Цыхун Апанас Пятровіч. Вядомы беларускі настаўнік і краязнавец А.П.Цыхун нарадзіўся 5 траўня 1910 г. у вёсцы Кунцаўшчына Гродзенскага раёна ў сялянскай сям’і. У восем гадоў спазнаў сірочую долю, застаўся без маці. Пачатковую адукацыю атрымаў у суседняй вёсцы Лаша. Сямігодку скончыў у вёсцы Індура Гродзенскага раёна. За выключныя здольнасці да вучобы і музыкі ён, адзін з нямногіх беларусаў, быў залічаны ў Гродзенскую польскую настаўніцкую семінарыю. Але скончыць яе не ўдалося: забралі ў войска, а пасля войска не было грошай заплаціць за вучобу. Заставаўся адзіны спосаб самарэалізацыі – працаваць на гаспадарцы ў роднай вёсцы. У 1939 г. – зноў служба ў польскім войску ў якасці рэзервіста. Не раз знаходзіўся паміж жыццём і смерцю. Гэта было ў вайну і пры абароне Варшавы, і ў нямецкім палоне, і калі этапавалі з нямецкага лагера ў савецкі, і ў пасляваенны час, калі пагражалі расправай лясныя банды. Але лёс быў літасцівы. Бог бярог А.П.Цыхуна для высакароднай справы, якая чакала яго ў роднай старонцы.
Прафесійная дзейнасць А.П.Цыхуна звязана з асветай, школьніцтвам. Працуючы настаўнікам Лашанскай сямігодкі, польскай сярэдняй школы № 2 г. Гродна, дырэктарам Капцёўскай, Калбасінскай, Батароўскай школ, школьным інспектарам у Гродзенскім раёне, ён цалкам аддаваў сябе таму, каб дзеці шанавалі і ведалі родную мову. У выніку выкладанне беларускай мовы і літаратуры ў раёне было пастаўлена на высокі ўзровень. Самаадданая праца была адзначана ў 1967 г. прысваеннем А.П.Цыхуну звання “Заслужаны настаўнік БССР”.
А.П.Цыхун не проста настаўнік беларускай мовы і літаратуры, а філолаг шырокага профілю ў найлепшым сэнсе гэтага слова. Дваццаць гадоў ён узначальваў літаратурнае аб’яднанне пры гродзенскай раённай газеце, яго вершы, апавяданні часта друкаваліся ў рэспубліканскіх і мясцовых газетах, а ў 1995 г. выйшла кніга паэзіі “Легенды і балады Гродзеншчыны”.
Сэнсам жыцця, унутранай неабходнасцю стала для А.П.Цыхуна краязнаўства. Дзякуючы сотням яго артыкулаў, шырокая грамадскасць даведалася пра многіх выдатных сыноў Гродзеншчыны (М.Пачобута-Адляніцкага, І.Легатовіча, А.Баліцкага, К.Якаўчыка, А.Грыгаровіча, М.Краўцова, Г.Капыцкага і інш.). Энтузіяст і нястомны шукальнік, ён зрабіў вельмі шмат у розных напрамках лінгвістычнага краязнаўства. У вёсцы Лаша стварыў унікальны музей Я.Ф.Карскага, пра які ведалі далёка за межамі Беларусі. Напісаў і выдаў кнігу “Акадэмік з вёскі Лаша Я.Ф.Карскі” (1992), падрыхтаваў да друку ілюстраваны альбом, прысвечаны гэтаму вучонаму. Надзвычай каштоўная кніга А.П.Цыхуна – слоўнік гаворак Гродзенскага раёна “Скарбы народнай мовы” (1994). Матэрыялы да яго аўтар пачаў збіраць яшчэ ў 1939–1940 гадах, але асноўная частка слоў была запісана ў пасляваенны час. Гэты слоўнік адзін з лепшых у беларускай дыялектнай лексікаграфіі. Невыпадкова Ніл Гілевіч ахарактарызаваў яго як навуковы і патрыятычны подзвіг настаўніка.
Чуйны да жывога матчынага слова, А.Цыхун не мог абысці вусную народную творчасць. Сабрана цэлая калекцыя фальклорных твораў, частка якіх склала зборнік “Песні з народных глыбіняў”, апублікаваны ў 2000 г.
Летапісам жыцця можна назваць кнігу ўспамінаў А.Цыхуна “Пройдзеныя шляхі-пуцявіны” (2003). Гэта не проста біяграфічнае апісанне жыццёвай дарогі аднаго чалавека, а паказ таго, як цесна пераплецены, знітаваны лёс беларускага інтэлігента з лёсам усяго народа, што гэтак пакутліва перажыў ХХ стагоддзе.
А.П.Цыхун быў і застаецца вельмі шаноўным у асяроддзі беларускай інтэлігенцыі. Асабістае сяброўства і творчыя кантакты звязваюць яго з вядомымі пісьменнікамі М.Васільком, А.Карпюком, В.Быкавым, Я.Брылём, Н.Гілевічам, Ю. Пшырковым, Г.Каханоўскім, мовазнаўцам Ф.Янкоўскім, гісторыкам М.Ткачовым, кампазітарам А.Шыдлоўскім, мастаком А.Ліпенем, заснавальнікам астранаўтыкі Б.Кітам і многімі іншымі знанымі людзьмі.
Нягледзячы на свой узрост, А.Цыхун заўсёды быў у руху. Яго часта можна было бачыць сярод студэнтаў, настаўнікаў, бібліятэкараў, святароў, дзе ён выступаў са сваімі вершамі, дзяліўся жыццёвымвопытам, заклікаў берагчы нацыянальныя каштоўнасці. Звычайная сялянская хатка А.Цыхуна на ўскрайку горада Гродна пабачыла многіх гасцей, прыхільнікаў беларушчыны. Гаспадар кожны раз быў рады такім гасцям. Сустракаў па-беларуску прыветна, з запрашэннем да стала, на якім абавязкова хлеб і да хлеба.
Улюбёны ў свой родны край, А.Цыхун балюча рэагаваў на тое, як разбураецца сучасная вёска – патрыярхальная аснова беларускай мовы і культуры: “Не верыцца, што жыццё прайшло і больш не вернецца. Яно перад маімі вачыма, асабліва юначае. Бачыш сваіх блізкіх, знаёмых, з якімі яно працякала. Часта сніцца мне мая Кунцаўшчына. Цяпер яна, на жаль, цяжка захварэла і ніякія лекары ёй ужо не дапамогуць. У вёсцы засталося ўсяго некалькі старэнькіх бабулек. Апошнія хаты зусім пустыя, знямелі. Для мяне ж яна такая, як і дзесяцігоддзі таму.
Кунцаўшчына-вёска, стала ты другою,
Анямеў ў прысадах тваіх пчолак гуд.
А мяне ўсё цягне ў босае дзяцінства,
У кунцаўскі імшалы дзедаў родны кут…”
10 сакавіка 2005 г. А.П.Цыхуна не стала.
Літаратура пра А.П.Цыхуна:
1. Каханоўскі Г. Педагог – краязнавец // Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1990. – № 8. – С. 75–76.
2. Пяткевіч А.М. Педагог, краязнавец, літаратар // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гродзенскага раёна. – Мінск, 1993. – С. 414–416.
3. Цыхун Апанас Пятровіч // Пяткевіч Аляксей. Людзі культуры з Гродзеншчыны. – Гродна, 2000. – С. 316–317.
4. Журавлев В. «Я сызнова живу, минувшее проходит предо мною» // Биржа информации. – 15 июля 2004.
5. Даніловіч М. Апанас Цыхун // Роднае слова. – 2005. – № 5. – С. 48–49.