1.7.5.2. Назоўнік
^ Вверх

1.7.5.2.   Назоўнік 

1. У гаворках маюць месца варыянтныя формы граматычнага роду назоўнікаў. Можна вылучыць наступныя тыпы варыянтных родавых адносін: а) жаночы род назоўніка з нулявым канчаткам – мужчынскі род: ус’а маладз’ош – ув’эс’ маладз’ош, густайа пыл’ – густы пыл, дал’ока С’іб’ір – дал’ок’і С’іб’ір; б) мужчынскі род з нулявым канчаткам – жаночы род з канчаткам -а: адрынак – адрынка, ас’олак – ас’олка, грып – грыпа, бонк – бонка, караб’ін – караб’іна, пап’эр – пап’эра, карас’ін – карас’іна, настол’н’ік – настол’н’іца, рэспуст – распуста, шуф’эл’ – шуфл’а, шампун’ – шампун’а; в) мужчынскі род – ніякі род: падворак – падворко, пудэлак – пудэлко, рукаў – рукаво, йаблык – йаблыко; г) жаночы род назоўніка трэцяга скланення – жаночы род назоўніка другога скланення: бал’эз’н’ – бал’эз’н’а, гармон’ – гармон’а, жыз’н’ – жыз’н’а; д) жаночы род – ніякі род: коўдра – коўдро, гэта крэсла – гэто крэсло; е) мужчынскі – жаночы – ніякі род: аб’эчак – аб’эчка – аб’эчко, ложак – лошка – лошко, цадз’ілак – цадз’ілка – цадзі’лко.

2. Ужываюцца назоўнікі мужчынскага роду адзіночнага і множнага ліку з фармантам -істы (-ысты), якія скланяюцца па тыпе прыметнікаў на -істы: гарман’істы, гарман’істага, гарман’істаму, гармані’стым, аб гармані’стым, гармані’стыя, гармані’стых і г. д. Такіх назоўнікаў нямнога. Сярод іх вылучаюцца тры семантычныя групы: а) назвы музыкаў у залежнасці ад інструмента: аргані’сты, кл’арн’этысты, бубн’істы, гармані’сты; б) назвы спецыялістаў у залежнасці ад роду дзейнасці: трахтары’сты, машын’істы ‘той, хто кіруе паравозам’, сыгнал’істы ‘той, хто падае сігнал’; в) назвы асоб паводле ідэалагічнай, партыйнай, рэлігійнай прыналежнасці: камун’істы, баптысты.

3. У Гродзенскім, Шчучынскім, Мастоўскім раёнах некаторыя зборныя назоўнікі – назвы лесу па наяўнасці пэўнага віду дрэў у ім – утвараюцца інакш, чым у літаратурнай мове: ас’іна, ал’шына, б’араз’іна, хвайна (параўн. літаратурныя асіннік, алешнік, бярэзнік, хвойнік). Дадатковым элементам выражэння зборнасці ў гэтых словах з’яўляецца націск на канчатку. Аналагічныя формы з націскам  на аснове маюць ужо значэнне не зборнасці, а адзінкавасці: ас’іна, ал’шына, бярэз’іна, хвайіна. Падобнае дыялектнае словаўтварэнне ўласціва і асобным назоўнікам, не звязаным з паняццем ‘лес’, напрыклад: з’в’арына ‘звяр’ё’, тал’іна ‘праталіны’.

4. У гаворках Зэльвеншчыны назоўнікі ніякага роду на -мя маюць устаўку -ен- не толькі ва ўскосных склонах, але і ў назоўным склоне: вумян’о, ц’эм’ан’о, с’эм’ан’о, стрэм’ан’о, імян’о, полым’ан’о, б’арэм’ан’о.

5. Клічная форма, як адзначаецца ў навуковай і навучальнай літаратуры,  утвараецца пры дапамозе канчаткаў -э (-а), -у, -о ад назоўнікаў мужчынскага роду і канчаткаў -о, -э ад назоўнікаў жаночага роду: брац’э, дз’эду, дз’адз’ухно; мамо, Вал’э. У гаворках Гродзенскага, Шчучынскага, Мастоўскага раёнаў побач з названымі спрадвечнымі формамі клічнага склону назоўнікаў жаночага роду на -о, -э бытуе таксама форма клічнага склону назоўнікаў жаночага роду з канчаткам -у: маму, бабу, ц’отку. М.А.Жыдовіч мяркуе, што такая форма з’явілася пад уплывам польскай мовы [21, с. 162].  На наш погляд, выкарыстанне форм назоўнікаў жаночага роду клічнага склону з канчаткам варта разглядаць як яшчэ адну старажытную рысу паўднёва-заходніх беларускіх гаворак. Яна тлумачыцца ўплывам форм клічнага склону назоўнікаў мужчынскара роду былога тыпу скланення на *у (сыну) і назоўнікаў мяккай разнавіднасці былога тыпу скланення на *о (коню). Як вядома, такая форма клічнага склону ў старажытнабеларускі перыяд пашыралася і на назоўнікі мужчынскага роду з цвёрдай асновай былога тыпу скланення на *о, асабліва на назоўнікі з асновай на заднеязычны: наместънику, пахолку [8, с. 58]. Можна дапусціць, што ў апісваемых гаворках канчаткак ў формах клічнага склону пашырыўся і на назоўнікі жаночага роду з цвёрдай асновай.

6. Нескланяльныя назоўнікі іншамоўнага паходжання тыпу дз’апо, б’уро, пал’то, к’іно  ў гаворках сталі зменнымі і скланяюцца так, як і назоўнікі першага скланення ніякага роду:  пал’то, пал’та, пал’ту,  пал’том, аб пал’ц’э.

7. Жаночыя імёны па бацьку  скланяюцца не як назоўнікі, а як прыметнікі: ва ўсіх склонах, акрамя назоўнага і вінавальнага, маюць канчатак -ай: у Марыйі Антонаўнай, Гал’ін’э М’ітрафанаўнай, Гал’інай Іванаўнай, аб Н’ін’э М’іхайлаўнай.

8. Множналікавыя назвы населеных пунктаў у родным, часам у месным склоне ўжываюцца з нулявым канчаткам: Б’эршты – да Б’эршт, Сав’ічы – у Сав’іч, Парэччы – з Парэч, Дарашк’эв’ічы – у Дарашк’эв’іч, Галавачы – да Галавач.

9. Назоўнікі жаночага роду другога скланення у родным склоне маюць націскны канчатак -э: да бядэ, у с’астрэ, да з’амл’э, да дачк’э, кал’а шашэ. Гэты ж канчатак рэалізуецца ў давальным і месным склонах назоўнікаў з мяккай і зацвярдзелай асновай: на з’амл’э, дай с’в’ін’э йэс’ц’і, йак на с’в’ін’э прайэхаў, пазычыў с’астрэ грошы, запын’іл’і на шашэ. Націскны канчатак выяўляюць таксама назоўнікі трэцяга скланення з зацвярдзелай і мяккай асновай: у граз’э, у начэ, на пячэ.

Не пад націскам  назоўнікі жаночага роду на з рознымі тыпамі асноў у давальным і месным склонах выступаюць з канчаткам -і(-ы): баб’і, у школ’і, аб дол’і, на хвал’і, на скуры, Сашы, на лаўцы.

10. Назоўнікі трэцяга скланення ў творным склоне адзіночнага ліку рэалізуюць канчаткі па аналогіі з назоўнікамі другога скланення: граз’ойу, мышайу, п’эчайу, мудрас’ц’айу, маз’айу, гус’ойу.

11. Назоўнікі мужчынскага роду з мяккай і зацвярдзелай асновай у месным склоне ўжываюцца з націскным канчаткам -э: на пн’э, на кан’э, у камл’э, на дажджэ, у шалашэ. Не пад націскам назоўнікі мужчынскага і ніякага роду з цвёрдай асновай у месным склоне маюць канчатак -і: у л’эс’і, у балоц’і, у клас’і, у магаз’ін’і.

12. Прозвішчы на -овіч (-евіч) маюць фінальную частку -ойч (-ейч): Туманойч, Мацк’эйч. 

66. Прааналізуйце варыянтныя родавыя формы назоўнікаў у наступых сказах, супастаўце канчаткі назоўнікаў. 

1. А чаму ты таукю вельку абечку залажыла? (Нача Воран.). 2. Абечак пры рэшаце (Вялікія Баяры Шчуч.). 3. У адрынку кот і начуе, бо там завяліся мышы (Алякшышкі Воран.). 4. Ня прыняў адрынку, пустая (Паляцкішкі Воран.). 5. Атпачываў толькі тады, калі тачыў асёлкаю касу (Асташа Гродз.). 6. Дай мне твайго асёлка, бо гэты зусім ні точыць (Маісеевічы Ваўк.). 7. Хварэў на грыпу цяшко, і дала аслажненя, на вушы ўпала (Тумашаўцы Шчуч.). 7. Скажы малому, хай ні гуляя зь ім, бо ў яго грып (Путрышкі Гродз.). 8. Прынесьлі бланку і сказалі, што ў ёй напісаць (Катрымаўшчына Воран.). 9. Далі бланк, а як яго запісаць, паняця ні маю (Азёры Гродз.). 10. Але жызьня гэта так інцярэсно прайшла (Новая Спуша Шчуч.). 11. Моладасьць была хароша, а жызьнь плахая (Корнадзь Свісл.). 12. Далі карабіну і станкавы кулямёт (Замошша Шчуч.). 13. Некалі салдат у вотпуск з арміі с карабінам прыходзіў (Бабіна Гродз.). 14. Німашака за што купіць солі, німа за што купіць карасіну (Радзівілаўцы Лід.). 15. У Маскве за адну рыжую валасіну даюць два літры керасіну (Лунна Маст.). 16. Давалі карасіны адзін літар (Кавалеўшчызна Воран.). 17. Вазьмі цяплейшу коўдру, бо ў хаці ні паляно (Гнесічы Навагр.). 18. Егдзілі да Навагратка, купілі новаё коўдро (Хвалава Карэл.). 19. На лошку мо зь дзесяць подушкаў стаяло (Хамічы Зэльв.). 20. А на сьвята велька лошку лепшым чым засьцілалі, часьцей тым, што дзяўчына выткала (Слесары Іўеў.). 21. Ідзі расьцілай лошко, зарас пойдзям спаць (Каменка Бераст.). 22. Помню, як прыедзя свадзьба да царквы, то ўся маладзёш зьбіралася (Каралін Зэльв.). 23. Але во гэты маладзёш вучыць глаўно, што ім трэба (Малыя Азёркі Маст.). 24. Засьцялі нову настольніцу, красівей будзя (Ятвезь Свісл.). 25. Ці ш німожно падаслаць газету? Загадзіў увесь настольнік (Бабіна Гродз.). 26. Пойдзям на падворак пасядзімо (Жылічы Гродз.). 27. Нага мая не ступіць на тваё падворка (Жамайтукі Іўеў.). 28. Зраньня маткі дабудзіцца не могуць, крычаць на ўсё падвора (Гальшаны Ашм.). 29. Унучачка, прынясі мне папер, будзям пісаць пісьмо (Стральцы Гродз.). 30. Спалохаўса моцно, стаіць белы, як папер (Бабіна Гродз.). 31. Ікону прыбіралі цьвятамі с паперы і вешалі харошы рушнік на ікону (Парэчча Гродз.). 32. Я палажыў ніткі ў пудэлак (Белалозы Дзятл.). 33. Аткрый пудэлко, там поўно гузікаў (Ятвезь Ваўк.).  34. Сын быў натта ш зьдзіўлены, выцер лоп аб рукаво і кажа (Любча Навагр.). 35. Вытры рукаў, урабіў недзі (Новая Руда Гродз.). 36. А мо й добро, што праграў, бо як савецка ўласьць прышла, то паехалі п у Сібіру (Бераставічаны Бераст.). 37. Усё пааддавалі, бо Сібірам страшылі (Баруны Ашм.). 38. Чаго ты вісіш нада мною як цадзілак на плоці!.. Атчапіса ты ад міне! Дай пасядзець спакойно (Падбершты Шчуч.). 39. Марына, памый цадзілку і павесь, каб высахла (Вераб’і Астр.). 40. Зрабіла ново цадзілко, бо тое ўжэ парвалася (Бракава Сл.). 41. Шуфель, як лапата, толькі берагі захіленыя (Завельцы Астр.). 42. Зламаласа рыдлёўка, та прышлосо шуфляй яму капаць (Новая Руда Гродз.). 43. Шампуняй як памыяш галаву, то валасы аш рассыпаюцца (Аколіца Лепі Воран.). 44. Купі мне шампунь, толькі нідарагі (Бабіна Гродз.). 45. На вазьмі яблыко, такого смашнаго ты яшчэ ні еў (Жадзейкі Шчуч.). 46. Вазьмі гэны яблык, аліўны, ён смачнейшы за гэту антонаўку (Косцевічы Астр.). 47. Ляснуўся, аш эха пайшла (Збляны Лід.). 48. Мы крычым, а эхо сяраўно як ат сьцяны адбіваяцца (Бабіна Гродз.). 49. Печань бальны, даўленя высокая (Вялікія Баяры Шчуч.). 50. Печань ні елі, у яму выкінулі, нека дэфактова, скуламі пашла (Новаяч Руда Гродз.). 51. Рыштокам [цурком] пацёк кроў (Старыя Смільгіні Воран.). 52. Як доў кулаком, та кроў адразу й паліласа (Зубраўка Шчуч.).

67. Прачытайце, адзначце дыялектныя марфалагічныя асаблівасці назоўнікаў, якія ў беларускай літаратурнай мове з’яўляюцца нескланяльнымі..

1. Як гэта ты ходзіш у гэтым пальце, адны трамця [транты] вісяць, ідзі апраніся добра (Савані Свісл.). 2. Ідзем зараз жа ў магазін, прывезьлі добрыя пальты, я ўжо нагледзела прыпаткова [прыблізна], і табе такоё пальто трэба (Кадзішкі Лід.). 3. Ніхто тада ні разабраўса, ці то пана дачка йдзе, ці то калхозьніка: усе ў шапках і ў харошых пальтах (Струга Маст.). 4. Як убачыла столькі мэнкі людзей у кіне, то аж жжахнулася ат страху (Гагарына Навагр.). 5. Па радзіві казалі, што пэньсю падвысяць (Бабіна Гродз.). 6. Кажа, дай мне картачку, я ў Мінску па радзіву перадам, можа знайду родных (Монькавічы Маст.). 7. Кіна ў нас ні было, ні было ў нас ні цілівізараў, ні ціліфонаў (Белякоўшчына Гродз.). 

68. Вызначце дыялектныя канчаткі назоўнікаў мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку меснага склону. 

1. Пасьля тыдня вынімалі лён і слалі на балоці (Плацянічы Зэльв.). 2. Павесяць калыску на чэраві і жнуць (Вялікая Бераставіца Бераст.). 3. Паразьяжджаліся па ўсём белум сьвеці: і ў Смаленск, і ў Талін, і на цаліну (Навасёлкі Сл.). 4. У лесі нас дагналі двое чалавек зь вінтоўкамі (Семяноўка Бераст.). 5. Спалі ў лесі, хто на возі, хто на зямлі (Коматава Гродз.). 6. Пры польскум часі вучылі ваучыцяле, і было шэсьць класаў (Залацеева Зэльв.). 7. А ў дзействіі падарожнік вёў яго па кустох і па балоці (Слабены Смарг.). 8. Адзін з партызанаў стукнуў па вусі мяне (Лежневічы Іўеў.). 9. Адзін прыехаў конна, на кане (Мікелеўшчына Маст.). 10. Гатавалі есьці ў невялікім чыгунку на агне (Студзенікі Свісл.). 11. Хадзілі малаціць пры фанарэ (Малахавічы Гродз.). 12. А людзі сядзелі пат кантораю, нікаторыя на дажджэ, мо сутак двоя (Мількаўшчына Гродз.). 13. Я то якосьці ні баёўся, адно коні пасьвіў ночай, і могілкі, помнікі ў барэ (Амбілеўцы Шчуч.). 

69. Вызначце дыялектную спецыфіку форм назоўнікаў другога і трэцяга скланенняў адзіночнага ліку ў родным, давальным, вінавальным, творным і месным склонах. 

1. Пастроілі хату посьля вайнэ (Верцялішкі Гродз.). 2. У каго зямле было больш, той быў багацейшы, той наймаў сабе рабтнікаў (Замасцяны Шчуч.). 3. Пяклі с муке пірагі (Парэчча Гродз.). 4. Даўней лапці с палосінаў [лыка з ліпы] плялі або з лазэ (Прывалка Гродз.). 5. Калі з добрай муке, то будзя падросьцісты хлеп, а як дрэнная мука, то хлеп ацесьлівы, садзіцца хлеб (Шылавічы Сл.).  6. Юшнік з крыве вараць (Парэчча Гродз.). 7. Аліні было гот і восем месяцаў, а Марысі ўжо пяць было (Чураі Дзятл.).  8. Трэбо было памагаць мамі гадаваць малочшых, рабіць у хаці, на полі, бо мама наша была хвора (Крапіўніца Свісл.). 9. Бабі кашку варыць і дзеда карміць (Ляхавічы Зэльв.). 10. Каваль накаваў язык ведзьмі (Голдава Лід.). 11. Замуш вышла тожа за сірату, жыў пры мачасі, памахчы ні было каму, усё с сваіх пяці пальцаў нажывалі (Навасёлкі Сл.). 12. Ні дай Бох такога жыцьця, як дасталося мне й маім сястрэ й брату (Шыганы Сл.).  13. У хаці цёмно, лучынку якую смальнейшу запаляць ды й танцуюць (Новы Двор Свісл.). 14. Потым рабіла ціхнічкай у нас у школі (Ардашы Смарг.). 15. І яшэ гаварыла ёй пані, што павінна як мага акуратней рашчасаць валасы і тады па драбіні залесьці на гару (Аляксандраўшчына Зэльв.). 16. Раней, як я шчэ маладой была, та мы па ўсей акрузі адзін аднаго ведалі  (Вялікая Бераставіца Бераст.). 17. Паехаў я на грузавой машыні, алі ш ні ў кабіні, а на кузаві (Малая Бераставіца Бераст.). 18. Па дарозі заехалі ў Сапоцкіна (Васілевічы Гродз.). 19. Мы часта сядзелі ў ямі за гаем (Янчукі Шчуч.). 19. Мы на той зямле ўсё гэто рабілі (Свіслач Свісл.). 20. На душэ мне нешта ніспакойна, так ніспакойна на душэ (Лаздуны Іўеў.). 21. Да картоплі разатром цыбулю, ульем вадэ, солі і ямо – называяцца разаля (Кіралі Шчуч.). 22. Я то якосьці ні баяўся, адно коні пасьвіў ночай (Амбілеўцы Шчуч.). 23. А восяняй дэмабілізавалі (Замошша Шчуч.). 24. Мы ўсе з радасьцяй пайшлі спатыкаць с хлебам-сольлю (Лаздуны Іўеў.). 25. Тата ў хлеў пашоў с соляю (Пасека Дварчаны Воран.). 26. За маёй памяцяй тут прас Вяльлю было аш тры масты (Рымшыненты Смарг.). 27. А ў міне ўсенка рубашка ў крыве, плячо разьбіта, у крыве, пацякла (Даўбенкі Шчуч.). 28. Залажыць комін, кап дым ні прайшоў у пячэ (Дружная Ваўк.). 30. Прыбрэндаў сярэдначы ўвесь у гразе, тулько вочы блішчаць, машына сапсавалася, то покуль завёў, то хапіла яму работы (Новы Двор Свісл.). 31. Вялікдзень, хадзілі ў цэркаў (Чураі Дзятл.). 32. Потым едуць у цэркаў вянчацца (Пасінічы Сл.). 33. Я і ў голаў ні брала гэту навуку (Гарнастаевічы Свісл.). 34. Як замуш выходзілі, куплялі чэпак на голаў – белы (Кіралі Шчуч.). 35. Ну але ты, Марыля, так прышпэрыла [прыструніла] свайго дзяўчука, што нідзе с хаты ня йдзе (Стукалы Маст.). Шмат вужоў пат печай (Солы Смарг.). 

70. Вызначце дыялектныя канчаткі назоўнікаў мужчынскага роду на -а (о) у розных склонах, параўнайцез адпаведнымі канчаткамі ў літаратурнай мове. 

1. Бачу, гэты дзяцько ідзе (Дружная Ваўк.). 2. Прышоў ва Уселюп і папытаў у дзяцька, што гэта за горат (Уселюб Навагр.).  3. Было, значыцца, у бацька два сынэ (Любча Навагр.). 4. Майму татаві пашанцавала, першы зьвярнуўся дахаты (Пагарэлка Карэл.). 5. Маладая пакланялася мацеры, бацькаві ў покуць (Грынкі Свісл.). 6. Жылося нам добро, нас было сямёра дзяцей у бацька (Карпаноўцы Шчуч.). 7. Забілі яны і бацька нашаго, і мама трох дачок гадавала (Сямёнаўка Бераст.). 8. Застаўся ён адзін, маці з бацькай паўміралі, а яшчэ брат меньшы ды гаспадарка (Дарані Свісл.). 9. Есьлі бацько з мацераю не дадуць дзіцяці самы рады, пра учыцялей німа што гаварыць (Скідзель Гродз.). 10. Кап сказаць бацькаві ці мацераві – не тваё дзело, дзе я іду і што я раблю. Не, такога раньшэ не было. (Скідзель Гродз). 11. Дачакаўся ён бацька, і пашлі разам сь целям дахаты (Любча Навагр.). 12. Цётка малочша за тата восем лет (Мсцібава Ваўк.). 

71. Пазнаёмцеся з рэгіянальнымі неафіцыйнымі назвамі некаторых населеных пунктаў Гродзенскай вобласці. 

1. Ён прыйшоў да нас і кажа, што пойдзе ў Ашмяну прасіць маю матку, кап пусьціла мяне зь ім (Дукойні Ашм.). 2. Слухай мяне – будзяш у Ашмяне (Гродзі Ашм.). 3. А як прынясеш булачку хлеба з Варанова, то па лустаццы ўсе падзеліш (Поліпніца Воран.). 4. Дачка іх, Маня, вучыцца ў Гродні, кажуць,  на дахторку (Засецце Дзятл.). 5. Ясюка унь покуль выучылі ў Гродні за настаўніка (Енчы Воран.). 6. А я тады ў Зельві вучылася (Дружная Ваўк.). 7. Гэто па-гарацкому Люпчо, а мы, старыя, усё завём, як даўней, – Любач (Любча Навагр.). 8. Паехаў мой бацько ў Наваградак, купіў пятнасьця буталёк гарэлкі, ды гэтак і вяселё зрабілі, бедно вяселё (Нёўда Навагр.). 9. Мо там бацько ў Навагратак на базар паедзе? (Равіны Карэл.). 10. У Смургонях перадавая, а тут, у нашай вёсцы, перадавой няма (Дзягаўцы Ашм.). 11. Былі схроны пад Смургоню (Быстрыца Астр.). 12. Тады паехалі ў Шчуцін да дохтара (Свірыды Шчуч.). 13. Паехаў у Шчуцін на базар, купіў парася (Мікелеўшчына Маст.). 14. Раней ад нас пяхтом да Зецяла [Дзятлава] хадзілі (Накрышкі Дзятл.). 15. А пасьля вайны бедна людзі жылі, хадзілі да Масту, сюды пад Гродна, да Масту хадзілі па чырвоную гэту салетру (Лявонавічы Дзятл.).

72. Вызначце дыялектныя марфалагічныя асаблівасці множналікавых назваў населеных пунктаў у родным і месным склонах. 

1. У нядзельку зьбіраліся ў Дубічы да касьцёла, а да Дубіч аш дванасьця вёрст (Дзеткі Воран.). 2. Ой, прывозім музыкантаў с Крапіўніцы, с Шурыч (Ражкі Свісл.). 3. Нарадзілася я ў Церахавіч (Масушыны Свісл.). 4. Я жыта жала, бульбу капала, а потым служыла ў Парэч, у Друзгіне (Карпаноўцы Шчуч.). 5. Быў музыкант у Хаміч (Стральцы Маст.). 6. А яны не зналі друг аб другу, што гэта свае, рускія, у Дароглянь, а ў Мілявіч тожа рускія. Адныя па другіх білі (Нацкава Маст.). 

73. Знайдзіце прозвішчы, падбярыце да іх адпаведныя літаратурныя формы, параўнайце, вызначце спецыфіку дыялектных форм. 

1. Вясной было, цьвіла чаромха, Макарэйч рабіў танцы (Лысая Гара Ашм.). 2. Тады аддавалі мяне замуж за Туманойча, алі ні пайшла, бо рана, ні было яшчэ васімнаццаці гадоў (Лысая Гара Ашм.). 3. Потым зьлетала да Мацкейча па каня і павезла да дохтара (Пелкаўшчына Іўеў.). 4. Ну ш і спраўны малочшы Гэнюка, нічога безь яго не абыходзіцца, дасьціпны як Дашкейча бычок, што ўзяў у студню ўваліўся (Бастуны Воран.). 5. Мацейча дзяводна так згэйшала сукенку, што брытко глядзець (Стукалы Маст.).