§3. Месца беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў
^ Вверх

§3. Месца беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў 

Усе мовы свету, колькасць якіх па розных прычынах вызначаецца спецыялістамі ў межах ад 3000 да 6000, аб’ядноўваюцца ў генетычна роднасныя сем’і. Сярод 20 такіх засведчаных сем’яў найбольш вялікай з’яўляецца індаеўрапейская, яе мовы распаўсюджаны на ўсіх кантынентах. Амаль кожны другі жыхар нашай планеты карыстаецца адной з індаеўрапейскіх моў, да якіх адносіцца і беларуская. У сваю чаргу, усе моўныя сем’і распадаюцца на групы. На еўрапейскім кантыненце самую вялікую і па колькасці сваіх носьбітаў, і па тэрыторыі распаўсюджвання групу складаюць славянскія мовы. Так, да канца 80-х гадоў ХХ ст. колькасць еўрапейцаў, што размаўляюць на германскіх (англійская, нямецкая, дацкая, фламандская і інш.) і раманскіх (французская, іспанская, партугальская, італьянская і інш.) мовах, складала прыблізна 180 мільёнаў чалавек, а на славянскіх мовах — звыш 240 мільёнаў чалавек, ва ўсім жа свеце славян налічваецца каля 300 мільёнаў чалавек. Па колькасці асоб, якія карыстаюцца славянскімі мовамі, славяне размяркоўваюцца ў наступнай паслядоўнасці: рускія (159 млн.), украінцы (42,5 млн.), палякі (39 млн.), сербы і харваты (17 млн.), чэхі (10 млн.), беларусы (9,3 млн.), балгары (8,9 млн.), славакі (5 млн.), славенцы (2 млн.), македонцы (1,5 млн.), лужыцкія сербы (0,1 млн.)[1].

Упершыню пісьмовыя звесткі пра славян сустракаюцца ў працах старажытнарымскіх і старажытнагрэчаскіх вучоных і пісьменнікаў — Герадота, Плінія, Тацыта, Пталамея і інш. Да ІХ ст. нашай эры гэтае адзінства распалася на тры падгрупы як па геаграфічных, так і ўласна моўных прыметах: усходняя, заходняя і паўднёвая, але моўныя адрозненні паміж імі не выходзілі за межы міждыялектных адрозненняў.

На сучасным этапе, сярод даных падгруп вылучыліся асобныя славянскія мовы: усходнеславянская падгрупа (беларуская, руская, украінская мовы); заходнеславянская падгрупа (польская, чэшская, славацкая, верхнялужыцкая, ніжнялужыцкая, кашубская мовы); паўднёваславянская падгрупа (сербская, харвацкая, балгарская, славенская, македонская мовы).

Такім чынам, ва ўсходнеславянскую падгрупу ўваходзяць усяго тры мовы, але па колькасці насельніцтва, якое размаўляе на гэтых мовах, яна самая вялікая (210,8 млн. чалавек з 240 млн.).

Роднасць славянскіх моў і іх блізкасць у адзінстве лексічнага складу, у фанетычнай сістэме, у марфалогіі і сінтаксісе тлумачацца перш за ўсё агульнасцю паходжання з адной праславянскай крыніцы, што падтрымліваецца таксама тымі пастаяннымі інтэнсіўнымі кантактамі, якія абумоўлены знешнімі геаграфічнымі, эканамічнымі, сацыяльнымі фактарамі, спрыяльнымі для захавання і пераапрацоўкі тоесных і падобных адзінак, рыс, структур у моўных сістэмах славян.

Так, ва ўсіх славянскіх мовах ужываецца большасць аднолькавых галосных і зычных гукаў, для ўсіх характэрна змяненне зычных [г], [к], [х] на [ж], [ч], [ш], змяненне старажытных груп зычных, аглушэнне звонкіх зычных на канцы слоў і інш. Напрыклад, параўнаем некаторыя змяненні на прыкладзе беларускай і рускай моў: 

Беларуская мова

Руская мова

на[γ]а — но[ж]ачка

но[г]а — но[ж]ечка

ру[к]а — ру[ч]ачка

ру[к]а — ру[ч]ечка

гаро[х] — гаро[ш]ак

горо[х] — горо[ш]ек

зу[п] (зуб), сне[х] (снег)

зу[п] (зуб), сне[х] (снег)

Ва ўсіх славянскіх мовах актыўна выкарыстоўваецца значная колькасць аднолькавых слоў, што абазначаюць прадметы, з’явы, паняцці, з якімі чалавек найчасцей сутыкаецца ў паўсядзённым жыцці. Да такіх можна аднесці наступныя словы: галава, рука, маці, брат, зямля, неба, хлеб, піва, дзень, ноч, зіма, вецер, гром, дом, сцяна, каза, гара, лес, многа, мала, слова, белы,  сіні і да т.п.

Адначасова кожная славянская мова мае і свае, толькі ёй уласцівыя рысы, якімі адрозніваецца ад іншых моў. У беларускай мове, напрыклад, развіўся і пастаянна папаўняецца пласт уласнай беларускай лексікі, што ўключае такія словы, як бацька, араты, певень, сківіца, чарот, навальніца, золак, ложак, шкарпэтка, сарочка, абшар, хвіліна, пакута, кратаць, сціплы, жабрацкі, выдатна, дрэнна і г.д.

У беларускай графіцы адсутнічае літара ъ, у якасці раздзяляльнага знака выкарыстоўваецца (апостраф): сям’я, раз’езд, п’ю. На месцы рускай літары щ ужываецца спалучэнне шч, а на месцы и заўсёды пішацца літара і, якая, дарэчы, выкарыстоўвалася і ў рускім пісьме да 1918 года.

Выразна выяўляецца адметнасць беларускай мовы і ў галіне фанетыкі: наяўнасць гука [ў] (на ўзвышшы, воўк, праўда); чаргаванне [л] з [ў] (гуляла — гуляў, пісала — пісаў); прыстаўныя гукі (аршаны, ільняны, вугал, гэты, вокны, гісторыя, гармата, наваколле); аканне і яканне (войска — вайсковец, дрэва — драўляны; вёсны — вясна, зелень — зялёны); дзеканне і цеканне (дзеці, дзверы, Дзмітрый, цётка, ціха, Цюмень); спецыфічныя чаргаванні [ро] — [ры], [ло] — [лы] (бровы — брыво, глотка — глытаць); падоўжаныя зычныя (калоссе, палоззе, пад печчу);

  • афрыкаты дж, дз (дождж, сяджу, дзед).

У граматыцы беларуская мова мае наступныя асаблівасці: адсутнасць на пісьме літары й у канчатках прыметнікаў, дзеепрыметнікаў і парадкавых лічэбнікаў: першы, мазгавы, віртуальны, паскораны; гук [н] не ўжываецца ў асабовых займенніках пры іх скланенні і не пішацца літара н: з ім, без яго; рэдка ўжываюцца дзеепрыметнікі незалежнага стану цяперашняга часу, дзеепрыметныя звароты часта замяняюцца апісальнымі канструкцыямі: Мальчик, гуляющий во дворе, был учеником нашего класса. — Хлопчык, які гуляў у двары, быў вучнем нашага класа; прыназоўнік па ўжываецца з месным склонам назоўнікаў: па вуліцах і плошчах; часткова захаваліся назоўнікі ў форме былога клічнага склону: браце, народзе, Іване і г.д.; рэдка ўжываюцца кароткія формы прыметнікаў: Як многа іх (грыбоў), і ўсе таўсматы, прыземісты, карэнкаваты, чорнагаловы, паўнацелы, як тонкі кужаль, знізу белы; на канцы дзеясловаў першага спражэння ў трэцяй асобе адзіночнага ліку цяперашняга часу адсутнічае зычны т: ён піша, яна прыедзе; даволі шырока ўжываецца катэгорыя зборнасці (галлё, збожжа, бярвенне); у формах назоўнікаў роднага склону адзіночнага ліку мужчынскага роду часцей ужываецца канчатак –у (-ю): экзамену, заліку, ганарару, юбілею, ягадніку; для вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў выкарыстоўваецца канструкцыя з прыназоўнікам за: саладзейшы за мёд, маладзейшы за мяне; ужываюцца сінтаксічныя канструкцыі з прыназоўнікам да: падысці да лесу.



[1] Гл.: Супрун, А.Е. Введение в славянскую филологию / А.Е.Супрун. — Мінск: Вышэйшая школа, 1989. — С.13.