Ковш С.М. СЛОЎНІКАВЫЯ ПРАКТЫКАВАННІ ЯК СРОДАК УЗБАГАЧЭННЯ І АКТЫВІЗАЦЫІ СЛОЎНІКА ВУЧНЯЎ
^ Вверх

УДК 373.3.37.091.32:811.161.3

 

С.М. Ковш

студэнтка 4 курса педагагічнага факультэта

(навуковы кіраўнік – А.М. Лапкоўская, дацэнт кафедры лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання, кандыдат філалагічных навук, дацэнт)

 

СЛОЎНІКАВЫЯ ПРАКТЫКАВАННІ ЯК СРОДАК УЗБАГАЧЭННЯ І АКТЫВІЗАЦЫІ СЛОЎНІКА ВУЧНЯЎ

 

В данной статье рассматриваются некоторые виды словарных упражнений, проводимых на уроках белорусского языка, с целью, обогащения и активизации словаря учеников начальных классов.

 

Папаўненне слоўнікавага запасу адбываецца на працягу ўсяго жыцця чалавека, але неабходнасць узбагачэння слоўніка асабліва востра адчуваецца ў пачатковых класах.

Як вядома, слоўнікавы запас чалавека вызначае яго магчымасць выразіць свае думкі дакладна, выразна і ўспрыняць чужыя. Вядомы метадыст рускай мовы А.В. Цекучоў пісаў: «Чым багацейшы актыўны слоўнікавы запас чалавека, тым больш змястоўнае, даходлівае і прыгожае яго вуснае і пісьмовае маўленне» [1, с. 35].

Лексічныя практыкаванні трапна спалучаюцца з граматычнымі заданнямі, выпрацоўваюць у вучняў пачуцці стылю, развіваюць іх мову. Так, Л.П. Падгайскі прапануе ў пачатковых класах праводзіць слоўнікава-лагічныя, слоўнікава-граматычныя і слоўнікава-стылістычныя практыкаванні [2].

Узбагачэнне, удакладненне і сістэматызацыю ведаў дзяцей пра навакольнае асяроддзе лёгка ажыццявіць пры дапамозе слоўнікава-лагічных практыкаванняў, якія вучаць правільна назіраць за прадметамі і з’явамі, параўноўваць, абагульняць, сістэматызаваць, садзейнічаюць развіццю мыслення і мовы, а таксама дапамагаюць устанавіць узаемасувязь паміж словам і прадметам. Дзеці ў сувязі з чытаннем буквара, а затым кнігі знаёмяцца з рэальнымі прадметамі і з’явамі, абазначаюць іх словамі, выконваюць лагічныя практыкаванні. Гутарка настаўніка не абмяжоўваецца толькі паведамленнем назвы прадметаў. Дзеці адказваюць і на такія пытанні: Навошта патрэбны прадмет? З якога матэрыялу ён зроблены? Якую форму мае? і да т.п.

Слоўнікава-лагічныя практыкаванні абавязкова суправаджаюцца гутаркамі і тлумачэннямі. Напрыклад, пры знаёмстве з асобнымі хатнімі жывёламі дзеці даведваюцца, што гэтыя жывёлы прыносяць чалавеку карысць, а чалавек пра іх клапоціцца, дае ім жыллё, корм, даглядае іх. Практыкуючыся са словамі, якія абазначаюць дзікіх жывёл, вучні таксама вывучаюць іх істотныя прыметы: жывуць воддаль ад жылля чалавека, самі будуюць сабе жыллё і самі здабываюць корм.

Мэта слоўнікава-лагічных практыкаванняў – развіваць лагічнае мысленне на аснове работы над словамі. Вучань павінен авалодаць шэрагам лагічных прыёмаў: параўнаннем, групаваннем, абагульненнем і г.д. Адна з найбліжэйшых задач гэтых практыкаванняў – выпрацоўка ў вучняў умення ўстанаўліваць правільныя суадносіны больш агульных і менш агульных паняццяў: роду, віду, супадпарадкаваных відавых паняццяў паміж сабой на аснове выдзялення агульных і адрозніваючых прымет прадметаў.

Слоўнікава-лагічныя практыкаванні дапамагаюць устанавіць правільную ўзаемасувязь паміж словам і прадметам, які яно абазначае. Наглядныя прадметы, малюнкі, прачытанае і пачутае слова, лагічныя практыкаванні, якія абапіраюцца на іх, развіваюць абагульненні, сістэматызуюць уяўленні і паняцці вучняў.

Матэрыялам для слоўнікава-лагічных практыкаванняў служаць: натуральныя прадметы: цацкі, інструменты, посуд і інш.; прадметныя малюнкі або насценныя табліцы; карткі са словамі або са звязным тэкстам.

Тэматыка слоўнікава-лагічных практыкаванняў залежыць галоўным чынам ад кніг, якімі карыстаюцца вучні на ўроках мовы: буквара, кнігі для чытання, падручніка па мове.

Мэтазгодна праводзіць наступныя практыкаванні: падвядзенне відавых паняццяў пад родавыя: бяроза, сасна, елка – дрэвы; супастаўленне двух паняццяў па іх родавых прыметах: бярозадрэва, а падбярозавік – грыб; групоўка прадметаў па пэўных спецыфічных прыметах: людзі, жывёлы, расліны, рэчы; называнне прадметаў па прыметах або дзеяннях: белы, салодкі (цукар), едзе (аўтамабіль), ляціць (самалёт); параўнанне двух прадметаў, у якіх ёсць нешта агульнае і адметнае: цукар і соль, бусел і чапля, рыба і рак; пералічэнне аднолькавых прадметаў і абазначэнне іх агульным імем: грузавік, аўтамабіль – машыны; дзяленне прадметаў па пэўных прыметах на дзве групы(назваць дамашніх жывёл, дзікіх жывёл; ліставыя і хвойныя дрэвы); выключэнне аднаго прадмета з названых, які не ўваходзіць у адну відавую групу: астра, ружа, бяроза, фіялка, настурцыя; абагульненне праз проціпастаўленне або выключэнне: Паліто – адзенне, а чаравікі – ...; Ліпа і бэз – дрэвы. Маліна не грыб, а ... ; дзяленне паняцця (назваць звяроў або птушак); элементарнае азначэнне прадмета: сабака – хатняя жывёла; брусніцы – лясныя ягады.

Слоўнікава-граматычныя практыкаванні ў сувязі з вывучэннем граматыкі дапамагаюць замацаваць граматычныя веды і ўменні вучняў, а таксама ўзбагачаць і актывізаваць слоўнікавы запас. У курсе граматыкі значнае месца займае не толькі марфалагічны разбор слоў, але і падбор роднасных, аднакарэнных слоў. Гэта і ёсць тое, што можна назваць граматычнымі практыкаваннямі. Пазнаёміўшыся з паняццямі «агульная частка», «роднасныя словы», вучні затым атрымліваюць паняцці «корань» і «аднакарэнныя словы». Дзеці практыкуюцца ва ўтварэнні слоў ад аднаго корня. Ад такіх, напрыклад, слоў, як сад, лес, трава, гара яны ўтвараюць спачатку словы: садовы, садоўнік; лясны, ляснік; травяны; горны. Ужо гэтыя першыя практыкаванні ў падборы аднакарэнных слоў актывізуюць здольнасць дзяцей да словаўтварэння, узбагачаюць іх слоўнікавы запас.

Ужо ў першым і другім класах ёсць магчымасць весці практыкаванні па групоўцы слоў, якія абазначаюць прадметы, прыметы, дзеянні. Пры гэтым важна, каб дзеці навучыліся адносіць да ліку прадметаў не толькі словы, якія абазначаюць канкрэтныя рэчы (стол, кніга), але і некаторыя з’явы прыроды (лета, вецер), а таксама адцягненыя “прадметы”: апрадмечаныя прыметы (дабрыня) і апрадмечаныя дзеянні (бег, пісьмо).

У сувязі з вывучэннем часцін мовы вучні выконваюць практыкаванні, якія прымушаюць іх усведамляць не толькі граматычныя значэнні (назоўнік абазначае прадмет, прыметнік – прымету, дзеяслоў – дзеянне), але і лексічныя: птушкі, жывёлы, расліны – прадметы, значыць, прадметы – гэта не толькі рэчы, але і людзі, і жывёлы, і расліны – усё тое, пра што можна спытацца: хто гэта? што гэта? Прымета прадмета не толькі колер або памер, але і форма (круглы, прамы), час (летні, зімовы), месца (гарадскі, вясковы) і г.д. Дзеяслоў – усякае другое дзеянне і стан (спіць, думае). Гэта і граматыка, і ў той жа час і слоўнік.

Да слоўнікава-граматычных практыкаванняў можна аднесці наступныя: падбор слоў, якія адносяцца да той ці іншай часціны мовы (назоўнікаў, прыметнікаў, дзеясловаў); класіфікацыя слоў па часцінах мовы (вечар, белы, піша, бялее, вячэрні, бель, сціхла, вечарэе, ціхі); падбор да назоўнікаў першага, другога або трэцяга скланення роднасных слоў; падбор да назоўнікаў пэўнага тыпу скланення слоў з супрацьлеглым значэннем: дзень (2-е скл.) – ноч (3-е скл); утварэнне ад дадзенага дзеяслова іншых пры дапамозе прыставак: ішоў, пайшоў, выйшаў, абышоў, зайшоў, перайшоў і інш.; вызначэнне, якімі часцінамі мовы з’яўляюцца аднакарэнныя словы, напрыклад: чырвань, чырвоны, чырванее; высь, высокі, высока; утварэнне сінанімічных пар слоў, вызначэнне часцін мовы: вучань, школьнік (назоўнікі); смелы, мужны (прыметнікі); ісці, крочыць (дзеяслоў); ажыўлена, весела (прыслоўе); падбор слоў (розных часцін мовы) з процілеглым значэннем: раніца – вечар (назоўнікі), белы – чорны (прыметнікі), лёгка – цяжка (прыслоўі); складанне сказаў і словазлучэнняў: назоўнік + прыметнік (вясенняе неба), дзеяслоў + назоўнік (чытаць кнігу), дзеяслоў + прыслоўе (чытаць выразна) і інш.

Галоўная задача слоўнікава-стылістычных практыкаванняў – выхаванне ў дзяцей увагі да слова, удакладненне яго значэння, спалучальнасці з іншымі словамі, выпрацоўка правільнага словаўжывання.

У пераказах і сачыненнях вучняў 2−4 класаў сустракаюцца такія лексіка-стылістычныя памылкі, як недакладнае словаўжыванне, лішнія словы, дыялектывізмы і прастамоўі, паўтарэнне слова, няўмелае выкарыстанне вобразных сродкаў і інш.

Аналіз творчых работ вучняў, работа над лексіка-стылістычнымі памылкамі дапамагае дзецям засвоіць літаратурныя нормы словаўжывання. Аднак галоўным у рабоце над словам з’яўляецца папярэджванне памылак, выпрацоўка ўмення выбіраць адпаведнае слова, выраз. Лексічны аналіз на ўроках чытання і роднай мовы дапамагае вучням пазбегнуць шматлікіх памылак. Напрыклад, пры вывучэнні прыставак вучні выконваюць заданні лексічнага характару, у якіх трэба выбраць адпаведнае слова: Хлопчык (адказаў, расказаў) на пытанне.

На ўроках роднай мовы праводзяцца спецыяльныя практыкаванні па рэдагаванні тэксту. Настаўнік вучыць дзяцей заўважаць у тэксце памылкі лексіка-стылістычнага характару, паказвае спосабы іх выпраўлення. Такая работа актывізуе дзейнасць вучняў і выхоўвае ўвагу да слова.

Матэрыял для практыкаванняў рознага ўзроўню павінен быць таксама розным: для вербальна-семантычнага ўзроўню – гэта сінонімы, антонімы, амонімы, прафесіяналізмы, аднакаранёвыя словы, марфемы, часціны мовы і інш., ілюстрацыйны моўны матэрыял пры вывучэнні гэтых паняццяў; для тэзаўруснага ўзроўню – сістэмныя лексіка-семантычныя, лексіка-тэматычныя, лексіка-граматычныя групы слоў, якія дазваляюць адабраць для выказвання пэўнага тыпу, стылю адпаведную лексіку; для прагматычнага характару – функцыянуючыя ў маўленні словы, адпаведныя лексічныя, лексіка-граматычныя сродкі маўлення, якія абапіраюцца на лінгвістычныя веды школьнікаў, набытыя ў працэсе вывучэння раздзелаў школьнага курса беларускай мовы і накіраваныя на фарміраванне індывідуальна-кантэкстуальных уменняў выяўлення функцыі слова, трапнага ўжывання слова ў адпаведнасці з тыпам, стылем, жанрам маўлення, мэтанакіраванай замены слова блізкім або супрацьлеглым па значэнні і інш.

Пры падрыхтоўцы да лексічных практыкаванняў неабходна прытрымлівацца наступных патрабаванняў:

а) змест практыкаванняў павінен адпавядаць аб’ёму тэарэтычных звестак, прадугледжаных школьнай праграмай;

б) сістэма практыкаванняў, іх тыпы павінны вызначацца задачамі навучання і характарам вучэбнага матэрыялу;

в) практыкаванні павінны спрыяць развіццю лінгвістычнага мыслення  вучняў;

г) дыдактычны матэрыял практыкаванняў павінен адпавядаць навучальным мэтам і рэалізоўваць выхаваўчыя задачы [3, c. 90].

Такім чынам, настаўнік пачатковых класаў, працуючы над узбагачэннем і актывізацыяй слоўніка вучняў, павінен для дасягнення пастаўленай мэты прытрымлівацца вышэйадзначаных патрабаванняў і выкарыстоўваць у сваёй рабоце як мага больш разнастайных відаў практыкаванняў.

 

This article discusses some vocabulary exercises held in the Belarusian language lessons with aim to enrich and enhance the vocabulary of primary school students.

 

Спіс літаратуры 

  1.  Текучев, А.В. Методика русского языка в средней школе / А.В.Текучев. Изд. 3-е. – М.: Просвещение, 1987. – 300 с.
  2.  Падгайскі, Л.П. Узбагачэнне і актывізацыя слоўніка вучняў / Л.П.Падгайскі // Народная асвета.– 1984. – №2. – С. 44—49.
  3.  Гамеза, Л.М. Лінгваметадычная парадыгма ўзбагачэння слоўнікавага запасу школьнікаў пры вывучэнні беларускай мовы / Л.М. Гамеза // Коммуникативная компетенция: принципы, методы, приемы формирования: сб. науч. ст. / Белорус. гос. ун-т; в авт. ред. – Мінск, 2009. – Вып. 9. – 102 с.