СІЛЬЧАНКА Мікалай Уладзіміравіч
^ Вверх

 СІЛЬЧАНКА Мікалай Уладзіміравіч

Прафесар, доктар юрыдычных навук, дэкан юрыдычнага факультэта.

Нарадзіўся 4 сакавіка 1954 года ў пасёлку Чырвоны Свет Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці, беларус. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Пянчынскай і Глазаўскай сярэдніх школах. У 1971 годзе паступіў у Калінінградскі дзяржаўны ўніверсітэт (зараз Расійскі дзяржаўны ўніверсітэт імя І. Канта) на эканоміка-прававы факультэт. Універсітэт скончыў у 1975 годзе датэрмінова па спецыяльнасці “Правазнаўства” і атрымаў дыплом юрыста з адзнакай. У 1976 – 1978 гг.  праходзіў службу ў Савецкай Арміі. У 1976 годзе паступіў і ў 1981 годзе скончыў аспірантуру Інстытута дзяржавы і права АН СССР  па спецыяльнасці 12. 00. 01 – тэорыя і гісторыя дзяржавы і права; гісторыя палітычных і прававых вучэнняў пад навуковым кіраўніцтвам заслужанага юрыста Расійскай Федэрацыі, прафесара, доктара юрыдычных навук Паленінай Святланы Васільеўны.

Кандыдацкую дысертацыю на тэму “Научные основы типологии нормативных правовых актов” абараніў у спецыялізаваным Савеце па абароне доктарскіх дысертацый Д 002.09.01 у Інстытуце дзяржавы і права АН СССР у 1981 г.  Вучонае званне дацэнта прысвоена ў 1988 годзе. У 1989 – 1992 гг. знаходзіўся ў дактарантуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Доктарскую дысертацыю на тэму «Проблемы верховенства закона»  абараніў у спецыялізаваным Савеце Д 057.03.07 па прысуджэнню вучонай ступені доктара юрыдычных навук пры Беларускім дзяржаўным універсітэце ў 1993 годзе. Абедзве  дысертацыі абаронены па спецыяльнасці 12.00.01 – тэорыя і гісторыя дзяржавы і права; гісторыя палітычных і прававых вучэнняў. Вучонае званне прафесара прысвоена ў 1995 годзе.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце працуе з 1 верасня 1982 года. Працаваў старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, з 13 сакавіка 1993 года па жнівень 2008 года – загадчык  кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, з верасня 2009 года – загадчык кафедры тэорыі дзяржавы і права. З 28 чэрвеня 2010 года – дэкан юрыдычнага факультэта.

Апублікаваў у беларускіх і расійскіх выданнях, у выданнях краін далёкага замежжа і краін СНД больш за 200 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій, 12 вучэбных дапаможнікаў і тэкстаў лекцый. Выдаў два аўтарскія  навучальныя дапаможнікі з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Аўтар  больш за 100 артыкулаў у навуковых часопісах Рэспублікі Беларусь, Францыі, Расійскай Федэрацыі, Украіны, Польшчы, Літвы, Туркменістана.  Шэраг прац знаходзіцца ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы і бібліятэцы КангрэсаЗША.

Пад навуковым кіраўніцтвам  прафесара М.У. Сільчанкі  былі распрацаваны тры асобныя праекты ў межах дзяржаўных навуковых праграм фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў.  Прафесар М.У. Сільчанка з’яўляецца адным з распрацоўшчыкаў сучаснай канцэпцыі юрыдычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, прымаў асабісты ўдзел у распрацоўцы  канцэпцыі ўдасканалення заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якая была зацверджана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 10 красавіка 2002 года № 205 і аказала значны ўплыў на ўдасканаленне прававой сістэмы Беларусі, праватворчай і правапрымяняльнай практыкі, правядзенне навуковых даследаванняў па праблемах тэорыі права і дзяржавы і галіновых юрыдычных навук.

Прафесар М.У. Сільчанка – старшыня першага ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы і на Гродзеншчыне ўвогулле Савета па абароне кандыдацкіх дысертацый К 02.14.01. Член экспертнага савета ВАК Рэспублікі Беларусь па юрыдычных навуках. Адказны рэдактар часопіса “Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы”. – Серыя 4, Правазнаўства.

Прафесар М.У. Сільчанка  – заснавальнік і кіраўнік навукова-педагагічнай школы па фундаментальных праблемах агульнай тэорыі права і дзяржавы і прыкладных прававых даследаваннях. Пад навуковым кіраўніцтвам прафесара М.У. Сільчанкі  абаронена дванадцаць кандыдацкіх дысертацый.

2 лістапада 2009  года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 528 за шматгадовую плённую працу, значныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, заслугі ў развіцці навукі і адукацыі прафесар М.У. Сільчанка ўзнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”.