1.8. Вывучэнне біяграфіі і навуковай спадчыны лінгвістаў Гродзеншчыны
^ Вверх

1.8. Вывучэнне біяграфіі і навуковай спадчыны лінгвістаў    Гродзеншчыны 


Адзін з напрамкаў лінгвістычнага краязнаўства – вывучэнне жыцця і дзейнасці лінгвістаў, якія нарадзіліся і жылі, працавалі ці працуюць у пэўным рэгіёне. Гэта могуць быць даследчыкі, якія вывучалі розныя аспекты як літаратурнай, так і дыялектнай мовы ці займаліся збіраннем і сістэматызацыяй мясцовага дыялектнага матэрыялу. Гродзеншчына ведае шэраг такіх асоб. Ніжэй для прыкладу прыводзяцца звесткі пра найбольш знакамітых даследчыкаў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускай лінгвістыкі і якімі можа ганарыцца Гродзеншчына. Інфармацыя пра іх даецца сціслая, але прыкладаецца спіс літаратуры, зварот да якой дасць больш поўнае ўяўленне пра жыццё і навуковую справу гэтых даследчыкаў. 

Рысінскі Саламон. Нарадзіўся С.Рысінскі ў 60-я гады ХVI стагоддзя ў в. Рысін на Полаччыне (цяпер Пскоўская вобласць Расіі). Пачатковую адукацыю атрымаў у доме дробнага шляхціча. Быў заўважаны прыдворнымі гетмана Георгія Радзівіла і накіраваны на вучобу. 

Пазней С.Рысінскі стаў настаўнікам шляхецкіх дзяцей у вёсках Вялікага Княства Літоўскага, а таксама суправаджаў сваіх выхаванцаў за мяжу. 

Служыў пры двары Радзівілаў, быў прыдворным паэтам, вучоным, выкладчыкам, перакладчыкам, асветнікам Хрыстафора Радзівіла. 

Удзельнічаў у друкаванні кніг у Любчанскім друкарскім двары. Сам пісаў працы філасофскага, царкоўнага, асветніцкага характару. Надрукаваў некалькі сваіх кніг. Галоўнай кнігай, над якой працаваў больш за 30 гадоў, з’яўляецца “Зборнік прыказак”, выдадзены ў Любчы ў 1618 годзе. У зборнік уключана 1800 прыказак, сабраных у наваколлі Любчы. С.Рысінскі слухаў прыказкі на мясцовай беларускай мове, перакладаў іх на польскую, тлумачыў па-лацінску. Часта прыводзіў лацінскія, старажытнарымскія і грэчаскія прыказкавыя паралелі. 

“Зборнік прыказак” меў вялікую папулярнасць у Еўропе. За паўтара дзесяцігоддзі перавыдаваўся шэсць разоў у розных гарадах Рэчы Паспалітай. Зборнік меў вялікае значэнне, паказаў, што беларусая мова простых людзей вельмі багатая. 

Памёр С.Рысінскі 13 лістапада 1625 г. Пахаваны ў в. Дзяляцічы Навагрудскага раёна. 

Літаратура пра С.Рысінскага: 

1. Порецкий Я.И. Соломон Рысинский. – Минск, 1983. 

2. Рысінскі Саламон // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т. – 1987. – Т. 4. – С. 552. 

3. Рысінскі Саламон Фёдаравіч // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 1995. – С.118. 

Карскі Яфім Фёдаравіч. Нарадзіўся 1 студзеня 1861 г. у в. Лаша цяпер Гродзенскага раёна ў сям’і настаўніка. Пачатковую адукацыю атрымаў у народным вучылішчы (в. Ятра Навагрудскага раёна), сярэднюю адукацыю – у Мінскім духоўным вучылішчы і Мінскай духоўнай семінарыі. У 1881–1885 – студэнт Нежынскага гістарычна-філалагічнага інстытута. Пасля сканчэння яго выкладаў рускую мову і літаратуру ў 2-й Віленскай гімназіі. З 1893 г. – выкладчык рускай мовы Варшаўскага універсітэта. У 1894 г. прысвоена званне прафесара. У 1896 г. у Маскве абараніў доктарскую дысертацыю. У 1901 г. выбраны членам-карэспандэнтам Расійскай АН. З 1905 г. рэдагаваў аўтарытэтны навуковы часопіс “Русский филологический вестник”. 1905–1910 гг. – рэктар Варшаўскага універсітэта. У 1916 г. прысвоена званне акадэміка. З гэтага года жыве ў Петраградзе (Ленінградзе). Я.Ф.Карскі – вядомы філолаг-славіст, беларускі мовазнавец, літаратуразнавец, фалькларыст і этнограф, палеограф, археограф, бібліёграф, педагог. Апублікаваў больш за 1000 прац, у тым ліку 96 кніг і брашур. Сярод асноўных прац можна назваць наступныя: “Агляд гукаў і форм беларускай мовы” (М., 1885), “Народныя беларускія вяселлі ў Ашмянскім павеце Віленскай губерні...” (Вільня, 1888), “Граматыка старажытнай царкоўнаславянскай мовы параўнальна з рускай” (Вільня, 1888 – вытрымала 19 выданняў), “Да пытання пра распрацоўку старой заходнерускай гаворкі” (Вільня, 1893), “Да гісторыі гукаў і форм беларускай мовы” (Варшава, 1893), “Пра мову гэтак званых літоўскіх летапісаў” (Варшава, 1894), “Заходнерускія пераклады  псалтыра ў V–VII ст.” (Варшава, 1896), “Праграма для збірання асаблівасцей беларускай гаворкі” (СПб, 1896, 1916), “З лекцый па славянскай кірылаўскай палеаграфіі” (Варшава, 1897), “Матэрыялы для вывучэння паўночнамаларускіх гаворак, а таксама пераходных ад беларускіх да маларускіх: Вып. 1-2” (СПб, 1898–1903), “Беларусы: У 3 т.” (Варшава, М., Петраград, 1903–1922), “Да пытання пра этнаграфічную карту беларускага племені” (СПб, 1903), “Этнаграфічная карта беларускага племені” (Пг., 1917), “Беларуская гаворка: нарысы народнай мовы з гістарычным асвятленнем” (Пг., 1918), “Руская дыялекталогія” (1921), “Пра некаторыя асаблівасці беларускай мовы” (Кракаў, 1927), “Славянская кірылаўская палеаграфія” (Л., 1928). Самым значным вынікам навуковай дзейнасці Я.Ф.Карскага стала яго трохтомнае выданне ў сямі выпусках “Беларусы”, у якім вучоны ўсебакова і грунтоўна паказаў свету самабытнасць, нацыянальную адметнасць беларускага народа, багацце яго культуры і мовы. 

29 красавіка 1931 г. акадэмік Я.Ф.Карскі памёр. Пахаваны на Смаленскіх могілках у Ленінградзе (Пецярбургу). 

Літаратура пра Я.Ф.Карскага: 

1. Крывіцкі А.А. Я.Ф.Карскі – выдатны беларускі вучоны (Да 100-годдзя з дня нараджэння) // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук, 1961. – № 1. – С. 5–14. 

2. Булахов М.Г. Ефимий Федорович Карский: Жизнь и научная и общественная деятельность. – Минск, 1981. 

3. Новікава Т. Прамень сонца над нашай нівай // Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1990. – № 12. – С. 17–21. 

4. Плыгаўка Л. Вялікі вучоны-патрыёт зямлі беларускай // Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1991. – № 1. – С. 12–20. 

5. Янушкевіч Я., Цвірка К. Яўхім Карскі і яго “Беларусы” // Карскі Я. Беларусы. – Мінск, 2001. – С. 5–30. 

6. Цыхун А.П. Акадэмік з вёскі Лаша Я.Ф.Карскі: Краязнаўча-бібліяграфічны нарыс. – Гродна, 1992. 

Федароўскі Міхал. Нарадзіўся М.Федароўскі 1 верасня 1853 г. ў Варшаве ў мяшчанскай сям’і. У 1870 г. скончыў Варшаўскую мужчынскую прагімназію. У 1873 г. стаў вольным слухачом агранамічнага факультэта Пятроўска-Разумоўскай акадэміі (пад Масквой), але па прычыне хваробы быў вымушаны пакінуць яе. У 1877 г. пераехаў жыць на Пружаншчыну, пасяліўся ў маёнтку маршалка В.Швыркоўскага, што каля в. Шарашова. Прысвяціў сябе вывучэнню мясцовага краю. Стаў збіральнікам. Збіраў прадметы матэрыяльнай і духоўнай культуры. Размах збіральніцкай працы М.Федароўскага здзіўляе сваёй грандыёзнасцю. Ён цікавіўся фізіяграфіяй, антрапалогіяй, вывучаў флору, помнікі культуры і мастацтва, збіраў кнігі, дакументы са старых архіваў, раскопваў курганы, старажытныя стаянкі чалавека. Найбольшую щвагу М.Федароўскі праявіў да мовы і фальклору беларусаў. Запісваў паданні і казкі, вераванні і забабоны, жарты і анекдоты, прыказкі і загадкі, песні і прыпеўкі, не цураўся нават фрывольных твораў. Аб’ездзіў і абышоў заходнюю частку Беларусі ўздоўж і ўпоперак. Пачынаючы з 1877 г. абследаваў Пружанскі, Ваўкавыскі, Лідскі, Слонімскі, Сакольскі, Беластоцкі, Бельскі, Аўгустоўскі, Гродзенскі, Вілейскі, Навагрудскі і Слуцкі паветы. У кожным павеце меў сваіх памочнікаў. Пры любым зручным выпадку сам стараўся трапіць да сялян на вяселле, хрысціны, Каляды, Вялікдзень, Сёмуху, дажынкі і інш. Усе даходы, якія давала гаспадарка, траціў на паездкі, набыццё экспанатаў. 

У 1897 г. М.Федароўскі пераехаў у маёнтак Падоль, што ў Слонімскім павеце. Ён глыбей вывучае мясцовыя і суседнія ваколіцы, апісвае ткацтва і ганчарства, народныя музычныя інструменты, рыбалоўства, паляванне, цяслярства, гадоўлю свойскай жывёлы, кавальства, вясковае будаўніцтва, занатоўвае лексіку мясцовых гаворак, якую намерваецца выдаць у будучым як дадатак да слоўніка І.Насовіча, запісвае некалькі батлеечных спектакляў, выступае ў друку з артыкуламі. 

Пачатак ХХ ст. – нялёгкі час у жыцці М.Федароўскага. Памерла яго трое дзяцей. Да таго ж спасціглі сур’ёзныя гаспадарчыя няўдачы: вада заліла палі і сенажаці маёнтка Падоль. Узнікла пагроза эканамічнага разарэння. У гады першай сусветнай вайны М.Федароўскі ўцягваецца ў супярэчлівае палітычнае жыццё. 

Усё гэта паслужыла прычынай таго, што М.Федароўскі   пэўным чынам аддаліўся ад збіральніцкай справы, якой прысвяціў  трыццаць гадоў жыцця. Толькі ў 1921 г. ён зноў вяртаецца да сваіх сабраных калекцый з мэтай іх навуковай апрацоўкі і выдання. Становіцца навуковым супрацоўнікам аддзела этналогіі Інстытута антрапалагічных навук у Польшчы. Аднак стан здароўя М.Федароўскага пагоршыўся. 10 чэрвеня 1923 г. яго не стала. Пахаваны на Павонзкаўскіх могілках у Варшаве. 

Яшчэ ў канцы ХІХ ст. М.Федароўскі пачаў ствараць на падставе сваіх сабраных калекцый грандыёзную фундаментальную манаграфію пад назвай “Люд беларускі на Русі літоўскай”. Планавалася выдаць яе прыкладна ў 20 тамах. Першыя тры тамы апублікаваны пры жыцці даследчыка: І т.: вераванні, прымхі, забабоны (1897 г.); ІІ т.: казкі, паданні пра мясцовасці (1902 г.); ІІІ т.: гістарычныя і мясцовыя паданні, гумарыстычныя апавяданні, казкі, анекдоты (1903 г.). Наступныя пяць тамоў выдадзены пасля смерці М.Федароўскага: Так, ІV т., у якім адлюстрававаны пераважна прыказкі і фразеалагізмы, выйшаў 1935 г. У V–VIІІ тт. (1958–1981) падаюцца ў асноўным песні. 

Для лінгвістычнага краязнаўства найбольшае значэнне мае IV т. “Люду беларускага”. У яго ўвайшло больш за 1300 выслоўяў, сярод якіх больш за 9000 прыказак, 3300 фразеалагізмаў. 

Шматлікія матэрыялы, сабраныя М.Федароўскім, засталіся неапублікаванымі. Частка іх загінула ў гады вайны, а частка знаходзіцца ў архівах Польшчы. 

Фаьклорна-дыялекталагічная спадчына М.Федароўскага, сабраная адным чалавекам, па колькасці  адзінак  пакуль што не мае сабе роўных у Беларусі. Шматтомнае фундаментальнае даследаванне “Люд беларускі” належыць да найлепшых нацыянальна-культурных каштоўнасцей, якія з годнасцю паказваюць самабытнасць, унікальнасць беларусаў у свеце. 

Літаратура пра М.Федароўскага: 

1. Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. – Мінск, 1972. 

2. Федароўскі М. //Энцыклапедыя літарауры і мастацтва Беларусі: у 5 т. – Мінск, 1987. – Т. 5. – С. 393–394. 

3. Федароўскі Міхал //Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік. – Мінск, 1995. – С. 585–587. 

4. Даніловіч М. Фразеалагічная спадчына Міхала Федароўскага // Роднае слова. – 2003. – № 9. – С. 39–41. 

Сцяшковіч Таццяна Філіпаўна. Нарадзілася Т.Ф. Сцяшковіч ў г. Чэрвені Мінскай вобласці 25 снежня 1904 г. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі скончыла прыхадскую школу і два класы вышэйшага пачатковага вучылішча. Пасля рэвалюцыі вучылася ў школе другой ступені. У 1921 г. паступіла ў Чэрвеньскі педтэхнікум, а пасля яго закрыцця перавялася ў Мінскі педтэхнікум і скончыла яго ў 1925 г. Працавала педагогам ў школах Віцебскай вобласці. У 1927 г. паступіла на 2 курс літаратурна-лінгвістычнага аддзялення педфака Белдзяржуніверсітэта ў г. Мінску і скончыла яго ў 1930 г. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны працавала педагогам ў сярэніх школах БССР, настаўніцай рускай і беларускай мовы і літаратуры ў г. Магілёве. 

У ваенным ліпені 1941 г. эваукіравалася ў Арлоўскую вобласць, дзе прабыла да лістапада 1941 г. З набліжэннем нямецкіх акупантаў пераехала ў Саратаўскую вобласць. У снежні 1941 г. ў адной з раённых бальніц Саратаўска й вобласці ад хваробы на адзёр памерлі трое яе непаўналетніх дзяцей (муж загінуў раней пад бамбёжкай у Мінску). 

З-за адсутнасці месца працы ў школах. Т.Ф.Сцяшковіч паступіла на курсы шафёраў у г. Пятроўску, а пасля сканчэння іх працавала па 1943 г. шафёрам Макраускаўскай МТС Фёдараўскага раёна Саратаўскай вобласці. З 1943 па 1945 г. працавала завучам, выкладчыкам мовы і літаратуры ў сямігадовай, а затым у сярэдняй школе. 

Па выкліку Міністэрства асветы БССР рээвакуіравана на радзіму ў 1945 г. Два гады працавала інспектарам Гродзенскага аблана, а з 1947 г. і да выхаду на пенсію – у Гродзенскім дзяржаўным педінстытуце (універсітэце імя Янкі Купалы) спачатку старшым выкладчыкам, затым – дацэнтам, загадчыкам кафедраў рускай і беларускай моў, беларускай мовы.Навучальна-выхаваўчая і навуковая праца Т.Ф.Сцяшковіч адзначана шэрагам узнагарод: ордэнам “Знак Пашаны”, Залатым ганаровым знакам  польска-савецкай дружбы, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета рэспублікі, Міністэрства асветы; ёй прысвоена званне Заслужанага настаўніка школы БССР. 

Як вучоны Т.Ф.Сцяшковіч значны ўклад унесла ў развіццё беларускай лінгвістычнай навукі. Кандыдацкую дысертацыю “Гаворкі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці” абараніла ў 1955 г. Апублікавала дзесяткі артыкулаў. Тры кнігі прысвяціла даследаванню мовы твораў беларускіх пісьменнікаў: “З назіранняў над мовай К.Крапівы” (1961), “Мова твораў Міхася Лынькова” (1965), “Мова эпапеі Міхася Лынькова “Векапомныя дні” (1965), “Займеннік у беларускай мове” (1977). Яе найбольшыя навуковыя дасягненні звязаны з лінгвістычным краязнаўствам Гродзеншчыны. Яна многа гадоў кіравала дыялекталагічнай практыкай студэнтаў, удзельнічала ў дыялекталагічных экспедыцыях. Вынікам збіральніцка-даследчай працы Т.Ф.Сцяшковіч сталі такія кнігі, як “Гаворкі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці Беларускай ССР” (1959), “Прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы, выслоўі народных гаворак Гродзенскай вобласці” (1968), “Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці” (1972), “Слоўнік Гродзенскай вобласці” (1983). Імя Т.Ф.Сцяшковіч значыцца ў спісе збіральнікаў фактычнага матэрыялу да такіх фундаментальных прац: “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы” (1963), “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак: У 5 т.” (1993–1998). 

Не стала Т.Ф. Сцяшковіч 6 лістапада 1986 г. Пахавана на Гродзенскіх гарадскіх могілках. 

Літаратура пра Т.Ф.Сцяшковіч: 

1. Крыўко М.Н. Сцяшковіч Таццяна Піліпаўна // Беларуская мова: Энцыклапедыя. – Мінск, 1994. – 546–547. 

2. Лепешаў І. Успомнім добрым словам // Гродзенская праўда. – 23 снежня 2004. 

Цыхун Апанас Пятровіч. Вядомы беларускі настаўнік і краязнавец А.П.Цыхун нарадзіўся 5 траўня 1910 г. у вёсцы Кунцаўшчына Гродзенскага раёна ў сялянскай сям’і. У восем гадоў спазнаў сірочую долю, застаўся без маці. Пачатковую адукацыю атрымаў у суседняй вёсцы Лаша. Сямігодку скончыў у вёсцы Індура Гродзенскага раёна. За выключныя здольнасці да вучобы і музыкі ён, адзін з нямногіх беларусаў,  быў залічаны ў Гродзенскую польскую настаўніцкую семінарыю. Але скончыць яе не ўдалося: забралі ў войска, а пасля войска не было грошай заплаціць за вучобу. Заставаўся адзіны спосаб самарэалізацыі – працаваць на гаспадарцы ў роднай вёсцы. У 1939 г. – зноў служба ў польскім войску ў якасці рэзервіста. Не раз знаходзіўся паміж жыццём і смерцю. Гэта было ў вайну і пры абароне Варшавы, і ў нямецкім палоне, і калі этапавалі з нямецкага лагера ў савецкі, і ў пасляваенны час, калі пагражалі расправай лясныя банды. Але лёс быў літасцівы. Бог бярог А.П.Цыхуна для высакароднай справы, якая чакала яго ў роднай старонцы. 

Прафесійная дзейнасць А.П.Цыхуна звязана з асветай, школьніцтвам. Працуючы настаўнікам Лашанскай сямігодкі, польскай сярэдняй школы № 2 г. Гродна, дырэктарам Капцёўскай, Калбасінскай, Батароўскай школ, школьным інспектарам у Гродзенскім раёне, ён цалкам аддаваў сябе таму, каб дзеці шанавалі і ведалі родную мову. У выніку выкладанне беларускай мовы і літаратуры ў раёне было пастаўлена на высокі ўзровень. Самаадданая праца была адзначана ў 1967 г. прысваеннем А.П.Цыхуну звання “Заслужаны настаўнік БССР”. 

А.П.Цыхун не проста настаўнік беларускай мовы і літаратуры, а філолаг шырокага профілю ў найлепшым сэнсе гэтага слова. Дваццаць гадоў ён узначальваў літаратурнае аб’яднанне пры гродзенскай раённай газеце, яго вершы, апавяданні часта друкаваліся ў рэспубліканскіх і мясцовых газетах, а ў 1995 г. выйшла кніга паэзіі “Легенды і балады Гродзеншчыны”. 

Сэнсам жыцця, унутранай неабходнасцю стала для А.П.Цыхуна краязнаўства. Дзякуючы сотням яго артыкулаў, шырокая грамадскасць даведалася пра многіх выдатных сыноў Гродзеншчыны (М.Пачобута-Адляніцкага, І.Легатовіча, А.Баліцкага, К.Якаўчыка, А.Грыгаровіча, М.Краўцова, Г.Капыцкага і інш.). Энтузіяст і нястомны шукальнік, ён зрабіў вельмі шмат у розных напрамках лінгвістычнага краязнаўства. У вёсцы Лаша стварыў унікальны музей Я.Ф.Карскага, пра які ведалі далёка за межамі Беларусі. Напісаў і выдаў кнігу “Акадэмік з вёскі Лаша Я.Ф.Карскі” (1992), падрыхтаваў да друку ілюстраваны альбом, прысвечаны гэтаму вучонаму. Надзвычай каштоўная кніга А.П.Цыхуна – слоўнік гаворак Гродзенскага раёна “Скарбы народнай мовы” (1994). Матэрыялы да яго аўтар пачаў збіраць яшчэ ў 1939–1940 гадах, але асноўная частка слоў была запісана ў пасляваенны час. Гэты слоўнік адзін з лепшых у беларускай дыялектнай лексікаграфіі. Невыпадкова Ніл Гілевіч ахарактарызаваў яго як навуковы і патрыятычны подзвіг настаўніка. 

Чуйны да жывога матчынага слова, А.Цыхун не мог абысці вусную народную творчасць. Сабрана цэлая калекцыя фальклорных твораў, частка якіх склала зборнік “Песні з народных глыбіняў”, апублікаваны ў 2000 г. 

Летапісам жыцця можна назваць кнігу ўспамінаў А.Цыхуна “Пройдзеныя шляхі-пуцявіны” (2003). Гэта не проста біяграфічнае апісанне жыццёвай дарогі аднаго чалавека, а паказ таго, як цесна пераплецены, знітаваны лёс беларускага інтэлігента з лёсам усяго народа, што гэтак пакутліва перажыў ХХ стагоддзе. 

А.П.Цыхун быў і застаецца вельмі шаноўным у асяроддзі беларускай інтэлігенцыі. Асабістае сяброўства і творчыя кантакты звязваюць яго з вядомымі пісьменнікамі М.Васільком, А.Карпюком, В.Быкавым, Я.Брылём, Н.Гілевічам, Ю. Пшырковым, Г.Каханоўскім, мовазнаўцам Ф.Янкоўскім, гісторыкам М.Ткачовым, кампазітарам А.Шыдлоўскім, мастаком А.Ліпенем, заснавальнікам астранаўтыкі Б.Кітам і многімі іншымі знанымі людзьмі. 

Нягледзячы на свой узрост, А.Цыхун заўсёды быў у руху. Яго часта можна было бачыць сярод студэнтаў, настаўнікаў, бібліятэкараў, святароў, дзе ён выступаў са сваімі вершамі, дзяліўся жыццёвымвопытам, заклікаў берагчы нацыянальныя каштоўнасці. Звычайная сялянская хатка А.Цыхуна на ўскрайку горада Гродна пабачыла многіх гасцей, прыхільнікаў беларушчыны. Гаспадар кожны раз быў рады такім гасцям. Сустракаў па-беларуску прыветна, з запрашэннем да стала, на якім абавязкова хлеб і да хлеба. 

Улюбёны ў свой родны край, А.Цыхун балюча рэагаваў на тое, як разбураецца сучасная вёска – патрыярхальная аснова беларускай мовы і культуры: “Не верыцца, што жыццё прайшло і больш не вернецца. Яно перад маімі вачыма, асабліва юначае. Бачыш сваіх блізкіх, знаёмых, з якімі яно працякала. Часта сніцца мне мая Кунцаўшчына. Цяпер яна, на жаль, цяжка захварэла і ніякія лекары ёй ужо не дапамогуць. У вёсцы засталося ўсяго некалькі старэнькіх бабулек. Апошнія хаты зусім пустыя, знямелі. Для мяне ж яна такая, як і дзесяцігоддзі таму. 

                      Кунцаўшчына-вёска, стала ты другою, 

                      Анямеў ў прысадах тваіх пчолак гуд. 

                      А мяне ўсё цягне ў босае дзяцінства, 

                      У кунцаўскі імшалы дзедаў родны кут…” 

10 сакавіка 2005 г. А.П.Цыхуна не стала.

Літаратура пра А.П.Цыхуна: 

1. Каханоўскі Г. Педагог – краязнавец // Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1990. – № 8. – С. 75–76. 

2. Пяткевіч А.М. Педагог, краязнавец, літаратар // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гродзенскага раёна. – Мінск, 1993. – С. 414–416. 

3. Цыхун Апанас Пятровіч // Пяткевіч Аляксей. Людзі культуры з Гродзеншчыны. – Гродна, 2000. – С. 316–317. 

4. Журавлев В. «Я сызнова живу, минувшее проходит предо мною» // Биржа информации. – 15 июля 2004. 

5. Даніловіч М. Апанас Цыхун // Роднае слова. – 2005. – № 5. – С. 48–49. 

Лепешаў Іван Якаўлевіч. Нарадзіўся І.Я.Лепешаў у вёсцы Іскозы Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці 23 кастрычніка 1924 г. У 1940 г. скончыў 8 класаў, здаў экстэрнам экзамены за 9 класаў і паступіў у Аршанскі настаўніцкі інстытут, вучоба ў якім была перапынена Вялікай Айчыннай вайной. З 1944 г. ваяваў на фронце, быў паранены пры вызваленні Кенінгсберга. Узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі» і інш. Пасля сканчэння Аршанскага настаўніцкага інстытута (1948) працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Свіслацкай СШ Гродзенскй вобласці. З 1956 па 1971 г. выкладаў беларускую і рускую мовы і літаратуры ў Машталерскай сямігадовай школе Скідзельскага раёна і ў Берштаўскай сярэдняй школе Шчучынскага раёна. Завочна скончыў філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага педінстытута (1959). 

Працуючы ў школе, І.Я.Лепешаў прымаў актыўны ўдзел у грамадскай дзейнасці, у якасці селькора часта друкаваў свае матэрыялы ў мясцовых, рэспубліканскіх і саюзных перыядычных выданнях. Сур'ёзна займаўся навукова-метадычнымі пытаннямі выкладання мовы і літаратуры. У выдавецтве «Народная асвета» настаўнік выдаў дзве свае кнігі «Изготовление и использование таблиц по русскому языку» (1966), «Литературно-краеведческий кружок» (1969), якія былі высока ацэнены тагачаснай метадычнай навукай. 

У 1971 г. І.Я.Лепешава запрасілі працаваць на кафедру беларускай мовы Гродзенскага дзяржаўнага педінстытута (цяпер універсітэт). З гэтага часу пачынаецца надзвычай плённая навуковая дзейнасць вучонага ў галіне беларускай мовы. У 1973 г. абаронена кандыдацкая дысертацыя, у 1985 г. – доктарская. Амаль у пяцідзесяцігадовым узросце І.Я.Лепешаў з юнацкай энергіяй і апантанасцю кінуўся ў вір навуковай справы. Дэвізам яго жыцця з’яўляецца праца, дзень і ноч праца дзеля навукі, дзеля росквіту роднага слова. Яшчэ вельмі важная прафесійная рыса вучонага – выключная акуратнасць у рабоце. У любой яго публікацыі, ці то артыкуле, ці то манаграфіі, чытач не знойдзе павярхоўнасці, тут заўсёды глыбіня разважанняў, аргументы вынашаныя, вывераныя, кожнае слова – на сваім месцы, фраза – адшліфаваная. 

За тры дзесяццігоддзі адным чалавекам створаны такі аб'ём навуковай прадукцыі, якім мог бы ганарыцца нават цэлы творчы калектыў. Гэта і манаграфіі, і слоўнікі, і навучальныя дапаможнікі, і метадычныя распрацоўкі, і шматлікія навуковыя і публіцыстычныя артыкулы ў зборніках і перыядычных выданнях. 

Заўсёднай творчай рысай вучонага было імкненне да навізны, навуковага адкрыцця. Ён ніколі не браўся за тэмы, ужо кім-небудзь распачатыя, «збітыя». Так, у 60–70-я гг. пачынаецца лексікаграфічнае і тэарэтычнае апісанне літаратурнай фразеалогіі. Першымі ластаўкамі ў гэтай галіне сталі працы І.Я.Лепешава «Фразеалагічны слоўнік» (1973), «Фразеалогія ў творах К.Крапівы» (1976). Толькі з'явіўся ў філалагічнай дыдактыцы такі кірунак, як лінгвістычны аналіз, – праз кароткі час выходзіць манаграфія І.Я.Лепешава «Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора» (1981). Два выпускі «Этымалагічнага слоўніка фразеалагізмаў» (1981; 1993) – таксама новае для беларусістыкі. Яшчэ не ўсюды ў ВНУ быў уведзены курс па культуры мовы, як выходзіць з друку дапаможнік «Асновы культуры мовы і стылістыкі» (1989). Доктарская манаграфія «Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы» (1984) – зноў жа распрацоўка цаліны ў стылістыцы. Першая спроба складання дыферэнцыяльнага слоўніка дыялектных фразеалагізмаў, сабраных у гавораках Гродзенскай і Віцебскай абласцей, таксама належыць І.Я.Лепешаву – «З народнай фразеалогіі» (1991). У 1996 г. у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя» выходзіць створаны І.Я.Лепешавым першы ў беларускай лінгвістыцы тлумачальны «Слоўнік беларускіх прыказак». 

Кола навуковых інтарэсаў вучонага шматграннае. Найперш трэба адзначыць даследаванні ў сферы фразеалогіі, якой аўтар прысвяціў больш за 10 кніг. Сярод іх самай значнай можна лічыць манаграфію-дапаможнік «Фразеалогія сучаснай беларускай мовы» (1998), якая з'яўляецца вынікам шматгадовых тэарэтычных напрацовак вучонага. Без перабольшання можна сказаць, што па глыбіні вырашэння шматлікіх, часта спрэчных пытанняў у сферы фразеалогіі яна самая  грунтоўная ў славянскай фразеалагічнай навуцы. 

Шмат увагі вучоны надае даследаванню іншых моўных з'яў, займаецца праблемамі парэміялогіі, лексікалогіі, граматыкі, культуры мовы, стылістыкі, мовы мастацкай літаратуры і інш.  Свой навуковы багаж І.Я.Лепешаў шчодра перадае студэнтам на занятках  праз навучальную літаратуру. Ім створана серыя навучальных дапаможнікаў для студэнтаў і вучняў школ: «Моўныя самацветы» (1985), «Прыказкі як моўныя адзінкі і іх стылістычнае выкарыстанне» (1995), «У слоўнікавую скарбонку» (1999; 2004), «Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора» (2000), «Практыкум па беларускай мове» (2001), «Практыкум па лексікалогіі і фразеалогіі» (2001), «Сучасная беларуская мова: Спрэчныя пытанні» (2002), «Чаму мы так гаворым» (2003), “Практыкум па фанетыцы беларускай мовы” (2006), “Культура маўлення” (2007) і інш. 

Апошняе дзесяцігоддзе знамянальнае для І.Я.Лепешава тым, што яго навуковы вопыт сканцэнтраваўся ў працах фундаментальнага характару. Пра іх значнасць сведчыць ужо тое, што апублікаваны яны ў самым аўтарытэтным дзяржаўным выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя”. Першая праца – “Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы” ў 2 тамах (1993) – плён трыццацігадовых пошукаў. Для стварэння яго аўтару давялося прачытаць амаль усю беларускую мастацкую літаратуру, каб адшукаць і выпісаць дзесяткі тысяч фразеалагічных цытат. Складзена картатэка акадэмічнага тыпу, якая дазволіла апісаць усю літаратурную фразеалогію. Выхад у свет гэтага слоўніка – значная падзея не толькі ў грамадска-культурным жыцці Беларусі, але і вялікі ўклад у славістыку наогул, апошняе слова сучаснай славянскай фразеаграфіі. Не менш значныя і дзве другія працы. У “Слоўніку беларускіх прыказак” (2002, 2006) растлумачана больш за паўтары тысячы найбольш ужывальных прыказак, дадзена іх рознабаковая характарыстыка. У “Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў” (2004) раскрываюцца паходжанне і ўтварэнне каля дзвюх тысяч фразеалагізмаў. Даведнікаў такога ўзроўню аднаго аўтара яшчэ не мае ні руская, ні ўкраінская філалогія. Манаграфію-дапаможнік “Парэміялогія як асобны раздзел мовазнаўства” (2006) можна назваць энцыклапедычнай. У ёй грунтоўна распрацавана тэорыя прыказак, упершыню прапануюцца шматлікія навуковыя ідэі, даюцца заўвагі і ўдакладненні да многіх ранейшых меркаванняў і высноў іншых аўтараў адносна прыказак. 

Вядомы ў Беларусі і такія навукова-папулярныя кнігі І.Я.Лепешава, як “Дазнанні” (2000), “У пошуках ісціны” (2007). 

Творчыя дасягненні І.Я.Лепешава можна назваць навуковым подзвігам. Галоўны дэвіз яго жыцця – тварыць, тварыць. Тварыць для таго, каб жыла і ўмацоўвалася родная мова, каб зберагчы яе для нашчадкаў у сваёй роднай краіне. 

Літаратура пра І.Я.Лепешава: 

1. Шэўчык Н. Нагляднасць і развіццё мовы вучняў пры вывучэнні сінтаксісу // Народная асвета. – 1965. – № 3. – С. 36. 

2. [Рэдакцыйны артыкул:] Навучаючы, вучыцца // Народная асвета. –1965. – № 10. – С. 4. 

3. Лепешаў Іван Якаўлевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. – Т. 3. – Мінск, 1986. – С. 236. 

4. Янкоўскі Ф. Пра запаветнае // Полымя. – 1992. – № 9. – С. 204–205. 

5. Сачанка Б. Адраджэнне праз духоўнасць // Літаратура і мастацтва. –1993. – 29 мая. 

6. Карачун Р., Тамашэвіч Т. І адзін у полі воін // Гродзенская праўда. –1994. – 1 сакавіка. 

7. Лепешаў Іван Якаўлевіч // Беларуская мова: Энцыклапедыя. – Мінск, 1994. – С. 304–305. 

8. Даследчык фразеалагізмаў // Літаратура і мастацтва. – 1994. – 21 кастрычніка. 

9. Віншуем юбіляра // Роднае слова. – 1994. – № 10. – С. 30. 

10. Тамашэвіч Т. Даследчык роднага слова // Свіцязь. – 1994. – № 3. – С. 129. 

11. Крыўко М. Зайздросны лёс вялікага працаўніка // Наша слова. – 1994. – № 45. –   С. 6. 

12. Сабасцян Б. Шлях у навуку пачынаўся ў Берштах // Дзянніца. – 1994. – 10 снежня. 

13. Лепешаў Іван Якаўлевіч // Беларусь: Энцыклапедычны даведнік. –Мінск, 1995. – С. 422. 

14. Лепешаў Іван Якаўлевіч // Беларуская Энцыклапедыя ў 18 тамах. Мінск, 1999. – Т.9. – С.206. 

15. Даніловіч М. Навука-98 на філалагічным // Гродзенскі універсітэт. – 1999. – 5 мая. 

17. Коўзкі М. Доля праўды // Літаратура і мастацтва. – 1997. – 10 кастрычніка. 

18. Даніловіч М.А. Слова пра Настаўніка // Прафесар Іван Якаўлевіч Лепешаў: Бібліяграфічны агляд навукова-педагагічнай дзейнасці па беларускім мовазнаўстве. – Гродна, 1999. – С. 7–10. 

19. Тамашэвіч Т.І. На ніве роднага слова // Прафесар Іван Якаўлевіч Лепешаў: Бібліяграфічны агляд навукова-педагагічнай дзейнасці па беларускім мовазнаўстве. – Гродна, 1999. – С. 10—13. 

20. Лепешаў Іван Якаўлевіч // Выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы: Бібліяграфічны даведнік. Гродна, 1999. – С. 285–287. 

21. Даніловіч М. Віншуем юбіляра // Роднае слова. – 1999. – № 10. – С. 68. 

22. Буевіч В., Сідар А. Іван Якаўлевіч Лепешаў: Чалавек і Настаўнік з вялікай літары // Пагоня. – 1999. – 21 кастрычніка. 

23. Крыўко М. Руплівец мовазнаўства // Настаўніцкая газета. – 1999. – 23 кастрычніка. 

24. Крыўко М. Вялікі працаўнік на ніве роднай мовы // Наша слова. – 1999. – 27 кастрычніка. 

25. Паланёны родным словам // Літаратура і мастацтва. – 1999. – 29 кастрычніка. 

26. Якалцэвіч М. Шчодрасць таленту // Гродзенскі універсітэт. – 1999. – 3 лістапада. 

27. Лепешев Иван Яковлевич // Кто есть кто в Республике Беларусь: Люди Дела. Минск, 1999. – С. 293. 

28. Жук І. Дазнанні на гарачай далоні // І.Я.Лепешаў. Дазнанні. – Гродна, 2000. – С. 3–4. 

29. Дудараў Л. Ад вясковага хлопчыка да прафесара // Дняпроўская праўда. – 2000. – 26 ліпеня. 

30. Лепешаў Іван Якаўлевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. – Т. 9. Мінск, 2000. С. 

31. Лепешев Иван Яковлевич // Кто есть кто в Республике Беларусь. Минск, 2001. – Т. 1. – С. 93. 

32. Лепешаў Іван Якаўлевіч // Памяць: Шчучынскі раён. – Мінск, 2001. – С. 453–454. 

33. Лепешев Иван Яковлевич // Кто есть кто в Республике Беларусь. –Минск, 2004. С. 

34. Тамашэвіч Т. Паланёны родным словам // Роднае слова. – 2004. – № 9. – С. 

Сцяцко Павел Уладзіміравіч. Нарадзіўся П.У.Сцяцко 5 сакавіка 1930 г. у вёсцы Грабава Зэльвенскага раёна. З пяці гадоў пайшоў у школу. У хлопчыка выявіліся здольнасці да навучання. Першы і другі класы ён скончыў за адзін год, з трэцяга перайшоў адразу ў пяты, а потым у сёмы клас. Пасля сканчэння сямігодкі паступіў у Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча. Скончыў яго на выдатна і без экзаменаў быў залічаны ў Гродзенскі педагагічны інстытут на фізіка-матэматычны факультэт. Праз два месяцы, пераканаўшыся, што зрабіў памылку ў выбары спецыяльнасці, перавёўся на літаратурны факультэт. Праз некалькі гадоў выпускніка з дыпломам выдатніка  пакідаюць працаваць выкладчыкам на кафедры беларускай і рускай моў. Затым была аспірантура, напісанне кандыдацкай дысертацыі “Прадметна-бытавая лексіка Зэльвенскіх гаворак” за паўтара гады і паспяховая яе абарона ў 1962 годзе. Працаваў на пасадзе дацэнта, прафесара, загадчыка кафедры ў Мінскім педагагічным інстытуце, у Гомельскім дзяржаўным універсітэце. Доктарскую дысертацыю “Субстантыўная дэрывацыя ў беларускай народна-дыялектнай мове” абараніў у 1979 годзе. У 1990 годзе П.У.Сцяцко запрошаны на працу ў Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. Тут ён актыўна уключаецца ў навукова-педагагічную дзейнасць. Стварае кафедру беларускай культуры, а затым, з адкрыццём факультэта беларускай філалогіі і культуры, – кафедру мовазнаўства (беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства), якую ўзначальваў да 2007 года. 

За сваё працоўнае жыццё П.У.Сцяцко падрыхтаваў тысячы спецыялістаў-філолагаў, настаўнікаў беларускай і рускай моў і літаратур, выкладчыкаў вышэйшай школы. 

Вялікія дасягненні П.У.Сцяцко ў сферы навукі. Кола навуковых інтарэсаў даследчыка шырокае, разнастайнае. Гэта словаўтварэнне беларускай дыялектнай і літаратурнай мовы, словаўтваральныя сувязі славянскіх моў, лексікалогія, дыялекталогія, этымалогія, лінгвістычная тэрміналогія, фаналогія, граматыка сучаснай беларускай мовы, мова мастацкіх твораў, культура маўлення, методыка выкладання беларускай мовы. 

На рахунку вучонага больш за 450 апублікаваных прац. З іх манагарафіі “Народная лексіка” (1970), “Народная лексіка і словаўтварэнне” (1972), “Беларускае народнае словаўтварэнне” (1977), “Дыялектны слоўнік: З гаворак Зэльвеншчыны” (1970; другоое выданне – “Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны” – 2004), навукова-папулярная кніга “Культура мовы” (2002), выбраныя працы “Мовазнаўчы досвед” (2005), дапаможнікі для студэнтаў “Пачатковы курс мовазнаўства” (1993), “Праблемы нормы, культуры мовы” (1998), “Праблемы лексічнага нармавання беларускай мовы” (1999), “Уводзіны ў мовазнаўства” (2001). 

Шэраг кніг напісана творчымі калектывамі з удзелам ці пад кіраўніцтвам П.У.Сцяцко. Пра актуальнасць і запатрабаванасць гэтых прац сведчыць тое, што асобныя з іх перавыдаваліся па некалькі разоў. Сярод найбольш важных калектыўных прац, суаўтарам якіх з’яўляецца П.У.Сцяцко, варта назваць такія: “Беларуская граматыка” (1985), “Русско-белорусский словарь лингвистических терминов” (1988), “Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў” (1990), “Слоўнік рэгіянальнай лексікі Гродзеншчыны” (1999), “Руска-беларускі фізічны слоўнік” (1999), “Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы” (1969, 1980, 1987, ?), “Зборнік дыктантаў” (1973, 1978), “Беларуская мова” (1970, 1982, 1992, 1998, 2001, 2004), “Сучасная беларуская літаратурная мова” (1975, 1976, 1980, 1993). 

Многа сіл П.У.Сцяцко аддае арганізацыі навуковай справы. У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ён стаў распрацоўшчыкам і кіраўніком такіх навуковых тэмаў, як “Культура Гродзеншчыны”, “Праблемы ўдасканалення структуры лексічных адзінак беларускай літаратурнай мовы”, “Лексіка і словаўтварэнне гаворак Гродзеншчыны”, “Праблемы беларускай тэрміналогіі” і інш. П.У.Сцяцко – заснавальнік і навуковы рэдактар навукова-краязнаўчага альманаха “Гарадзенскія запісы. Старонкі гісторыі і культуры”, вакол якога згуртаваліся творчыя гуманітарыі універсітэта. На працягу шэрагу гадоў П.У.Сцяцко ўваходзіў у склад рэдкалегій перыядычных выданняў “Русскій язык”, “Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта”, “Роднае слова”, “Веснік Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта”, у склад Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісііі пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь. 

З асаблівай адказнасцю П.У.Сцяцко ставіцца да падрыхтоўкі навукова-педагагічных кадраў. Пад яго кіраўніцтвам напісана і абаронена 15 кандыдацкіх дысертацый. 

У сваім ужо немаладым узросце П.У.Сцяко прымае актыўны ўдзел у навуковым, адукацыйным і грамадскім жыцці універсітэта. 

Літаратура пра П.У.Сцяцко: 

1. Бурака Н., Івашуціч Я., Касцян М. Віншуем з юбілеем // Савецкі настаўнік. – 1980. – 5 сакавіка. 2.Зяневіч І.Ц. Актыўная жыццёвая пазіцыя // Настаўніцкая газета. – 

1980. – 12 сакавіка. 

3. Сцяцко Павел Уладзіміравіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі.– Мінск, 1987. – Т. 5.  – С. 205. 

4. Лаўрэаты гадавых навуковых чытанняў: Прафесар Павел Уладзіміравіч Сцяцко // Гомельскі універсітэт. – 1987. – 21 красавіка. 

5.Марціноўскі П. Твае людзі, Зэльвеншчына: Даследчык роднай мовы // Праца. – 1989. – 8 ліпеня. 

6. Кобыш І., Рогалеў А., Чайкун П. Аб родным слове // Гомельскі універсітэт. – 1990. – 13 сакавіка. 

7.Пяткевіч А. Адданасць роднаму слову // Гродзенскі універсітэт. – 1990. – 14 сакавіка. 

8. Нашы юбіляры: Сцяцко Павел Уладзіміравіч // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Серыя 4. – 1990. – № 1. – С. 79 – 80. 

9. 60 гадоў з дня нараджэння Паўла Сцяцко // Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1990. – № 3. – С. 11. 

10. Сцяцко Павел Уладзіміравіч // Беларуская мова: Энцыклапедыя. – Мінск,  1994. – С. 545 – 546. 

11. Сцяцко Павел Уладзіміравіч // Беларусь: Энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 1995. – С. 695. 

12. Хто ёсць хто ў сучаснай беларускай лінгвістыцы. – Мінск, 1997. – С. 99 – 100. 

13. Даніловіч М. Навука – 98. На філалагічным факультэце // Гродзенскі універсітэт. – 1999. – 5 мая. 

14. Пяткевіч А.М. Людзі культуры з Гродзеншчыны. – Гродна., 2000. – С. 288 – 289. 

15. Сцяцко Павел Уладзіміравіч // Выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы: Біябібліяграфічны даведнік. – Гродна, 1999. – С. 494 – 496. 

16. Даніловіч М. Жыццё, прысвечанае навуцы. // Гродзенскі універсітэт. – 2000. – 1 сакавіка. 

17. Скобла М. Рыцар вяльможнага слова. Да 70-годдзя Паўла Сцяцко // Літаратура і мастацтва. – 2000. – 3 сакавіка. 

 18. Багдзевіч А. Павел Уладзіміравіч Сцяцко // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. – 2000. – № 1(3). – С. 125 – 126. 

19. Шавыркін М. Карыфей айчыннага мовазнаўства // Звязда. – 2000. – 4 сакавіка. 

20. З крэўным словам па родных сцежках: Паўлу Сцяцко – 70 // Гродзенская праўда. – 2000. – 4 сакавіка. – С. 5. 

21. Міхайлаў П. Васільковага краю душа // Настаўніцкая газета. – 2000. – 4 сакавіка. 

22. Марціноўскі П. Родная мова – вызначальны накірунак дзейнасці вучонага: П.У.Сцяцко – 70 гадоў // Праца. – 2000. – 4 сакавіка. 

23. Бубновіч Іна. Слынны навуковец і педагог // Наша слова. – 2000. – 8 сакавіка. 

24. Сіплівеня Жана. Пакліканне – лінгвістыка. Да юбілею Паўла Сцяцко // Роднае слова. – 2000. – № 3. – С. 27 – 29. 

25. Габрусевіч С.А., Крэнь І.П. Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. – Гродна, 2001. – С. 116 –117. 

26. Беларуская энцыклапедыя. – Мінск, 2002. – Т. 15. – С. 319. 

27. Памяць. Гістарычна-дакументальная хроніка Зэльвенскага раёна.Мн., 2003. – С.417.

Цыхун Генадзь Апанасавіч. Нарадзіўся 30 кастрычніка 1936 г. у в. Кунцаўшчына Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў сярэднюю школу ў г. Гродна. З 1953 г. – студэнт аддзялення славянскай філалогіі Ленінградскага (цяпер Санкт-Пецярбургскага) дзяржаўнага універсітэта, скончыў у 1958 г. З 1959  г. – аспірант кафедры славянскай філалогіі таго ж універсітэта (навуковы кіраўнік – прафесар Ю.С.Маслаў). У 1961 – 1963 гг. – стажор Сафійскага дзяржаўнага універсітэта (навуковыя кіраўнікі – прафесары Стойка Стойкаў і Любамір Андрэйчын). У 1958 г. і з 1963 г. – навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР (цяпер – Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі), дзе працуе да сённяшняга дня. У 1966 г. у Ленінградскім універсітэце абараніў дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук на тэму «Сінтаксіс займеннікавых клітык у балгарскай і македонскай літаратурнай мове» (апаненты – Самуіл Бернштэйн і Уладзімір Колесаў). З 1968 г. – старшы навуковы супрацоўнік, з 1990 па 2005 г. – загадчык аддзела славянскага і тэарэтычнага мовазнаўства, з 2005 г. – галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. З 1966 г. адначасова працуе выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага універсітэта (г. Мінск), чытае спецкурсы па арэальнай лінгвістыцы і балканістыцы, вядзе заняткі па балгарскай і македонскай мовах. У 1975 – 1976 гг. – стыпендыят ЮНЕСКА пры Варшаўскім універсітэце. У 1982 г. у Мінску абараніў дысертацыю на атрыманне вучонай ступені доктара філалагічных навук на тэму «Тыпалагічныя праблемы балканаславянскага моўнага арэала». З 1996 г. па 2005 г. – загадчык аддзела навуковай тэрміналогіі Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францішка Скарыны (з 2005 г. – Навукова-асветніцкі цэнтр пры Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка). З 1996 г. – прафесар  кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага універсітэта (г.Мінск). З 1994 па 2004 г. – надзвычайны, звычайны прафесар («гастпрафесар») кафедры беларускай філалогіі Універсітэта ў Беластоку (да 1999 г. – філіял Варшаўскага універсітэта ў Беластоку, Польшча). З 1991 па 1995 г. – вучоны сакратар Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (МАБ), у 1995 – 2000 гг. – віцэ-прэзідэнт МАБ, з 1994 г. акадэмік (у 1994 – 1995 гг. – віцэ-прэзідэнт) Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі (г. Масква), з 1992 г. – намеснік старшыні Беларускага камітэта славістаў, з 1993 г. – член Міжнароднага камітэта славістаў (МКС) (з 2004 – член Прэзідыума МКС, член пяці міжнародных камісій пры МКС (па лінгвістычнай бібліяграфіі, па гісторыі славістыкі, па балканскаму мовазнаўству, па лінгвістычных кантактах, па славянскай этымалогіі), старшыня Таварыства «Беларусь – Балгарыя» (з 1992 г.), старшыня Тэрміналагічнай камісіі пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь (з 1995 г.), узнагароджаны Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1996 г.), ганаровы доктар (Доктар Ганорыс Каўза) Сафійскага універсітэта (Балгарыя, 2003 г.).  Член рэдкалегіі штогоднікаў і часопісаў «Кантакты і дыялогі» (Мінск), «SlavisticaVilnensis» (Вільнюс, Літва, з 2005 г.), «ActaBaltica-Slavica» (Варшава, з 2003 г.), «Балканско езикознание» (Софія, з 2003 г.), «Беларуская лінгвістыка» (Мінск, з 2007 г.). Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці і навуковыя інтарэсы: 1) балканістыка са спецыяльнай арыентацыяй на балканаславістыку (з 1962 г. і да гэтага часу); 2) арэальная лінгвістыка (арэальная тыпалогія, арэальная структура славянскіх літаратурных моў, цэнтры ірадыяцыі моўных інавацый, з 1966 г. і да гэтага часу); 3) Палессе як этналінгвістычны рэгіён (з 1963 г. удзельнічаў у палескіх экспедыцыях пад кіраўніцтвам М.І.Талстога, а ў 1967 – 1982 гг. збіраў матэрыялы для пяцітомнага «Тураўскага слоўніка»); 4) беларуска-іншаславянскія моўныя сувязі (у 1968 – 1975 гг. быў арганізатарам серыі сімпозіумаў, прысвечаных беларуска-іншаславянскім і беларуска-балтыйскім ізалексам, з 1974 г. вывучае спецыяльна беларуска-паўднёваславянскія моўныя сувязі); 5) этымалогія (з 1983 г. зяўляецца адным з аўтараў «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы», т. 1–12 (А – С), з 2004 г. – рэдактар, выданне працягваецца); 6) перакладная іншаславянска-беларуская лексікаграфія (распрацоўка канцэпцыі слоўнікаў і рэдагаванне польска-беларускага і балгарска-беларускага слоўнікаў); 7) лінгвістычная бібліяграфія славістыкі (з 1974 г. разам з іншымі рыхтуе гадавыя анатаваныя бібліяграфічныя агляды лінгвістычных публікацый у  Беларусі, да 1988 г. друкаваліся ў «RocznikSlawistyczny» (г. Кракаў), пасля публікуюцца ў спецыяльных тамах «Bibliografiajezykoznawstwaslawistycznego», што змяшчаюць агляды за 1992, 1993, 1994, 1995, 1996, 1997 гг.,  г. Варшава, 1995 – 2003 гг.); 8) гісторыя беларускай славістыкі (з 1990 г. займаецца вывучэннем фармавання лінгвістычнай славістыкі ў Беларусі ў 20 – 30-я гады мінулага стагоддзя); 9) экалінгвістыка (з 1983 г. даследуе моўную сітуацыю ў розных славянскіх краінах у святле экалогіі, глабалізацыі і ўзаемадзеяння моў; вывучае славянскія літаратурныя мікрамовы, змешаныя або крэалізаваныя варыянты славянскіх моў; дэфармацыі ў развіцці беларускай мовы). Па названых кірунках выступаў з дакладамі і лекцыямі ў Аўстрыі, Балгарыі, Венгрыі, Германіі, Македоніі, Польшчы, Расіі, Румыніі, Славеніі, Славакіі, Украіне, Францыі, Чэхіі, Швецыі, Эстоніі і іншых краінах. Агульная колькасць апублікаваных прац – каля 300. Важнейшыя з іх наступныя: Синтаксис местоименных клитик в южнославянских языках: балканославянская модель. – Минск, 1968; Энкліза і пракліза ў структуры славянскага сказа. – Мінск, 1968 (VI Міжнародны з’езд славістаў: даклады); Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. – Т. 1 – 11. – Мінск, 1978 – 2006 (у суаўтарстве); Тыпалогія сінтаксічных адрозненняў у балканаславянскім арэале. – Мінск, 1978 (VIII Міжнародны з’езд славістаў: даклады); Типологические проблемы балканославянского языкового ареала. – Минск, 1981; Тураўскі слоўнік. – Т. 1 – 5. – Мінск, 1982 – 1985 (у суаўтарстве); Паўднёваславянска-ўсходнеславянскія моўныя сувязі: Да праблемы славянскага ўкладу ў балканскі моўны саюз. – Мінск, 1983 (ІХ Міжнародны з’езд славістаў: даклады); Арэальная тыпалогія славянскіх моў: Прынцыпы і напрамкі даследавання. – Мінск, 1988 (Х Міжнародны з’езд славістаў: даклады); Арэальныя аспекты фарміравання славянскіх літаратурных моў. – Мінск, 1993 (ХІ Міжнародны з’езд славістаў: даклады); Славянскія мовы ў святле экалінгвістыкі. – Мінск, 1998 (ХІІ Міжнародны з’езд славістаў: даклады); Міжславянскія ізалексы ў беларускіх этымалагічных слоўніках. – Мінск, 1998 (ХІІ Міжнародны з’езд славістаў: даклады) (у суаўтарстве); Тэрміналагічныя слоўнікі (асобныя выданні): 1918 – 1998 гг. – Мінск, 2000 (у суаўтарстве); Міжславянскае моўнае ўзаемадзеянне (сацыякультурны аспект). – Мінск, 2003.

Літаратура пра Г.А.Цыхуна:

1. Крыўко, М.Н. Цыхун Генадзь Апанасавіч / М.Н.Крыўко // Беларуская мова: Энцыклапедыя. – Мінск, 1994. – С. 604 – 605.

2. Цыхун Генадзь Апанасавіч // Хто ёсць хто ў сучаснай беларускай лінгвістыцы / Рэд. А.К.Кіклевіч, У.Б.Журавель. – Мінск, 1997. – С.111.

3. Цыхун Генадзь Апанасавіч// Аляксей Пяткевіч. Людзі культуры з Гродзеншчыны: Даведнік. Гродна, 2000. С. 317318.

4. Бъчваров, Я. Генадий Цихун – почетен доктор на Софийския университет/ Я. Бъчваров // Българска реч. 2005. Год. 11. Бр. 2. С. 8082.

5. Лучыц-Федарэц, І. Выдатны беларускі славіст і балканіст. Да юбілею Генадзя Цыхуна / І.Лучыц-Федарэц // Роднае слова. – 2006. – № 10. – С. 18 – 19.

6. Лучыц-Федарэц І.І. Генадзь Апанасавіч Цыхун (да 70-годдзя з дня нараджэння) / І.І.Лучыц-Федарэц, Р.М.Малько // Беларуская лінгвістыка. – 2006. – Вып. 58. – С. 135 – 137.

7. Супрунчук, М. Даследчык славянскага слова/ М.Супрунчук // Літаратура і мастацтва. 2006. 3 лістап. С. 5.

8. Мокиенко, В. Диалектная фразеология и ареальная лингвистика (фразеоглоссы и фразеологические параллели) /В.Мокиенко // Мова – Літаратура – Культура: матэрыялы VМіжнар. канф. (да 80-годдзя праф. Льва Міхайлавіча Шакуна). – Мінск, 2007. – С. 31 – 32.