Выкладчыкі: агульная характарыстыка
^ Вверх

ВЫКЛАДЧЫКІ: АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА

                       

Важнейшая складовая частка  вышэйшай навучальнай установы – прафесарска-выкладчыцкі корпус. Узровень і месца класічнага ўніверсітэта ў нацыянальнай, еўрапейскай і сусветнай адукацыйнай прасторы вызначаюцца найперш узроўнем навуковых даследаванняў і навучальнага працэсу, які забяспечваецца прафесарска-выкладчыцкім складам навучальнай установы. Таму найважнейшая задача кіраўніцтва класічнага ўніверсітэта –  клопат аб кадравым складзе прафесараў і выкладчыкаў, яго развіцці, удасканаленні і самаўзнаўленні. Ні перамены ў сістэме кіравання ўніверсітэтам, якія, безумоўна, павінны ажыццяўляцца ў адпаведнасці з нарматыўнымі і жыццёвымі патрабаваннямі, ніякія іншыя вонкавыя змены  не могуць забяспечыць галоўнага – прагрэсіўнага і бесперапыннага развіцця ўніверсітэта, пад’ёму яго ролі і месца ў развіцці навукі і адукацыі, у падрыхтоўцы спецыялістаў для патрэбаў грамадства і дзяржавы.

Гістарычны вопыт сведчыць, што кадравы склад вышэйшых навучальных устаноў фармуецца рознымі шляхамі, і ў кожнай навучальнай установе гэты шлях адметны і непаўторны. Разам з тым, у фармаванні кадравага складу навучальных устаноў назіраюцца і асобныя супадзенні, якія можна лічыць тэндэнцыямі ці нават заканамернасцямі. Адна з іх зводзіцца да таго, што на самых першых этапах фармавання вышэйшай навучальнай установы  на сталую працу звычайна запрашаліся прафесары і выкладчыкі з іншых навучальных і навукова-даследчых устаноў. Запрошаны на працу своеасаблівы “навуковы дэсант”, па-першае, забяспечваў навучальны працэс, арганізацыю і ажыццяўленне навуковых даследаванняў у новай навучальнай установе, а, па-другое, рыхтаваў наступныя пакаленні  прафесараў і выкладчыкаў, навукова-даследчыцкія кадры.

Асабліва характэрнай дадзеная тэндэнцыя ў фармаванні выкладчыцкага корпуса з’яўляецца для тых навучальных устаноў, якія адкрываюцца, як кажуць,  “на роўным месцы”. Але гэтая тэндэнцыя назіраецца і тады, калі вышэйшая навучальная ўстанова імкнецца ўзняцца на якасна новую ступень у сваім развіцці, але ўласных кадравых рэсурсаў у дастатковай меры не мае. Як у першым, так і ў другім выпадках можна весці размову аб нейкім “знешнім штуршку”, без якога стварыць належны кадравы корпус і ў больш шырокім плане – установу патрэбнага ўзроўню, яе матэрыяльна-тэхнічную базу і сфармаваць  яе складовыя часткі  немагчыма.

У дадзеным даведніку мы разгледзім пытанне аб ролі  “знешняга штуршка” ў фармаванні  прафесарска-выкладчыцкага корпуса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта і, у прыватнасці, яго вядучага факультэта – юрыдычнага;  параўнаем працэсы фармавання прафесарска-выкладчыцкага складу нашага факультэта і “маладых” юрыдычных факультэтаў нашай краіны; выдзелім пакаленні прафесарска-выкладчыцкага саставу юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы  і прааналізуем іх склад.

Мы ведаем, што на момант адкрыцця класічнага ўніверсітэта ў горадзе над Нёманам дзейнічаў добра вядомы на прасторах Беларусі і былога СССР педагагічны інстытут. Вось тут і ўзнікае пытанне: ці мог быць увогуле ў Гродне  створаны класічны ўніверсітэт на базе існаваўшага педагагічнага інстытута без “знешняга штуршка”? Магчыма, так. Але для гэтага спатрэбілася бы прыкласці вельмі значныя намаганні, і гэта быў бы вельмі працяглы па часу працэс, які доўжыўся б не адно дзесяцігоддзе.

Практыка адкрыцця, а дакладней, стварэння ўніверсітэтаў на базе педагагічных інстытутаў, якая была пашырана ў былым Савецкім Саюзе, адназначна сведчыць аб тым, што ўсюды, дзе ўніверсітэты арганізоўваліся ў такім парадку, заўсёды прысутнічаў “знешні штуршок”. Зразумела, што пад ім тут маецца на ўвазе не юрыдычнае вырашэнне пытання аб адкрыцці ўніверсітэта, а больш ёмкі і аб’ёмны працэс, які ўключае значную матэрыяльную падтрымку з боку дзяржавы, тагачасных савецкіх і партыйных структур  саюзнага, рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў. Гэта была найперш падтрымка матэрыяльна-фінансавымі рэсурсамі, якія выкарыстоўваліся на набыццё неабходнага навучальнага абсталявання і матэрыялаў для правядзення навукова-даследчых работ, на развіццё адпаведнай класічнаму ўніверсітэту бібліятэкі, на набыццё ці рэканструкцыю   навучальных плошчаў і г. д.

Вельмі значнай  складовай часткай “знешняга штуршка” з’яўляецца пытанне аб навукова-педагагічным складзе навучальнай установы.  Зразумела, што класічны ўніверсітэт – гэта не толькі абсталяванне, навучальныя плошчы, бібліятэка і г. д., а перш-наперш кадравы корпус, састаў прафесараў і выкладчыкаў, які ў стане на высокім узроўні праводзіць навуковыя даследаванні і забяспечваць адпаведную якасць навучальнага працэсу.

Зададзім пытанне: ці меў у 1978 годзе Гродзенскі педагагічны інстытут  адпаведны ўніверсітэцкаму ўзроўню кадравы патэнцыял? Адказ, як уяўляецца, можа быць адназначным – не, не меў. І таму без  запрашэння спецыялістаў з іншых навучальных устаноў і навукова-даследчых цэнтраў былога СССР класічнага ўніверсітэта ў Гродне не было б. Гэта добра разумелі тагачасныя дзяржаўныя і партыйныя кіраўнікі.  

Менавіта дзяржаўны ўзровень разумення пытання і яго належнае вырашэнне  і дазволілі Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту адразу пасля адкрыцця атрымаць 104 кватэры (за перыяд з 1978 па 1983 г.), якія спатрэбіліся найперш для ўладкавання запрошаных на працу спецыялістаў  [1, с. 65]. 104 кватэры – гэта каля  дзесяці тысяч квадратных метраў жылой плошчы, што складала прыкладна тры асобныя аднапад’ездныя дзевяціпавярховыя дамы палепшанай планіроўкі. Без вырашэння дадзенай праблемы заахвоціць да пераезду на сталае месцажыхарства ў Гродна патрэбных спецыялістаў было б немагчыма.

У 2010 годзе да 70-годдзя Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы быў выдадзены біябібліяграфічны даведнік “Прафесары Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы”, у якім утрымліваюцца звесткі аб 67 прафесарах, якія працавалі раней ці працуюць сёння ва ўніверсітэце [2]. І толькі трэцяя частка  з іх непасрэдна звязана сваім навуковым лёсам з Гродзенскім педагагічным інстытутам, гэта значыць, у дадзенай навучальнай установе яны атрымалі сістэматычную адукацыю, а затым рухаліся па навуковай, навучальнай і службовай лесвіцы. Прычым значная іх частка – гэта прафесары без адпаведнай навуковай ступені доктара навук, якія атрымалі званне прафесара ў парадку выключэння ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Некаторыя з іх, праўда, праз дзесяць і болей гадоў абаранілі доктарскія дысертацыі.  Гэта, аднак, не мяняе памылковасці меркаванняў аб стварэнні ўніверсітэта ў горадзе Гродне  намаганнямі “мясцовых” прафесараў, г. зн. выкладчыкаў, якія з’яўляюцца выхадцамі з Гродзеншчыны і скончылі ў свой час Гродзенскі педагагічны інстытут. Праўда, на ўзроўні кіраўніцтва ўніверсітэта, асабліва на пасадах прарэктараў і дэканаў, загадчыкаў кафедраў грамадска-палітычнагацыкла як непасрэдна ў час адкрыцця ў Гродне ўніверсітэта, так і ў наступныя дзесяцігоддзі знаходзіліся ў пераважнай большасці  выпускнікі і выхаванцы Гродзенскага педагагічнага інстытута. І ў гэтым ёсць свая логіка, свая жыццёвая праўда, і з гэтым мы спрачацца не будзем.

Разглядаемы аспект праблемы яскрава прасочваецца на прыкладзе  юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які сёння з’яўляецца вядучым факультэтам універсітэта. І пад час заснавання ўніверсітэта тагачасныя яго кіраўнікі, па – першае, добра разумелі, што без падрыхтоўкі спецыялістаў па спецыяльнасці “Правазнаўства” адкрыццё ўніверсітэта ў Гродне ўвогуле было б немагчыма [3, с. 101], а, па – другое, належным чынам вырашалі адно з самых галоўных пытанняў жыццядзейнасці – жыллёвае пытанне. У гістарычным нарысе “Юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы”  асобныя бакі праблемы  фармавання прафесарска-выкладчыцкагакорпуса ўніверсітэта былі разгледжаны аўтарам на прыкладзе  юрыдычнага факультэта і было паказана, што без “знешняга штуршка” як юрыдычны факультэт, так і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы увогулле ў сучасным выглядзе проста не адбыліся б [4].

У дадзеным даведніку паспрабуем паглыбіць аналіз прафесарска-выкладчыцкага складу нашага факультэта, а таксама заўважым, што ніводны з юрыдычных факультэтаў у нашай краіне, якія былі створаны ў 90-я гады мінулага стагоддзя, нават не наблізіўся па якасных і колькасных паказчыках прафесарска-выкладчыцкага складу да юрыдычнага факультэта Гродзенскага ўніверсітэта. Больш таго, калі параўнаць тэмпы развіцця прафесарска-выкладчыцкага корпуса нашага факультэта, якія былі, напрыклад, характэрнымі ў першыя пятнаццаць гадоў з моманту заснавання (з 1978 па 1993 гг.),  з аналагічнымі паказчыкамі ў развіцці юрыдычных факультэтаў іншых універсітэтаў нашай краіны, старэйшым з якіх сёння таксама споўнілася пятнаццаць гадоў, то ўбачым істотную розніцу ў  якасных і колькасных паказчыках прафесарска-выкладчыцкага корпуса паміж нашым юрыдычным факультэтам і іншымі, “маладымі” юрыдычнымі факультэтамі.

Так, на пачатку 1990-х  гадоў на нашым факультэце былі ўжо падрыхтаваны свае дактары юрыдычных навук, прафесары, якія кіравалі аспірантамі і спашукальнікамі, была адкрыта ўласная аспірантура па шэрагу спецыяльнасцяў,  працэнтная вага “аступененых” выкладчыкаў на нашым юрыдычным факультэце дасягала  60 працэнтаў, а ў асобныя гады  і болей. Кожны дасведчаны чытач пагадзіцца з тым, што ніводны з іншых юрыдычных факультэтаў нашай краіны і сёння не наблізіўся да такіх паказчыкаў. Прычына гэтаму палягае якраз у тым, што ні адзін з новых юрыдычных факультэтаў нашай краіны быў не ў стане запрашаць на сталую працу такую колькасць “аступененых” выкладчыкаў, як гэта ў часы існавання Савецкага Саюза здолеў зрабіць юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Новыя юрыдычныя факультэты нашай краіны ў фармаванні прафесарска-выкладчыцкага корпуса развіваюцца эвалюцыйным шляхам, паступова, крок за крокам, рыхтуюць свае навукова-педагагічныя кадры. Натуральна, што працэс фармавання адпаведнага ўніверсітэцкім стандартам і патрабаванням прафесарска-выкладчыцкага корпуса на гэтых юрыдычных факультэтах больш запаволены па часе.

Праведзенае параўнанне ніколькі не прыніжае годнасці маладых юрыдычных факультэтаў, не скіравана на ўзвышэнне рэйтынгу нашага юрыдычнага факультэта. Яно, як уяўляецца аўтару, можа быць яскравым доказам выказанага тэзіса, згодна з якім “знешні штуршок” у фармаванні прафесарска-выкладчыцкага корпусаюрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы быў самым моцным  структураўтваральным фактарам, які аказаў істотны ўплыў на развіццё юрыдычнага факультэта, а ў больш шырокім плане – і ўсяго ўніверсітэта.         

Прафесарска-выкладчыцкі склад юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы яскрава падзяляецца на тры пакаленні.  Пад пакаленнямі  разумеецца падзел выкладчыкаў не па ўзросту, а па акадэмічных параметрах. Прычым да кожнага наступнага пакалення выкладчыкаў юрыдычнага факультэта  адносяцца, па-першае, яго выпускнікі,  па-другое, тыя выпускнікі, якія набылі навуковыя ступені, г. зн. абаранілі дысертацыі пад навуковым кіраўніцтвам сваіх выкладчыкаў. Гэта асноўныя параметры падзелу выкладчыкаў на пакаленні. Зразумела, што такі падзел выкладчыкаў на пакаленні мае свае недахопы. Але ў яго больш станоўчых, чым адмоўных момантаў. Ён дазваляе прасачыць эвалюцыю прафесарска-выкладчыцкага складу пад вуглом здольнасці да самаўзнаўлення. У такім разе, як у кроплі вады, адлюстроўваецца, па-першае, якасць папярэдняй працы прафесарска-выкладчыцкага складу па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў, па-другое, якасць адбору выпускнікоў у аспірантуру, па-трэцяе, якасць працы аспірантуры і навуковых кіраўнікоў, па-чацвёртае, навуковы ўзровень  кожнага папярэдняга і кожнага наступнага пакалення прафесарска-выкладчыцкага складу, і г. д.

Кожнае пакаленне патрабуе падрабязнага  аналізу і спецыяльнага даследавання. Ахарактарызуем іх у самым агульным плане.

Першае пакаленне – гэта прафесарска-выкладчыцкі склад, які быў сфармаваны ў перыяд з 1978 і да пачатку 90-х  гадоў мінулага стагоддзя. Выкладчыкі гэтага “набору” вызначалі твар юрыдычнага факультэта раней і працягваюць уносіць важны ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў-юрыстаў сёння.  Абсалютная большасць  выкладчыкаў з навуковымі ступенямі, якія сёння працуюць на нашым факультэце і адносяцца да другога і трэцяга пакаленняў прафесарска-выкладчыцкага корпуса, былі падрыхтаваны  “першай хваляй” прафесарска-выкладчыцкага корпуса нашага факультэта. Выкладчыкі першага пакалення і сёння  вызначаюць якасны ўзровень навуковых даследаванняў, якія праводзяцца ў межах кафедраў і на факультэце, нясуць асноўны цяжар у падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі для патрэбаў нашай навучальнай установы і іншых навучальных устаноў краіны.  Яны з’яўляюцца прыкладам самаадданасці ў працы  і дысцыплінаванасці, годна прэзентуюць Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ў краіне і за яе межамі.

Да “першай хвалі” прафесарска-выкладчыцкага корпуса адносяцца Багданаў Я.У., Багданава Г.В., Басюк І.А.,  Ваньшын В.Ф., Ватыль В.М., Вінагораў З.В., Верабейнікаў М.А.,  Вялента І.І., Гарбачоў В.П., Гарбачоў І.М., Гелажюс І.І., Гушчын І.В., Дражына І.В., Журомскі С.І., Здасюк М.І., Зорын Г.А., Каваленка А.І., Калеснікаў В.В., Калмыкоў В.Ц., Канановіч А.М., Кузняцоў М.П.,  Лутчанка Ю.І., Марыскін А.У., Мураўскі В.А., Осіпава Г.Т., Сільчанка М.У., Скітовіч В.В., Сокал С.Ф., Сокал Л.К., Станкевіч Н.Г., Сядзельнік В.В., Томсінаў У.А., Ус В.С., Чабуранава С.Я., Чарнышоў В.І., Шыханцоў Г.Р.

У складзе першага пакалення выкладчыкаў можна выдзеліць тры групы асобаў.

Першая група – гэта выкладчыкі, якія былі запрошаны на сталую працу ў Гродзенскі ўніверсітэт і ўжо мелі навуковыя ступені кандыдатаў юрыдычных навук і адпаведныя званні дацэнтаў: Гушчын І.В., Гарбачоў І.М., Верабейнікаў М.А., Басюк І.А.,  Лутчанка Ю.І., Чарнышоў В.І. Але большасць з запрошаных выкладчыкаў вучоных званняў дацэнта не мелі. Гэта   Багданаў Я.У., Вялента І.І., Гелажюс І.І., Дражына І.В., Журомскі С.І., Зорын Г.А., Каваленка А.І., Калмыкоў В.Ц., Кузняцоў М.П.,  Марыскін А.У., Мураўскі В.А., Сільчанка М.У., Станкевіч Н.Г., Скітовіч В.В., Сокал Л.К.,  Томсінаў У.А.,  Шыханцоў Г.Р. і іншыя. Яны атрымалі вучонае званне дацэнта ўжо падчас працы на нашым факультэце.

Дактары юрыдычных навук у той час на сталую працу не былі запрошаны. Чаму? Магчыма, ніхто з тагачасных дактароў юрыдычных навук не пажадаў працаваць у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. А, магчыма, кіраўніцтва ўніверсітэта і факультэта не рабілі такіх прапаноў.

Другая група– выкладчыкі, якія былі запрошаны на працу ва ўніверсітэт і не мелі ні адпаведных навуковых ступеняў, ні навуковых  званняў: Калеснікаў В.В., Канановіч А.М., Осіпава Г.Т., Сядзельнік В.В., Чабуранава С.Я., Ус В.С. Зразумела, што гэта былі асобы таленавітыя і перспектыўныя ў навуковым плане. Некаторыя з іх ужо мелі адмысловы  досвед працы ў праваахоўных структурах, і кіраўніцтва ўніверсітэта мела пэўныя надзеі адносна іх навуковага росту. Як паказала жыццё, спадзяванні кіраўніцтва ўніверсітэта і факультэта аказаліся недарэмнымі. Адны з іх адразу пасля пераходу на сталую працу ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт адолелі “кандыдацкі” ўзровень, а затым атрымалі  вучонае званне. Другія, няхай і са спазненнем на дзесяцігоддзе, але абаранілі кандыдацкія дысертацыі, атрымалі вучонае званне дацэнта і зараз паспяхова працуюць на юрыдычным факультэце. Асобныя з выкладчыкаў дадзенай групы звольніліся з працы.

Трэцяя групагэта выкладчыкі, якія прыйшлі на сталую працу на юрыдычны факультэт, ужо выпрацаваўшы стаж у праваахоўных органах і маючы адпаведнае пенсійнае забеспячэнне. Да гэтай групы можна аднесці Ваньшына В.Ф., Вінагорава З.В., Гарбачова В.П. і іншых. Гэтая хваля выкладчыкаў была значнай напрыканцы васьмідзесятых – у пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Адзначым, што менавіта ў той час назіраўся  значны адток з юрыдычнага факультэта выкладчыкаў з навуковымі ступенямі і званнямі.

У гістарычным нарысе “Юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы” [5, с. 61 – 64, 78 – 82]  пададзены звесткі аб тым, з якіх навуковых і навучальных цэнтраў Савецкага Саюза прыехалі на сталую працу ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт выкладчыкі “першай хвалі”, акрэслены асноўныя прычыны, па якіх значная частка выкладчыкаў, якія прыехалі на працу з Расійскай Федэрацыі і не мелі беларускіх каранёў, пакінулі сцены нашай навучальнай установы. Мы не маем права папракаць іх за рашэнне пакінуць наш факультэт, бо кожны з іх меў важкія прычыны зрабіць такі крок у сваім жыцці. Але мы павінны помніць, што яны ўнеслі вельмі важкі ўклад у станаўленне юрыдычнага факультэта, у арганізацыю навучальнага працэсу і навуковых даследаванняў. Можна без перабольшвання сцвярджаць, што без гэтай катэгорыі выкладчыкаў юрыдычны факультэт не адбыўся б як самастойная структурная адзінка ўніверсітэта. Яны дапамаглі забяспечыць на самым высокім узроўні падрыхтоўку спецыялістаў-юрыстаў, прайсці ўсесаюзную і рэспубліканскую атэстацыю.

Але самае галоўнае, што пакінулі пасля сябе гэтыя выкладчыкі, не ляжыць на паверхні, яно не заўважна вокам, яно адчуваецца і ўсведамляецца тымі людзьмі, якія працавалі побач з імі.  Яны перадалі калегам частку сваіх ведаў, зярняткі вопыту і досведу выкладчыцкай і навукова-даследчай працы. Парасткі гэтага нябачна прысутнічаюць у сучаснай навуковай і выкладчыцкай дзейнасці выкладчыкаў.

Аддаючы даніну павагі ўсім выкладчыкам “першай хвалі”, мы, тым не менш, павінны заўсёды помніць, што тыя выкладчыкі,  якія засталіся на юрыдычным факультэце нашай навучальнай установы, зрабілі вельмі важнае – яны фактычна падрыхтавалі другое пакаленне выкладчыкаў нашага факультэта з навуковымі ступенямі і званнямі, пакаленне, якое сёння фактычна ажыццяўляе  навучальны працэс на факультэце і  на высокім узроўні праводзіць навуковыя даследаванні. Узгадаем у гэтай сувязі заўчасна пакінуўшага жыццё прафесара кафедры грамадзянскага права і працэсу Лутчанку Юрыя Ільіча. Вучнямі Юрыя Ільіча з’яўляюцца  дацэнт, кандыдат юрыдычных навук Мартыненка Ігар Эдуардавіч і дацэнт, кандыдат юрыдычных навук Кірвель Ірэна Юзэфаўна. Абодва яны працуюць на кафедры грамадзянскага права і працэсу, першым загадчыкам якой быў Юрый Ільіч.  Ігар Эдуардавіч сёння ўзначальвае кафедру, а Ірэна Юзэфаўна з’яўляецца  вядучым дацэнтам гэтай кафедры. 

У спісе першага пакалення выкладчыкаў налічваецца 36 (трыццаць шэсць) асобаў. Сёння на факультэце і ва ўніверсітэце працуюць толькі 12 (дванадцаць) выкладчыкаў першага пакалення.

Важнейшым параметрам, які характарызуе прафесарска-выкладчыцкі  корпус вышэйшай навучальнай установы, з’яўляецца наяўнасць у выкладчыкаў навуковых ступеняў (доктар альбо кандыдат) і вучоных званняў (прафесар альбо дацэнт). З 36 выкладчыкаў першага пакалення адпаведныя навуковыя ступені і вучоныя званні маюць 29 асобаў. У працэнтных адносінах гэта складае амаль 80 (восемдзесят)  працэнтаў ад усяго выкладчыцкага корпуса “першай хвалі” выкладчыкаў.  Кожны  пагадзіцца з тым, што такім лічбам і такой працэнтнай вазе “аступененых” выкладчыкаў  можа пазайздросціць любая, нават самая знакамітая навучальная ўстанова. Адзначым таксама і той факт, што з 36 выкладчыкаў, якія ўваходзяць у склад першага пакалення, 10 (дзесяць) сталі дактарамі навук, атрымалі адпаведныя вучоныя званні прафесара. У працэнтных адносінах гэта складае амаль 28 працэнтаў! Адзначым таксама, што кіраўніцтва  Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта на чале з прафесарам  Бадаковым Аляксандрам Васільевічам вельмі добра разбіралася ў людзях, якіх запрашала на сталую працу ва ўніверсітэт, адэкватна ацэньвала іх здольнасці і праводзіла адмысловую кадравую палітыку.

З 12 выкладчыкаў першага пакалення, якія сёння працуюць на нашым факультэце, 11 маюць адпаведныя навуковыя ступені і званні, што складае звыш 80 працэнтаў. 4 з 13 выкладчыкаў, якія сёння працуюць на юрыдычным факультэце,  маюць адпаведныя навуковыя ступені доктара навук і званне прафесара, што складае каля 30 працэнтаў.

Такім чынам, скарачэнне колькасці выкладчыкаў першага пакалення, якія фактычна сфармавалі юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, забяспечылі якасць падрыхтоўкі спецыялістаў- юрыстаў, высокі ўзровень навуковых даследаванняў і  ўнеслі велізарнейшы ўклад у стварэнне высокага іміджа нашага ўніверсітэта, не прывяло да змяншэння працэнтнай вагі дактароў і кандыдатаў навук сярод выкладчыкаў “першай хвалі”. Падкрэслім гэта асобна і зробім наступную выснову: выкладчыкі першага пакалення і сёння з’яўляюцца асноўнай сілай, якая забяспечвае высокі ўзровень навуковай і прафесійнай  падрыхтоўкі спецыялістаў-юрыстаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, вызначаюць навуковы ўзровень факультэта, забяспечваюць яго высокі статус у дзяржаве і за яе межамі.                    

Другое пакаленне выкладчыкаў. Да другога пакалення выкладчыкаў адносяцца Абрамчык Л.Я., Аўдзей Г.Г., Агіявец С.У., Баброўнік М.М., Бадзяк Н.Я.,  Беразоўская Л.Р., Белавусаў А.Л., Бялова І.А., Вербава В.У., Вялента Л.І., Дабранава В.І., Драздоў Ф.Ф., Дуля А.В., Жаўняровіч С.А., Жук М.Г., Залога Я.С., Зорын Р.Г., Елісееў В.С., Еўтушок Л.В., Ігнацік М.І., Кацко С.І., Кебец А.А., Кірвель І.Ю., Ключко Р.М., Кузьмініч І.Р., Кудзель Д.А., Маісеева І.А., Максімава Л.Р., Мартыненка І.Э., Місарэвіч Н.В., Паўлючэня (Красціна) А.Ч., Паляшчук І.М., Паляшчук М.І., Пячэрскі У.У., Рамульт Н.А., Сакомская Г.С., Сафіна Д.У., Сноп С.М., Соркін У.С., Талочка В.М., Танкевіч А.В., Шупіцкая А.М.

Асноўнай кропкай адліку ў фармаванні другога пакалення прафесарска-выкладчыцкага складу юрыдычнага факультэта і асноватворчым крытэрыем аднясення выкладчыкаў да другога пакалення можна лічыць адкрыццё аспірантуры на нашым факультэце, якая стала асноўнай крыніцай падрыхтоўкі навуковых кадраў як для ўласных патрэбаў, так  і іншых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь, краін  далёкага і блізкага замежжа. Як вядома, першая аспірантура на нашым факультэце была адкрыта ў 1989 годзе на кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права па спецыяльнасці 12.00.01 – тэорыя і гісторыя дзяржавы і права; гісторыя палітычных і прававых вучэнняў. Крыху пазней аспірантура была адкрыта па спецыяльнасці 12.00.06  –  аграрнае, зямельнае і прыродарэсурснае права, а таксама па спецыяльнасці 12.00.09 – крымінальны працэс, крыміналістыка і аператыўна – вышуковая дзейнасць.

У складзе другога пакалення выкладчыкаў выдзяляецца таксама тры групы асобаў, хаця і па іншых у параўнанні з “першай хваляй”  выкладчыкаў параметрах.

Да першай групы  адносяцца Абрамчык Л.Я., Аўдзей Г.Г., Агіявец С.У., Бадзяк Н.Я., Белавусаў А.Л., Бялова І.А., Вербава В.У., Вялента Л.І., Дуля А.В., Жаўняровіч С.А., Жук М.Г., Зорын Р.Г., Елісееў В.С., Еўтушок Л.В., Кацко С.І., Кебец А.А., Кірвель І.Ю., Ключко Р.М., Кузьмініч І.Р., Маісеева І.А., Мартыненка І.Э., Паўлючэня (Красціна) А.Ч., Паляшчук І.М., Рамульт Н.А., Сакомская Г.С.,  Сноп С.М., Соркін У.С., Талочка В.М., Шупіцкая А.М. Для гэтай групы характэрна тое, што, па-першае, усе выкладчыкі скончылі наш факультэт, па-другое, усе навучаліся ў аспірантуры на нашым факультэце. Большасць з іх абаранілі кандыдацкія дысертацыі, атрымалі вучонае званне дацэнта, паспяхова займаюцца выкладчыцкай дзейнасцю, праводзяць навуковыя даследаванні. Для гэтай групы выкладчыкаў шлях ва ўніверсітэцкую аўдыторыю і ў юрыдычную навуку быў класічным шляхам у класічным універсітэце. Гэтая група выкладчыкаў складае сёння перспектыўнае ядро нашага факультэта, ад поспехаў якога на ніве юрыдычнай навукі і адукацыі залежыць лёс юрыдычнага факультэта.

Другую групу выкладчыкаў складаюць асобы, якія скончылі  юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта яшчэ да адкрыцця аспірантуры і пачалі працоўную дзейнасць на пасадах выкладчыкаў, а таксама тыя выхаванцы нашага факультэта, якія па шэрагу прычын вымушаны былі заканчваць аспірантуру ў іншых навучальных установах, але працавалі раней ці  працуюць сёння на нашым факультэце. Да гэтай групы адносяцца Баброўнік М.М., Беразоўская Л.Р., Залога Я.С., Ігнацік М.І., Кудзель Д.А., Пячэрскі У.У. Галоўным крытэрыем аднясення іх да “другой хвалі” выкладчыцкага корпуса нашага факультэта з’яўляецца атрыманне сістэматычнай юрыдычнай адукацыі на нашым факультэце. Шлях  у навуку выкладчыкаў гэтай групы быў складаным. Беразоўская Л.Р., Ігнацік М.І., Пячэрскі У.У. абаранілі кандыдацкія дысертацыі,  Беразоўская Л.Р. і Пячэрскі У.У. атрымалі вучонае званне дацэнта.

Як сведчыць вопыт, адрыў ад каранёў свайго факультэта дзеля атрымання вучоных  ступеняў і званняў з’яўляецца непажаданай справай. Важна, каб аспіранты мелі магчымасць завяршыць навучанне на сваім факультэце і абараняць тут кандыдацкія дысертацыі. Не менш важна, каб на факультэце была і свая дактарантура, каб можна было  рыхтаваць і дактароў юрыдычных навук, каб функцыянаваў і ўласны савет па абароне доктарскіх дысертацый. Апошнія дзве задачы маюць надзвычай важнае, можна сказаць, стратэгічна важнае значэнне для  развіцця нашага факультэта. 

Трэцюю групу другога пакалення складаюць выкладчыкі, якія не заканчвалі нашай навучальнай установы, не навучаліся ў аспірантуры нашага факультэта, прыйшлі працаваць на факультэт у перыяд з пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя да пачатку ХХI ст. Да іх адносяцца Дабранава В.І., Драздоў Ф.Ф., Максімава Л.Р., Паляшчук М.І. Час пачатку працы на нашым факультэце на пасадах выкладчыцкага персаналуможна лічыць для гэтай групы выкладчыкаў дапаможным крытэрыем для ўключэння ў склад “другой хвалі” выкладчыкаў. 

Некаторыя выкладчыкі гэтай групы не атрымлівалі сістэматычнай юрыдычнай адукацыі на нашым факультэце, але навучаліся ў аспірантуры на кафедрах нашага факультэта, паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі пад кіраўніцтвам прафесараў нашага факультэта. Да іх адносяцца  Місарэвіч Н.В. і  Танкевіч А.В. 

У спісе выкладчыкаў, якія аднесены да другога пакалення, налічваецца 42 асобы.

Сёння на юрыдычным факультэце з прадстаўнікоў другога пакалення  працуюць 32 выкладчыкі. З 42 асобоў другога пакалення навуковыя ступені і вучоныя званні маюць 25. У працэнтных адносінах гэта складае каля 60 працэнтаў. З 32 выкладчыкаў другога пакалення, якія сёння працуюць на нашым факультэце, 18 маюць адпаведныя навуковыя ступені і званні, што таксама складае каля 60 працэнтаў. Такім чынам, як у выпадку з выкладчыкамі першага пакалення, змяншэнне колькаснага складу выкладчыкаў другога пакалення, якія засталіся працаваць на нашым факультэце,  не прывяло да змяншэння  колькасных і працэнтных прапорцый выкладчыкаў з навуковымі ступенямі і званнямі.

Разам з тым адзначым, што сярод выкладчыкаў другога пакалення няма ні аднаго доктара навук і прафесара. Гэта  першая акалічнасць, якую немагчыма не заўважыць.  Нельга не адзначыць і той факт, што як у колькасных, так і ў працэнтных адносінах колькасць выкладчыкаў з навуковымі ступенямі і званнямі ў параўнанні з “першай хваляй”  выкладчыкаў з’яўляецца меншай прыкладна на трэць. Адзначаныя моманты не могуць не насцярожваць кіраўніцтва факультэта і ўніверсітэта. Яны  патрабуюць сур’ёзнага аналізу і адпаведных захадаў у галіне кадравай палітыкі.

Чаму існуе тэндэнцыя да зніжэння колькасных і якасных паказчыкаў  па “аступененасці” сярод “другой хвалі” выкладчыцкага корпуса юрыдычнага факультэта?  Найперш таму, што фармаванне другога пакалення не было завершана належным чынам, так, як гэта магло б здарыцца, калі б першае пакаленне выкладчыкаў не “расцерушылася”  па самых розных прычынах, у тым ліку і па прычыне развалу Савецкага Саюза, і не пакінула сцены нашай навучальнай установы, ці хаця б адток выкладчыкаў гэтай хвалі быў бы значна меншым. За тое, што першае пакаленне выкладчыкаў факультэта не было прыцягнута да працы ва ўніверсітэце належным чынам і ў больш поўным складзе, безумоўна,  у адказе ўсе, хто працаваў побач з імі.  Але разам з тым значная частка адказнасці, як уяўляецца, ляжыць таксама і на тагачасным кіраўніцтве ўніверсітэта і факультэта. Мастацтва кіраўнічай дзейнасці зводзіцца не толькі да падбору і расстаноўкі кадраў, але і да іх захавання.

Сярод прычын вышэйакрэсленай праблемы трэба назваць і якасць адбору аспірантаў з ліку перспектыўных студэнтаў. Адзначым два моманты. Па-першае, вопыт сведчыць, што найлепшых вынікаў у навучальнай і навуковай дзейнасці дасягаюць тыя студэнты, якія займаліся на “выдатна” і атрымалі дыпломы з адзнакай, падчас навучання актыўна займаліся навуковай працай, выконвалі на высокім узроўні курсавыя і дыпломныя працы, удзельнічалі ў навуковых канферэнцыях і алімпіядах. Менавіта з гэтай катэгорыі студэнтаў звычайна фармуецца корпус аспірантаў, якія паспяхова заканчваюць навучанне ў аспірантуры і абараняюць кандыдацкія, а затым і доктарскія дысертацыі, атрымліваюць акадэмічныя званні. Безумоўна, маральную адказнасць за падбор і падрыхтоўку аспірантаў, за зніжэнне колькасных і працэнтных паказчыкаў “аступененасці” сярод выкладчыкаў “другой хвалі” нясуць выкладчыкі першага пакалення і найперш навуковыя кіраўнікі “неаступененых” выкладчыкаў “другой хвалі”.

Па-другое, найбольш падрыхтаванымі да выкладчыцкай і навуковай дзейнасці з’яўляюцца студэнты, якія заканчвалі дзённае аддзяленне. У працэнтных адносінах яны складаюць самую значную частку выкладчыкаў “другой хвалі”, і іх рост у плане абароны  кандыдацкіх дысертацый і атрымання акадэмічных званняў пераўзыходзіць аналагічныя паказчыкі выкладчыкаў, якія скончылі завочнае аддзяленне нашага факультэта.

Сярод прычын вывучаемай праблемы адзначым і наяўнасць большых навуковых амбіцый у “першай хвалі” выкладчыкаў. Магчыма, што першае пакаленне выкладчыкаў было больш таленавітым.                          

Зробім наступную выснову:  прадстаўнікі другога  пакалення складаюць сёння асноўную групу выкладчыкаў нашага факультэта і таму шмат у чым вызначаюць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў-юрыстаў, узровень навуковых даследаванняў і фармуюць імідж факультэта ў дзяржаве і за яе межамі.

Давыкладчыкаў “другой хвалі”  пераходзіць сёння асноўны цяжар адказнасці за лёс і будучыню юрыдычнага факультэта. Яны абавязаны па асноўных паказчыках, якія характарызуюць якасць прафесарска – выкладчыцкага складу,  ўзняцца хаця б на адну прыступку з выкладчыкамі “першай хвалі”. Дзеля гэтага яны павінны зрабіць рашаючы крок наперад максімум у бліжэйшыя дзесяць гадоў. Калі ж гэта не адбудзецца, то юрыдычны факультэт па асноўных паказчыках, якія характарызуюць якасны стан выкладчыцкага корпуса, хутчэй за ўсё, згубіць тэмпы свайго развіцця. Гэта заканамерна прывядзе да зніжэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў і ўзроўню навуковых даследаванняў і, адпаведна, іміджа юрыдычнага факультэта. А разам са стратамі юрыдычнага факультэта вельмі істотна згубіць і ўніверсітэт…  

Трэцяе пакаленне выкладчыкаў  складваецца сёння. Пачатак яго фармавання супадае з  пачаткам ХХI ст.  У гэтым бачыцца пэўны сімвалізм. У склад дадзенага пакалення ўваходзяць Арцюхевіч (Палто) Н.А., Вартанян А.М., Габец Н.А., Ганчар Т.М., Еўдакіменка В.М., Кароль Э.Л., Кахненка В.А., Кеўляк Л.Т., Корнева А.С., Ляйчонак І.А., Мялешка І.Ч., Трацякоў Р.М., Ціс Д.С., Хацяневіч Т.Г. Гэтае пакаленне выкладчыкаў будзе вызначаць лёс юрыдычнага факультэта ў першай трэці ХХI стагоддзя, і таму на яго ўскладаюцца асноўныя надзеі за будучыню ў падрыхтоўцы спецыялістаў-юрыстаў на Гродзеншчыне. У падрыхтоўцы  трэцяга пакалення выкладчыкаў удзел прымаюць як  прафесары і вядучыя дацэнты першага пакалення, так і вядучыя дацэнты другога пакалення выкладчыкаў. Такім чынам, у выкладчыкаў “першай і другой хваляў” маюцца не толькі маральныя абавязкі за належную падрыхтоўку прадстаўнікоў “трэцяй хвалі”, але і юрыдычная адказнасць за якасць працы па падрыхтоўцы спецыялістаў вышэйшай навуковай кваліфікацыі. 

Сёння цяжка зрабіць абагульненні адносна выкладчыкаў дадзенага пакалення. У колькасных адносінах гэтая група выкладчыкаў налічвае  14 асобаў. Трынаццаць з іх працуюць на факультэце сёння. Толькі 2 выкладчыкі дадзенага пакалення маюць адпаведныя навуковыя ступені і званні, што складае каля 15  працэнтаў.

Калі зыходзіць з таго, што сярэдні паказчык “аступененых” выкладчыкаў на юрыдычным факультэце сёння складае каля 57 працэнтаў, то зразумела, што такая лічба забяспечваецца перш-наперш за кошт выкладчыкаў “першай хвалі”. У стратэгічных адносінах дадзеныя лічбы сведчаць аб тым, што станоўчыя паказчыкі кадравага складу юрыдычнага факультэта падтрымліваюцца ў асноўным за кошт прадстаўнікоў першага пакалення, г. зн. пакалення, якое ў стане працаваць на належным узроўні яшчэ максімум дзесяць гадоў. Вось чаму лічба ў дзесяць гадоў, аб якой было ўзгадана пры характарыстыцы  “другой хвалі” выкладчыкаў, з’яўляецца  вызначальнай для юрыдычнага факультэта. За бліжэйшыя дзесяць гадоў “другая хваля” выкладчыкаў павінна ўзняцца на прыступку, на якой знаходзіцца першае пакаленне выкладчыкаў, а трэцяе пакаленне абавязана, як мінімум, наблізіцца да паказчыкаў, якія сёння характарызуюць узровень другога пакалення выкладчыкаў. Толькі пры гэтых умовах можна гарантаваць захаванне паказчыкаў якаснага складу выкладчыцкага корпуса. Хацелася б, аднак, каб паказчыкі, аб якіх ішла размова, не проста былі захаваны, але і значна прыўмножаны.

Аналіз дадзеных дынамікі руху колькасці выкладчыкаў, у тым ліку з навуковымі ступенямі і званнямі, якія змешчаны ў табліцы 1 дадатка, супастаўленне і параўнанне фактаў, якія ўтрымліваюцца ў іншых табліцах, даюць падставы зрабіць шэраг высноваў.

Найперш адзначым, што самы вялікі працэнт і, адпаведна, удзельная вага выкладчыкаў з навуковымі ступенямі і званнямі на юрыдычным факультэце назіраецца  ў “савецкі перыяд” яго развіцця, г. зн. з 1978 па 1991 гг. Сярэдні працэнт “аступененых” выкладчыкаў у гэты перыяд складае прыкладна 70 працэнтаў. У “незалежны перыяд” развіцця  аналагічны паказчык складае каля 43 працэнтаў. Такім чынам, шлях запрашэння  “аступененых” выкладчыкаў звонку, які  з неабходнасцю быў выкарыстаны напачатку заснавання юрыдычнага факультэта, забяспечыў высокія якасныя паказчыкі прафесарска-выкладчыцкага корпуса. Калі сёння аналізуемая лічба  складае 57 працэнтаў, то гэта азначае, што ён забяспечваецца ў асноўным за кошт велічыні паказчыка “савецкага перыяду”.

Аналіз дынамікі руху выкладчыкаў, у тым ліку з навуковымі ступенямі і званнямі, якія змешчаны ў табліцы 1 дадатка, сведчыць аб тым, што з ростам колькасці штатных выкладчыкаў, які стаў заўважным пасля 1988 года, стабільна змяншаецца ўдзельная і працэнтная вага выкладчыкаў з навуковымі ступенямі і вучонымі званнямі. Звернем увагу ў гэтай сувязі і на той факт, што колькасць выпускнікоў, якія атрымлівалі дыпломы нашага ўніверсітэта пасля 1991 года, значна вырасла (прыкладна ў тры разы) у параўнанні з “савецкім перыядам”. Калі паміж якасным складам выкладчыцкага корпуса і якасцю рыхтуемых спецыялістаў існуе прамая карэляцыя, а з гэтай высновай  спрачацца мы не будзем, то зразумела, што з ростам колькасці выпускаемых спецыялістаў і з адначасовым зніжэннем удзельнай і працэнтнай вагі “аступененых” выкладчыкаў губляецца  якасць  навучальнага працэсу і навукова-даследчай працы.

Заўважана, што ўдзельная і працэнтная вага “аступененых” выкладчыкаў у “незалежны перыяд” хаця і паступова, але няўхільна ўзрастае. Калі ў сярэдзіне 1990-х гадоў працэнтная і ўдзельная вага “аступененых” выкладчыкаў змясцілася да крытычнай кропкі ў 40 працэнтаў, то пачынаючы з 1998 года яна перасягнула мяжу  50 працэнтаў  і  сёння набліжаецца да 60-працэнтнай адзнакі. Адзначым, што асноўным фактарам, якія садзейнічаў змяненню паказчыкаў дадзенага крытэрыю характарыстыкі прафесарска-выкладчыцкага корпуса нашага факультэта ў лепшы бок, стала дзейнасць Савета па абароне кандыдацкіх дысертацый К 02.14.01, які быў створаны  ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў маі 1995 года  і які як юрыдычна, так  і фактычна быў першым саветам па абароне дысертацый у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы і на  Гродзеншчыне ўвогуле.

Важнай складовай часткай характарыстыкі выкладчыцкага корпусаюрыдычнага факультэта з’яўляецца падзел выкладчыкаў па палавай прыкмеце. Цікава, што з 36 чалавек  “першай хвалі” 29 асобаў – мужчыны. Як бачым, лічбы тыя самыя, што і пры характарыстыцы гэтай хвалі выкладчыкаў па параметрах “аступененасці”. З 12 выкладчыкаў “першай хвалі”, якія працуюць сёння,  8   мужчын і 4 адносяцца да прыгожай паловы чалавецтва. І тут мы назіраем  значную працэнтную перавагу мужчынскай паловы над жаночай.

Зусім іншая карціна назіраецца пры характарыстыцы па дадзенаму параметру выкладчыкаў другога і трэцяга пакаленняў. Так, з 42 выкладчыкаў другога пакалення мужчыны складаюць каля 43 працэнтаў (18 асобаў), а трэцяга – каля 35 працэнтаў (5 чалавек з 14 выкладчыкаў). Як бачым, з кожным наступным пакаленнем удзельная вага мужчынскай паловы ў выкладчыцкім корпусе юрыдычнага факультэта змяншаецца.

Атрыманая карціна па палавойпрыкмеце “другой і трэцяй хваляў” выкладчыкаў нашага факультэта не з’яўляецца выпадковай. Справа ў тым, што пры характарыстыцы студэнтаў нашага факультэта па дадзенай прыкмеце, якая  прыведзена ў гістарычным нарысе “Юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы”, адзначалася перавага “жаночай лініі” першапачаткова ў складзе студэнтаў, а затым заканамерна і аспірантаў нашага факультэта. Напрыклад, сярод першага набору студэнтаў толькі 44 працэнты (22 асобы) складалі хлопцы, а 56 працэнтаў (28 асобаў)  – дзяўчаты [6,  с. 19]. А мы ведаем, што асноўнай крыніцай папаўнення выкладчыцкага корпуса нашага факультэта з’яўляюцца яго выпускнікі, то ўсё становіцца, як кажуць, на сваё месца. Перавага  “жаночай лініі” сярод студэнтаў юрыдычнага факультэта вядзе да дамінавання “жаночай лініі” сярод аспірантаў, а затым і сярод прафесарска-выкладчыцкага складу факультэта.

Не прыніжаючы годнасці прыгожай паловы чалавецтва, тым не менш, зазначым: магчыма, што палавы склад другога і асабліва трэцяга пакаленняў выкладчыкаў юрыдычнага факультэта адмоўна паўплываў на рост паказчыкаў “аступененасці” выкладчыкаў. Зразумела, што жанчыны незалежна ад іх прафесійных заняткаў выконваюць рэпрадукцыйную функцыю і на пэўны  перыяд выключаюцца з асноўнай сферы занятасці. Будзем спадзявацца на тое, што працавітасць і адказнасць жанчын, якія заўсёды давалі належны плён, у бліжэйшыя дзесяць гадоў прывядуць да якасных зменаў у характарыстыцы прафесарска-выкладчыцкага складу нашага факультэта.

Магчыма, чытач не пагадзіцца з наступнай высновай, але не выказаць яе аўтар не мае права. Юрыдычны факультэт займае асобнае месца сярод факультэтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Яго выпускнікі працуюць пераважна ў тых сферах дзейнасці, дзе дамінуе “мужчынскі пачатак”. У гэтах варунках было б лагічна, каб і сярод прафесарска-выкладчыцкага корпусаюрыдычнага факультэта пераважаў “мужчынскі пачатак”. Прафесары і выкладчыкі не толькі перадаюць веды, але і выхоўваюць спецыялістаў, рыхтуюць іх да працы ў тых сферах дзейнасці, дзе дамінуюць мужчыны. Акрамя гэтага, перавага  “жаночай лініі” сярод выкладчыцкага корпуса юрыдычнага факультэта, як сведчыць гістарычны вопыт, пры пэўных умовах прыводзіць да непажаданых маральных страт.

Як бачна,  за час  існавання юрыдычнага факультэта на розных пасадах прафесарска-выкладчыцкага складу працавалі  92 выкладчыкі. Большая частка з іх (49 асобаў) –  выпускнікі нашага юрыдычнага факультэта. Гэта складае каля 53 працэнтаў ад агульнай колькасці выкладчыкаў юрыдычнага факультэта за ўвесь час яго існавання. З 49 выпускнікоў-выкладчыкаў нашага факультэта 25  маюць навуковыя ступені і адпаведныя акадэмічныя званні, што складае прыкладна 50 працэнтаў  ад агульнай колькасці выкладчыкаў-выпускнікоў нашага факультэта. Але сёння на юрыдычным факультэце нашага  ўніверсітэта працуюць толькі 40 выпускнікоў-выкладчыкаў. З гэтай колькасці працуючых спецыялістаў акадэмічныя ступені і званні маюць 20 чалавек, што таксама складае каля 50 працэнтаў ад агульнай колькасці працуючых выкладчыкаў-выпускнікоў.

Такім чынам, на прыкладзе і гэтай катэгорыі выкладчыкаў нашага юрыдычнага факультэта пацвярджаецца сфармуляваная вышэй заканамернасць, згодна з якой з памяншэннем колькасці і ўдзельнай вагі асобных катэгорый выкладчыкаў  практычна нязменнай застаецца ўдзельная вага “аступененых” спецыялістаў, якія адносяцца да дадзенай катэгорыі выкладчыкаў. 

Варта адзначыць, што  з  25 “аступененых” спецыялістаў, якія працавалі і працуюць сёння на юрыдычным факультэце, пад навуковым кіраўніцтвам нашых выкладчыкаў было падрыхтавана 22 чалавекі. Гэта, па-першае,  азначае, што першае і другое пакаленні выкладчыкаў нашага факультэта дэманструюць здольнасць да самаўзнаўлення, а па-другое, дадзеныя паказчыкі ставяць наш факультэт на вельмі высокую прыступку сярод  устаноў юрыдычнага профілю ў нашай краіне. 

Нязначную колькасць “аступененых” выкладчыкаў-выпускнікоў, якія атрымалі навуковыя ступені пад кіраўніцтвам прафесараў іншых навучальных устаноў нашай краіны, можна лічыць выключэннем, якое пацвярджае правіла і толькі ўпрыгожвае наш факультэт, бо паказвае яго адкрытасць да навуковых ўзаемаабменаў. Апошнюю выснову можна пацвердзіць і тым фактам, што каля 10 “аступененых” выкладчыкаў былі падрыхтаваны нашымі спецыялістамі для патрэбаў іншых навучальных устаноў нашай краіны. Прычым з групы выкладчыкаў, якія сталі кандыдатамі юрыдычных навук на нашым факультэце, а сёння працуюць у іншых навучальных установах, ёсць выкладчыкі, якіяўжомаюць навуковую ступень доктара юрыдычных навук. Гэтая абставіна таксама патрабуе належнага асэнсавання.

Разам з тым, у параўнанні з “першай хваляй” выкладчыкаў, другое пакаленне прафесарска-выкладчыцкага складу з’яўляецца больш стабільным і ўстойлівым, не такім мабільным у плане перамены месца працы і жыхарства.  Заўважым, што за пятнаццаць гадоў (з 1978 па 1993 г.) сцены нашай навучальнай установы пакінулі прыкладна дзве трэці выкладчыцкагакорпуса першага пакалення. І за значна большы перыяд  “другая хваля” выкладчыкаў паменшылася  крыху больш чым на  дваццаць працэнтаў. Зусім інакш  выглядае аналагічны паказчык сярод выкладчыкаў “трэцяй хвалі”. У іх лічба стабільнасці самая высокая. З 14 асобаў дадзенага пакалення сцены нашага юрфака пакінуў толькі 1 выкладчык.

Варта адзначыць і той факт, што лічба выкладчыкаў юрыдычнага  факультэта, якія прыйшлі  звонку,  мае заўважную тэндэнцыю да змяншэння. Калі першае пакаленне выкладчыкаў амаль цалкам было “дэсантавана”, а сярод другога пакалення гэтая катэгорыя спецыялістаў складае  каля чатырнаццаці працэнтаў (6 выкладчыкаў з 42), то ўжо сярод выкладчыкаў  “трэцяй хвалі” толькі 7 працэнтаў (толькі 1 выкладчык з 14) не заканчвалі наш факультэт.

                

                                              Спіс выкарыстанай літаратуры

1. Золотухин, Ю.П. Храм на берегу Немана: очерк истории Гродненского государственного университета в ХХ столетии / Ю.П. Золотухин // Университет и его педагоги. – Гродно: ГрГУ, 2006. – С. 7 – 74.

2. Прафесары Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. 1940 – 2010: біябібліяграфічны слоўнік / рэдкал.: Я.А. Роўба (адк. рэд.) [ і інш.]. –Баранавічы: Ф-л ААТ “Чырв. зорка”, 2010. – 128 с.

3. Габрусевіч, С.А. Станаўленне юрыдычнага факультэта (з успамінаў прарэктара па навуковай працы) / С.А. Габрусевіч // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. – Сер. 4, Правазнаўства. – 2008. – № 3. – С.  101 – 102.

4. Сільчанка, М.У. Юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы : гістарычны нарыс / М.У. Сільчанка. – Гродна : ГрДУ, 2008. – 139 с.

5. Тамсама.

6. Тамсама.