4.2. Дыялектная мова
^ Вверх

4.2. Дыялектная мова

Дыялектная мова — гэта мова народа (нацыі або народнасці), якая выступае ў выглядзе мясцовых гаворак.

Разнастайныя мясцовыя гаворкі, што бытуюць на тэрыторыі Беларусі на аснове свайго падабенства аб’ядноўваюцца ў тэрытарыяльныя дыялекты, якія ў сукупнасці і ўтвараюць дыялектную мову. На дыялекталагічных картах можна ўбачыць два проціпастаўленыя адзін аднаму дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні. Сярэднебеларускія гаворкі спалучаюць некаторыя рысы паўночна-ўсходняга і паўднёва-заходняга дыялектаў, а таксама маюць і свае спецыфічныя асаблівасці, што дае падставу выдзяляць іх у асобную міждыялектную групу. Два дыялекты з міждыялектнай пераходнай групай гаворак складаюць асноўны масіў сучаснай беларускай дыялектнай мовы. Акрамя гэтага, у склад сучаснай беларускай дыялектнай мовы ўваходзіць яшчэ адасобленая група заходнепалескіх, ці брэсцка-пінскіх, гаворак. Яны значна адрозніваюцца ад усіх іншых гаворак асноўнага беларускага дыялектнага масіву.

Такім чынам, два дыялекты і сярэднебеларуская група гаворак — аснова сучаснай беларускай дыялектнай мовы.

Кожны беларускі дыялект мае свае спецыфічныя асаблівасці. 

Паўночна-ўсходні дыялект

Паўднёва-заходні дыялект

 

  • дысімілятыўнае аканне (праяўленне гука [а] у першым пераднаціскным складзе пасля цвёрдых зычных пры наяўнасці пад націскам любога гука, акрамя [а]): выда, ныга, зімля;
  •  недысімілятыўнае аканне (галосныя [о], [э] вымаўляюцца як [а] незалежна ад таго, які гук пад націскам): вада, нага, зямля;
  •  цвёрды і мяккі гук [р]: рака, треба, бярёза;
  •  цвёрды гук [р]: рака, трэба, бяроза;
  •  канчаткі –аць, -эць (-ець) у дзеясловах 3-й асобы адзіночнага ліку І спражэння: кажаць, бярэць, нясець;
  •  прыстаўны [г] у словах тыпу гавечка, гуліца, гараць;
  •  наяўнасць суфікса –онак (–ёнак) у назвах маладых істот: цялёнак, ягнёнак;
  •  наяўнасць дыфтонгаў (спалучэнні складовага і нескладовага галоснага ў межах аднаго склада) [уо], [іе]: дуом, муост, ліес, сіена;
  • наяўнасць канчаткаў –ый (–ій), –эй (–ей) у прыметніках мужчынскага роду адзіночнага ліку: добрый, сіній, маладой, плахей.
  •  наяўнасць канчатка –му ў дзеясловах будучага часу: казацьму, рабіцьму, хадзіцьму;
  •  наяўнасць постфікса –са ў зваротных дзеясловах: спадзяваласа, памыласа, апранаемса.

Сярэднебеларускія пераходныя гаворкі маюць асаблівасці і аднаго, і другога дыялекту, але разам з тым ёсць і свае адметныя рысы, напрыклад, адсутнасць мяккага [ц’] у 3-й асобе дзеясловаў ІІ спражэння (ходзя, робя, купя, гавора), вымаўленне [о] на месцы [а] перад [ў] (проўда, казоў) і інш.

Брэсцка-пінскія (заходнепалескія) гаворкі істотна адрозніваюцца ад усіх іншых гаворак асноўнага масіву беларускай дыялектнай мовы, у іх многа агульнага з украінскай мовай. Так, палескай групе гаворак уласціва оканне[1] (вода, нога); цвёрдыя зычныя (вэчор, зыма); вымаўленне [і] на месцы [э] (ліс, хліб); спалучэнне [мн’] перад [а] (мнята, мнясо); канчатак –ові ў давальным і месным склонах (братові, сынові); інфінітыў на –ты (ходыты, просыты, купыты) і інш.

Беларускія дыялекты і асобныя гаворкі ўнутры іх адрозніваюцца таксама лексікай і словаўтварэннем. Аднак, нягледзячы на ўсе гэтыя адрозненні, агульных элементаў у іх значна больш. Таму наяўнасць тэрытарыяльных дыялектаў не парушае адзінства беларускай нацыянальнай мовы.

У наш час новыя дыялекты не толькі не ўтвараюцца, але паступова сціраюцца адрозненні паміж існуючымі. У прыватнасці, страчваюцца мясцовыя асаблівасці, разбураюцца дыялектныя межы, звужаецца іх роля ў працэсе зносін. Тым не менш дыялекты яшчэ жывуць. Яны — апора і аснова нацыянальнай мовы. Гэта — моўныя сродкі, выпрацаваныя і адшліфаваныя на працягу стагоддзяў нашымі папярэднікамі. Для нацыянальнай мовы яны — скарбніца, якую мы павінны захоўваць і берагчы. У многіх краінах свету дыялекты ахоўваюцца як нацыянальнае багацце. На дыялектах друкуецца фальклор, ствараецца літаратура, у школах вучаць, як карыстацца імі. На некаторых дыялектах мастацкая літаратура існуе стагоддзі.

Аднак дыялектнае маўленне, натуральнае ў гутарцы з землякамі, недапушчальнае ў навуковых і афіцыйных зносінах. Асабліва адмоўна характарызуе маўленчую культуру чалавека ўжыванне дыялектных формаў, дыялектнага акцэнту пры карыстанні літаратурнай мовай. Каб пазбегнуць дыялектных звычак маўлення, пазбавіцца ад перамешвання літаратурнага і дыялектнага, трэба добра ўсведамляць розніцу паміж літаратурнымі і дыялектнымі моўнымі сродкамі, валодаць нормамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы.


[1] Оканне — фанетычная з’ява, пры якой галосныя [о] і [а] пасля цвёрдых і зацвярдзелых зычных у першым складзе перад націскам адрозніваюцца.