1.7.5.8. Службовыя часціны мовы і выклічныік
^ Вверх

1.7.5.8.   Службовыя часціны мовы і выклічныік

Дыялектны характар слоў, прыналежных да службовых часцінаў мовы, вызначаецца тым, што адны з іх выступаюць як рэгіянальныя, невядомыя літаратурнай мове, а другія з’яўляюцца агульнавядомымі, але ў гаворках Гродзеншчыны набылі дыялектныя значэнні.

Сярод апошніх нямала п р ы н а з о ў н і к а ў. У якасці семантычных дыялектызмаў ужываюцца наступныя прыназоўнікі:

аб – з месным склонам указвае на прадмет харчавання як сродак жыццядзейнасці: ап картошцы н’а будз’а жыц’, скац’іна сыта ап травэ; з вінавальным склонам указвае на прадмет гаворкі, думкі: ап што йаны гаворац’, ап карову думайа, ап с’в’эжыйа гурк’і пытала.

ад – з родным склонам указвае на адносіны перавагі па якасці, велічыні, узросту і інш.: аса мн’эйшайа ат пчалы, старэйша ат с’астры.

з – з творным склонам указвае на прадмет перамяшчэння: пайэхал’і с пойаздам, прыйэхал’і с трактарам, пайэхаў з возам па с’эно.

на – з вінавальным склонам указвае на музычны інструмент, на якім іграюць: іграў на скрыпачку, іграў на гармон’, ігараў на байан; з вінавальным склонам абазначае накіраванасць дзеяння на аб’ект прызначэння: пашоў на отпуск, пайэхал’і на гос’ц’і, схадз’іл’і на адв’этк’і.

пад – з вінавальным склонам указвае на набліжэнне да пэўнай мяжы ці стану: йана стала пад дз’эўку, б’арэцца пат кавал’эра; з вінавальным склонам указвае на прыладу, з дапамогай якой адбываецца дзеянне: с’эйал’і пад барану, пат трахтар бул’бу садз’іл’і.

перад – з вінавальным склонам ужываецца для вызначэння падзеі або моманту, за некаторы час да якіх што-небудзь адбываецца: поснайа куц’а п’эрат Кол’ады, п’эрат с’в’ато трэба памыц’ адз’эн’а, пэрад л’это карова ац’ал’іласа.

праз – з вінавальным склонам указвае на адрэзак часу, у межах якога што-небудзь адбываецца: праш чатыры гады л’іла с’л’озы, праз два дн’і бал’эла галава, прас тры гатк’і с’адз’эў; з вінавальным склонам указвае на прадмет, з дапамогай якога што-небудзь адбываецца: п’эрайэхала праз лотку, паслухайаш праз радз’ійа, прас ц’іл’іфон гаварыл’і; з вінавальным склонам указвае на дзеянне, якое адбываецца больш як адзін раз: праз два разы йэз’дз’іла, прас тры заходы злав’іл’і; з вінавальным склонам указвае на прадмет размовы, думкі, пачуцця: п’іса’ў праз йайэ, забыла прас цук’эрк’і, раскажы праз g’іл’а.

у – з вінавальным склонам указвае на прадпрыемства, куды хто-небудзь паступае ці паступіў на працу: паступ’іў рабіц’ у завот.

Акрамя семантычных дыялектызмаў, у складзе прыназоўнікаў сустракаюца таксама дыялектызмы іншых тыпаў – лексічна-фанетычныя, лексічна-словаўтваральныя. Так, у многіх гаворках ужываецца прыназоўнік кала, які захаваў стражытную цвёрдую аснову: Кала нас бліска жыве (Паляцкішкі Воран.). Гумно кала хаты стаяла (Стральцы Гродз.). Кала мосту сядзелі (Вялікія Баяры Шчуч.). Так і пасьвілі дзеці каровы кала лесу (Дубічы Ваўк.).

Прыназоўнік край суадносіцца з літаратурным ускрай: Яе хата край дубровы (Плябанаўцы Ваўк.).

Прыназоўнік са выкарыстоўваецца абмежавана. На месцы яго ўжываюцца варыянты за, з (дружыцъ за мной, за с’мэху, з страху). Каб пазбегнуць аманімічнасці сінтаксічнай канструкцыі за мной, у некаторых гаворках узнік падвойны прыназоўнік за-за, які ўказвае на на рух аб’екта за кім-небудзь. Параўн. іс’ц’і (з кім?) за мной і іс’ц’і (за кім?) за-за мной: Зь ім ні йдзі, а йдзі за мной; Ай, я такая капальшчыца, пайдзі за-за мной, та яшчэ кошык бульбы назьбіраяш (Бабіна Гродз.).

Дыялектныя асаблівасці  з л у ч н і к а ў  праяўляюцца ў іх варыянтнасці. Так, злучнік бо ў розных гаворках рэалізуецца ў трох варыянтах: бо, ба, бу. Падобная варыянтнасць назіраецца і ў выкарыстанні злучніка то: то, та, ту. У чатырох разнавіднасцях ужываецца супраціўны злучнік але, прычым тут на фанетычную варыянтнасць наслойваецца яшчэ і акцэнтная варыянтнасць – націск або на першым, або на другім складзе: ал’э, ал’а, ал’і, ал’.

Шырока выкарыстоўваюцца злучнікі чы ‘ці, або’, бытта ‘быццам’, а то (та) ‘бо, таму што’, азноў ‘ажно’.

Лексемы чыста і рыхтык функцыянуюць і як прыслоўі, і як утвораныя на іх базе параўнальныя злучнікі.

Сярод  ч а с ц і ц  варта назваць часціцу  не, якая на Гродзеншчыне ўжываецца ў трох варыянтах. Самым пашыраным з’яўляецца варыянт ні: н’і пайду, н’і думаў, н’і хачу. У гаворках, дзе пераважае поўнае якаянне, выкарыстоўваецца варыянт ня: н’а в’эдаў, н’а дам. Прамежкавае становішча займае варыянт не вымаўленне яго няўстойлівае, часта набліжанае да ні.

Сярод в ы к л і ч н і к а ў уяўляюць цікавасць рэгіянальныя словы, невядомыя  літаратурнай мове. У якасці прыкладаў можна прывесці эмацыянальныя выклічнікі вэ (Новая Руда Гродз.), йо (Бершты Шчуч.), л’а (л’а-пал’а) (Мастоўскі, Ваўкавыскі, Зэльвенскі, Свіслацкі, Слонімскі, Бераставіцкі, Гродзенскі, Іўеўскі раёны), якія выражаюць розныя пачуцці, пераважна здзіўленне, захапленне. Шмат дыялектных выклічнікаў, якія выражаюць волевыяўленне – пабуджэнне жывёл да дзеяння: чкэ-чкэ-чкэ (пры падзыванні свінней), шк’іры дз’э ‘пры адгоне авечак’, кыз’а (пры паганянні каня).

98. Знайдзіце прыназоўнікі, якія ў спалучэнні са склонавымі формамі назоўнікаў маюць дыялектнае значэнне. Замяніце іх адпаведнымі прыназоўнікамі літаратурнай мовы.

1. Потым забралі другога брата, малочшага ад мяне (Асіпяны Смарг.). 2. Ён мяне больш ад усіх любіў (Гнезна Ваўк.). 3. Цэлы дзень аб сухім сядзелі (Крэва Смарг.). 4. Сколькі перапіла піgулак, цяпер аб млеку жыву (Альхоўка Навагр.). 5. Пятрук с канём паехаў у Азёры, да машыны мо бінзіны ні было (Бабіна Гродз.). 6. Як прыехаў да маладой, бацька не запрох, сказаў, пасьля свадзьбы, як прыедуць на госьці; такая варошка, што ня можна ехаць на жарапцы да вянца (Вішнева Смарг.). 7. Сынку, а ці добро вас там кормяць. Ці пускаюць пайсьці на горат (Лаўрыновічы Зэльв.). 8. Пагналі нас у завот рабіць, там апілкі насіла (Масушыны Свісл.). 9. Ён рабіў у заводзі сьціклаварам (Пудзіна Лід.). 10. Пасьля мы пераехалі ў другі завот, да другога хадзяіна (Даўбенкі Шчуч.). 11. Ціпер у калхозі мало хто бульбу пат каня садзіць, усе стараюцца пат сажалку (Барбарычы Гродз.). 12. Прас чатыры дні бручку палола (Жылі Іўеў.). 13. Малы ня сьпіць, як ня чуя ўскалыху [калыхання], то праз усю ноч не сплю, калышу яго (Міцкавічы Смарг.). 14. Яе праз два разы білі – хай на міне руку падымя (Кіралі Шчуч.).  15. Я вам раскажу, ну вось прас даўнейшае, як я была маладая (Таркачы Дзятл.). 16. Яна яшчэ праз зрароўё маё распыталася, пагаварылі крыху, і далей паехала на ровары (Рудзевічы Зэльв.). 17. Праехалі край лесу (Альхоўка Навагр.). 18. Лажыса ўжэ спаць: узоўтра наранку пайдзеш за мной па грыбы (Бершты Шчуч.). 19. Ходзіць за-за мной, як цяля за каровай (Бабіна Гродз.). 20. Як стаў ляцець самалёт за-за мною ды ўсё ляціць ды ляціць (Лазы Ваўк.).

99. Прааналізуйце варыянтнасць злучнікаў бо і то ў гаворках Гродзеншчыны.

І. 1. Прадалі карову, бо не давалася даіцца (Ністанішкі Смарг.). 2. Пайду памыюса, ба зафэндаласа каля печы (Бабіна Гродз.). 3. Памагаю ўнукаў гадаваць, ба грашыма ні вельміся маю (Раневічы Свісл.). 4. А хазяйства ў нас было велькая, бу сямья велькая (Дзеткі Воран.). 5. Прыходзілася хаваць, бу за аgентамі німожна было жыць (Кавалеўшчызна Воран.). 6. Хтосьці купіў той плуг, то схадзіліса і глядзелі (Васілевічы Гродз.). 7. Калі не едзеш са мной, то сідай в маю хату (Гальшаны Ашм.). 8. Сталі варажыць на Шчодрыка: та туфлі кідалі церас хаты, та платы абнімалі, та йзноў Андрэй быў празнік – каноплі сеялі (Сідоркі Свісл.). 9. А як ні было чым паліць, та хадзілі ў лес (Кавалі Бераст.). 10. А як пашла я на работу ў пятнаццаць лет, та хоць некія грошы мела (Рудзевічы Зэльв.). 11. А я, думаю сабе, што, ну што я засну, а цётка та ўцячэ ад міне (Лаздуны Іўеў.). 12. Ну а вучыцяля та нас ганялі, не пускалі, кап хадзілі на вяселя. Мала што ганялі, та яшчэ па хатах хадзілі (Маскалі Маст.). 13. Як німа хлопца, ту натта брытка было ісьці (Дзеткі Воран.). 14. Калі добрая было жыта, ту нажыналі па тры капы ў дзень (Віганцы Ваоран.). 15. Як найходзілі немцы, ту людзі ўсё павыгружвалі з дамоў, дзе якоё было зярно ў каморцы, усё панасілі ў жыто (Пруд Дзятл.). 16. Калі тата памрэ, ту мачыха мне ні дасьць нічога пасагу (Голдава Лід.). 17. Замуш трэба было аддаваць, па-люцку хацела, ту й баялася, вядома, які ў маладых розум (Янчукі Шчуч.).

ІІ. Прышла ўчора да мяне Гэля пазычыць сітка. Я ново сітко купіла, бу староя падралася. Усе бралі, ту падралі. Яна пытая: “Маня, а таваё сітко цэла? Хачу кісель працадзіць” – “Няўжо ш, цэла. Я ш нова купіла, бу тоя падралася. Купіла на рынку, файна такоя”. Пашла я браць тоя сіта, а яго німа. Пытаю ў дзяцей, мо бралі. Кажуць, што не. А потым мужык мой кажа, што ўжо Костусь заброў сіта, бу яго Рэня кісель рашчыніла, а сёня будзя варыць. Сьвята, ту ўсё сітка йдуць бяруць адзін ад аднаго. Кап у магазіні было, ту кажды купіў бы, а так пазычаюць. Троха шкода, бу прэнтка падзяруць, алі ні магу атказаць. Ціпер так гола ў тых магазінах. Нівядома ш, як жыць даляй. А маладым ту йшчэ цяжэй.

М.І.Бурак, 1918 г. н.

в. Шаўдзіні Лід., 1992 г.

100. Знайдзіце і прааналізуйце варыянты злучніка але ў гаворках Гродзеншчыны. 

1. Нам было весялей, хоць цяжало было за такім трудом, але зато весяло. (Бяляўшчына Ваўк.). 2. Бульба марнянка была, аля пашоў дошч – атпіласа (Бабіна Гродз.). 3. Усяляк было, аля жылі людзі, елі зацірку, скварку, картоплю (Віганцы Воран.). 4. Аля рабілі ўсе: і парапкі, і мы, дзеці, і тата (Петрымаўшчына Іўеў.). 5. Дзет на вайне некалькі рас паранены быў, алі вярнуўся жывы (Гнезна Ваўк.). 6. Хоць наробімся, алі й павасалімся (Дзеткі Воран.). 7. Посьля й саветы паўходзілі,  алі людзі апяць хаваліся (Пруд Дзятл.). 8. У дзеўках буду сядзець, алі за яго ні пайду (Урцішкі Іўеў.). 9. Усяк, дзеткі, прыходзіласё, алі маці твая хітрая была (Райца Карэл.). 10. Хоць скаціны тады не было – немцы сабе забіралі – алі кароўка яшчэ была (Малыя Азёркі Маст.). 11. Стоіло тады кіно мо з дваццаць капеяк, алі ўсё роўна мама рэтко давала, бо жылі бедно (Гарнастаевічы Свісл.). 12. Хоць малая была, алі ўжо помню: усе едуць конна зь нейкімі пікамі і гаргочаць (Рымтыненты Смарг.). 13. Прыходзілі ні толькі хлопцы з другіх вёсак, алі й дзяўчата (Замасцяны Шчуч.). 14. Трохі пазабыла Расію, ну аль яшчэ ў памяці. Ну я, была галадала, ні я адна, аль наша ўся сям’я (Алекшыцы Бераст.).

101. Знайдзіце дыялектныя злучнікі. Да якога разраду яны адносяцца, якое сінтаксічнае значэнне маюць?

1. Табе ніgды няма часу, ты чысто вада (Мсцібава Ваўк.). 2. Голас, чысто ў майго дзеда (Грабава Зэльв.). 2. На выгані было тыля птушок, баgасы (ціпер німа), кулікі былі чысто с каўнерыкамі чорнянькімі (Падбалоцце Зэльв.). 3. Скача, рыхтык малады (Казловічы Зэльв.). 4. Прыбіраецца, рыхтык на вяселё ці да вянцу паедзя (Старое Сяло Зэльв.). 5. Гэтаё футэрко рыхтык на яго шыта (Юшкавічы Свісл.). 6. Пойдзеш замуш чы не? (Гальшаны Ашм.). 7. Дзет пытаецца: “Козачка, козачка, чы наелася ты?” (Ашмяны Ашм.). 8. Пэнсю андала і пыталася, чы буду газэты выпісваць (Рудзевічы Зэльв.). 9. Алі я ні магу сказаць, чы гэта праўда, ну мне казалі, што яна была графіня (Лаздуны Іўеў.). 10. Чэрас час чы два даставалі боханы (Вялікая Бераставіца Бераст.). 11. Чаму ты такі сухабрэцкі [худы], чы нічога не ясі, чы так якоя табе ліха, трэба ш трохі ап сабе паклапаціцца (Сінькіняты Іўеў.). 12. Былі пусьцілі буйду, што ён разводнік, азноў ніпроўда (Бабіна Гродз.). 13. Пазычыла п ты мне бойкі, а та малака назьбіраласо, трэбо каплю масла зьбіць (Старына Маст.). 14. Трэба паражніць катух для каровы, а то німа ўжо ёй дзе стаяць (Багудзенка Навагр.). 15. Ну ўсё, думаю, забяруць, анум нічого (Шурычы Свісл.). 16. Як плазавалі [абчэсвалі] бярвенні, то трасок многа на патпал будзя, адно трэба сабраць і занясьці дахаты (Багданаўцы Шчуч.). 

102. Прачытайце тэксты. Знайдзіце дыялектныя варыянты часціцы не  і растлумачце, якім тыпам ненаціскнога вакалізму адпавядае іх вымаўленне. 

І. Але ш і танцы былі, ні раўня цяперашнім. Колькі разоў я цяперачы ў клуп хаджу, як вяселя якоя, на молаць паглядзець, а ўсё ш ні тыя танцы, што калісь. Цяпер усё больш гурбамі молаць стаіць. Калі сябаркі няма, дык і на танцы ні пойдзяш. А раней усе разам былі. Прыгожа гулялі. Як зайграюць музыканты, дык аш душа раздавалася, да самога раньня скакалі, аш покуль пеўні сьпяваць ні стануць. А назаўтра зноў за работу браліся. Ні спалі, як вы цяперачы сьпіцё пасьля дзіскацекі да палудня. А як сьвято якоя было вялікая, то тады днём ні працавалі. На сьвята рабіць нічога ні можна. Ужэ тады крышку больш сьпім, але таксама нідоўга. Весела было, ні тое, што зарас: па сьвятах ніводнага чалавечка на дварэ ні ўбачыш, усё больш па хатах.

М.М.Марцюк, 1920 г. н.

. Жомайдзі Лід., 1992 г. 

ІІ. Як даўней жылі? Семі былі велькія, па дванаццаць дзяцей. Як рашчыніш дзяжу ў аўторак, дак другое печыва ўжо ў панядзелак рашчыняць трэбо, бо да аўторка ня дацягняш. Усе ш ядунэ былі добрыя. І рабілі бяс чысла, бяс меры, лепш, як ціпер. Трымалі па тры карове. Карміць ня было чым, пасьвілі пат Капцамі, больш ня было дзе. Сьвярэпу цягалі, кап пакарміць. І малака ня было, усе тры карове тыя разы ў адно вядро падоіш. Сьвету ня было, цёскі палілі. Усяляк было. Много хто бедно жыў. Баба адна жыла ў сяле, дак яе дзеці свае ня любілі й есьці ня давалі. Паўс платох ходзіць, а бацько мой адрэжа во таквеля камяку й дае мне, каб я ёй занесла. Я ёй падам прас плот, яна й зьесьць.

Е.Ф.Сасім, 1916 г. н.

в. Маласельцы Карэл., 2003 г.

103. Прачытайце сказы, знайдзіце выклічнік ля. Да якога разраду ён адносіцца, у якіх раёнах Гродзенскай вобласці бытуе? 

1. Умея добра скакаць, ля, расцыгаўся [расскакаўся] хлопяц на ўсю хату (Васілевічы Сл.). 2. Ля, як мяцеліць стары, другі малады так ні паверняцца (Путрышкі Гродз.). 3. Ну шчэ пака да тае вайны, ну то, ля, добро жылі (Зарудаўе Маст.). 4. А я адная ў сям’і дзеўкаю была, лепш са ўсіх выдзявалася, тут, ля, і прымеціў мяне мой Фэля (Гнезна Ваўк.). 5. Хваробы, ля, былі ўжэ ўсялякія, заразныя, а тады ш іх яшчэ ні лячылі, та ён баяўса, кап ні заразіца (Рось Ваўк.). 6. Маці плача: калхос прыйшоў, жыто ўжэ, ля, забіраюць да жнуць (Чырвонае Сяло Зэльв.). 7. Рэчка тут, ля, цякла, рыбы было ўсякая, я гэто й сама помлю (Падбалоцце Зэльв.). 8. Ужо пішуць бацьку пісьмо: ля, Валодзё жэніцца ды бедну бярэ (Чырвонае Сяло Зэльв.). 9. Там язьмін рос. Ён зарваў адну галінку, меньшую, – гэта я, другую, большую, – гэта ён, пацалаваў тыя галінкі, падарыў на доўгую вечную памяць. Во, ля, якая была культура (Старынцы Бераст.). 10. Едзя дзет на базар, вязе тую рэпу продаць, каб, ля, ужэ хлеба купіць, та капусты купіць, та сала (Сідоркі Свісл.). 11. Пайшлі ў калхос, там рабіць сілаю застаўлялі, бо й было, ля, гэдак: дзяцей адна гадавала, халасьцяцко плаціла, а самой ні было скуль рубля ўзяць (Масушыны Свісл.). 12. Ля, тата выдыбая [выходзіць] с канторы, атрымаў грошы, то добра (Куклічы Cвісл.). 13. Нешта троньціць [пахне] тут каля нас, ля, гэта ш язьмянь цьвіце (Трабы Іўеў.).

104. Прачытайце, знайдзіце памяншальна-ласкальныя формы слоў розных часцін мовы. Якія з гэтых форм не ўжываюцца ў літаратурнай мове? Якую сэнсава-стылістычную нагрузку маюць памяншальна-ласкальныя формы? 

 1. Але ўсяго адненькі гіктарык ляды пасьпелі прыдбаць (Бялькоўшчына Смарг.). 2. Усё жыцейка атпрацавала (Жупраны Ашм.). 3. Трэ было цэлую зімічку прасьць, а цэлую вясьнічку ткаць тое няшчаснае зрэбе (Ваверка Лід.). 4. Прышлі дахаты галаднюткія (Пруды Гродз.). 5. Сядзі паціхютку і маўчы (Моцеўцы Шчуч.). 5. Сын падабнюткі да бацькі (Гальшаны Ашм.). 6. Кругом усё было галютка: ні траўкі, ні кусьціка (Енчы Воран.). 7. Да мяне кажнюткі вечар зьбіраюцца і жанчыны, і мушчыны (Правыя Масты Маст.). 8. Я ш нівучона, ніводнага месячыка да школы ні хадзіла (Лаздуны Іўеў.). 9. Навюткі касьцюм парваў (Індура Гродз.).  10. Раней селянін меў нівельчанку хату (Зялёны Бор Ашм.). 11. Паехаць ні штука, але німа нічагутко злажыць, а там будуць усе убраныя ў швэдрах (Падбалоцце Зэльв.). 12. Пярот на Куцю авес змелям, кісель вару, пячэнчыкі пяку, куцю вару (Баранавічы Карэл.). 13. Я часта сырчыкі насіла ў Юрацішкі прадаваць (Лаздуны Іўеў.). 14. Жалі мы цалюскі дзень, а пакуль снапы ў бапкі пастаўлялі, то ўжэ быў добры сутонак (Крапіўніца Свісл.).

ІІ. А Божа, дзеткі, як тамака было. Нацярпелася я за сваю жыця. Як пачалася вайна, дык дзет усё ў арміі ды ў арміі. Я і касіла, і малаціла. Жыць жа трэба было. А дзяцей у мяне было шасьцёра. Фэляньку было шаснаццаць гаткоў. Дык ён усё рабіў. Анагдай  прынесла я карасіны, а ён узяўся лямпачку запаліць. І як так яму папала? Уся карасіна вылілася на яго й ад лучыны загарэлася. А я вышаўшы была, узяўшы драпцы, думала, бульбачкі ўкапаю на вячэрку. Чую, енчыць! Я – кулём у хату А Божа ш мой, Фэлянька ўвесь у агні качаецца па падлозі. Тутака я на яго коўдру – стушыла агонь. А ён, бедняньнкі, так енчыў: “Мамуська, ратуй!” Я аж валасы на сабе рвала. Потым злетала да Мацкейча па каня і павезла да дохтара. Владучыха, нябошчыца, шмэльцу прынесла, дык я ўсё мазала яго едучы. А ў бальніцы дахтары зачыніліся, мяне ні ўпускаюць. Можа дзе паскрабалі яго, бо натта ён енчыў. А прас пяць дзён мой Фэлянька й памёр. Памярлі Гэнюська і Яська, і Юзачка, а потым ужо й Паўлюсь. Яська і Юзачка дык некіх тамака патронаў недзя нашлі. Потымака  ўзялі і ў агонь кідалі, пасучы кароўкі. І дахаткі ўжо самыя ні прышлі. Натта шмат гаткоў ужо прашло, а дзетак сваіх цёнгля сьню. Да высьвянчэньня яблычка ні зьем, бо тады, кажуць, на тым сьвеці маім дзеткам ні дадуць.

Мацкевіч А.Ю., 1907 г. н.

в. Пелкаўшчына Іўеў., 1989 г