§1. Змест паняцця «пераклад»
^ Вверх

§1. Змест паняцця «пераклад» 

Перакладаюцца з адной мовы на другую вершы, мастацкая проза, навуковыя і навукова-папулярныя кнігі з розных галін ведаў, дыпламатычныя дакументы, дзелавыя паперы, артыкулы палітычных дзеячаў і выступленні аратараў, газетныя матэрыялы, гутаркі, кінастужкі, мультфільмы і да т.п.

Для таго, хто перакладае, важную ролю адыгрываюць два наступныя палажэнні:

  • Ø мэта перакладу — як мага бліжэй пазнаёміць чытача ці слухача, які не ведае мовы арыгінала, з даным тэкстам або зместам вуснага выступлення;
  • Ø перакласці — значыць выказаць дакладна і поўна сродкамі адной мовы тое, што ўжо выражана сродкамі другой (у дакладнасці і паўнаце перадачы — адрозненне перакладу ад пераказу).

Пераклад можа быць трох тыпаў.

Унутрымоўны пераклад — перадача тымі або іншымі сродкамі данай мовы такога ж зместу, які першапачаткова быў выказаны іншымі сродкамі гэтай жа мовы.

Практычна гэта тычыцца тых выпадкаў, калі тэкст напісаны ў пэўным стылі, напрыклад, навуковым або афіцыйна-дзелавым, а яго пераказваюць у больш простай і даступнай форме пры дапамозе агульнаўжывальнай лексікі і спрошчанага сінтаксісу. Напрыклад:

Афект — гэта моцны і адносна кароткачасовы эмацыянальны стан, які суправаджаецца выяўленымі рухальнымі і вегетатыўнымі праяўленнямі (ДэфСД, с. 15). — Ой! Дзяўчаты, сёння са мною быў поўны афект. Спачатку ад пачутага я моцна ўзбудзілася, а потым ледзь не страціла прытомнасць (Размова студэнтак).

Міжмоўны пераклад або пераклад ва ўласным сэнсе — гэта аднаўленне сродкамі адной мовы такога ж зместу інфармацыі, які быў выказаны раней сродкамі іншай мовы. Напрыклад:

В зависимости от преобладания того или иного эмоционального фона можно выделить два основных вида органического инфантилизма: неустойчивый — с психомоторной расторможенностью, эйфорическим оттенком настроения и импульсивностью и тормозимый — с преобладанием пониженного фона настроения, нерешительностью, боязливостью.

У залежнасці ад пераважання таго ці іншага эмацыянальнага фону можна выдзеліць два асноўныя віды арганічнага інфантылізму: няўстойлівы — з псіхаматорнай растарможанасцю, эйфарычным адценнем настрою і імпульсіўнасцю і тармазімы — з пераважаннем паніжанага фону настрою, нерашучасцю, баязлівасцю.

Пераклад са звычайнай чалавечай мовы на нямоўную сістэму ўмоўных знакаў, якія прынятыя ў той ці іншай навуцы. Напрыклад:

А — дамінантны ген; а — рэцэсіўны ген; с — інверсія; со — ацэнтрычная храмасома.

Роля мовы пры перакладзе тая ж, якую яна заўсёды выконвае ў жыцці грамадства: гэта найважнейшы сродак чалавечых зносін.

Працэс перакладу распадаецца на два моманты. Каб перакласці, неабходна:

  • Ø перш за ўсё зразумець, дакладна ўсвядоміць, растлумачыць самому сабе тое, што перакладаецца (пры дапамозе моўных вобразаў, г.зн. ужо з элементамі перакладу);
  • Ø знайсці, выбраць адпаведныя сродкі выражэння ў той мове, на якую робіцца пераклад (словы, словазлучэнні, граматычныя формы).

Уменне перакладаць неабходна любому адукаванаму чалавеку, які жыве ў рэальна існуючым двухмоўным ці шматмоўным асяроддзі, бо ўменне перакладаць складаецца з:

  • Ø умення правільна ўспрыняць, зразумець змест пачутага ці прачытанага на адной мове;
  • Ø умення адэкватна перадаваць гэты змест на іншай мове.

Каб умець перакладаць і карыстацца перакладам у працэсе моўных зносін, валодаць дзвюма — трыма і больш мовамі недастаткова. Неабходна ведаць яшчэ і законы перакладу, якія абумоўлены яго складанай і супярэчлівай прыродай, усведамляць патрабаванні, якія да яго ставяцца, ведаць прыёмы, якія дапамагаюць хутка і якасна перакласці і многае іншае.

Уменне перакладаць само сабою не прыходзіць, як уменне чытаць, пісаць і гаварыць. У працэсе перакладу выкарыстоўваюцца ўменні аўтаматычнага і творчага характару.

Аўтаматычныя ўменні — гэта веданне гатовых перакладчыцкіх адпаведнікаў і навыкі прымяняць іх.

Творчыя ўменні — гэта ўменні знаходзіць аналагі, выбіраць адзін з некалькіх магчымых варыянтаў, а таксама майстэрства выконваць адэкватныя замены.

У двухмоўных слоўніках звычайна падаюцца моўныя адзінкі толькі ў тых значэннях, якія з’яўляюцца фактамі мовы. Двухмоўныя слоўнікі звычайна ўстанаўліваюць адпаведнасць паміж словамі дзвюх моў толькі на ўзроўні мовы, а не маўлення, без уліку канкрэтнага кантэксту або толькі арыентуючыся на тыповыя кантэксты. Слоўнік падае толькі некаторыя з магчымых адпаведнікаў, а не абсалютнае значэнне слова.