§6. Лексіка-граматычная характарыстыка тэрміналогіі
^ Вверх

 §6. Лексіка-граматычная характарыстыка тэрміналогіі 

Тэрміны ўваходзяць у лексічную сістэму сучаснай беларускай мовы і маюць форму асноўных марфалагічных катэгорый. Граматычны фонд тэрміналогіі прадстаўлены знамянальнымі словамі: назоўнікамі, прыметнікамі, дзеясловамі, прыслоўямі, дзеепрыметнікамі. Ядро тэрміналогіі складаюць паўназначныя словы — агульныя назоўнікі. Аднак дастаткова часта выкарыстоўваюцца уласныя назоўнікі, якія могуць пераходзіць у разрад агульных. Пры дапамозе ўласных назоўнікаў ўтвараюцца тэрміны ад прозвішчаў вучоных: сямейная атаксія Фрыдрэйха, хвароба Літля, ідыятыя Тэя-Сакса, сіндром Клайнфельтэра, сіндром Шарашэўскага — Тэрнера і г.д.

У цэлым выкарыстанне ўласных назоўнікаў як вытворных тэрмінаэлементаў характэрна для шэрагу тэрміналагічных словаўтваральных мадэлей назоўнікаў і прыметнікаў у шматлікіх тэрмінасістэмах: эйнштэній, фермій, мендзялевій, платанізм, дарвінізм, фрэйдызм і да т.п.

Тэрміналогія ўяўляе сабой не сукупнасць рэальных рэчаў і дзеянняў, а пэўную сукупнасць назваў паняццяў пра рэчы і дзеянні, таму назоўнік можна лічыць галоўнай і вядучай часцінай мовы, якая можа адлюстраваць паняцці пра прадметы, якасці і дзеянні. Намінатыўны характар навуковага стылю выкладу — сур’ёзны аргумент на карысць назоўніка. Сапраўды, назоўнік — галоўная часціна мовы для тэрміналогіі, таму што яна выражае статычны характар лексічнага складу мовы навукі, яе нязменную сутнасць. Важна і тое, што назоўнік можа перадаваць рода-відавыя адносіны ўнутры сістэмы паняццяў. У тэрміналогіі, як і ў агульнаўжывальнай лексіцы, назоўніку супрацьпастаўлены дзеяслоў, які выражае дынамічны элемент, абумоўлены самой функцыяй данай часціны мовы — абазначыць працэс. Назоўнік і дзеяслоў не толькі ўзаемна выключаюць адзін аднаго, але і ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго: у выніку іх узаемапранікнення ўзнікаюць аддзеяслоўныя тэрміны-назоўнікі.

Калі лічыць справядлівым існаванне тэрміна-назоўніка, то значыць і дзеясловы могуць быць тэрмінамі ў тых выпадках, калі яны знаходзяцца ў семантычных адносінах з адпаведнымі назоўнікамі: адлюстраванне — адлюстроўваць, выхаванне — выхоўваць, сінтэз — сінтэзаваць, уяўленне — уяўляць, фантазіраванне — фантазіраваць і г.д. Тэрмінамі з’яўляюцца дзеясловы, якія адназначна выражаюць паняцці канкрэтнай навукі і не асацыіруюцца са словамі агульнаўжывальнай мовы, г.зн. цалкам самастойныя, напрыклад, апрабіраваць, вучыць, выхоўваць, дыягнасцыраваць, заахвочваць і інш. У шматлікіх выпадках значэнне дзеяслова ўказвае на яго прыналежнасць да пэўнай галіны навукі або тэхнікі: аднаўляць, адчуваць, апытваць, вымяраць, назіраць, уяўляць, фантазіраваць і г.д. У якасці тэрмінаў могуць выступаць дзеясловы, якія маюць адпаведнікі ў агульнаўжывальнай мове, але называюць паняцці менавіта гэтай навукі. Важным момантам у адзнацы тэрмінаў-дзеясловаў з’яўляецца ўлік словаўтваральных адносін — аднаго з галоўных паказчыкаў сістэмнай арганізацыі тэрміналогіі. Калі дзеяслоў уваходзіць у словаўтваральнае гняздо, элементы якога звязаны не толькі марфалагічна, але і семантычна, справядліва лічыць яго тэрмінам.

Вельмі істотныя для азначэння тэрміналагічнага статуса дзеяслова такія семантычныя адносіны, як сінанімія і антанімія. Сінанімія, якая не павінна існаваць у тэрміналогіі, у адрозненне ад агульнаўжывальнай мовы, у дадзеным выпадку мае паўназначныя дыягнастычныя функцыі. Сінанімічныя адносіны назіраюцца паміж тэрмінамі-словамі і тэрмінамі-словазлучэннямі: аднаўляць — праводзіць аднаўленне (Аднаўляць памяць чалавека. — Праводзіць аднаўленне памяці чалавека.), апытваць — праводзіць апытванне (Сацыяльна-псіхалагічныя службы школы апытвалі вучняў 2 “А” класа. — Сацыяльна-псіхалагічныя службы школы праводзілі апытванне вучняў 2 “А” класа.) і г.д. Калі тэрміналагічнаму словазлучэнню адпавядае дзеяслоў, які па ўсіх іншых прыметах з’яўляецца тэрмінам, то значыць, ён уваходзіць у тую ж сістэму, у якую ўваходзіць тэрмін-словазлучэнне.

Для тэрмінаў-дзеясловаў характэрныя і антанімічныя адносіны, якія абумоўліваюць аб’яднанне тэрмінаў не толькі ў сферы граматыкі, але і семантыкі.

Такім чынам, спецыфіка тэрміна-дзеяслова выяўляецца на аснове характарыстык, якія ўласцівы тэрміну як асаблівай лексічнай адзінцы, а таксама на аснове сістэмных адносін розных часцін мовы і семантычных адносін, якія адрозніваюцца дастатковай рэгулярнасцю.

Выкарыстанне прыметнікаў у функцыі тэрмінаў некаторымі даследчыкамі адмаўляецца на падставе таго, што яны ўжываюцца толькі ў спалучэнні з назоўнікамі, г.зн. у складзе састаўных тэрмінаў. В.П.Даніленка ў сувязі з гэтым зазначае: «Хіба тэрміны віртуальны, візуальны, рэлятывісцкі і г.д. не выражаюць пэўных паняццяў, не маюць пэўнага зместу па-за канкрэтнымі спалучэннямі гэтых тэрмінаў з іншымі тэрмінамі: віртуальны працэс, віртуальны фатон..., рэлятывісцкая тэорыя..., рэлятывісцкая хуткасць і г.д. Маюць і выражаюць, таму што сярод разнавіднасцей паняццяў ёсць і такія, якія ўказваюць на наяўнасць ці адсутнасць пэўных прымет у прадметаў, і моўным сродкам прадстаўлення дадзенай катэгорыі лагічных паняццяў з’яўляецца прыметнік»[1].

Падзяляючы думку вядомай даследчыцы, можна лічыць тэрміналагічнымі прыметнікі, утвораныя ад назоўнікаў-тэрмінаў (зрокавы ¬ зрок + -ав-(ы), мазжачковы ¬ мазжачок + -ов- (ы) і да т.п.), і запазычаныя прыметнікі, прыналежнасць якіх да тэрміналагічнай лексікі выяўляецца ўласна семантычнымі прыметамі (амнестычны, аферэнтны, імпрэсіўны, сімультанны, сінтагматычны і да т.п.).

Тэрміналагічная сутнасць прыметніка звязана з рэалізацыяй асноўнай уласцівасці гэтай часціны мовы — быць азначэннем адпаведнай рэаліі. У тэрміналогіі існуе шэраг тэрмінаў-прыметнікаў, якія выражаюць пэўныя навукова-тэхнічныя паняцці. Аднак не кожны прыметнік у складзе састаўных тэрмінаў з’яўляецца самастойным тэрмінам. У сувязі з гэтым неабходна дакладна разумець спецыфіку ўсіх спалучэнняў тэрмінаў-прыметнікаў з тэрмінамі-назоўнікамі. Уласна моўная прымета такіх спалучэнняў — свабодная спалучальнасць абодвух кампанентаў па двух напрамках.

Як і для іншых часцін мовы, для тэрміна-прыметніка важны ўлік словаўтваральнай матываванасці. Калі прыметнік утвораны ад тэрміна-назоўніка, то ён захоўвае свае тэрміналагічныя ўласцівасці і ўяўляе сабой цалкам самастойны тэрмін: квантавы ← квант, рэцэптарны ← рэцэптар, дыфузны ← дыфузія, разумовы ← розум, слыхавы ← слых і г.д.

Іншамоўныя прыметнікі, запазычаныя як гатовыя тэрміналагічныя адзінкі, губляюць у мове беларускай навукі сваю матываванасць. Іх прыналежнасць да тэрміналогіі ўстанаўліваецца на аснове семантычных паказчыкаў — выражэнне спецыяльных прымет адпаведнага навукова-тэхнічнага паняцця. Напрыклад: анамальны, візуальны, віртуальны, індывідуальны, крэатыўны, сугестыўны і інш.

Разгляд тэрміналагічных функцый розных часцін мовы паказвае, што назоўнік хоць і з’яўляецца вядучай часцінай мовы ў тэрміналогіі, але не валодае семантычнай універсальнасцю, не можа, у прыватнасці, выразіць прымету прыметы ці прымету дзеяння. Гэтыя тэрміналагічныя функцыі выконваюць іншыя часціны мовы.

Такім чынам, у мове навукі функцыю тэрмінаў выконваюць назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы і вельмі рэдка прыслоўі, займеннікі і лічэбнікі. Выкарыстанне названых часцін мовы ў функцыі тэрмінаў прыводзіць да змяненняў іх лексіка-граматычнай і лексіка-семантычнай будовы. Напрыклад, прыметнікі страчваюць у тэрміналогіі прыметы якасных прыметнікаў, што адлюстроўваецца не толькі ў значэнні прыметнікаў, але і ў адсутнасці ў іх ступеней параўнання. Прычым тэрміны-прыметнікі ўваходзяць у сістэму прынцыпова іншых антанімічных адносін, чым у агульнаўжывальнай лексіцы: цвёрдае цела — вадкае цела (цвёрды хлеб — мяккі хлеб), прамое дзяленне — непрамое дзяленне (прамая дарога — крывая дарога) і г.д. У складзе тэрмінасістэм прыметнікі змяняюцца семантычна: яны выражаюць ужо не якасную характарыстыку, а рода-відавыя адносіны паміж рэаліямі, г.зн. тэрмін-прыметнік набывае кваліфікацыйнае значэнне, якое рэалізуецца ў функцыях удакладнення, адмежавання і г.д. Тэрміны-дзеясловы функцыянуюць як семантычна эквівалентны сродак выражэння аднаго і таго ж паняцця, прычым пры параўнанні з тэрмінам-назоўнікам тэрмін-дзеяслоў звужае аб’ём паняцця да канкрэтнага працэсу ці з’явы, якія апісваюцца ў дадзенай сітуацыі. У выніку гэтага ў тэрміналогіі назіраецца выкарыстанне асабовых формаў дзеяслова для большай канкрэтызацыі значэння працэсу.


[1] Даниленко, В.П. Русская терминология: Опыт лингвистического описания / В.П.Даниленко. — М., 1977. — С.44.