ТОМСІНАЎ Уладзімір Аляксеевіч
^ Вверх

 ТОМСІНАЎ Уладзімір Аляксеевіч

Прафесар, доктар юрыдычных навук. Нарадзіўся 23 жніўня 1951 г. у вёсцы Самойлава Смаленскай вобласці, рускі. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў электраманцёрам у пасёлку Ідзяшкова Смаленскай вобласці. Служыў у Савецкай Арміі. Пасля працаваў на Маскоўскім аўтамабільным заводзе імя Ліхачова ў г. Маскве. Скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава ў 1977 годзе, аспірантуру Універсітэта дружбы народаў імя П. Лумумбы (г. Масква) у 1981 годзе па спецыяльнасці 12.00.01 – тэорыя і гісторыя дзяржавы і права; гісторыя палітычных і прававых вучэнняў пад кіраўніцтвам прафесара, доктара юрыдычных навук А.А. Жыдкова, дзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Крыніцы брытанскага каланіяльнага права ў Трапічнай Афрыцы».

На кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы працаваў з 1981 па 1992 год. Доктарскую дысертацыю на тэму «Юрыспрудэнцыя ў духоўнай культуры старажытнага і сярэдневяковага грамадства» абараніў у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М.В. Ламаносава ў 1993 годзе. Адказны, сумленны чалавек, таленавіты навуковец і выдатны выкладчык. Карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод выкладчыкаў і студэнтаў. Яго лекцыі вылучаліся арыгінальнасцю і глыбінёй аналізу матэрыялу, студэнты многіх факультэтаў з задавальненнем наведвалі яго заняткі. Зараз загадвае кафедрай гісторыі дзяржавы і права Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава, з’яўляецца намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Вестник Московского университета. Сер. 11, Право». Заснаваў вядомае ў Расійскай Федэрацыі і за яе межамі выдавецтва «Зерцало».