1.7.5.7. Прыслоўе
^ Вверх

1.7.5.7.   Прыслоўе 

Дыялектныя асаблівасці выяўляюцца ў марфемна-словаўтваральнай структуры прыслоўяў. Вылучаюцца цэлыя групы лексем, якія адрозніваюцца ад літаратурных адпаведнікаў прыстаўкамі, суфіксамі, структурай складаных слоў.

1. Прыслоўі, як правіла, з часавым значэннем выкарыстоўваюцца з прыстаўкай у-: увос’ан’, ул’эта, узаўтра, урано.

2. Група прыслоўяў выкарыстоўваецца з суфіксам -я (-е, -ё), якому ў літаратурнай мове адпавядае суфікс -а: в’эрн’а, марн’а, фактычн’а, скушн’а, в’ідочн’а, п’іл’н’а, наўмыс’н’а, в’эчн’а, пэўн’а.

3. Некаторыя прыслоўі і прыслоўныя займеннікі са значэннем колькасці, меры і ступені выкарыстоўваюцца з суфіксам -а (-о) замест літаратурнага суфікса -і: троха, в’эл’мо, тол’ко, кол’ко, стол’ка.

4. Прыслоўі са значэннем часу ўжываюцца з суфіксам -ы (-і) адпаведна літаратртурнаму суфіксу -а: учоры, узаўтры, с’он’н’і.

5. Да шэрагу прыслоўяў далучаюцца суфіксы, якія не нясуць якой-небудзь сэнсавай, словаўтваральнай ці стылістычнпай нагрузкі:

-й: учорай, тамай, тутай;

-ка: учорака, с’он’н’ака, тамака, тутака, вос’ака, вонака, адс’ул’ака;

-й+-ка: учорайка, с’он’айка, тамайка, тутайка, потымка;

-чы: учорачы, с’он’н’ачы, тутачы, тамачы, ц’ап’эрачы;

-а (-о): тута, тама, знова, потымо;

-ся: в’эл’м’іс’а, кал’іс’ц’іс’а.

6. Дыялектнай асаблівасцю вызначаюцца прыслоўі ад слоў, якія па такой мадэлі ў літаратурнай мове прыслоўяў не ўтвараюць: пазагаройу, загумнам’і, пазаадрыні’чу.

7. Многія складаныя прыслоўі характарызуюцца адметнасцю свайго лексічнага складу і кампанентнай структуры: пас’л’аўчора, войдз’а, с’эрадн’а, с’араўно. 

     91. Выпішыце словы з канцавым суфіксам -ка. У якіх групах прыслоўяў паводле значэння ўжыванне гэтага суфікса пераважае? 

1. Ажняко бачыць яна тутака тую сваю старую, за якой ганяяцца, ды пасунулася к ёй (Аляксандраўшчына Зэльв.). 2.Аттуляка госьці прыехалі. Яны атсюляка родам (Алякшышкі Воран.). 3. Гэта было восьдзека, тут, ля Скрундзёў (Ананічы Дзятл.). 4. Мы дзісяка хацелі дровы рубаць, аля дошч пашоў (Ляткі Маст.). 5. Дзісяйка так галава балела, што думала, ні вытрываю (Новая Руда Гродз.). 6. Заўтрака ён абавяскова павінен прыехаць (Заполле Маст.). 7. А якоя калісьціка што было? Нічого ні было, самыя ткалі, вязалі, дзерлі, пралі (Ражкі Свісл.). 8. Як купіць бацька туфлі, та адно калішака ідзямо ў цэркву босыя, а туфлі ў руках нясемо (Васілевічы Сл.). 8. Ледзьвяка дажа наямося, калі васкрасенё найдзе (Малькавічы Маст.). 9. Ідзі, жанчына, са сваім дзіцем па дарозе і не абарачвайся, хоць неведамака што будзяш чуць за сьпіною (Ашнаравічы Сл.). 10. Пасадзіла, кажа яна, квахтуху, чакала, чакала, а куранят нямашака (Пагарэлка Карэл.). 11. А жалі о раней ні то што сёньняка, сярпом, і рукі, бывая, парэжаш (Малькавічы Маст.). 12. Ажно патомака міліцыя ўжэ з’іскалася міне, што я ўцёк дамой (Даўбенкі Шчуч.). 13. Яны потымака ўзялі ў агонь накідалі іх (Пелкаўшчына Іўеў.). 13. Потымка прыходзілі дахаты сваім расказвалі (Суботнікі Іўеў.). Сёньняка я яшчэ нічога ня ела, а ўстала рана, бо рабіла ў гародзе (Мінойты Лід.). 14. Выразалі с паперу зайчыкі, тамака ваёрачкі і вешалі на елку (Парэчча Гродз.). 15. Гэта было тадыка, калі цябе яшчэ ні было на сьвеці (Пруды Гродз.) 16. А то ўнукі ўсё зьбіралі сабе тут нейкую макулатуры ды таквеляка тут яе назьбіралі, а ў школу ды не занесьлі (РавіныКарэл.). 17. Тутака чуя нейкі стогн, лямант, крык і абярнулася (Ашнаравічы Сл.). 18. От бацько памёр дзевяць лет назат, а мне здаецца, што нідаўно, што ўчорака яшчэ (Каменка Бераст.). 19. Гэто вам ціперака добро жывецца, а мы нічого добраго ні бачылі (Бераставічаны Бераст.). 20. Тудэйка ты ня зайдзяш пяшком, далёка (Старая Дубавая Гродз.). 

92. Прачытайце, знайдзіце словы з фінальнымі суфіксамі, якія не маюць сэнсавай нагрузкі. Абазначце гэтыя суфіксы. 

1. Узоўтрачы мне трэба кончыць сваю дзялку палоць, а пазоўтрачы схадзіць у суседню вёску памахчы сястры (Данілавічы Дзятл.). 2. Сынок Васілёк прыплывае, паесьць і зноячы едзя лавіць (Труханавічы Дзятл.). 3. Цяперачы людзі злыя сталі, неспагадлівыя (Крэва Смарг.). 4. Тутачы некалі міны стаялі (Бердаўка Лід.). 5. Учорачы быў на рынку (Вензавец Дзятл.). 6. Вунячы й наша карова йдзе (Хорашава Навагр.). 7. Аткулячы гэтыя гусі прышлі? (Сімкава Карэл.). 8. І сталі знова яны свае шыі мераць (Любча Навагр.). 9. А хлопцы набяруць у кяшэні  хрушчоў, жукоў маёвых і дзяўчатам за пазуху як накідаюць, тады піску, енку на ўсю хату; бабы потымо лаяць (Пераганцы Воран.). 10. Вот прышлі ў вёску адну, а тама кузьніца была (Любча Навагр.). 11. Па тры разы хадзіла да яго, пакуль тута жыў, алі потым забралі ў Гродно (Малая Бераставіца Бераст.). 12. Вяселё тагды было ня гэдак, як цяпера, ня мелі гэтакіх сукенак, як зарас маюць ёўда Навагр.). 13. Пабочся трохі, а то мне вельміся цесно (Міхайлы Свісл.). 14. Адно людзі казалі: вельміся ўжэ ніхарошы, лёхкія рукі меў (Бераставічаны Бераст.). 15. Памагаю ўнукаў гадаваць, ба грашыма ні вельміся магу (Раневічы Свісл.). 16. Во як мы жылі калісьціся (Сідоркі Свісл.). 17. Тамакава павінны быць грыбы (Рагозніца Маст.). 18. Тамакай зусім ня так жывуць, як у нас (Чыжуны Воран.). 19. Чаго прышлі кабеты тутай? (Алешавічы Маст.). 20. А посьляй ужэ я туды зайшла, і тамака, у альшыне, дзінітка недезе стаяла (Лазы Ваўк.). 21. Тады ўжо назаўтраё маладую забіраюць (Лозкі Навагр.). 

93. Знайдзіце прыслоўі з суфіксам -е (-я). Уплывам якой мовы тлумачыцца наяўнасць гэтага суфікса  ў гаворках Гродзеншчыны? 

1. Страшне злы быў гэты выпладак адэльскі, ні меў літасьці, ні сэрца (Каробчыцы Гродз.).  2. За пашу плацілі асобня, а за зямлю асобня (Якубаўцы Воран.). 3. А то ш вельме ўжэ страшно было (Сурынка Сл.). 4. Я асталася адна, а яна была зь дзецьмі, ёй мусове было да дзяцей (Ражкі Свісл.). 5. Куды ты там пацягнесься, у самую Белагруду? І аўтобусы ладня не ходзяць (Янаўляны Лід.). 6. А калі мы атступалі ды нас везьлі дадому, то было так страшне (Эймінаўцы Бераст.). 7. Важня пашыта твая сукенка (Нача Воран.). 8. Антону ўжо ладне гадоў, а яшчэ ніжанаты (Малінаўка Ашм.). 9. Марне прапала расада, бо ні палілі ў час (Зноскі Ашм.). 10. Нашы дзеці пагаварылі дужа ўлагодне, некія новыя сакрэты ў іх знайшліся (Павіланцы Воран.). 11. Прыехаў сын з жонкай і дзецьмі, так хлапотне ўсё лето, хутчэй бы перажыць гэты час (Сіняўшчына Іўеў.). 12. У майго чалавека звыкля добрая работа (Клешнякі Шчуч.). 13.Маці нарачне ад нас пайшла, бо ў дачкі малоя дзіця (Лунна Маст.). 14. Марыля, дачка мая, у велько сьвято роджана. Старынныя людзі гаварылі, што ў яго нат ні можне пачасацца (Андрэевічы Ваўк.). 15. А ў калхоз былі так, што сам дабравольне, казалі пісаці такое заяўленя, што прыняць у калхос (Квасоўка Гродз.).

94. Знайдзіце словы, якія ў гаворках і ў літаратурнай мове адрозніваюцца суфіксамі   і –і (-ы). У якіх семантычных групах слоў такое адрозненне назіраецца? 

1. Учоры купіў жароўку [электралямпачку], а надвячорак згубіў, нідзе ні знайду (Самаравічы Зэльв.). 2. Першы я за ёю дзьверы закрывала, а цяпер яна зноў параскрывала (Дубароўшчына Дзятл.). 3. Раней і праўды гэта вялікае сьвята было (Навасёлкі Лід.). 4. Нады было суседзям памагаць (Камяніца Ваўк.). 5. Зацерка трохі голат спатоліць ды сон зморыць. Назаўтры зноў дбаў пра яду (Вялікая Кракотка Сл.). 6. Заўтры будуць у хаці пад абет (Дубраўка Маст.). 7. Учоры ў краму прывязьлі натта здатныя чахлы (Гнезна Ваўк.). 8. Заўшы раней ўсіх прыходзіў на работу (Дубна Маст.). 9. Сёні яна павінна прыйсьці (Агароднікі Свісл.). 10. Вяселё ігралі не гэдако, як сёні, адзін стол быў, а людзі сядзелі кругом на сланах (Залацеева Зэльв.). 11. Зіна сёні ў краплясты [стракаты, рознакаляровы] кафтан прыбралася (Ханявічы Свісл.). 12. А колька рублей заплаціла? (Ністанішкі Смарг.). 13. Хрысьцілі дзяцей толька кумы (Пелкаўшчына Іўеў.). 14. Трохо цукру туды, і ганучу зробіць і гэтаму дзіцяці ў рот вапхне (Крывічы Зэльв.). 15. Як чалавек, так трошка верыць трэбо, бо безь веры ніц ні будзе (Перстунь Гродз.). 16. Ты вельма тут ні выдзыgай, ба зарас палучыш па носі і пайдзеш скавычучы (Новая Руда Гродз.). 17. Я вельмо люблю палічастае [квас з грыбамі], як мама зварыць (Варонча Карэл.). 18. Толька ў лес заехалі, як паляцелі самалёты (Рышыняты Смарг.). 18. Хоць і цяшко было, а ўся ш прыдзеш дахаты – дзеткі гаманкуюць, і трохо як і лячэй стане (Сурынка Сл.).

95. Ахарактарызуйце дыялектную асаблівасць прэфіксальнага ўтварэння прыслоўяў. 

1. Увосені лён труць у сушні, бярэ гаспадар пятнаццаць дзевак, і труць цалы дзень, націраюць па дзьве капы (Вялікае Сяло Шчуч.). 2. Мы ўдома былі, як бацька на вайну забралі (Райца Карэл.). 3. Пабуць ты ўдома, бо яшчэ як улезуць дзеці ў агарот, усю цыбулю павылупваюць (Дубна Маст.). 4. А яшчэ, калі былі маладыя, хадзілі ўзімою на вечаркі (Бібікі Зэльв.). 5. Узімою мужыкі малацілі жыто ў гумнах цэпам, бабы ўзімою лён церлі на церніцу (Студзенікі Свісл.). 6. Узаўтра пойдзем у краму па хлеп (Жомайдзі Лід.). 7. А тады быў стораш, узяў выняў гэту стрэмку, пакурыў поршам, нагу гэту ўкруціў, ну ўсё. Думалі, што удобра будзе (Лаздуны Іўеў.). 8. Уперш усё пажалі, а тады вазілі салому (Міжэвічы Сл.). 9. То была я ўперш у Зельві на почці, кап палучыць пасылку (Лаўрыновічы Зэльв.). 10. Сем лет хлопцу, а ўжэ трэба, каб каравэ хлопяц пасьвіў, а жане ўрано (Крывічы Зэльв.). 11. Аднаго нашага суседа ўнаранку, як толькі разьзядняла, акружылі хату і сталі ад яго ўсё вывозіць (Першамайск Шчуч.). 

96. Прааналізуйце словаўтваральную аснову складаных слоў.

1. Я пасьляўчора прыходзіла, а ты кажаш, ні была (Ражкі Свісл.). 2. Завісімо ат таго, у сколькі пасак было бердо ў кроснах, таквеле [столькі] трэба было снаваць нітак (Пляцянічы Зэльв.). 3. Стаквеля [многа, шмат] ягат насабірала (Міцкавічы Смарг.). 3. Такрок зусім сады ні цьвілі (Старынкі Воран.). 4. Затакрок былі вялікія маразы, што сады павымярзалі (Бярэзіна Іўеў.). 5. Носіцца па вуліцы як злыдух (Мейеры Лід.).  6. Сярадольні сын мой у Мінску робіць (Майсеевічы Ваўк.). 7. Яшчэ карову серадня ні даіла (Цыбары Лід.). 8. Одгэты матэрыял найлепшы (Масушыны Свісл.). 9. Паглянь, уньдзя нехто стаіць (Ляткі Маст.). 10. Вуньдзя відаць мае палеткі (Вішнеўка Бераст.). 11. Водзека яна стаяла, а потым пайшла (Навасады Іўеў.). 12. Уньдзека хлеб ляжыць, а ты ні бачыш (Лунна Маст.). 13. Ойдзя памідоры пасадзіш, тут ім зацішней будзя (Ляткі Маст.). 14. Янэ войдзі ўжэ даўно сядзяць (Падазёркі Гродз.). 15. Авойдзяка й паміраць буду, куды мне з гэтай хаты (Дзераўная Сл.). 16. Каб было сяраўно, то лазілі б у акно (Завадзічы Гродз.). 17. Яму ні кажы, а сянно на свой лат цягня (Ятвезь Свісл.). Агыньдзяка йдуць каравэ (Паўлава Сл.). 

97. Ахарактарызуйце марфемную будову прыслоўяў, утвораных ад слоў, якія ў літаратурнай мове прыслоўяў аналагічнай мадэлі не ўтвараюць. 

       1. Ён усё загумнамі ходзіць, бліжэй, кажа (Тракелі Воран.). 2. Ні лась, кажу, пападвокніччу, каб акна ні разьбіў (Старыя Паддубы Шчуч.). 3. Ідзе ў лес пазаадрынічу, каб людзі ні бачылі (Бабіна Гродз.). 4. Усе сядзяць на вазах, а маладыя з двара выяжджаюць устоячкі (Сланева Навагр.). 5. А сосенкі былі ў нашым ляску яшчэ невялікія, а пазанізу соснаў – баравікоў! (Ёдкі Лід.). 6. Тэкліны дзеці ўсё пазавуголічу таўкуцца (Ліпнікі Шчуч.). 7. Смаліць сьвіньню будзям у пазахлеўі, мала хто ўбачыць пазахлеўем (Нагорнікі Дзятл.). 8. Унь дзяцька наш нясецца праспаля нечага да нас (Сеньцяняты Смарг.). 9. Цярэззаганы конь ні пацягня, выяжджай на дарогу (Заляшаны Ваўк.).