснікаў” [73, с. 278]. Найбольшая колькасць запісаў зроблена ў Ваўкавыскім і Слонімскім паветах – у месцах сталага пражывання на працягу многіх гадоў.
У працы М.Федароўскага, як ужо гаварылася, фразеалагізмы не даюцца асобным раздзелам. Знаходзім іх у розных пазіцыях: і цэлымі гнёздамі, і паміж прыказак з адпаведнай паслядоўнай нумарацыяй. Нярэдка яны выступаюць структурным элементам, будаўнічым матэрыялам самой прыказкі: Хто грошай не шануе, сам гроша ні варт (3052); Чужая крыўда бокам вылазіць (4071); Пазволь бабе пагуляць, паверх галавы пойдзе (263).
Перад складальнікам непазбежна паўставала пытанне, якім спосабам размяшчаць фразеалагізмы і прыказкі. У тыя часы дый пазней найбольш практыкаваліся алфавітны ці тэматычны спосабы адлюстравання такіх адзінак. М.Федароўскі ўбачыў, што выкарыстанне гэтых спосабаў у выніку прыводзіць да пэўных нязручнасцяў. Пры мэтавым адшукванні таго ці іншага выразу чытач нярэдка вымушаны праглядаць цэлую частку слоўніка, а то і ўвесь слоўнік ад пачатку і да канца. М.Федароўскі заўважыў рацыянальнасць іншага спосабу, які практыкаваўся тады слаба. Гэта размяшчэнне матэрыялу па апорных словах. Такі парадак сістэматызацыі і быў узяты на узбраенне. Яго мэтазгоднасць пацвердзіла далейшая фразеаграфічная практыка. Сёння грунтоўныя фразеалагічныя слоўнікі і беларускай, і ўкраінскай, і рускай, і іншых моваў створаны менавіта такім спосабам. Яго пачынаюць выкарыстоўваць і парэміёграфы. Нашы разважанні зводзяцца да таго, што М.Федароўскі быў не толькі руплівым збіральнікам, але і кваліфікаваным стратэгам у выбары метадычных падыходаў. Не маючы спецыяльнай філалагічнай адукацыі, ён ужо стагоддзе назад усвядоміў перспектыўнасць спосабаў укладання слоўніка, да якіх сучасныя навукоўцы прыйшлі адносна нядаўна.
Важная асаблівасць запісаў М.Федароўскага – гэта іх аўтэнтычнасць, адпаведнасць арыгіналу. Даследчыкі ХІХ ст. (за выключэннем Я.Ляцкага) не вельмі клапаціліся пра дакладнае фанетычнае адлюстраванне сабранага матэрыялу пры яго апублікаванні. Напрыклад, І.Насовіч не адлюстроўваў такія рысы беларускай моўнай сістэмы, як аканне і яканне, зацвярдзенне некаторых зычных, ў (нескладовае), спецыфічныя канчаткі і інш., падмяняючы іх рускамоўнымі: ани горhлаго шелега нема, бывъ и въ коле и въ мяле, вовка стрlhв, вочи по яблоку, голова съ орhхъ, в ложцh утопивъ бы. М.Федароўскі не дапускаў падобных вольнасцяў у абыходжанні з фактычным матэрыялам, “ён лічыў, што нядобрасумленнасць запісаў, абыякавасць ці нядбайнасць у працы, а тым больш выдумка, адвольная фантазія – недаравальная справа ў навуцы” [49, с. 138]. Карыстаючыся графікай польскай мовы, М.Федароўскі пэўным чынам дастасаваў яе да беларускага вымаўлення і стараўся па магчымасці перадаваць на пісьме пачутае без скажэнняў, з захаваннем як агульнабеларускіх, так і рэгіянальных асаблівасцяў: jak z niиba spаŭ (5341), z pustтho ŭ parтїnieje piдraliwаж (5984), apuњciж krỳіa (4065).
Адлюстраванне фразеалагізмаў суправаджаецца абавязковай іх пашпартызацыяй – называннем павета, у якім быў зроблены запіс. Акрамя таго, фразеалагізмы паказваюцца на агульнаславянскім фоне. М.Федароўскі ажыццявіў, здавалася б, неверагоднае, чаго не ўдалося зрабіць яшчэ ніводнаму даследчыку. Беларускія фразеалагізмы і прыказкі ён супаставіў з адпаведнікамі ў суседніх славянскіх мовах – польскай, украінскай, рускай, чэшскай. Давялося прааналізаваць больш за сто тысяч выразаў і іх варыянтаў з дваццаці шасці выданняў. Дзеля гэтага было затрачана некалькі гадоў напружанай працы.
Хоць прыказкі і фразеалагізмы М.Федароўскі падаваў разам, але тым не менш адчуваў розніцу паміж імі. Пра гэта сведчыць слоўнікавая распрацоўка апошніх. Большасць фразеалагізмаў забяспечана дэфініцыяй. Выкарыстоўваюцца сціслыя тлумачэнні: бачыўся з шкляным Богам – напіўся (661), ката ў нос пацалуе – дарэмная фатыга (3957), як з голкі зняты – новы, свежы (2904). Нярэдка прыводзяцца разгорнутыя тлумачальныя формулы: голас у голас, волас у волас – вялікае падабенства як паміж людзьмі, так і жывёламі (2902), кулачок пад бачок – калі бракуе пасцелі; няма на чым спаць: ні сянніка, ні падушкі (4103).
Для лепшага асэнсавання фразеалагізмаў, утвораных на аснове фальклорных твораў (анекдотаў, жартаў, народных апавяданняў), рэальных гістарычных ці сацыяльна-бытавых фактаў, дадаюцца самі гэтыя творы ці кароткія этымалагічныя нататкі. Напрыклад, да фразеалагізма (спяшацца) як той мужык з оцтам (8089) прыводзіцца жарт: “Як той мужык пайшоў па воцат для жонкі, то вярнуўся праз сем гадоў і то ў сенях упаў з бутэлькаю, разбіў і кажа: “От табе паспех!” Не жарт, як спяшаўся – сем гадоў воцат нёс”.
Пры фразеалагізмах знаходзім розную іншую інфармацыю пра іх (сфера ўжывання, сітуацыйная характарыстыка, паходжанне): ідзе на дым – Выраз паляўнічы. Пасля нятрапнага стрэлу звер кідаецца на паляўнічага (3222); ад пекла адарваўся, да неба не дастаўся – Рэнегат, адшчапенец. У выпадку, калі хтосьці ўчыніць няўдалыя замены – пераходзіць на іншую веру, змяняе службу, месца, пасаду і г.д. (6090); ні адвету ні прывету – з расейскага (98).
М.Федароўскі – адзін з першых, хто заклаў асновы практычнай беларускай фразеаграфіі. Пры распрацоўцы слоўнікавага артыкула ён кіраваўся (хоць не заўсёды паслядоўна і рэгулярна) правіламі, якія сёння лічацца абавязковымі пры складанні слоўнікаў. Гэта, напрыклад, адлюстраванне варыянтнасці. Даследчык уважліва ставіўся да варыянтаў, занатаваў вялікую іх колькасць, нават планаваў паказаць іх у геаграфічным парадку, ідучы ад усходніх паветаў да ўласна польскай тэрыторыі. Праўда, многія варыянты пры падрыхтоўцы 4-га тома дзеля эканоміі друкаванай плошчы былі апушчаны выдаўцамі. Тым не менш значная частка іх захавалася, выяўляючы ўсе тыпы варыянтнасці, найперш лексічнай: гані (шукай) ветру ў полі (полю) (2658), дзе нашо ні прападае (ні пераходзіць) (5249), з’ехаў на пусты (ліхі) канец (3569), качаецца як свіння ў балоці (берлагу) (3503), на языку і рак (халодная жаба) ні спячэцца (3336), язык як мента (менця) (3311). У граматычна зменных фразеалагізмаў часткова паказваюцца іх марфалагічныя формы: аж мурашкі па целе пабеглі (бегаюць) (5037), за што купіў (-ла) за тое прадаю (прадае) (4132), у кульгаваго кій адняў (аднімаюць, аднялі) (4102).
Важнае значэнне М.Федароўскі надаваў спалучалнасці фразеалагізмаў, бо гэта адзін з асноўных спосабаў раскрыцця, удакладнення, пацвярджэння фразеалагічнай семантыкі. Фразеалагізмы з валентна абмежаваным значэннем даюцца ў адным кантэксце з абавязковымі словамі-суправаджальнікамі: гаворыць ні ў пяць ні ў дзевяць (2799), гладка як аладка (галка) (2857), грошай як у чорта (3066), кусочак з камаровы насочак (4169), ляпнуў як з пастала (4225), наеўся круп шылам (4044). Да фразеалагізмаў з канструкцыйна абмежаваным значэннем, якія рэалізуюцца ў строга акрэсленай сінтаксічнай канструкцыі, прыводзяцца займеннікавыя ці іншыя паказчыкі, што абазначаюць абавязковую залежную форму: грахі з каго знімаць (3026), цягнуць каго за язык (3302), сесць каму на карку (3603), у яго язык доўгі (3347), яго (яе) кошка за адну вячэру з’ела (3931).
Як бачым, фразеалагізмы прыводзяцца ў міні-кантэкстах, у фрагментах маўленчага выкарыстання. Нярэдка для большага разумення значэння фразеалагізма дадаюцца ілюстрацыйныя прыклады, запісаныя ад носьбітаў гаворак. Параўн. ілюстрацыі да фразеалагізмаў ані языка ні ўваткнуць (3298), у рамачкі асадзіць (6768): Хоць пан заняў маю карову ў хлеў, але, дальбо, паночку, яна ані языка ў панскі лес ні ўваткнула; Ні жарт які пекны, хоць яго ў рамачкі асадзі.
Сабраныя М.Федароўскім больш чым стагоддзе назад фразеалагізмы нельга разглядаць толькі як гістарычныя факты мовы. Яны маюць вялікае значэнне для сучаснай практычнай і тэарэтычнай лінгвістыкі. Да іх звяртаюцца фразеографы пры вызначэнні норм літаратурнай мовы, этымолагі пры высвятленні вытокаў асобных выразаў, славісты пры тыпалагічным даследаванні фразеалогіі роднасных моваў. Гэта найкаштоўнейшы матэрыял для складання зводнага слоўніка фразеалагізмаў беларускай нацыянальнай мовы, для вывучэння фразеалогіі ў яе гістарычным развіцці.
Традыцыя збіральнікаў ХІХ ст. не адмяжоўваць фразеалагізмы ад прыказак, падаваць іх разам працягвалася і далей, не страцілася яна ў працах фалькларыстаў і сёння. На працягу ХХ ст., асабліва ў пасляваенны перыяд, апублікавана шмат зборнікаў і падборак прыказак і прымавак, густа “перасыпаных” фразеалагізмамі. Важнае месца сярод іх займаюць “Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі” (1957) Ф.Янкоўскага, “Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі” (1958) Я.Рапановіча. Пералік гэтых прац дапаўняецца буйнымі акадэмічнымі выданнямі з серыі “Беларуская народная творчасць”: “Прыказкі і прымаўкі. У 2 т.” (1976), “Выслоўі” (1979). Апошняе з названых выданняў з’яўляецца асабліва каштоўнай крыніцай фразеалагічнага матэрыялу. Нетэрміналагічнае паняцце “выслоўі” дазволіла складальнікам аб’яднаць фальклорныя адзінкі розных тыпаў, у тым ліку вялікую колькасць фразеалагізмаў. Напрыклад, у раздзеле “Ганьбаванне і абзыванні” (с. 241 – 273) іх 139, у раздзеле “Трапныя, смешныя і ўстойлівыя выразы” (с. 27 – 136) – 1243. З навейшых спецыяльных парэміяграфічных выданняў, складзеных на дыялектнай аснове, трэба адзначыць зборнік В.Д. Ліцвінкі і Л.А.Царанкова “Слова міма не ляціць” (1985). Ён насычаны фразеалагізмамі, якія складаюць прыкладна адну чацвёртую частку ад 3835 распрацаваных моўных адзінак.
Фактычны матэрыял у пералічаных выданнях сабраны ў розных рэгіёнах Беларусі, у тым ліку і на Гродзеншчыне. Вынікам спецыяльнага вывучэння прыказкавага і фразеалагічнага складу гаворак Гродзеншчыны стала праца Т.Ф.Сцяшковіч “Прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы, выслоўі народных гаворак Гродзенскай вобласці” (1968) [63]. У гэтым зборніку прыказкі і фразеалагізмы не аддзяляюцца, падаюцца разам, агульным спісам у алфавітным парадку. Тлумачэнне іх значэння, а таксама ілюстрацыйныя сказы прыводзяцца зрэдку, але паслядоўна вытрымліваецца пашпартызацыя запісанага:
Адным серцам с’в’ету ни запал’иш (Магуны, Воран. р).
Адным швом / Хутка; Ус’о адным швом, то на двор, то з двара ў хату (Міхалкі, Свісл. р).
Адны пануйуц’, друг’ийа гаруйуц’ (Сакалова, Слон. р).
Агульная колькасць слоўнікавых выразаў у працы Т.Ф.Сцяшковіч звыш 1700, фразеалагізмаў сярод іх каля 400 адзінак.
Навуковае асэнсаванне фразеалагізмаў як спецыфічных моўных з’яў, адрозных ад прыказак, прывяло да неабходнасці іх спецыяльнага вылучэння і асобнага слоўнікавага апісання. Невыпадкова другое выданне зборніка “Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі” Ф.Янкоўскага выйшла пад назвай “Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы” (1962).
Фразеалагічную навуку не маглі задаволіць спісы “голых” фразеалагізмаў, адлюстраванне іх толькі фармальнай структуры. Паўстала задача стварэння фразеалагічных слоўнікаў, у якіх давалася б рознабаковая характарыстыка фразеалагізмаў, заснаваная на вопыце лексікаграфіі. Першы такі слоўнік – “Б е л а р у с к а я ф р а з е а л о г і я : Ф р а з е а л а г і з м ы , і х з н а ч э н н е , у ж ы в а н н е” (1968) Ф.Янкоўскага [74]. У кнізе больш за 1000 безадсылачных слоўнікавых артыкулаў, у якіх прыводзяцца фразеалагізмы, сабраныя аўтарам у шматлікіх рэгіёнах Беларусі. Фразеалогія Гродзеншчыны ў ім найбольш пададзена з Ваўкавыскага, Навагрудскага, Карэліцкага і Слонімскага раёнаў. Характарызуюцца фразеалагізмы з боку іх семантыкі, варыянтнасці, граматычнай сувязі з кантэкстам, эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі, даецца багаты ілюстрацыйны матэрыял, часам – этымалагічная даведка.
Слоўнік Ф.Янкоўскага стаў узорам складання наступных даведнікаў падобнага тыпу, сярод якіх “С л о ў н і к б е л а р у с к а й н а р о д н а й ф р а з е а л о г і і” (1972) Е.С.Мяцельскай і Я.М.Камароўскага [41]. Створаны ён на аснове запісаў пераважна з Стаўбцоўскага і Слуцкага раёнаў, мае 2012 артыкулаў разам з 721 адсылкай. Пэўная частка фразеалагізмаў запісана і на Гродзеншчыне, найбольш у Навагрудскім і Слонімскім раёнах.
Першай спробай складання дыялектнага фразеалагічнага слоўніка Гродзеншчыны з’яўляецца дадатак у “С л о ў н і к у Г р о д з е н с к а й в о б л а с ц і” (1983) Т.Ф.Сцяшковіч [64] пад назвай “Фразеалагізмы”. Пабудаваны ён у адпаведнасці з выпрацаванымі на той час правіламі фразеаграфіі. Фразеалагізмы падаюцца ў алфавітным парадку і суправаджаюцца тлумачэнем значэння, ілюстрацыйным прыкладам, пашпартызацыяй, часам стылістычнымі паметамі:
САЛЯВЫ МЕХ іран. Нязграбны, нядужы чалавек. С паўв’ярсты н’и прайшоў, а ўжо засопс’а, н’а быў бы то сал’авы м’ех. Валеўка Навагр.
У слоўніку распрацавана ўсяго 647 адзінак. Сярод іх уласна дыялектных фразеалагізмаў – 330, напрыклад: абы ногі, біць як дурны ў дзверы, вырабляцца з скуры, давесці да вушэй, званіць зубамі, на ўсеньку покалатку; дыялектных варыянтаў агульнанародных фразеалагізмаў – 102: бібікі абіваць, вады ў лыжцы не замуціць, вачэй не злажыць, выкінуць з думкі, даць у костку, замаўляць зубы; агульнанародных фразеалагізмаў, вядомых з такім афармленнем і значэннем літаратурнай мове – 190: апускаць рукі, бокам выйсці, вешаць нос, гарой стаяць, даць перцу, з усіх ног, лезці ў вочы, піва не зварыш, як на падбор. 25 адзінак уключаны выпадкова, яны не маюць цэласнага значэння і да катэгорыі фразеалагізмаў не адносяцца: адбіць ахвоту, глупства гарадзіць (плесці), гора гараваць, з’есці кальво, ні толку ні парадку.
Згаданыя фразеалагічныя слоўнікі аб’ядноўвае тое, што ў іх змешчана не выключна дыялектная фразеалогія, а так званая народная – і рэгіянальная, і агульнаўжывальная (літаратурная), якая мае дыялектныя вытокі.
Наступны этап у развіцці беларускай дыялектнай фразеаграфіі – стварэнне даведнікаў рэгіянальнай фразеалогіі. Праца І.Я.Лепешава над двухтомным літаратурным “Фразеалагічным слоўнікам беларускай мовы. У 2 т.” (1993) дазволіла гэтаму навукоўцу паралельна стварыць дыялектны слоўнік новага тыпу – дыферэнцыяльны. У кнігу І.Я.Лепешава “З н а р о д н а й ф р а з е а л о г і і” (1991) [32] уключана (пераважна з Гродзеншчыны і Віцебшчыны) каля 700 фразеалагізмаў, невядомых літаратурнай мове, а таксама не адзначаных у ранейшых дыялектных слоўніках іншых аўтараў. Кніга пабудавана з выкарыстаннем апошніх дасягненняў фразеалагічнай навукі. Шырока паказана варыянтнасць фразеалагізмаў, даецца іх дакладная граматычная кваліфікацыя, спалучальнасць са словамі кантэксту, стылістычня і семантычная характарыстыка. Прыводзіцца ілюстрацыйны матэрыял, які пацвярджае навуковую інфармацыю пра фразеалагізм і дае поўнае ўяўленне пра функцыянаванне яго ў маўленні. Элементам некаторых слоўнікавых артыкулаў выступае кароткая этымалагічная даведка: каля 80 фразеалагізмаў атрымалі рэальна-гістарычны каментарый. Напрыклад, узнікненне фразеалагізма на скарб панства ‘ў глум, безвынікова; упустую, дарэмна (пайсці, рабіць і пад.)’ этымалагізуецца так: “Выраз склаўся на аснове польскага састаўнога тэрміна Skarb panstwa ‘дзяржаўнае казначэйства’ як іранічная рэакцыя заходнебеларускага сялянства на штрафныя квіткі, што выдаваліся секвестратарамі пры грашовым ці іншым спагнанні за нядоімкі, недазволенае рыбалоўства, збіранне ў лесе грыбоў, ягад і пад.’ ”. Істотным элементам слоўнікавага артыкула з’яўляецца супастаўленне загаловачнага фразеалагізма з яго літаратурным адпаведнікам ці з выразам, зафіксаваным у іншых фразеаграфічных працах, зборніках або ў творах пісьменнікаў. Яно дазволіла, па-першае, пакінуць за межамі слоўніка тыя выразы, якія ўжо дзе-небудзь апублікаваны, па-другое, паказаць фармальную ці семантычную адметнасць фразеалагізмаў у параўнанні з тымі, якія ўжо зафіксаваны ў іншых крыніцах. Строгая і паслядоўная дыферэнцыяцыя фактычнага матэрыялу спрыяла таму, што ў слоўнік трапіла шмат арыгінальных фразеалагічных адзінак, якія можна лічыць рэзервам беларускай літаратурнай мовы, крыніцай яе узбагачэння, напрыклад: адным куском удавіцца ‘цвёрда пільнавацца аднаго каго-, чаго-н.’, Богу маліцца на каго, на што ‘занадта шанаваць каго-, што-н., пакланяцца каму-, чаму-н.’, горла смаляное ў каго ‘хто-н. беспрабудны п’яніца’, на вушах стаяць ‘вельмі сваволіць, дурэць, рабіць што захочацца’, пер’ечка абіраць каля каго ‘вельмі дагаджаць каму-н., далікатна ставіцца да каго-н.’, пускаць пад ногі што ‘не зважаць на што-н., не трывожыцца, не задумвацца над чым-н., не надаваць значэння чаму-н.’, рэдзьку драць ‘сварыцца’.
Прыкладна на такіх прынцыпах грунтуецца і “С л о ў н і к д ы я л е к т н а й ф р а з е а л о г і і Г р о д з е н ш ч ы н ы” (2000) М.А.Даніловіча [16]. У слоўнік уключаны фразеалагізмы, сабраныя аўтарам на працягу 20 гадоў (з 1980 па 2000) ва ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці і часткова памежных раёнах іншых абласцей (напрыклад, Баранавіцкім, Валожынскім). У працэсе сістэматызацыі сабранага матэрыялу перад аўтарам непазбежна ўзнікла пытанне пра тып слоўніка. Была аддадзена перавага дыферэнцыйнаму тыпу слоўніка. Аб’ектам апісання сталі фразеалагічныя адзінствы і зрашчэнні дыялектнага характару. Галоўны прынцып адбору фразеалагізімаў – адсутнасць іх у літаратурнай мове. Пад увагу ўзяты адзінкі, якіх няма ў “Фразеалагічным слоўніку беларускай мовы” І.Я.Лепешава – найбольш поўным даведніку літаратурнай фразеалогіі. З фармальна-семантычнага боку яны дзеляцца на тры дыялектныя разрады: а) уласнафразеалагічныя дыялектызмы, яны не маюць адпаведнікаў з такім лексічным складам і структурай, з такой унутранай формай у літаратурнай мове: легчы ў карыта і чакаць пакуль свінні з’ядуць ‘не праяўляць настойлівасці, не прыкладваць намаганняў для ажыццяўлення чаго-н., займаць пазіцыю чакання’; б) разнастайныя рэгіянальныя варыянты агульнанародных фразеалагізмаў: скеліць зубы, лезці смаліцай у вочы, жабу на языку не спячэш, ні ў зуб нагой ні ў рыла лапцем; в) фразеалагічна-семантычныя дыялектызмы – адзінкі з іншым, чым у літаратурнай мове, значэннем: душой загавець ‘стаць бяздушным, неспагадлівым, абыякавым’.
Дыферэнцыяцыя фактычнага матэрыялу праведзена не толькі на фоне фразеалогіі літаратурнай мовы. Не падпалі пад слоўнікавае апісанне і тыя рэгіянальныя звароты, якія ўжо адлюстраваны ў іншых беларускіх дыялектных фразеалагічных слоўніках. Такім чынам, слоўнік увабраў у сябе сучасную дыялектную фразеалогію гаворак Гродзеншчыны і ў цэлым не паўтарыў інфармацыю папярэдніх спецыяльных фразеаграфічных выданняў.
Аб’ём слоўніка – 2167 слоўнікавых артыкулаў. Сістэма афармлення слоўнікавага артыкула прыкладна такая, як і ў кнізе І.Я.Лепешава “З народнай фразеалогіі”. Пэўную адметнасць мае даведкавая частка, калі даюцца кароткія этымалагічныя звесткі пра фразеалагізм, тлумачацца запазычаныя словы-кампаненты, паказваецца іх графічнае абазначэнне і семантыка ў мове-крыніцы, раскрываецца сэнс ці спосаб утварэння дыялектных, устарэлых, этымалагічна цьмяных, аказіянальных слоў, якія сталі кампанентамі фразеалагізмаў. Гэта часткова надае слоўніку характар этымалагічнага даведніка, напрыклад:
Х а д з і ц ь АД ГАРОДА (-У) ДА ПІЛАТА (-У) (ДА ПЛОТА). Неадабр. Без справы, без мэты (хадзіць). Як некалі жыла Таліха?.. Ні глядзела сваёй работы. Устаніць, карову выведзіць, печы ні цепліць, а пайшла па вёсца на цэлы дзень. Вось і казалі на яе: ходзіць ад гарода да пілата. Косцевічы Астр. За цэлы дзень нічога не зрабіла, хадзіла ад гарода да плота. Ляпёшкі Іўеў. Што ты ходзіш ат пілата да гарода?! Вялікія Свіранкі Астр. Схадзі ты бульбы набяры, што ты ходзіш цэлы дзень ад пілату да гароду. Падольцы Астр.ٱ Фразеалагізм утварыўся на аснове біблейскага сюжэту, у якім паказаны безвыніковыя хаджэнні Ісуса Хрыста ад цара Іудэі Ірада да вярхоўнага суддзі Пілата, пераасэнсаваннем слоў польскай мовы Herod (Ірад) і Piіat (Пілат), якія на падставе знешняга падабенства трансфармаваліся ў беларускія словы гарод і плот.
У назапашванні дыялектнага матэрыялу пэўную ролю адыгралі змешчаныя ў перыядычным друку і навуковых зборніках ф р а з е а л а г і ч н ы я п а д б о р к і . Так, праз часопіс “Полымя”, перш чым пабачыць свет, фрагментарна прайшлі апрабацыю некаторыя вышэй памянёныя слоўнікі. З фразеалогіі Гродзеншчыны на старонках часопіса апублікаваны падборкі П.У.Сцяцко “З народнай гаворкі” (1966, № 8), “Народная фразеалогія” (1967, № 2), М.А.Даніловіча “З фразеалагічных россыпаў” (1990, № 1), “Фразеалагічная мазаіка” (1995, № 2), “Сказаў як звязаў” (1996, № 1), “У слоўнік фразеалогіі” (1996, № 10), “Язык як перац, слова як соль” (1998, № 2).
Пэўны ўклад у развіццё фактаграфічнай базы фразеалагізмаў унесла беларуская дыялектная лексікаграфія. Складальнікі л е к с і ч н ы х с л о ў н і к а ў, аддаючы асноўную ўвагу слову, не маглі абысці і фразеалогію, якая грунтуецца на словах, выкарыстоўвае іх у якасці структурных кампанентаў фразеалагізмаў. Размяшчаюцца фразеалагізмы у такіх слоўніках рознымі спосабамі, пераважна як дадатак да асноўнай, лексічнай, часткі слоўнікавага артыкула.
Такім чынам, у беларускай дыялектаграфіі фразеалогія Гродзеншчыны распрацавана някепска. Фразеаграфія іншых рэгіёнаў Беларусі (асабліва Віцебшчыны і Брэстчыыны) значна адстае ў гэтым плане як па колькасці сабранага матэрыялу, так і па колькасці выдадзеных слоўнікаў і даведнікаў.
Узнікае пытанне: што далей, якія перспектывы збіральніцкай справы ў сферы фразеалогіі? Памылковым было б меркаванне, што ў гаворках ужо адшукалі ўсё, і збіральніку моўных скарбаў на Гродзеншчыне няма чаго рабіць. На самай справе гаворкі захоўваюць яшчэ мноства фразеалагізмаў, як вузкарэгіянальных, так і адносна шырокага арэалу, яшчэ не заўважаных даследчыкамі. Выяўленне і слоўнікавае спарадкаванне іх застаецца актуальнай задачай.
Другі надзённы кірунак дыялектнай фразеаграфіі – выяўленне фразеалагізмаў у пісьмовых крыніцах, дзе выразы спецыяльна не абазначаюцца. Да такіх крыніц адносяцца ў першую чаргу сказы-ілюстрацыі да слоў ў дыялектных лексічных слоўніках. Ілюстрацыйны матэрыял тоіць у сабе шмат спецыяльна не вылучаных фразеалагізмаў. Напрыклад, у «Слоўніку беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» такія «выпадковыя» фразеалагізмы складаюць 63% з усіх 2000 заўважаных у слоўніку фразеалагічных выразаў, у слоўніку А.П.Цыхуна «Скарбы народнай мовы» – 50% з 343 адзінак.
Яшчэ адной шчодрай пісьмовай крыніцай фразеалогіі выступаюць зборы фальклорных твораў. За апошнія два стагоддзі апублікавана вялікая колькасць аўтэнтычных тэкстаў вуснай народнай творчасці, запісаных у розных кутках Беларусі, у тым ліку і на Гродзеншчыне. Гэтыя тэксты «аздоблены» фразеалагізмамі, якія бытуюць ў жывой дыялектнай мове. Беларуская фальклорная фразеалогія чакае свайго сур'ёзнага даследчыка.
Такім чынам, слоўнікавае апісанне фразеалогіі Гродзеншчыны мае значныя дасягненні, але яна сабрана яшчэ далёка не поўна. Перад даследчыкамі вялікае поле дзейнасці ў выяўленні і апублікаванні фразеалагічнага матэрыялу. Далейшая праца ў гэтым кірунку будзе спрыяць стварэнню фактаграфічнай базы адносна поўнага фразеалагічнага слоўніка Гродзеншчыны і адносна поўнага слоўніка беларускай нацыянальнай фразеалогіі.