1.4. Вывучэнне антрапаніміі
Беларуская антрапаніміка як навука зарадзілася адносна нядаўна. Пачатак яе звязваюць з імем акадэміка М.В.Бірылы. У 1963 г. выйшла яго кніга “Беларускія антрапанімічныя назвы ў іх адносінах да антрапанімічных назваў іншых славянскіх моў (рускай, украінскай, польскай)”, затым – серыя кніг: “Беларуская антрапанімія: Уласныя імёны, імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы” (1966), “Беларуская антрапанімія: Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі” (1969), “Беларуская антрапанімія: Структура ўласных мужчынскіх імён” (1982). У гэтых кнігах даецца этымалагічны аналіз імён, выяўляюцца ўтваральныя асновы сучасных прозвішчаў, структура імён ХV–ХVІІІ ст., спосабы адаптацыі кананічных імён ў беларускай мове і інш.
Шмат прац вывучэнню беларускай анамастыкі прысвяціў В.В.Шур. Сярод іх варта назваць кнігі: “З гісторыі ўласных імёнаў” (1993), “Беларускія ўласныя імёны” (1998). У гэтых кнігах у навукова-папулярнай форме раскрываецца гісторыя беларускіх імёнаў і прозвішчаў, паказваецца ўзаемадзеянне беларускіх і замежных прозвішчаў, акрэсліваюцца межы бытавання асобных тыпаў прозвішчаў і інш.
Асновы антрапанімічнай навукі выкладаюцца ў навучальным дапаможніку Г.М.Мезенкі “Беларуская анамастыка” (1997).
Пералічаня працы адлюстроўваюць беларускую антрапанімію наогул, у тым ліку ўласныя імёны, што бытуюць на Гродзеншчыне.
Варта асобна спыніцца на працы М.В.Бірылы “Беларуская антрапанімія: Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі” [4]. Гэта найбольш поўны навукова-інфармацыйны даведнік, які раскрывае склад, структуру, этымалогію шматлікіх прозвішчаў.
Праца пабудавана на матэрыяле, сабраным у 930 населеных пунктах Беларусі, з перыядычнага друку, з пісьмовых крыніц ХV–ХVІІІ стст. У слоўнік уключаны прозвішчы толькі апелятыўнага паходжання. Галоўная мэта працы – выявіць прозвішчаўтваральныя асновы, даць іх семантычную ідэнтыфікацыю. Гэта задача досыць складаная, бо ў аснову прозвішч у розныя гістарычныя перыяды была пакладзена і агульнаславянская, і ўсходнеславянская, і запазычаная лексіка. Антрапанімія закансервавала ў сваім складзе значную частку лексем, якія ўстарэлі і не ўжываюцца ў сучаснай лексічнай сістэме. Словы ў працы даюцца ў алфавітным парадку. У якасці загалоўнага прыводзіцца рэканструяваная па сучасных прозвішчах утваральная аснова – імя-мянушка дапрозвішчнага часу, утвораная ад агульнага назоўніка. Даецца тлумачэнне гэтага слова, называецца крыніца, адкуль узята тлумачэнне значэння, прыводзяцца лексічныя, стылістычныя і граматычныя паметы, звесткі аб моўнай прыналежнасці і рэгіянальным ужыванні слова, напрыклад:
ЖУРА, памянш. ЖУРЫК, ЖУРОК, ЖУРКО рэг. жура ‘страва з сырой вады, крышанага хлеба, алею’ (КСЧ), рус. жура ‘журавель’ (Даль), укр. жура, джура ‘казацкі слуга-збраяносец’, жура ‘журба’(Грынч.) – Жуґра, Жуґрын, Журоґвіч, Жураноґк; Журыґк, Журоґк. СРП Журин, Журенко, Журков, Журкин.
Калі загаловачнае слова з’яўляецца агульнавядомым, то яно не тлумачыцца. Не падаецца значэнне і пры “цьмяных” словах, этымалогію якіх не ўдалося высветліць. Такія словы пазначаны зорачкай. Іх у слоўніку значная колькасць – каля 33%.
Большасць слоў (каля 55%) растлумачаны на базе лескікі беларускай мовы. Частка прозвішчаў рэканструявана на аснове іншых моў: рускай – каля 6%, украінскай – каля 3%, літоўскай – 3%, цюрскіх – 3%.
Кніга М.В.Бірылы каштоўная тым, што яна адлюстроўвае асноўны корпус беларускіх прозвішчаў, утвораных не ад імён людзей. Яна цікавая і для навукоўца, і для кожнага, хто цікавіцца паходжаннем свайго прозвішча.
Непасрэдна антрапаніміі Гродзеншчыны прысвечаны працы А.К.Усціновіч. Найбольш значнай сярод іх можна назваць манаграфію “Антрапанімія Гродзеншчыны і Брэстчыны” (1975) [67], якая з’яўляецца набыткам гістарычнай анамастыкі, бо раскрывае сістэму іменавання людзей у заходнебеларускіх землях на працягу ХІV-ХVІІІ стст. Крыніцай для вывучэння стаў 331 дакумент: акты Гродзенскага і Брэсцкага земскіх судоў, матэрыялы падкаморскіх і павятовых судоў, дакументы Брэсцкай і Кобрынскай эканоміі – амаль уся дзелавая пісьменнасць Гродзеншчыны і Брэстчыны адзначанага перыяду. Аб’ектам аналізу сталі імёны людзей рознага сацыяльнага становішча, многіх прафесій, заняткаў і служб (шляхты, мяшчан, сялян, карчмароў, рыбаловаў, ваяводаў, цівуноў і інш.), большасць якіх і сёння актыўна выкарыстоўваецца на Гродзеншчыне.
У першым раздзеле манаграфіі разглядаецца лексічны склад уласных асабовых імёнаў, што былі ва ўжытку у ХІV–ХVІІІ стст. і адносіліся да старажытнаславянскай праваслаўнай (візантыйска-грэчаскай) і рымска-каталіцкай іменаслоўных сістэм. Імёны падаюцца ў выглядзе слоўніка па алфавіце. У якасці загаловачнага слова выступае традыцыйна-царкоўная форма. Указваецца частотнасць ужывання назвы ў прааналізаваных помніках пісьменнасці. Падаюцца варыянты, ілюстрацыйны матэрыял помнікаў, тлумачэнне змяненняў традыцыйна-царкоўнай формы на беларускамоўнай глебе:
АГАФОН правасл., 5 разоў ў форме Гапон (Гопон), у якой пачатковы галосны адпаў і ф>п. У БА І – Агапон, Огапон (Маг.). Гапон: Гапона Кондратовича 1597 АБГС, АВАК VІ 156; Гапона Понарчица 1539 АГЗС, АВАК ХVІІ 60; Гопон: Гопона Илковича 1541 АГЗС, АВАК ХVІІ 268.
У другім раздзеле манаграфіі разглядаюцца адапелятыўныя імёны-мянушкі, якія бытавалі побач з уласнымі асабовымі імёнамі і служылі для больш поўнай ідэнтыфікацыі асобы. Аўтар праводзіць тэарэтычнае даследаванне імён-мянушак, раскрывае іх функцыі ў старажытныя часы, аналізуючы працэс паступовага пераходу іх у афіцыйныя прозвішчы. Робіцца семантычная класіфікацыя імён паводле лексічнага значэння апелятыва. Вылучаецца 28 тэматычных груп лексікі, на аснове якой сфарміраваліся імёны-мянушкі. Далей прыводзіцца слоўнік выяўленых у помніках імён-мянушак. У слоўнікавым артыкуле тлумачыцца значэнне апелятыва, указваецца распаўсюджанасць у беларускай ці іншых, пераважна суседніх, мовах, даецца ілюстрацыйны матэрыял:
БУДНИК ст.-бел. ‘рудакоп’ (Ревизия Кобр. экономии, стар. 285), ‘стораж; купец, каморник’ (Карл.), рус. Будник, будник ‘будзённае адзенне’ (СРНГ ), будники ‘былыя будныя, майданныя сяляне’ (Даль), укр. будник ‘работнік на паташным заводзе’ (Грынч.) – Матысу Буднику 1584 АБЗС, АИАК ІІ 252.
Асобны раздзел прысвечаны састаўным найменням. Прасочваецца развіццё і ўтварэнне двух-, трох- і чатырохкампанентных мужчынскіх і жаночых асабовых назваў, выяўляецца іх нацыянальная спецыфіка.
Даследаванне сучаснай антрапаніміі Гродзеншчыны яшчэ толькі пачынаецца. Апублікавана ўсяго некалькі артыкулаў, якія закранаюць некаторыя пытанні антрапаніміі асобных рэгіёнаў. Напрыклад, у “Слоўніку рэгіянальнай лексікі Гродзеншчыны” ў якасці дадатка прыкладаецца спіс прозвішчаў жыхароў Зэльвеншчыны, складзены П.У.Сцяцко [59]. Прозвішчы сабраны аўтарам у 70-я гады ХХ ст. на падставе звестак Зэльвенскага райвыканкама. Спіс прозвішчаў аформлены ў алфавітным парадку. Абазначаецца ступень пашыранасці прозвішчаў: кожнае з іх суправаджаецца лічбавым паказчыкам пра адпаведную колькасць сем’яў з гэтым найменнем.
Вывучэнню прозвішчаў Гродзеншчыны прысвечана некалькі артыкулаў С.Богуша. Найбольшую ўвагу сярод іх заслугоўваюць два, у якіх разглядаюцца прозвішчы Навагрудчыны [6], [5]. У іх прааналізавана каля 50 прозвішчаў, якія яшчэ не этымалагізаваліся ў беларускім мовазнаўстве: Машчар – машчар ‘таўкач’; Пешкулевіч – пяткуль ‘рыба бычок’; Чычкан – татарскае, башкірскае чычкан ‘прусак (таракан)’.