Рысінскі Саламон. Нарадзіўся С.Рысінскі ў 60-я гады ХVI стагоддзя ў в. Рысін на Полаччыне (цяпер Пскоўская вобласць Расіі). Пачатковую адукацыю атрымаў у доме дробнага шляхціча. Быў заўважаны прыдворнымі гетмана Георгія Радзівіла і накіраваны на вучобу.
Пазней С.Рысінскі стаў настаўнікам шляхецкіх дзяцей у вёсках Вялікага Княства Літоўскага, а таксама суправаджаў сваіх выхаванцаў за мяжу.
Служыў пры двары Радзівілаў, быў прыдворным паэтам, вучоным, выкладчыкам, перакладчыкам, асветнікам Хрыстафора Радзівіла.
Удзельнічаў у друкаванні кніг у Любчанскім друкарскім двары. Сам пісаў працы філасофскага, царкоўнага, асветніцкага характару. Надрукаваў некалькі сваіх кніг. Галоўнай кнігай, над якой працаваў больш за 30 гадоў, з’яўляецца “Зборнік прыказак”, выдадзены ў Любчы ў 1618 годзе. У зборнік уключана 1800 прыказак, сабраных у наваколлі Любчы. С.Рысінскі слухаў прыказкі на мясцовай беларускай мове, перакладаў іх на польскую, тлумачыў па-лацінску. Часта прыводзіў лацінскія, старажытнарымскія і грэчаскія прыказкавыя паралелі.
“Зборнік прыказак” меў вялікую папулярнасць у Еўропе. За паўтара дзесяцігоддзі перавыдаваўся шэсць разоў у розных гарадах Рэчы Паспалітай. Зборнік меў вялікае значэнне, паказаў, што беларусая мова простых людзей вельмі багатая.
Памёр С.Рысінскі 13 лістапада 1625 г. Пахаваны ў в. Дзяляцічы Навагрудскага раёна.
Літаратура пра С.Рысінскага:
1. Порецкий Я.И. Соломон Рысинский. – Минск, 1983.
2. Рысінскі Саламон // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т. – 1987. – Т. 4. – С. 552.
3. Рысінскі Саламон Фёдаравіч // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 1995. – С.118.