1.7.5.6. Дзеяслоў
^ Вверх

1.7.5.6.   Дзеяслоў 

1. У інфінітыве, які заканчваўся этымалагічным -кти, захоўваецца гукаспалучэнне -кчы: с’экчы, таўкчы, ц’акчы, п’акчы, валакчы, заракчыс’а.

2. Націск у інфінітыве на -ці, як правіла, прыпадае на апошні склад: пляс’ц’і, м’ас’ц’і, в’ас’ц’і, н’ас’ц’і.

3. Зваротныя дзеясловы, пераважна ў форме прошлага часу множнага ліку, заканчваюцца постфіксам -с’: мы с’м’айал’іс’, йаны купал’іс’, йа байалас’.

4. У асобных гаворках сустракаецца будучы незакончаны час, які складаецца з дапаможнага дзеяслова быц’ і дзеяслова прошлага часу, напрыклад: А што я заўтра буду рабіла, як сёні ўсё зраблю (Дзярэчын Зэльв.).

5. Пашыранай выступае форма будучага складанага часу з дапаможным дзеясловам м’эц’ (м’эцца): Скажы кап Сашык прышоў, я маю яму нешто даць (Бабіна Гродз.).

6. Форма другой асобы адзіночнага ліку загаднага ладу часта ўжываецца без канчатка -і (-ы): вывяс’, вын’ас’, выжан’, пакаж, палош, пагл’ан’ (пал’ан’), зажэн’, пан’анч, выдз’, н’і ўпац’.

7. Дзеяслова другой асобы множнага ліку загаднага ладу, аснова якіх канчаецца на шыпячы, маюць формы на -ча: л’ашча, нарэшча, йэшча, намашча, ні плачча.

8. Назіраюцца выпадкі ўжывання дзеясловаў трэцяй асобы першага, другога спражэння і рознаспрагальнага дзеяслова есьці з канцавым -ц’і на месцы -ц’ у літаратурнай мове: йон л’ажыц’і, гаворыц’і, прыходз’іц’і, хочац’і, прыб’агайац’і; йаны бйуц’і, устануц’і, л’ажац’і, жывуц’і, будуц’і, йадуц’і, с’п’авайуц’і.

9. Некаторыя дзеясловы другой асобы множнага ліку цяперашняга і часцей будучага простага часу прымаюць да сябе дадатковы элемент -ц’а      (-ц’э): вы л’ажыц’эц’а, крычыц’эц’а, маўчыц’эц’а, с’адз’іц’эцэа, байіц’эц’аса, аддас’ц’эц’а, падйас’ц’эц’а, пал’ажыц’эц’а, пастайіц’эц’а, пагл’адз’іц’эц’а, падв’аз’іц’эц’а. Формы дзеясловаў будучага часу, як правіла, ускладняюцца імператыўным значэннем, дадаткова выражаюць адценне некатэгарычнага загаду: Вазьмеця во дзісятку, сустрэняця, та аддасьцеця яму (Бершты Шчуч.). Каровы ў Геці добро ходзяць; зажанеця туды і паляжыцеця на фуфайках (Бабіна Гродз.).

10. Дзеясловы часам маюць марфемную будову, ускладненую суфіксальнымі кампанентамі -ов-, -ав-, -оў-, -аў-: кладав’іцца, с’адав’іцца, выдумоўвац’, аддоўвац’. 

86. Выпішыце формы інфінітыва з асновай на заднеязычны гук, параўнайце з адпаведнымі формамі літаратурнай мовы, вызначце адрозненні. 

1. I з такое мукi прыходзiлася пякчы хлеп (Вераскава Навагр.). 3. Для таго, кап сьпякчы хлеп, трэба ш была мука (Перстунь Гродз.). 3. Нагрузiлi, што нiхто сехчы не мох, усе стаялi (Эймiнаўцы Бераст.). 4. Яны хацелi ўцякчы зноў на Азёркi, а iх акружылi, i яны – на выган (Монькавiчы Маст.). 5. Ішоў я ішоў, захацеў сехчы, сёх пры дарозе, можа, думаю, хто будзя ехаць і падвязе (Стрыеўка Гродз.). 

87. Растлумачце дыялектную спецыфіку зваротных форм дзеясловаў. 

1. Много маладзёжы сабiралась, потым танцы ўстрайвалi да самага ранку (Гарнастаевiчы Свiсл.). 2. Як са сваiмi  пазнакомiлась, то натта ш мне валасы яго панаравiлiсь (Раневiчы Свiсл.). 3. Потым, як адзялiлiсь, было лякчэй (Плябанаўцы Ваўк.). 4. Адны вылятуць, другiя прысядуць, жылось вельмi кепско (Асташына Навагр.). 5. Шаластуны складалісь з бубенчыкаў з нікялю і ў сярэдзіне памяшчалі шарачак, прыкрапляліся да скуранога паска дванаццаць штук (Альхоўка Навагр.). 6. Учылась я слаба, мацімаціку саўсім ледве цягнула (Ранявічы Свісл.). 7. Я дак ні надта й за малаком ганялась, усе неяк чае да чае (Пагарэлка Карэл.). 8. Я ж думала: вярнуўсь мой брат, дый кажу, што калі звала, ты не шоў (Плябанаўцы Ваўк.). 

88. Знайдзіце і ахарактарызуйце дыялектныя формы будучага складанага часу дзеясловаў. 

1. Паеду да савта, трэба зыскаць зь яго грошы, даўно пазычыў, можа ўжо мая аддаць (Каробчыцы Гродз.). 2. Як даведаўся, што замуш выходзіць, тады ён узяў отпуску і прыехаў на той час, як яны маюць вянчацца (Панарка Смарг.). 3. Шваgер маяцца па сыну ставіць памянтку [помнік] (Мелюкі Іўеў.). 4. Што рабіць меш? (Аляксандраўшчына Зэльв.). 5. Маюся купіць парасят (Вялікія Канюшаны Лід.). 6. Во кап баба твая яшчэ жыла, то болей табе чаго казаць мела (Навасёлкі Лід.). 7. Спрыту таго нямашука, маемся паміраць ужо (Валеўка Навагр.). 

89. Знайдзіце дзеясловы другой асобы адзіночнага ліку загаднага ладу і растлумацче іх дыялектную асаблівасць. 

1. Выжань карову с пярэгараткі і зажэнь на пашу (Шылавічы Сл.). 2. Дзеду, прылап [зашый, падрамантуй] мне валянкі (Міцкавічы Смарг.). 3. Міша з арміі чамадан прывёс, дзесь ішоў з арміі і купіў. То ў той чамадан ўсё склалі, і с тым замуш пайшла. А ціпер палянь, колькі ўсяго! (Ражкі Свісл.) 

90. Прааналізуйце ўскладненую марфемную будову дзеясловаў незакончанага трывання. 

1. Каб была лажавілася месяц назат у шпіталь, то ўжо п апарацыю зрабіла п (Грандзічы Гродз.). 2. А сьвіньні вылязьлі з алешніку, і немцы забралі, а мы ізнуў галадавалі (Гольманцішкі Воран.). 3. Адным цяшка было, галадавалі (Красулі Шчуч.). 4. Садавіся, чаго ты стаіш? Садавіся на зэдаль (Новы Двор Свісл.). 5. Такая яго баба, што на ўсіх выдумоўвае (Вялікая Палонка Дзятл.). 6. Сусет мне ні аддоўваў грошы цэлы гот (Дзераўная Сл.). 7. Як ты разваліў мой плот, то табе й атшкадоўваць [разлічвацца за шкоду] прыдзецца (Шчорсы Навагр.). 8. Пат курыцай гусяняты вывяліся, то ўчора пакуль атшукоўвалі гусянят, курыца не атходзіла ат берага (Шылавічы Сл.). 9. Я й кладавілася, і ўставала с платком, кап мама ні бачыла, што я зрабіла (Андрэеевічы Ваўк.). 10. А калі ўжэ павянчаюцца, та малады маладую, а чашнік друшку сядавіць на калені (Клепачы Бераст.). 11. Ды хлеб аддавае табе і кажа, кап сабаку адала, кап сабака зьеў (Шылавічы Сл.). 12. Так і жылі: сваім дзецям мачаха ўсё лепшо давая, а нам – горшо (Мікелеўшчына Маст.). 13. Сталі дараваць [дарыць], кожнаму падносілі талерку (Малі Астр.). 14. Нясеш саган, на прыпячак становіш, з двума ушкамі такі кругленькі (Вялікія Яцыны Астр.). 15. Жыта жалі ручную снапы вязалі, насілі, дзісяткі станавілі (Калядзічы Ваўк.). 16. Харошыя людзі – нельзя крыўдавацца на іх (Парэчча Гродз.).