1.7.5.3. Прыметнік
^ Вверх

1.7.5.3.   Прыметнік 

1. Прыметнікі (дзеепрыметнікі, парадкавыя лічэбнікі, неасабовыя займеннікі) жаночага роду ў давальным і месным склонах пад націскам выступаюць з канчаткам -ой, не пад націскам – з канчаткам -уй: у старой, у сухой, у гн’ілой; у добруй, у в’эл’куй, у с’ін’уй, у п’атуй.

   2. Простая форма вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў утвараецца пры дапамозе ненаціскнога суфікса -айш-: бл’іжайшы, гарачайшы, дужайшы, зял’он’айшы, кароц’айшы, н’іжайшы, харошайшы, чырвон’айшы.

 3. Захоўваюцца старажытныя суфіксы -ушч-, -ашч-, якія служаць для ўтварэння якасных прыметнікаў ад дзеяслоўных асноў: барушча карова, валачашчы чалав’эк, в’ідушчы чалав’эк, кал’ушчо рыжышчо, кусушчы сабака, н’асушча курыца, прапашчы чалав’эк, п’акушча крап’іва.

4. Прыметнікі (адпрыметнікавыя прыслоўі) у суфіксах -эньк-, -аньк-  маюць зацвярдзелы зычны |н|: добранк’і (добранко), мал’энк’і, м’іл’анк’і, плах’энк’і, старэнк’і, чыс’ц’анк’і (чыс’ц’анко). 

74. Знайдзіце прыметнікі жаночага роду давальнага і меснага склонаў адзіночнага ліку і вызначце ў іх дыялектны ненаціскны канчатак. Падбярыце некалькі форм прыметнікаў з націскным канчаткам. Пракаментуйце розніцу канчаткаў у залежнасці ад месца націску. 

1. Па вадзе халоднуй дайшлі да рова, а роў глыбокі-глыбокі (Вострава Зэльв.). 2. А ў мамінуй хваробі паправунку ні было (Свірыды Шчуч.). 3. Добры нарот будзе па правуй старане, нідобры – па левуй (Старынцы Бераст.). 4. Потым, як крыху падрасла больша пры Польшчы панскуй, пашла зарабляць грошы (Ражкі Свісл.). 5. А нідаўно стршуй даццэ апірацыю рабілі, то тожа трэба грошмі памахчы (Правыя Масты Маст.). 6. Раптам ногі ў міне адняліся – з жыта ідзе чалавек у німецкуй формі (Пыра Гродз.). 7. Франка Ёськава хвалілася бабам, што тчэ посьцялку на маковуй [чырвонай] аснове (Малое Сяло Шчуч.). 8. Наша Марына ў новуй панёве [жаночым цёплым піджаку]  пайшла ў клуп (Зарачаны Дзятл.). 9. У іхнюй хаце камешнік [вугал каля печы, дзе стаяць кочаргі] завалены так, што аш печ патпірая (Дубна Маст.). 10. У адной бліскуй вёсцы жыла ня так даўно адна багатырка-пані (Аляксандраўшчына Зэльв.). 

        75. Выпішыце старажытныя формы прыметнікаў з суфіксамі -ушч-, -ашч-. Кіруючыся пашпартнымі дадзенымі пры ілюстрацыйных сказах, зрабіце выснову аб ступені распаўсюджанасці іх на Гродзеншчыне.

1. Яджгар [ёрш] рыба смашная, толькі натто калюшча, дрэнна яе чысьціць (Касцянева Шчуч.). 2. Вот есьлі зорніста неба, та казалі, куры будуць нясушчыя (Парэчча Гродз.). 3. Я гарушчая баба, страшэнна гарушчая (Пераганцы Воран.). 4. Ён быў файны, але ш натта кусушчы (Жупраны Ашм.). 5. Хлопяц да дзяўчыны як прыйдзя, так лядашчага слова ніgды ні скажа (Правыя Масты Маст.). 6. Карова барушча, бо драчыліся з малою і прывучылі бароцца рагамі (Каробчыцы Гродз.). 7. У нас быў брыкашчы конь, а то такая ўжо брыкашчая карова цяпер, рады німа (Парачаны Лід.). 8. Зеразьнянка [чырвоная мурашка] натто балюшчо кусаяцца (Бершты Шчуч.). 9. Мой дзяцько клянушчы, ні горш бабы можа клясьці каго хочаш (Біскупцы Лід.). 10. У іх кусашчы сабака, ні падыйдзяш да хаты (Каробчыцы Гродз.). 11. У нас лавушчы кот, добра лапая мышэй (Прывалка Гродз.). 12. У нас быў лятушчы [збродлівы] конь, залезя дзе ў шкоду, наесца, тады дадому прыдзя (Прывалка Гродз.). 13. Ты ні кармі іх паласункамі, а давай картоплі ды сала пабольш, то будуць больш трывушчыя  твае дзеці (Міцкавічы Смарг.). 14. Гэтакі памятушчы наш малы, усё перакажа, што ў школе пачуя (Макараўцы Бераст.).