РАЗДЗЕЛ 7. ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА ПЕРАКЛАДУ НАВУКОВЫХ ТЭКСТАЎ З РУСКАЙ МОВЫ НА БЕЛАРУСКУЮ
^ Вверх

РАЗДЗЕЛ 7. ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА ПЕРАКЛАДУ НАВУКОВЫХ ТЭКСТАЎ З РУСКАЙ МОВЫ НА БЕЛАРУСКУЮ

Цяперашні час ужо не выклікае сумнення неабходнасць лінгвістычнага вывучэння тэорыі і практыкі перакладу навуковай і тэхнічнай літаратуры. Дадзеная дысцыпліна ўзнікла на мяжы лінгвістыкі з аднаго боку, і навукі і тэхнікі — з другога. Таму пераклад навуковай і тэхнічнай літаратуры неабходна разглядаць і з мовазнаўчых (пры даследаванні агульнамоўных пытанняў), і з навукова-тэхнічных (пры разглядзе тэрміналогіі) пазіцый.

Калі скульптар высякае скульптуру з каменю, ён кіруецца не толькі сваёй першапачатковай задумкай, але і канкрэтнымі ўласцівасцямі і якасцямі таго матэрыялу, які ёсць перад ім. Яму неабходна прымаць пад увагу тое, як крышыцца камень пад разцом, якая яго супраціўляльнасць, цвёрдасць, зыходныя недахопы. Інакш кажучы, медыум (матэрыял) адыгрывае ў працэсе творчасці актыўную ролю і, у вядомым сэнсе, азначае канчатковы вынік. «The medium is the message (Медыум ёсць паведамленне, пасланне)» — пісаў Маршал Мак Люан. Гэта значыць, што пры перакладзе адна мова адыгрывае ролю пасрэдніка, медыума, пры дапамозе якога перадаецца сэнс выказанага на іншай мове. Пры гэтым, канечне, неабходна ўлічваць уласцівасці, якасці і магчымасці мовы, на якую робіцца пераклад. Даслоўны пераклад рэальна не існуе. Нават пры перакладзе з адной блізкароднаснай мовы на другую некаторыя змяненні непазбежны.