1.7.5.5. Займеннік
^ Вверх

1.7.5.5.   Займеннік 

1. Некаторыя займеннікі ў маўленні набываюць канкрэтную семантыку, ужываюцца ў ролі назоўнікаў. Так, займеннік мой абазначае мужа, гаспадара, калі пра яго гаворыць жонка ў размове з кім-небудзь: Нешто маго сёдня доўго німа, мо дзе задзяржалі на другую зьмену (Лычкаўцы Шчуч.). Мой ніколі ні бярэ с сабой падабедак, так і робіць да палудня (Грачанішкі Астр.). Значэнне ‘мая жонка, гаспадыня’ мае займеннік майа ў падобнай маўленчай сітуацыі, калі пра жонку гаворыць муж: Я з маёй з адной вёскі былі, дружылі, тады пажаніліся (Дукойні Ашм.). Канкрэтызацыя значэння назіраецца і ў займеннікаў твой ‘твой муж, гаспадар’, твйа ‘твая жонка, гаспадыня’: Твайго нешто ні відаць, хіба ў Гродно паехаў? (Бабіна Гродз.). А твая ў хаці? (Каменка Навагр.). Займеннік той (тайа) служыць для абазначэння суседзяў: Глядзі, ужэ тая другі рас сьвіням дае есьці, а ты і першы ні зьбіраесься (Нябайкі Зэльв.). Займеннікі йон, йана ўжываюцца ў значэнні кіраўніка, калі пра яго гавораць падначаленыя: Вызывая ён, мусі, будзя чысьціць за ўчарашнё (Гумбачы Гродз.). Займеннік нашыйа абазначае членаў сваёй сям’і, вашыйа – членаў чыёй-небудзь сям’і: Нашыя паехалі на базар, то я адзін у хаці (Камяніца Ваўк.). Вашыя думаюць, што ты ўжэ ні верняса (Новая Руда Гродз.). Прышоў ты, браце, у скрутны [нязручны, напружаны] час, нашы ўсе паехалі на сенаване (Міцкавічы Смарг.).

2. Займеннікі ты, с’аб’э ва ўскосных склонах выступаюць у старажытных варыянтах ц’э, с’э: Каб на це паморак напаў, так хацела це бачыць, але ж якраз удома тады ты не была (Цярэшкі Ваўк.). Для се ты ня будзь скупою, еш як належыць, ты се ў абіду ні давай (Кухары Маст.).

3. Займеннік сам захоўвае цвёрдую аснову ва ўсіх склонах множнага ліку. Прычым у назоўным склоне замест варыянтаў самы, самы часта выкарыстоўваецца займенная форма самыйа: Самы вырошчвалі бульбу (Мядзвінавічы Дзятл.); Абраблялі самыя зямлю (Ліпнішкі Іўеў.).

4. Сярод азначальных займеннікаў пашыранымі з’яўляюцца дыялектныя лексемы ус’эй, ус’эн’к’і (ус’энк’і): Дзе ты плентаясься ўсей дзень? (Сіманы Лід.). Тата прыехаў усенькі задарожаны, хай атпачыня (Навасады Воран.).

5. У дыялектнай мове Гродзеншчыны няпэўныя займеннікі і займенныя прыслоўі ўтвараюцца пры дапамозе розных прэфіксаў і постфіксаў ад пытальна-адносных займеннікаў. Да прэфіксальных словаўтваральных сродкаў належаць часціцы-прыстаўкі н’э-, абы-, был’а-, бон’ц’-, да постфіксальных – -с’ц’і, -н’эбудз’, -то, -кол’в’эк.

Постфік -н’эбудз’ (-н’ібудз’) выкарыстоўваецца абмежавана. Не вызначаецца актыўнасцю і постфікс -с’ц’і. Яго варыянт -с’ адзначаны ў Ваўкавыскім, Бераставіцкім, Свіслацкім, Воранаўскім раёнах: йак’іс’, хтос’, чыйс’.

Акрамя агульнаўжывальных прыставак н’э-, абы-, актыўна ўжываюцца дыялектныя словаўтваральныя сродкі -та, -был’а, -бон’ц’, -кол’в’эк.

Пад уздзеяннем няпоўнага недысіміляцыйнага акання постфіскс -та часта рэалізуецца ў варыянце -то: хто-то, чый-то, як’і-то.

Значнае распаўсюджанне на тэрыторыі Гродзеншчыны атрымала прыстаўека был’а- (абыл’а-), якая паходзіць з польскай мовы: был’а-хто, был’а-што, был’а-йак’і, был’а-чый.

Пераважна ў Гродзенскім і Шчучынскім раёнах пашырана часціца-прыстаўка бон’ц’-. Яе фанетычныя варыянты – бын’ц’-, бун’ц’-: бон’ц’-хто, бын’ц’-йак’і, бун’ц’-чаго. Наяўнасць гэтай марфемы тлумачыцца кантактаваннем гаворак з польскай мовай (параўн. польск. в№dџ ‘або’). Як сродак утварэння няпэўных займеннікаў і займеннікавых прыслоўяў, яна вядома і ўкраінскай мове, але крыху ў іншым фанетычным афармленні: будь-хто, будь-чий, будь-що, будь-коли.

Постфікс -кол’в’эк мае яшчэ такія варыянтныя разнавіднасці, як               -кол’в’эчы, -кол’ак, -кол’ачак: што-кол’в’эчы, чаго-кол’ак, што-                  кол’ачак.

Сустракаецца ўжыванне адносных займеннікаў у значэнні няпэўных. Гэтая дыялектная асаблівасць рэалізуецца найчасцей у займенніках, калі ім сэнсава найбольш адпавядаюць літаратурныя ўтварэнні з марфемай -небудзь: Можа чаго хацеў? (Бабіна Гродз.); Паеду куды, каб ні чуць гэтаго, ні бачыць (Рэпля Ваўк.).

Нрэдка кампаненту -небудзь адпавядае слова дзе: дз’э-хто, дз’э-што, дз’э-як’і, дз’э-чый.

Адзначаны нешматлікія выпадкі прэфіксальна-постфіксальнага ўтварэння няпэўных займеннікаў: н’эк’ійас’ц’і, н’эчыйс’ц’і. 

81. Пракаментуйце дыялектныя формы займенніка сам. 

1. Самы пралі, самы ткалі, самы сарочкі шылі ўручную (Малахавічы Гродз.). 2. Коньмі гаралі, сеялі самы і баранавалі, сярпамі жалі, цапамі малацілі (Яруцічы Зэльв.) 3. Ні забывайця самы сваіх бацькоў (Сухінічы Маст.). 4. Як некалі мы кудзелю пралі, ткалі кросны, палатно, дыванэ, усё рабілі самы (Уселюб Навагр.). 5. Так, дзеткі, вы дачакаецеся, дасьць Бох, старэйшых гаткоў, будзеце самыя маткамі (Астрына Шчуч.). 6. Пакуль здароўё было, у калхос хадзілі, нажылі двоё дзетак, выгадавалі, стараліся вучылі іх, кап іх доля была лепшай, бо самым ні было за кім вучыцца, хацеласё, кап дзеці былі граматнымі (Навасёлкі Сл.). 7. На выгані было тыля птушок: баgасы (ціпер німа), кулікі, былі чысто с каўнярамі чорнянькімі, пер’ё кудлавато, самыя сівянькія з рыжанькім – кнігі (Падбалоцце Зэльв.). 8. Бацькі самыя за гэту зямлю душыліся (Малыя Азёркі Маст.). 9. Самыя селі і едзям (Малая Бераставіца Бераст). 10. Пчолы самы нацягваюць на рамцы вашчыну (Каробчыцы Гродз.). 11. Пасьля вайны як трэба было радлаваць [акучваць] картоплю, а каня ня было, то бабы цягалі радло [плуг акучваць бульбу] самы (Кальчычы Карэл.). 12. Мы самыя зробім што трэба, самыя выйдзям на дарогу, тут нідалёка (Ваверка Лід.). 

82.Выпішыце і ахарактарызуйце дыялектныя варыянты займенніка ўвесь. 

1. Пералекацеў усей, пакуль перабех той грудок, гэтак стралялі (Нагародавічы Дзятл.). 2. Сёньня Васіль прышоў у клуб  усей расхалеплены, як ні пры сваіх мысьлях (Варанкі Шчуч.). 3. Лянь, с краю усей гавёс скапычаны – каровы прагналі каля гаўса (Майсеевічы Ваўк.). 4. Выдзелаўся ўсей у тарпу, выдзелаў усю ясёнку (Грыбаўцы Ваўк.). 5. Паляц усей пачарнеў, напэўна, валасьніца ў мяне (Тоўсцікі Маст.). 6. Усенька змокла, дошч краплісты за мінуту змачыў (Лелюкі Іўеў.). 7. Посуд, стол, усё мая дзеўчына нашлюхтавала [пачысціла, памыла], усенько бліхаціць (Бершты Шчуч.). 8. Ні спала зусім, то ж мне ўсеньку ноч зуп прыньдзіў [балеў] (Крапіўніца Cвісл.). 9. Націсьням соку зь яблыкаў, паставім с цукрам цэлую бутлю, то ўсеньку зіму п’ем гэты квас, і не сп’янеям, і здорава (Цырын Карэл.). 10. Усенькі яго твар памэдзганы (Навасады Воран.). 11. От мы то напрацаваліся за ўсенькі век. Як успомніш, аш ні верыцца (Енчы Воран.). 12. А бацькі ўсё казалі, каб елі хлеп усей сухі, то не будзяця грымотаў баяцца (Вялікая Бераставіца Бераст.). 

83. Выпішыце няпэўныя займеннікі, ахарактарызуйце спосабы і сродкі іх утварэння. 

1. Пройдзе якоесьці ўрэмя, і вы тое самае скажаце (Бельцы Гродз.).   2.  Гэта ціпер тут граніцу якуюсьці выдумалі, а раней можна было хадзіць (Сямёнаўка Бераст.). 3. Помню пазатакрок ці мо шчэ раней прыехалі былі якіясьці капальшчыкі ў маёнтак (Любча Навагр.). 4. А я мела якіхсьціх шэсьць лет (Каменка Гродз.). 5. Мама мая якісь камянь націрала ў вотцы (Вялікая Бераставіца Бераст.). 6. Прыдумаў пракуду якуюсь, хто цяпер гэтаму веры дае? (Макараўцы Бераст.). 7. Якісь новы чалавек прыехаў да нас у вёску (Якубаўцы Воран.). 8. Людзі якіясь ільготы палучаюць (Вялікае Сяло Ваўк.).  9. Штось там зрабіласо, цэлу ноч страхата, што было (Галубы Маст.). 10. Калі пост заканчваецца, пачынаяцца місает – колькісь там, шэсьць – сем нядзель (Клепачы Бераст.). 11. Ён падзеляны на колькісь комнат (Юшкавічы Свісл.). 12. Так чалавек жыве, што-та думая, на што-та надзеяцца (Астрына Шчуч.). 13. Кажды ўсё што-то думае, усё чым-то недавольны (Перстунь Гродз.). 14. А потым і яшчэ якія-та сьвятыя, усіх там не запомніш (Шылавічы Сл.). 15. А прас колькі-то мінут ехаў яго сасет с кірмашу (Студзенікі Свісл.). 16. Дурань ён, балбоча быля-што (Гарны Шчуч.). 17. Ні выбірайця, сюды пойдуць дрова быля-якія (Бабіна Гродз.). 18. Цяперака ў людзей губа не дура, абыля-чаго есьці не хочуць (Аляксандраўшчына Зэльв.). 19. От, гаворыш боньць-што (Сонічы Гродз.). 20. Ты што, ужо зглузьдзіў, гаворыш боньдзь-што (Лунна Маст.). 21. Рабіць усё трэба добра і акуратна, а то зрабіў боньць-якую кадушку (Данілаўцы Ваўк.). 22. Накінь бондзь-які каптан і бяжы пакліч бацьку (Угрынь Зэльв.). 23. Ні глядзі, памый падлогу быньць-якой ганучай (Карэвічы Шчуч.). 24. Бяры буньць-каго, а  то цало жыця будзяш перабіраць і так адзін застанеса (Новая Руда Гродз.). 25. Добра купіць што-кольвек (Крэва Смарг.). 26. Хто прас каго ірвуць, прагнуць чаго-кольвек, палаюць ачыма, а такая кулейка да кожнага прыйдзе (Радунь Воран.). 27. А я цалюткімі днямі кручуся, ні рук ні нох не чую, сярэдзіну вун усю адабрала, але ш затое што-кольвек маю за душою (Буняны Ашм.). 28. Прынясі чаго-коляк закусіць (Прыдоўгае Шчуч.). 29. Толькі ночу некаторыя прыходзілі чаго-кольвечы ў вёску (Парэчча Гродз.). 30. Трэба, каб было што-коліка (Дакудава Лід.). 31. Што-коліка вырабляе гэтым дзецям, сабраўшы іх: малюя, лепя. Я утну цябе зара чым-коліка! (Солы Смарг.). 32. А што рускія, то яны нічога ні прызнаюць, некіясьці, хто іх ведае (Поліпніца Воран.). 33. Нейксьці чалавек цябе пытая (Самаравічы Зэльв.). 34. Некасьць цётка чужая пашла да вас (Калеснікі Бераст.) 

    84. Прасачыце выкарыстанне адносных займеннікаў у значэнні няпэўных. Якім няпэўным займеннікам літаратурнай мовы яны найбольш адпавядаюць? 

3. Там бывае, то з бутэляк стрыляюць, то с чаго (Геранёны Іўеў.).  4. Хадзілі да пана ў двор, каб зарабіць якую капейку (Голдава Лід.). 5. Як хлопяц якую хоча дзеўку ўзяць, то бярэ малады свата, бутэльку і ідзе да тое дзеўкі (Цырын Карэл.). 6. Да Навагратка пад’ехаць каму трэбо, купіць чаго. А мо нават і сьвінчо якоё заколямо (Поўберы Навагр.). 7. Бывае, мама й зазлуецца чаго на нас, але ні кажа (Салтанішкі Воран.). 8. Хто яго зная, можа хто ішоў курыў ды кінуў акурак, і загарэўся гэты стох (Лозкі Дзятл.). 9. Набяру, бывае, кастрыцы, нясу дзе хоць каму, каму дзе, каму хто хоча (Лаздуны Іўеў.). 10. Анно цягнулі, паграбілі ў каго што па хатах, павыганяўшы нас (Малыя Азёркі Маст.). 

85. Ахарактарызуйце дыялектную асаблівасць ва ўтварэнні няпэўных займеннікаў. 

1. А калі што й трэба было, ні рабавалі людзей, хадзілі, прасілі дзе-што (Мастаўляны Лід.). 2. Мы жылі толкі са свайго труда: што-дзе сеялі трохі, дзе-якая гратка была (Ладзенікі Навагр.). 3. Матка паставіць на стол сялёткі якоё ці йшчэ дзе-чаго, і ўсё (Сакалы Воран.). 4. А нас за парцізанаў і вывязьлі. Можа хто-дзе й шапянуў, хто ведае (Сухары Гродз.). 5. Ціпер ужэ можно жыць, кап только мір, спакой быў. Хай сабе ну, калі нідастача дзе-чаго (Сухары Гродз.). 6. Наймалі хату дзе-чыю і там гулялі (Мігдалы Воран.). 7. Прыдзя вясна, аш разлягаяцца па вёсцы, харашо як сьпяваюць. А потым дзе-якога палюбіш і замуш выйдзяш (Заполле Лід.). 8. Добра, што дзеці часьцей прыяжджаюць, то прывязуць дзе-чаго (Меляхі Іўеў.). 9. Зьбіраліса мы заўсягды канпаніяй дзе ў каго ў хаце (Галавічполе Шчуч.).