Сцяшковіч Таццяна Філіпаўна. Нарадзілася Т.Ф. Сцяшковіч ў г. Чэрвені Мінскай вобласці 25 снежня 1904 г. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі скончыла прыхадскую школу і два класы вышэйшага пачатковага вучылішча. Пасля рэвалюцыі вучылася ў школе другой ступені. У 1921 г. паступіла ў Чэрвеньскі педтэхнікум, а пасля яго закрыцця перавялася ў Мінскі педтэхнікум і скончыла яго ў 1925 г. Працавала педагогам ў школах Віцебскай вобласці. У 1927 г. паступіла на 2 курс літаратурна-лінгвістычнага аддзялення педфака Белдзяржуніверсітэта ў г. Мінску і скончыла яго ў 1930 г. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны працавала педагогам ў сярэніх школах БССР, настаўніцай рускай і беларускай мовы і літаратуры ў г. Магілёве.
У ваенным ліпені 1941 г. эваукіравалася ў Арлоўскую вобласць, дзе прабыла да лістапада 1941 г. З набліжэннем нямецкіх акупантаў пераехала ў Саратаўскую вобласць. У снежні 1941 г. ў адной з раённых бальніц Саратаўска й вобласці ад хваробы на адзёр памерлі трое яе непаўналетніх дзяцей (муж загінуў раней пад бамбёжкай у Мінску).
З-за адсутнасці месца працы ў школах. Т.Ф.Сцяшковіч паступіла на курсы шафёраў у г. Пятроўску, а пасля сканчэння іх працавала па 1943 г. шафёрам Макраускаўскай МТС Фёдараўскага раёна Саратаўскай вобласці. З 1943 па 1945 г. працавала завучам, выкладчыкам мовы і літаратуры ў сямігадовай, а затым у сярэдняй школе.
Па выкліку Міністэрства асветы БССР рээвакуіравана на радзіму ў 1945 г. Два гады працавала інспектарам Гродзенскага аблана, а з 1947 г. і да выхаду на пенсію – у Гродзенскім дзяржаўным педінстытуце (універсітэце імя Янкі Купалы) спачатку старшым выкладчыкам, затым – дацэнтам, загадчыкам кафедраў рускай і беларускай моў, беларускай мовы.
Навучальна-выхаваўчая і навуковая праца Т.Ф.Сцяшковіч адзначана шэрагам узнагарод: ордэнам “Знак Пашаны”, Залатым ганаровым знакам польска-савецкай дружбы, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета рэспублікі, Міністэрства асветы; ёй прысвоена званне Заслужанага настаўніка школы БССР.
Як вучоны Т.Ф.Сцяшковіч значны ўклад унесла ў развіццё беларускай лінгвістычнай навукі. Кандыдацкую дысертацыю “Гаворкі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці” абараніла ў 1955 г. Апублікавала дзесяткі артыкулаў. Тры кнігі прысвяціла даследаванню мовы твораў беларускіх пісьменнікаў: “З назіранняў над мовай К.Крапівы” (1961), “Мова твораў Міхася Лынькова” (1965), “Мова эпапеі Міхася Лынькова “Векапомныя дні” (1965), “Займеннік у беларускай мове” (1977). Яе найбольшыя навуковыя дасягненні звязаны з лінгвістычным краязнаўствам Гродзеншчыны. Яна многа гадоў кіравала дыялекталагічнай практыкай студэнтаў, удзельнічала ў дыялекталагічных экспедыцыях. Вынікам збіральніцка-даследчай працы Т.Ф.Сцяшковіч сталі такія кнігі, як “Гаворкі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці Беларускай ССР” (1959), “Прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы, выслоўі народных гаворак Гродзенскай вобласці” (1968), “Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці” (1972), “Слоўнік Гродзенскай вобласці” (1983). Імя Т.Ф.Сцяшковіч значыцца ў спісе збіральнікаў фактычнага матэрыялу да такіх фундаментальных прац: “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы” (1963), “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак: У 5 т.” (1993–1998).
Не стала Т.Ф. Сцяшковіч 6 лістапада 1986 г. Пахавана на Гродзенскіх гарадскіх могілках.
Літаратура пра Т.Ф.Сцяшковіч:
1. Крыўко М.Н. Сцяшковіч Таццяна Піліпаўна // Беларуская мова: Энцыклапедыя. – Мінск, 1994. – 546–547.
2. Лепешаў І. Успомнім добрым словам // Гродзенская праўда. – 23 снежня 2004.