Лойка М.І. ПАВЫШЭННЕ МАТЫВАЦЫІ ВЫВУЧЭННЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАХ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
^ Вверх

УДК 373.3.37.091.32:811.161.3

М.І. Лойка

студэнтка 5 курса педагагічнага факультэта

(навуковы кіраўнік – А.М. Лапкоўская, дацэнт кафедры лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання, кандыдат філалагічных навук, дацэнт)

 

ПАВЫШЭННЕ МАТЫВАЦЫІ ВЫВУЧЭННЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАХ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

 

В данной статье рассматриваются некоторые этапы урока, направленные на повышение мотивации изучения белорусского языка, на формирование взгляда учащихся на родной язык как на фундаментальную ценность белорусского народа.

 

Авалоданне дзецьмі беларускай мовы – адзін э элементаў фарміравання асобы дзіцяці, засваенне ім нацыянальнай культуры, станаўлення нацыянальнай самасвядомасці. Мэта навучання беларускай мове – выхаванне ў дзяцей любові і павагі да роднага слова, фарміраванне чуйнасці да моўных нормаў і сродкаў выразнасці, развіццё адпаведнай моўнай здольнасці.

Але існуюць пэўныя складанасці. У наш час беларуская мова, на жаль, страчвае сваю былую значнасць. Для большасці малодшых школьнікаў нашай краіны першай мовай, якую яны чуюць ад бацькоў, з’яўляецца руская мова. Сапраўднае беларускае асяроддзе для іх звычайна адсутнічае. Таму ўзнікла сітуацыя, калі родная мова не з’яўляецца мовай дзіцячага мыслення. У творах беларускіх пісьменнікаў ёсць нямала выказванняў пра мову, у якіх яны заклікаюць авалодваць яе таямніцамі і старанна берагчы яе залатыя россыпы. Так, Максім Горкі лічыў, што ўсім трэба добра ведаць сваю родную мову і словы неабходна ўжываць з дакладнасцю самай строгай. Многім вядома і сцвярджэнне А.М. Талстога: «Мова – гэта сродак мыслення. Абыходзіцца з мовай абы-як – значыць і мысліць абы-як: недакладна прыблізна, няправільна» [1].

Але з настаўніцкага вопыту вядома, што нельга навучыць школьніка, калі ён раўнадушны, абыякавы, не бачыць патрэбы ў набыцці ведаў. Таму першачарговай задачай настаўніка па ўзбагачэнні слоўніка вучняў у сучасных умовах з’яўляецца павышэнне матывацыі да вывучэння роднай мовы, фарміраванне ў школьнікаў погляду на беларускую мову як на фундаментальную каштоўнасць нашага народа, абуджэнне павагі да беларускага слова, працэсу пазнання, імкненне спасцігаць нацыянальную культуру.

Як вядома, матыў – гэта тое, што натхняе, накіроўвае чалавека да пэўнай дзейнасці. Калі ж не ведаеш матываў, то цяжка зразумець, чаму дзіця імкнецца да нечага іншага, а не да таго, што прапануе яму настаўнік.

У псіхолага-педагагічнай літаратуры вызначаюцца два тыпы матывацыі: знешні і ўнутраны. Знешні – гэта такі тып, калі вучань ведае, што за добрую і старанную вучобу ён будзе заахвочаны: напрыклад, бацькі купяць яму “ролікі”, веласіпед ці камп’ютэр. Зразумела, што пры такой умове вучань пачне праяўляць актыўнасць на занятках, стане больш старанна выконваць дамашнія заданні, каб атрымаць высокі бал. Аднак падобныя імкненні хутчэй за ўсё будуць праяўляцца толькі да адпаведнага моманту – атрымання абяцанага.

Унутраны тып матывацыі можна часта назіраць у паводзінах вучняў пачатковых класаў, якія імкнуцца сваёй паспяховай вучобай парадаваць дарослых. Але з узростам і гэты матыў страчвае сваю актуальнасць.

Безумоўна, паспяховай з’яўляецца тая матывацыя, якая заахвочвае школьніка да адпаведнай дзейнасці з мэтай свядомага пашырэння і паглыблення сваіх ведаў, павышэння свайго культурнага ўзроўню. Фарміраванне матываў вучыцца – гэта ў першую чаргу стварэнне на ўроках мовы і літаратуры ўмоў для праяўлення ўнутраных імкненняў школьніка да навучання. Унутраная матывацыя, незалежная ад знешніх фактараў, з’яўляецца важнай умовай паспяховай вучобы. Але што рабіць, калі яна адсутнічае?

У псіхолага-педагагічнай літаратуры ёсць цэлы пералік распрацаваных спосабаў павышэння ўнутранай матывацыі ў навучальным працэсе. Настаўнікам і бацькам рэкамендуецца:

1) не навязваць школьніку сваіх вучэбных мэт “зверху”. А калі раптам яны пастаўлены, то павінны быць зразумелымі і ўнутрана прынятымі вучнем – набыць значнасць для яго асобы. Менавіта сумесная работа па вызначэнні мэт і задач стане больш эфектыўнай у навучальным працэсе. Мэта настаўніка павінна зрабіцца мэтаю вучня;

2) як мага часцей выкарыстоўваць гульнёвыя формы дзейнасці, а не спаборніцтва;

3) вучэбныя заданні да ўрока пажадана падбіраць з элементамі навізны;

4) з кожным наступным урокам рэгуляваць узровень заданняў па складанасці і цяжкасці;

5) у час сумеснай працы абавязкова даваць вучням права выбару і г.д.

Каб зацікавіць вучняў, зрабіць іх не пасіўнымі гледачамі на ўроку, а актыўнымі ўдзельнікамі навучальнага працэсу, трэба імкнуцца, каб урок роднай мовы стаў адкрыццём новага, незабыўнага, закрануў сэрцы вучняў, абудзіў іх думкі. Таму асноўная праца ў гэтым напрамку павінна весціся на пачатковых этапах урока: арганізацыйны мовант, моўныя размінкі, хвілінкі чыстапісання.

Рыхтуючыся да ўрока беларускай мовы, настаўнік павінен падбіраць адпаведны метадычны матэрыял, накіраваны на павышэнне матывацыі да вывучэння мовы, развіваць пазнавальны інтарэс, узбагачаць слоўнікавы запас, выхоўваць павагу да роднай краіны і роднай мовы, не толькі на ўроках беларускай літаратуры, але і на ўроках беларускай мовы знаёміць вучня з беларускімі славутымі аўтарамі, якія праслаўлялі родную краіну у сваіх творах.

Дэвізамі ўрока могуць быць наступныя радкі:

1) “Беларусы беларускай гутаркай гамоняць” (Я. Купала)

 

2) Беларусам я радзіўся,

Беларусам буду жыць,

Беларускаю зямельку

Буду шчыра я любіць,

Бо радзімая старонка

За ўсё мне прыгажэй,

Беларуская гаворка

За ўсё мне даражэй.

(А. Мілюць)

 

3) Я беларус, і тым ганаруся,

Што гэта так, я даказаць бяруся.

Сваю гіторыю я маю,

На мове сваёй пішу і размаўляю.

 

4) Я беларус, і я шчаслівы,

Што маці мову мне дала,

Што родных песен пералівы

І зблізу чую і здалля.

 

Пасля таго, як вучні прачыталі верш, можна прапанаваць наступныя пытанні:

1) Як вы разумееце словы беларусага песняра? (Дзеці выказваюць свае думкі.)

2) - Што аўтар называе самым прыгожым і самым дарагім? Чаму?

- На вашу думку, чаму трэба любіць і шанаваць родную мову?

3) Чым патрэбна ганарыцца?

4) Чаму быў шчаслівы чалавек? А што для вас шчасце?

 

Моўныя размінкі:


Гукі мовы роднай, наскай

Перапаўняюць сэрца ласкай.

Дык шануй святыя словы

Беларускай звонкай мовы.

(Р. Барадулін)

Растлумачыць значэнне слова “шанаваць” (берагчы, засцерагаць)

 

Сл..вы родныя люблю я.

Вершаў в..даю багата.

Гукі мовы бел..рускай

Пахнуць вер..сам і м..тай.

(П. Панчанка)

- Устаўце прапушчаныя літары.


Родная мова, цудоўная мова!

Ты нашых думак уток і аснова!

Матчын дарунак ад самай калыскі,

Ты самацветаў яскрвая нізка…

(У. Дубоўка)

- Якія словы ўжывае аўтар у вершы, апісваючы мову? Навошта нам мова? З чаго складаецца наша мова?

У якасці хвілінак чыстапісання можна выкарыстоўваць прыказкі, прымаўкі, звязаныя з мовай:

Як наша мова: дзе да ідзе,ідзі ды хадзі, а як маскоўская мова: бярэ ды дзярэ, ды чорт іх разбярэ, хто каго дзярэ.

Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў.

Усяму пачатак – родная мова

Прымаўкі ды прыказкі – роднай мовы прывязкі.

Гаварыў бы па-польску, ды язык конскі, гаварыў бы па-англійску, ды язык слізкі і г.д.

Наступнымі заданнямі, прапанаванымі над работай з прыказкай, могуць быць:

-  запісаць прыказку пад дыктоўку;

- скласці згубленыя словы ў сказ;

- як вы разумееце сэнс атрыманай прыказкі;

- якія прыказкі вы ведаеце?

Таксама, каб заахвоціць вучняў да вывучэння беларускай мовы, на ўроках неабходна праводзіць у форме падарожжаў па старонках гісторыі, віктарын “Знаўцы роднай мовы”, турніраў перакладчыкаў і інш.

Родная мова – першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё, навакольны свет. Пагэтаму нам неабходна так старанна вывучаць сваю родную мову, ведаць і любіць яе. Кожны народ на сваёй роднай мове выказвае думкі, мары, спадзяванні. І выказвае іх праз слова, якое вякамі стваралася і зберагалася. Галоўнай задачай настаўніка з’ўяляецца закласці гэта ў «духоўную скарбонку» вучня праз сістэматычна прадуманыя цікавыя формы ўрокаў, праз выкарыстанне на іх яркіх, займальных матэрыялаў, пазнавальнай інфармацыі, міні-конкурасаў, віктарын і г. д.

 

This article discusses some of the steps aimed to increasing the motivation of the study of the Belarusian language in view of the formation of a fundamental value of native language in children.

 

Спіс літаратуры 

  1. Возрастная и педагогическая психология / М. В. Гомезо, М. Г. Матюхина, Т. С. Михальчик. − М.: Просвещение, 1984. — 256 с.
  2. Возрастная и педагогическая психология / Под общ. ред. А.В. Петровского. – М.: Просвещение, 1973. – 288 с.
  3. Паўлоўская, В.І. Мова: цікава і займальна / В.І. Паўлоўская. – Мінск.: Нар. асвета. – 1989. – 221 с.