1.7.4.1. Паўночна-заходняя зона
У паўночна-заходнюю дыялектную зону трапляюць гаворкі паўночнай Гродзеншчыны. Ім уласцівы наступныя спецыфічныя рысы.
1. Паралельнае выкарыстанне ў асобных групах лексікі прыстаўных зычных |в| і |г|: гочы – вочы, гос’ан’ – вос’ан’, гоз’эра – воз’эра, гутлы – вутлы, гучан’ – вучан’, гачэй – вачэй, гастрыц’ – вастрыц’. Падобная паралельнасць па аналогіі часам пераносіцца на словы, у якіх адзначаныя гукі па сваёй прыродзе не з’яўляюцца прыстаўнымі: гус’і – вус’і, гутарка – вутарка, ганав’іцы – ванав’іцы, гарох – варох, агурок – авурок, гул’ац’ – вул’ац’, гойдацца – войдацца, гастрыт – вастрыт.
Зрэдку да гукаў |г| і |в| паралельным выступае зычны |й|: в’ін’ій – г’ін’ій – йін’ій, в’іншы – г’іншы – йіншы, в’ін’ц’арэсна – г’ін’ц’арэсна – йін’ц’арэсна, в’адроны – йадроны, в’арба – йарба, вав’орка – гав’орка – йайорка, прав’іл’на – прайіл’на.
Сустракаюцца таксама паралельныя ўжыванні слоў з прыстаўным і без яго: гав’ос – ав’ос, гатоса – атоса, гас’ц’ук – ас’ц’ук, галатк’і – алатк’і, гас’эн’н’і – ас’эн’н’і, габруч – абруч, воз’эра – оз’эра, вутлы – утлы.
Неабавязковасць прыстаўнога спарадзіла факультатыўнасць пачатковага этымалагічнага |г| або |в|: гарох – арох, газ’эта – аз’эта, гарачы – арачы, гарбаты – арбаты, гармон’ік – армон’ік, гаршчок – аршчок, гарэць – арэць, гатова – атова, гас’ц’ін’эц – ас’ц’ін’эц, гаспадар – аспадар, гактар – актар, галава – алава, галодны – алодны, гул’ац’ – ул’ац’, густы – усты, гул’тай – ул’тай, гумно – умно, вав’орка – ав’орка, вантраб’эйка – антраб’эйка, вангор – ангор, госпадз’і – оспадз’і, голы – олы, горла – орла, голад – олад, голуб – олуб, густы – усты.
2. Больш рэгулярнае, чым у іншых гаворках, выкарыстанне выбухнога зычнага |g|, пераважна ў іншамоўных словах: gаgул’, gаза, gазэта, gайданы, gарgара, gардз’эл’, gвалт, g’іg’эл’, g’іл’, g’ірса, g’іцал’, gл’уgа, gоgа, gонт, gрыка, gудак, gуз’ал, gаза, gнэмб’іц’, gума, жаgнацца, саgан, фастрыgавац’, злыgац’.
3 Ужыванне зычнага |к| замес |х| і наадварот: кл’эп, квароба, карошы, квал’іц’, калкос, куста, каракц’ар, каравот, клус; хуртка, хрэст, хс’ц’іны, хохл’уш, хахл’а, хан’ух, хватэра.
4. Больш паслядоўнае, чым у іншых гаворках, вымаўленне |ф| і |ф’| у запазычаных словах: аф’іцэр, фасол’а, ф’эрма, ф’ікус, фл’анцы. Назіраюцца выпадкі гіперычнага ўжывання губных |ф| і |ф’| у адпаведнасці з |хв|, |хв’|, |х|, |х’|, |п|, |п’|: фал’а, ф’іл’іна, ф’ім’ічаск’і, фост, фустка, футар, фланка, фрас, канафа.
5. Націск на галосным канцавога складу, пераважна ў назоўніках жаночага роду: муха, вуда, л’іпа, скура, буда, выдра, гал’іна, груда, груша, вако, вухо.
6. Ужыванне канчаткаў -оў (-аў) у родным склоне множнага ліку назоўнікаў не толькі мужчынскага, але жаночага і ніякага роду: грушаў, бочкаў, козаў, кароваў, лапаў, в’одраў, з’імаў, пал’энаў.
7. Пашырэнне ва ўсёй зоне займенніка гэны.
8. Ужыванне дзеепрыслоўя ў ролі выказніка: йана ўжо з гот як замуш вышаўшы; сын з’ В’іл’н’і прыйэхаўшы; с’он’н’а йон каровы пагнаўшы.
9. Выкарыстанне канструкцый з давальным склонам аб’екта прыналежнасці: йаму хата згарэла, мн’э бал’іц’ нага.
10. Лексічныя асаблівасці, характар якіх вызначаюць адметныя словы літоўскамоўнага і польскамоўнага паходжання: брункала ‘ворчык’, вашавац’ ‘многа працаваць; прыносіць у вялікай колькасці’, в’апла ‘разявака’, g’іл’ ‘авадзень’, жабурэн’н’э ‘раска’, ісква ‘асака; аса’, к’энтацца ‘няньчыцца’, к’ілпа ‘пятля на звера’, кул’он’ік ‘запанка’, лапшывы ‘пражэрлівы’, масталыга ‘галёнка ў жывёлы’, м’ілта ‘страва з аўсянай мукі’, пастыр ‘пастух’, пошур ‘сухі корм для жывёлы’, скаба ‘рабро’, стум’ікла ‘ціхмяны, залішне стрыманы чалавек’, шал’бабон ‘фасоля’.
39. Прааналізуйце паралельныя ўжыванні гукаў |в|,|г|, |й|.
1. Сьвінуры – ето картофлі, якія варацца для сьвіней, няскрэбаныя картофлі (Лаўрыновічы Зэльв.). 2. А бацька ляжаў на печы, ён не змох болей это відзяць, выскачыў і закрычаў (Вайкунцы Воран.). 3. Летам клалі на яе ліст капусты, а як пяклі на сёмуху, то клалі яер (Вераскава Навагр.). 4. Аер натто пахня, добры патсьціл з аеру (Шчорсы Навагр.). 5. Толькі зачыняй брамку, ба каза як уляціць, та ўсю яргіню зьнішчыць (Бабіна Гродз.). 6. Ты юргіню пад акном пасадзі, так красіва, як цьвіце юргіня (Жамайтукі Іўеў.). 7. Быў марос, та вяргіня зьмерзла (Данілавічы Дзятл.). 8. У агародзе расьце gярgіня (Канюхі Гродз.). 9. У нас у гародзі ружа і арgіня (Есенавіца Ваўк.). 10. На другую вясну табе купім нову ясёнку, а гэту яшчэ ў старой атходзіш (Гнезна Ваўк.). 11. Мне купілі новую вясёнку (Чуні Свісл.). 12. На ёй такая файна асёнка (Бабіна Гродз.). 13. У гэтум гаду гэтулькі многа ягрысту (Жамайтукі Іўеў.). 14. У нас замала агрэсту пасаджана, во кап пасадзіць яшчэ паміж яблынямі (Чэхі Астр.). 15. Ідзем па ажыны, яны велькія, ашблішчаць, чорныя (Кіралі Шчуч.). 16. Хадзем нарвем яжыны (Лаўна Маст.). 17. У вайну як што прывесьці трэба было, то каровы запрагалі ў ярмо (Шчорсы Навагр.). 18. У вярме быў патпалак ці прызьмо, ён падзяляў вярмо на дзьве часткі (Макароўцы Бераст.). 19. Вунь ужо нашы тарахцяцца на шашэ, зарас прыедуць (Прывалка Гродз.). 20. Лянь, а гынь многа салдат, паехалі па прысаднай [абсаджанай дрэвамі] дарозе (Вайневічы Дзятл.). 21. Унь Зоська жанчына старая, сама сабе прыстрапая што і жыве (Літвінкі Гродз.).
40. Зрабіце вывад адносна рэалізацыі пачатковых галосных |в|, |г|, |й| у наступных прыкладах.
1. А за Росьцевічамі выступ такі ў озяры, бачыш? (Росцевічы Зэльв.). 2. Адно ў цібе гэто дзіця як око ў лобі, і ты яго недзя ат сябе пусьціла (Хамічы Зэльв.). 3. Стрэхі былі с саломы, окна маленькія, у хаці было цёмно (Старая Дубавая Гродз.). 4. Яны за того каня і – схаваць, і завялі да швагра Оляся (Косцевічы Ваўк.). 5. Ось такоё маё жыцё, не дай каму пане Божа (Марцінавіы Зэльв.). 6. Бярэ нас осяню, каторым па дзесяць, па дванаццаць гот (Пятакі Ваўк.). 7. Ту ш нямала, бо ў адну старану кіломатраў осемдзесят (Пераганцы Воран.). 8. Вось жыву ўжэ тыля лет, осьмы дзесятак разьміняла (Юшкавічы Свісл.). 9. А ў горадзі ўсюды очарадзі, і хадзілі міліцыянеры, праганялі тых, хто зь вёскі (Шурычы Свісл.). 10. Мы да вечара прасядзелі на уліцы (Свіслач Свісл.). 11. Сумку кніжак носіць, а ні учыцца (Кавалі Бераст.). 12. Дак мачыха сваіх павыучывала, а мы так і былі (Вялікая Бераставіца Бераст.). 13. І ўжэ тут тры месяцы я пабыў у этуй арміі, у страйбаці этум на аэрадромі (Бібікі Зэльв.). 14. Мы, бывала, у асемнасьця адоў ляцелі (Пераганцы Воран.). 15. Ён хлопяц анаровы, купіў ровар матаровы (Карэвічы Шчуч.). 16. У нас было палавіна аспадаркі – дваццаць актараў (Якубаўцы Воран.). 17. Музыкант у нас быў, граў на армоніку (Якубаўцы Воран.). 18. Во бачыш, якія аспадары пашлі, каня ніgды ня бачыўшы, а мы былі аспадары, і я ўжо ўшчытана ў работу, мела мусі едынасьця гадоў (Дзягаўцы Ашм.). 19. Сеялі на зіму жыта, вясною – пшаніцу, рачыху, гавёс (Якубаўцы Воран.). 20. Чужое ён згарэ табе гэдэк, як свой спадар (Зарудаўе Маст.). 21. Алі ш натто ён умеў інцярэсно ўсялякія історыі расказваць (Малая Бераставіца Бераст.). 22. Запынілі тут у Дубніцы, акрас каля мосьціка (Дубна Маст.). 23. Акая там тады малая была, а трэба малаціць (Чырвонае Сяло Зэльв.). 24. Ак не еў, то не мох, ак пад’еў, то не рук не нох (Пацаўшчына Дзятл.). 25. Учыцца мы ні вучыліся, школ не было, а патом і учыцца ні было за што. А ціпер от ужэ як стала савецка власьць, фсё стало, учоба, сталі дзяцей учыць бясплатна. Учацца, хто якую можа сьпецыяльнасьць, так і учыцца, паступаюць – учацца (Бяляўшчына Ваўк.). 26. Оркі перац, оркі, пахнюшчы; Осьці прышлі ў адветкі (Быстрыца Астр.). 27. Ультай яшчэ сьпіць; Бяры венкшанькую усь (Паляцкішкі Воран.).
41. Знайдзіце словы, у якіх назіраецца гіперычнае ўжыванне гука |ф|. Растлумачце прычыну гэтай з’явы.
1. Учора палілі сьвенчы, маліліся, у царкве панафіду бацюшка рабіў (Ашмяны Ашм.). 2. Аднаго разу, калі ён быў у Зельві, то яму патрафіло купіць мне гэдыкія пацяркі, як я хацела (Лаўрыновічы Зэльв.). 3. Паставіць пан нас, маладых, разам з дарослымі да работы, а сам назірая, ці патрафляюць разам з усімі (Кемяны Шчуч.). 4. Ну але ш былі сытыя, і ні было фуліганства гэтакого (Шчорсы Навагр.). 5. Вось што значыць маладосьць: бегалі, шукалі нечага, бо глуш на футары была (Азярніца Сл.). 6. Нарабіўся сёніка, хоць боньдзь-як дахаты п патрафіць (Шылавічы Сл.). 7. Насыпаюць у бутылку сьмярдзюхі. Так – флёрка, а па-беларуску – сьмярдзюха (Чуркі Ашм.). 8. Шафіёны пат сподам цёмныя, па канюшыні растуць (Солы Смарг.). 9. Чаромфа ў нас расьце (Гальшаны Ашм.). 10. Тофаль набраці і заліць воткай – і паляц заліць (Быстрыца Астр.). 11. Ляш на канафу, я там подушку палажыла, трохі атпачынь (Бабіна Гродз.). 12. Я купіла вам фафлі (Алешкаўцы Шчуч.).
42. Прачытайце сказы, знайдзіце канструкцыі з давальным прыналежнасці.
1. Мне прастуджанае горла, воду халодну піла (Каменка Гродз.). 2. Баліць мне сухянка [мазоль] на назе, і як яе зьвесьці. Баліць мне ў стоках [у паясніцы], ці ня зрушыла я (Сонічы Гродз.). 3. Баліць мне нага, наростак [мазоль] на пальцы вялікі (Прывалка Гродз.). 4. Німа мне ніякага паратунку, усё хварэю (Міцкавічы Смарг.). 5. Усе ніці мне пабэрсаў, адыдзі ты ад мяне (Морына Іўеў.). 6. Ногі мне парэпаліся, ходзячы па балоце (Вугальнікі Шчуч.). 7. Вот тут воўк нам свіньню схапіў (Старыя Смільгіні Воран.). 8. Яму бульба дарма пасаджана (Паляцкішкі Воран.). 8. Мне струшкі пахнуць, так я люблю сталярнічаць (Забляны Лід.). 9. А мне сьлёзы коцяцца (Мсцібава Ваўк.). 10. А мне не ўдалася груша (Альхоўка Навагр.). 11. Задушыў мне сабака курыцу і пітуха (Граўжышкі Ашм.). 12. А мне конь падох, і заплаціў дорага за каня (Паляцкішкі Воран.). 13. Трэба мне бадзюкоў нарваць (Малі Астр.). 14. Мне сталі рукі пухнуць (Даўбенкі Шчуч.). 15. Дзіке бульбу парылі нам (Парэчча Гродз.). 16. Вот тут воўк нам сьвінню схапіў (Старыя Смільгні Воран.). 17. А нам хата магла згарэць (Паляцкішкі Воран.). 18. Каб табе вушы вырасьлі, быў бы настаяшчы асёл (Малі Астр.).
43. Знайдзіце прыклады ўжывання дзеепрыслоўяў у ролі выказніка.
1. Буракоў салоткіх мама была нарабіўшы (Морына Іўеў.). 2. Ужо троха людзі разбагацеўшы, што продалі, купляюць (Ваверка Лід.). 3. А я вышаўшы была, узяўшы драпцы (Белкаўшчына Іўеў.). 4. Ну што ж, хто быў карову ўзяўшы, паадбіралі (Лаздуны Іўеў.). 5. Немцы былі забраўшы карову (Лепенівічы Іўеў.). 6. І пазьней папоў гэтых сваіх пазьбіраўшы, паненкаў і ат’ехалі аны (Лаздуны Іўеў.). 7. Там прышоўшы кацяр быў, і вугуль да завода (Даўбенкі Шчуч.). 8. Я такіх швэдраў, як у магазіне, сама сваімі рукамі навязаўшы (Урцішкі Іўеў.). 9. Маладзіца нядаўна прышоўшы (Ністанішкі Смарг.). 10. Я была пасадзіўшы капусты загончык (Кальчуны Ашм.). 11. Я й дзяцей выгадаваўшы, траіх маю, а ўсё адно адна (Баруны Ашм.). 12. Матка была яму пакінуўшы скрыню золата (Кальчуны Ашм.). 13. А Тадзюк нават на ровар быў забыўшыся, успомніў пра яго ночай (Попішкі Астр.). 14. Цяпер, каторы не рабіўшы, пэньсію палучае большую, чым каторы рабіўшы (Волькавічы Ашм.). 15. Музыка прыехаўшы ўжо ат нас і сюды спатыкаць нас. Хата замкнёна, паляцеўшы гаспадар ужо, яго швагер, да суседа (Геранёны Іўеў.).