1.7.4. Занальныя асаблівасці гаворак Гродзеншчыны
^ Вверх

1.7.4. Занальныя асаблівасці гаворак Гродзеншчыны 

Разгледжаныя тыпы гаворак Гродзеншчыны ў складзе беларускай дыялектнай мовы адлюстроўваюць іх этнагенетычную прыроду. Яны, як сістэма, самаразвіваліся ў гістарычным часе эвалюцыйным шляхам. Акрамя гэтага, гаворкі Гродзеншчыны трапляюць у сетку дыялектных утварэнняў, якія называюцца дыялектнымі зонамі.

Дыялектная зона – тэрытарыяльна-моўнае адзінства, якому ўласцівы шэраг рыс, што атрымалі сваё распаўсюджанне ў выніку культурна-гістарычнага ўзаемадзеяння груп гаворак і дыялектаў у пазнейшы час. Яны не выступаюць ўнутрыдыялектнымі структурнымі кампанентамі, а складаюць асобны ярус арэальнага падзелу моўных з’яў, як бы накладваюцца на этналінгвістычную карту Беларусі і размяркоўваюцца ў зусім іншых межах, чым дыялекты. Некалькі зон могуць перасякацца паміж сабой, могуць праходзіць праз тэрыторыю розных дыялектаў.

У прасторы бытавання беларускай дыялектнай мовы вылучаюць пяць дыялектных зон: цэнтральную, заходнюю, паўночна-заходнюю, усходнюю, паўднёва-ўсходнюю. Праз тэрыторыю Гродзеншчыны праходзяць тры дыялектныя зоны: заходняя, цэнтральная і паўночна-заходняя (на поўначы). Кожнай з іх уласцівы вызначальныя рысы, адны з якіх вядомы і літаратурнай мове, а другія маюць рэгіянальны характар.