1.7.4.1 Заходняя дыалектная зона
^ Вверх

1.7.4.1   Заходняя зона 

1. Рэалізацыя цвёрдых зычных часцей перад галосным |э|, як правіла, у запазычаных словах: мэтар, набэдрык’і, газэта, дэка, шкарпэтка, Зэл’ва, Маладэчна, Сэрвэч, Ск’ідаль, Бэршты, швэдра, чвэрыц’, фэйчар, трупэрн’а, Савэлко, павадзэн’а, апарацыйа, вандл’іна, вандл’арн’а.

2. Ужыванне мяккага |л’| у запазычаных словах: кл’аса, к’іл’а, дал’ар, зал’а, бл’ок, гл’обус.

3. Паслядоўная рэалізацыя спалучэння зычных |чн|, |чн’| (а не |шн|, |шн’|): ручн’ік, кан’эчн’е, смачна, йайэчн’а.

4. Формы вышэйшай ступені параўнання прыметніка з суфіксам -ш-: вышшы, н’ішшы, глыпшы, дарошшы, групшы, дз’ашоўшы, тоншы, с’іншы, чырвоншы, доўшы, шыршы, здароўшы, каротшы.

5. Наяўнасць дробавых лічэбнікаў тыпу паўтрац’а, паўп’ата, паўшаста, паўс’ама, паўвас’ма.

6. Ужыванне словазлучэнняў з прыназоўнікам да: прыйшл’і да м’ан’э,  пайэхаў да Гродна.

7. Побач са зборнымі лічэбнікамі тыпу двое – дзесяцёра выкарыстоўваюцца з такім самым значэннем формы двох – дзесяцёх: было трох братоў, ваўкоў прыйшло трох.

8. Выкарыстанне рэгіянальнай лексікі, пераважна польскамоўнага паходжання: абув’а, вал’іска, ванgор, вандзэлак, ворак, вэнтка, гавандул’ск’і, gрудз’ан’, длуg’і, дз’іс’, заgарак, заўша, кайэт, кал’эйка, крэданс, кс’оншка, купэрт, манарка, марац, матоцык, наўл’эчка, н’іgды, паўтал’эжык, прэнтка, рабак, ровар, рок, тарэпка, тэрас, фатыgа, цурка і інш. 

34. Знайдзіце словы, у якіх адбылося зацвярдзенне мяккіх зычных. 

1. Мелі сваіх музыкантаў, васало было, танцавалі (Кавалеўшчына Воран.). 2. Хоць было бедна, але было васола(Варняны Астр.). 3. Зразу рвалі, сморгалі, а тады вывозілі на полі, слалі на санажаці (Волкаўцы Лід.). 4. Даўней надзелы былі з усякай зямлі: і лес, і балота, і санажаць, і грунтовая зямля (Косцевічы Астр.). 5. Селі каля свайго стала і песьні паём (Сланева Навагр.). 6. Гэта ат нас было дваццаць тры кіломатры (Канявічы Гродз.). 7. Не глядзіць, ці красіва, але кап багата была, кап добры пасах быў, карова, гактар поля (Старое Сяло Зэльв.). 8. Мужу рабілі апарацыю (Курчоўцы Воран.). 9. Жывёлку гадавала, усё чыста, а тэрас пайшла ў нарсут, то й пэнсіі ні давалі (Акмяні Ашм.). 10. Ні адзін ён такі нішчасьлівы. Пэнсіі на хлеп хваціла п і жыў ба п (Косцевічы Астр.). 11. Якую-небуць вандліну ці кусок кумпяка які запякалі ў цесьці, яйца, хто мо сыра даваў, хто мо масла (Шылавічы Сл.). 12. А мэтар сіццу стоіў восімсят грошай (Галубы Маст.). 13. У нас у вёсцы адзін хлопяц дэфактовы, дык яго ў войска ні ўзялі (Васілевічы Сл.). 14. Нэрф папорчаны. У мяне ўдушша, найгоршы нэрф (Чуркі Ашм.). 15. Перш паперы с сальсавету трэбавалі, а цяперака німа начальніка гэтага – у вотпуску (Косцевічы Астр.). 16. Божачкі, ты ш так моцно пэрхаяш! (Гута Дзятл.). 17. Насадзіла гарбузоў, кап зямля ні пуставала. От, хоць семачак дзецям будзя (Зубраўка Шчуч.). 18. У восем часоў маgазын аткрываяцца (Парэчча Гродз.). 19. Да касьцёлу ні давалі хадзіць, пілнавалі (Красулі Шчуч.). 20. А яго [торфу] глыбіной было чатэры і пяць [метраў] (Кавалі Бераст.). 21. Кнігаў розных было ў пана, і піяніна, што на паліцы, і асопчык быў рабэнькі (Новая Спуша Шчуч.). 22. Пан, пані ў капалюшы, а я касынку надзену, толькі вазьміце да касьцёла (Кронькі Шчуч.). 23. Калі выйшла з бальніцы, трэбыло йсьці ў Місьцібава за мэтрыкай (Андрэева Ваўк.). 24. Дочкі мне прывозяць кожны раз газэты, кап печку распаліць (Рудзевічы Зэльв.). 25. Маладому мужу трэба добра глядзець, бо нявесту кралі асыстэнты, хавалі яе, загадвалі выкуп (Гальшаны Ашм.). 26. Гэтыя бумашкі называліся вэксаль. На ёй ставіўся гэрп (Малдуці Дзятл.). 27. А бомба дала ў хату, так і ўсё пагарэла тут, тылька наша цэлая, там тая во, дзе Гэнюсь (Квасоўка Гродз.). 28. Добра ні прыпомню, хіба да Бэльскіх пайшлі (Лушчыкі Воран.). 29. Некалі егдзілі ў Амэрыку, і хто ехаў у Амэрыку, трэба было ў жыдуў пажычаць (Малдуці Дзятл.). 

35. Вызначце, з дапамогай якога суфікса ўтвараецца вышэйшая ступень параўнання прыметнікаў у наступных сказах. 

1. А потым ужо патрошку сталі калхозы ўжо багатшыя, сталі на ногі (Геранёны Іўеў.). 2. А кап ні было багачшых хлопцаў, так былі п радыя, хто браў бы, за таго і аддавалі п (Гуды Лід.). 3. Трэба помніць, што ёсьць над намі вышша ўлада (Правыя Масты Маст.). 4. Полка то вышша, то нішша (Пацаўшчына Дзятл.). 5. Браты старэйшыя і сястра старэйша, а я сама малотша (Гуды Лід.). 6. Хто душшы, то і прутшы, таго ні звалі (Заберазь Іўеў.). 7. Мой хлопяц слапшы за таго задзіраку (Дубароўшчына Дзятл.). 8. Мой рушнік намнога шыршы за яе ўхвалёны, але ж я так не хвалюся, як яна (Раманавічы Шчуч.). 9. Цвікель [клін, устаўка] уставіла пат паху, будзя шыршы рукаў (Каробчыцы Гродз.). 10. Апчасаў сама групша бервяно (Гальшаны Ашм.).  11. У нас найхарошшы вазон лічыцца фікус (Навасёлкі Ашм.). 12. У каго дачок у хаці многа, то сваё пажнуць прэнтка, ідуць на шыршую ніву да гаспадара, дзе адна гаспадыня (Замасцяны Шчуч.). 13. Але ш во цут, як ён уперат іх да леса дашоў, бо карочшай дарогі няма (Цідовічы Гродз.). 14. Бацька быў найбагатшы на цэлу вёску, на цэлы Gеранёны, на цэла мястэчка (Геранёны Іўеў.). 

36. Знайдзіце словы з мяккім гукам |л’| у запазычаных словах, параўнайце вымаўленне такіх слоў у беларускай літаратурнай мове. 

1. Вось у вас нявестка зьдзелуха [рукадзельніца], такія пекныя блюскі вяжыць (Войстам Смарг.). 2. Наташа прыягджала ў вёску, казала, што ў Старум Сяле кьсёнц даваў шыкаладнаё пячэнё з мамалядам (Бібікі Зэльв.). 3. Так старую скварку прадаю пакрысе, сёня вот дзьве кілі [кілаграмы] прадала (Буняны Ашм.). 4. Ён лгар першай клясы (Мсцібава Ваўк.). 

37. Прачытайце, знайдзіце прыклады выкарыстання колькасных лічэбнікаў у значэнні зборных. 

1. А ў мяне трох дзяцей было: Саша, Наташа, Аня (Няверавічы Ваўк.). 2. Забілі яны, немцы, і бацька нашага, і мама трох дачок гадавала (Сямёнаўцы Бераст.). 3. Трох жаніліся на праваслаўных, а трох на каталічках (Монтацішкі Смарг.). 4. Адзін каптан на ўсіх быў, адныя боты на трох (Шыганы Сл.). 5. У нас  у мацяры было пяцёх: трох старэйшых братоў і мы дзьве дзяўчынкі (Жукевічы Бераст.). 6. Сабралася чалавек пяцёх, трох уцяклі двух забралі (Жыдзевічы Іўеў.). 7. Было нас у мамы дзівяцёра, трох пашло служыць (Седліска Воран.). 8. Вы двох не купіце (Караневічы Гродз.). 9. А трох засталіса на дварэ (Васілевічы Гродз.). 10. Матка бярэ нас трох, а на мяне кажа: “Ідзі, дачушка дахаты” (Вострава Зэльв.). 11. Нас у сямьі было трох, і ў мяне трох дзяцей было (Калядзічы Ваўк.). 

38. Знайдзіце канстукцыі з прыназоўнікам да, падбярыце да іх літаратурныя адпаведнікі. 

1. Пасьля вайны мы дайшлі напытам [пытаючы] да Мінска, як каровы куплялі (Сімакава Карэл.). 2. На гэтым тыдні паедзе да Мінска (Вострава Маст.). Дайшоў да заламання [павароту] і вярнуўся, ні мог даляй ісьці (Шаўдзіні Лід.). 3. Калі прадлужа Бох веку мне, то паеду да Масквы, да сына (Граўжышкі Ашм.). 4. Ты яшчэ пойдзяш да войска, на чарта тая нарачоная (Парэчча Гродз.). 5. Я радзіўся ў трыццаць першум року ў вёсцы Кавалеўшчызна, пасьля стаў хадзіць да школы, але хутка зачалася вайна (Кавалеўшчына Воран.). 6. У школу хадзілі да Будраўцаў (Будраўцы Шчуч.). 7. Учора хадзіла ў цэркву да споведзі. Людзей было німнога (Бібікі Зэльв.). 8. Як нашы ні былі паехаўшы да Амерыкі, то я ў Таўрэлі часто хадзіла на танцы ці на васэля (Лушчыкі Воран.).