Лепешаў Іван Якаўлевіч. Нарадзіўся І.Я.Лепешаў у вёсцы Іскозы Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці 23 кастрычніка 1924 г. У 1940 г. скончыў 8 класаў, здаў экстэрнам экзамены за 9 класаў і паступіў у Аршанскі настаўніцкі інстытут, вучоба ў якім была перапынена Вялікай Айчыннай вайной. З 1944 г. ваяваў на фронце, быў паранены пры вызваленні Кенінгсберга. Узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі» і інш. Пасля сканчэння Аршанскага настаўніцкага інстытута (1948) працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Свіслацкай СШ Гродзенскй вобласці. З 1956 па 1971 г. выкладаў беларускую і рускую мовы і літаратуры ў Машталерскай сямігадовай школе Скідзельскага раёна і ў Берштаўскай сярэдняй школе Шчучынскага раёна. Завочна скончыў філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага педінстытута (1959).
Працуючы ў школе, І.Я.Лепешаў прымаў актыўны ўдзел у грамадскай дзейнасці, у якасці селькора часта друкаваў свае матэрыялы ў мясцовых, рэспубліканскіх і саюзных перыядычных выданнях. Сур'ёзна займаўся навукова-метадычнымі пытаннямі выкладання мовы і літаратуры. У выдавецтве «Народная асвета» настаўнік выдаў дзве свае кнігі «Изготовление и использование таблиц по русскому языку» (1966), «Литературно-краеведческий кружок» (1969), якія былі высока ацэнены тагачаснай метадычнай навукай.
У 1971 г. І.Я.Лепешава запрасілі працаваць на кафедру беларускай мовы Гродзенскага дзяржаўнага педінстытута (цяпер універсітэт). З гэтага часу пачынаецца надзвычай плённая навуковая дзейнасць вучонага ў галіне беларускай мовы. У 1973 г. абаронена кандыдацкая дысертацыя, у 1985 г. – доктарская. Амаль у пяцідзесяцігадовым узросце І.Я.Лепешаў з юнацкай энергіяй і апантанасцю кінуўся ў вір навуковай справы. Дэвізам яго жыцця з’яўляецца праца, дзень і ноч праца дзеля навукі, дзеля росквіту роднага слова. Яшчэ вельмі важная прафесійная рыса вучонага – выключная акуратнасць у рабоце. У любой яго публікацыі, ці то артыкуле, ці то манаграфіі, чытач не знойдзе павярхоўнасці, тут заўсёды глыбіня разважанняў, аргументы вынашаныя, вывераныя, кожнае слова – на сваім месцы, фраза – адшліфаваная.
За тры дзесяццігоддзі адным чалавекам створаны такі аб'ём навуковай прадукцыі, якім мог бы ганарыцца нават цэлы творчы калектыў. Гэта і манаграфіі, і слоўнікі, і навучальныя дапаможнікі, і метадычныя распрацоўкі, і шматлікія навуковыя і публіцыстычныя артыкулы ў зборніках і перыядычных выданнях.
Заўсёднай творчай рысай вучонага было імкненне да навізны, навуковага адкрыцця. Ён ніколі не браўся за тэмы, ужо кім-небудзь распачатыя, «збітыя». Так, у 60–70-я гг. пачынаецца лексікаграфічнае і тэарэтычнае апісанне літаратурнай фразеалогіі. Першымі ластаўкамі ў гэтай галіне сталі працы І.Я.Лепешава «Фразеалагічны слоўнік» (1973), «Фразеалогія ў творах К.Крапівы» (1976). Толькі з'явіўся ў філалагічнай дыдактыцы такі кірунак, як лінгвістычны аналіз, – праз кароткі час выходзіць манаграфія І.Я.Лепешава «Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора» (1981). Два выпускі «Этымалагічнага слоўніка фразеалагізмаў» (1981; 1993) – таксама новае для беларусістыкі. Яшчэ не ўсюды ў ВНУ быў уведзены курс па культуры мовы, як выходзіць з друку дапаможнік «Асновы культуры мовы і стылістыкі» (1989). Доктарская манаграфія «Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы» (1984) – зноў жа распрацоўка цаліны ў стылістыцы. Першая спроба складання дыферэнцыяльнага слоўніка дыялектных фразеалагізмаў, сабраных у гавораках Гродзенскай і Віцебскай абласцей, таксама належыць І.Я.Лепешаву – «З народнай фразеалогіі» (1991). У 1996 г. у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя» выходзіць створаны І.Я.Лепешавым першы ў беларускай лінгвістыцы тлумачальны «Слоўнік беларускіх прыказак».
Кола навуковых інтарэсаў вучонага шматграннае. Найперш трэба адзначыць даследаванні ў сферы фразеалогіі, якой аўтар прысвяціў больш за 10 кніг. Сярод іх самай значнай можна лічыць манаграфію-дапаможнік «Фразеалогія сучаснай беларускай мовы» (1998), якая з'яўляецца вынікам шматгадовых тэарэтычных напрацовак вучонага. Без перабольшання можна сказаць, што па глыбіні вырашэння шматлікіх, часта спрэчных пытанняў у сферы фразеалогіі яна самая грунтоўная ў славянскай фразеалагічнай навуцы.
Шмат увагі вучоны надае даследаванню іншых моўных з'яў, займаецца праблемамі парэміялогіі, лексікалогіі, граматыкі, культуры мовы, стылістыкі, мовы мастацкай літаратуры і інш. Свой навуковы багаж І.Я.Лепешаў шчодра перадае студэнтам на занятках праз навучальную літаратуру. Ім створана серыя навучальных дапаможнікаў для студэнтаў і вучняў школ: «Моўныя самацветы» (1985), «Прыказкі як моўныя адзінкі і іх стылістычнае выкарыстанне» (1995), «У слоўнікавую скарбонку» (1999; 2004), «Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора» (2000), «Практыкум па беларускай мове» (2001), «Практыкум па лексікалогіі і фразеалогіі» (2001), «Сучасная беларуская мова: Спрэчныя пытанні» (2002), «Чаму мы так гаворым» (2003), “Практыкум па фанетыцы беларускай мовы” (2006), “Культура маўлення” (2007) і інш.
Апошняе дзесяцігоддзе знамянальнае для І.Я.Лепешава тым, што яго навуковы вопыт сканцэнтраваўся ў працах фундаментальнага характару. Пра іх значнасць сведчыць ужо тое, што апублікаваны яны ў самым аўтарытэтным дзяржаўным выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя”. Першая праца – “Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы” ў 2 тамах (1993) – плён трыццацігадовых пошукаў. Для стварэння яго аўтару давялося прачытаць амаль усю беларускую мастацкую літаратуру, каб адшукаць і выпісаць дзесяткі тысяч фразеалагічных цытат. Складзена картатэка акадэмічнага тыпу, якая дазволіла апісаць усю літаратурную фразеалогію. Выхад у свет гэтага слоўніка – значная падзея не толькі ў грамадска-культурным жыцці Беларусі, але і вялікі ўклад у славістыку наогул, апошняе слова сучаснай славянскай фразеаграфіі. Не менш значныя і дзве другія працы. У “Слоўніку беларускіх прыказак” (2002, 2006) растлумачана больш за паўтары тысячы найбольш ужывальных прыказак, дадзена іх рознабаковая характарыстыка. У “Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў” (2004) раскрываюцца паходжанне і ўтварэнне каля дзвюх тысяч фразеалагізмаў. Даведнікаў такога ўзроўню аднаго аўтара яшчэ не мае ні руская, ні ўкраінская філалогія. Манаграфію-дапаможнік “Парэміялогія як асобны раздзел мовазнаўства” (2006) можна назваць энцыклапедычнай. У ёй грунтоўна распрацавана тэорыя прыказак, упершыню прапануюцца шматлікія навуковыя ідэі, даюцца заўвагі і ўдакладненні да многіх ранейшых меркаванняў і высноў іншых аўтараў адносна прыказак.
Вядомы ў Беларусі і такія навукова-папулярныя кнігі І.Я.Лепешава, як “Дазнанні” (2000), “У пошуках ісціны” (2007).
Творчыя дасягненні І.Я.Лепешава можна назваць навуковым подзвігам. Галоўны дэвіз яго жыцця – тварыць, тварыць. Тварыць для таго, каб жыла і ўмацоўвалася родная мова, каб зберагчы яе для нашчадкаў у сваёй роднай краіне.
Літаратура пра І.Я.Лепешава:
1. Шэўчык Н. Нагляднасць і развіццё мовы вучняў пры вывучэнні сінтаксісу // Народная асвета. – 1965. – № 3. – С. 36.
2. [Рэдакцыйны артыкул:] Навучаючы, вучыцца // Народная асвета. –1965. – № 10. – С. 4.
3. Лепешаў Іван Якаўлевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. – Т. 3. – Мінск, 1986. – С. 236.
4. Янкоўскі Ф. Пра запаветнае // Полымя. – 1992. – № 9. – С. 204–205.
5. Сачанка Б. Адраджэнне праз духоўнасць // Літаратура і мастацтва. –1993. – 29 мая.
6. Карачун Р., Тамашэвіч Т. І адзін у полі воін // Гродзенская праўда. –1994. – 1 сакавіка.
7. Лепешаў Іван Якаўлевіч // Беларуская мова: Энцыклапедыя. – Мінск, 1994. – С. 304–305.
8. Даследчык фразеалагізмаў // Літаратура і мастацтва. – 1994. – 21 кастрычніка.
9. Віншуем юбіляра // Роднае слова. – 1994. – № 10. – С. 30.
10. Тамашэвіч Т. Даследчык роднага слова // Свіцязь. – 1994. – № 3. – С. 129.
11. Крыўко М. Зайздросны лёс вялікага працаўніка // Наша слова. – 1994. – № 45. – С. 6.
12. Сабасцян Б. Шлях у навуку пачынаўся ў Берштах // Дзянніца. – 1994. – 10 снежня.
13. Лепешаў Іван Якаўлевіч // Беларусь: Энцыклапедычны даведнік. –Мінск, 1995. – С. 422.
14. Лепешаў Іван Якаўлевіч // Беларуская Энцыклапедыя ў 18 тамах. Мінск, 1999. – Т.9. – С.206.
15. Даніловіч М. Навука-98 на філалагічным // Гродзенскі універсітэт. – 1999. – 5 мая.
17. Коўзкі М. Доля праўды // Літаратура і мастацтва. – 1997. – 10 кастрычніка.
18. Даніловіч М.А. Слова пра Настаўніка // Прафесар Іван Якаўлевіч Лепешаў: Бібліяграфічны агляд навукова-педагагічнай дзейнасці па беларускім мовазнаўстве. – Гродна, 1999. – С. 7–10.
19. Тамашэвіч Т.І. На ніве роднага слова // Прафесар Іван Якаўлевіч Лепешаў: Бібліяграфічны агляд навукова-педагагічнай дзейнасці па беларускім мовазнаўстве. – Гродна, 1999. – С. 10—13.
20. Лепешаў Іван Якаўлевіч // Выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы: Бібліяграфічны даведнік. Гродна, 1999. – С. 285–287.
21. Даніловіч М. Віншуем юбіляра // Роднае слова. – 1999. – № 10. – С. 68.
22. Буевіч В., Сідар А. Іван Якаўлевіч Лепешаў: Чалавек і Настаўнік з вялікай літары // Пагоня. – 1999. – 21 кастрычніка.
23. Крыўко М. Руплівец мовазнаўства // Настаўніцкая газета. – 1999. – 23 кастрычніка.
24. Крыўко М. Вялікі працаўнік на ніве роднай мовы // Наша слова. – 1999. – 27 кастрычніка.
25. Паланёны родным словам // Літаратура і мастацтва. – 1999. – 29 кастрычніка.
26. Якалцэвіч М. Шчодрасць таленту // Гродзенскі універсітэт. – 1999. – 3 лістапада.
27. Лепешев Иван Яковлевич // Кто есть кто в Республике Беларусь: Люди Дела. Минск, 1999. – С. 293.
28. Жук І. Дазнанні на гарачай далоні // І.Я.Лепешаў. Дазнанні. – Гродна, 2000. – С. 3–4.
29. Дудараў Л. Ад вясковага хлопчыка да прафесара // Дняпроўская праўда. – 2000. – 26 ліпеня.
30. Лепешаў Іван Якаўлевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. – Т. 9. Мінск, 2000. С.
31. Лепешев Иван Яковлевич // Кто есть кто в Республике Беларусь. Минск, 2001. – Т. 1. – С. 93.
32. Лепешаў Іван Якаўлевіч // Памяць: Шчучынскі раён. – Мінск, 2001. – С. 453–454.
33. Лепешев Иван Яковлевич // Кто есть кто в Республике Беларусь. –Минск, 2004. С.
34. Тамашэвіч Т. Паланёны родным словам // Роднае слова. – 2004. – № 9. – С.