1.2. Тэарэтычнае вывучэнне лексікі
Сістэмнае вывучэнне лексікі гаворак Гродзеншчыны пачалося ў 60-я гады ХХ ст. Першым грунтоўным даследаваннем стала манаграфія П.У.Сцяцко, якая складаецца з дзвюх частак-кніг: «Народная лексіка» (1970) [57], «Народная лексіка і словаўтварэнне» (1972) [58].
У першай кнізе і ў большай частцы другой кнігі аналізуюцца словы ў складзе прадметна-тэматычных груп лексікі гаворак Зэльвеншчыны. Гэта назвы ежы і пітва, адзення і яго частак, бялізны, абутку і яго частак, пабудоў, посуду, прыладаў працы, транспартных сродкаў і інш. Матэрыялам даследавання паслужылі запісы, зробленыя аўтарам у 1950–1960 гадах.
Кожнаму слову прысвячаецца асобны слоўнікавы артыкул. Даецца тлумачэнне, ілюстрацыйныя прыклады ўжывання, паходжанне слова (спрадвечнае ці запазычанае), паказваецца, як яно ўтварылася, ці функцыянуе ў іншых беларускіх гаворках і літаратурнай мове. Беларускія словы параўноўваюцца з адпаведнікамі ў рускай, украінскай, польскай, чэшскай, балгарскай сербскахарвацкай, славенскай, славацкай, лужыцкай мовах, напрыклад:
Бохан м. Яг бало то ўсё дома пяклі хлеп, боханаў с п’яць ці боляй у печыві. Гр.
– Руск. дыял. (заходн.) бохан, боханец – ‘коровай хлеба, букатка, коврига’ (Даль, І, 120); бохан – ‘каравай хлеба’ (СРНГ, ІІІ, 139); укр. бухан, буханець – ‘бохан’; польск. bochenek, bochen – тс., чэшск. Bochnik – тс.
Я.Карскі лічыць гэта слова запазычаным з польскай мовы, дзе bochen ад нямецк. Bache. А.Брукнер разглядае слова bochen як новае ў польскай мове, якое паходзіць ад старога bochnek ( як tanc ад taniec), якія з нямецк. fochenz (e) < лац. focacia ад focus – ‘агонь’ (Брукн., 33). Ф.Слаўскі і М.Фасмер адносяць гэта слова да сярэдневерхненямецкага vochenz (e) – ‘белы хлеб, род выпечкі’ (Сл., І, 38, Фасм., І, 254).
У другой частцы кнігі «Народная лексіка і словаўтварэнне» разглядаецца лексіка паводле паходжання, адносін яе да літаратурнай мовы, актыўнасці і пасіўнасці ўжывання, праводзіцца словаўтваральны аналіз прадметна-бытавой лексікі.
Паводле паходжання ў зэльвенскіх гаворках найбольш слоў спрадвечнабеларускіх: праславянскіх, усходнеславянскіх і ўласнабеларускіх.
П.У.Сцяцко падлічыў, што сярод прааналізаваных адзінак праславянская лексіка складае да 19%: абора, абраз, адрына, века, гануча, грэбень, гумно, гушча, дзяжа, збан, кашуля, малодзіва, скрыня, смак, стайня, трыбух, хлеў, цадзілак, чаравік, шкло і інш.
На долю ўсходнеславянскай лексікі прыпадае 15% слоў: аглобля, акраец, апалонік, дрывотнік, дымар, дзяркач, засаўка, зносак, кашэль, кужаль, поклад, прысмакі, саладуха, слон, трыножкі і інш.
Самая шматлікая група ўласнабеларускай лексікі – да 30%: асушак, весніцы, вушак, газа, даёнка, закутак, запалкі, зацірка, зрэб’е, кужаль, нішчымніца, папруга, прыпол, седала, церніца і інш.
Значную групу ўтвараюць запазычаныя словы – да 28% ад разгледжаных адзінак. Сярод іх больш за ўсё паланізмаў і германізмаў. Аўтар у агульным плане расказвае пра экстралінгвістычныя фактары пранікнення слоў з польскай і нямецкай моў. Паказвае фанетычныя і словаўтваральныя прыкметы паланізмаў: мондры, мэнка, свядка, гапа, мэтар, памоцны, локяць, тлустасць, тачыдла, ратунак, тапарыска, дванаста, спронжка, ясёнка, магерка, вален, карковіна, трускаўкі, шчыпер, пастронкі, ровар, дэнтка, апона, столак, жалязка і інш.
Сярод германізмаў прыводзяцца такія прыклады: гіццаль, лэхі, капота, кляпа, гаплюк, коц, гармушка, шмалец, брушка, ляк, рондаль, баса, ланцуг, шопа, кульба, стальвага і інш.
Згадваюцца таксама запазычанні з іншых моў: а) цюркізмы: аршын, батлажка, бязмен, каптан, каўган, майдан, торба, штаны, ясек; б) літуанізмы: паршук, скаба, бонда, мянця, сверан; в) галіцызмы: камузэлька, капуза, шалік, антуляжы, барэлка, манёж, лісапед; г) лацінізмы: кашуля, капа, цыбуля, капуста, пэндзаль; д) грэцызмы: сачык, аладка, гурок, канапа, папер, палаткі, каморка; е) русізмы: палушубак, пахлёбка, прыколка, часы, крыльцо; ё) італізмы: манкет, сандаль, шкарпетка, цырата, бурак, агрэст; ж) англіцызмы: пінджак, швэдра і інш.
Параўноўваючы лексіку Зэльвеншчыны з адпаведнікамі літаратурнай мовы, П.У.Сцяцко прыйшоў да высновы, што каля чвэрці разгледжаных слоў не ўласцівы літаратурнай мове. Асобная частка дыялектных слоў адрозніваецца ад літаратурных адпаведнікаў фармальнымі паказчыкамі ці семантычна. Вылучаны і паказаны наступныя тып лексічных дыялектызмаў:
1. Уласналексічныя: стэпцы ‘сходкі на ганку’, паніва ‘патэльня’, гака ‘матыка’, кулька ‘дужка на кассі’, кляпа ‘штрыфель, борт’, вятроўкі ‘басаножкі’, пошва ‘навалачка’, асмалёнкі ‘бульба з прыгаркамі’, аполец ‘вялікі кусок сала’.
2. Семантычныя: каза ‘мерка – тры збітыя ў форме літары А калы’, галька ‘сподняя спадніца’, градка ‘паліца’, клешня ‘штаніна’, шыйка ‘горлачка ў бутэльцы’.
3. Лексічна-словаўтваральныя: лупавіны ‘лупіны’, вяшак ‘вешалка’, падчаровак ‘падчарэўе’, сітняк ‘сітніца’.
4. Лексічна-фанетычныя: ложка – лыжка, валянкі – валёнкі, сяльнік – сяннік, пальто – паліто, сакера – сякера, швэдар – світэр, жолуб – жолаб.
У кнізе разглядаецца лексіка пасіўнага выкарыстання. Аўтар падзяляе яе па ступені ўстарэласці на дзве групы:
1. Словы малазразумелыя для сярэдняга пакалення і незразумелыя для малодшага пакалення: барэлка ‘бочачка’, баса ‘вялікая кадушка’, бірулька ‘зашпілька’, капуза ‘шапка’, кунады ‘бульба’, макотра ‘вялікая гліняная міска’, праўшняк ‘вушак’, селядоўка ‘бочка’, ярмолка ‘шапка’.
2. Словы, зразумелыя сярэдняму і малодшаму пакаленню, але рэдкаўжывальныя: апоркі, лапці, плятняк, памяльнік, хадак, бязмен, кросны, верацяно, калаўродак, матавідла, ступа, цапідла, намэдрыкі.
Разглядаюцца экстралінгвістычныя і чыста лінгвістычныя прычыны старэння слоў.
Асобны раздзел кнігі «Народная лексіка і словаўтварэнне» прысвечаны апісанню спосабаў утварэння слоў у дыялектнай мове. Асаблівая ўвага ўдзяляецца ўтварэнню асабовых назоўнікаў. Аўтар заўважае, што ў пераважнай большасці гаворкам уласцівы тыя самыя словаўтваральныя тыпы, што і літаратурнай мове. У манаграфіі звяртаецца ўвага галоўным чынам на спецыфічныя словаўтваральныя тыпы, уласцівыя гаворкам Зэльвеншчыны і некаторым іншым гаворкам Беларусі.
Апошняе трыццацігоддзе актыўна вядзецца вывучэнне слоўнікавага складу беларускай дыялектнай мовы. На матэрыяле гаворак розных рэгіёнаў праведзены сістэмны аналіз такіх тэматычных груп, як ганчарная (П.А.Міхайлаў), жывёлагадоўчая (В.В.Шур) лексіка, назвы адзення і абутку (А.С.Сакалоўская), ежы (Г.Ф.Вештарт), транспартных сродкаў (В.Д.Старычонак), ацэначныя назвы асобы (М.Н.Крыўко) і інш.
Асобнае вывучэнне некаторых пластоў лексікі Гродзеншчыны знайшло адлюстраванне ў артыкулах і кандыдацкіх дысертацыях Г.М.Аляксейчык, С.Г.Сячэйкі, А.І.Кавальчук, Ж.М.Буглак і інш.
Кандыдацкая дысертацыя Г.М.Аляксейчык – «Найменні зямельных участкаў у гаворках Навагрудчыны» (1986) [1]. Аснову даследавання складаюць лексічныя факты, сабраныя аўтарам у 50 населеных пунктах Навагрудчыны на працягу 1965–1980 гадоў. Прааналізавана 278 земляробчых тэрмінаў і іх варыянтаў.
Праведзена класіфікацыя слоў паводле значэння. У першай главе “Назвы зямельных участкаў па характары іх глебы” вылучаны лексічна-семантычныя групы тэрмінаў, значэнне якіх заснавана на розных прыметах:
а) колеру глебы: сіняк, чарназем, жаўцяк;
б) структуры і складу глебы: пяшчаніца, глінішча, глеістая, падзол, жвірчата;
в) урадлівасці-неўрадлівасці глебы: пустальга, няўдоба.
У другой главе класіфікуюцца назвы, якія адпавядаюць зямельным участкам па характары іх апрацоўкі:
а) участкам на месцы рашчышчанага лесу, кустоў, балота і інш.: выцерабак, пасека, выдзерак, раскарчоўка, копань;
б) неапрацаваным участкам: залеж, цалік, аблога, пустыр;
в) незахопленых плугам палоскам зямлі: узрэх, агрэх, цалік, промах;
г) апрацаваным зямельным участкам, якія можна падрыхтаваць да сяўбы: ворная, ралля, зябліва, папар;
д) асобным часткам апрацаванай зямлі: загон, гоні, шнур, палоска.
Вылучаюцца і характарызуюцца розныя тыпы варыянтаў прааналізаваных назваў.
Даецца лінгвагеаграфічная характарыстыка назваў. Па ступені распаўсюджанасці на тэрыторыі Навагрудчыны яны дзеляцца на чатыры групы: 1) тэрміны шырокага распаўсюджання; 2) менш распаўсюджаныя словы, якія характарызуюцца арэалам сярэдняй велічыні; 3) назвы вузкай лакалізацыі, вядомыя ў некалькіх ці адным населеным пункце; 4) уласна навагрудскія лексемы, не адзначаныя ў іншых беларускіх гаворках: пустальга, мялец, вагашка, пялека, займо.
Разглядаюцца земляробчыя тэрміны і ў адносінах да лексікі літаратурнай мовы, выяўляюцца іх фармальныя і семантычныя асаблівасці.
Звяртаецца ўвага на паходжанне слоў. Аўтар прыходзіць да высновы, што даследаваны пласт земляробчай тэрміналогіі амаль поўнасцю належыць да спрадвечнабеларускай лексікі. Словы іншамоўнага паходжання – адзінкавыя: атор, жвір, дзірван, пялека (балтызмы), шнур, цындра (германізмы).
Тэматычнае аб’яднанне назваў адзення даследуецца ў дысертацыі С.Г.Сячэйкі «Намінацыі адзення ў гаворках Гродзеншчыны (семантычная і словаўтваральная структура, паходжанне)» (2000) [65]. На матэрыяле дыялектных слоўнікаў Гродзеншчыны выяўлены 302 намінацыі адзення. Згрупаваны яны ў чатыры тэматычныя разрады:
1. Родавыя намінацыі адзення: апраніся, апранка, вопратка, парціна, рызы, справункі, старызна, талмуды, убранне.
2. Супольныя намінацыі мужчынскага і жаночага адзення: ватоўка, жалетка, спанцэрка, казыятка, бурка, жупан, ярмак, ясёнка, лапсярдак, сярмяга, сардачок, паўкажушак, капота.
3. Намінацыі мужчынскага адзення: бекеш, зіпун, бравэрка, ганавіцы, гаці, майткі, аблавуха, кубанка, фрэнч, шарак, бінжак, марынарка.
4. Намінацыі жаночага адзення: бялёўка, фарблёнка, лавічанка, фалдаванка, фальбанка, гафрыроўка, галька, сподня, дубальтоўка, пухоўка, абхіначка.
Кожны разрад у сваю чаргу падзяляецца на тэматычныя групы. Напрыклад, у адносінах да жаночага адзення вылучаюцца найменні: а) паяснога адзення (спадніц і фартухоў); б) асноўнага плечавога адзення (сукенак і блузак); в) безрукаўнага адзення; г) верхняга плечавога адзення; д) галаўных убораў (хустак, чапцоў, вясельных галаўных убораў).
Параўнанне дыялектнага матэрыялу з літаратурным паказала, што большасць даследаваных намінацый адзення – дыялектныя словы. Толькі 35% лексем знайшлі сваё адлюстраванне ў слоўніках беларускай літаратурнай мовы, прычым пэўная частка іх зафіксавана з паметамі «размоўнае» ці «абласное». У літаратурных слоўніках найбольш адлюстраваны найменні мужчынскага адзення (47%). Сярод намінацый жаночага адзення толькі 25% адзінак вядомы і літаратурнай мове. С.Г.Сячэйка тлумачыць гэтую дыспрапорцыю экстралінгвістычнымі фактарамі, у прыватнасці, большым развіццём і разнастайнасцю жаночай моды.
У дысертацыі значная ўвага надаецца такому пытанню, як паходжанне намінацый. Вельмі часта розныя віды адзення запазычваліся ад іншых народаў разам з назвамі. Сярод запазычанняў пераважаюць паланізмы: пёнтры, харангелка, брынды, брындзялі, трэмзлі, курта, ясёнка, дзянкі, халька, райстопы, марынарка, кумпялёўка, фуражэрка, рагатоўка, фічкі, галька, сукенка, пранжэлька, блюзэчка, матыначка, нажутка, венгерка, хуста, газуфка, шаліноўка.
Значную частку складаюць запазычанні з такіх моў:
французскай: ратэнда, тужурка, шынэль, галіфэ, клёш, сюртук, кепка, капішон, жакет, карсэт, блюзка;
нямецкай: шматы, манталь, футра, райтузы, галстук, мундзір, кофта, фартух, шарф;
цюркскіх: балахан, бурнос, дэля, кафтан, халат, чуйка, ярмяк, джырабы, тулуп, штаны, каўпак, ярмолка, башлык, шаравары, папаха;
рускай: палшубак, рубашка, пярчатка, самадзелы, кубанка, матроска;
венгерскай: бекеш, магерка, бунда;
лацінскай: кашуля, капялюш, барэт, капуза, бравэрка, вэлюм;
італьянскай: жупан, шкарпэтка, фуфайка, кальсоны, касцюм;
англійскай: світар, пінжак, трусы, фрэнч, нактайза;
яўрэйскай: талмуды, лапсярдак;
грэцкай: зіпун.
Значнае месца ў дысертацыі займаюць пытанні словаўтварэння. Паказваюцца прадуктыўныя і непрадуктыўныя спосабы, тыпы і сродкі ўтварэння намінацый адзення.
У дысертацыі А.І.Кавальчук «Апелятыўная лексіка з семантыкай персанальнасці ў гаворках Гродзеншчыны» (2002) [26] аналізуецца агульнаасабовая субстантыўная лексіка. Даследавана каля 900 лексем, выпісаных з дыялектных лексікаграфічных крыніц. Аб’ектам увагі сталі найменні асобы паводле: а) узросту і полу: дзятва, бахурня, падшпарак, семнастоўка, хлапчак, дзяўчук; б) фізічнага стану: хваравека, каніско, камляк, чыкілда, гарбель, глушак, слепандзя, манька; в) вонкавага выгляду: брында, дзяргач, губар, хударба, брында, аброслік; г) роднасці і сваяцтва: мамуся, сыновец, хрышчоны, браценік, братова.
Разглядаюцца спосабы ўтварэння слоў. Робіцца вывад, што найбольш прадуктыўным спосабам утварэння назваў асобы ў гаворках Гродзеншчыны з’яўляецца марфемнае ўтварэнне, асабліва суфіксацыя: хлапчак, сядзяк, лупач, кірнач, бахурня, завінятка, крывяндзя, аблезлік, хлапчук, худэба, сухаян.
Другой па ступені прадуктыўнасці выступае семантычная дэрывацыя. Срод семантычных пераасэнсаванняў найбольш шматлікімі з’яўляюцца метафарычныя: вогір, павук, кузака, карчак, качолка, старызна, баравік, абэржа, галавень, асмалёнак, басэтля, труба. Некаторыя назвы ўзніклі ў выніку метанімічных і сінекдахічных пераносаў: чарноцце, шалоха, рохля, лупа, шчэрба, бэбах.
Асабовыя намінацыі ў гаворках вызначаюцца багатай сінаніміяй. Разнастайныя і шматлікія сінанімічныя рады утвараюць назвы паводле фізічнага стану і вонкавага выгляду. Напрыклад, сінанімічны рад са значэннем ‘неахайны чалавек’ складаецца больш чым з 50 лексем: аблэхач, апоўзіна, замурзанец, калмыга, брында, атымач, сарма, растрэпаніца, хоўра, рохля, чуперадла, аброслік, кучма і інш.
Разглядаюцца асабовыя намінацыі і паводле паходжання. Паказваецца, што значную частку агульнаасабовай лексікі Гродзеншчыны складаюць запазычанні, пераважна з польскай і балтыйскіх моў: брысь, інваліда, дылда, кушпель, кялойша, гірма, сутра.
Дысертацыйная праца Ж.М.Буглак – “Найменні стравы і пітва ў гаворках Гродзеншчыны” (2003) [7]. Аб’ектам даследаваня ў ёй сталі больш як 600 лексем, адлюстраваных у дыялектных слоўніках і іншых кніжных крыніцах. Аналізаваная лексіка падзяляецца аўтарам на шэраг тэматычных і лексічна-семантычных груп:
1. Агульныя найменні стравы: полудзень, абед, вячэра, куцця, каляды, пасілак, пачастунак, барыш, магарыч, баланда, мармуза, бурда, буза, балтуха, несмак.
2. Найменні стравы расліннага паходжання: а) рэдкіх страў: варыва, прыварак, суп, булён, рэдкія, квас, кіслуха, поліўка, расол, жур, шчолак, юха, падкалодка, цыра, цюпа, крышонка; б) мучных і крупяных страў: панцак, груца, баўтуха, запаруха, калатуха, саладуха, раўгеня, кіслуха, мілта, жур; в) печыва: пташке, гускі, вушкі, ламанцы, сліжыкі, макаўнікі, завіянкі, тунайка, хрэстцы, пляцка, пончка, цястка, кайзэрка, пясэчнікі, сухарнік, пернік; г) страў з агародніны: капуста, буракі, морква, цыбуля, шчаўе, кацютка, мамуты, турмас, шальбабон, сечанка, шаткаванка, мархвеня, цымас, мелес, сахаротка, д) страў з бульбы: адваронкі, паранка, салёнка, крышаны, таўчаніца, мятка, валкаўня, камы, бабка, гопа, калдуны.
3. Найменні стравы жывёльнага паходжання: а) малочных страў: сырнік, далешнік, даменік (з сыру і тварагу); свежае, цёплае, салодкае, квасное, квашанае, кіслае, кісляк, абрысклае, брэчка (малако як ежа); перагонка, абрат, верх, пастаялка, тыцкала (па ступені тлустасці); каўтун, застоялка, мархвеня, гарбузянка, заціруха, забялянка, плюсна, дзюба (як дадатак да іншых страў); б) страў з яек: мацак, бітка, яечня нераскалочаная, яечня саджоная, сядушкі, цалкі, балтуха, калбатуха, транцук; в) мясных страў: тушаніца, дзялянка, вокарак, сцягняк, ванджонка, куранка (мяса); здор, брында, чапец, тлустасць, выскваркі, выжаркі, кабаніна, рамбанка, іл (сала); шкілёндзя, салтысон, кандзюк, падгарлянка, крывянка, крупянка, наліванка, паненка, салядэра (каўбасы).
4. Найменні пітва: а) неспіртных напояў: пітка, напітак, напой, узвар, бярозавік, сула, барулікі, кісель, квас, руднік, клюмень, круха, бурачка, шчолак; б) спіртных напояў: брага, бурда, більбар, пэйсахаўка, трунак, шляма, чамярыца, лёрка, жытнёўка, гарабінаўка, бурачанка, ражанка, медавуха.
Пры аналізе гэтых груп лексікі аўтар прыходзіць да высновы, што саміх рэалій мікрасістэмы ежы выяўлена менш, чым іх найменняў. Гэта абумоўлена тэндэнцыяй да дэталізацыі намінацый прадметаў, унутранай семантычнай дыферэнцыяцыі лексем, што прыводзіць да ўтварэння сінанімічных радоў назваў адной рэаліі.
Разглядаецца матывацыйная аснова найменняў ежы, вылучаюцца прынцыпы намінацыі, пры якіх улічваецца: 1) асноўны кампанент стравы: мархвеня, бульбачнікі, грыжанка; 2) спосаб прыгатавання: пячонка, варыва, мяйло, таркаванка, дзярун; 3) спосаб спажывання: пахлёбка, саўгач, мачанка, лэхаўка; 4) уласцівасць стравы: сліжыкі, сухабульба, халаднік, рэдкія.
Значную частку слоў са значэннем стравы і пітва складаюць запазычанні (24%), якія прыйшлі ў гаворкі як «культурныя» разам з рэаліямі, радзей – дублетныя. Сярод запазычанняў 27,2% літуанізмаў, 26,5% паланізмаў, 12,9% цюркізмаў, 9,5% германізмаў, 6,1% галіцызмаў, 4,7% лацінізмаў і русізмаў, 3,4% гэбраізмаў.
У дысертацыі праводзіцца падрабязны словаўтваральны аналіз назваў.