Федароўскі Міхал. Нарадзіўся М.Федароўскі 1 верасня 1853 г. ў Варшаве ў мяшчанскай сям’і. У 1870 г. скончыў Варшаўскую мужчынскую прагімназію. У 1873 г. стаў вольным слухачом агранамічнага факультэта Пятроўска-Разумоўскай акадэміі (пад Масквой), але па прычыне хваробы быў вымушаны пакінуць яе. У 1877 г. пераехаў жыць на Пружаншчыну, пасяліўся ў маёнтку маршалка В.Швыркоўскага, што каля в. Шарашова. Прысвяціў сябе вывучэнню мясцовага краю. Стаў збіральнікам. Збіраў прадметы матэрыяльнай і духоўнай культуры. Размах збіральніцкай працы М.Федароўскага здзіўляе сваёй грандыёзнасцю. Ён цікавіўся фізіяграфіяй, антрапалогіяй, вывучаў флору, помнікі культуры і мастацтва, збіраў кнігі, дакументы са старых архіваў, раскопваў курганы, старажытныя стаянкі чалавека. Найбольшую щвагу М.Федароўскі праявіў да мовы і фальклору беларусаў. Запісваў паданні і казкі, вераванні і забабоны, жарты і анекдоты, прыказкі і загадкі, песні і прыпеўкі, не цураўся нават фрывольных твораў. Аб’ездзіў і абышоў заходнюю частку Беларусі ўздоўж і ўпоперак. Пачынаючы з 1877 г. абследаваў Пружанскі, Ваўкавыскі, Лідскі, Слонімскі, Сакольскі, Беластоцкі, Бельскі, Аўгустоўскі, Гродзенскі, Вілейскі, Навагрудскі і Слуцкі паветы. У кожным павеце меў сваіх памочнікаў. Пры любым зручным выпадку сам стараўся трапіць да сялян на вяселле, хрысціны, Каляды, Вялікдзень, Сёмуху, дажынкі і інш. Усе даходы, якія давала гаспадарка, траціў на паездкі, набыццё экспанатаў.
У 1897 г. М.Федароўскі пераехаў у маёнтак Падоль, што ў Слонімскім павеце. Ён глыбей вывучае мясцовыя і суседнія ваколіцы, апісвае ткацтва і ганчарства, народныя музычныя інструменты, рыбалоўства, паляванне, цяслярства, гадоўлю свойскай жывёлы, кавальства, вясковае будаўніцтва, занатоўвае лексіку мясцовых гаворак, якую намерваецца выдаць у будучым як дадатак да слоўніка І.Насовіча, запісвае некалькі батлеечных спектакляў, выступае ў друку з артыкуламі.
Пачатак ХХ ст. – нялёгкі час у жыцці М.Федароўскага. Памерла яго трое дзяцей. Да таго ж спасціглі сур’ёзныя гаспадарчыя няўдачы: вада заліла палі і сенажаці маёнтка Падоль. Узнікла пагроза эканамічнага разарэння. У гады першай сусветнай вайны М.Федароўскі ўцягваецца ў супярэчлівае палітычнае жыццё.
Усё гэта паслужыла прычынай таго, што М.Федароўскі пэўным чынам аддаліўся ад збіральніцкай справы, якой прысвяціў трыццаць гадоў жыцця. Толькі ў 1921 г. ён зноў вяртаецца да сваіх сабраных калекцый з мэтай іх навуковай апрацоўкі і выдання. Становіцца навуковым супрацоўнікам аддзела этналогіі Інстытута антрапалагічных навук у Польшчы. Аднак стан здароўя М.Федароўскага пагоршыўся. 10 чэрвеня 1923 г. яго не стала. Пахаваны на Павонзкаўскіх могілках у Варшаве.
Яшчэ ў канцы ХІХ ст. М.Федароўскі пачаў ствараць на падставе сваіх сабраных калекцый грандыёзную фундаментальную манаграфію пад назвай “Люд беларускі на Русі літоўскай”. Планавалася выдаць яе прыкладна ў 20 тамах. Першыя тры тамы апублікаваны пры жыцці даследчыка: І т.: вераванні, прымхі, забабоны (1897 г.); ІІ т.: казкі, паданні пра мясцовасці (1902 г.); ІІІ т.: гістарычныя і мясцовыя паданні, гумарыстычныя апавяданні, казкі, анекдоты (1903 г.). Наступныя пяць тамоў выдадзены пасля смерці М.Федароўскага: Так, ІV т., у якім адлюстрававаны пераважна прыказкі і фразеалагізмы, выйшаў 1935 г. У V–VIІІ тт. (1958–1981) падаюцца ў асноўным песні.
Для лінгвістычнага краязнаўства найбольшае значэнне мае IV т. “Люду беларускага”. У яго ўвайшло больш за 1300 выслоўяў, сярод якіх больш за 9000 прыказак, 3300 фразеалагізмаў.
Шматлікія матэрыялы, сабраныя М.Федароўскім, засталіся неапублікаванымі. Частка іх загінула ў гады вайны, а частка знаходзіцца ў архівах Польшчы.
Фаьклорна-дыялекталагічная спадчына М.Федароўскага, сабраная адным чалавекам, па колькасці адзінак пакуль што не мае сабе роўных у Беларусі. Шматтомнае фундаментальнае даследаванне “Люд беларускі” належыць да найлепшых нацыянальна-культурных каштоўнасцей, якія з годнасцю паказваюць самабытнасць, унікальнасць беларусаў у свеце.
Літаратура пра М.Федароўскага:
1. Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. – Мінск, 1972.
2. Федароўскі М. //Энцыклапедыя літарауры і мастацтва Беларусі: у 5 т. – Мінск, 1987. – Т. 5. – С. 393–394.
3. Федароўскі Міхал //Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік. – Мінск, 1995. – С. 585–587.
4. Даніловіч М. Фразеалагічная спадчына Міхала Федароўскага // Роднае слова. – 2003. – № 9. – С. 39–41.