УДК 371.65
С.Д. Грынько
аспірант кафедры педагогики
(навуковы кiрўанiк – В.М. Дарошка, дацэнт кафедры педагогікі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт)
РОЛЯ ШКОЛЬНАГА МУЗЕЯ Ў ПРАЦЭСЕ ВЫХАВАННЯ ВУЧНЯЎ
В статье определяется цель, задачи и специфика деятельности школьного музея, его роль в воспитании моральных качеств, патриотических чувств школьников. На примере деятельности школьного музея в средней школе № 16 показывается разносторонняя музейно-педагогическая деятельность данного социального института и его роль в процессе воспитания учащихся. В статье также представлены методические рекомендации по созданию музея класса.
На сённяшні дзень большасць школ нашага горада і вобласці маюць музеі. Гэта гаворыць аб тым, што і кіраўніцтва ўстаноў адукацыі, і самі настаўнікі разумеюць неабходнасць выкарыстання сродкаў музея ў навучанні і выхаванні школьнікаў. Асноўнымі задачамі, якія могуць вырашыць пры гэтым педагогі, з’яўляюцца: выхаванне патрыятычных пачуццяў у навучэнцаў, любові і гонару за сваю Радзіму, фарміраванне духоўна багатай асобы праз далучэнне яе да нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей.
Неабходна нагадаць, што музей – установа, якае займаецца збіраннем, вывучэннем, захоўваннем і паказам прадметаў і дакументаў, якія характарызуюць развіццё прыроды і чалавечага грамадства і ўяўляюць гістарычную, навуковую ці мастацкую каштоўнасць. У дзейнасці школьнага музея захаваны ўсе асноўныя функцыі гэтага сацыяльнага інстытута, але яго праца ў першую чаргу скіравана на павышэнне эфектыўнасці адукацыйнага працэсу (навучання і выхавання), развіццё пазнавальнай і творчай актыўнасці навучэнцаў, на фарміраванне ў іх каштоўнасна-арыентаваных адносін да культурна-гістарычнай спадчыны і далучэнне да яе.
Школьныя музеі ўзнікалі спачатку як калекцыі, якія размяшчаліся ў міжпрадметных кабінетах, дзе захоўваліся навучальна-наглядныя дапаможнікі па гісторыі і прыродзе роднага краю, якія збіраліся і афармляліся самімі навучэнцамі (гербарыі, мінералы, фатаграфіі, запісы ўспамінаў і іншыя прадметы і дакументы), затым яны атрымоўвалі шырокае распаўсюджанне ў педагагічнай практыцы як эфектыўны сродак аптымізацыі працэсаў навучання і выхавання.
Менавіта таму яшчэ ў снежні 2002 года Пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь было зацверджана Палажэнне аб музеі ўстановы адукацыі, якое рэгламентуе дзейнасць гэтых ўстаноў і дакладна акрэслівае задачы дадзеных музеяў[1].
Згодна гэтаму палажэнню задачамі школьнага музея (як і любой іншай падобнай структуры установы адукацыі) з’яўляюцца: вывучэнне і асэнсаванне гісторыі і культуры ў мэтах развіцця інтэлектуальных, маральных, культурных і творчых магчымасцей навучэнцаў, выхавання ў іх нацыянальнай самасвядомасці, далучэння іх да нацыянальнай і агульначалавечай культуры; удзел ва ўдасканаленні вучэбна-выхаваўчай работы; ахова і прапаганда помнікаў гісторыі, культуры, прыроды роднага краю; правядзенне культурна-асветніцкай работы сярод навучэнцаў, бацькоў, насельніцтва [1].
Прынцыпы працы, на якіх заснавана дзейнасць школьнага музея, вызначаюць як яго адметнасць, так і асноўныя накірункі дзейнасці: сістэматычная сувязь з адукацыйным працэсам; апора на самастойнасць і творчую ініцыятыву навучэнцаў; строгі ўлік, правільнае захоўванне і экспанаванне сабраных матэрыялаў; правядзенне навуковага і навучальна-даследчага пошуку; падтрыманне пастаяннай сувязі з грамадскімі арганізацыямі, з іншымі педагагічнымі калектывамі і музеямі навучальных устаноў, з ветэранамі вайны і працы; выкарыстанне ў адукацыйным працэсе разнастайных прыёмаў і формаў музейна-педагагічнай дзейнасці: музейных урокаў, школьных лекцый, семінараў, навукова-практычных канферэнцый, пошукавай і праектнай дзейнасці і інш.; забеспячэнне адзінства пазнавальнага і эмацыйнага пачаткаў ва ўтрыманні экспазіцый, правядзенні экскурсій, ва ўсёй дзейнасці музея.
Дадзеныя прынцыпы забяспечваюць максімальнае збліжэнне адукацыйнага працэсу з “жывымі” прадметамі культурнага багацця народа, фактамі гісторыі, стымулюючы адначасова актыўную пазнавальную дзейнасць вучняў. Таму актыўнае выкарыстанне сродкаў школьнага музея дапамагае настаўніку найбольш эфектыўна арганізаваць працэс выхавання школьнікаў, які павінен адпавядаць асноўным заканамернасцям гэтага працэсу: уключэнне асобы ў дзейнасць, стымуляванне асобы вучня ў арганізуемай дзейнасці, улік узроставых і індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў, выхаванне ў калектыве і праз калектыў [2, С.83-94].
Цікавым прыкладам у выкарыстанні выхаваўчага патэнцылу школьнага музея можа стаць праца педагогаў СШ № 16 г. Гродна ў створаным у гэтай установе мінералагічным музеі “Карат”. У дваццаці вітрынах гэтай невялікай установы культуры прадстаўлены пародастваральныя, неметалічныя, металічныя, каляровыя, дэкаратыўныя мінералы і горныя пароды, а таксама вырабы, створаныя навучэнцамі студыі-майстэрні па мастацкай апрацоўцы каменя. У сістэму працы дадзенага школьнага музея, які ў 2007 годзе атрымаў статус народнага, уваходзяць: падрыхтоўка тэкстаў тэматычных экскурсій і гутарак, паведамленняў да ўрокаў геаграфіі, гісторыі, хіміі і выяўленчага мастацтва; правядзенне аглядных і тэматычных экскурсій, лекцый і гутарак, дзён адкрытых дзвярэй; апрацоўка і апісанне зноў паступіўшых экспанатаў; падрыхтоўка калекцыі для выязных выстаў і інш. [3]
Як бачым, дадзены музей цесным чынам звязаны з адукацыйным працэсам школы, асноўная яго дзейнасць накіравана на фарміраванне навыкаў даследчай працы вучняў, на развіццё ў іх камунікатыўных кампетэнцый і творчых здольнасцей. Уся дзейнасць гэтага школьнага музея скіравана на выхаванне пачуцця адказнасці за захаванне прыродных багаццяў свайго краю, гонару за сваю Бацькаўшчыну.
Мінералагічны музей “Карат” у СШ № 16 г.Гродна стаў месцам сустрэчы ўдзельнікаў творчых студый горада, ветэранаў мікрараёна, педагагічнай працы, тым самым пашыраючы выхаваўчую прастору дадзенай навучальнай установы і рэалізуючы асноўную мэту дзейнасці школьнага “храма муз” – выхаванне патрыятычных пачуццяў, любові і павагі да сваёй краіны.
Настаўнік павінен у сваёй педагагічнай працы выкарыстоўваць выхаваўчы патэнцыял музея, які ў дачыненні да школьнай установы, на наш погляд, павінен складацца з трох частак: праца па стварэнню музея; распрацоўка экскурсій (сістэматызацыя музейных прадметаў, складанне плана і напісанне экскурсій); педагагічнае суправадждэнне правядзення экскурсій вучнямі.
Даволі аб’ёмная праца па стварэнню музея (ці гэта невялікі музей класа, ці школьны музей з некалькімі тэматычнымі выставамі) павінна абапірацца на веданне спецыфікі дзейнасці гэтай установы культуры і на валоданне асновамі выкарыстання сродкаў “храма муз” у педагагічным працэсе. Найперш трэба вызначыцца, якога профілю будзе музей: гістарычны, літаратурны, навукова-тэхнічны (прысвечаны якой-небудзь галіне навукі і тэхнікі), мастацкі, прыродазнаўчы, ці, наогул, будзе мець комплексны характар (змяшчаць у сабе экспазіцыі па прыродзе, гісторыі, эканоміцы, культуры роднага краю). Калі мы ствараем музей класа, то профіль музея – гістарычны, і фонд яго можа змяшчаць: археалагічныя матэрыялы, здабытыя ў выніку раскопак, а таксама выпадковыя знаходкі; этнаграфічныя прадметы, у тым ліку прадметы народнага побыту; нумізматычныя прадметы і зборы, прадметы баністыкі, геральдыкі; навуковыя і бытавыя прылады і інструменты; узоры працы, узоры прадукцыі; зброя, сцягі, абмундзіраванне; прадметы побыту і адзення, музычныя інструменты; творы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія маюць дакументальнае, мемарыяльнае ці мастацкае значэнне; фотаграфічныя матэрыялы, якія маюць дакументальнае, мемарыяльнае і мастацкае значэнне; кнігі рукапісныя, старадрукаваныя, рэдкія выданні XVII – XX стагоддзяў; рукапісныя і друкаваныя дакументы; дакументальныя і мастацкія кінаматэрыялы; мемарыяльныя прадметы дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, выдатных прадстаўнікоў навукі і культуры.
Заўважым, што чым меншы музей, тым большае значэнне набывае навукова-дапаможны фонд, да якога адносяцца розныя ўзнаўленні (фотакопіі, злепкі, муляжы, макеты), копіі, рэканструкцыі, мапы, дыярамы, схемы, планы, а таксама іншыя матэрыялы, вырабленыя ці набытыя музеем падчас камплектавання фондаў, вывучэння ці экспанавання музейных прадметаў.
Наступны этап працы заключаецца ў стварэнні савета музея, які павінен каардынаваць дзейнасць вучняў па стварэнні музея, а пасля кіраваць ўсёй яго працай; вырашаць пытанні камплектавання фондаў; разглядаць і зацвярджаць перспектыўныя і каляндарныя планы работы, тэматыка-экспазіцыйныя планы; весці падрыхтоўку экскурсаводаў, лектараў і г.д.
Савет музея можа змяшчаць у сабе некалькі аддзелаў па накірунках дзейнасці (сектараў): сектар пошукавай працы, фондавы сектар, сектар экспазіцый і выстаў, сектар экскурсаводаў, сектар масавай і прапагандысцкай працы, сектар перапіскі.
З гэтай мэтай пры стварэнні музея класа, на нашу думку, неабходна выдзеліць актыў вучняў, у які павінны ўваходзіць: стараста класа (каардынатар паміж настаўнікам і актывам); рэдкалегія (2 чалавекі адказныя за афармленне альбомаў, якія будуць служыць экспазіцыямі); адказныя за збор і афармленне тэкстаў (2 чалавекі, здольныя пісаць творчыя тэксты і іх перапрацоўваць); вядучы экскурсавод (чалавек, які будзе распрацоўваць і праводзіць экскурс у гістрыю класа).
Збіраць матэрыялы (фотаздымкі, малюнкі, сачыненні) неабходна спачатку ў папкі, потым афармляць у альбом з адпаведнымі надпісанамі: тэма, якой прысвечана старонка гісторыі групы; дата падзей, якія адлюстраваны; прозвішча, імя, імя па-бацьку людзей, якія адлюстраваны на фотаздымках, малюнках, пісалі сачыненні-мініацюры, эсэ, кароткія звесткі пра гэтых асоб.
Збіраць прадметы, падараныя школьнікамі, неабходна ў асобных каробках, запісваючы ў сшытак, хто і калі падарыў іх музею, пазначаючы на які час ці назаўсёды.
Абавязкова патрэбна весці партфолио, у якім павінна быць характарыстыка музея класа па прыкладным плане: дата стварэння музея, кіраўнік музея (класны кіраўнік, настаўнік-прадметнік), савет музея (члены сфармаванага актыва), змест экспазіцыі (пералічаныя тэматычныя выставы), формы і змест работы музея (экскурсіі, пошукава-даследчыцкая праца, выкарыстанне матэрыялаў музея ў навыучальна-выхаваўчай працы, правядзенне семінараў, чытанняў, конкурсаў і інш.).
Любы школьны музей, на наш погляд, павінен: падводзіць вынікі і афармляць матэрыялы пасля экскурсій і турыстычных паходаў; падтрымліваць сувязь з навукоўцамі, навуковымі установамі і іншымі музеямі, мець перспектывы развіцця музея і кіравацца ёю ў сваёй дзейнасці, планаваць работу савета музея, рабіць справаздача аб працы музея, сабраныя матэрыялы і часовыя выставы афармляць у класе: у шафе або на стэндзе.
Такім чынам, абапіраючы на творчую пошукавую працу вучняў, сумесна з якімі распрацоўаваючы экскурсіі і актыўна іх укараняючы ў адукацыйны працэс, можна сфарміраваць навыкі навукова-даследчай працы ў вучняў, развіць іх уменне працаваць і будаваць зносіны ў калектыве. Дзякуючы таму, што навучэнцы актыўна ўключаюцца ў дзейнасць па збіранні, вывучэнні, апісанні экспанатаў, у іх выхоўваецца любоў і павага да ўсяго, што звязана з родным краем: гісторыі, культуры, людзей, мовы.
The article defines the purpose, objectives and specific activities of the school museum, its role in the education of moral character, patriotism pupils. We show a versatile museum and educational activities of this social institution and its role in the education of pupils on the example of a school museum in secondary school number 16. This article also presents guidelines for the establishment of the museum class.
Спіс літаратуры
- Пастанова Мiнiстэрства Адукацыi Рэспублiкi Беларусь ад 4 снежня 2002 г. № 52 “Аб зацвярджэннi палажэння аб музеi ўстановы адукацыi”. Рэжым доступу: http://adu.by/vospitanie/item/4841-палажэнне-аб-музеi-ўстановы-адукацыi-ад-4-122002г-№52.html. Дата 24.04.13.
- Харламаў, І.Ф. Педагогіка: Падручнік для пед. ВНУ / І.Ф.Харламаў. – Мiнск.: Універсітэцкае, 1996. – 511 с.
- Школьный народный минералогический музей “Карат”. Рэжым доступу: http://karat.mygrodno.com. Дата 24.04.13.