УСТУП
Беларускае краязнаўства мае даўнія традыцыі. У ХІХ ст. абудзілася незвычайная цікавасць да гісторыі, культуры, быту беларускага народа як з боку тутэйшых даследчыкаў, так і з боку інтэлігенцыі Расіі і Польшчы. Была разгорнута маштабная збіральніцкая дзейнасць, у выніку якой сабраны шматлікі рэгіянальны матэрыял, апублікавана мноства фактаграфічных прац і навуковых апісанняў.
Асабліва плённа беларускае краязнаўства развівалася ў пачатку ХХ ст. пасля бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 г., што абумоўлена нацыянальным уздымам, выкліканым утварэннем БССР. Яно было досыць арганізаваным і ўсяляк падтрымлівалася дзяржаўнымі структурамі. У лістападзе 1924 г. адбылася І Усебеларуская краязнаўчая канферэнцыя, у 1926 г. – І Усебеларускі краязнаўчы з’езд, у 1927 г. – ІІ з’езд краязнаўцаў Беларусі, у 1929 г. – ІІ Усебеларуская краязнаўчая канферэнцыя. Да пачатку 1930 г. у тагачаснай БССР (яна была тэрытарыяльна значна меншай за сучасную Беларусь, бо яе заходняя частка ўваходзіла ў склад Польшчы) налічваліся 333 краязнаўчыя арганізацыі, якія аб’ядноўвалі 10500 членаў [25, с. 24]. З 1925 г. выходзіў спецыяльны краязнаўчы часопіс «Наш край». Праводзілася інтэнсіўная праца ў розных галінах краязнаўства, у тым ліку і лінгвістычнага. Так, да пачатку 1927 г. у Цэнтральнае бюро краязнаўства БССР было даслана з розных мясцін 87230 картак з дыялектнымі словамі, 9632 фальклорныя запісы і інш.
Аднак у пачатку 30-х гадоў краязнаўчая спава была рэзка абмежавана. Тагачасныя прадстаўнікі дзяржаўнай камуністычнай наменклатуры ўбачылі, што масавае і ўсебаковае вывучэнне роднага краю тоіць у сабе сур’ёзную небяспеку афіцыйнай ідэалогіі, бо, насуперак ёй, раскрывае вочы на сапраўдную гісторыю, выхоўвае пашану да сваёй малой радзімы, пачуццё ўласнай годнасці.
У канцы студзеня 1930 г. адбылася ІІІ Усебеларуская краязнаўчая канферэнцыя, на якой была абвешчана пераарыентацыя краязнаўчага руху. У рашэннях канферэнцыі адзначалася: «Краязнаўчая праца толькі тады будзе карыснай, калі яна будзе дапамагаць сацыялістычнаму будаўніцтву найбольш поўна абслугоўваць патрабаванні нашага часу» [43, с. 3]. Заклікалася мабілізаваць краязнаўчыя арганізацыі вакол канкрэтных задач партыі: выкананне прамфінплана, разгортванне спаборніцтва і ўдарніцтва, рацыяналізацыя вытворчасці, абмен практыкай, вынаходніцтва політэхнізацыя школы і г. д.
Рабіліся актыўныя дзеянні па згортванні краязнаўчага руху. Так, з лістапада 1930 г. часопіс «Наш край» стаў выходзіць пад назвай «Савецкая краіна», а ў 1933 г. наогул перастаў выдавацца. Было распушчана Цэнтральнае бюро краязнаўства, кіраўніцтва краязнаўчай працай узяў на сябе Народны камісарыят асветы. Народны камісарыят асветы СССР выдаў дырэктыўнае пісьмо «Аб пастаноўцы і арганізацыі краязнаўчай працы» ад 25 красавіка 1938 г., у якім гаварылася, што няма ніякай неабходнасці ствараць спецыяльныя і асобныя краязнаўчыя арганізацыі, што усю краязнаўчую працу дастаткова праводзіць пад навукова-метадычным кіраўніцтвам мясцовых краязнаўчых музеяў [24, с. 14].
Аматарскае краязнаўства “заглохла” цалкам, захавалася ў асноўным дзяржаўнае краязнаўства, але развівалася яно аднабакова. Заахвочвалася праца ваенна-патрыятычнага характару, прычым дазвалялася вывучаць нядаўнюю гісторыю: факты апошніх войнаў, рэвалюцый, партыйных з’ездаў, а таксама жыццё і дзейнасць партыйных і савецкіх работнікаў. Такія раздзелы краязнаўства, як гістарычнае, літаратурнае, фальклорнае, этнаграфічнае і пад., развіваліся нераўнамерна, у залежнасці ад таго, у якой ступені яны адпавядаюць афіцыйным палітычным устаноўкам. Лінгвістычнае краязнаўства не прапагандавалася наогул: па сваёй сутнасці яно супярэчыла бальшавіцкім планам, паводле якіх беларускай і іншым нацыянальным мовам (акрамя рускай) было запланавана знікнуць. Нават сам тэрмін «лінгвістычнае краязнаўства» ў тагачасных даведніках адшукаць немагчыма.
Яшчэ горшыя ўмовы для свайго развіцця мела тады краязнаўства Гродзеншчыны. Афіцыйныя колы Польшчы, у складзе якой знаходзілася Заходняя Беларусь, не былі зацікаўлены ў разгортванні краязнаўчай працы. Актыўна праводзілася паланізацыя краю. У такіх умовах асноўныя сілы заходнебеларускай інтэлігенцыі былі задзейнічаны ў нацыянальна-вызваленчым руху.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны назіралася значнае ажыўленне краязнаўчага руху. Асаблівае месца адводзілася школьнаму краязнаўству. Выкарыстоўваліся разнастайныя формы і метады краязнаўчай працы ў школе, скіраваныя перш за ўсё на ваенна-патрыятычнае выхаванне вучняў.
Разгарнулася вывучэнне беларускіх гаворак. Інтэнсіўнае абследаванне іх праводзілася ў канцы 40-х і ў 50-я гады ў сувязі са стварэннем дыялекталагічнага атласа беларускай мовы. Збіраннем фактычнага матэрыялу для атласа былі ахоплены вучоныя, выкладчыкі ВНУ, студэнты, настаўнікі і інш. больш чым у 1200 населеных пунктах Беларусі. Развіццю лінгвістычнага краязнаўства спрыяла і тое, што ў 1952 г. быў адноўлены Інстытут мовазнаўства АН БССР, у межах якога створаны сектар дыялекталогіі. Ён стаў ініцыятарам і каардынатарам навуковай дыялекталагічнай працы ў Беларусі і яе рэгіёнах. Гэтую функцыю ён (цяпер аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі) выконвае і сёння.
За апошняе паўстагоддзе лінгвістычнае краязнаўства Гродзеншчыны мае значныя набыткі. Сабрана шмат фактаў дыялектнай мовы. Наспела неабходнасць іх абагульнення і сістэмнага асэнсавання.
Лінгвістычнае краязнаўства – раздзел агульнага краязнаўства, у задачу якога ўваходзіць вывучэнне на навуковай аснове моўных фактаў пэўнага рэгіёна (вёскі, сельсавета, раёна, вобласці і г.д.), як правіла, прадстаўнікамі гэтага рэгіёна.
Паводле форм правядзення лінгвістычнае краязнаўства падзяляецца на дзяржаўнае (навуковае), грамадскае (аматарскае) і школьнае.
Дзяржаўнае краязнаўства ажыццяўляецца спецыялістамі дзяржаўных устаноў: вучонымі навукова-даследчых інстытутаў, выкладчыкамі вышэйшых навучальных устаноў, супрацоўнікамі архіваў, бібліятэк, музеяў і інш. Вывучэнне гаворак у гэтым выпадку ажыццяўляецца на прафесійнай аснове, з’яўляецца працоўным абавязкам даследчыкаў.
Грамадскае краязнаўства знаходзіць сваё ўвасабленне ў дзейнасці мясцовага насельніцтва: краязнаўцаў-аматараў, членаў аматарскіх клубаў і аб’яднанняў, прадстаўнікоў народных музеяў і г. д. Краязнаўства для іх не з’яўляецца прафесійнай неабходнасцю, а выступае як захапленне, занятак па інтарэсах у вольны ад работы час.
Спецыфіка школьнага краязнаўства ў тым, што яно скіравана на вывучэнне роднай гаворкі сіламі вучняў і настаўнікаў. Мэта яго пераважна адукацыйна-выхаваўчая. Сабраны вучнямі моўны матэрыял выкарыстоўваецца на ўроках і ў пазакласнай працы па мове.
Вылучэнне трох форм лінгвістычнага краязнаўства ў пэўнай ступені ўмоўнае і адноснае, таму што ўсе яны маюць аднолькавую мэту – вывучэнне народных гаворак.
Напрамкі лінгвакраязнаўчай дзейнасці самыя розныя. Найбольш пашыраныя сярод іх наступныя: 1) збіранне і апісанне дыялектнай лексікі і фразеалогіі; 2) збіранне і апісанне анамастычных назваў, у першую чаргу тапонімаў і антрапонімаў; 3) вывучэнне фанетычных, марфалагічных і сінтаксічных асаблівасцей гаворкі; 4) вывучэнне біяграфіі і творчай спадчыны знакамітых землякоў-мовазнаўцаў, збіральнікаў моўных скарбаў, якія займаліся даследаваннем мясцовых гаворак.
У сферу краязнаўства могуць уваходзіць і такія пытанні, як вывучэнне моўных фактаў у гістарычным аспекце, этымалагічны аналіз слоў і фразеалагізмаў, лексічныя і фразеалагічныя запазычанні, міжмоўныя кантакты, сацыялінгвістычная характарыстыка гаворак і інш.
«Лінгвістычнае краязнаўства Гродзеншчыны» – дапаможнік па аднайменным спецкурсе, які з’яўляецца дадатковай дысцыплінай да асноўных мовазнаўчых курсаў, у першую чаргу, да курса “Беларуская дыялекталогія”. Неабходнасць яго дыктуецца патрэбамі агульналінгвістычнай падрыхтоўкі спецыяліста-філолага і падрыхтоўкі настаўніка беларускай мовы для пэўнага рэгіёну.
Выкладанне спецкурса садзейнічае больш глыбокаму засваенню навуковых ведаў пра такую першасную форму нацыянальнай мовы, як дыялектная, і тым самым спрыяе вывучэнню сучаснай літаратуранай мовы і яе гісторыі. З другога боку, ён мае непасрэдную практычную накіраванасць. Многія выпускнікі-філогагі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта размяркоўваецца працаваць настаўнікамі ў сельскую мясцовасць Гродзенскай вобласці, дзе пануе мясцовы дыялект. Веданне сістэмы гаворак садзейнічае павышэнню прафесійнай падрыхтоўкі настаўніка, што адпаведным чынам адбіваецца і на якасці навучальна-выхаваўчай працы ў школе. Дапаможнік арыентуе студэнтаў на засваенне сутнасці лінгвістычнага краязнаўства, яго асноўных формаў і напрамкаў. Ён змяшчае кола пытанняў пра дасягненні і набыткі навуковага лінгвістычнага краязнаўства Гродзеншчыны, а таксама пра методыку правядзення школьнага лінгвістычнага краязнаўства.
Дапаможнік можна выкарыстаць і на занятках па курсе “Беларуская дыялекталогія” пры вывучэнні такіх пытанняў, як лексіка і фразеалогія дыялектнай мовы, асаблівасці паўднёва-заходняга дыялекту, гродзенска-баранавіцкай групы гаворак, сярэднебеларускіх гаворак, дыялектных зон і інш.
У дапаможніку даецца сістэма практыкаванняў. Яны маюць не толькі дыдактычную, але і навуковую каштоўнасць, бо ўключаюць у сябе сказы і тэксты, запісаныя непасрэдна ад інфармантаў у апошнія дваццаць пяць гадоў і адлюстроўваюць сучасны стан гаворак Гродзеншчыны. Па тэхнічных прычынах пісьмовае афармленне дыялектнага маўлення ажыццяўляецца спрошчанай транскрыпцыяй.