§5. Характарыстыка тэрміналогіі паводле паходжання
^ Вверх

§5. Характарыстыка тэрміналогіі паводле паходжання 

Тэрміналагічная лексіка паводле паходжання неаднародная. Яна, як і лексіка літаратурнай мовы, складаецца з розных пластоў уласных (выхаванне, гутарка, дзеці, маўленне, хвароба і г.д.) і іншамоўных слоў (аграфабія, алалія, амімія, брадыфразія, макрацэфалія і г.д.), са спалучэнняў уласных і іншамоўных сродкаў (алігафрэнічны плюс, злаякасная міяпія, кланічныя сутаргі, няўрозападобны энурэз і г.д.), з традыцыйных слоў (вобраз, памяць, слых, чытанне) і неалагізмаў (нейралінгвістычнае праграмаванне, фрэйдызм). Разнастайнасць складу тэрміналагічнай лексікі абумоўлена тым, што вытокі і рэсурсы тэрміналогіі ўзыходзяць да розных крыніц і папаўняюцца за кошт разнастайных моўных сродкаў.

Тэрміны, запазычаныя з іншых моў, прадстаўлены ў многіх тэрміналогіях цэлым шэрагам намінацый. Такія тэрміны ўяўляюць сабой гатовыя моўныя адзінкі, якія запазычваліся разам з рэаліямі і паняццямі, якія яны абазначалі.

Працэс запазычвання характэрны для многіх дастаткова развітых літаратурных моў і моў навукі. Неабходна адзначыць, што «працэс запазычвання тэрмінаў досыць нязначна адрозніваецца ад запазычвання слоў літаратурнай мовы».[1] Вылучаюцца адметныя асаблівасці запазычвання тэрмінаў. Гэта ў першую чаргу пісьмовы шлях пранікнення запазычаных тэрмінаў, паколькі навуковая інфармацыя распаўсюджваецца праз пасярэдніцтва публікацый. А.А.Станкевіч заўважае, што «ў цэлым працэс запазычвання лексікі з класічных моў носіць якасна іншы характар. Адсутнасць кантактаў і ўзаемадзеяння паміж носьбітамі моў, несупастаўляльнасць іх у часе, мёртвы стан класічных моў надаюць працэсу запазычвання штучны характар, пры якім успрымаецца не цэласная лексічная намінацыйная адзінка, а толькі ўнутраная форма слова, асобныя адзнакі, якія кладуцца ў аснову намінацый пэўных з’яў і рэалій»[2].

Да гэтага ж на працэсы запазычвання аказваецца свядомае ўздзеянне, паколькі ёсць магчымасць планавага і заканамернага фарміравання тэрміналогій пэўных галін.

Вялікую ролю для запазычвання іншамоўных тэрмінаў у беларускую мову адыгрывае руская мова, паколькі шматлікія тэрміны не толькі запазычаны з яе, але і праз яе з іншых моў свету. Значную колькасць у межах беларускай тэрміналогіі займаюць запазычаныя тэрміны-кампазіты, якія складаюцца з грэка-лацінскіх тэрмінаэлементаў, якія сталі інтэрнацыянальнымі, напрыклад, астра-, аўта-, бія-, брадзі-, гіпер-, гіпа-, гідра-, -граф, -графія, дыс-, -лог, -логія, макра-, мікра-, псіха-, -фабіі, -фон і да т.п.

Адметнасцю запазычвання іншамоўных тэрмінаў у беларускую мову з’яўляецца той факт, што ў сучасную беларускую тэрміналогію праніклі словы і са старабеларускай мовы, у якой адзначаюцца шматлікія словы лацінскага паходжання, напрыклад, афект, асфіксія, паралітык, падагра, пульс і інш. Важную ролю ва ўзбагачэнні старабеларускай мовы адыгралі пераклады, вывучэнне і навучанне лацінскай мове.

Выпрацоўка беларускай тэрміналогіі розных галін навукі звязана з выкарыстаннем беларускай мовы адносна часу, перыяду, і як вынік гэтага — пастаяннае імкненне да стварэння нацыянальнай навуковай тэрміналогіі, арыентацыя на ўласныя сродкі. Але ніколі беларуская тэрмінатворчасць не магла пазбегнуць уключэння іншамоўнай лексікі.

У складзе беларускай навуковай тэрміналогіі вылучаюцца запазычанні з наступных неславянскіх моў:

  • лацінскай мовы: аб’ект, агравацыя, актуальны, анатацыя, аперцэпцыя, гуманнасць, дэпрывацыя, інтраспекцыя, інфантылізм, калектыў, канфлікт, культура, маргіналы, рэтраспекцыя, рэцэнзія, сангвінік, традыцыя, эгаізм, эфект;
  • грэчаскай мовы: андрагенія, абазія, аграфія, адынамія, акалькулія, акмеалогія, аўтоген, афазія, брадзікінезія, брадзіфразія, крызіс, меланхолік, парадыгма, педалогія, практыка, праблема, псіхалогія, сімпатыя, халерык, харызма;
  • англійскай мовы: брэйнштормінг (мазгавая атака), імідж, ІQ (каэфіцыент інтэлекту), інтэрв’ю, крэатыўнасць, маркетынг (адукацыйных паслуг), суіцыд, трэнінг, тэст, холдынг-тэрапія;
  • нямецкай мовы: гештальт;
  • французскай мовы: бар’ер, інтрыгаваць, інтым, інтэнсіфікацыя, кантроль, маньяк, мараль, прэстыж, роля.

Асноўныя прыметы запазычаных тэрмінаў наступныя:

  • грэцызмаў (тэрмінаў з грэчаскай мовы) — пачатковыя гукі [а], [э] аўтызм, эйфарыя, энцэфалапатыя; зычны [ф] у пачатку слова: фантазія, фонастэнія; спалучэнні зычных [кс], [ск], [пс], [мп], [мв] у сярэдзіне слова: апаплексія, дыск, сімптом, сімвал; прыстаўкі а-, ан- (ана-), анты-, эў-: атаксія, анартрыя, антыпсіхалогія, эўфемізм; суфіксы -ад-, -ік- (-ык-), -ос- (-ас-): метад, меланхолік, флегматык, халерык, хаос;
  • лацінізмаў (тэрмінаў з лацінскай мовы) — суфіксы –ум, -ент (-энт), -ур-, -цыj-, -ат: аграва[цыjа], адапта[цыjа], дыктатура, рэферат, рэферэнт, культура, індывідуум;
  • германізмаў (тэрміны з нямецкай мовы) — спалучэнні зычных [шт], [шп], [хт]: гештальт;
  • англіцызмы (тэрміны з англійскай мовы) — канцавыя спалучэнні -ер (-эр), -інг (-ынг), -ід, -дж: брэйнштормінг, імідж, маркетынг, трэнінг, холдынг-тэрапія;
  • галіцызмы (тэрміны з французскай мовы) — канцавыя спалучэнні –ым, -оль (-аль), -ер, -ыж: бар’ер, інтрыга, інтым, кантроль, мараль, прэстыж.

Генетычная роднасць славянскіх моў, цесныя кантакты паміж славянскімі народамі спрыялі актыўнаму ўзаемадзеянню іх моў, асабліва на лексічным узроўні. Пранікненне запазычанняў з польскай мовы ў беларускую пачалося з другой паловы ХVІ ст. і з рознай ступенню інтэнсіўнасці працягвалася ў наступныя часы. Напрыклад: апантаны, гвалтоўны, здрада, кірунак, рахунак і г.д.

Значную групу ў беларускай тэрміналагічнай лексіцы скаладаюць запазычанні з рускай мовы. Сярод іх вылучаюцца словы ўласнарускага паходжання, запазычаныя з захаваннем марфемнага слкладу мовы-крыніцы: апазнаванне, вяшчанне, унушэнне, узаемаадзнака і г.д.

Нямала беларускіх тэрмінаў створана з беларускіх словаўтваральных элементаў на ўзор адпаведных рускіў слоў (калькаванне): мілагучны — благозвучный, немэтазгоднасць — нецелесообразность, недатыкальнасць — неприкосновенность і г.д. Руская мова ўвесь час актыўна выконвала ролю пасрэдніка пры запазычванні ў беларускі слоўнік іншамоўных тэрмінаў.


[1] Лотте, Д.С. Вопросы заимствования и упорядочения иноязычных терминов и терминоэлементов / Д.С.Лотте. — М., 1982. — С.108.

[2] Станкевіч, А.А. Лексіка грэка-лацінскага паходжання ў сучаснай беларускай мове. ДКН / А.А.Станкевич. — Гомель, 1975. — С.124—125.