РАЗДЗЕЛ 3. БЕЛАРУСКАЯ НАВУКОВАЯ ТЭРМІНАЛОГІЯ
^ Вверх

Раздзел 3. Беларуская навуковая тэрміналогія 

§1. Прадмет і задачы беларускай навуковай тэрміналогіі, яе месца ў сістэме беларускай мовы 

Лінгвістычнае вывучэнне тэрмінаў доўгі час адбывалася ў межах лексікалогіі, але на сучасным этапе тэрміналогія — гэта асобная лінгвістычная галіна. Слова «тэрміналогія» мае два значэнні:

  1. Сістэма тэрмінаў якой-небудзь галіны навукі, тэхнікі, культуры, якія называюць спецыяльныя аб’екты і выражаюць спецыяльныя прафесійныя паняцці.
  2. Раздзел мовазнаўства, які вывучае дадзеную сістэму тэрмінаў, іх граматычную арганізацыю і законы функцыянавання.

Прадметам беларускай навуковай тэрміналогіі з’яўляюцца беларускія тэрміны розных галін навукі і тэхнікі.

Асноўныя задачы беларускай навуковай тэрміналогіі:

  1. Вызначэнне месца тэрміналогіі ў сістэме мовы.
  2. Аналіз ролі той ці іншай тэрміналогіі ў камунікацыйных працэсах.
  3. Даследаванне семантычнай разнастайнасці тэрмінаў у супастаўленні са словамі агульнаўжывальнай лексікі і свабоднымі ўстойлівымі словазлучэннямі.
  4. Аналіз граматычнай арганізацыі простых і састаўных тэрмінаў.
  5. Даследаванне спецыфікі тэрміналагічных словазлучэнняў у супастаўленні са свабоднымі і фразеалагічнымі словазлучэннямі.
  6. Канкрэтызацыя паняцця «тэрміналагічная сістэма» і распрацоўка методык аналізу і апісання тэрмінасістэм пэўных галін навукі і тэхнікі.

Для таго, каб вызначыць месца тэрміналогіі ў сістэме мовы, неабходна зразумець, якім чынам тэрміналогія суаднесена з такімі моўнымі рэаліямі, як нацыянальная мова, літаратурная мова.

Нацыянальная мова — складаная, дынамічная і мэтанакіраваная культурна-гістарычная сістэма, якая аб’ядноўвае ўсе разнавіднасці маўленчага функцыянавання. Як адзначалася вышэй, у беларускую нацыянальную мову ўваходзяць як у адзіную сістэму сістэм усе разнавіднасці беларускай мовы: літаратурная мова і мова дыялектная. Тэрміналогія, якая забяспечвае намінацыю прафесійных аб’ектаў і паняццяў у мове навукі і тэхнікі, неад’емным чынам належыць да нацыянальнай мовы.

Для таго, каб адказаць на пытанне, у якіх адносінах знаходзяцца канкрэтныя тэрміналогіі і літаратурная мова, неабходна высветліць, ці адпавядае тэрміналогія прыметам, якія выдзяляюцца ў дэфініцыі «літаратурная мова».

Выдзяляюцца наступныя прыметы лексічнага складу мовы:

  1. Апрацаванасць, упарадкаванасць лексікі літаратурнай мовы ў параўнанні з іншымі разнавіднасцямі нацыянальнай мовы.
  2. Нарматыўнасць, якая пераходзіць у кадыфікаванасць.
  3. Стабільнасць, якая забяспечвае існаванне і развіццё літаратурнай мовы.
  4. Абавязковасць для ўсіх носьбітаў мовы.
  5. Універсальнасць, якая забяспечвае абслугоўванне ўсіх сфер грамадскага жыцця.

Супастаўленне тэрміналогіі і лексікі літаратурнай мовы на аснове разгледжаных прымет лексічнага складу мовы дазваляе прыйсці да высновы, што ўсе гэтыя прыметы характэрныя і тэрміналогіі (але не ўласцівыя, напрыклад, лексічнаму складу дыялектаў або жаргонаў). Прымета «універсальнасць, якая забяспечвае абслугоўванне ўсіх сфер грамадскага жыцця» павінна разглядацца як універсальнасць, якая забяспечвае спецыяльную камунікацыю. Асаблівае становішча ў прыметы «абавязковасць для ўсіх носьбітаў мовы». Сапраўды, гэтая прымета, на першы погляд, тэрміналогіі не ўласціва, бо ні адзін чалавек не засвоіў усіх тэрмінаў усіх галін навукі, тэхнікі і культуры. Але авалоданне якой-небудзь сферай прафесійнай дзейнасці прадвызначае абавязковае веданне адпаведнай тэрміналогіі.

Некаторыя тэрміны асобных галін ведаў зразумелыя толькі спецыялістам, напрыклад: берг-штрых (картаграфія), латэрыт (геалогія), лептанема (батаніка), мультыплікацыя лазернага праменя (фізіка) пертынентнасць (інфарматыка), сэнсаматорны інтэлект (псіхалогія), этымалогія (лінгвістыка) і г.д. Аднак такія моўныя адзінкі:

  • утвораны ці адаптаваны (асвоены) па законах беларускай мовы;
  • маюць спецыфічнае для беларускай мовы словазмяненне;
  • рэалізуюць беларускія спосабы сувязі ў складзе словазлучэння і сказа.

Пытанне пра суадносiны тэрмiналогii i сiстэмы агульналiтаратурнай мовы з’яўляецца адным з асноўных пытанняў тэрмiназнаўства на той падставе, што для фармiравання новых тэрмiнаў выкарыстоўваюцца ўжо iснуючыя ў мове словаўтваральныя мадэлi. У выніку гэтага выразнае размежаванне агульнай i спецыяльнай лексiкi не заўсёды магчыма з-за адноснай рухомасцi межаў значэння слоў, а таксама праз наяўнасць у тэрмiналогii тых самых лексiка-семантычных працэсаў, якiя адбываюцца i ў лексiцы агульналiтаратурнай мовы.

Адпаведна іншаму пункту гледжання, тэрмiналогiя вылучаецца са складу агульналiтаратурнай мовы ў самастойную падсiстэму, бо развiццё тэрмiналогii абумоўлiваецца i знаходзiцца ў залежнасцi ад развiцця навукi i тэхнiкi, гэта значыць, ад пазамоўных фактараў, а тэрмiны ствараюцца штучна i прызначаны для прафесiйнай сферы зносiн.

Але памiж гэтымi пунктамi гледжання няма прынцыповага разыходжання. Так, меркаванне пра тое, што тэрмiн утвараецца ў залежнасцi ад пазамоўных фактараў, не супярэчыць меркаванню пра тое, што тэрмiны могуць утварацца са слоў агульнаўжывальнай лексiкi i па iснуючых у мове словаўтваральных мадэлях.

Няма сумнення і ў тым, што тэрмін з’яўляецца словам, якое ўваходзіць у склад мовы, што паміж слоўнікам агульнай мовы і тэрміналогіяй існуе рознабаковае і пастаяннае ўзаемадзеянне.

Такім чынам, тэрміналогія з’яўляецца падсістэмай лексікі літаратурнай мовы.