ВУЧЭБНА-ДАПАМОЖНЫ ПЕРСАНАЛ: АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА
^ Вверх

 ВУЧЭБНА-ДАПАМОЖНЫ ПЕРСАНАЛ:

АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА

 

Вядома, што якасць навучальнага працэсу забяспечваецца арганічным спалучэннем трох самых істотных складовых частак – якасным складам прафесарска-выкладчыцкага корпуса, наяўнасцю акадэмічнай бібліятэкі і таленавітай, зацікаўленай у атрыманні акадэмічнай адукацыі студэнцкай моладзі. Разнастайныя даведнікі, гістарычныя нарысы, кароткія і разгорнутыя летапісы кожнай навучальнай установы, навуковыя артыкулы і іншыя выданні звычайна ўтрымліваюць звесткі  аб важнейшых падзеях, зменах, набытках і стратах менавіта ў гэтых складовых частках навучальнага працэсу і акадэмічнага жыцця ўвогуле. Не з’яўляецца выключэннем і падыход да складання падобных выданняў, які сфармаваўся ў нашай навучальнай установе [1]. Аднак не трэба забываць і аб іншых, не менш важкіх складовых частках, без якіх арганізаваць і забяспечыць належным чынам навучальны працэс, на прыстойным узроўні праводзіць навуковыя даследаванні, рыхтаваць высокваліфікаваных спецыялістаў было б немагчыма.

Размова будзе ісці не аб матэрыяльна-тэхнічнай базе навучальнага працэсу і навукова-даследчай працы, як гэта звычайна робіцца пры вызначэнні іншых складовых частак вучэбнай і навуковай дзейнасці, а аб той катэгорыі людзей, якія наўпрост не ўдзельнічаюць у навучальным працэсе і не ажыццяўляюць навукова-даследчай працы, але без іх цяжка ўявіць плённую працу ў вучэбных аўдыторыях, выніковасць і прадукцыйную дзейнасць  навучальных і навукова-даследчых лабараторыяў, рытмічную і  насычаную работу дэканатаў і асноўных структурных падраздзяленняў вышэйшай навучальнай установы – кафедраў, нельга забяспечыць цішыню,  спакойную і ўдумлівую  працу ў чытальных залах. Гэтая катэгорыя супрацоўнікоў навучальных устаноў  складаецца з вучэбна-дапаможнага персаналу дэканатаў і кафедраў, вучэбна-дапаможнага персаналу вучэбных лабараторыяў і вучэбна-метадычных кабінетаў, супрацоўнікаў бібліятэкі і адміністрацыйна-гаспадарчага персаналу.

Дадзены даведнік, па-першае, з’яўляецца спробай прыцягнуць увагу “летапісцаў” шматграннай дзейнасці нашай навучальнай установы да адзначаных катэгорый супрацоўнікоў. Па-другое, запоўніць адзначаны прагал у гісторыі толькі аднаго з структурных падраздзяленняў – юрыдычнага факультэта вядучай навучальнай установы заходняга рэгіёну нашай краіны – Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. І, нарэшце, па-трэцяе, дадзены даведнік  – даніна павагі тым людзям, якія тут узгадваюцца і з якімі аўтару гэтых радкоў давялося адначасова працаваць на юрыдычным факультэце амаль тры дзесяткі гадоў. Не толькі  працаваць, але і вырашаць пры гэтым самыя розныя па ўзроўню і маштабах задачы і праблемы – ад арганізацыі першых на юрыдычным факультэце міжнародных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцый і семінараў да стварэння  першай у краіне самастойнай серыі  “Правазнаўства” навуковага часопіса “Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы”. З усёй адказнасцю можна сцвярджаць, што без дапамогі тых асоб вучэбна-дапаможнага персаналу, якія ўзгаданы ў даведніку, паспяхова вырашыць многія пытанні было б немагчыма.

У даведніку размова ідзе аб тых людзях, якія працавалі на пасадах вучэбна-дапаможнага  і адміністрацыйна-гаспадарчага персаналу больш за дзесяць гадоў. Кожнага з іх можна лічыць ветэранам, маючы на ўвазе спецыфіку і складанасць той працы, якую яны штодзень выконваюць, забяспечваючы высокую якасць падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў-юрыстаў.        

Магчыма, што ў тых структурных падраздзяленнях нашай навучальнай установы, якія маюць значна большую за юрыдычны факультэт гісторыю, дзе невялікая колькасць студэнтаў, роля і месца вучэбна-дапаможнага (у шырокім сэнсе слова) персаналу ў арганізацыі і ажыццяўленні навучальнага працэсу не такая значная, як на юрыдычным факультэце. Для гэтага існуе шэраг важных падстаў.

Па-першае, адзначым, што  на момант адкрыцця юрыдычнага факультэта ў Гродне ўвогуле не было традыцый у падрыхтоўцы спецыялістаў-юрыстаў з вышэйшай адукацыяй. І таму ў арганізацыі навучальнага працэсу на юрыдычным факультэце не магло быць дробязяў, тым больш памылак у падборы як прафесарска-выкладчыцкага складу, так і вучэбна-дапаможнага персаналу. Па-другое, заўважым, што спецыяльнасць юрыста заўсёды была і ёсць прэстыжнай. На юрыдычны факультэт паступаюць, як правіла, студэнты, якія патрабуюць асаблівай тактоўнасці і ўвагі як з боку адміністрацыі і выкладчыкаў, так і вучэбна-дапаможнага персаналу, людзей, якія непасрэдна кантактуюць са студэнтамі пры вырашэнні іх надзённых патрэбаў. Па-трэцяе, юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пачынаючы з 1990-х гадоў з’яўляецца адным з лідараў сярод усіх факультэтаў нашага ўніверсітэта па колькасці набору студэнтаў, якія навучаюцца на гаспадарча-разліковым патоку, і гэта патрабуе інтэнсіўнай працы як тых, хто непасрэдна забяспечвае навучальны працэс, так і тых, хто дапамагае ў яго забеспячэнні.

Ахарактарызуем асобныя катэгорыі вучэбна-дапаможнага персаналу і найперш вучэбна-дапаможны персанал дэканатаў, таму што пасада метадыста дэканата юрыдычнага факультэта – адна з ключавых у арганізацыі навучальнага працэсу. Па-першае, таму, што метадыст павінен непасрэдна праводзіць у жыццё выпрацаваную кіраўніцтвам факультэта “палітыку” ў арганізацыі навучальнага працэсу ў структурным падраздзяленні. Па-другое, таму, што ён непасрэдна  кантактуе са студэнтамі, найперш са старастамі вучэбных групаў, і таму ўспрымаецца студэнцтвам як непасрэдны начальнік. Па-трэцяе, метадыст дэканата непасрэдна кантактуе з выкладчыцкім корпусам, забяспечвае яго неабходнай інфармацыяй аб мерапрыемствах, якія праводзяцца на факультэце і ва ўніверсітэце, на якіх неабходна прысутнічаць, а то і прымаць непасрэдны ўдзел.

Ад асобы, якая займае пасаду метадыста дэканата факультэта, патрабуецца належная распрацоўка раскладу заняткаў –  “унутранага закона” для ажыццяўлення навучальнага працэсу і своечасовае інфармаванне выкладчыкаў і студэнтаў аб зменах у раскладзе заняткаў, забеспячэнне сувязі з дыспетчарскай службай і рацыянальнае выкарыстанне аўдыторнага фонду. Метадыст павінен рыхтаваць расклад здачы экзаменаў і залікаў і пры неабходнасці ўносіць ў яго неабходныя змены, ён абавязаны весці ўлік выканання  аўдыторнай вучэбнай нагрузкі, рыхтаваць і выдаваць залікова-экзаменацыйныя ведамасці і г. д. Пад кіраўніцтвам дэкана факультэта ці яго намесніка метадыст дэканата павінен складаць праекты дакументаў, якія суправаджаюць навучальны працэс – базавыя вучэбныя планы новых спецыяльнасцяў, рабочыя планы, размяркоўваць навучальную нагрузку паміж кафедрамі факультэта і іншымі факультэтамі ўніверсітэта, складаць комплексныя планы, графік вучэбнага працэсу.

Калектыву юрыдычнага факультэта пашчасціла ў тым, што з моманту яго заснавання, як у часы яго росквіту, так і пры неспрыяльных для развіцця ўмовах у 1990-х гадах, абавязкі памочніка дэкана, а затым і метадыста дэканата факультэта выконвала Варэйка (Герасімовіч) Крысціна Зігмундаўна. Яна выконвала сваю справу бездакорна, была ўзорам працавітасці і адказнасці, выконвала не толькі свае непасрэдныя абавязкі, але і дапамагала маладым супрацоўнікам, дзе парадай, а дзе і непасрэдна працай. Крысціна Зігмундаўна была заўсёды далікатнай і тактоўнай з выкладчыкамі і патрабавальна ставілася да студэнтаў, але пры гэтым ніколі не прыніжала іх годнасці. К.З. Варэйка – пачынальніца адной з сямейных дынастый на юрыдычным факультэце і ва ўніверсітэце. Пасля пераходу Крысціны Зігмундаўны на працу ў іншую навучальную ўстанову пасада метадыста дэканата факультэта была даверана Грыгенча (Герасімовіч) Марыне Мечыславаўне – пляменніцы Крысціны Зігмундаўны, якая прайшла добрую практыку пад яе непасрэдным кіраўніцтвам. Прычым гэты пераход быў настолькі натуральным і  заканамерным, што адбыўся незаўважна. Сёння здаецца, што Марына Мечыславаўна заўсёды працавала на пасадзе метадыста дэканата факультэта. Яна настолькі падобна ў стаўленні да працы, у адказнасці за даручаныя справы да Крысціны Зігмундаўны, што калі-нікалі выкладчыкі са стажам называюць яе не інакш, як Крысціна Зігмундаўна.

Кар’ерны рост метадыста дэканата звычайна звязаны альбо з выкладчыцкай працай, альбо з пераходам на працу ў вучэбна-метадычнае ўпраўленне ўніверсітэта.  Метадысты дэканата, якія маюць вышэйшую адукацыю і  адпаведную кваліфікацыю, праводзяць заняткі са студэнтамі.      Але ёсць і іншыя прыклады кар’ернага росту. Адзін з такіх “нетыповых”, але зайздросных у добрым сэнсе слова прыкладаў звязаны з асобай Марчук Алены Іванаўны, якая на працягу дзесяці гадоў працавала на розных пасадах на юрыдычным факультэце і з’яўлялася прыкладам сумленнасці і адказнасці за даручаную справу, самаадданасці ў выкананні службовых абавязкаў. Нягледзячы на інтэнсіўнасць працы на пасадзе метадыста, тым не менш,  яна скончыла завочнае аддзяленне нашага факультэта,  набыла грунтоўныя юрыдычныя веды і навыкі. Была запрошана на працу ў парадку пераводу ў вядучае ўпраўленне Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

Сярод метадыстаў юрыдычнага факультэта і ўніверсітэта асобнае месца займае постаць Удавічэнкі Веры Пятроўны. Яе нельга не заўважыць і з кімсьці пераблытаць. Асоба не проста неардынарная, а надзвычай таленавітая, для якой не існуе таямніц у арганізацыі навучальнага працэсу на завочным аддзяленні юрыдычнага факультэта. Яна ведае і памятае ўсё ці амаль усё, што тычыцца гісторыі факультэта, тысячы прозвішчаў студэнтаў-завочнікаў захоўваюцца ў яе памяці найлепш, чым у персанальным камп’ютары, лёс практычна кожнага з іх яна ведае. Працоўная дзейнасць Веры Пятроўны Удавічэнка на юрыдычным факультэце непарыўна звязана з завочным аддзяленнем факультэта з моманту яго адкрыцця.

Месца і роля Веры Пятроўны ў гісторыі юрыдычнай адукацыі на Гродзеншчыне патрабуе асобнага даследавання (дакладна, што не аднаго артыкула!). Вера Пятроўна Удавічэнка – па пасадзе метадыст вышэйшай катэгорыі дэканата юрыдычнага факультэта. Але па сваёй значнасці для арганізацыі вучэбнага працэсу яе ролю цяжка пераацаніць. На завочным аддзяленні вельмі шмат адрознага ад арганізацыі навучальнага працэсу ў параўнанні з дзённым аддзяленнем. І не проста адрознага, а таго, што робіць яго арганізацыю больш складанай і патрабуе значна большых высілкаў з боку метадыстаў і іншых асоб. Але ўсе складанасці і цяжкасці, якія звязаны і з значным павелічэннем колькасці студэнтаў-завочнікаў, і аб’ёму выконваемых метадыстамі абавязкаў у сувязі з увядзеннем новых формаў падрыхтоўкі спецыялістаў-юрыстаў і адкрыццём новых спецыяльнасцяў, заўсёды паспяхова пераадольваліся пры самым непасрэдным удзеле Веры Пятроўны.

Не адно пакаленне метадыстаў завочнага аддзялення юрыдычнага факультэта было выхавана Удавічэнка Верай Пятроўнай. Яны выказваюць ёй павагу і ўдзячнасць, а студэнты завочнага аддзялення, як слушна заўважыў былы прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Васілючак Міхаіл Вікенцьевіч, за спагадлівыя адносіны да іх называюць “матуляй” [2, c. 108].

Значная роля ў арганізацыі вучэбнага працэсу належыць вучэбна-дапаможнаму персаналу кафедраў, у складзе якога асобнае месца займае лабарант кафедры ці падобная пасада. Лабарант павінен ведаць кіруючыя, нарматыўныя і даведачныя матэрыялы; метадычную літаратуру па дысцыплінах кафедры; дзеючыя стандарты і тэхнічныя ўмовы на распрацоўваемую дакументацыю; ажыццяўляць падрыхтоўку па даручэнню выкладчыкаў дыдактычных і экзаменацыйных матэрыялаў; аказваць дапамогу выкладчыкам кафедры ў арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу; ажыццяўляць арганізацыю бібліяграфічнай працы, вывучэнне забяспечанасці студэнтаў вучэбнымі дапаможнікамі і падручнікамі; весці справаводства кафедры; забяспечваць выкладчыкаў кафедры неабходнымі матэрыяламі і абсталяваннем; аказваць дапамогу студэнтам у пошуку неабходнай літаратуры для курсавых і дыпломных прац, забяспечыць іх заданнямі для кантрольных прац.

Ветэранам лабаранцкагакорпуса юрыдычнага факультэта (і не толькі), своеасаблівай “легендай” і “талісманам” спачатку кафедры  тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, а затым кафедры тэорыі дзяржавы і права з’яўляецца Булькавец Ірына Ахрэмаўна. Яе імя назаўсёды звязана з гісторыяй юрыдычнага факультэта. Аб каларытнай асобе Ірыны Ахрэмаўны ўзгадваецца ў навуковых артыкулах [3, с. 5] , у біябібліяграфічным даведніку [3, с. 78] і ў гістарычным нарысе аб юрыдычным факультэце нашага ўніверсітэта [4, с. 59].

Наяўнасць у структурнага падраздзялення вучэбна-метадычных кабінетаў і лабараторый сведчыць аб узроўні арганізацыі і ажыццяўлення навучальнага працэсу і навукова-метадычным забеспячэнні навуковых даследаванняў. Такія структурныя адзінкі на юрыдычным факультэце пачалі стварацца на самым досвітку яго арганізацыі, іх структура развіваецца і сёння ў адпаведнасці з патрабаваннямі, якія вылучае практыка падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў. Самымі яркімі асобамі, якія працавалі раней і працягваюць працаваць  сёння ў вучэбных  лабараторыях і вучэбна-метадычных кабінетах факультэта, з’яўляюцца Далідовіч Яўген Мікалаевіч, Захарава (Пузырова) Валянціна Мікалаеўна,Салкевіч Наталля Мікалаеўна і Маліноўская (Гражынская) Вольга Мікалаеўна. 

Яўген Мікалаевіч Далідовіч – асоба яркая.  Да прыходу на сталую працу на юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ён прайшоў службу ў арміі, працаваў  у органах дзяржаўнай бяспекі краіны, а таму выдатна ведаў практыку следчай і аператыўнай працы праваахоўных органаў. Увесь свой практычны досвед Яўген Мікалаевіч заўсёды імкнуўся на самым высокім прафесійным і метадычным узроўнях перадаць студэнтам як дзённай, так і завочнай формаў навучання. Незаменным быў выхаваўчы эфект, які неслі з сабой яго заняткі. Асабліва ярка талент Яўгена Мікалаевіча раскрыўся, калі ён працаваў на пасадзе загадчыка лабараторыі тэхніка-крыміналістычных сродкаў кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі. Ён унёс важкі ўклад у яе стварэнне, найперш яе матэрыяльнай базы, і  пастаянна прывіваў студэнтам навыкі эфектыўнага выкарыстання тэхніка-крыміналістычных сродкаў. Падчас працы Яўгена Мікалаевіча Далідовіча на нашым факультэце практычная падрыхтоўка студэнтаў па дысцыплінах крыміналістычнага цыкла адпавядала самым высокім патрабаванням.

Лёс наканаваў Валянціне Мікалаеўне Захаравай (Пузыровай) вялікія выпрабаванні. Сказаць, што дзяўчыне, інваліду ад нараджэння з парушэннем апорна-рухаючай сістэмы, а затым і атрыманым астматычным захворваннем, у жыцці прыходзіцца вельмі цяжка – амаль нічога не сказаць. Тым не менш, яна выйшла замуж, нарадзіла і выхавала сына. Валянціна Мікалаеўна ніколі не губляла аптымізму, бадзёрасці духу і шчодра дзялілася сваёй дабрынёй з калегамі па працы. Працавітасці і адказнасці за даручаную справу ў Валянціны Мікалаеўны можна павучыцца. Яна дасканала авалодала тэхнікай машынапісу, а затым  і камп’ютарам, вельмі добра ведала працу лабаранта кафедры, адмыслова спраўлялася з вядзеннем дакументацыі, а пасля атрымання вышэйшай юрыдычнай адукацыі вяла заняткі са студэнтамі дзённай і завочнай формаў навучання.

Апошняя пасада, якую Валянціна Мікалаеўна Захарава займала на юрыдычным факультэце, – метадыст першай катэгорыі вучэбна-метадычнага кабінета заканадаўства і кадыфікацыі. Гэтая праца патрабавала адмысловых ведаў сістэмы ўліку заканадаўства, заканамернасцяў яго сістэматызацыі і кадыфікацыі, аказання дапамогі выкладчыкам і студэнтам у пошуку неадходнай нарматыўнай базы, вядзення картатэчнага і камп’ютарнага ўліку нарматыўных прававых актаў і артыкулаў у перыядычных выданнях. Валянціна Мікалаеўна на высокім узроўні і з вялікай адказнасцю выконвала свае службовыя абавязкі.

Сёння адной з самых маладых, але ўжо добра зарэкамендаваўшых сябе структур з’яўляецца вучэбна-метадычны кабінет юрыдычнага факультэта. Загадваць дадзенай структурнай адзінкай даручана Салкевіч Наталлі Мікалаеўне.Вопыт яе працы на пасадах вучэбна-дапаможнага персаналу кафедраў, высокі прафесійны ўзровень, юрыдычная адукацыя, атрыманая на дзённым аддзяленні нашага факультэта, адназначна вылучылі Наталлю Мікалаеўну на вядучыя пазіцыі ў справе навучальна-метадычнага забеспячэння  вучэбнага працэсу на нашым факультэце.  Яна, без перабольшвання, адказвае на факультэце за той участак справы, які сёння стварае трывалы падмурак юрыдычнай адукацыі  наступных дзесяцігоддзяў –  за інфарматызацыю навучальнага працэсу, за стварэнне электронных версій  вучэбна-метадычных комплексаў па дысцыплінах усіх кафедраў факультэта і размяшчэнне іх у электроннай сетцы ўніверсітэта.

Маліноўская Вольга Мікалаеўнапрацуе на пасадзе метадыста вучэбна-метадычнага кабінета юрыдычнага факультэта, але кола яе абавязкаў выходзіць далёка за яго межы. Яна адказвае найперш за метадычнае забеспячэнне той складовай часткі жыццядзейнасці юрыдычнага факультэта, якая з моманту заснавання нашай структурнай адзінкі заўсёды была яе візітнай карткай, – навуковай працы прафесарска-выкладчыцкага складу, аспірантаў, магістрантаў і студэнтаў.

Сумесна з намеснікам дэкана па навуковай працы Вольга Мікалаеўна адказвае за арганізацыю навуковых мерапрыемстваў – навуковых і навукова-практычных канферэнцый міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўняў, навуковых семінараў і алімпіяд; яна каардынуе распрацоўку і выкананне планаў навукова-даследчых работ факультэта і кафедраў. Вольга Мікалаеўна адказвае за арганізацыю ўдзелу студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў у навуковых мерапрыемствах за межамі факультэта і ўніверсітэта.

Дасканалае веданне сваёй справы, працавітасць і адказнасць вылучаюць сціплую ў адносінах з калегамі па працы супрацоўніцу. Вольга Мікалаеўна не проста забяспечвае высокі арганізацыйна-метадычны ўзровень правядзення навуковых мерапрыемстваў, але і асвятляе іх ход, адказвае за размяшчэнне навуковых матэрыялаў на старонках навуковага часопіса “Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы”. Самастойная рубрыка навуковага часопіса  пад назвай “Хроніка навуковага жыцця” цалкам забяспечваецца Вольгай Мікалаеўнай Маліноўскай.                    

Наяўнасць акадэмічнай бібліятэкі з’яўляецца адной з самых значных складовых частак любой вышэйшай навучальнай установы, а класічнага ўніверсітэта – тым больш. У самых вытокаў фармавання акадэмічнай бібліятэкі на юрыдычным факультэце, якой на момант адкрыцця Гродзенскага ўніверсітэта ўвогуле не  існавала, стаяла Жураўлёва Крысціна Пятроўна. І ў тым, што неблагая акадэмічная бібліятэка зараз на юрыдычным факультэце існуе, ёсць заслуга гэтай сціплай і працавітай жанчыны. У бібліятэчнай справе для Крысціны Пятроўны не існуе таямніц. Яна можа знайсці патрэбнае навуковае і вучэбнае выданне нават пры ўмове, калі яно па нейкіх прычынах не ўнесена ў каталог выданняў, але ёсць у бібліятэчных фондах. Беражлівае стаўленне да бібліятэчных фондаў юрыдычнай літаратуры Крысціны Пятроўны – гэта натуральная і  заканамерная рэакцыя з боку асобы, якая выдатна ведае, якіх высілкаў ўсяго калектыву выкладчыкаў і супрацоўнікаў каштавала і каштуе стварэнне гэтай бібліятэкі. Яе сённяшнія клопаты аб развіцці акадэмічнай юрыдычнай бібліятэкі сведчаць аб адданасці справе, бачанні перспектыў і шляхоў удасканалення бібліятэчнай справы.

Адной зключавых пасаду адміністрацыйна-гаспадарчай сістэме ўніверсітэта з’яўляецца пасада каменданта (вучэбнага корпуса, інтэрната і г. д.). Камендант адказвае за супрацьпажарны і санітарны стан замацаванай тэрыторыі; за ўлік і захаванне абсталявання і іншых матэрыяльных каштоўнасцяў;  за стан вадаправода, каналізацыі, ацяплення і іх своечасовы рамонт; за эканомны расход электраэнергіі, за рамонт абсталявання і яшчэ за шмат чаго іншага. Натуральна, што асоба, якая займае дадзеную пасаду, ніколі не бывае не заўважнай ні кіраўнікамі ўніверсітэта, ні выкладчыкамі, ні тым больш студэнтамі. Да каменданта заўсёды існуюць пытанні і, безумоўна, прэтэнзіі. 

Перакананы ў тым, што кожны з выкладчыкаў юрыдычнага факультэта пагадзіцца, што Вярбіцкая Валянціна Гаўрылаўна,якая была камендантам корпуса № 2 універсітэта, які размяшчаецца па зав. Даватара, 3/1, была асобай яркай, каларытнай, запамінальнай, часта парывістай і рэзкай, але заўсёды шчырай і непасрэднай, адкрытай і справядлівай. Яна паважліва і далікатна ставілася да выкладчыкаў, была строгай і патрабавальнай да студэнтаў, асабліва да тых, хто парушаў правілы паводзінаў у навучальным корпусе ці на прылеглай дакорпуса тэрыторыі. Такім студэнтам ад Гаўрылаўны(так звалі яе паміж сабой выкладчыкі і супрацоўнікі) патуранняў не было.

Перакананы, што чытач, а тым больш супрацоўнік юрыдычнага факультэта і Гродзенскага ўніверсітэта, пагадзіцца з аўтарам у тым, што на кожнай з самых адказных пасад вучэбна-дапаможнага і адміністрацыйна-гаспадарчага персаналу, у бібліятэцы і г. д. з моманту заснавання юрыдычнага факультэта знаходзіліся асобы, якія па сваіх асабістых і прафесійных якасцях найлепшым чынам вырашалі задачы стварэння на Гродзеншчыне і ў дзяржаве ўвогуле  знакамітага юрыдычнага факультэта, аб якім сёння ведаюць далёка за межамі нашай краіны. Гэта сведчыць аб тым, што кіраўніцтву ўніверсітэта і факультэта з пачатку падрыхтоўкі спецыялістаў-юрыстаў у нашай установе ўдалося стварыць збалансаваны калектыў выкладчыкаў і супрацоўнікаў, дакладна сфармуляваць патрабаванні, акрэсліць мэты і задачы, якія паспяхова дасягаліся і вырашаліся ва ўсе часы развіцця юрыдычнага факультэта.