ГУШЧЫН Іван Вітальевіч
^ Вверх

 ГУШЧЫН Іван Вітальевіч

Прафесар, доктар юрыдычных навук, загадчык кафедры дзяржаўнага, працоўнага і сельскагаспадарчага права. Нарадзіўся 17 снежня 1934 г. у в. Стары Спор Усохскага сельсавета Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці, беларус. У гады Вялікай Айчыннай вайны разам з бацькамі знаходзіўся ў партызанскім атрадзе і выконваў розныя даручэнні камандавання. З 1945 г. жыў і выхоўваўся ў дзіцячым доме ў в. Несята Клічаўскага раёна,  з 1947 г. – у дзіцячым доме г. Баранавічы. З сёмага класа сумяшчаў працу з вучобай у школе працоўнай моладзі № 1 г. Баранавічы, якую скончыў у 1953 годзе. У 1953 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. Са жніўня 1958 па сакавік 1959 г. працаваў следчым-стажорам пракуратуры Ашмянскага раёна Мінскай вобласці. У 1959 г. быў прызначаны следчым пракуратуры Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, у жніўні 1961 г. – пракурорам Мядзельскага раёна, у верасні 1963 г. – міжраённым пракурорам Вілейскага раёна. З кастрычніка 1965 па сакавік 1967 г. навучаўся ў аспірантуры Усесаюзнага завочнага юрыдычнага інстытута ў г. Маскве пад кіраўніцтвам прафесара, доктара юрыдычных навук В.С. Андрэева, якую скончыў з датэрміновай абаронай кандыдацкай дысертацыі 10 сакавіка 1967 г. Пасля заканчэння аспірантуры быў накіраваны на працу старшым выкладчыкам Калініградскага філіяла  Усесаюзнага юрыдычнага завочнага інстытута ў г. Калінінградзе, на базе якога быў сфармаваны эканоміка-прававы факультэт Калінінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1971 г. было прысвоена званне дацэнта. З 1971 па 1976 г. працаваў вызваленым сакратаром партыйнага камітэта Калінінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта.   У чэрвені 1976 г. быў запрошаны на працу ў Карагандзінскі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе працаваў на пасадзе загадчыка кафедры грамадзянскага і працоўнага права.  З ліпеня 1978 г. працуе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. Працаваў на пасадах дацэнта кафедры гісторыі СССР і БССР і выконваў абавязкі дэкана юрыдычнага факультэта на грамадскіх пачатках (1978 – 1979  гг.); загадчыка кафедры дзяржавы і права аддзялення правазнаўства гістарычнага факультэта (1979 – 1980  гг.); загадчыка кафедры працоўнага, грамадзянскага права і працэсу (1980 – 1984 гг.); дацэнта кафедры працоўнага, грамадзянскага права і працэсу. У 1988 г.  прызначаны на пасаду загадчыка кафедры дзяржаўнага, працоўнага і сельскагаспадарчага права. З 1991 па 1994 г. з’яўляўся дэканам факультэта правазнаўства, з 1994 па 1996 г. –  дэканам факультэта права і эканомікі. З 2002 па 2003 г. працаваў на пасадзе дэкана юрыдычнага факультэта.

Доктарская дысертацыя была абаронена ў 1987 годзе ў Інстытуце філасофіі і права Акадэміі навук Казахскай ССР, у 1988 годзе быў выдадзены дыплом доктара юрыдычных навук. У  1990 годзе прысвоена званне прафесара. У чэрвені 2003 г. абраны членам-карэспандэнтам, у 2004 г. – акадэмікам Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўніцкіх навук г. Мінска. Больш за 10 гадоў з’яўляецца членам спецыялізаванага Cавета па абароне дысертацый пры дзяржаўнай навуковай установе “Інстытут дзяржавы і права Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”. Удзельнічае ў падрыхтоўцы заключэнняў на праекты заканадаўчых і іншых нарматыўных прававых актаў.  Адзначаны знакам «Выдатнік вышэйшай школы Расійскай Федэрацыі». Узнагароджаны медалямі «Ветэран працы» і «Партызан Вялікай Айчыннай вайны», Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта  і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У 2005 г. Указам Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь быў удастоены персанальнай надбаўкі за выдатны ўклад у развіццё вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Стварыў навуковую школу «Абарона сацыяльных, працоўных, аграрных, зямельных і прыродарэсурсных правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь», якая зарэгістравана і атэставана НАН Беларусі. Пад навуковым кіраўніцтвам прафесара, доктара юрыдычных навук Гушчына І.В. абаронена 10 кандыдацкіх дысертацый.    З’яўляецца аўтарам больш за 200 навуковых прац, у іх ліку манаграфіі, навучальныя дапаможнікі, падручнікі, а таксама навуковыя артыкулы і тэзісы навуковых дакладаў.       У 2009 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб’яўлена падзяка за уклад у развіццё ў краіне вышэйшай адукацыі і падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў юрыстаў, уклад у развіццё юрыдычнай навукі ў Рэспубліцы Беларусь.