1.7.5.1. Фанетыка
^ Вверх

1.7.5.1   Фанетыка 

У галіне  н а ц і с к н о г а  вакалізму трэба адзначыць такую з’яву, як лабіялізацыя |а|, зрэдку |э| перад губным |ў|. Зафіксавана яна ў асобных гаворках Гродзенскага, Шчучынскага, Мастоўскага, Дзятлаўскага, Навагрудскага і Слонімскага раёнаў: казоў, доў, проўда, узоўтра, злапоў, настоўн’ік, хл’оў, капоў, пачоў, дз’аржоў, упоў.

Пад уплывам суседняга губнога зычнага, а таксама пасля |т| націскныя галосныя |о|, |ф|, |а| у некаторых словах вымаўляюцца як |у|: друў, пуйдз’э, в’атруўк’і, тул’к’і, трывуло.

Якасць гука |у| набываюць і ненаціскныя галосныя, калі знаходзяцца пасля ці перад губным зычным: була?, трума?ц’, потум, чумадан.

Пераважна ў маўленні прадстаўнікоў старэйшага пакалення назіраецца сцяжэнне гукаў у спалучэнні |оў|, вымаўленне гэтага спалучэння як |у|: у жоўтым – у жутым, поўн’ан’к’і – пун’ан’к’і, роўным – руным, зноў – зну.

У адзінкавых словах замест націскных |і|, |ы| вымаўляецца галосны |э|: дз’эрка, зац’эрка, к’эпц’і, рабац’эн’а, павуц’эн’а ц’в’эк, чатэры, халадз’эл’н’ік. Гэтая асаблівасць сустракаецца таксама ў лексічна-граматычных групах слоў: а) ў займеннікавых прыслоўях: тадэ, тудэ, кудэ, с’удэ; б) у формах дзеясловаў прошлага часу множнага ліку: был’э, пашл’э, уз’ал’э.

Адносна н е н а ц і с к н о г а вакалізму варта адзначыць, што хоць на Гродзеншчыне пасля мяккіх зычных пануе ўстойлівае недысіміляцыйнае яканне, вымаўленне асобнай групы  слоў не адпавядае гэтай фанетычнай заканамернасці і мае прыметы дысіміляцыйнага якання. Так, на месцы этымалагічнага |э| у пераднаціскных складах вымаўляецца гук |і| у словах м’ін’э, ц’іб’э, с’іб’э, ц’іп’эр, н’ім’эцк’і, н’іма, н’і (замест н’е, н’а), дз’ів’аты, дз’іс’аты, вас’імнаццац’, ц’ітрац’, н’ів’эста, н’ідз’эл’а, н’ів’эл’к’і, ішчэ, ц’іл’іфон, м’ідал’  і інш.

У некаторых словах, пераважна іншамоўнага паходжання, узнік прыстаўны галосны гук а: аб’аз’м’эн, аграфка, аф’іранка, ап’івон’а.

З’ява аферэзісу (страты пачатковых галосных) адзначана ў асобных спрадвечнабеларускіх і запазычаных словах і закранае такія гукі, як |а|, |у|, |і|, |э|: гарот, гурк’і, сав’ак (асав’ак, асов’ік), М’эрыка, струмант, дастав’арэн’а, дз’ікалон, ніgдот, рыштант, н’ірс’іц’эт, н’ів’эрмах, накшы, каном’іц’. Яе разглядаюць як перыферыйную інавацыю, што развілася ў выніку рэдукцыі ненаціскных гукаў ў абсалютным пачатку слова па аналогіі са старажытнымі ўтварэннямі мети, меновати або ў выніку ўплыву паўночна-ўсходняга дысіміляцыйнага акання, калі пачатковыя |а|, |і|, |у| маюць тэндэнцыю да звужэння і поўнага знікнення. Дэфармацыя пачатковых гукаў магчыма і ў працэсе прыстасоўвання іншамоўных слоў адпаведна ўласнабеларускім мадэлям [69, с. 18].

На канцы іншамоўных слоў, якія заканчваюцца на ыя, -ія, пасля націскнога складу ў назоўніках жаночага радзей ніякага роду адзіночнага і множнага ліку адбываецца сцяжэнне гукаў: ап’араца, станца, м’іл’іца, пэн’с’а, л’ін’а. Сцяжэнне захоўваецца і ва ўскосных склонах: ап’арацы, ап’арацу, ап’арацай.

Шмат асаблівасцей звязана з функцыянаваннем з ы ч н ы х гукаў, з характарам іх узаемадзеяння з іншымі гукамі ў слове.       

У вёсках Парэцкага сельсавета Гродзенскага раёна (вв. Парэчча, Новая Руда, Старая Руда, Глушнева  і інш.) сустракаюцца выпадкі ўжывання дзеясловаў 3-й асобы множнага ліку цяперашняга і будучага простага часу з цвёрдым |ц| у канчатку: роб’ац, кажуц, знайуц, стрыгуц, пав’азуц, раск’ідайуц, з’л’эп’ац,  раскапайуц, жнуц, стукайуц. Зрэдку гэта назіраецца і ў формах дзеясловаў адзіночнага ліку, а таксама ў формах інфінітыва: л’ажыц, б’ажыц, с’п’іц, л’ажац, раб’іц. Носьбітамі суседніх гаворак такая асаблівасць успрымаецца як незвычайная, што выходзіць за межы моўнай нормы. Адносіны да яе знайшлі выражэнне ў дражнілцы гумарыстычна-іранічнага характару: Нашы йэдуц, вашы йдуц, нашы вашых падв’азуц (Бабіна Гродз.). У беларускай дыялектнай мове гэтая з’ява рэдкая. У “Дыялекталагічным атласе беларускай мовы” [18], на карце № 156, адзначаны яшчэ  чатыры пункты бытавання яе: Шылавічы Сл., Люсіна Ганц., Снедзін Петр., Запясочча Жыт.). У гаворках Гродзенскага раёна яна знаходзіцца на стадыі знікнення, уласціва маўленню самых старых жыхароў.

Гук |ш| на месцы |с| ужываецца ў словах зашмарга, шпацыр, брушн’іца, пашкуда і інш.

Гук |ў| ужываецца замест |л| у сярэдзіне слова: саўдат, паўкоўні’к, таўкушка, сажаўка.

У канчатку займеннікаў, зрэдку прыметнікаў вымаўляецца зычны гук |в|: майаво (маво), твайаво (тваво), свайаво (сваво), н’ікаво, н’чаво, каво, чаво, йаво, таво, гэтаво, добраво, спакойнаво.

У абсалютным пачатку слова адбываецца падаўжэнне гука |з|: ззарвац’, ззагнац’, ззэсну, ззапрытна, з’з’эс’ц’і, з’з’эхац’.

Вынікам узаемадзення гукаў у словах сталі рознага характару асіміляцыйныя працэсы, адны з якіх рэгулярныя, а другія закранаюць толькі асобныя словы, напрыклад: монны, с’арэн’н’і, сус’эн’ні, спан’н’іца, трунно, пас’л’эн’н’і, дромны, б’энны, холанно, баб’ік (вабік), Варывон, пажычыц’, л’окка (лёгка), шчых’этка, В’ал’іgдз’эн’, з’г’інуц’, с’к’інуц’, пап’іннуй, ам’м’інуц’.

Прыкметнай асаблівасцю з’яўляецца азванчэнне глухіх зычных у пазіцыі перад галоснымі і санорнымі ў асобных словах: gалдун, gрэс’во, пашчэнgа, разg’ірака, адл’ічно, адв’ачац’, забран’а, gамзол’ (камзол), Грыб’іна (Агрыпіна), гэдак, гэдык’і, тудака, каўдун (каўтун),  калаўродак, g’ізнуць (кіснуць), g’іжац’ (кішэць),  gомжыц’ (комчыць), цвырgун.

У гаворках выяўлена і адваротная тэндэнцыя: ужыванне глухіх зычных перад санорнымі, часам перад звонкімі зычнымі і галоснымі. Часцей гэтая з’ява назіраецца ў злучніку каб, прыназоўніках пад, ад, з: Казоў, кап яна вышла на двор (Мікелеўшчына Маст.). Прыходжу пат вечар, заходжу ў сенцы (Пагарэлка Карэл.). А потым прыехалі і забралі яшчэ ат іх стох сена (Першамайск Шчуч.). Лапці с аборамі пападвязваем, і на канёх, значыць, гуляць (Некрашэвічы Карэл.). 

Адзначаецца яна таксама ў прыстаўках і часам у корані слова: Кажуць, атдавай руж’ё, а то заб’ём; А потым расьбіралі панскі магазін (Морына Іўеў.). Як тылько дошч ідзе ці сьнех растае, дык адразу ў патвалі вады поўно (Малая Бераставіца Бераст.).

Назіраюцца дысіміляцыйныя змены ў спалучэннях зычных: |дд| – |нд| (андац’, андал’ок), |нн| – |дн| (с’одн’а, с’адн’ік, тадны, салодны, п’іднавац’),  |кт| – |хт| (трахтар, дохтар), |мп| – |нп| (ланпа, канпан’ійа), |мб| – |нб| (канбайн, бонба, анба), |чн| – |шн| (смашна, йайэшн’а) |цк| – |ск| (наскавац’), |кв| – |хв| (морхва), |тл| – |кл| (клусты). Пашыраны розныя віды дыстанцыйнай дысіміляцыі: алтобус, антобус, бул’ва (бульба), в’ас’эда (бяседа), жв’ал’эй (жвавей), лым’а (вымя), патробуй, пал’ікмах’эр, пантрэт, слабодны, трасца (траста), шалас, шаса.

Прыстаўны зычны |в| ужываецца і перад пачатковым |а|: вакно, вагон’, вадрына. Часцей гэтая з’ява развіваецца пасля прыназоўніка у: у вакн’э, у вагон’, у вадрыну. Адзначаюцца выпадкі сцяжэння прыназоўніка і прыстаўнога |в|: у вадных – вадных, у ваб’эт – ваб’эт, у вакн’э – вакн’э.

З’ява сінкопы – выпадзення гукаў у сярэдзіне слова – найчасцей праяўляецца ў такіх словах: н’эк, н’эк’і, выс’ц’і, бало, п’іс’ат, выграц’, ток’і (толькі), скоко, пас’іц’ (пасвіць), палакац’ (паласкаць).

У канчатках прыналежных займеннікаў мужчынскага і ніякага роду ў родным, вінавальным і давальным склонах гук |й| выпадае: маго, тваго, сваго, маму, тваму, сваму.

У гаворках Ваўкавыскага раёна часам назіраецца выпадзенне зычнага |г| у займеннікавых і прыметнікавых формах тыпу йао, этао, тоо, такоо, в’эл’као.

Словы біць, піць, віць, ліць у асобных гаворках Гродзенскага і Шчучынскага раёнаў страцілі гук |й| ва ўсіх асабовых формах, па гэтай прычыне ў першых трох словах губны зычны памякчыўся: б’у, п’у, в’у, л’у, б’эш, п’эш, в’эш, л’эш, б’э, п’э, в’э, л’э, б’эм, п’эм, в’эм, л’эм, б’эц’а, п’эц’а, в’эц’а, л’эц’а, б’уц’, п’уц’, в’уц’, л’уц’. Гук |й| адсутнічае і ў аднакаранёвых утварэннях тыпу наб’эш, нап’эса, п’ан’іца, п’аны, п’аўка. Цікава, што ў слове аб’ездчык гук |й| пасля прыставачнага губнога таксама страціўся: аб’эшчык (але: абйэст, абйэхац’). Падобная асаблівасць часам пашыраецца на іншыя словы, некаторыя з іх нетрадыцыйныя, прыйшлі ў гаворкі адносна нядаўна: Дз’ам’ан, с’ам’а, п’эса, п’эска, Адз’іта П’эха.

З’ява апокапы – адпадзення канцавога гука ці спалучэнняў гукаў –уласціва шэрагу слоў, прыналежных да розных часцін мовы: бач, в’э (ведае), жыс’, шэс’, мус’і, зара, зно, у хац’, заран’о, мо, в’э (ведае), трэ (трэба).

У гаворках Гродзеншчыны значна пашырана такая з’ява, як сцяжэнне зычных гукаў. Яно рэалізуецца ў розных выпадках, адны з якіх – тыповыя, другія – адзінкавыя. Разгледзім найбольш рэгулярныя прыклады сцяжэння:

а. Сцяжэнне цц – ц у постфіксе зваротных дзеясловаў: вучыца, жан’іца, браца, с’мійаца, угл’адаца, значыца.

б. Сцяжэнне дд – д на стыку прыстаўкі і кораня: адац’, адз’ал’іц’, адз’эл, адз’ал’эн’а, адз’ачыц’, адыхацца.

в. Сцяжэнне цц – ц ў суфіксе лічэбнікаў ад адзінаццаці да дваццаці і трыццаць: адз’інацац’, дванацац’, трынацац’.

г. Сцяжэнне нн – н у корані слова ці на стыку кораня і суфікса: тан’эй, пл’эныйа, с’он’а.

Гаворкам вядома з’ява метатэзы – перастаноўкі месцамі гукаў ці складоў у слове. Яна заўважана як у запазычаных, так і ў спрадвечнабеларускіх словах, напрыклад: абсац (абцас), адымкацца (адмыкацца), апачэ (ачэпы), галобл’і (аглоблі), гамазын (магазін), ганав’іцы (нагавіцы), калупашак (палукашак),  каршп’эты (шкарпеты), кашолы (калошы),  н’эзнав’ідз’ээў (зненавідзеў), ніжын’эр, нізамагла (занемагла), н’іс’ц’ітут, н’ітарнат, н’іц’арэсны, ралок (ларок), скрыл’ос (шклярос), Слом’ін (Слонім).

Сярод эпентычных гукаў можна адзначыць наступныя: |й|  (нарэйс’ц’і (нарэшце), вайждацца, гаройд, парэйпаны, шэйс’ц’); |н| (м’энсца, м’індал’ (медаль) імпэнт, кантл’эта); |в| (запов’іны, стадз’івон, радзіво, тратувар); |р| (карн’істра, турзац’). 

44. Знайдзіце словы, у якіх адбыўся пераход націскных галосных |а|, |э| у |о|, растлумачце прычыны гэтага пераходу. 

1. На Куцю самы аспадар сядзеў за сталом, першы аспадар начыноў, вот. Патом эта сена назоўтра насілі каровам у хлёў, аддавалі есьці (Парэчча Гродз.). 2. Узоўтра зайдзі да міне, то пагаворым пра гэто (Малятычы Шчуч.). 3. Стоў на нас крычаць, чаго ехалі ўночы, трэбыло пачакаць да зоўтра і прыехаць днём. Ну ту тата староўся, кап дзе зарабіць (Свірыды Шчуч.). 4. Падрос троху, заставіў бацька пасьвіць каровы, пасьвіў карову на памешыцкуй зямлі, а за гэта бацька адраблёў за паслугу яму (Дамаўцы Шчуч.). 5. Ён мяне пакінуў, пашоў на вайну і папоў да немцаў (Правыя Масты Маст.). 6. Я на лаву лахманчык паткінула і на лоўцы пралежала (Гуды Лід.). 7. А сын Антак вывучыўся, дарэктарам школы стоў. Бацьке, проўда, слалі пасылкі (Панямонцы Лід.). 8. Хмелю, хмелю, дзе ты рос, што ні разьвівоўся (Дзеткі Воран.). 9. Чаму ты ні сказоў, што Марына прыедзе? (Падлабенне Гродз.). 10. Ніхто й не відзяў, як воўк гавечку ўкроў (Мейры Лід.). 11. На прыгуменні Бабрыцкія паставілі новы хлёў (Першамайск Шчуч.). 12. У хлёў загналі карову (Ляпешкі Іўеў.). 13. Настоўнік яшчэ зусім малады (Падзітва Воран.). 14. Гэта чыста проўда, я веру каждаму яго слову (Бабіна Гродз.). 15. Благі зусім, каб не гроў у пілку, не быў бы такім (Галубы Маст.). 16. Дзе ты паклоў шкарпеткі? (Пацаўшчына Дзятл). 17. А мой дзяцька быў вой там, быў слоўны на ўсе мазге (Правыя Масты Маст.).

45. Знайдзіце ў сказах  выпадкі пераходу |о|, |ф|, |а|, |ы| у гук |у|, растлумачце прычыну гэтай з’явы.   

1. Загатовіў трыццаць два возы друў (Камяніца Ваўк.). 2. У кожнай хаце было тулькі па дзесяць і больш дзяцей (Правыя Масты Маст.). 3. Тулько купіла гэтаму свайму арыштанту малому новыя чаравікі, і ўжо падраў ушкуманты (Цярэшкі Ваўк.). 3. Пуйдзе ўжэ маці што купіць нам зь якога ўжэ адзежду (Зарудаўе Маст.). 4. Патходзіць ён табе, як вятруўкі да сьнегу (Арцюшы Шчуч.). 5. Напякла стус бліноў, адно есьці німа каму, усе робяць у полі (Зарой Дзятл.). 6. Мы ў сталовай трывуло пасьнедалі, як паем рано алаткаў с салам, то трывуло, трывульную яду ўсе любяць (Сонічы Гродз.). 7. Дохтура прывесьці было натто цяшко (Шыганы Сл.). 8. Фэлянька ўвесь у агні качаецца па пудлозі (Пелкаўшчына Маст.). 9. Потум ззабраліся ўсе свае і выпіваюць (Мікелеўшчына Маст.). 10. Мама була каталічкай, а тата праваслаўны, але ўдвух парашылі, кап шлюп бралі ў касьцёлі (Студзенікі Свісл.). 11. Я ўзяў закурыў, бо гэтыя немцы, каторыя власьць трумалі, та разрашалі курыць (Камяніца Ваўк.). 12. Як ты пойдзяш?  Папрасуй сукенку, яна ў цябе вельмі скумечаная (Гудзінішкі Воран.). 13. Зьляпіў кумяк сьнегу і кінуў у дзевачку, а яна, бедна, стаіць і плача (Бабіна Гродз.). 14. Памажы яму, чумадан цяшкі (Амбражылевічы Дзятл.). 15. Па пяць каруў трымалі, а самы галодныя хадзілі (Васілевічы Сл.). 16. Прыйшоў малады, скланіўся ей, яе з-за-пад руку і павёў. Асустэнты пайшлі ззаду (Малі Астр.). 17. А потым гляджу – і другі выходзя, і абудва наперад мяне доляюцца (Лысая Гара Ашм.). 18. Посьля вайны ў кужнай вёсцы хадзіла варта (Бяцюны Ашм.). 

46. Знайдзіце словы з нетрадыцыйным вымаўленнем гука |у|. На месцы якіх спалучэнняў гукаў ён вымаўляецца? 

1. Скіталаса па людзях, с маладога дзіцей забуляла, пасьля каравы пасьвіла ў людзей (Улезлы Ваўк.). 2. Я яшчэ малая была, забуляюся на траве на слонцы й віжу, як самалёты ляцяць (Мастаўляны Лід.). 3. А зну ш выходзяць яны (Старына Маст.). 4. Ён на рукі ўзяў, нясе, а я сама зну плачу (Зарудаўе Маст.). 5. Я яму саветую і проста ўгаварую, што разыдземся мы, бо што мы будзем рабіць (Гуды Лід.). 6. У нас вук украў гавечку (Руда Яварская Дзятл.). 7. Есьці было чаго, напякла яёк, кубасы парэзала (Наваельня Дзятл.). 8. У тым лесе быў вук (Мігдалы Воран). 

 47. Знайдзіце словы з дыялектным ужываннем гука |э|. Якія гукі       адпавядаюць яму ў літаратурным вымаўленні?  

І. 1. Цяперака адзін пасе такую кампаню кароў, і ўсемка добра, каровы панаядаўшыса (Каменка Гродз.). 2. Усех гналі за сяло (Дзеравянчыцы Сл.). 3. Цьвек быў тупы (Вераб’евічы Навагр.). 4. Прыбі цьвек, а то чапляецца (Аколіца Лепі Воран.). 5. Нас было чатэры бабы (Ардашы Смарг.). 6. Чацьверты быў Іван (Канюхі Ваўк.). 7. Хадзеця дзеці зацерку есьці (Клайшы Воран.). 8. Схадзі ў сьверан прынясі бульбы (Ішчална Шчуч.). 9. Дарога зусім блеска (Няцеча Лід.). 10. Схадзі ў гароччык нарві кмену (Бердаўка Лід.). 11. Думаю зрабіць паднавеску [павець], бо німа куды ставіць начэньне (Рудзевічы Зэльв.). 12. Наш стары ўжо некуды падэбаў (Дашкавічы Свісл.). 13. Наш бацька ўсім робіць так шчэра, хто папросіць (Бершты Шчуч.). 14. Вечарам звару зацерку, чуць падбялю – ядуць, за вушы ня атцягняш (Вялікая Кракотка Сл.). 15. Ляжыць у халадзельніку, і калі хочацца, тадэ і ясьцё (Асіпаўцы Воран.). 16. Купілі новы халадзельнік (Геранёны Іўеў.). 17. А што ў калгасе давалі, давалі па дзьвесьця грам зярна за трудадзень, і мама зарабіла шэсьць пудоў за гот, і было толькі на бліны і паткалаціць зацерку (Куцавічы Карэл.). 18. Павук робіць павуценя (Вялікія Баяры Шчуч.). Ластаўкі такія ест, ад іх рабаценя на твары (Парэчча Гродз.). 19. Ідучы і пака на работу, зьелі мы гэтыя яблыкі. Яму нічога, а мне дзізеньцерэя (Альхоўка Астр.). 20. Пані была бельгейка (Кальчуны Ашм.). 20. Бальшавікі забілі мужа, яе павезьлі ў Расею, з Расеі забрала Польшча, Чырвоны Крыш (Кальчуны Ашм.).

ІІ. 1. І тадэ ўжэ нас давай паслалі на арбайцант (Даўбенкі Шчуч.). 2. А як пройдзя капаня бульбы, тадэ трэм лён церніцамі, сушым на печы (Якубаўцы Воран.). 3. Распарцэлявалі [падзялілі] былі даўней іменя ў пана, калі прагуляў у карты, тадэ наш дзет купіў парцэлю [невялікі надзел] зямле (Каробчыцы Гродз.). 4. Кап ціпер тую лучынку, дык цямнота была п, а нам тадэ сьветла было (Альхоўка Лід.). 5. Тудэ давязьлі плуге, бароны і пачыналі рабіць (Старынкі Шчуч.). 6. Але вот так ішоў, кудэ міне вочы нясьлі (Даўбенкі Шчуч.). 7. Хоць сюдэ, Анютка (Бершты Шчуч.).

ІІІ. 1. Дару сьвіню рабеньку, каб жыле памаленьку. Дару авечку і ягнята, каб жыле багата. Дару карову з адным рогам, каб жыле с панам Богам (Багушоўка Гродз.). 2. Мерале яшчэ туфлі, да ці такі які вобуй мелі (Парэчча Гродз.). 3. Даўней курныя хаты быле, сядзелі ў хаце ў прысядушкі, аконяйкі быле маленькія (Касцянева Шчуч.). 4. Быле панэ, пры іх служыла (Кронькі Шчуч.). 5. Тут хаты быле – агонь хапіў (Амбілеўцы Шчуч.). 6. Паловалкі [надзел зямлі ў 32 баразны] быле ў трыццаць дзьве баразны, а два загоны ў шыр быле дзьве чвэрці поля, то даўнейшая мера поля (Каробчыцы Гродз.). 7. Кыш! Каб вы павыздыхале! (Тушамля Свісл.). 8. А на маё вяселя многа люду насбіралася, думале, што за сталамі не будзе дзе пратаўкнуцца (Студзя Ваўк.). 9. Ат покуці да парога мерале (Парэчча Гродз.). 10. Мо бешкі і дагонім іх, бо нідаўно яны пашле (Каробчыцы Гродз.). 11. Ну, пашле? Пашле на работу (Вялікія Баяры Шчуч.).

48. Выпішыце словы з элементамі дысіміляцыйнага якання.

1. Як забралі цібе ў войско, то нам цяшко жыць зрабіласё бісь цібе (Лаўрыновічы Зэльв.). 2. Ну, думаю, пастраляюць і дзіцей, і міне (Пыра Гродз.). 3. Было нас у мамы дзівяцёра (Седліска Воран.). 4. Мая мама была ішчэ ні на пэнсіі (Ваверка Лід.). 5. Міне мама аддала за яго замуш (Волкавічы Ваўк.). 6. А Стэпка галосіць: “А дзеткі мае, як шкода! Ні дай Божа Госпадзі такога нішчасьця” (Сурынка Сл.). 7. А дзьве нідзелі толькі вязаць можна на Шчадра (Сухая Даліна Гродз.). 8. Німа чаго табе выдурвацца, бяры запрагай каня і ець па дрова (Бабіна Гродз.). 9. Больш ніхто ні браў (Мікелеўшчына Маст.). 10. Малады саўсім быў, двое малых дзетак і жонку маладую пакінуў, алі й гэта гора піражыла (Раневічы Свісл.). 10. Так толькі картошкі кругом сібе набраў на полі сырой (Даўбенкі Шчуч.). 11. Ціперашнё ўсё забываю, а дзецтво ўсё помніцца (Малыя Азёркі Маст.). 12. Страляніны ні было, танgаў німецкіх цэла вёска была (Шурычы Свісл.). 13. Купіла сабе шаліноўку – такая добра, красіва (Рось Ваўк.). 14. Сёня прысьніла яе. Здэцца, прышла яна ў хату да міне і кажа: “Даўно я ў цібе ні была, парадак у цібе, файно, а ў міне німа паратку”. Гэто хібо с таго, што яшчэ памятнік па ёй ні паставілі. Пасядзела трошку і кажа: “Пайду, там міне чакаюць. Ты тут адна, а нас там много, цэла кампаня”. Я кажу ёй: “Ты ш хадзіць ні можаш, ты ш хвора”. А яна: “Не, ціпер ужо магу, бес кійка хажу” (Губінка Гродз.). 

49. Выпішыце словы з прыстаўным галосным. Якія з іх спрадвчнабеларускія, а якія запазычаныя? 

1. Дай абязьмен бульбу зважыць (Нёўда Навагр.). 2. Трэба ўжо з акалоніі пераяжджаць у вёску (Нача Воран.). 3. Хоць абалотнік прыкруці ў ровары, каб ні стукаў (Міжэвічы Сл.). 4. У цябе ў ботах азаднікі аселі (Біскупцы Лід.). 5. Аржаніско такоя травяністае, каровы на ім добра ходзяць (Салтанішкі Воран.). 6. У цябе прыгожыя апівоні каля акна растуць (Забалоцце Карэл.). 7. Прышлі мы ў апасьледнюю хату, пасядзелі, атпачылі і пайшлі (Міхалішкі Астр.). 8. Рандэляк пацёк, бо апалітура зьлезла (Куклі Воран.). 9. У мамы зубы баляць, бо апалітуры няма ўжо (Паляны Ашм.). 10. У мяне двух акутніх зубоў ужо няма (Мілявічы Маст.). 11. Бацька наклаў аманарак і пайшоў пасьвіць коні на Алясоўшчыну (Негрымава  Навагр.). 12. Новыя афіранgі яшчэ нізарубляныя, а старыя памылі, то вокны засталіся голыя (Клешнякі Шчуч.) 13. Гузіка няма, то зашпілі аgрафкай (Масевічы Ваўк.). 14. Пакуль скончылі дакопкі, то ўжо й апоцямкі насталі (Урцішкі Іўеў.). 15. Апрошлы гот быў тут (Кямелішкі Астр.). 16. Запальнічку маю, да абяльзіну ні наліў, запаліш (Грабава Зэльв.). 17. Як хату будуюць, апсякаюць бервяно па баках, тоўстыя шчэпкі – апланкі  (Бакшты Іўеў.). 18. З жырнаго малака атварох даўжэй ні кісьня (Беражна Карэл.). 19. Апарэчкі і чарніцы разам вараць (Крэва Смарг.).

50. Выпішыце словы, у якіх адбылося адпадзенне пачатковых галосных гукаў. Назавіце гэтыя гукі.

1. Але нам на нашым сухініцкім грышчы было намнога весялей (Сухінічы Маст.). 2. Я ні ведаю, сколько то ўжэ прайшло часу, ужэ прысылаюць зьвяшчэне (Зарудаўе Маст.). 3. Адваш паўкілю зюму, ба гэтыя малыя ні атстануць (Бабіна Гродз.). 4. Немцы зьдзяваліся с салдатаў савецкіх (Вялікая Бераставіца Бераст.). 5. І людзі начай жывуць – усяго хватая (Старая Дубавая Гродз.). 6. Калі звала, ты не шоў (Плябанаўцы Ваўк.). 7. Кажа, дай дзікалону, некі прышчык выскачыў, памазаць трэба (Бабіна Гродз.). 8. Антось цяпер у Мерыцы (Лежневічы Іўеў.). 9. Но ён красіво граў на кардзіоне і на скрыпцы (Райца Карэл.). 10. Набрала ў мазіні штапялю ранжаваго, можа, сукеначку малой пашыю (Ляткі Маст.). 11. Шкадавалі, адносіліся добро, у каго няма чаго, дзяліліся статнім (Вострава Зэльв.). 12. Воўк напаўском паткраўся і схапіў барана, карова за ім і рагамі яму ў хлябы – і дабрала (Кіралі Шчуч.). 13. Прышчаць [пражаць] жыто каласамі, пастухе накладуць агонь, нарвуць каласоў жыта ў пучок і прышчаць на гні (Міратычы Карэл.). 14. Люмінявая пасуда добро шшароўваяцца (Заберазь Іўеў.). 15. Ціпер гэдык ні ідуць жаць ручную, ручную ні жнуць, а ўсё машынамі робяць (Паляжын Зэльв.). 16. Ласаўцы нейкія хадзілі, яйкі выбіралі (Тарнова Лід.). 17. Трэба цякаць, пакуль ні позна (Пальніца Гродз.). 18. Вот яны прыходзілі і пыталіся, ці можна ў хату вайсьці (Парэчча Гродз.). 19. Патом вайшлі мы ў калхос (Залацеева Зэльв.). 20. Запалкі былі дарагія, каномілі іх (Аляксандраўшчына Зэльв.). 

51. Знайдзіце назоўнікі, у якіх адбылося сцяжэне галосных гукаў у канчатку. Якія гэта назоўнікі паводле паходжання? 

1. Ну міне адаслалі ўжэ ў абшчажыця (Даўбенкі Шчуч.). 2. Немцы с арудзямі, с тангамі, а панічыха ў рове сядзела і папаўзла яна каленьмі (Монькавічы Маст.). 3. Немцы забіралі ўсіх дзяўчат ат пятнаццаці гот, якіх прадаваў солтус у Германю (Гарнастаевічы Свісл.). 4. Гналі немца прас Літву, Польшч і ўвайшлі ў Германю (Кордзікі Бераст.). 5. Каб апісаць ці напісаў пра тыя работы, цэла гістора палучылася п (Мядзвінавічы Дзятл.). 6. Ужэ тады наша хадзяйства былі палоскі, затым – калёні (Старынкі Шчуч.). 7. Твой дзяцько Зюнё прыслаў пасылку з Пятразавоцку, з Карэлі (Лаўрыновічы Зэльв.). 8. За гэта нам далі прэмя – тры тоны бульбы (Старынкі Шчуч.). 9. Я ўсё жыцьцё працавала, на пэньсю пайшла і яшчэ сем гот працавала (Агароднікі Дзятл.). 10. Прышлі на станцу пад вечар, пашлі білеты купілі (Ганчары Лід.). 11. Заўтра паедзем да натаруса (Дварэц Дзятл.). 12. Дзяўчата пашлі ў горат вучыцца, а Мішу ў армю забралі. Пасьля армі быстро жаніўса (Дубна Маст.). 13. Паляргоню [герань] толькі сёлета пасадзіла, а ўжо якая вялікая вырасла (Падгаі Ашм.). 14. Усяку работу хадзіла рабіць, прэмі палучала, медаль палучыла і на даскі пачота была (Лелюкі Іўеў.). 15. Дзеткі сьціхатварэні расказвалі, песьні сьпявалі (Стокі Свісл.).  16. Прышла нядзеля, маладзікова нядзеля. Пайшлі мы с татам у касьцёл. Я ў працэсі была (Юрацішкі Іўеў.). 17. Пабыў ён у наз два дні, заставіў у нас такую фатаграфю (Дамейкі Лід.).  

52. Прасачыце, у якіх словах адбылася замена гука |с| гукам |ш|. 

1. Дык яны, пашкуды, во што прыдумалі (Шутавічы Смарг.). 2. Казюлькі, машка – усякага пашкуства хапая (Дакудава Лід.). 3. Запраглі каня, на сані паклалі велькага паршука, да саней прывязалі карову (Першамайск Шчуч.). 4. Пошля хлопцы зьбіраліся на вечарынкі (Мацвееўцы Ваўк.). 5. Прыяжджайця на ягады. Столькі брушніц у гэтум годзі, каб вы толькі бачылі (Бабіна Гродз.). 6. Навыцяну сабе шпіцаў зь дзеркача і вяжу, так сама пра сябе і наўчылася (Індура Гродз.). 7. Давай сюды шпіцу, буду патпляценьнікам [вяровачкай падплятаць абутак] патплятаць твае пасталэ (Церахавічы Свісл.). 8. Вы пытаяцяся, як у нас кажуць, – размавіта [па-рознаму]: дошкі і доскі (Прывалка Гродз.). 9. Надыходзяць Каляды, а ў хаце адна скарамінка засталася, трэба паршука калоць (Ладзенікі Навагр.). 10. Іх уся фаміля [радня] такая: шмаgлыя, як мурэ (Бабіна Гродз.). 11. Дзеці дзе-та шлізгаюцца, не вучаць урокі (Гальшаны Ашм.). 12. А худзюшча якая – адны шкабы (Адэльск Гродз.). 13. Мне прызналі шклярос сэрца (Парэчча Гродз.). 14. Папо за гэта атплачваў ёй то шкваркай, то яйкам, то яшчэ чым (Пагарэлка Карэл.). 15. Так помню адну сукеначку, такую шэрую, цётыначка дала. А посьля й шарафанчык, такі ядвабны, і блюзачку (Лушчыкі Воран.).   

53. Прааналізуйце замену гука |л| гукам |ў|.

1. Казакі, саўдаты выганялі нас с хатаў (Гуды Лід.). 2. Дзісь Юра с Сашай на таўкушку паехалі (Караневічы Гродз.). 3. Паўкоўнікі драпанулі сразу, аш пыл курэў (Кордзікі Бераст.). 4. Дзе там купацца: вада ў сажаўцы чорная (Сонічы Гродз.). 5. У нашай сажаўцы раней адно жабы вяліся, а цяпер у сажаўку запусьцілі карпа (Каробчыцы Гродз.). 6. Трэба кіўбасу павесіць пат столь вышэй, высахня тады да сьвятаў (Янапаль Воран.).      

 54. Ахарактарызуйце дыялектныя фанетычныя асаблівасці канчаткаў займеннікаў і прыметнікаў. 

1. Радзілася ў Слабадзе Смаргонскава раёна (Ашмяны Ашм.). 2. Мяне вязьлі, а з другога боку – яво, у царкве сустрэліся (Ашмяны Ашм.). 3. У школу мама міне ні натта хацела пускаць, ні было адзець і абуць нічаво (Залацеева Зэльв.). 4. Ну нічаво ні было, толькі каропка сьпічак (Даўбенкі Шчуч.).  5. Ну ўжо яны сядзяць, тады возьме там хто чыё, бярэць ат каждаво якое там што і пытаюцца: “Адгадай, які фант” (Вялікія Яцыны Астр.). 6. Праўду кажуц: з велькава грому малы дошч (Старая Руда Гродз.). 7. Ксенц вышаў, спатыкнуў нас, маладых, дружбу. Прэці велькао олтажа быў шлюп (Дайнава Воран.). 8. Аднаго ваеннао пленнао та мы нават і хавалі. Ён уцёк з асфальту, як гналі ўжэ немцы (Сухары Гродз.). 9. А браты мае, старэйшы і малочшы, пачалі крычаць, што мы такога не хочам, выганяй яо, мы не дамо за яо сястру (Вайкунцы Воран.).  10. Ён не змох болей этао відзяць (Вайкунцы Воран.). 11. На гародзі ўжэ ні сажу нічоо (Індура Гродз.).          

55. Знайдзіце прыклады азванчэння глухіх зычных гукаў перад галоснымі і санорнымі гукамі.

1. У ката шпоны [кіпцюры] бойкія, можа велькага бацука аблажыць (Кіралі Шчуч.). 2. Хадзіла гэдыксамо прасіла, кап хто мне згараў (Зарудаўе Маст.). 3. Хадзілі гэдак людзям рабілі за міску гароху ці картоплі (Навасёлкі Сл.). 4. Дарылі ня гэдак, як цяпер, хто некалі гэдулькі дарыў (Нёўда Навагр.). 5. Свэдар новы купіла (Дварэц Дзятл.). 6. Удзень прадзём, а увечары зьбіраемся ў адну хату і граем у фанда (Таркачы Дзятл.). 7. На Ушэсьцё быў у Шчорсах фэст, або гермаш называлі (Лозкі Навагр.). 8. Страляніны ні было, танgаў німецкіх цэла вёска была (Шурычы Свісл.). 9. Ён зарваў адну галінку меньшую (Старынцы Бераст.). 10. У шэйдзісят сёмум годзі зарганізавалі зьвяно памоцнікаў, а як ужэ зарганізавалі, адразу правялі забраня (Старынкі Шчуч.). 11. Я загласна за яго выходзіць. На суботу сваты, а я ш баюся (Гуды Лід.). 12. А даўней гэтаго ні было, жылі па тры сямі, і траякія дзеці былі і міргаваліся (Паляжын Зэльв.). 13. Ваш Валера як ходзіць, натто валюгаяцца [хістаецца], і бацька так ходзіць (Падгаі Ашм.). 14. Скінь ты гэтыя транды ды адзень новую сукенку, што ты гэтыя транды адзяеш? (Турэц Карэл.). 15. У нас у склепе такая цесната, што толькі адно раgача [ракача, сагнуўшыся] можна там чаго набраць (Беняконі Воран.). 16. Васіль заўсёды шапку набаgер носіць, хоць і ніздатна так насіць (Верцялішкі Гродз.). 17. Я аж зумелася, думала, згубіла грошы, ажно яны во дзе былі (Стукалы Маст.). 18. Усе сьвяты разам адмячалі, у хатах зьбіраліся, сьпявалі (Смаргонь Смарг.). 19. А побач шэйсьць хат называлі Батракі, там адлічаліся бяднякі (Чуркі Ашм.). 20. Тут бачым, застраgла німецкая машына, і яны ні могуць ніяк выяхаць (Малая Бераставіца Бераст.). 21. Хіба зраўніш тую жызьню сь цяперашняй (Малахавічы Гродз.). 22. Ну, сягоня хадзілі, то сказалі, каб мы малако вазілі, але ж нам боязно на сібе гасударсьцьвянны адвет браць (Калядзічы Ваўк.). 23. Асмаляць, і гэту курыцу тожэ на калок, і, хто нёс яе, той нясе яе абрадно аж на свадзьбу (Жорнаўка Гродз.).  24. Значала файны хлопяц, думаласа, буў, красівы, стройны (Адэльск Гродз.).     

56. Знайдзіце прыклады адсутнасці азванчэння глугіх перад галоснымі, санорнымі і звонкімі зычнымі гукамі ў прыназоўніках, прыстаўках і злучніках. 

1. А потым прыехалі і забралі яшчэ ат іх стох сена (Першамайск Шчуч.). 2. Пачырванела, апусьціла вочы, не атважвалася зірнуць на суджанага (Нёўда Навагр.). 3. Кажуць, атдавай руж’ё, а то заб’ём (Морына Іўеў.). 3. Мыдла купіла, але дзе ш ты атмыеш (Пераганцы Воран.). 4. Наш стары зусім зьдзяцінеў, у вотмаладзь ідзе, мае восімдзісят гот, а на вясельлі скача з маладымі (Чэхі Астр.). 5. Казоў, кап яна вышла на двор (Мікелеўшчына Маст.). 6. Мама вельмі перажывала, кап нас немцы за якую шкоду ні пазабівалі (Семяноўка Бераст.). 7. Тут мусі дзеці нешта рвуць, кап не пакалечыліся (Геранёны Іўеў.). 8. О, гэта самае глаўнае багацтва, і кап здароўе было. Трэба, кап между сабою добра жылі і адно аднаму ўступалі (Ражкі Свісл.). 9. Сказалі, кап бег і ні аглядваўсё (Ляхавічы Зэльв.). 10. Баяліся, кап немцы зноў не прышлі. Яны і кажуць, кап мы ўхадзілі (Парэчча Гродз.). 11. Яго цётка пасватала яго мне, кап я за яго ішла замуш, што будзя добро жыця (Ляхавічы Зэльв.). 12. Суседзі добрыя ў мяне, во я хадзіць ні магу, зрабіць сабе пат’есьці ні магу, то прыходзяць, прынясуць мне міску супу ці кусок якое булкі (Калядзічы Ваўк.). 13. Усе скакалі пат яго музыку (Слабены Смарг.). 14. Як тылько дошч ідзе ці сьнех растае, дык адразу ў патвалі вады поўно (Малая Бераставіца Бераст.). 15. А с цэркві едуць на вясельё, патводаў многа (Цырын Карэл.). 16. Прыходжу пат вечар, заходжу ў сенцы (Пагарэлка Карэл.). 17. Калі патлічыць, то на цяперашні час дзесьці каля семсят кароў велькіх выходзіць. Мама мая нас утвох сь сястрою выгадавала (Енчы Воран.). 18. Даўней у сямі натто дзяцей памногу было, чалавек сем – дзесяць, усе с бацькамі жылі (Монтацішкі Смарг.). 19. Насіла вядро агуркоў с расолам (Вялікая Мыса Смарг.). 19. Ноччу хадзілі мы картошку тую с ямы даставаць (Граўжышкі Ашм.). 20. Заяжала маладзёш дый с розных вёсак (Навасады Воран.). 21. Я загласна сь ім разысьціся, хоць і любіла (Гуды Лід.). 22. Наварым чугун картоплі с лупінамі, насыплем на стол, глядзіш – мігам разабралі (Востухава Карэл.). 23. Лапці с аборамі пападвязваем, і на канёх, значыць, гуляць (Некрашэвічы Карэл.). 24. І рабілі такі квас с грыбоў, каторы вараны быў, як крупнік (Парэчча Гродз.). 25. Ну што, мы падумалі, пасаветаваліся с мамай усе ўмесьце (Лаздуны Іўеў.). 26. Мы ўдзьвёх с Лідай прышлі туды (Граўжышкі Ашм.). 27. Хадзілі па хатах сьбіралі ежу: курэй, яйкі, малако (Рымцелі Смарг.). 28. Усе злыя, занятыя, не маюць часу сьбірацца (Навасады Воран.). 29. Нам гумно спалілі, і вос сгарэў, і бярвеньні, усё пагарэла, што было (Геранёны Іўеў.). 30. А потым расбіралі панскі магазін (Морына Іўеў.).  

57. Выпішыце словы з асіміляцыйнымі зменамі гукаў, дайце поўную характарыстыку асіміляцыі ў выпісаных словах. 

1. Адныя ськідалі снапы, другія падносілі да малацілкі (Кавалеўшчына Воран.). 2. Бывае, што і за маладую гэтакую бабу пасадзяць, убяруць у што белая, пакрыўку на галаву ўськінуць, а настаяшчая маладая муся месца выкупляць (Дайлідкі Астр.). 3. А я тылько галаву зьгінала, кап ні дало па галаве снарадам, ні было сілаў ухіляцца (Стральцы Маст.). 4. У хаці ўбіралі пат Вяліgдзень, а тады ўжо на Вяліgдзень хадзілі па хатах (Ёдкі Лід.). 5. Пайшла я са сваёй малочшай сястрой Таняй (Сямёнаўка Бераст.). 6. Нарэсьце пачакоўшы прыходзяць саветы (Лаздуны Іўеў.). 7. То ш і ім яшчэ як помац наша патрэмна (Меляхі Іўеў.). 8. Лён мачылі ў рэццы, слалі на балоці (Мацвееўцы Ваўк.). 9. Ідзі папіннуй сьвіня, каб на двор ні выскачылі (Бабіна Гродз.). 10. Спазьніласа таму, што на дарозі нека аварыя зрабіласа, ні маглі аммінуць (Навікі Свісл.). 11. Наварым картоплі солянай, накрышым цыбулі і ямо с селяццамі, пёнткам пасьцілі (Праважа Воран.). 12. Ой, золацца маё, з Іўя прыяжжалі нядаўна два галоўныя чалавекі да мяне (Лаздуны Іўеў.). 13. А яшчэ ў гароччык ісьці трэба (Пасека Дварчаны Воран.). 14. Галонныя ні былі (Нацкава Маст.). 15. Потым немцы прыходзілі два разы на тыдзянь, забіралі хлеб, сала, саgаны, пасьленьнія боты (Іўе Іўеў.). 16. Да Велікеньня далжны палучыць (Бібікі Зэльв.). 17. А тады было трунно (Малыя Азёркі Маст.). 18. Даўней у спаньніцах па пяты ходзімо (Малькавічы Маст.). 19. У яму хаваліся, у сусеньнюю вёску ўцякалі (Урцішкі Іўеў.). 20. Багатыя ідуць, а ты трохі сярэньні (Урцішкі Іўеў.). 21. Ужо ўнук з Гронна як прыедзя, як уключыць свой хнітахон, та хоць ты с хаты цякай (Вялікая Бераставіца Бераст.). 22. Жылі добро, дружно, хоць і бенно (Навасёлкі Сл.). 23. Беглі парцізаны праз рэку, а восень была, холанно жо было (Агароднікі Дзятл.). 24. Дзеці малыя, аннэ аннаго ні падымае, а хату закрыяш і едзяш на цалы дзень за Нёмнам копы насіць (Пагарэлка Карэл.). 25. Тут такі быў Варывон, добра с панам у карты граў (Лаздуны Іўеў.). 26. Бабік [вабік] невялікі робяць, пару рамачак ставяць, абы злавіць сям’ю пчол (Каробчыцы Гродз.). 27. Да шлюбу то касьцюм пажычалі (Монтацішкі Смарг.). 28. Паламала шчыхетнік з гароду, патаптала ўсю капусту (Рудзевічы Зэльв.). 29. А весяло было, як на вёссы вяселе (Сурынка Сл.). 30. Дый дзяўчаты нейкія не такія пашлі, распусныя, з выбрыкамі нейкімі, хлопцы лёкка іх зводзяць  (Пасека Дварчаны Воран.). 31. Дахаты ехалі леххавымі, і адна грузавая была (Дайнова Воран.).  32. Такі быў балбан дурны, што ні расказаць (Правыя Масты Маст.).                 

 58.  Ахарактарызуйце дысіміляцыйныя змены гукаў у выдзеленых словах. 

1. Былі два жалезныя лошкі с саламянымі сяльнікамі (Пасінічы Сл.). 2. Патанцавалі, жанчыны іх падзякавалі, далі брушкі с моркаўю (Пасінічы Сл.). 3. Хадзілі мы, праўда, усюды канпаніяй (Гута Іўеў.). 4. Мы, малыя, праз акно ў ганку глядзелі, пыталіся нешта, а потым сабаку на яго наскавалі (Янчукі Шчуч.). 5. Запрагалі троя коняй у жняярку, тады ш кайбайнаў ні было (Ходараўцы Лід.). 6. Морхвай лячыў калі стары, а я ганучу намачу і спаць лягу (Пераганцы Воран.). 7. На ўвесь калхоз быў толька адзін трахтар і адзін трахтарыст (Чуркі Ашм.). 8. Я павезла яго ў Вірацішкі да дохтара (Пелкаўшчына Іўеў.). 9. Вада смашна была, крынічна, пакуль ні асушылі крыніцы (Падбалоцце Зэльв.). 10. Аш дзевятнаццаць бонбаў скінулі (Панікарты Дзятл.). 11. Што самае лепшае, андавала сваім дзецям, горшае андавала мне (Замасцяны Шчуч.). 12. Даўно зьбіраюся да Ліды зь’егдзіць (Вялікія Канюшаны Лід.). 13. Мне гэтыя туфлі яшчэ слабодныя, а ты казала, што будуць цесныя (Ісаевічы Сл.). 14. Кухня была зьля пана і зьля рабочых (Новая Спуша Шчуч.). 15. Ат капусты хлопцы клусты, ад бацьвіня дзеўкі сьвіня (Бабіна Гродз.). 16. Папіднуй курэй, кап у ганак ні ўлезьлі (Новая Руда Гродз.). 17. Зброхаўся [стаміўся] я сёдня, як Фэля пры быдле (Васеўцы Ашм.). 18. Тадно ты ўзяў за парася (Валосаўка Навагр.). 19. Натто салодны твой булён (Бершты Шчуч.). 20. Вунь машына палепала [паехала па гразі] пад анбар, пабяжы папытай шофяра, ці скора будзя назат (Нязнанава Навагр.). 21. Села ў антобус, а антобус – тунды-сюнды, тунды-сюнды (Крапіўна Смарг.). 22. Калісь усюды напяхота хадзілі, гэто ціпер прывыклі на алтобусах егдзіць і на машынах (Шурычы Свісл.). 23. Мы былі слабодныя, кажды вечар сабіраліся на уліцу (Бяляўшчына Ваўк.). 24. Цяпер та чорт аслабадзіў бы таго стала, так наставяць (Клепачы Бераст.). 25. Потум забраліся ўсе свае і выпіваюць, называецца вяседа, па вяседзі той прас тры нядзелі вянчаюцца (Мікелеўшчына Маст.). 26. Брата старэйшага забралі, астаўся я адзін у хаці, трэба было хадзяйства рабіць, а я паняця ні меў, як плух дзяржаць (Старынкі Шчуч.). 27.  Во зарас пакажу іх пантрэты (Сухінічы Маст.). 28. На дварэ марос-марос, а бульва цьвіце-цьвіце (Малая Бераставіца Бераст.). 29. Сушаны лён бралі дзялілі на павесма, білі на зямлі пранікамі, кап трасца памякла (Пляцянічы Зэльв.). 30. Хата да шасы бліско стаіць (Малая Бераставіца Бераст.). 31. Калі пачалася вайна, то ты, сынок, быў мельшы, чым зарас Марынка (Ражкі Свісл.). 32. Падбяжы трошкі жвялей, ні памрэш, цэл будзяш (Дубаўцы Ваўк.). 33. Жвялейшаму  ўсюды лепяй жыць (Збляны Лід.). 34. Занясі сакеру ў шалас [прыбудоўку для гаспадарчых прыладаў] (Белякі Дзятл.). 35. Ніцяшко, нівялікі клумак (Тужаўляны Гродз.). 36. Прышла карова с пашы с поўным лымям малака (Бабіна Гродз.). 37. Патробуй толька вазьмі матоцык! Дахаты тады ні варачайся (Косцевічы Астр.). 38. Пайду да палікмахера, хай астрыжэ (Кіралі Шчуч.). 39. Покаска такая ест: “Пакуль клусты ссохня, худы здохня” (Новікі Гродз.).              

59. Прааналізуйце выкарыстанне ў гаворках прыстаўнога гука |в|, неўласцівае беларускай літаратурнай мове.

1. Вакурат ты ў добры час прышоў, нашы ўсе ўжо ў хаце, то пагаворым (Кальчычы Карэл.). 2. Покуль Стэпка ўправілася, вагонь ужэ на сьцены перашоў (Сурынка Сл.). 3. Адзін сядзіць у вакне, піннуе, ці міліца ні йдзе (Залацеева Зэльв.). 4. Мой хлопяц прывалок нейкую лагазіну [галіну] і пасадзіў ля вакна (Валеўка Навагр.). 5. Дзяўчат ні хацелі вучыць, казалі, дзяўчатам ня патрэбна быць граматным, толькі хлопцам, кап умелі, як пойдуць у вармію, расьпісацца (Востухава Карэл.). 6. Пасьвіла я воўца каля гасьцінца (Косцевічы Ваўк.). 7. Яшчэ сярэдзіна зімы, а ўжэ вясёнку можна адзяваць (Мяшэтнікі Маст.). 8. Бярэ маці вікону, маладая йдзе наўкруга стала за мацераю (Цырын Карэл.). 9. Дзяцей і жанчын атабралі ў вадзін бок, мушчын – у другі (Леснікі Лід.). 10. У вадну хату зойдзе, у другую – ніхто ні даваў (Ашнаравічы Сл.). 11. Кожны дзень у ваднае дзеўкі вочараць, другі дзень у другое ўсе пасьбіраюцца (Востухава Карэл.). 12. Пайдзі йшчэ ў вадрыну за дзяругай: трэба гэту бумагу вынесьці атсюль ды спаліць (Равіны Карэл.). 13. Агледзілася ў хляве, гляджу ў вакно – сябрушка йдзе (Гароднікі Ашм.). 14. Гэто ў вапрэлі месяцы пасатка лесу была (Шчорсы Навагр.). 19. Даехала да Гродна – адна ў ваўтобусі (Карпаўцы Бераст.).  20. Піша мой кумішча мне пісьмішча: прыягжай да міне ў Маскву, я цяперача ў ватпуску (Крапіўна Смарг.). 21. А потым, у вабет, ужэ ўсе зьбіраліся ў адну кучу, і ўжэ хто на што спасобны (Сухінічы Маст.).

60. Растлумачце працэс сцяжэння гукаў у выдзеленых словах.

1. Вабет прышлі абедаць, а торбы сабакі ўкралі (Шчорсы Навагр.). 2. А як лес садзілі, каштуравалі, па трыста дзяўчат і трыста хлопцаў вадном гумне начавалі (Шчорсы Навагр.). 3. Заяхджаем – гэта было пад вечар – там вадно сяло (Дабраволя Свісл.). 4. Рэйка зазвоніць на абет, а мы водных плацішках бяжымо (Шчорсы Навагр.). 5. Паставілі ў бутэльцы сваяго першаку, і пачалася гаворка пра жыце ў гэтае, як яна, вакупацыі (Пагарэлка Карэл.). 6. Акружылі, загналі ванну хату, усе думалі, што мо пастраляюць, аля тады яшчэ растрэлу ні было (Сухары Гродз.). 

61. Выпішыце словы з сінкопай. Якія гукі і спалучэнні гукаў страціліся ў сярэдзіне слоў  і чым гэта абумоўлена? 

1. Доктар мяне палядзеў, даў нечым шмараваць вока (Эймінаўцы Бераст.). 2. Прыбегла наша Гэля. Вы, кажа, сядзіце, паляньця, што робіцца (Шурычы Свісл.). 3. Нек мой бацько аччыніў дзьверы с хаты, а на парозі стаіць воўк (Пасінічы Сл.). 4. Зноў мы неку хату паставілі з анным акенцам (Малыя Азёркі Маст.). 5. Выдзя ў сені, скіня сарочку, выкруціць, зноў на сібе і зноў у танцы (Мігдалы Воран.). 6. Насадзіць гародніны варыць: буракі, цыбуля, часнок, пасоля, морка – гэта прыварка (Альхоўка Навагр.). 7. У Калінінграт мы ў асноўнам езьдзілі, с цыбуляй, с моркай (Сухінічы Маст.). 8. Летам ён плаціў па пісят злотых, а зімой па трыццаць (Вялікая Мыса Смарг.). 9. Хто ні паехаў, той выграў (Гуды Лід.). 10. Працаваць ня хочуць, а смачно есьці токі давай (Вялікая Бераставіца Бераст.). 11. Ціпер маю ўсё: і скаціну, і дзяцей маю, і жывёлу маю, фсё маю, токо здароўя нету (Камяніца Ваўк.). 12. Але не набраў тых адзнакаў там скоко трэ было (Сухінічы Маст.). 13. Бало, прыдзя вясна, трэба сьці на полё, а дзіця малоё (Паўлава Сл.). 13. Бало, за паншчынаю баба твая ўстаня ранянко, падоіць каровы, дасьць сьвіням, паставіць саганы ў печ з вадою ці сьвінураю (Лаўрыновічы Зэльв.). 14. Гэта цяперака добра кароўкі пасіць, а раней што было: пасіць не было дзе (Пасека Дварчаны Воран.). 15. Выпалакакала бялізну ў трох водах (Мацвееўцы Ваўк.). 16. Вон, гару, падляцы! Кап я вас тут ні відзяла! (Індура Гродз.). 17. Сьвінча захварэло, то зафундавала віцінару, кап прышоў палячыў (Каробчыцы Гродз.). 18. А бывало такой, што і есьці ні було што, алі на сьвята, асобенно на Вялікань, було трошкі, нават смашнаго сала (Правыя Масты Маст.). 19. Калі саветы заступілі, та сказалі маму старому, кап быў прэцядацялям у калхозі, але ш ён не пайшоў (Енчы Воран.). 

62. Прааналізуйце прыклады страты гука |й| пасля губных і |л’|.

1. Сьцеражыся ты гэтага Дзямяна, ён адно й думая, кап каго зьюдзіць (Багданаўцы Шчуч.). 2. Яму кажуць, што, мусіць, Дзямян павесіўсё (Пагарэлка Карэл.). 3. Налюць нейкага аднаго булёну (Некрашэвічы Карэл.). 4. Выпюць бутэльку, як малады хоча, то сват пытае, што дадуць, ці грошай, ці каня (Цырын Карэл.). 5. Затым сьвяткавалі Яна, Пятра, асеньнія сьвяты – гэта Іля, Спас, Успленя, Вазвіжаня (Клепачы Бераст.). 6. Бывала, як паедзя  куды, дык пра сямю забудзяцца, а сямя пака жыла тут у маёнтку (Ляхавічы Зэльв.). 7. У сямі нас была чацьвярых: тры сястры і брат (Дубна Маст.). 8. Аля й грат, усе гароды табе пабе, нічого ні пакіня (Бабіна Гродз.). 9. У чыгун мукі, халоднай вады налеш (Праважа Воран.). 10. Калі ты ўжэ напеса, кап ты смалы напіўса! (Бершты Шчуч.). 10. Мы сь сямёю пасьцілі сем нядзель (Праважа Воран.).   11. Зелі дзьве баханкі хлеба, нахлёбаліся макаронаў, і адна кажа, што ўжо ні нагнуся (Залацеева Зэльв.). 

63. Знайдзіце ў наступных сказах тыповыя ў гаворках Гродзеншчыны выпадкі адпадзення канцавых гукаў і спалучэняў гукаў у словах. 

1. Я таксама хачу, кап паступалі ў вышая абразаваньня, канешне, як Бог дась, але ўсяроўна (Ардашы Смарг.). 2. Там, кажуць, есь пад зямлёй праход (Дайлідкі Астр.). 3. Мусі, чуць ні два гады дружылі (Чуркі Дзятл.). 4. Прывязьлі шэсь вазоў саломы (Рышыняты Смарг.). 5. А зара і поезд, кажа, пуйдзімо (Карпаўцы Бераст.). 6. Яна засталася зно там жыць (Мікелеўшчына Маст.). 7. Я нянка, я ні была на полі, я ў хаць (Верцялішкі Гродз.). 8. А як хмурно, жану, альбо позно прыжану, альбо заранё прыжану (Чырвонае Сяло Зэльв.). 9. У бацькі папросяць, то мо дасьць, а мо й не (Азёры Гродз.). 10. А хто яго ве, я ды ўжо і ні помню (Трокенікі Астр.). 11. Таперачка ўжо добра жывем, у кожнага – у хаце і ў хляве, і жывіны хапая, уяго, дзякуй Богу, до (Куклічы Свісл.).  12. Дзевачка выгэльцвая [гуляе, падскоквае] зь вяровачкай па цэлых днях, але ж я ёй кажу: до табе выгэльцваць, ідзі сяць за кнігі (Дакудава Лід.). 13. Трэ жыта раздуць [змалоць], мука вышла (Стукалы Маст.). 14. Наш тато ўсё сено зьвёз, зара дошч сыпня (Шылавічы Сл.). 15. Чаго ты скуксіўся [збянтэжыўся, разгубіўся] там у куточку, ідзі сюды, бач, цётка прыехала, гасьцінцаў табе прывезла (Лукошына Іўеў.).  16. Варэця найпер вы (Паляцкішкі Воран.).        

 64. Знайдзіце словы, у якіх адбылося сцяжэнне зычных гукаў. Выпішыце іх групамі паводле характару сцягнутых гукаў: цц – ц у постфіксе зваротных дзеясловаў; цц – ц у суфіксе лічэбнікаў; дд – д на стыку прыстаўкі і кораня; нн – н у корані слова і на стыку кораня і суфікса. 

1. Але ш і на рабоце цэлы дзень, і ў хаце трэба рабіць, і хочаца атдыхнуць (Ражкі Свісл.). 2. Калі адзін хто выдарыцца разумнейшы, то паможа жонт вучыца (Вялікае Сяло Шчуч.). 3. Праехаў Ляшчанку, кажа, пагляну назат – агонь коціца (Амбілеўцы Шчуч.). 4. Ну, як жывем? Як прыдзеца (Рыча Шчуч.). 5. А ў нідзельку, бало, бацько мой зьбіраяца ехаць у Зельву на кірмаш сьвіней продаць, маленкіх парасяткаў (Лаўрыновічы Зэльв.). 6. Вянчаліся ў цэркві, ніякой росьпісі ні было, павянчаюцо і вяселе робяць (Шурычы Свісл.). 7. Каго сустракае, усім кланяеца (Дабраволя Свісл.). 8. Жаніца на мужыццы было ні ганарово, а жаніца на паненцы баяўся (Рось Ваўк.). 9. А я хачу забехчы паўглядаца, ці хлопцы не пьюць (Студзянец Ваўк.). 10. Як там тыя дзеці там жывуць, маюца? (Ваверка Лід.). 11. Усе баяца, гэтыя старэнькія людзічкі, сідзяць маткі, бабкі, дзядулі ўсе па хатах (Ваверка Лід.). 12. Усе злыя, занятыя, ні маюць часу сабраца (Салтанішкі Воран.). 13. Вечарам уся радзіна зьбіралася за стол вячэраць, а бацьку насілі асобна, гэта значыца, што паважалі (Енчы Воран.). 14. Не церпіца знаць, што там (Збляны Лід.). 15. Зярно адзялялі і коньмі адвозілі салому (Кавалеўшчына Воран.). 16. Лёх гэты хлопец адыхнуць пат кустом і заснуў (Чычыноўшчына Іўеў.). 17. Цяшка было жыць, што адабралі тое, хоць пойдзеш у калхос, то не адавалі (Першамайск Шчуч.). 18. Патом пачалі мала плаціць – трыцаць тысяч. Да семнацаці лет кароў пасьвіла. Стала таргаваць у магазіне, чатырнацаць гадоў таргавала (Жытомля Гродз.). 19. Як с пенсіёнскай кнішкай, то ўсё таней (Радунь Воран.). 20. Потым пасьцяпена рабілі і зьнялі добры ўраджай (Старынкі Шчуч.). 21. Разам с пленымі нямецкімі дванацаць дней капалі акопы (Жытомля Гродз.). 22. Во сёня макароны пашла купіла, тысячу дала (Малая Бераставіца Бераст.). 23. Сёня маклявы дзень, такоя маклявае надвор’е (Новы Двор Шчуч.). 24. Цэлы пост ткалі, да Вяліканя (Мацвееўцы Ваўк.).  25. Далікатненька падрэзваю кветкі і сабацы кідаю, а ён і папёр у палац (Новая Спуша Шчуч.). 26. І тады хучэй хлоп зеркало, і сама ўцякаяш (Калядзічы Ваўк.). 27. Вазэ былі дзеравяныя, калёса тонкія і прарэзвалі гэту зямлю, і коням было цяшко (Кавалі Бераст.). 28. І так я хацела яго ўвідзяць, што здаеца, кап ведала дарогу да яго хаты, то пашла пяшком (Вайкунцы Воран.).

65. Параўнайце вымаўленне выдзеленых слоў у гаворках і літаратурнай мове. Растлумачце пазіцыйныя змены гукаў у гэтых словах. 

І. 1. Сёньня ўжэ апачэ [ачэпы] лажыць будуць (Прывалка Гродз.). 2. І штаны ў гамазыне купілі (Караневічы Гродз.). 3. Ну а ціпер ужэ нізамагла, прышла старасьць (Алешавічы Маст.). 4. Ён нас вапшчэ незнавідзеў пасьля гэтага (Пеляса Воран.). 5. Кручу, кручу ключом, і ніяк ні адымкаяцца замок (Бабіна Гродз.). 6. Старыя каршпеты [шкарпэткі] ўжэ пранасіліся (Каробчыцы Гродз.). 7. У ралку сёдня цэлы дзень прадавалі кілбасы (Багушы Шчуч.). 8. Кідай свае ведра ў калупашак [палукашак], паедзям дадому (Рэпля Ваўк.). 9. Сама такая спрытна, туфялькі на абсацах (Новая Руда Гродз.). 10. 11. Пайдзі пашугай [пагушкай] дзіця на шугалцы [гушкалцы], так яму хочацца (Муравана Бераст.). 12. Старэйшы Антоніхін сын у Сломіне жыве (Казловічы Зэльв.). 13. Капуста, можа, з манаезам лепша, чым сь сьмятанай (Данілаўцы Ваўк.). 14. Дачка кончыла школу і паступіла, ціпер вучыцца ў нісьцітуці (Бабіна Гродз.). 15. Сын у горадзе ніжынерам робіць (Палашкі Воран.). 16. Такая ніцярэсна кніга, кап ні рабіць, та цэлы дзень чытала п (Бабіна Гродз.). 16. Тры гады ў нітарнаце рабіла (Пераганцы Воран.). 17. У мае бабы яшчэ і цяпер недзе караўлодак ляжыць (Бракава Сл.). 18. Штось ні йдзе конь у галоблі, можа, памажы завясьці (Старчаняты Іўеў.). 19. На іх ганавіцаў ні набярэсься, усё ляціць як на чарцях (Гарны Гродз.). 20. Даўней порткі свабодныя насілі, кашолы [калошы] шырокія (Косцевічы Астр.). Скрылёс, галава дурная (Дакудава Лід.).

ІІ. 1. Чаго яе бэйсьціш, яна ж і так стараяцца? (Прудзяны Шчуч.). 2. Там гармонік, так натопчпася, што ўсе мяйсцы баляць (Віганцы Воран.). 3. Нарэйсьці [нарэшце] ты прышоў, ні магла дачакацца (Бабіна Гродз.). 3. А побач шэйсьць хат называлі Батракі, там адлічаліся бяднякі (Чуркі Ашм.). 4. Ніхто ні малака, ні скаромнага ні есьць, толькі расолік с цыбулькай, семйя намелюць (Радзівілаўцы Лід.). 5. Разбэйшчаны ты, хлопчык, як жыдоўска пуга (Бердаўка Навагр.). 6. Парэйпаліся пяты (Мсцібава Ваўк.). 7. Гаройд катора пара ні полаты, усё рукі ні даходзяць (Алішкаўцы Шчуч.). 8. Чаго ты вайждаясься, як хворы, мо баліць што? (Вярэйкі Ваўк.). 9. На вяселі былі кантлеты цьвёрдыя; якая гаспадыня, такія і кантлеты (Малыя Пугачы Шчуч.). 10. Там на менсцы сушылі сена, ужо гатовая вазілі ў гумны (Граўжышкі Ашм.). 11. Выяхаў на сярадзіну гуліцы і с такім імпэнтам стаў на педалі ціснуць (Голдава Лід.). 12. Парабілі нам такія міндалі [медалі] памятныя (Сухінічы Маст.). 13. Кажду нідзелю слухаю, як ксёнц Завальнюк па радзіві службу правіць (Бабіна Гродз.). 14. Вазьмі пастаў словік на паліцу (Зачэпічы Шчуч.). 15. Пасьля ўжо заповіны, на заповінах дамаўляліся пра пасах (Нёўда Навагр.). 16. Я здалёк ішла па тратувары, дзе велькі магазін быў (Урцішкі Іўеў.). 17. Ён крэпка страхануўся, кап вада ляцела на кажух, і пачаў яго турзаць у розныя бакі (Суцькава Смарг.). 18. Зьбіралі ягады ў кашы зьбіралкамі – гэта невялікая дзяраўляная скрынка ж жалезнымі зубамі (Студзенікі Свісл.). 19. Мама напякла поўну міску агладак (Струга Маст.). 20. Напячэм агладкаў такіх вялікіх на этуй, на патэльні (Навасёлкі Гродз.). 21. Кароў як падояць, то малако наліваюць у карністры (Драгуці Воран.). 22. А мой сын алекстрыкам робя. Даўней ніхто гэтай алекстрыкі ні знаў (Варняны Астр.).