Прадмова
^ Вверх

ПРАДМОВА

  

У 2010 годзе Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт  імя Янкі Купалы адзначыў 70 гадоў з часу заснавання. Дадзеная падзея з’явілася важнай нагодай для падсумавання вынікаў творчай і плённай працы некалькіх пакаленняў прафесарска-выкладчыцкага складу, вучэбна-дапаможнага персаналу ў справе  падрыхтоўкі спецыялістаў для самых розных галінаў народнай гаспадаркі, органаў дзяржаўнай улады і кіравання, органаў і ўстаноў сістэмы вышэйшай і сярэдняй адукацыі, у справе падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі для  вышэйшых навучальных і навукова-даследчых  устаноў.

За семдзесят гадоў дыпломы высокакваліфікаваных спецыялістаў атрымалі звыш сямідзесяці тысяч выпускнікоў нашай навучальнай установы. Важкі ўклад у падрыхтоўку кадраў для органаў дзяржаўнай улады і кіравання, праваахоўных  і судовых органаў, органаў юстыцыі, натарыята і адвакатуры, Міністэрства юстыцыі, органаў дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства ўнутраных спраў, органаў пагранічнай і мытнай службы, навучальных і навукова-даследчых устаноў быў зроблены юрыдычным факультэтам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы – другой па часе стварэння вышэйшай навучальнай установы нашай краіны па падрыхтоўцы спецыялістаў-юрыстаў. Каля шасці тысяч чалавек атрымалі дыпломы юрыстаў  нашага ўніверсітэта.

Без выпускнікоў юрыдычнага факультэта Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы немагчыма ўявіць сучасную прававую сістэму нашай краіны. Яны аказваюць істотны ўплыў на яе стан, якасць і здольнасць да развіцця ва ўмовах пабудовы  самастойнай і суверэннай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь. Сёння не існуе практычна ніводнага віду юрыдычнай дзейнасці, у якой ні былі б заняты нашы выпускнікі. Яны працуюць у заканадаўчай, выканаўчай і судовай галінах улады, у сістэме органаў дзяржаўнага кантролю і  пракуратуры.

Кожная навучальная ўстанова  ганарыцца сваімі выпускнікамі, ушаноўвае іх памяць. Асобныя з іх заносяцца на дошку гонару, звесткі аб самых знакамітых выпускніках утрымліваюцца ў даведніках і кнігах памяці, якія ствараюцца ў навучальных установах. Такая традыцыя была сфармавана раней і трывала захоўваецца ў Гродзенскім універсітэце. Разам з тым традыцыя жыве і захоўваецца пры ўмове, што яна пастаянна развіваецца і ўзбагачаецца. І паколькі кожны выпускнік  памятае сваю alma mater, можна меркаваць, што і alma mater павінна захоўваць памяць аб кожным сваім выпускніку. Прынамсі, трэба імкнуцца да таго, каб, па меншай меры, мець банк дадзеных аб тых спецыялістах, якія былі падрыхтаваны на нашым факультэце і  якія сёння працуюць у розных сферах народнай гаспадаркі, органах дзяржаўнай улады і кіравання, праваахоўных органах.

Вырашэнне дадзенай задачы можа стаць важным укладам у распрацоўку доўгатэрміновай праграмы па прафесійнай арыентацыі моладзі Гродзенскай вобласці і іншых рэгіёнаў нашай краіны. А першым крокам у дадзенай справе  можа стаць поўны спіс выпускнікоў.  Гэтая абставіна аказала значны ўплыў на структуру і змест прапануемай чытачу кнігі,  падштурхнула аўтара да таго, каб стварыць такі  інфармацыйна-біяграфічны даведнік аб юрыдычным факультэце ГрДУ, у якім побач з выкладчыкамі, якія працавалі раней і працуюць на факультэце сёння, разам са знакамітымі  прадстаўнікамі вучэбна-дапаможнага персаналу  былі б прадстаўлены і ўсе яго выпускнікі.

Дадзены даведнік – лагічны працяг шматгадовай працы аўтара  па  абагульненню вопыту функцыянавання і развіцця  аднаго з самых значных факультэтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, факультэта, з заснаваннем якога заўсёды будзе звязана важнейшая падзея ў гісторыі нашай навучальнай установы – пераўтварэнне педагагічнага інстытута ў класічны універсітэт.  Пры напісанні дадзенай кнігі, як  і пры падрыхтоўцы інфармацыйна-біябібліяграфічнага даведніка аб кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, а таксама напісанні гістарычнага нарыса “Юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы”, значную падтрымку ў зборы матэрыялаў, пошуку і сканіраванні фотаздымкаў аказаў загадчык музея гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Уладзімір Міхайлавіч Сытых, які сваёй апантанай працай  у справе  храналагічнага  апісання  значных падзей у жыцці нашай навучальнай установы, стварэння яе летапісу, захавання памяці аб выкладчыках, супрацоўніках і выпускніках фактычна стаў адной з самых значных асоб у яе гісторыі.

У дадзеным даведніку выкарыстаны матэрыялы з архіва Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, у якім захоўваюцца звесткі аб асобах выкладчыкаў і вучэбна-дапаможнага персаналу, якія раней працавалі ў нашай навучальнай установе, загады аб заканчэнні навучання, прысваенні кваліфікацыі “юрыст” і выдачы дыпломаў спецыялістам-юрыстам. Падчас пошуку неабходнай інфармацыі вельмі карыснымі былі парады і непасрэдная падтрымка загадчыка архіва ГрДУ Святланы Аляксандраўны Кандрашовай.  Частка інфармацыі аб біяграфіях асобных выкладчыкаў, якія сёння працуюць на юрыдычным факультэце, асобныя са змешчаных у даведніку фотаздымкаў атрыманы з электроннай версіі інфармацыйнага даведніка “Выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы”, які ўбачыў свет у 2010 годзе і стварэнне якога было прымеркавана да юбілейнай даты – 70-годдзя з дня заснавання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

У структурных адносінах даведнік складаецца з  трох частак. Кожная пачынаецца аналітычным уступам і змяшчае агульную характарыстыку тых складовых частак калектыву юрыдычнага факультэта, без якіх ён не можа належным чынам функцыянаваць і развівацца.  

Першая частка даведніка прысвечана прафесарска-выкладчыцкаму складу юрыдычнага факультэта. Выдзяляюцца тры пакаленні выкладчыкаў,  даецца  падрабязны аналіз першых двух пакаленняў выкладчыцкага корпуса і робяцца аналітычныя накіды сацыялагічнага партрэта трэцяга пакалення выкладчыкаў. У гэтай частцы ўтрымліваюцца біяграфічныя звесткі аб абсалютнай большасці прафесараў і выкладчыкаў, якія працавалі і сёння працуюць на кафедрах  юрыдычнага факультэта. 

Другая частка даведніка змяшчае інфармацыю аб вучэбна-дапаможным персанале юрыдычнага факультэта, а дакладней, аб  тых яго супрацоўніках, якія працавалі на пасадах вучэбна-дапаможнага і адміністрацыйна-гаспадарчага складу больш за дзесяць гадоў і ўнеслі значны ўклад у метадычнае забеспячэнне навучальнага працэсу, арганізацыйна-метадычнае забеспячэнне навукова-даследчай працы прафесарска-выкладчыцкага корпуса, аб аспірантах, магістрантах і студэнтах.

Трэцяя – самая значная па аб’ёму частка даведніка  – прысвечана выпускнікам юрыдычнага факультэта. Тут робіцца агульны аналіз развіцця форм  юрыдычнай адукацыі на факультэце,  прыводзіцца спіс усіх спецыялістаў-юрыстаў, якія атрымалі дыпломы  Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.