§5. Моўная сітуацыя на Беларусі
Рэспубліка Беларусь з’яўляецца шматнацыянальнай дзяржавай з шырока распаўсюджаным двухмоўем (білінгвізмам). «Двухмоўе — гэта папераменнае карыстанне дзвюма мовамі. Сэнс паняцця «двухмоўе» вынікае з выразу дзве мовы. Такая ж структура яго лацінскага эквівалента білінгвізм (bi — двойчы і lingua — мова)»[1].
На нашай планеце жывуць многія народы. Яны знаходзяцца ў пастаянным кантакце адзін з адным. Вядома, напрыклад, што 3—4 тысячы народаў зямлі сёння ўтвараюць усяго каля 200 дзяржаўных аб’яднанняў. Моўныя кантакты, якія дыктуюцца эканамічнымі, культурнымі і іншымі сувязямі, патрабуюць вывучэння і выкарыстання ў моўнай практыцы дзвюх і больш моў. Існуюць і іншыя матывы авалодвання дзвюма ці некалькімі мовамі (атрыманне адукацыі, патрэбы навуковай дзейнасці і г.д.).
Вылучаюць наступныя разнавіднасці двухмоўя:
- індывідуальнае, калі дзвюма мовамі валодаюць толькі асобныя члены калектыву;
- групавое, калі двухмоўнымі з’яўляюцца цэлыя групы або асобныя сацыяльныя слаі;
- поўнае, ці суцэльнае, калі двухмоўе з’яўляецца характэрным для ўсіх сацыяльна-культурных груп народа.
Можна гаварыць і пра нацыянальнае двухмоўе, калі яно пашырана сярод прадстаўнікоў усёй нацыі. Дзяржаўным двухмоўе называюць тады, калі ў адной краіне статус дзяржаўнай, ці афіцыйнай, маюць дзве мовы. Пры гэтым дзяржаўнае двухмоўе можа суправаджацца індывідуальным аднамоўем, калі насельніцтва краіны распадаецца на некалькі аднамоўных калектываў.
Двухмоўе — з’ява складаная, шматбаковая. Яна можа разглядацца ў трох аспектах: псіхалагічным, педагагічным і сацыялінгвістычным.
Псіхалагічны аспект двухмоўя звязаны з асаблівасцямі псіхалагічнага складу індывіда, з яго разумовымі здольнасцямі, эмацыянальнай прыстасаванасцю і г.д., з праблемай пераключэння з аднаго моўнага кода на другі.
Педагагічны бок двухмоўя закранае розныя аспекты навучання другой мове, у тым ліку і ўплыў адной мовы на працэс засваення іншай.
Сацыялінгвістычная характарыстыка двухмоўя грунтуецца на такіх параметрах як: сфера выкарыстання першай і другой мовы; ступень авалодання мовамі; набор сацыяльна-функцыянальных кампанентаў моў, якія выкарыстоўвае двухмоўны індывід (літаратурная мова, дыялект, жаргон і г.д.); размеркаванне камунікацыйных функцый паміж мовамі; кантынгент ахопленых двухмоўем членаў соцыуму і шырыня выкарыстання другой мовы; ацэнка двухмоўнымі індывідамі ўласнага двухмоўя як сацыяльна-лінгвістычнага феномена.
На тэрыторыі Беларусі двухмоўе існавала здаўна, хоць яго характар і састаўныя кампаненты мяняліся. Так, у перыяд Вялікага княства Літоўскага існавала беларуска-царкоўнаславянскае пісьмовае і вуснае двухмоўе. З пашырэннем на тэрыторыі Беларусі польскай мовы пачало складацца беларуска-польскае двухмоўе. Пазней шырока развіваецца беларуска-рускае двухмоўе.
Сучасная моўная сітуацыя на Беларусі характарызуецца пераважна суіснаваннем і выкарыстаннем беларускай і рускай моў і можа быць вызначана як беларуска-рускае двухмоўе. Нацыянальнае беларуска-рускае двухмоўе прадстаўлена:
- індывідуальным беларуска-рускім двухмоўем, калі побач з роднай беларускай мовай двухмоўны індывід выкарыстоўвае і рускую мову;
- індывідуальным руска-беларускім двухмоўем, калі побач з рускай мовай двухмоўны індывід выкарыстоўвае беларускую мову;
- індывідуальным беларускім ці рускім аднамоўем.
Побач з беларуска-рускім двухмоўем на тэрыторыі Беларусі ў месцах сумеснага пражывання беларусаў з палякамі, літоўцамі, латышамі існуе адпаведнае беларуска-польскае, беларуска-літоўскае, беларуска-латышскае двухмоўе. Для небеларускага насельнітва яно мае характар польска-беларускага, літоўска-беларускага і г.д. Паколькі ў гэтых раёнах функцыянуе і руская мова, можна гаварыць, напрыклад, пра мясцовае беларуска-польска-рускае і г.д. шматмоўе.
Сёння і беларуская, і руская мовы выкарыстоўваюцца ў большасці важнейшых сфер дзейнасці чалавека.
У сітуацыі двухмоўя ўзаемадзеянне моў, якія кантактуюць, прыводзіць да інтэрферэнцыі, г.зн. пры маўленні на адной мове ўжываюцца элементы другой мовы. Іншымі словамі інтэрферэнцыя прыводзіць да парушэння нормаў суіснуючых моў. Узровень інтэрферэнцыі залежыць ад ступені авалодання другой мовай, ад умення свядома адрозніваць факты розных моў і шэрага іншых прычын. Беларуска-руская і руска-беларуская інтэрферэнцыя — з’ява даволі распаўсюджаная і закранае ўсе сферы моўнай сістэмы:
- фанетыку, калі, напрыклад, у рускай мове двухмоўнага індывіда сустракаюцца такія беларускамоўныя фанетычныя рысы, як цвёрдыя [р] і [ч] на месцы рускіх мяккіх [р’] і [ч’], дзеканне і цеканне, ярка выражанае аканне і г.д.;
- акцэнтуацыю, калі двухмоўны індывід размаўляе, напрыклад, на беларускай мове, а выкарыстоўвае націск рускай мовы: зá руку (замест за рукý), глі´няны (замест гліня´ны), крапі´ва (замест крапівá) і г.д.
- марфалогію, калі граматычнае афармленне рускіх і беларускіх лексем не адпавядае норме, напрыклад, карыстаючыся рускай мовай двухмоўны індывід можа няправільна ўжываць родавыя формы назоўнікаў (золотой медаль замест золотая медаль, порванный шинель замест порванная шинель), канчаткі назоўнікаў множнага ліку (озёры замест озёра, окны замест окна) і г.д.
- лексіку, калі білінгв, напрыклад, у беларускай мове ўжывае выраз гуляць ролю замест адыгрываць ролю, г.зн. выкарыстоўвае слова з неўласцівым яму ў дадзенай мове значэннем;
- сінтаксіс, калі пры карыстанні рускай мовай білінгв уводзіць у яе сінтаксічныя канструкцыі беларускай мовы, напрыклад, смеяться с него замест смеяться над ним, вернуться со школы замест вернуться из школы і да т.п.
Блізкароднасны характар беларускай і рускай моў абумоўлівае шматлікасць і ўстойлівасць інтэрферэнцыйных памылак пры маўленні ў той ці іншай мове. Аднак яны, як правіла, не ўплываюць на працэс разумення выказванняў як на беларускай, так і на рускай мовах. Таму праблема інтэрферэнцыі для беларуска-рускага двухмоўя стаіць, пераважна, як праблема культуры беларускай і рускай моў ва ўмовах двухмоўя.