СОКАЛ Сцяпан Фёдаравіч
^ Вверх

 СОКАЛ Сцяпан Фёдаравіч

Прафесар, доктар юрыдычных навук. Нарадзіўся 8 студзеня 1943 года ў вёсцы Шавялі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, беларус. У 1967 годзе скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. Працаваў памочнікам пракурора Чэрыкаўскага раёна. У 1971 – 1974 і 1981 – 1985 гадах працаваў у Інстытуце філасофіі і права АН Беларускай ССР. У 1974 – 1977 гадах працаваў на кафедры філасофіі ў Мінскім радыётэхнічным інстытуце. У 1977 – 1981 гадах працаваў інспектарам Міністэрства вышэйшай адукацыі Беларускай ССР. Скончыў аспірантуру Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР пад кіраўніцтвам знакамітага беларускага навукоўца Юхо Іосіфа Аляксандравіча і абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Сацыялагічная і палітычная думка ў Беларусі ў другой палове ХVI ст.». З 1985 па 1990 г. узначальваў кафедру тэорыі і гісторыі дзяржавы і права і адначасова працаваў дэканам факультэта правазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Доктарскую дысертацыю на тэму «Развіццё палітыка-прававой думкі Беларусі ў ХVI – ХVII стагоддзях» абараніў  у 1987 годзе. У 1989 годзе прысвоена званне прафесара. Першым на факультэце правазнаўства пачаў чытаць лекцыі на беларускай мове. У 1990 годзе перайшоў на працу ў Саюз юрыстаў Беларусі, які ўзначальваў з 1990 па 1993 г. Заснаваў недзяржаўны Інстытут правазнаўства і доўгі час працаваў рэктарам гэтай установы. Прафесар Сокал С.Ф. – знакаміты арганізатар беларускай юрыдычнай навукі і адукацыі. Пад кіраўніцтвам Сцяпана Фёдаравіча Сокала факультэт правазнаўства і кафедра тэорыі і гісторыі дзяржавы і права набылі аўтарытэт у Беларусі і за яе межамі, сталасць у арганізацыі навучальнага працэсу і навуковай дзейнасці. Асноўныя навуковыя працы прысвечаны даследаванню развіцця сацыялагічнай, палітычнай і прававой думкі Беларусі.