1.7.2.Асаблівасці гродзенска-баранавіцкай групы гаворак
^ Вверх

1.7.2.Асаблівасці гродзенска-баранавіцкай групы гаворак 

Мова Гродзеншчыны вызначаецца і шэрагам асаблівасцей, якія бытуюць пераважна ці толькі на гэтай тэрыторыі і не характэрны для іншых рэгіёнаў пашырэння паўднёва-заходняга дыялекту. Паводле гэтых асаблівасцей вылучаецца ўнутрыдыялектная група гродзенска-баранавіцкіх гаворак, для якіх характэрны такія асаблівасці.

1. Адносна паслядоўная рэалізацыя моцнага недысіміляцыйнага якання, калі этымалагічныя галосныя гукі |э|, |о|, |а| пасля мяккіх зычных супадаюць у гуку |а| не толькі ў першым складзе перад націскам, але і ў іншых ненаціскных складах: в’арац’ано, п’арастан’, з’ал’анаваты, с’в’ан’ц’анско з’эл’а. Не рэалізуецца гэтая заканамернасць у канцавым адкрытым складзе. Тут у большасці гаворак, як і пасля цвёрдых зычных чуецца гук |о|: пол’о, нас’эн’о, в’ас’эл’о, шчас’ц’о, тойо, с’л’апойо, Каз’о.

2. Прыстаўны гук |г|, які ўжываецца не толькі перад націскнымі пачатковымі |о|, |у|, але і перад ненаціскным |а|: гостры, гос’ан’, гоз’аро, гул’іца, гуш, гуз’ал, гануча, гарэх, гал’эшн’ік.

3. Націскны канчатак ў формах назоўнікаў жаночага роду множнага ліку назоўна-вінавальнага склону: дз’аўк’э, хустк’э, лашк’э,  м’іск’э, каравэ, паласк’э, галаўк’э, мац’арк’э, ц’атк’э.

4. Постфікс -с’о ў зваротных дзеясловах: байус’о, с’п’окс’о, захац’элас’о, с’м’айал’іс’о, зраб’ілас’о.

5. Суфікс -ц’і ў формах інфінітыва з асновай на галосны: хадз’іц’і, раб’іц’і, п’ісац’і, казац’і, дац’і, с’п’авац’і.

6. Націскны канчатак -эм у формах дзеясловаў першай асобы множнага ліку цяперашняга і будучага простага часу першага спражэння: (ідз’эм, кладз’эм, н’ас’эм, б’арэм, жн’эм) і канчатак -ам не пад націскам (кол’ам, м’эл’ам).

7. Канчатак -эц’а ў формах дзеясловаў другой асобы множнага ліку цяперашняга часу першага спражэння з націскам на тэматычным галосным: н’ас’эц’а, ідз’эц’а, пас’эц’а, стрыжэц’а, с’ачэц’а.

8. Для ўтварэння назваў, якія абазначаюць месца, плошчу, дзе расла тая ці іншая сельскагаспадарчая культура, выкарыстоўваецца суфікс                       -іск(о): аўс’ан’іско, бул’бов’іско, жытн’іско, грычан’іско, лубов’іско, луб’ані’ско, йачм’эн’іско. Зрэдку з дапамогшай гэтага суфікса ўтвараюцца назоўнікі іншых тэматычных груп: а) назвы частак прыладаў працы: тапарыско, грабл’іско, ранкав’іско ‘ручка ад лапаты’; б) назвы месца, дзе што-небудзь адбывалася, знаходзілася: агн’іско ‘месца, дзе гарэў агонь, кастрышча’; пажарыско ‘месца, дзе быў пажар’, хатн’іско ‘месца, дзе стаяла хата’, стажарыско ‘месца, дзе стаяў стог’, тарпан’іско ‘тарфянішча’. 

25. Знайдзіце словы з прыстаўным гукам |г|, растлумачце пазіцыю, у якой ён выкарыстоўваецца. 

1. Свой гузялок кінула, пасьля матка забрала той гузялок з лахманікамі (Вострава Зэльв.). 2. Гуліца ад гулачкі – усё выгарала, ажно да магілкаў. У ямах ляжалі рускія і крычалі “гура!”, “гура!”, запальвалі хаты, кап прас дым нічого ні было відно (Монькавічы Маст.). 3. Каля нашае вёскі ёсьць нявелькае гозеро (Хадзявічы Сл.). 4. Аля рас у нашай хаце былі танцы, то ото ш біліся, добра, гокнаў ні пабілі (Лушчыкі Воран.). 5. На рэчку лятаюць, у лес, як госянь прыйдзя (Лаздуны Іўеў.). 6. А ўдома та вячэру, та гоўцы заганяй – работы было колькі хочаш (Струга Маст.).  7. Воз увязаў габоркай (Галунавічы Іўеў.). 8. Бралі ў хату пат прыпечак курэй, прыводзілі каціцца гавечак, парасіліся сьвіня тожа ў хаці (Аляксандраўшчына Зэльв.). 9. Сеялі вясною пшаніцу, рачыху, гавёс (Якубаўцы Воран.). 10. Як ішлі замуш за польскім, мелі куфры гадзеньня, своі палатна, гавечак (Пераганцы Воран.). 11. От мруць людзі, штодзень нябошчык. Так адмэнчыцца хто веля і знойдзе сваю дзялку. Такая гамба і кволаму, і здароваму (Радунь Воран.). 12. Пазьбірала ўсе ганучы і аднесла ганучніку (Асташа Гродз.). 13. Адзін рас паехаў мужык гараць са шваграм, гаралі, гаралі да вечара (Малая Бераставіца Бераст.). 14. Дзеці гарэхаў назьбіралі мне летам (Навікі Свісл.). 15. Нігодзін сын ні прыехаў на сьвята (Ражкі Свісл.). 15. Пашла да каваля, нагастрыла сакеру (Голдава Лід.). 

26. Растлумачце тып ненаціскнога вакалізму пасля мяккіх зычных у канцавым адкрытым складзе. 

1. Было троё дзяцей, будавалі нову хату (Рудзевічы Зэльв.). 2. Было ў сям’і пяцёро дзяцей, ды яшчэ ўмярло двоё (Самуйлавічы Маст.). 3. На выгані было тыля птушок – баgасы. Ціпер німа. Кулікі былі, чысто с каўнярамі чорнянькімі, пер’ё кудлавато (Падбалоцце Зэльв.). 4. Як мама калі купіць падушачак (так канфеты называліся), то для нас гэто велькаё сьвято было (Гарнастаевічы Свісл.). 5. Адна выгадавала дваіх дзяцей. Трэцяё памярло (Масушыны Свісл.). 6. Шэсьць нядзель посту перат Калядамі: нічого скаромнаго есьці няможно, толькі семё таўкуць, сялётка, рыба (Востухава Карэл.). 7. А плацілі за дзень работы за капанё пісят капеяк (Самуйлавічы Маст.). 8. Шчасьцё, што конь пераскочыў церас яго (Шылавічы Сл.). 9. У полё бацькі вадзілі, каравэ пасьвілі (Шылавічы Сл.). 10. Іхно дзіцё лапшываё, усё абляпаяцца, як есьць (Лаўрыновічы Свісл.). 11. І ён с таею дзеўкаю ў балоці схаваўсё да й жыў сабе (Росцевічы Зэльв.). 12. Адзенё сушылi людзi, да палатно матыляласё (Малыя Азёркi Маст.). 13. I мы тагда, пасля этага ўсяго, сабяромсё i танцуям, пьем (Калядзiчы Ваук.). 14. Мужык с канём у лесi схаваўсё, сястра яго, Антося, с кароваю, а я з малымi дзецьмi ў жыцi схавалася (Пруд Дзятл.). 15. Пачалася гэта гiсторыя с таго, як на нашых землях прайшоўсё вялiкi Напалеён са сваiм войскам, каб забрацi сабе ўсiх нас (Кватары Бераст.). 16. Закрывалi печ дзьверкамi, i так пяклосё ўсё (Вялікая Бераставiца Бераст.). 17. Усяк, дзяткi, прыходзiласё, алi мацi твая хiтрая была (Райца Карэл.). 18. Нас завязьлi у Сьвiслач, са Сьвiслачы там ужо пяшком да Стокаў, там пачынаўсё аэрадром строiць, у Стоках iбiкi Зэльв.). 19. Нас нарадзiласё чатырнаццаць дзяцей (Асташына Навагр.). 20. Iнцярэсно вельмi звалiсё яны, цi то рхiёлагi, цi то архiёлагi (Любча Навагр.). 21. У каго большая сьцяблiнка сена, значыцца, у цябе будзя лён большы, у каго меньшая, той абiжаны астаўсё (Куцавiчы Карэл.). 

27. Вызначце канчаткі назоўнікаў жаночага роду множнага ліку ў назоўным і вінавальным склонах. 

1. Плятуць з жыта такі вянок с каласоў, уплятаюць квятке (Замасцяны Шчуч.). 2. У дзяцеліны белыя галаўке, а ў канюшыны – ружовыя, чырвоныя;  Бяруць шчатке і чэшуць лён (Пацаўшчына Дзятл.). 3. Многія ні начавалі ў дамох, па лесі ішлі с каравамі, коньмі, бу парцізаны забіралі сьвіня, каравэ, коні (Пруд Дзятл.). 4. Гарэў панскі маёнтэк, там гарэла бібліятэка, і мы, дзяўке, с пажара выцягвалі (Вялікая Бераставіца Бераст.). 5. Нам па чатырнаццаць гот было, яшчэ дзяўчуке (Вострава Зэльв.). 6. Да нас дзеткі чатырмя машынамі прыяжжаюць: і сыночкі, і дачушкі, і невястке, і зяце (Сухінічы Маст.). 7. Выганяй сваіх вавячок, хай вавячке йдуць у поля (Куклічы Свісл.). 8. Калісьці на вечаркі хадзілі. Мне было восім лет, як я пагнала каравы; Тады мядзьвець як разлаваўся, узяў заеў тую дачку, адно кастачкі засталіся (Сідоркі Свісл.). 9. У каморцы стаяў сундук з адзеням: кажухі, сукянкі, спаніцы, галіфэ (Пасінічы Сл.). 10. Красівыя дзяўкі, патом замуш іх аддала (Правыя Масты Маст.). 11. Дыванэ ткалі, спадніцэ самадзельскія шылі (Паляжын Зэльв.). 12. Дзяшке зьбіраюцца гуртам у ягадэ, а то і грыба знойдзеш (Вензавец Дзятл.). 13. Рас пашлі бабэ жаць жыта, ды адна дзіця у калысцы на галіну павесіла (Вензавец Дзятл.). 

28. Адзначце дыялектную асаблівасць ў формах дзеясловаў абвеснага і загаднага ладу множнага ліку.                              

1. Ягат назьбіраем, нясем у Валкавыск прадаваць (Вялікае Сяло Ваўк.). 2. Мы с табой гэта да вечара не давязем (Навасёлкі Ашм.). 3. Ідзем на вуліцу, адбярэм кабыліцу (Тарнова Лід.). 4. Нарвем за пазуху і ўжэ давольныя плывем назат (Гарнастаевічы Свісл.). 5. Ну ідзем мы дадому, падыйшлі да рэкі, хацелі памыца, кап у хаці адразу лехчы спаць (Крапіўніца Свісл.). 6. Жнем, жнем. Узналі міне, што я сірота, ніgды міне ні выпусьцілі людзі так, каб я ні павячэрала (Паляжын Зэльв.). 7. Мы ўжо стараліся, як хлеп пячэм, так масла зьбіці (Азёры Гродз.). 8. Збярэмся ў кампанію, набярэм сала, хлеба, пячэм на агні (Галавічполе Шчуч.). 9. Зусім затапталіся нашы палацёры [палавікі], трэба іх памыць, панясем на рэчку і добра памыям (Падвялікае Дзятл.). 10. Вечарам усентарым [упарадкуем] сена, прывязем дахаты (Эйгерды Іўеў.). 11. Дзіма пачаў крычаць: “Людзі, ратуйця! Людзі, памажэця!” (Голдава Лід.). 12. Глядзеця, беражэця друг друга (Сухінічы Маст.). 13. Сказалі: ідзеця (Косцевічы Ваўк.). 14. Папеця сьвежага малака, яшчэ цёпленька (Дакудава Лід.). 

29. Знайдзіце дзеясловы ў неазначальнай форме Параўнайце суфікс інфінітыва пры аснове на галосны з адпаведным суфіксам у літаратурнай мове. 

1. У балеi замачылi бяльё мыцi (Заполле Маст.). 2. Так i сталi мы жыцi разам (Сурынка Сл.). 3. Сь цюрмы выводзiлi iх катавацi, вешацi гэтых патпольшчыкаў (Канявiчы Гродз.) 4. Та ўжэ ш даўно ета было, зарас усё нi ўспомнiш, помню, зiмою, на Каляды, хадзiлi калядавацi (Галавiчполе Шчуч.). 5. I мама памярла, аля мяне прасьцi навучыла, о. Усё, усё навучыла: i картоплю скрабацi, i варыцi (Каменка Гродз.). 6. Да Навагрутка толькi за патрэбай якой пад’ехацi трэба (Любча Навагр.). 7. Мацi ш мая мацi, ты у нас нi будзеш жыцi. У нас нiма дзiцяцi,  нiма што рабiцi (Голдава Лiд.). 8. Трэба ўсё купiцi, малако i сьмятану, i адзеца красiво (Правыя Масты Маст.). 9. Начаў нас лавiцi (Дружная Ваўк.). 10. Ахота ўзнаці, як там жыве наша Галя (Каралін Зэльв.). 11. Ні хацелі мяне браці, але маці стала плакаці, прасіці. І так пачала працаваці на заводзі (Малыя Сцяпанішкі Маст.). 12. Пайшоў дзет у сільсавет жонку абвіняці, у сільсавеці прысудзілі жонку цалаваці (Парэчча Дзятл.). 13. У лес прышлоса занясьці тое, што пасьпелі схапіці (Коматава Гродз.). 14. Ці мясо тылько калі на нядзелю трохі можно было паўзірацца ці пакаштаваці (Квасоўка Гродз.). 15. Сказаў [доктар], што нада здаці і гэту [карову]. Так я перажывала, хацела падзяржаці (Ліцвінкі Гродз.). 15. Калі я яшчэ маладая была, то тады песьні дужа добрыя былі, я й сама сільна сьпяваці любіла (Малая Бераставіца Бераст.). 

30. Прачытайце сказы. Знайдзіце назоўнікі з суфіксам -іск-. У якіх групах лексікі ён выкарыстоўваецца? 

1. Сёньня ночай на аўсяніско дзікі прыходзілі, думалі, што авёс яшчэ расьце (Маркішы Гродз.). 2. Як ячмень убралі, асталося ячменіска (Кіралі Шчуч.). 3. Кароў па гарохавіску ганялі, па ём жыта патом сеялі (Пацаўшчына Дзятл.). 4. Я па картафляніску пасу коней (Амбілеўцы Шчуч.). 5. Ната добра намалацілі, бо на бульбяніску расло (Старынкі Шчуч.). 6. Яго было назьвіско Залятынскі (Стральцы Маст.). 7. Тапарыско да сакеры трэба зрабіць, бо гэто зламалася (Мсцібава Ваўк.). 8. Пасьля велькага пажару, як лес згарэў, агніска астаецца (Вялікія Баяры Шчуч.). 9. Цэлы пласт сена сунуў граблямі, і грабліско зламаласо (Бабіна Гродз.). 10. Сёні маці зноў на мельніско па мел пайшла (Баброўнікі Свісл.). 11. Як дзеці паляць агонь у лесе, астаецца паляніско [вогнішча] (Міратычы Карэл.). 12. Тут на кухні маё прыпыніско: і лаўкі, і стол, і лошкі, і ўсё (Кіралі Шчуч.). 13. На гэдаку сям’ю патпірыско добро меў (Старое Сяло Зэльв.). 14. Прымавіска ёсць такі: “Так паможа, як гарбатага магіла параўняя” (Крэва Смарг.). 15. Схадзі на дрывоціско, набяры дрэўкаў (Вугальнікі Шчуч.). 16. Пагналі сёньня кароў на канюшыніско (Грынявічы Свісл.). 17. На капусьніску хадзіла нечая карова, то прагнала (Малая Бераставіца Бераст.). 18. Пайду касіць льняніско, там трава добрая (Бершты Шчуч.). 19. На марквяніску ўжо нічога німа, моркву засыпалі на зіму. Дзеці любяць бавіцца на хатніску, с хатніска іх ні адвядзеш ніяк (Макараўцы Бераст.).